У братоў украінцаў (1936)/1
1. „Просвіта“ Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1936 год |
2. „Саюз Украінак“ → |
„ПРОСВІТА.“
Кожны дасьледчык, ці на‘т толькі госьць, які больш зважным вокам глядзіць на падзеі украінскага народу ад пачатку ягонага Адраджэньня, ня можа ня спыніцца над двама стаўпамі адраджэнскае працы, а мяноўна над „Просвітаю“ і „Рідною Школаю.“ Можна казаць, што падзеі гэных дзьвёх установаў у вялікай меры былі падзеямі змаганьня украінскага народу за сваю лепшую будучыню ў межах Галіччыны а на‘т часткова і ўсяе вялікае Украіны. „Просвіта“ і „Рідна Школа“ пачыналі сваю працу ў неаднолькавых умовах, цікавалі яны аб іншых старонах жыцьця і разьвіваліся быццам незалежна адна ад другое. Бачым, праўда, тыя самыя прозьвішчы сярод працаўнікоў абедзьвюх установаў, аднак дасюлешняя запісаная гісторыя разглядае іх чамусьці асобна, прычым на‘т можна пабачыць праявы нейкай супярэчнасьці ў разуменьні ранейшае ролі, згулянае ў мінуўшчыне. Бязумоўна, чужому наглядчыку шмат цяжэй паказаць беспамыльна на розьніцы ў паасобных установах, цяжка сказаць, хто больш папрацаваў на карысьць свайго народу, дык нам трэба было-б разглядаць падзеі гэныя бяручы іх супольна. Дзеля аднак яснасьці, каб лягчэй было ўявіць тыя шляхі, якімі ішоў украінскі народ у сваім адраджэньні, разгледзім кожную арганізацыю асобна.
Доля ўкраінскага народу, якая мае гэтулькі яркіх прыгожых мамэнтаў у мінуўшчыне, штораз паказываецца нам настолькі цяжкою і непрагляднаю, што сапраўды можна параўняць яе толькі з нашаю беспатольнаю доляю беларускаю. Прыпомнім толькі аканчальны падзел украінскага народу ў XVIII стагодзьдзі паміж дзьвяма тагачаснымі вялікімі дзяржавамі: Расеяю і Аўстрыяю. Якое было ўкраінскае жыцьцё з гледзішча нацыянальнага ў колішняй царскай Маскоўшчыне — ведаем, ці прынамся лёгка можам уявіць, па аналёгіі з доляю сялянскіх масаў беларускіх. Прыгон аж да 1861 г. нястача свае роднае інтэлігенцыі, якая амаль зусім была адыйшла ад сваіх масаў. Мо‘ крыху было яно лепш з украінцамі чымся ў нас, аднак тыя нялікія адзінкі сярод паноў-шляхты, якія наштодзень гаварылі „папростаму,“ мала чым адыходзілі ад нашых беларускіх паноў, што гаворачы пабеларуску ўмелі ня горш за іншых прыдушыць прыганятага мужыка. Адно толькі што зямля у іх слаўная, лягчэй магла пракарміць свайго сына.
Крыху былі іншыя ўмовы ў Аўстрыі. Да Аўстрыі лучылі ў вялікай масе уніяты грэка-каталіні (Галіччына, Закарпацьце) і ў меншай колькасьці праваслаўныя на Букавіне. Ініцыятыва да нацыянальнае работы выходзіла праз увесь час з Галіччыны, дзе веравызнаньне адыграла вялізарную ролю. Дзякуючы загадам цэсарыцы Марыі ды цэсара Язэпа II, была заведзена навука ў сэмінарыі грэка-каталіцкай ў Львове „паруску,“ а па ўсіх цэрквах набажэнства ў роднай мове насельніцтва побач славянскай мовы. Раней па цэрквах, як гэта было і на беларускіх землях, украінская мова была пачала выціскацца польшчынаю. Родная мова ў сьвятынях не дала адчужаніцца духавенству, якое адыграла вызначную ролю ў змаганьнях украінскага адраджэненя. Прадстаўнікоў грэка-каталіцкага духавенства бачым ад пачатку да апошніх дзён і ў роднай краіне і на эміграцыі ў першых радах змагароў за лепшую долю сваей Бацькаўшчыны.
∗
∗ ∗ |
Год 1848, які быў адною з тых ясных зорак на шляху чалавецтва са сваімі лёзунгамі свабоды, гэны год, які толькі ледзь-ледзь закрануў нашае Адраджэньне, пакінуў вялікія сьляды ў Галіччыне. Гэны год быў адначасна канцом прыгону ў Аўстрыі. Паасобныя народы аўстрыяцкае імпэрыі пачалі крыху лепшае жыцьцё. Вось 1848 г. скрануў, калі і ня масы украінскія, дык лепшую частку інтэлігенцыі і духавенства. Гэній Шэўчэнка, сьляды працы ў Галіччыне ахвярнага а. Шашкевіча Маркіяна былі крыніцамі сьведамага пачуцьця супольнасьці ў вялікім украінскім народзе. Народ быў масаю, якая горача трымалася свайго роднага, трымалась аднак толькі інэртна. Ня было над народам працы.
З мэтаю працы над народам было заснована ў 1848 годзе асьветнае таварыства — за прыкладам сэрбскае матыці (1826), чэскае матыці (1830) — пад назоваю „Галіцка руская матыця.“ Быў пабудаваны за шырока народныя грошы Народны Дом у Львове. Вельмі хутка аднак пачынаецца разыходжаньне сярод інтэлігенцыі і павадыроў тагачасных. Шмат хто напалоханы больш жорсткім курсам аўстрыяцкае палітыкі пачынае сумлявацца, ці сапраўды украінцы (на тую пару назова украінцы была менш распаўсюджана, галіцкія украінцы называлі сябе вельмі часта русінамі) скалыхнуць цёмную масу сялянства. Небясьпека палёнізацыі казала шмат каму на‘т са сьвядомых адзінак, а толькі палахлівых людзей, глядзець на Маскву як на адзіную заступніцу пакрыўджаных славян.
Да таго-ж і ў народзе маскоўцы мелі не малую сымпатыю. Народ пазнаёміўся тады з расейскімі жаўнерамі, што йшлі у паход на вайну з мадзярамі ў 1848-49 г.
Так пачалося масквафільства ў Галіччыне, якое зусім праўда абнядужанае і нялікае, датрывала да нашых дзён. Масквафілы, ці інакш, як яшчэ іх называлі старарусы, мелі ў сваіх руках пакліканыя да жыцьця ў 1848 г. установы (матыця, народны дом). Дзеля гэтага тая нялікая інтэлігенцыя, якая асталася вернаю самастойным нацыянальным ідэалам, пастанавіла паклікаць новую ўстанову з мэтаю асьветнае працы. Гэнаю вось установаю і была „Просвіта.“ За два гады украінцы сьвяткавацімуць 70 гадоў ад закладзінаў „Просвіты“ (пачатак „Просвіты“ ў 1868 г.).
Коратка абвешчаная мэта новага таварыства была такая: „распаўсюджываць народную асьвету ў народзе ў напрамку маральным, матарыяльным і палітычным выдаючы кніжкі, брашуры ў той мове, якою народ гаворыць.“ Закладчыкі стаялі на тым становішчы, што толькі асьвечаная адзінка можа быць сьвядомым грамадзянінам, а толькі сьвядомы грамадзянін будзе фундамантам нацыянальнае індывідуальнасьці. Трэба падчыркнуць, што ад самага пачатку, ад закладзінаў нават, учасьце студэнцкае ў працы было надта жывое.
Старарусы глядзелі варожа на арганізацыю „Просвіты“. Доказам гэных варожых адносінаў можа быць факт, што закладчыкам не хацелі нідзе адправіць у царкве набажэнства. Большасьць сьвяшчэньнікаў належала ў тую пару да старарусаў.
Каб заахвоціць упісывацца ў сябры новае арганізацыі, было пастаноўлена, што кожны з іх даставаціме дарма кніжачкі, якія „ Просвіта“ будзе выдаваць рэгулярна. Практыка паказала, што мала выдаць кніжку, трэба яшчэ парупіцца, каб яны не прападалі, трэба памагчы сабраць іх у адным месцы. Дзеля гэтага прыступілі да наладжаньня чытальняў. І пачынаючы ад 1884 г. з паймом і дзейнасьцю „Просвіты“ стульна злучана праца ў чытальнях.
Жыцьцё і дамаганьні сяброў прымусілі „Просвіту“ заняцца праблемамі эканамічнымі. Мэта і статут таварыства растуць ушыркі. У адным з пазьнейшых статутаў сказана, што мэта: „асьвета ды ўздым культуры і заможнасьці украінскага народу“… І толькі пасьляваенны зрэфармаваны статут пакідае на старане эканамічную дзялянку а цікуе выключна аб асьвеце і культуры духовай.
Пачаткі працы былі вельмі скромныя, бяручы яе са стараны магчымасьцяў грашовых. Дзеля прыкледу пакажу хаця б на адно, што даўжэйшы час арганізацыя ня мела собскага памяшчэньня. На нарады ўправы сабіраліся ў прыватным памяшчэньні аднаго з сяброў управы. Вельмі характэрна, што ад пачатку моцна была падчыркнута ўсеукраінскасьць у мэтах, адтуль і заклік да запісі ў сябры да ўсіх украінцаў, дзе яны пражываюць. З першае адозвы бачым адначасна агульнае цяжкое становішча украінскага адраджэньня. І сяньня ня можам ня дзівіцца, які адзіны магчымы і слушны шлях выбралі тады лепшыя сыны народу ў сваей руплівасьці аб народнай справе. У вышменаванай першай адозве аўтары шукаюць прычынаў малога росту сьведамасьці, раўняючы хаця-б з 1848 г., пытаюцца, якая прычына цяжкое долі эканамічнае сялянскіх масаў. І толькі адчасьці апраўдываюць гэта неспагаднымі вонкавымі ўмовамі. Большую віну бачаць у самым грамадзянстве, якое праяўляючы актыўна свой патрыятызм, гаварыла аб патрэбе збольшаньня свае інтэлігенцыі, аб абходнасьці закладзінаў свайго тэатру, аб дасягненьнях у плошчы літаратуры, аднак замала яно думала і цікавала аб агульнай шырокай працы асьветнай у масах, паміж сялянствам. Існуючыя тады народныя колы ня мелі падручнікаў. Масы не маглі ўзгадаваць сваіх павадыроў, дзеля нястачы духовага корму ў форме адпавядаючых кніжак, літаратуры. Дык ясна гаворыцца ў той адозве, што ўкраінцы ў дробнай часьці ня зьдзейсьнілі таго, што зрабілі сэрбы, чэхі, якія ў працягу жыцьця аднаго пакаленьня і натугаю гэнага аднаго пакаленьня адрабілі цэлыя стагодзьдзі. Замалая руплівасьць у галіне найшырэйшае асьветы пагражала вынарадаўленьнем і вось у напрамку гэнае асьветнае працы накірована ўся натуга арганізацыі.
Ці шмат трэба мне гаварыць, каб даказаць насколькі актуальнымі зьяўляюцца для нас, беларусаў, праблемы, якімі жылі закладчыкі „Просвіты“?! Не хачу і не магу крытыкаваць бяздзейнасьці нашае інтэлігенцыі. Гісторыя беларускае культуры ацэніць калісь як сьлед тое вялікае геройства нашага і мінаючага пакаленьняў за іхняе змаганьне якга за асьвету і актыўнае ўчасьце ў творстве культуры дзеля шырокіх масаў і пры помачы гэных самых шырокіх масаў. Затое не бяз жалю можна гаварыць аб тым, што ня ўся беларуская інтэлігенцыя, ня ўсе адзінкі, якія-б маглі, станулі на ўсім, здаецца, чутны заклік Бацькаўшчыны… „да працы!… усе на фронт культурна-асьветнае працы!“…
„Просвіта“ пачала зьдзейсьняць свае пляны выдаючы кніжкі і зразу ўзяла на свае плечы вялікую справу — падрыхтоўкі падручнікаў для адзінае на тую пару украінскае гімназіі. Дзякуючы захадам розных людзей, у першую чаргу дзякуючы спагадным адносінам паслоў-народнікаў Львоўскага краёвага парляманту таварыства дастала гадавую падмогу на свае выдавецтвы.
Шырокая плятформа працы ў „Просвіце“ гартавала людзей розных паглядаў на тактыку і украінскую палітыку. Гэную ўнівэрсальнасьць і беспартыйнасьць наглядаем красамоўна ў 1871 г., калі з ініцыятывы мітрапаліта Сэмбрантовіча было пастаўлена пытаньне аб супольным фронце паміж старарусамі і украінцамі народнікамі. Цьвёрдаге становішча „Просвіты“ дало ёй маральнае права ўзяць тады слова і заявіць, што старарусы заўсёды змогуць з імі дагаварыцца, калі стануць на шлях сапраўды агульна народны. Дык гэнае прадусім асьветнае таварыства ўзяло на сябе адчасьці роляю афіцыяльнага нацыянальнага прадстаўніцтва і сьцяг гэнага прадстаўніцтва трымае высока праз увесь далейшы час. Міністарыяльныя асьветныя ўлады ў Вене прызналі аўторытэт „Просвіты“, калі згодна з ейнымі дамаганьнямі завялі ў Мадзяршчыне па украінскіх школах падручнікі выданьняў „Просвіты“.
Адначасна „Просвіта“ шукае кантакту з прыдняпранскаю Украінаю, зорка сачыць за ўсімі падзеямі ў культурным агульна-славянскім жыцьці.
У нутраным краёвым жыцьці побач з працаю асьветнаю бярэ на сябе рэпрэзэнтацыйную ролю пры ўсякіх сьвяткаваньнях, прыкладам у чэсьць Шэўчэнкі, Машкевіча, у двадцаць пятыя ўгодкі скасаваньня прыгону (1873 г.) і г. д. Дык, значыцца, „Просвіта“ бярэ на сябе павадырства ва ўсіх праявах нацыянальнага жыцьця ў Галіччыне.
Ня можам казаць, каб гэны давер грамадзянства быў апраўданы ад самага пачатку працаю ўжо зробленаю, Каля толькі паказывае, што людзі сьвядома і несьвядома чулі правільнасьць шляху, занятага „Просвітаю“. І сяньня ніхто ня мог-бы нічога й у нас, беларусаў, дадаць да сказу аднаго з першых старшыняў „Просвіты“, калі той казаў, паклікаючысь на Монтэскіё, што культура кожная мераецца не багацьцем зямлі, а асьвечанасьцю грамадзян, што палітычным дзейнікам можа быць толькі асьвечаны чалавек. Або такі сказ таго-ж старшыні: „нам украінцам трэба тое ведаць, што столькі людзей здабудзем для асьветы, колькі з іх скажа, што іхняя зямля Украіна а яны самыя Украінцы… Толькі сваім собскім змаганьнем здабудзем належныя нам правы.“
Вялікія і рознаякія абавязкі „Просвіты“ перабіраюць пакрысе новыя ўстановы, якія штораз багацейшае украінскае жыцьцё паклікае да дзейнасьці, як „Літ.-Навуковае Таварыства ім. Шэўчэнка“ (1873), „Рідна Школа“ (Украінскае Пэдагагічнае Тгварыства) (1881). Заснаваная „Народная Рада“ (1880) ўзяла на сябе палітычную дзейнасьць. З „Просвіты“ выйшла ініцыятыва закладзінаў „Зорі“, украінскага рамесьніцкага таварыства (1884). У 1895 г. „Просвіта“ першая з украінскіх установаў становіцца ўласьніцаю собскага памяшчэньня ў вялікай хаце на львоўскім рынку, дзе знаходзіцца яна і сяньня. Да рэчы будзе сказаць, што камяніца гэная — адзін з найпрыгажэйшых дамоў у Львове. „Просвіта“ дзейна прымае ўчасьце ў наладжываньні украінскага эканамічнага жыцьця цераз „Народную Торговлю,“ спартовага — ў таварыстве „Сокіл“ (1894), сельска-гаспадарчага — ў „Сільськім Господарі“ (1903), коопэратыўнага — „Краёвы Рэвізыйны Саюз“ і „Краёвы Малачарскі Саюз,“ блізка „Просвіта“ была пры пачатках свайго арганізаванага мастацкага украінскага жыцьця і г. д. Можна было-б казаць, што шмат дзеля якіх арганізацыяў „Просвіта“ была быццам тая маці, якая не шкадуе ані пасагу, ані працы, каб толькі ейным дочкам добра было.
Такая шырокая дзейнасьць ніколі ня зьбівала „Просвіты“ з ейнае аснаўное лініі — выдавецкае працы ў форме рэгулярных выданьняў кніжак і наладжываньня чытальняў. Чытальні і кніжкі гэта цэнтр працы. У першых гадох выдавецкае працы была зьвернута ўвага на школьныя падручнікі народных і сярэдніх школаў. У 1871-76 гадох пабачыла сьвет 17 падручнікаў. Гэта быў фундамант для школьнае працы. І хаця гэная колькасьць школьных кніжак невялікая, аднак слушна казаў адзін з дзеячоў просвітных (Барзінськый): „гэта адна з нашых найвялікшых перамогаў… Наладжаньне украінскага школьніцтва — гэта быццам цывілізацыйныя хрэсьбіны украінскага народу ў новачасную пару.“ Выданьне падручнікаў раўняе той дзеяч да факту хрэсьбінаў Русі.
І тутака зноў малая дыгрэсія да справаў беларускіх. Хаця ня меў я шчасьця быць у бліжэйшым кантакце з беларускаю школаю і ня ўмею мо‘ як сьлед ацаніць усяе важнасьці сваіх падручнікаў для школы, аднак, на мой розум, можна згадзіцца з вышэй прыведзеным сказам і паглядам на важнасьць гэнае справы. За беларусамі стаіць ужо ззаду тая геройская пара будаваньня фундамантаў беларускае школы. Закінуць сабе як народу мы тутака нічога ня можам. Мо‘ адно толькі, што ня ў прыклад іншым славянскім народам, мы лішне мала паказываем навонкі нашае прызнаньне, удзячнасьць, пашану сваім змагаром у галіне асьветнай. Маса не абойдзецца бяз прозьвішчаў. Факты канкрэтныя і прозьвішчы будуць заўсёды зоркамі на небасхіле, пакуль ноч на двары. Трэба, каб кожнае выданьне для народу ( календары, прэса) заўсёды па меры магчымасьці паказывалі на нашыя здабычы і адцемлівалі павадыроў. Ёсьць і безназоўныя змагары, скажам вёска, якая складала дэклярацыі на беларускія школы ў 1926-27 гадох. Трэба, каб і з гэтым „няведамым героем“ народ пазнаёміўся.
„Просвіта“ адначасна з падручнікамі выдае папулярныя кніжкі. Папулярная кніжка вялікага значэньня, хаця вельмі Шаблон:Абылка. Напісаць папулярна, не азначае напісаць „абы-як.“ Кажуць, што напісаць папулярна і добра шмат трудней, чымся напісаць падручнік для высокае школы. „Просвіта“ знайшла такога чалавека, які зрабіў вельмі добры пачатак „Зорею.“ За гэтаю кніжкаю пайшлі іншыя і да 1935 году бачым выданых 603 кніжкі ў колькасьці 3.395.171 экзэмпляраў, Паводле зьместу кніжкі гэныя вельмі рознаякія. Ёсьць паміж імі аповесьці са зьместам гістарычным, кніжкі географічныя, гаспадарчыя, жыцьцяпісы і г. д. Кніжкі былі больш-менш аднаго фармату, часта багата ілюстраваныя.
Незалежна ад друку, распаўсюджваньне кніжак — гэта другая вельмі важная праблема. Мала надрукаваць кніжку, трэба, каб яна папала ў рукі чытача. Пачаткава прадавалі іх сябры арганізацыі, прадавалі адумысловыя агенты — прадаўшчыкі, сябры брацтваў царкоўных, крамнікі і г. д. Ад 1876 г. згодна з перамененым статутам кожны сябра даставаў за сваю складку ўсе выданьні „Просвіты“. Практычна і жыцьцёва вельмі важны параграф у статуце. Дзякуючы яму ня было клопату з распаўсюджываньнем, а прынамся было шмат лягчэй даставіць кніжку на вёску.
Календары ў выданьнях „Просвіты“ займаюць пачэснае месца. Календар, дзякуючы ўмеламу падыходу да выданьня, заняў высокае месца і незаступімае ў хаце селяніна. Сваею якасьцю і зьместам ён апраўдаў сябе і быў часта адзінаю крыніцаю ўсіх патрэбаў селяніна і даваў адказ на пытаньні і нацыянальныя і гаспадарчыя, і юрыдычныя і ўсякія іншыя.
Побач з папулярнымі кніжкамі ідзе ад 1904 г. выдавецтва пад назоваю „Украінське пысьмэнство,“ дзе друкуюцца творы маладых, новых аўтараў. Да 1928 г. выйшла тутака 25 тамоў у прыгожай вокладцы.
З мэтаю масавага распаўсюджваньня, у першую чаргу паміж школьнаю моладзьдзю, па грашовай цане йшлі дробныя маленькія кніжачкі г. зв. „Прасьветныя лісткі.“
Апрача кніжак, „Просвіта“ выдавала часапісы. Першым часапісам было «Пысьмо з Просвіты,“ потым „Чытальня,“ „Народня Просвіта,“ «Аматорскі Тэатр,“ „Бібліотэчный Пораднык“ апошнімі гадамі выходзіць паважны орган «Жыття і Знання.»
Таварыства выдае абразы, альбумы, карты гістарычныя і географічныя.
Няма арганізацыі без сяброў. Сябры ў „Просвіце“ ня толькі даюць складкі. Яны карыстаюцца тымі прывілеямі, што за сваю складку дастаюць выданьні, друкованыя коштам арганізацыі. Побач з сябрамі, якія належаць пэрсональна, ёсьць іншыя сябры — цэлыя чытальні. Розьніца паміж імі тая, што належачы да чытальні, ня трэба плаціць сяброўскіх складак у цэнтралю, а за малою платаю можна ўсё чытаць на месцы ў чытальні. Для арганізацыі доўгі час была важная праблема адносінаў да абедзьвюх катэгорыяў сяброў. Карысьне грашова было-б, каб усе належалі пэрсональна. Затое цераз чытальню можна было мець большую колькасьць сяброў; беднаму-ж селяніну лягчэй было заплаціць дробную суму да чытальні. Дык ідэйна таварыства выйгрывала, трацячы грашова. З канцом 1935 г. было фізычных сяброў (тых, што належалі пэрсональна,) 28.064 (дваццаць восем з гакам тысяч, людзей). Чытальняў было 2.061 ды іншых арганізацыйных установаў (аркестры, тэатральныя гурткі і г. д.) 1.068.
У менаваных 9.061 чытальнях было 275.524 дзейных сяброў, у гэтым ліку 205.981 мужчынаў і 65.174 жаччынаў. Паводле справаздачы галоўнае ўправы, вышэй пададзеныя цыфры маюць на ўвеце толькі дзейных сяброў — тых, што плацяць рэгулярна складкі і прыходзяць на сходкі. Рахуючы і менш актыўных, колькасьць сяброў даходзіць да 500.000 (поў мільёна!).
Чытальні маюць свае бібліятэкі ў колькасьці 2.915 з 581.202 кніжкамі. Побач сталых бібліятэкаў, істнуюць вандроўныя ў ліку 164, з 6.233 кніжкамі. У працягу трох апошніх гадоў прачытана 2.589 480 кніжак, так што на аднаго чытача выходзіць больш-менш 10 кніжак.
Гэтыя цыфры гавораць самыя за сябе. Да таго трэба сказаць, што наладжанае апошнімі гадамі супольнае чытаньне („чыткі“) карыстаецца вялізарнай удачай. Пры кожнай нагодзе, пры кожнай магчымасьці чытаюць грамадою кніжкі, газэты, вядуць на тэму прачытанага дыскусію. У працягу апошніх трох гадоў было гэткіх чытак 345.000, на іх было прысутных да 2.000.000 народу. Пацадзеныя цыфры не абхопліваюць лекцыяў паасобных ці ў цыклях, якіх у апошніх трох гадох было 40.283. Далей ідуць яшчэ курсы, нарады і г. д.
Каб яшчэ паказаць на адну галіну працы, скажу, што ў канцы 1935 г. працавала 2.016 тэатральных гурткоў, з 40.320 сябрамі. Гурткі гэныя зрабілі ў працягу толькі трох гадоў 19.863 тэатральных пастановак.
Хаця іншая асьветная ўстанова — „Рідная Школа“ — займаецца адумыслова школамі, аднак „Просвіта“ вядзе незалежна некалькі прафэсыянальных школаў, з якіх трэба было-б адцеміць гаспадарчую школу ў Мыловані (хлапцоўская), у Угэрцях Вынявськых (дзяўчацкая).
На тое, каб весьці такую працу, патрэбныя грошы. Адных толькі сяброўскіх складак, арганізацыя мела да 1928 г. 364.971 аўстрыйскіх каронаў, 17 з гакам мільярдаў польскіх марак, 137.172 залатоўкі. Ясна, што адныя толькі сяброўскія складкі не далі-б магчымасьці падтрымаць білянс. Да складак прыходзяць дапамогі, ахвяры, даходы з маемасьцяў арганізацыйных, даходы з собскіх выданьняў і адумысловыя фонды, ахвяраваныя грамадзянамі ў капіталах, зямлі, дамох і г. д.
„Просвіта“ жыве ў стульнай лучнасьці з эміграцыяю і пакуль гэта было магчым, з Прыдняпранскаю Украінаю. Эміграцыя украінская, раскіданая амаль не па ўсёй зямной кулі. Усюды, дзе ёсьць грамада сьвядомых людзей, наладжываецца асьветная праца. Бачым „Просвіту“ ў Амэрыцы (Злучаныя Штаты, Канада, Бразылія), Сібіры, Югаславіі, Францыі. Асобнае месца займае „Просвіта“ ў Букавіне, Закарпацьці, Прыдняпроўшчыне, Кубані.
∗
∗ ∗ |
Вельмі малая, дробная жменька фактаў і цыфраў за 68 гадоў бязупыннага змаганьня за народ, за ягоную долю, за ягоную будучыню. Баюся, што ня змог я пераказаць усяго, каб чытач прынамся крыху ўявіў тую магутнасьць арганізацыі, што расьце бязспынна і ў такім тэмпе, што сяньня амаль няма такое найменшае украінскае вёсачкі, дзе ня было-б чытальні „Просвіты.“ Якая вялізарная сіла дынамічная ў гэных сотнях тысяч людзей, якія ня ўмелі-б уже здаецца жыць без „Просвіты“! „Просвіта“ гэта экзамін сьпеласьці украінцаў у Галіччыне, гэта паказальнік жывучасьці народу.
Не хачу праводзіць ніякіх аналёгіяў, не хацеў-бы ставіць побач украінскіх імпонуючых цыфраў нашых беларускіх. Нашая сапраўднасьць нажаль, лішне далёкая ад іхняга багацьця… А толькі падумаць трэба, што гэта выплады саматужнае грам. працы! Вывад зробім мы ужо самыя.