Перайсці да зместу

У братоў украінцаў (1936)/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1. „Просвіта“ 2. „Саюз Украінак“
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
3. „Рідна Школа“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„САЮЗ УКРАІНАК.“

Хочучы больш-менш схапіць сыльвэтку сучаснага украінскага жыцьця ў Галіччыне, немагчыма ня спыніцца над „Саюзам Украінак.“ Гэта волат, калі нат мерыць гэтую арганізацыю мераю вялікага, сарганізованага грамадзянства дзяржаўнага народу. Сяньня налічае Саюз блізу 50.000 сябровак у 814 гурткох і 75 павятовых аддзелах (філіях).

Хаця арганізацыя не маладая, 50-тыя ўгодкі сьвяткавала ў 1934 г., ня мае яна дагэтуль напісанае свае гісторыі. Украінцы, а, здаецца, яшчэ больш Украінкі, ня іншыя чымся славяне агулам і ня ўмеюць, здаецца, даваць якнайхутчэй гісторыёзофічна-філёзофічнага фундаманту пад кожны, хаця крыху выдатнейшы, арганізацыйны пачын, як наглядаем гэта вельмі красамоўна, прыкладам, у Немцаў.

Ня маючы, ці прынамся вельмі мала і параскіданых, пісаных жаролаў — трэба шукаць іх у жывых людзей. Дзе-ж будзе лепшая крыніца, чымся ў п. Мілены Рудніцкае, старшыні ад 1928 г. вышменаванага, Саюзу Украінак, душы ягонае, найбольш яркае прадстаўнічкі жаноцкага актыву і шырока ведамае за межамі свае Бацькаўшчыны. Дык зьвяртаемся да паважанае старшыні (Украінцы кажуць „головы“) і просім інфармацыяў. Вельмі простая, стройная жанчына, ветлівая, з мілаю, сымпатычнаю ўсьмешкаю на твары, маладая, ня мае ў сабе нічога з праслаўленае важнасьці старшыні, а зусім ужо ня відаць на ёй таго, што прывыклі мы бачыць на пажаўцеўшых ужо ілюстрацыях суфражыстак ці згулам „вакулярністых“ ангельскіх фэміністак.

П. Старшыня ахвотна расказвае: — Вугольны камень арганізацыі украінскага жаноцтва быў пакладзены ў 1884 г. ў Станіслававе. Пачатак гэнае працы стульна зьвязаны з прозьвічшам аднае са слаўных Украінак — Наталькі Кобрынскае. Ейная, між іншым, заслуга ў выданьні першага украінскага жаноцкага альманаху „Першы Вінок“, (хаця ўсётакі і мужчына над „Вянком“ папрацаваў — як кажа гісторыя літаратуры; быў гэта Іван Франко, найвыдатнейшы песьняр і грамадзкі дзеяч Галіччыны — аўтар). Роля „Вянка“ вялікая. Гэта была праява самастойнага жаноцкага творства. Альманах выклікаў самапашану і пачуцьцё собскае вартасьці ў украінскім жаноцтве. У чарговых гадох нараджзюцца жаноцкія таварыствы ў Львове (1893), Стрыю, Каломыі, у Наддняпраншчыне (Кіеў). Арганізацыі паяўляліся незалежна адна ад другое.

Супольныя мэты іх — гэта прадусім агульна фэміністычныя, дамаганьні роўных правоў грамадзкіх і палітычных. Гэны настрой быў тады модны і актуальны ў Заходняй Эўропе, дзе жанчыны дамагаліся, каб на іх перасталі глядзець як на нейкую іншую катэгорыю людзей, чымся мужчыны і дапусьцілі карыстацца агульна грамадзкімі здабычамі дэмокрацыі XIX стагодз.

Побач гэнае аснаўное лініі, ішла праца агульна асьветная. Тутака украінкі першыя ўмелі дацаніць важнасьць дзіцячых гародчыкаў.

Характар арганізацыяў быў аднак прадусім таварыскі, адчасьці філянтрапійны. Аснаўная рыса — гэта інтэлігэнтная сфэра сябровак. Гэныя вось свомасьці, як таварыскі характар і аднабокасьць складу сябровак, не маглі здаволіць больш дальназоркіх адзінак, адзякуючы разыходжаньням ў гэтай плошчы, вышменаваная Н. Кобрынская пакінула арганізацыю. Ня гледзячы на ваенныя злыбеды і мітусьні, праводзіцца цэнтралізацыя паадзінокіх, неспалучаных супольнаю праграмаю арганізацыяў. Пачынаюць яны гуртавацца пры Львоўскім „Саюзе Украінак“ (ад 1917 г.) і ўжо ў 1921 г. бачым зьезд украінскіх жанчын, на якім былі прысутныя дэлегаткі з Букавіны і эміграцыі. На гэным зьезьдзе былі дэлегацыі ад 16 паветавых арганізацыяў, яшчэ часта з рознымі назовамі. Супольны зьезд аформіў жыцьцё, пакінуў па сабе коордынуючы цэнтр у Львове. Праца разгортываецца штораз шырэй, асабліва ад 1928 г., калі на чале галоўнае ўправы стаіць бяззьменна аж да сяньня п. М. Рудкіцкая. Арганізуюцца украінкі на Валыні, Букавіне, у Канадзе, Амэрыцы. Арганізацыя робіцца штораз больш масаваю. Інтэлігенткі астаюцца ў меншасьці, а ініцыятыва пападае ў рукі сялянак. Гэная вось масавасьць, агулам ўсенародны характар арганізацыі і зьяўляюцца нечым асаблівым, што выдзяляе „Саюз Украінак“ з аналёгічных арганізацыяў іншых народаў.

Мне (аўтару) вельмі цяжка было схапіць тую найважнейшую пружыну, дзеля якіх якга прычынаў вырасла гэная масавасьць. І шчыра прызнаюся, што некалькі разоў ставіў гэнае пытаньне нашай Паважанай Субяседніцы і ня гледзячы на поўную ахвоту з ейнае стараны, ня мог улавіць таго, што мяне так цікавіла. Толькі праслухаўшы да канца інфармацыяў, узяўшы саюз жанчын на асноведзі падзеяў апошніх некалькінаццаці гадоў у Галіччыне, глянуўшы на ўсю даўнейшую працу „Просвіты,“ „Ріднае Школы і г. д., пачаў быццам разумець. Агульны нябывалы нацыянальны ўздойм, пры якім жаноцтва не астаецца ззаду, а стаіць падчас і на чале, моцны цэнтр, ахвярныя людзі павадыры і чыстая шчырая нацыянальная ідэолёгія — вось жаролы росту „Саюзу Украінак.“

Год 1934 гэта вялікі мамэнт у Саюзе. Натугаю ягонаю, вялікімі захадамі, часта геройствам паасобных адзінак, склікаецца „Украінскі Жаноцкі Кангрэс,“ дзе былі прадстаўнічкb украінак з усіх куткоў сьвету. Кангрэс гэны — цэлая эпоха, накінуў ён у сваіх рэзалюцыях лінію працы ў кожнай галіне жыцьця. Ён даў веру ў свае сілы, арганізованасьць, ён выклікаў пашану там, дзе калісь іранічна крывіліся на бабскія „фантазіі.“ Рост арганізацыйны ад кангрэсу праяўляецца такім уздоймам, што цэнтраля ледзь можа толькі зафіксовываць бягучае жыцьцё. Як кажа п. Старшыня, ініцыятыву ўзялі на сябе нізы, а вярхі толькі памагаюць, накіроўваюць. Рост арганізацыйны йдзе ў адным кірунку па цьвёрдай лініі рэзалюцыяў Кангрэсу з 1934 г., за рэалізацыяй якіх сачыць галоўная ўправа ў Львове. Сьледам Кангрэсу зьяўляецца, між іншым, прэсавы орган „Жінка“ — раскошны журнал, на бачынах якога распрацоўваецца ідэолёгія жаноцтва, падсумоўваюцца дасягненьні жанчын у працы арганізацыйнай, коопэратыўнай і агулам культуры. Украінскія жанчыны маюць побач „Жінкі“ іншыя часапісы, як „Нова Хата“ (прысьвечаны хатняй культуры), „Жіноча Доля“ (папулярны часапіс, прысьвечаны мэтам арганізацыйным).

Пачуцьцё салідарнасьці украінскага жаноцтва вялікае. Наглядалі мы гэта якга ў пару, калі палітычныя дзеячы з УНДО рабілі ўгоду з польскім урадам. Саюз украінак высака тады трымаў сьцяг незалежніцкае нацыянальнае ідэі, а жаноцтва яго падтрымала на ўсім фронце.

Праца Саюзу йдзе ў такіх дзялянках:

I. арганізацыйнай, II. сельска-гаспадарчай, III. культурна-асьветнай, IV. узгадаваньне дарастаючае жаноцкае моладзі, V. здароўе, VI. руплівасьць аб чысьціні мовы, перахоўваньне народных традыцыяў у хаце, вопратцы.

Управа цераз кіраўнічак паасобных аддзелаў вядзе акцыю ў філіях і гуртках. Разнаякія курсы — пачынаючы ад кухарскіх, трыкотарскіх, а канчаючы на курсах гісторыі, мовы і г. д. — вось плошча, у якой праводзіцца рэалізацыя мэтаў, якія сабе ставіць жаноцтва.

Арганізацыя „Саюз Украінак“ — агульна нацыянальная: не партыйная. Найвышэйшая мэта яе — дабро нацыі, ейнае разьвіцьцё.

На сваім шляху, меў і мае Саюз рознаякія заміны. Закідаюць адны, што жанчына можа працаваць у іншых агульных установах, не патрэбны падзел на жанчын і мужчын, што фэмінізм сяньня анахронізм.

Іншыя хочуць накінуць сваю партыйную фірму, яшчэ іншыя закідаюць — чаму арганізацыя стаіць далёка ад царквы і г. д. Кожны дзень працы Саюзу, незалежна ад тэорэтычных паглядаў і разважаньняў, ёсьць яркім доказам, што лінія украінскага жаноцтва правільная, што гэта жывая ўстанова, якую жыцьцё паклікала і што на шляху змаганьня дзеля нацыі украінскае жаноцтва, як асобная група, пакіне вялізарны сьлед. І ня трэба лепшых доказаў, як сьвяты сялянкі, ладжаныя паасобнымі філіямі, дзе тысячы жанчын, дзяўчат, маладзіц, на‘т старых бабуляк, робяць агляд сваіх дасягненьняў у плошчы культуры духовае і матэрыяльнае, зьдзейсьненых у працягу году, каб сказаць, што іхны шлях правільны і што яны гарой.