Новая беларуская літаратура (1925)
Новая беларуская літаратура Брашура Аўтар: Анатоль Васілевіч Багдановіч 1925 год |
|
А. В. БАГДАНОВІЧ.
НОВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА.
Выданьне Віцебскага Акруговага Таварыства
Краязнауства.
Віцебск, 1925.
Витокрлитбел № 7429. Тип. „Коминтерн“ Витполирафа,
Долгоруковская № 10. Зак. № 1324—1500 экз.
Новая беларуская літаратура.
Новы кругабег беларускае літаратуры пачынаецца ад пачатку XX стагодзьдзя, калі гэтая літаратура вызначалася як нешта маючае пэўную мэту, як нешта згуртаванае каля адзінага асяродку «нацыянальнага адраджэньня». Цэнтрам гэтае літаратуры была газэта «Наша Ніва» якая пачала выходзіць у 1906 годзе у Вільні.
Дагэтуль беларуская літаратура, ня кажучы ужо аб старадауным кругабегу, які мае свае значэньне, свае багацьце, але больш для разьвіцьця пісьмовае мовы, чым для літаратуры; мае паасобных пісьменьнікау, якія з больш—менш рознай адпаведнай кожнаму з-іх здольнасьцю і умовамі жыцьця йшлі у напрамку абуджэньня у беларусах іх нацыянальнай—сьвядомасьці. Гэта былі у большасьці прадстаўнікі беларускае шляхты, як Ян Чачот, А. Рыпінскі і В. Дунін-Марцінкевіч і інш. (да 1870г.). Выдатнейшы з-іх быу Дунін-Марцінкевіч, але праца іх ня мела ні сувязі, ні паступовасьці і мела на мэце даць беларусу кніжку на роднай мове.
Больш зрабілі й падрыхтавалі глебу для кругабегу новай літаратуры паэты-народнікі, якія пісалі у канцы XIX стагодзьдзя. З іх трэба адзначыць двох—Ф. Багушэвіча і Яна Няслухоускага. Ужо у гэты час Ф. Багушэвіч паставіу справу літаратурнай творчасьці на шлях ня толькі цікавасьці да роднай мовы, але адзначыу і паважнасьць гэтай мовы як аднаго з найгалоуных сродкау да разьвіцьця нацыянальнага беларускага руху. У сваей прадмове да вершау пад назвай „Дудка Беларуская“ у 1891 г. ен заклікае беларусау трымацца сваей мовы „каб ня умерці“.
У літаратурнай творчасьці ен бачыць ня толькі „кніжку на роднай мове“, але й наогул народную справу. У яго творах адбіваецца, разам з народна-сацыяльнымі й нацыянальнымі матывамі, і гарачы пратэст супроць сацыяльнага і нацыянальнага няравенства.—(„Ня цурайся мяне“, „Дурны мужык як варона“ і інш). У тым жа напрамку пісау свае творы й сучасьнік Багушэвіча—Ян Няслухоускі. Такія-ж матывы чуюцца у яго вершах, як напр., „Што думае Янка“ і інш.
Творчасьць Багушэвіча, Няслухоускага а так-сама й папярэдніх паэтау, прабіла глебу нацыянальнай сьвядомасьці беларусау, але для вялікага пашырэньня ідэі нацыянальнага адраджэньня патрабавауся рэвалюцыйны уздым 1905 году, які разам з сацыялістычным рухам падняў і нацыянальны рух. Усе прыгнечаныя нацыі былі захоплены хваляй нацыянальнага вызваленьня. Гэта хваля чапіушая да гэтага толькі перадавую інтэлігэнцыю пашыраецца сярод шырокіх колау народнай інтэлігэнцыі, перадавога сялянства і рамесьніцтва. Цяпер у вершах беларускія паэты заклікаюць народ ня толькі да нацыянальнай сьвядомасьці, але і да сацыяльнага вызваленьня Рэвалюцыйнае натхненьне выклікае творчасьць Цеткі, К. Каганца і Ядвігіна Ш. Пазьней яны далучаюцца да таго гуртка пісьменьнікаў, які працуе каля «Нашае Нівы». Гэта паэты рэвалюцыянэры і творы іх у гэты час больш адбіваюць рэвалюцыйнае імкненьне да барацьбы. Асабліва гэтым характарызуюцца творы Цеткі (Алеізіі Пашкевічанкі), якая вяла актыуную рэвалюцыйную працу у 1904—5 г. сярод Віленскіх рабочых. У сваіх творах Цетка кідала кліч да сацыяльнай барацьбы і часта вершам карысталася як агітацыйным лістком.
«Цяпер, братцы, мы з граніту, |
Той жа сэнс маюць і другія творы Цеткі, як вершы «Хрэст на свабоду», «Скрыпка»—нарыс—«Прысяга над крывавымі разорамі» і інш.
У творах К. Каганца менш рэвалюцыйнасьці, але больш нацыянальных матывау. Вершы «Кабзар», «Неман», п‘еса «У іншым шчасьці няшчасьцье схована» і іншыя наскрозь прасочаны любасьцю да беларускай старасьветчыны, якую паэта часам і ідэалізуе.
Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі) супрацоунік Цеткі й Каганца яшчэ раней за іх піша свае гумарыстычныя апавяданьні («Суд», «Важная Фіга») і больш вядомы як паэта гумарысты-сатырык. Але яго гумарыстычныя творы грунтуюцца на народным быце й значна адбіваюць гэты бок беларускага жыцьця. Есьць у яго творы й лірычнага характару («Васількі»).
Усе гэтыя пісьменьнікі падрыхтавалі глебу й паказалі шлях разьвіцьця беларускай літаратуры. Элементы. нацыянальнага адраджэньня, зацікаўленасьць роднай мовай, карыстаньне гэтай мовай, як адзіным сродкам, для нацыянальна-культурнага разьвіцьця—вось што лягло у грунт далейшай працы таго аб‘яднанага гуртка беларускіх пісьменьнікау, якія згуртаваліся каля газэты «Наша Ніва» у 1906 годзе у Вільні і якая з гэтага часу стала тым асяродкам, які стварыу магчымасьць зьяўленьня ужо шмат здольных буйных нацыянальных паэтау Беларусі.
Праца газэты «Наша Ніва», якая подняла сьцяг беларускага адраджэньня, сабрала каля сябе усе маладыя беларускія сілы, у якіх гучны поклік рэвалюцыянэрау выклікау адчуваньне сваей беларускасьці, зацікауленнасьці да роднай мовы і культуры.
Але паколькі праца у напрамку будаваньня нацыянальнай культуры магла тады канцэнтравацца толькі у пашырэньні друкаванага беларускага слова, то й, наагул, уся праца гуртка адраджэнцау выражалася у літаратурнай працы. За гэта т. з. «нашаніуская пара» багата зьяўленьнем найбольшага ліку беларускіх паэтау і пісьменьнікау. Гэта была тая калыска й тая крыніца, якая ускалыхала і успаіла маладых пясьняроу і паэтау Беларусі. Гэта былі сапраудныя паэты народнікі, якія прыйшлі ад сялян і рабочых Беларусі.
Першымі з іх былі Янка Купала і Якуб Колас.
Я. Купала (Ів. Луцэвіч) радзіуся у 1882 г. У фальварку Вязынка, Вялейскага павету. Бацька яго займауся дробнай арэндай альбо службай у паноу. Аб асьвеце сына ен не клапаціўся і Янку давялося скончыць толькі пачатковую народную школу. Але з маленства паэта цікавіуся кніжкамі, чым і папауняу свае разьвіцьце. Рана ен пачау і пісаць вершы. Сьпярша ён пісаў па польску, а пасьля перайшоў на беларускую мову. З часу выхаду «Нашае Нівы» Я. Купала пачынае у ей зьмяшчаць свае творы і адразу займае у ей галоўнае месца. Пасьля творы яго выдаваліся й паасобку у зборніках. Па гэты час выйшлі зборнікі: «Жалейка»—(1908 г.), «Гусьляр»—(1910 г.), «Шляхам жыцьця» — (два выданьні 1913 г. і 1923 г.) І «Спадчына» — (1922 г.) і тры паасобныя выданьні п‘ес: «Адвечная песьня» — драматычныя абразкі у XII зьявах, «Сон на кургане» — драматычная паэма у 4 абразох і «Раскіданае гняздо»—драма у 5 актах.
Творчасьць Я. Купалы разностайная. Ён піша байкі, паэмы й драматычныя творы, але найбольш вершы. Яго вершы выдаюцца глыбокай ідзевасьцю, дасканалай тэхнікай і чаруючай мэледыяй. Зьместам сваім усе творы Купалы круцяцца каля адзінага стрыжаня—нацыянальнага адраджэньня бацькаушчыны Беларусі. Але гэта ідэя, якой захоплены поэта, ня мае у Купалы вузка — шавіністычнага характару, а знаходзіцца у цеснай сувязі з сацыяльным становішчам бацькаушчыны проці якога паэта моцна абураецца.
Малюючы у значнай частцы сваіх вершаў цяжкі палітычны і аканамічны стан беларусау, іх цемру й гаротнае жыцьце (як напр. вершы: «З песьняў белар. мужыка», «З песняў мужыцкіх», «Жніво», «А хто там ідзе» і інш., Купала заклікае свой народ абудзіцца ат шматвяковага сну і моцна абураецца на той панскі уціск на той «сьвіст даношчыкау пануры», які як паэта верыць, «не запудзіць» беларусау: (верш «Ворагам беларушчыны»). Яшчэ мацней гэтае абурэньне вызначаецца у вершы «Цару неба й зямлі», у якім паэта, хоць й зьвяртаецца да бога з натхненнай малітвай, але у гэтай малітве чуецца ужо сапраудны бунт проці «цара неба і зямлі», да якога даходзіць паэта бачучы тыя зьдзекі царскага ураду, якія давялі беларусау да цяжкага сацыяльнага й эканамічнага жыцьця.
Паэта цесна зьліуся з жыцьцем беларуса й разам з ім гаруе аб яго нядолі—няволі і разам з ім марыць аб новай долі шчасьці, але гэтая доля й шчасьце, па думцы паэты, павінна стварыцца разам з агульнай доляй усяго чалавецтва. Вайна 1914 гаду якая, як чуе паэта, нясла Беларусі разбурэньне, выклікае у яго не скаргу па гэтым разбурэньні, а гарачы пратэст проці вайны наагул. У вершы «1914-ты» ен піша зьвяртаючыся да новага году:
«Не забіваці—ты стрывожыу права |
і раней:
«Касьцлявай зморай з гібелі сталецьцяу |
Канчая гэты верш паэта надзеяй, на прыход лепшых часоу:
«А прыйдзе іншы год з рукою легкай |
У іншых сваіх вершах Купала паміж гарачых закліканьняу да барацьбы за лепшае жыцьце, часта імкнецца увысь—к сонцу, к зорам:
«Гэй наперад покі сэрца |
Або:
«Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці |
Гэтае імкненьне паэты сьведчыць аб тым, што Купала ня адмяжоувау нацыянальнага адраджэньня ад сацыяльнай свабоды, а ставіу яго у цесную сувязь з апошнім. Ужо у адным з старэйшых сваіх вершау «Песьня званара» паэта кажа аб сабе як аб званары, на кліч якога зойдуцца усе тыя, «што цярпяць і цярпелі».
У сваіх драматычных творах Купала адбівае тыя-ж матывы як і у сваіх лірычных творах, але карыстаецца сымбалем для выяуляньня сваей думкі. У драме «Раскіданае гняздо» гэтае гняздо зьяўляецца сымбалем Беларусі разбуранай у часы вайны, а незнаемы заклікаючы усіх на вялікі сход есьць кліч да рэвалюцыі.
Мінулая старасьветчына Беларусі яскрава адбівалася у творах Купалы, які асьветляу яе, у перадачы народных баек і лягэндау, як напрыклад: «Курган», «Машэка» і інш.
Есьць у Купалы і лірычныя творы, у якіх паэта адбівае свае уласныя настроі й пачуцьці.
З боку мастацтва творы Купалы стаяць вельмі высока. Адпаведнасьць зьместу й формы, уменьне карыстацца сымбалем даючым шырокі вобраз, апрацоука верша, шчырасьць пачуцьця — усе гэта робіць творы Купалы вельмі мастацкімі і далучаюць іх да клясычных творау беларускае літературы.
Наогул, трэба адзначыць, што Я. Купала зьяуляецца аднім з першых але і адным з галоуных паэтау Беларусі, які апісау у сваіх творах жыцьце беларуса з усіх бакоу, і які усе свае паэтычнае натхненье чарпау з пакуты гэтага жыцьця, клікаючы беларусау да шляху змаганьня за сваю долю. За гэта ен запрауды заслугоувае ймя «вялікага пясьняра бацькаўшчыны».
Другім выдатнейшым пісьменьнікам таго-ж перыяду зьяуляецца Якуб Колас.
Я. Колаc (Канстантын Міхайлавіч Міцкевіч) сын селяніна з вескі Мікалаеушчына у Меншчыне. Радзіуся паэта у 1882 годзе. Скончыу ен Нясьвіскую настауніцкую сэмінарыю й пасьля служыу вучыцелем у Піншчыне. У часы першай рэвалюцыі ен уваходзіць у настауніцкі хаурус і за гэта пакутуе у турме тры гады. З 1921 г. паэта працуе у Менску.
Творчасьць Я. Коласа складаецца з вершау і прозы. Пачау пісаць ен разам з Купалай і друкавауся у «Нашай Ніве», а потым творы яго выйшлі асобнымі выданьнямі. Дагэтуль выйшлі зборнікі вершау: «Песьні жальбы» (1910 г.), «Водгульле» (1922 г.) і вершаваныя паэмы «Сымон музыка» (1918 г.) «Новая зямля» (1923 г.).
Апавяданьні Колас пісау пад псэудонімам Тарас Гуща і дагэтуль выйшлі зборнікі яго апавяданьняу: «Апавяданьні» (1912 г.), «Тоустае палена» (1913 г.) «Немнау дар» (1913 г.) «Родныя зьявы» і асобным выданьнем повесьць «У палескай глушы».
З боку ідэевасьці творчасьць Коласа выдзяляецца той жа прыхільнасьцю да адраджэньня Беларусі. Але у той час як Купала увесь захоплены ідэяй адраджэньня, абуджае беларуса звонам і клікам ад сну, хварэе за яго нядолю, і таухае абуджанага беларуса да змаганьня за лепшае жыцьце, Колас, адчуваючы у сябе шчырую любасьць да свае бацькаушчыны, малюе перад абуджаным беларусам прыгожасьць і хараство роднае краіны, знаходзячы чыстую паэзію, падчас, у самых грубых кавалках беларускага сялянскага жыцьця. Гэта хараство й прыгожасьць усіх бакоу жыцьця беларуса, якія Колас выкладае у рэалістычных вобразах простым і мілагучным вершам, альбо прозай, зьяўляецца характэрным для усей творчасьці паэты. Пагарджаная затоуканая у царскія часы Беларусь, якая і сама ужо пачынала верыць, што у ей няма нічога добрага, з пад пяра Коласа убачыла свой сапраудны вобраз: пекнату і прыгожасьць сваей прыроды, свайго жыцьця, сваіх думак, жаданьняу і настрояу. Усе гэты элементы жыцьця Беларусі адбівае у сваіх творах Колас і пакрашае іх сваім замілаваньнем да роднае бацькаушчыны. Яны раскіданы па усіх творах Коласа, але лепшы за усе выраз яны маюць у яго паэме «Новая зямля», у якой Колас апісвае свае дзіцячыя гады, але якая зьяўляецца малюнкам жыцьця усей Беларусі.
Тыповы настрой Беларуса, яго смутак, задуменьне адмячае паэта у гэтай паэме пераносячы яго й на прыроду, з якой так зьліты беларус селянін:
«А хвоі, елкі векавыя |
або:
«А елкі хмурымі крыжамі |
або:
«Эх луг шырокі. Як жывы ты |
Але й народны гумар беларуса, які не дазволіу зусім згінуць беларусу ад векавое пакуты, таксама адзначан паэтай. Гэты гумар найлепш вызначаецца у тых мясцох паэмы, дзе паэта у жартлівых тонах апісвае асобныя здарэньні свайго жыцьця (Дзядька—Кухар, Начаткі, Дзядзька у Вільні).
Галоунае жаданьне беларуса аб сваей уласнай зямліцы якая звольніла-б яго, ад необходнасьці служыць пану, аслабаніла-б яго ад панскіх зьдекау, ляжыць у ідэі самае паэмы.
Апрача гэтага уся паэма складзена з асобных жанравых малюнкау з жыцьця беларускага селяніна, якія апісаны так падрабязгова і з такім мастацтвам, што прад чытачом праходзе усе гэта жыцьце ад пачатку да канца.
Прыгожасьць гэтых малюнкау гаворыць сама за сябе:
«Дзень быу сьвяты. Яшчэ ад раньня |
Але найлепшымі за усе у паэме зьяўляецца апі- саньні прыроды. Гэта прырода у Коласа жыве й гаворыць. Яна адпавядае усім думкам, усім настроям селяніна—яна й прыгожа, і міла, і таемна:
«Зелены луг як скінуць вокам |
або:
«З за вокан ноч глядзіць маўкліва |
Водгук на гэтыя элемэнты мы знойдзем амал што ува усей паэзіі Коласа.
Што датычыцца прозы Коласа (Тараса Гушчы), то у ей ен зьяўляецца праудзвым рэалістым і абаронцам беларускага адраджэньня. У апавяданьні «Дудар» ен дау добры адказ усім, хто лічыу адсутнасьць пасьведчаньняу, аб беларускай паэзіі няздольнасьцю беларусау да яе. У другіх апавяданьнях ен малюе розные адценьні псыхікі беларуса.
Наагул, творчасьць Коласа павінна быць адзначана як творчасьць нацыянальная. У ей як у люстры адбіваецца прырода Беларусі, дух і характар яе сясяляніна як з дадатнага, так і адмоўнага боку, на які паэта, як праудзівы рэалісты, не заплюшчвае вачэй.
Крыху пазьней у канцы 1908 г. праз два гады ад заснаваньня газэты «Наша Ніва» да яе далучаецца новы шэраг паэтау і пісьменьнікау, але ужо з радоу рамесьніцтва і працоунай інтэлігенцыі. Далучаючыся да агульнай мэты на шляху адраджэньня Беларусі, яны прыносяць з сабой шмат новых разнастайных матывау у беларускую літаратуру. Гэта былі рамесьнікі: А. Гарун, Ц. Гартны, Ф. Шантыр, і інтэлігэнты — К. Буйла, У. Галубок і інш.
А. Гарун (Александр Прушынскі) быу актывісты-рэвалюцыянэр, па прафэсіі сталяр, але яшчэ у 1907 годзе яго заарыштоуваюць і высылаюць у Сібір, дзе ен і застаецца да 1907 году. Прасякнуты рэвалюцыйным духам Гарун у ссылцы сумуе па роднай Беларусі, з якой ен хацеу бы змагацца за яе вызваленьне й піша адтуль вершы у якіх адбіваецца гэты настрой. Усе яго вершы, выданыя у зборніку «Матчын дар» (1918 г.) напісаны у гэтым настроі — гэта шчырая любасьць да бацькаушчыны і смутак па ёй. Але хоць Гарун і быу рабочым — рабочае жыцьце не знайшло адбіцьця у яго творах за выключэньнем некалькіх, як напрыклад верш «Муляру» у якім Гарун зьвяртаецца да рабочага клічучы кінуць будаваньне склепа й пайсьці з ім будаваць новы мур:
«Мур вялікі вольнай волі |
Затое сучасьнік А. Гаруна Ц. Гартны, амаль што ня усю сваю творчасьць пасьвяціу асьвятленьню у сваіх творах жыцьця беларускага рабочага.
Сын селяніна чорнарабочага Ц. Гартны (Змітро Жылуновіч) дастау асьвету у двухклясавай школе, а пасьля папауняу яе чытаньнем, на якое аддавау шмат часу. З 1904 г. ен уваходзіць у сацыял-дэмакратычную рабочую партыю і становіцца актыўным рэвалюцыянэрам. З 1906 году ен становіцца рамесьнікам—гарбаром. У гэты час ен пачынае пісаць вершы сьпярша па расійску, а пасьля па беларуску і з 1908 г. друкуецца у «Нашай Ніве».
Ц. Гартны адзін з найбольш здольных паэтау беларускае паэзіі. Ен піша вершы, з якіх выйшлі асобнымі выданьнямі зборнікі (Песьні 1913 г.). «Песьні працы і змаганьня» (1922 г.), а таксама й апавяданьні з якіх выйшау зборнік Трэскі на хвалях» (1924 г.). Апрача гэтага Ц. Гартны піша першы беларускі раман «Сокі Цаліны» у трох частках, з якога выйшла ужо з друку першая частка «Бацькава воля»—(1922 г.).
Пачаушы сваю творчасьць з агульных матываў адраджэньня Беларусі Ц. Гартны далучае да іх і матывы рабочага жыцьця, а пасьля і зусім захапляецца імі.
З другога боку, як рэвалюцыянэр актывіста ен далучае сваю паэзію і да рэвалюцыйнасьці. Такім чынам Ц. Гартны уносіць у беларускую паэзію элемэнт пролетарскасьці і становіцца пачынальнікам будучай пралетарскай беларускай поэзіі.
Зборнік «Песьні працы і змаганьня» — сам сваім загалоукам адказвае на зьмест вершау, якія і зьяуляюцца найбольш характарнымі дзеля творчасьці Гартнага. Цяжкія умовы працы рабочага (вершы: «Песьня гарбара», «Ткачыха» і інш.), яго настроі пры працы, яго жаданьні і імкненьні (вершы: «Каваль», «Сявец», «Без работы» і інш.), а таксама рэвалюцыйны кліч да змаганьня й вера у паступовае разьвіцьце рэвалюцыі да сьветлага вечнага дню Камуны—вось што натхняе паэту у гэтым зборніку. Вершы Гартнага, хоць і ня маюць вялікай мілагучансьці, але яны дышаць бадзерасьцю й даюць рэвалюцыйны настрой і веру у лепшую будучыну працоуных. Затое у прозе Гартны зьяуляецца праудзівым мастаком падаючым вялікія надзеі у будучыні беларускай літаратуры. Тут ен чысты рэалісты й праудзівымі малюнкамі апісвае сучаснае й папярэдняе жыцьце Беларусі. Асабліва аб гэтым сьведчыць яго раман «Сокі Цаліны», першая частка «Бацькава воля».
Пастанова пытаньня аб «праудзе дзяцей і бацькоу», заснованага на умовах быту вескі з аднаго боку, клясавае расслаеньне вескі с другога, вось галоуныя думкі, якія праводзяцца аутарам у гэтым рамане. Разам з гэтым аутар шырока абмалеувае цэлы шэраг розных момантау жыцьця мястачковага сялянскага жыхарства, дае шмат малюнкаў прыроды й каханьня у такіх праўдзівых мастацкіх фарбах, што захоплівае чытача цалкам.
Гэты раман сьведчыць аб вялікай здольнасьці паэты у гэтым напрамку.
Наагул аб творчасьці Ц. Гартнага трэба сказаць, што гэта рэвалюцыянер—пралетары у паэзіі і рэалісты у прозе.
Трэці паэта з рамесьнікаў Ф. Шантыр зьяуляецца рэвалюцыянэрам у беларускай паэзіі. Прауда ен напісаў ня многа, але затое па якасьці яго творы вельмі каштоуны. Усе яго творы прасякнуты глыбокімі сацыяльнымі матывамі, якія пазней уступаюць месца матывам буйна—рэвалюцыйным («Гольгофа», «У час барацьбы»). У часы змаганьня з царскім уціскам Шантыр будзіу працоуны беларускі народ да змаганьня зім, а у час перамогі спрауляу урачыстасьць вызваленаму народу.
Побачі з гэтымі пісьменьнікамі, якія увялі у хвалю адраджэньня элемэнты пралетарскасьці, працавалі й другія пісьменьнікі, якія йшлі тэй-жа дарогай, але кожны у сваім асобным напрамку, як з боку зьместу так і формы.
Так, напрыклад, творчасьць К. Буйла (настауніца) складаецца выключна з лірычных напевау і уласных перажыткаў, але мае і адраджэнцкія матывы (верш «Люблю»); творчасьць У. Галубка (служачы) складаецца часткай з вершау, але, галоуным чынам, з п‘ес. Апасля Галубок зусім захапляецца гэтай працай і сам становіцца артыстым. Ня дадаючы нічога новага у вершах, Галубок у пьесах вызначаецца як вялікі народалюбца, выяўляючы перед чытачом усе падрабязкі жыцьця абяздоленага мешчаніна, або бяспрытульнага сярмяжніка, зьвяртаючы увагу на гэтых няпрыметных асоб.
Праца пісьменьнікаў адражэнцау усе больш і больш пашыраючыся дала свае вынікі і вось да беларускіх пісьменьнікау з кожным годам далучаюцца усе новыя і новыя асобы з розных бакоу, якія падхопліваюць галоуны матыу адраджэньня Беларусі. Між іншымі трэба адзначыць паэтау разначынцаў М. Багдановіча і А. Паўловіча, паэта мяшчаніна—З. Бядулю, земляроба — А. Гурло, рамесьніка — Ф. Чарнышэвіча.
Максім Багдановіч займае у беларускай літаратуры асобнае месца. Гэта паэта індывідуалісты так званага — чыстага мастацтва, але адзін з выдатнейшых і таляньнейшых паэтау. Ен сын вядомага расейскаго этнографа Адама Багдановіча і дастаў вышэйшую асьвету (скончыу Дэмідаускі Юрыдычны Ліцэй у Яраслаўлі). Гэтым ен значна розьніцца ад другіх беларускіх пісьменьнікаў, якім умовы жыцьця не далі гэтай магчымасьці. Захоплены роднаю мовай ен пачынае пісаць па беларуску ня гледзячы на тое, што адорваны ад свае краіны (ен жыу у Ніжнім-Ноугарадзе), ен ня меу магчымасьці чуць жывую беларускую мову, а навучыуся ей па запісах беларускае творчасьці.
Гэта акалічнасьць кладзе адбітак і на яго паэзію, у якой адчуваецца адцягнутасьць ад грамадзянскае сучаснасьці, ад жыцьця масы. Як імпрэсыяністы ен пазірае сваім поглядам мастака усе жыцьце, ловіць настроі людзей і у сучаснасьці і у мінулым і адгукаецца на іх, з пункту сваіх уласных настрояу. Але, нягледзячы на гэта, вершы Багдановіча блішчаць такімі шматколернымі фарбамі, такімі перапляценьнямі розных мастацкіх формау, такім высокім мастацтвам, што уносяць свой асаблівы, але вялікі скарб у беларускую літаратуру. На жаль дачасная раньняя сьмерць Багдановіча (у 1917 г.) не дала магчымасьці яму разьвярнуць свой талант, які пры той шчырасьці да свае працы, якую выявіу паэта, абяцау многа. Вершы Багдановіча друкаваліся у «Нашай Ніве», а пасьля выйшлі у зборніку «Вянок».
А. Пауловіч паэта зусім іншага напрамку. Гэта паэта пераважна гуморысты, хоць есьць у яго і чыста лірычныя вершы, Але гумар Пауловіча дужа востры і часта накірован у бок багатых станау. Яго вершы выйшлі у зборніку «Снапок».
Засім інакшым паэтай зьяўляецца Змітрок Бядуля—Ясакар (Самуіл Плаунік). Родам з жыдоў, мястэчка Пасадзец, Вілейскага павету (рад. у 1886 г.) Бядуля рана захапляецца беларускай мовай, так што зусім пакідае сваю мову і робіцца сапраудным беларусам. Але ен беларус ня толькі па мове, а і па усей сваей істоце. Жывучы у мястэчку побач з беларускім жыхарствам і адным з ім жыцьцём, ен зліуся з ім цалком, так што й жыве яго думкамі, яго настроямі.
Па характару свае творчасьці Бядуля гэта паэта з тонкаю чулаю душой, мяккім пачуцьцем, прасякнутым вялікім мастацкім натхненьнем.
Па колькасьці творау Бядуля зьяўляецца адным з найбольш пладавітых паэтау. Ён піша вершы і празаічныя нарысы і апавяданьні. Асобнымі выданьнямі выйшлі зборнікі вершау «Абразкі» (1913; г.) «Пад родным небам» (1922 г.) і апавяданьні «На зачарованных гонях» (1923 г.)
Па зьместу творы З. Бядулі разнастайны. Вершы яго больш лірычнага характару, у якіх адчуваецца як смутак, так і бадзерасьць.
Асабліва хораша у сваіх вершах Бядуля апісвае прыроду, на якую паэта глядзіць вачамі беларуса, яго сьветаглядам.
Патайны сьвет беларуса, яго вера у лясных, русалкі, ведзьмы мае значны адбірак у творах З. Бядулі.
Але у апошнія часы у З. Бядулі адчуваецца і рэвалюцыйна-грамадзянскія матывы.
У прозаічных творах апавяданьнях З. Бядуля апрача агульных настрояу сваей паэзіі дае праудзівыя нарысы жыцьця беларускай вескі з яе малазямельлем, яе патрэбамі й духоунай цемрай.
Гэтыя апавяданьні сьведчаць аб прысутнасьці у паэты вескі, тонкай наглядальнасьці, уменьні падглядзець найбольш характэрныя моманты гэтага жыцьця.
Такімі апавяданьнямі зьяўляюцца амаль што ня усе апавяданьні у зборніку «На зачарованных гонях». Найбольш выдатныя з іх «Дванаццацігоднікі», «Сярод ночы», і інш.
Алесь Гурло й Х. Чарнушэвіч зьяуляюцца паэтамі, якія робяць значны ухіл у бок успрыняцьця пралетарска-клясавых матывау. Як гэтыя паэты, так і шмат папярэдніх дажылі да сучасных дзен і Вялікая Кастрычнікавая рэвалюцыя, а пасьля й утварэньне Б.С.С.Р. робяць на іх свой уплыу.
Пасьля цяжкіх год імпэрыялістычнай вайны, якая прынясла разбурэньне Беларусі, і першых год пасьля рэвалюцыі, якія таксама дзякуючы аккупацыям немцау і палякау не давалі магчымасьці далейшага разьвіцьця беларускае літаратуры, толькі з 1920 году мы йзноў бачым, ужо пад сьцягом Чырвонае Беларусі, новы росквіт беларускай літаратуры.
Росквіт гэты адзначаецца, як у далейшай працы папярэдніх пісьменьнікау, так і у далучэньні да іх цэлага шэрагу новых. Сярод старых пісьменьнікаў мы бачым Я. Купалу, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулю, А. Чарнышэвіча і інш.
Сьперша нацыянальныя матывы адраджэньня меюць перавагу у творчасьці гэтых пісьменьнікаў, але новыя ідэі, навеяныя Кастрычнікавай рэвалюцыяй робяць свой уплыу на іх і што далей, то больш яскравей і выразней пычынаюць гучэць у іх творчасьці рэвалюцыйныя матывы. Іх можна бачыць і у творах Я. Купалы («Будзь сьмелым», «На сьмерць Сьцяпана Булата» і інш.) З. Бядулі—Ясакара («Варта», «Хто гэта йдзе» і інш.), а асабліва у Ц. Гартнага («Песьні працы і змаганьня) і А. Гурло.
Але усе-ж такі клясавы колер Кастрычнікавае рэвалюцыі павінен быу паставіць на гэты шлях і нацыянальна-адраджэнскую лінію у беларускай літаратуры. Тыя рэвалюцыйна-пралетарскія напевы, якія дагэтуль зычэлі адзінымі ноткамі, цяпер меюць перавагу, але найбольш у творах новых пісьменьнікаў, якіх выклікала рэвалюцыя да шляху працы па будаваньню новай працоуна—сялянскай Беларусі. Найбольш здольным з іх зьяўляецца Міхась Чарот (М. Кудзелька). Ён радзіуся у 1896 г. у в. Рудзенск, Ігуменскага павету, у сям‘і селяніна. Дагэтуль ен скончыу настауніцкую сэмінарыю і цяпер здабывае вышэйшую асьвету у Маскве. С 1920 году ен уступае у рады камуністычнае партыі. Разам з Ц. Гартным, які таксама робіцца сябром Камуністычнае партыі, Чарот, пачынаючы з элемэнтаў адраджэнья, усе больш накіроувае у бок пралетарскасьці у паэзіі. Па колькасьці творау Чарот, ня гледзячы на маладыя гады, напісау шмат, як вершау, так і апавяданьняў і драматычных творау. («На Купальле». «Мікітау лапаць». і інш.). Першыя яго вершы выданыя у зборніку «Завіруха» (1922 г.) яшче больш лірычныя, але наступныя вершы, ужо наскрозь прасякнуты пралетарсьцью.
Калі яшчэ у іх і чуюцца нацыянальныя ноткі, то іх выводзіць Чарот на новай канве, на канве пралетарскага разуменьня гэтага пытаньня. Ён любіць свой край, бо ен сам змагаўся за яго вызваленьне, ен павінен працаваць дзеля гэтага краю, бо ен больш адау на шляху свайго палітычнага і эканамічнага разьвіцьця («Чарот», «А я іду», «На чырвонай дарозе»).
Найбольш выразней гэта падкрэсьліваецца у паэме «Босыя на Вогнішчы», напісанай паэтай у 1922 г. Гэтая паэма па зьместу адбівае рэвалюцыйныя падзеі нашага часу на Беларусі: акупацыя палякамі і зноу ужо канчаткавае аслабаненьне чырвонымі. Цікавая па зьместу, гэтая паэма яшчэ больш цікава па форме, якая зьяўляецца новай, але добра адпаведнай зьместу і тым новым вобразам, якім паэта карыстаецца у гэтай паэме.
Апавяданьні М. Чарота таксама знаходзяцца у угалосьсі з яго вершаванымі творамі. Апавяданьні яго выйшлі у зборніку «Веснаход» (1924 г.). Прауда у гэтых апавяданьнях Чарота няма сымболічнасьці, яны рэлаістычны, але маляваньне у іх розных старонак вясковага жыцьця робіцца паэтай з-пункту асьвятленьня пралетарска-клясавай супярэчнасьці на весцы.
У апошнія часы Чарот робіцца сябром і, нават, старшыней Беларускага аб‘яднаньня пісьменьнікау пад назвай «Маладняк». У гэтым аб‘яднаньні злучыуся цэлы шераг новых маладых пісьменьнікау, і частка старых: М. Чарот, А. Гурло, Я. Гушча, А. Дудар, Л. Якімовіч, А. Бабарэка, Анат. Вольны, А. Александровіч, Н. Чарнушэвіч, П. Трус, А. Чубар, Я. Журба і шмат іншых.
Мэтай гэтага аб‘яднаньня зьяуляецца утварэньне новае літаратуры працоунай клясы, якая адпавядала-б ідэям сучасьнась і—агульная праца, барацьба за сусьветную камуну. Гэта шуканьне новых вобразау, новага зьместу, таксама і адпаведных новых формау, характарызуе усю працу пісьменьнікау «Маладняка». Казаць аб кожным паасобку немагчыма, таму, што пэунага выяуленьня асаблівасьцяу кожнага з іх яшчэ ня можна адзначыць. Праца іх знаходзіцца яшчэ у пэрыядзе шуканьня і некаторыя з іх стоячы на грунце адмоўных адносін да усяго «старога» у папярэдняй літаратуры шмат пахіліліся у бок расійскіх імажыністых, уплыу якіх выразна адчуваецца на іх творчасьці.
Аднак жа, наагул, трэба сказаць, што усе яны аб‘яднаны шчырым пажаданьнем адшукаць гэтыя новыя пуціны і сьцежкі клясавае пралетарскае літаратуры і пераробіць яго у шырокі шлях літаратуры дапасаванай да патрэб формау жыцьця новага уладара і гэроя гэтага жыцьця пролетара-рабочага.
Гэтае шчырае імкненьне да новай творчасьці, а таксама адзначыушаяся здольнасьць часткі гэтых пісьменьнікау, дае магчымасьць верыць, што праца «Маладняка» павінна узбагаціць беларускую літаратуру новым нячуваным яшчэ словам.
Творы маладнякоуцау друкуюцца у розных часопісях і выходзяць асобнымі зборнікамі.
Такім чынам трэба адзначыць, што беларуская літаратура ня гледзячы на кароткі пэрыяд свайго існаваньня прайшла ужо галоуные этапы і з кожным годам расьце і павялічваецца, як па колькасьці так і па якасьці сваіх творау і ужо можа лічыцца на адным узроуне з іншымі маладымі літаратурамі.
Такі вялікі пасьпех літаратуры зьявіуся вынікам таго, што гэта літаратура выйшла з самай гушчыні беларускіх працоуных мас, грунтуючыся на глебе змаганьня за эканамічнае і сацыяльнае вызваленьне рабочых і сялян.
Прадстаунікі гэтае літаратуры, амаль што усе дзеці рабочых і сялян Беларусі, з прычыны чаго яны не адчувалі на сябе якога-небудзь значнага чужаземнага уплыва.
З другога боку гэта літаратура мае вялікую заслугу у тым, што яна была галоуным сродкам, які дау магчымасьць Беларусі вызваліцца ад нацыянальнага і сацыяльнага уціску і цяпер вядзе Працоўную Беларусь па шляху, вольнага жыцьця да камунізму.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.