Перайсці да зместу

У братоў украінцаў (1936)/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
8. Украінская Коопэрацыя 9. „Маслосоюз“
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
10. Промысел і гандаль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАСЛОСОЮЗ.“

Ня трэба ехаць у Львоў, каб пачуць аб „Масласаюзе.“ Гэная арганізацыя шырока вядомая ня толькі на тэрыторыі украінскай, але і ў нас усе, каму толькі ня зусім чужая ідэя коопэрацыі, захопліваюцца жывучасьцю украінцаў у галіне эканамічнай.

Карэньні „Масласаюзу“ сядзяць у „Просвіце.“ „Просвіта“ была жаралом, скуль выйшла ідэя і шчасьлівы пачын вытворчых коопэратываў. Галіта на вёсцы, перанаселенасьць на зямлі прымушалі даўно перадавых дзеячоў і павадыроў заняцца эканамічнаю галінаю жыцьця. Першае украінскае крэдытовае таварыства заснавалася ў Перамышлі ў 1894 г. „Просвіта“ павяла шырокую акцыю — ратавацца собскімі сіламі ад вызыску чужых банкаў ды гандляроў. Яшчэ ў XIX стагодзьдзі бачым „Краёвы Крэдытовы Саюз,“ а ад 1904 г. „Краёвы Саюз Рэвізыйны“ дзеля рэвізіі і арганізаваньня рознага раду коопэратываў. Апошнія, названыя ўстановы, жылі ўжо пэўным собскім жыцьцём, аднак „Просвіта“ даўжэйшы час мела сваіх люстратараў дзеля прапаганды і практычнага навучаньня коопэратыўнае справы. Зразумела, што масаваю формаю коопэратыўнага жыцьця былі спажывецкія коопэратыўныя крамкі. З гэных вось спажывецкіх коспэратываў і вырас, „Масласаюс“. Першая малачарня, заснаваная як аддзел „Просвіты“ ў 1904 г., была пачаткам малачарскае коопэрацыі. У чарговым годзе існуючыя 5 малачарняў арганізуюцца ў „Саюз украінскіх малачарскіх супалак.“

Да вайны (да 1914 г.) было ўжо 100 малачарскіх коопэратываў, згуртаваных у Саюзе. Коопэратывы выраблялі ў год 300.000 клг. масла. Вайна прыпыніла і разьбіла дзейнасьць і ў гэнай галіне. Пасьля вайны нанава наладжваецца праца з астаўшыміся 17 коопэратывамі. Бязумоўна, форма працы ў коопэратывах даваенных і ў першыя гады пасьля вайны была даволі прымітыўная.

Шмат лягчэй наладзіць працу ў коопэратыве спажывецкай. Капіталу вялікага ня трэба, даволі некалькі сот залатовак і гандаль вясьці можна. На коопэратыву малачарскую з прыладамі, машынамі, транспартамі і адумыслоўцамі трэба тысячы залатовак. Дык першыя малачарні былі пры тых спажывецкіх коопэратывах, дзе сабралася крыху запаснога капіталу. Невялікага капіталу хапіла на наладжаньне пераробкі і прадажы малых колькасьцяў малочных прадуктаў.

Круг дзейнасьці спажывецкіх коопэратываў невялікі — адна ці найбольш некалькі вёсак. Новыя малачарні былі абмежаваныя да тэрыторыі такое самое. Лёгка зразумець, што жыхары аднае вёскі не хацелі вазіць малака ў чужую коопэратыву, не хацелі, каб хто багацеў іхняю працаю Другім мамэнтам, які абмяжоўваў і звужваў плошчу дзейнасьці малачарні быў факт, што лягчэй аддаваць малако ў сваей вёсцы, чымся вазіць яго за некалькі кілёмэтраў. Калі малыя малачарскія коопэратывы мелі сярэдне дзенна 500 літраў малака (ад 150—200 кароў), дык масла мелі да 20 клг. за дзень. Зразумела, што якасьць масла ў такіх умовах не магла быць найлепшаю. У такіх бедных, маленькіх установах не магло быць добрых адумыслоўцаў малачароў. Далей, благое, ці прынамся не найлепшае, масла ня мела тых купцоў, якія добра плацяць, масла трэба было прадаваць таней, азначыцца і сябры коопэратыву даставалі менш за малако.

Вось чаму можна назваць пару даваенную і першыя гады пасьляваенныя — прымітыўнаю гаспадаркаю малачарскаю ў Галіччыне. Народы з практыкаю ў гэнай галіне (Данія, Эстонія) даўно дайшлі да вываду, што толькі буйныя малачарскія коопэратывы могуць стрываць конкурэнцыю на гандлёвым рынку. Дык і украінскія коопэратыўныя дзеячы апынуліся ў цяжкай сытуацыі, калі сказалі сябром арганізацыяў, што хто хоча мець карысьць заўтра, хай сяньня крыху папрацуе. Трэба было навучыць людзей шырака глядзець. Нідзе ніколі ніякая справа не канчаецца на сваёй вёсцы, гміне. Толькі дурны, ці недальназоркі чалавек думае, што ўсё ў парадку, калі яму добра. Наадварот, кожны грамадзянін мусіць дайсьці да вываду, што тады будзе добра, калі ня толькі мне, ці нейкаму сваяку, а і суседу і зусім незнаёмаму з другое гміны будзе добра.

Украінская маса коопэратараў настолькі здысцыплінаваная, што без пратэстаў пачала праводзіць рэарганізацыю малачарняў у форме „Раённых малачарскіх супалак.“ Розьніца паміж даўнейшаю і новаю формаю будзе такая. Адна вёска ня дасьць скажам больш як 500 л. малака і ня купіць вялікіх машынаў, затое 10 вёсак патрапяць гэта зьдзейсьніць. Дык паасобныя коопэратывы малачарскія плацілі паі або грашмі (100—500 зал.), або аддавалі прылады сваіх малачарняў.

І на гэтым этапе не асталіся малачарні. Новыя дзяржаўныя вымогі адносна гыгіенічнае стараны працы прымусілі рэарганізавацца йшчэ шырэй. Сяньня арганізацыя наладжана так, каб адзін раён меў малако ад найменш 9.000 кароў. Рахуючы колькасьць малака ад аднае каровы сярэдне на 5 л. штодзень, дык агульная колькасьць малака дзенная ў аднэй коопэратыве будзе каля 5.000 літ. На 5.000 літраў можна паставіць цантрабегі ды маслабойні ня ручныя, а электрычныя ці іншыя. Адна раённая малачарня карыстаецца вялікім капіталам. Дзеля таго, што кожны сябра складае ад аднае каровы 25 зал., ад 2.000 кароваў раённая малачарня мае 50.000 зал. капіталу. У 1932 г. было ўжо 125 самастойных малачарскіх коопэратываў. Было яшчэ 86 коспэр. старога, прымітыўнага тыпу.

Цікава якга дасьледаваць на абодвух тыпах (раённых і старых аддзелах спажывецкіх коопэратываў) правільнасьць мяркаваньняў рэарганізатараў. Жыцьцё бяз ніякіх сумліваў пацьвярджае, што жыцьцяздольнаю ўстановаю будзе буйны тып. У раённых малачарнях прадукцыя, транспарт танейшыя. Яны маюць лепшы тавар, больш плацяць дастаўцом малака. Большыя коопэратывы хутчэй растуць. Разрастаюцца яны ня гледзячы на крызыс, калі малыя, слабыя адзінкі ня толькі не растуць, а падаюць, або працуюць з дэфіцытам.

У 1931 г. „Масласаюз“ вырабіў 2.557.307.29 кл. масла. Малочныя прадукты пастаўлялі 249 коопэратывы (вялікія і малыя). У вялікіх малачарнях было 41.071 сяброў. Гандлёвыя абароты ў працягу году йдуць у мільёны зал. (14.696.933 зал.). „Масласаюз“ мае свае арганізацыйныя і гандлёвыя аддзелы ў цэлым радзе Галіцкіх гарадоў, ды на‘т у Бельску і Катовіцах (на Шлёнску).

„Масласаюз“ вядзе і замежны гандаль, вывозячы масла ў Аўстрыю, Англію, Данію, Нямеччыну, Палестыну, Францыю і г. д.

У ўстанове працуе больш сотні ўрадоўцаў, каля сотні работнікаў. Тавары завозяць сваімі аўтамабілямі. Каб перахаваць масла ўлетку, „Масласаюз“ мае вялізарныя магазыны — халадзільні, дзе можна пакласьць 10 ваг. масла.

Значэньне „Масласаюзу“ ня толькі ў тым, што сяляне маюць магчымасьць зарабіць крыху грошаў. Як заўсёды, трэба нам глядзець, што ў жыцьці няма нічога, каб прапала бяз сьледу. Уласьнік каровы рупіцца, каб дастаць больш ад яе малака, лепш яе корміць, папраўляе расу жывёлы, вучыцца вясьці пляновую, сыстэматычную гаспадарку сельскую. „Масласаюз“ памагае сваімі інструктарамі.

Якая валізарная прапаганда нацыянальная робіцца цераз „Масласаюз“! Годзі нам успомніць аб польска-украінскіх падзеях, яшчэ жывых ў памяці, з 1918 г., а сяньня бачым у Львове 4 вялікія гуртоўні і два дзесяткі крамаў дробнае продажы. Купляюць у іх ня толькі украінцы, але ўсе, хто хоча мець добры і адначасна танны тавар. Пытаў я пры нагодзе агляданьня ў Львове цэнтралі „Масласаюзу“ ў п. Дыр. Мудрыка, як яны дайшлі да такога становішча. „Вельмі проста“ — адказвае дырэктар. — Коопэрацыя гэта не сэнтымэнт. Тутака гандлёвая калькуляцыя. Жыцьцё таксама ня любіць сэнтымэнту. Да нас селянін вязе ня толькі таму, што мы украінцы, а таму, што мы больш плацім, чым хто іншы. Іншы чалавек, купляючы нашую сьмятану, сыр ці масла просіць зьдзерці наклейку фірмы „Масласаюзу“. Што ж — мы на гэта нічога… — Такія зьявішчы паказываюць, што сапраўды жывое перамагае, ня гледзячы на ўсякія заміны ці пачуцьцёвыя настроі.

Так бязумоўна, калі коопэратыва агулам школа характару не адзінкі ўжо, а грамады, дык асабліва гэта слушна ў адносінах да нацыяў недзяржаўных.

Вельмі сымболічны быў абразок маладога інжынера, які ў „Масласаюзе“ паказываў практычнае карыстаньне машынаю да мыцьця пасудзіны ад малака. Чалавек з інтэлігентным выглядам, апрануты ў балахон са зрэбніны, у цяжкіх чаравіках на нагах, так што з вопраткі выглядаў ён на аднаго з работнікаў, што ўвіхалісь на двары, каля бочак з маслам. І з якою павагаю паказваў ён госьцям машыны. Не сароміўся запэцканых рук і аблітага клустасьцю балахону. На сваём становішчы ён поўнапраўны будаўнічы і змагар за новую, лепшую будучыню свайго народу.

Патрэбны гэткія людзі і для нас.