Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зьяўляецца крыніцай, з якой выплываюць вершы, якія формулююць знойдзеную поэтай жыцьцёвую мудрасьць („Nocturno“ і „Ідуць гады“), дыдактычныя вершы, у якіх ён радзіць беларусам („Ты, мой брат, каго зваць Беларусам“) і працоўным людзям наогул („Муляру“), як жыць і ўва што верыць, поўная запалу дыатрыба з панамі („Іудам“) і іншыя.

Другі мотыў — роля творчасьці ў жыцьці поэты, якому толькі ноч заставалася для пісаньня вершаў — разгортваецца ў вершы „Начныя Думкі“, у якім малюецца душэўны стан поэты і час (ноч), калі яго часта наведвала натхненьне.

Трэці мотыў — адносіны поэты да свайго народу — папераджае чытача аб эмоцыйных крыніцах большасьці вершаў кнігі —

Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум —

і аб зьвязанасьці яго творчасьці з творчасьцю народнай —

Такіх поэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ-пясьняр.

Нацыянальныя мотывы разгортваюцца ў кнізе наступным чынам. Замілаваньне да свайго краю і народу, вера ў яго будучыну, заклік да бадзёрасьці і працы зьяўляецца асноўнай тэмай першага разьдзелу кнігі — „Роднаму Краю“. Сум, які адчуваў адарваны ад радзімы поэта, прыводзіць яго да яе ідэялізацыі, якая часамі, можа быць, у выніку гэтае адарванасьці мала лічыцца з рэчаіснасьцю. Такую ідэялізацыю прыроды Беларусі знаходзім у вершы „З песьняў няволі“, ідэялізацыю таксама і яе гісторыі — у вершы „Як надарыцца мінута“. Вершы, у якіх поэта даў толькі сваю перапрацоўку таго, што стварыў „народ-пясьняр“, увайшлі ў трэці разьдзел — „Праявы роднага“.

Чацьверты — любоўны — мотыў зьвязан з невялікімі па колькасьці, але важнымі ў кнізе вершамі, якія выяўляюць хвіліны перапынку ў бязупынных імкненьнях поэты, хвіліны асабовага шчасьця, якія авеяны душэўнай цішшу і ласкай („Мая люба“, „Асеньні сьпеў“).

Такім чынам, у ўступным вершы, як гэта і павінна быць у увэртуры, мы знаходзім ніткі, якія працягваюцца да самых рознастайных вершаў поэты.

За гэтай лірычнай прадмовай — Г. Гейнэ назваў бы яе пролёгам — ідуць першы разьдзел, названы „Роднаму краю“, другі разьдзел — „На чужыне“, трэці — „Праявы роднага“. Другі разьдзел, як паказвае яго загаловак, зьяўляецца антытэзай першаму, антытэзай, якая перамагаецца трэцім разьдзелам. Кніга атрымлівае характар колцавай пабудовы, дзе першы і трэці разьдзелы асьветлены сьвятлом радзімы, і дзе на сярэдзіну кнігі падае цёмны цень, які падкрэсьлены загалоўкам „На Чужыне“. Паасобнымі намёкамі і выказваньнямі адзначан і той біографічны фон, на якім павінны быць успрыняты вершы кнігі.

Трыадычная пабудова, у якой першае адмаўляецца другім, але перамагае яго і ў новым аблічы зварачаецца ў трэцім, зьяўляецца частай і тыповай як для жыцьця, так і для думкі наогул, — успомнім гегелеўскую трыаду.

Другой рысай „Матчынага Дару“, характэрнай для шмат якіх кніг лірыкі, зьяўляецца тое, што гэты зборнік вершаў, будучы ў большай сваёй частцы чыста-лірычным, заканчваецца творамі эпічнымі. Поэта востра выявіў свае асабовыя пачуцьці і думкі ў першых двух разьдзелах. У трэцім разьдзеле асабовыя мотывы мала-па-малу адступаюць перад народнымі, і, нарэшце, у апошніх вершах кнігі зьяўляецца