Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шмат якія расійскія поэты, як гэта відаць з іх твораў, вельмі ўважліва адносіліся да справы злажэньня вершаў у кнігі. Асабліва высокага мастацтва дасягнулі ў гэтым В. Брусаў і А. Блок, якія заўсёды ўспрыймалі свае кнігі як нейкую эмоцыйную і поэтычную еднасьць, аб чым сьведчаць хаця-ж бы прадмовы іх да сваіх зборнікаў. Але ў расійскай навуцы няма ніводнага досьледу на гэтую тэму. Інакш стаіць справа ў нямецкіх літэратуразнаўцаў, якія сабралі вельмі цікавы матар‘ял аб тым, як нямецкія поэты складалі свае кнігі вершаў. Ужо ў час пісаньня гэтага артыкулу я пазнаёміўся з вельмі грунтоўнай працай У. Бэлярта, прысьвечанай зборнікам вершаў Гэнрыка Гейнэ[1]. Прынцыповыя палажэньні Бэлярта — наступныя. Кожны лірычны верш зьяўляецца нечым закончаным. Яго існаваньне павінна быць апраўдана ім самім. Але ён можа быць уведзен у больш вялікае цэлае — цыкль ці кнігу. Дзякуючы гэтаму адны бакі вершу могуць быць асьветлены, другія, — можа быць, ня меней каштоўныя, застацца ў цені. Не заўсёды групоўка вершаў зусім паддаецца чыста-лёгічнаму аналізу. Так у групоўцы вершаў Гётэ было заўважана нешта цякучае, нешта выпадковае ў малым, аднак-жа пры законамернасьці цэлага. Гётэ ідзе ад юнацкіх радасьцяй і пакут праз жыцьцёвыя буры да пекнага і шчасьлівага ўладаньня. Таксама Шыльлер у сваім разьмяшчэньні вершаў карыстаецца не хронолёгічным парадкам, а іх унутраной зьвязанасьцю. Ніткі, якія зьвязваюць адзін верш з другім, могуць быць вельмі тонкімі, і не заўсёды іх лёгка знайсьці. То ж датычыцца і аўтара: поэта наогул у сваёй творчасьці не заўсёды зусім сабе ўсьведамляе тыя мэты, якія ён сабе ставіць. Гэта адносіцца і да злажэньня вершаў у кнігу: так у Гётэ не заўсёды можна было-б правесьці мяжу паміж сьвядомымі імкненьнямі Поэты і выпадковым дасягненьнем. Гейнэ любіць зьвязваць вершы ў цыкль, які зьяўляецца невялікай лірычнай новэляй. Такім цыклем ён часта дае нейкую раму ў форме пролёгу і эпілёгу. Мы знаходзім у яго як лэйтмотыўныя звароты думкі ў цыклю ці кнізе, так і непасрэднае прымыканьне аднаго вершу да другога, папярэдняга. Тыя ці іншыя прынцыпы пабудовы зборніку вершаў можна знайсьці і ў іншых нямецкіх поэтаў. Толькі адзін з іх прынцыпова адкідваў задачу ўпарадкаваньня вершаў у кнізе: гэта — Ліліенкрон. Ён хацеў, каб кожны верш рабіў уражаньне сам па сабе і толькі сам па сабе. Ён ставіў радам самыя рознастайныя вершы, ён любіў раптам і нечакана зьмяняць свае настроі, не падпарадкуючы іх ніякаму вышэйшаму прынцыпу.

Вярнемся да кнігі А. Гаруна: яна ёсьць не мэханічны збор вершаў, але органічнае цэлае. „Матчын Дар“ складаецца з уступнага вершу і з трох разьдзелаў. Уступны верш „Людзям“ у лірычнай форме разгортвае перад намі „я“ поэты і яго лёс. Зусім дарэчы назваць гэты верш, адзначаючы яго функцыю ў кнізе, увэртурай, бо падобна таму, як увэртура прадпасылае ў неразгорнутым яшчэ выглядзе тыя мэлёдыі, разьвіцьцё якіх ёсьць задача далейшага, так і ў гэтым уступным вершы даны асноўныя тэмы кнігі. Мотывы гэтага вершу я зьвёў бы да наступных: 1) мотыў каханьня да жыцьця, 2) роля творчасьці ў жыцьці поэты, 3) адносіны поэты да свайго народу, народу-песьняра, 4) вобраз дзяўчыны, якая прыходзіць у хвіліну натхненьня і зьяўляецца зноў разам з надзеяй поэты на захаваньне і распаўсюджаньне яго песьняў.

Першы мотыў — каханьня да жыцьця — мотыў, які паўтараецца ў сярэдзіне кнігі —

Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына —

  1. U. Belart. Gehalt und Aufbau von H. Heіnes Gedichtsammlungen. Bern 1925.