Муляру

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Муляру
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/699


– Муляр, слухай! Што кладзеш ты?
– Дол сьмяротны, бачыш, – склеп.
От, як скончу ўсё дарэшты,
Буду мець рубель на хлеб.
         – Слухай, муляр: пакідай ты
         Сьмерці сховы мураваць –
         Хай ня знаць іх! Уставай ты,
         Пойдзем жыцьце будаваць.
Бачыш: людзі, як бяздомкі,
Ходзяць скрозь бяз ўласных хат?
Я работнік спрытны, ёмкі,
Пойдзем, муляр, пойдзем, брат!
         Возьмем кельні, малаточкі,
         Дзьве рыдлёўкі, вінкель, шнур,
         Гукнем: «Людзі, галубочкі!
         Хто ахвочы класьці мур?
Мур вялікі, вольнай волі,
Мур высокі да нябёс,
Мур братэрсгва, роўнай долі,
Мур для радасьці бязь сьлёз?»
         От, убачыш, прыйдуць людзі
         На ўспамогу ў грамадзе;
         Кожан цэглу класьці будзе...
         От дзе праца загудзе!
Сьцены зробім чыста, гладка,
Як з крышталю, столь, як шкло,
Скажуць людзі: «Вось дык хатка!
Роўнай ў сьвеце не было!»
         Будзем есьці ў гэнай хаце
         Смачны, чысты, пульхны хлеб.
         Пойдзем, муляр, пойдзем, браце,
         Хай другі канчае склеп!