У братоў украінцаў (1936)/5
← 4. „Самоосвіта“ | 5. Мітрапаліт Шаптыцкі Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1936 год |
6. Прэса → |
МІТРАПАЛІТ ШАПТЫЦКІ.
Чым Папа ў Рыме, тым Мітрапаліт Шаптыцкі ў Львове. Не пабачыць Яго, значыцца ня мець цэлага Львова. Волат у даслоўным сэнсе слова і волат духа — трывае здаецца бяззьменна на сваём становішчы за памяці двох пакаленьняў. Жывая традыцыя далёкіх стагодзьдзяў, патомак слаўнага роду, стануў у рады змагароў за новую пару Украіны і зьяўляецца сымбалем слаўнае мінуўшчыны і сьветазарнае будучыні. „Няма другога чалавека ў украінскім сьвеце, як Мітрапаліт. Няма паміж украінскім грамадзянствам больш заслужанай адзінкі, як Ён. Няма паміж усей украінскай зямлі другога павадыра з гэткім моральным аўторытэтам…“ („з нагоды юбілею Мітрапаліта,“ часапіс „Жінка.“)
Старое знаёмства нас беларусаў з Мітрапалітам. У далёкім Львове Ён умеў згледзіць першыя спробы нашага Адраджэньня і сваім аўторытэтам, радаю, помаччу падтрымліваў кожны наш пачын. Ён умеў чуткаю душою зразумець нашыя злыбеды, умеў падтрымаць веру ў перамогу. Гісторыкі калісь усебакова ацэняць Ягоную ролю і ўсходнія пляны на асноведзі карэспандэнцыі і гутарак з дзеячамі беларускімі.
Што ж тады казаць аб Ім у адносінах да украінскага адраджэньня?! Ад мамэнту калі, будучы 34 гадовым маладым чалавекам, заняў Ён у 1899 г. эпіскапскі пасад у Станіслававе і далей праз некалькі гадоў стаўшы Мітрапалітам Галіччыны, ня было і няма ніводнае працы, дзе ня бачылі-б мы Ягонага прозьвішча. Ён у 1899 г. заклікае ў сваіх „Посланіях» сьвяшчэньнікаў да працы ў „Просвіце“ на карысьць царквы і народу. Ён дае грошы на выдавецтвы. За Яго пачынам паяўляецца бурса для украінскае моладзі. Ад Яго выходзіць ініцыятыва заснаваць першую Украінскую жаночую гімназію. Прыпынак для хворых студэнтаў і санаторыя — з Ягонае ахвяры. Сірацінец для дзяцей, што асталіся без бацькоў, дом для парадні мацярком, летнія аселішчы для гарадзкіх дзяцей — новыя сьледамкі грамадзкасьці і ахвярнасьці Мітрапаліта. «Народня Лічныця“ пачынае працу дзякуючы таму, што знайшла ў Мітрапаліце чалавека з шырокім сэрцам і рукою. Без Яго не пабачыў-бы сьвету „Шпіталь Народняе Лічныці“, аграмадная будыніна якога адчыніла ўжо часткова дзьверы ўсім хворым. Некалькі апошніх дзесяткоў гадоў украінскае працы ў кожнай дзелянцы — асьветнай, гаспадарчай, літаратурнай, мастацкай стульна злучаны з Андрэям Шаптыцкім. Ён — цэлая эпоха ў грэцка-каталіцкай царкве. Мсжна вельмі сумлявацца, чым сяньня была-б царква ня маючы такога Мітрапаліта. І думаю, з жахам праганяюць ад сябе назольлівую думку змагары за незалежнасьць царкоўнага жыцьця аб тым, што будзе, калі ня стане Андрэя!
Ідзем на сьв. Юрскую гару, што вялічаецца над Львовам. Перад Палацам маладыя сьвяшчэньнікі, стаяць безнадзейна. На дзьвярох картачка — Мітрапаліт ня прыймае. Што рабіць?! Пішам картачку да мітрапалітавага капэляна, што, маючы вельмі абмяжованы час, хацелі-б мець гонар аддаць паклон Мітрапаліту. Праз пару мінут дасталі адказ, што калі толькі зможа, дык нас прыйме. Заўсёды заняты, заўсёды поўна ў Яго гасьцей з далёкага сьвету, поўна сваіх людзей. Заўтра паседжаньне капітулы, сяньня візыта нейкіх галяндзкіх і бэльгійскіх пралатаў ці манахаў.
Жджэм у вялікай залі, на сьценах партрэты колішніх уладыкаў і мітрапалітаў грэцка-каталіцкіх. Дзе калісь паміж імі будзе найлепшае месца Андрэю Шаптыцкаму, які настолькі вышэй за шмат каго з гэных ужо даўно адыйшоўшых людзей?!
Выходзіць апошні сьвяшчэньнік. Мая пара. Стукаю ў дзьверы і ўвайшоўшы у вялізарны габінэт, шукаю гаспадара. Налева, за сталом, над кніжкаю, кідаецца галава, нязвычайна мастацкі твор натуры, якога ня можа перадаць ніводзін разьбяр, ніводзін маляр. Колькі ў Ягонай асобе велічы, магутнасьці, розуму і адначасна дабраты, ветласьці, Мітрапаліт шмат ужо гадоў не падыймаецца на ногі, ляжыць спараліжаваны, аднак стоючы пры Ём чалавек забываецца, што гэта чалавек як усе іншыя людзі, якога нядужасьць прыкавала да ложка і крэсла.
Якая памяць, колькі жывасьці, колькі зацікаўленьня аб нашых беларускіх справах! Які шырокі пагляд на ўсе пытаньні нацыянальна-рэлігійнага жыцьця! Кажа, што жывое пераможа ўсё на сваім шляху, што ніякія запыні, адкуль яны і якія людзі іх не рабілі, усё прападзе перад праўдаю, шлях да перамогі ня лёгкі, на ём трэба ня толькі часу, працы, але ахвярнасьці, крыві і жыцьця…
Баюся даўжэй забіраць час Дастойнаму Гаспадару. Заклікае Ён, каб прыйсьці на другі дзень, меціме свабодную часіну — дык ахвотна яшчэ пагаворыць з сынам далёкага Беларускага народу…
Выходжу, за мною ўжо Сьвята — Юрская гара, а йшчэ поўныя вочы гэнага Вялікага Сына Украіны.