У братоў украінцаў (1936)
У братоў украінцаў Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1936 год |
ДР. СТ. ГРЫНКЕВІЧ.
У братоў
украінцаў
ВІЛЬНЯ — — — — — — — 1936 ГОД.
ВЫД. БЕЛАРУСКАИ КНІГАРНІ „ПАГОНЯ“.
Беларуская Друкарня ім. Францішка Скарыны ў Вільні.
Львоў далёка ад Вільні. Далячыня гэная вялікая, калі мераць яе адлежнасьцю ў кілёмэтрах. Сваяцкасьць крыві, вялікі шмат супольнае мінуўшчыны, усе нашыя злыбеды і нядолі і ў прошласьці і ў сучаснасьці міжвольна клічуць нас адных да адных. Гісторыя беларускага адраджэньня ведае шмат сьцяжынак, якімі хадзілі беларусы і з Вільні і з Менска у Львоў. Былі гэта і палітыкі і непалітыкі, культурнікі і духоўнікі. Бывалі там і Іван Луцкевіч і Цётка і шмат хто з маладзейшае і старэйшае генэрацыі беларускага ксяндзоўства, бывалі там і студэнты і багасловы, бывалі і коопэратары, бывалі і людзі, якія хацелі проста пацікавіцца жыцьцём іншым, а ўсёжтакі вельмі нам блізкім і быццам знаёмым. Бывалі і Львоўскія Украінцы ў нас у Вільні. Прыяжджалі да нас у найвялікшае нашае сьвята, каб сваею прысутнасьцю пацьвярдзіць, што і ў сьвята і шэры дзень змаганьня яны з намі, нам спачуваюць і нас разумеюць.
Апошніх некалькі гадоў блізкі кантакт аслабеў. Толькі цераз другія рукі даходзілі да нас весткі аб тым, чым сяньня жывуць галіцкія ўкраінцы. Толькі з чужых крыніцаў ішлі да нас весткі аб дасягненьнях украінскіх у плошчы каапэрацыі, працы асьветнае, агулам культурнае.
Лета — пара вандровак, ясна калі хто мае за што вандраваць. Вандроўка гэта аднак ня толькі роскаш. Вандроўка гэта адчачасна магчымасьць навучыцца новага, магчымасьць паглядзець іншы сьвет, іншых людзей. Гэтак вось і мы з інж. Клімовічам надумалі спалучыць мілае з карысным і аднаго дня апынулісь на вагзале Львова.
Падарожжа ўлетку нялёгкая справа. Змучаныя, запыленыя ад пят да галавы. Пакуль паказацца дзе людзям, трэба памыцца, ачысьціцца. Праваднік у рукі і шукаем, дзе зьвярнуцца, нікога-ж ня ведаем, каб маглі накінуцца ў прыватную хату. У правадніку радзяць „Народную Гостынныцю,“ там і танна і ветліва прымуць і бясьпечна, што на сяньняшнюю пару мае сваё значэньне.
У дарозе надта часта зусім мо‘ мала важныя праявы кідаюцца ў вочы і з гэных дробязяў складаецца ўражаньне найважнейшае і аснаўное. У вагоне трамваю сядзіць некалькі людзей у ксяндзоўскіх вопратках, якія вядуць з сабою гутарку паукраінску. Дагадываюсь, што гэта уніяцкія сьвяшчэньнікі. Побач нас на адной лаўцы дзьве паненачкі з тэчкамі пад пахамі, судзіць можна, прадстаўнічкі працоўнае інтэлігенцыі — таксама гавораць паукраінску. Глянуўшы на вуліцу відаць вялікі шыльд на краме з малочнымі прадуктамі з напісам „Маслосоюз.“ Праехалі яшчэ адну вуліцу, ізноў той самы „Маслосоюз.“ Заварочваем на вул. Касьцюшкі, дзе знаходзіцца гасьціньніца і на рагу зноў бачым кнігарню „Ріднае Школы,“ далей на гэнай самай вуліцы крама „Украінскага народнага мистецтва.“ У готэлі сустракае нас вельмі ветліва служба, апранутая зусім паэўрапэйску і раз-два дае нам „студэнцкі“ пакоік. Безадкладна пачынаем скідаць з сябе даслоўна і недаслоўна ўсё, што на сабе прывязьлі. А абліваючысь халоднаю вадою, набягаюць думкі: „як у іх усё інакш… у іх поўна інтэлігенцыі, якая на вуліцы гаворыць паукраінску, людзі незнаёмыя з сабою зьвяртаюцца, пытаючысь аб нешта і зусім проста, без вялікіх гэстаў робяць гэта паукраінску. А зараз жа чалавек схапіў сябе, з якое аднак вялікае правінцыі прыяжджае, калі гэткія праявы дзівяць, быццам трэба было-б нечага іншага чакаць у Львове?!…
І зноў адначасна сумнае параўнаньне „у нас у Вільні, нажаль, інакш…“
Ды годзі калупацца ў несымпатычных аналёгіях. Першае ўражаньне з трамваю, з вуліцы, з вывесак на крамах астаецца на ўвесь час тых некалькіх дзён, праведзеных у Львове.
Абмыўшы цела, быццам ачунялі мазгі, і трэба было абгаварыць найхутчэй плян агледзінаў Львова. Ілюстраваны праваднік па горадзе паказвае некалькі магчымасьцяў, у залежнасьці ад таго, хто сколькі мае часу. Можна паглядзець Львоў у некалькі гадзінаў. Аднак гэта была-б вельмі павярхоўным, можна было-б як кажуць паглядзець толькі звонку, хаця і ёсьць на што. Нас цікавіць больш — мы хацелі глянуць на Львоў ад сярэдзіны. Трэба сказаць, што ёсьць і былі ад‘емныя стораны нашае знаёмасьці з украінцамі. У нас было шмат сэнтымэнту, а наш гэны сэнтымэнт быў на слабых фундамантах, мы замала ведалі адныя аб адных, не кажу аб мінуўшчыне а якга аб сучаснасьці, аб праявах жыцьця, якое толькі што вось родзіцца, каб зьявіцца з нябыцьця і сказаць сваё магутнае слова, хаця і вельмі кволае і слабенькае. Дык мы выбралі плян на два-тры дні, каб паглядзець якнайбольш, каб пачуць якнайбольш, каб навучыцца ад людзей, як трэба жыць, каб лёс свой перамяніць на лепшы.
Дзе накіраваць першыя крокі? Адказ на гэнае пытаньне быў зусім лёгкі. Ісьці туды, дзе быў пачатак і крыніца сучаснае Галіччыны. А дзе ж тое жарало новае ўкраінскае пары, як не ў „Просвіце.“ Каб пачуць аб Провіце ня трэба ехаць далёка. Усе ведаюць, якая роля выпала на долю гэнага таварыства у гісторыі украінскае культуры. Гэта аднак ня тое самае нешта чуць, а паглядзець на месцы сваімі вачыма.
ЗЬМЕСТ:
Бач.
|
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.