У братоў украінцаў (1936)/7
← 6. Прэса | 7. „Сілький Господар“ Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1936 год |
8. Украінская Коопэрацыя → |
„СІЛЬСЬКИЙ ГОСПОДАР.“
Усебаковае разьвіцьцё украінскага жыцьця ня было-б магчымым, каб ня было сваей собскай цьвёрдай асновы — сьведамага сялянства. Вялікую ў гэтым заслугу мае фаховая арганізацыя украінскіх земляробаў „Сільський Господар.“ Гэта арганізацыя існуе ўжо больш 35 гадоў. Заснавалі яе ў 1899 г. у с. Олэсьно, Золачаўскага павету, два сьвяшчэньнікі: Тамаш і Юльян Дуткевічы. Спачатку было гэта зусім невялічкае Таварыства. Думка аб ім аднак мусіла быць вельмі насьпеўшай і мусіла трапіць на добры грунт, бо за няцэлыя тры гады (у 1902 г.) Т-ва пашырылася ўжо на цэлую Галіччыну, так што ў 1904 годзе цэнтралю Таварыства трэба было перанесьці ў Львоў.
Разам з пераносам цэнтралі Таварыства у Львоў, пашыраецца й круг ягонай дзейнасьці. Да гэнага часу „Сільський Господар“ меў за заданьне толькі вучыць земляробаў добра гаспадарыць. Цяпер-жа гэта самае Таварыства з канешнасьці мусіла ўзяць на сябе і яшчэ адзін цяжкі абавязак — бараніць селяніна ад вызыску яб‘еднаных гандляроў, прамыслоўцаў і іншых п‘явак на сяле. Каб павесьці гэткую важную работу, патрэбны былі людзі. І яны знаходзяцца ў гадзіну патрэбы. Такім чалавекам у ўкраінцаў быў Др. Яўгень Олэсныцькый, адвакат у г. Стрый. Ён ўзяў на сябе ў 1909 г. цяжкую працу кіраваньня „Сільськім Господаром,“ стаўляючы ясна справу, што мала вучыцца толькі добрай гаспадарскай тэхнікі, — трэба так-жа браць у свае рукі земляробскую палітыку. У праціўным выпадку земляроб ніколі не дачакаецца пладоў свае працы.
У чым-жа мела быць гэта земляробская (аграрная) палітыка?
Земляробская палітыка гэта вырашэньне ўсіх спраў, якія датычаць земляроба; гэтым-жа самым земляробам, эвэнтуальна пры ягоным чынным учасьці. Гэткімі справамі зьяўляюцца: арганізацыя крэдыту (пазычак), устанаўляньне падаткаў, кіраваньне гандлем збожжа, скаціны, сьвіней, дапусканьне на краёвы рынак земляробскіх тавараў загранічных і г. д.
Нованазначанымі шляхамі „Сільськый Господар“ шпарка разьвіваўся: павялічваўся лік сяброў у нізавых гурткох т-ва, рос лік філіяў (аддзелаў) паветавых, магутнела праца ў цэнтралі.
Выбух вайны, колькіразовы перагон ваеннай хвалі ўпоперак краю мала спрыялі разьвіцьцю Таварыства. І агднак, як толькі кончылася сусьветная вайна, знача ўвосені 1918 г., „С. Господар“ узноў акрэп, бо зразу налічыў 88 філіяў, з 1815 вясковымі гурткамі і 83.400 сябрамі, аплаціўшымі свае складкі. Але і гэтым разам ня суджана было йшчэ найлепшым, найгарачэйшым сыном украінскага народу ўзяцца за творчую гаспадарскую працу. І толькі калі, пасьля заканчэньня гістарычных змаганьняў Народу за сваю дзяржаўнасьць, у сёлы і мястэчкі пачалі варочацца дзейныя людзкія сілы, здабыўшыя ня раз за гэты час і фаховую гаспадарскую асьвету, тады паўстае думка аднавіць працу ў „Сіль. Господары.“ Але край быў спустошаны вайной. Дык трэба было думаць наўперад аб тым, як здабыць кусок хлеба на штодзень. Дзеля таго ў першую чаргу ўсё жывое й дзейнае ськіравала свае сілы ў бок коопэрацыі. Гэта быў крок правільны. Коопэрацыя пачала расьці і прыносіць карысьці. Але ад пэўнага месца для разьвіцьця самой коопэрацыі патрэбным было фаховае прыгатаваньне земляробаў. Над гэтым сама коопэрацыя беспасярэдна працаваць не магла, бо мела іншыя заданьні. Затое аказалася магчымым супрацоўніцтва коопэрацыі з фахова-земляробскім „Сіл. Господаром.“ І гэта дало магчымасьць разьвіць працу да нябывалых дагэтуль разьмераў.
На Надзвычайным Агульным Сходзе „Сіл. Господара“ 11 ліпня 1929 г. абноўлены быў Статут Т-ва, якое ясна пастанавіла, што
1. „Сіль. Господар“ мае быць клясовай арганізацыяй украінскага сялянства і будзе весьці барацьбу за здабыцьцё належных украінскаму сялянству правоў; будзе заступаць украінскіх сялян навонкі ды гуртаваць іх у сваей арганізацыі;
2. „Сіль. Господар“ будзе вучыць земляробаў правільна гаспадарыць ды будзе весьці іх да поступу й дабрабыту;
3. „Сіль. Господар“ будзе працаваць у першую чаргу ў цесным паразуменьні і пры падтрыманьні сваей-жа украінскай земляробскай коопэрацыі ды другіх украінскіх гаспадарскіх і культурна асьветных арганізецыяў.
Гэтыя новыя вехі паказваюць, што кіраўнікі Таварыства ўхапілі, як кажуць, жыцьцё за пульс. Доказам гэтага можа служыць узрост лічбы гурткоў Т-ва, а так-жа ўзрост лічбы экзэмпляраў друкаванага органу Т-ва, двутыднёвага часапісу „Сільськый Господар.“ Вот-жа, што датыча гурткоў Т-ва, дык лік іх у 1927 г. ледзь перавышаў пару дзесяткоў, тады як 1932 г. было іх ужо 1.300[1]. Часапіс „Сільськый Господар“ друкаваўся ў 1926 г. у ліку 1.800 экзэмляраў, а ў 1932 г. ўжо 10.200 (сягоньня 12.000) экзэмпляроў.
Схэма арганізацыйнага жыцьця прадстаўляецца гэтак: гурток, акружная філія (аддзел) і цэнтраля. Усё жыцьцё выходзе з гурткоў, якімі кіруюць аграномы, утрымліваныя з сяброўскіх складак і дапамогаў арганізацыяў коопэратыўных. Як прадуктыўна працуюць аграномы „С. Господара“ і як іх дзеля таго цэняць самі украінскія земляробы, відаць з таго, што паміма новых і новых выпускаў маладых аграномаў, стала адчуваецца іх недастатгк. Важнейшыя працы ў гуртку „Сільського Господара“ наступныя: бібліятэка, пробнае поле, супольная барацьба з пустазельлем, карыстаньне на супалку з даражэйшых гаспадарскіх машынаў і снасьці, прыкладнае садоўніцтва і агародніцтва, арганізаваньне пасьбішчаў і выкарыстываньне няўжыткаў, фаховая жывёлагадоўля і вэтэрынарная помач, кантроля кармленьня амалочнасьці, арганізаваньне дапамаговых фондаў на выпадак загіненьня ці дарэзаньня скаціны (дабравольная страхоўка), праўныя парады, мэліорацыя і комасацыя, пчалярства, жаноцкія сэкцыі і ўрэшце фаховае вывучэньне земляробскае моладзі. Два апошнія пункты ў працы гурткоў „Сіль. Господара“ сягоньня вельмі актуальныя. Між іншым, на 6 месячным Курсе Гаспадыняўскіх Інструктарак „Сіль. Господара“ сёлета (1936—1937 г.) ёсьць і адна беларуска.
Таварыства штогод сьвяткуе ўрачыста „Дзень Сільського Господара,“ які выпадае на дзень 16 мая, — угодкі скасаваньня паншчыны ў Галіччыне.
Доўгалетнім і заслужаным старшынёй Таварыства быў да сёлета пралат крылашанін Т. Войнароўскі, які сёлета ўступіў толькі з увагі на свой высокі век і слабое здароў'е. Новым старшынёй Т-ва выбраны Мірон Луцкі, дагэтуляшні дырэктар гадавога Практычнага Курсу Земляробства для абсольвэнтаў сярэдніх школ у Янчыне і, віцэ-старшыня Львоўскай Земляробскай Палаты. Арганізацыйнай жа спружынай і ініцыятарам сьмелых пачынаньняў Т-ва ў апошніх гадох зьяўляецца Галоўны дырэктар Т-ва Д-р Е. Храпливий, пры супрацоўніцтве цэлага штабу дазнаных аграномаў.
Асобнай ўрэшце зацемкі заслугоўвае справа украінскага фахова-земляробскага школьніцтва. З пяцёх школ гэтага тыпу, толькі адна школа (ў Каршаве каля Каламыі ў Галіччыне) належала да „Сільськога Господара.“ Рэшта прадстаўляецца гэтак:
Прыватная земляробская хлапцоўская школа Т-ва „Просвіта“ у Мылованню, (пошта Стрыганцы над Днястром). Навучаньне трывае 11 месяцаў — ад 20 студня да 20 сьнежня. У школу прыймаюцца хлопцы (мужчыны) ў веку ад 15 да 24 гадоў, якія вучацца працаваць ня толькі на сваіх гаспадарках, але прыгатаўляюцца да працы ў земляробскіх і коопэратыўных арганізацыях. Запіс да 1 сьнежня прыймае Управа Школы. Упісовыя каштуюць 10 зл., а навука і пражыцьцё па 25 зл. у месяц.
Малачарская школа, „Маслосоюзу“ ў Стрыю (вул. Шэвчэнка 5) разьвілася з малачарскіх курсаў. У школу прыймаюць кандыдатаў найменш 18 гадовых, адбыўшых практыку ў аднэй з районных малачарняў „Маслосоюзу“. Навука дармовая і трывае 1 год. Запіс 30 зл., утрыманьне ў месяц каля 35 зл. Заявы ў школу прыймае „Маслосоюз“ у Львове (вул. Б. Гловацкага 23).
Сельска-гаспадарская школа ў Шыбалыні, каля Беражан. Гэта школа існуе ад 1933 г. Навучаньне пачынаецца 1 лістапада і трывае адзін год. Прыймаюць туды хлапцоў і дзяўчат не малодшых 14 і ня старшых 20 гадоў. Мэта школы: навучыць гаспадарыць паступова на дробнай (да 10 гэктараў) гаспадарцы, умець даць сабе раду ў жыцьці і быць карысным для грамадзянства. Дзяўчаты акрамя таго вучацца хатняй гаспадаркі (варыць, пячы, мыць, весьці дом), шыцьця, крою і ручных работ. Кошт навучаньня і ўтрыманьня месячна 25 зл., упісныя аднаразова 10 зл. Заявы да 30 верасьня кожнага году прыймае Дырэкцыя Школы ў Шыбалыні, пошта Беражаны. — Апякуецца гэтай школай Т-ва „Рідна Школа.“
Урэшце Дзяржаўны Земляробскі Ліцэй у Чэрніцы адчынены ў 1935 г. Прыймаюцца кандыдаты з гадавой практыкай, якія скончылі найменш 6 кляс гімназіі і лічаць сабе ад 17 да 21 году. Акрамя фаховых прадметаў, у праграму Ліцэю ўходзяць так-жа прадметы агульна-асьветныя. За навуку ў год плаціцца 220 зл. Утрыманьне ў Інтэрнаце Ліцэю каштуе 30 зл. у месяц. Усякія інфармацыі аб Ліцэю дае ягоная Дырэкцыя: Чэрніца, пошта Пісочна каля Жыдачэва.
- ↑ паводле діаграмы на выстаўцы ў Чыкаго ў 1933 г.