Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Творчасьць Цішкі Гартнага
Творчасьць Цішкі Гартнага Крытыка Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1930 год |
Песьні гарбара → |
ТВОРЧАСЬЦЬ ЦІШКІ ГАРТНАГА
Зьміцер Тодаравіч Жылуновіч нарадзіўся 23 кастрычніка 1887 г. у м. Капылі. Яго літаратурны псэўдонім — Цішка Гартны. Гэта кароткае, але выразнае слова добра характарызуе сабою перш за ўсё жыцьцёвы шлях пісьменьніка. Бязрадае маленства ў беднай сям‘і сялян-чорнарабочых, маленства, абагрэтае толькі ледзь прыметным блядым сьвятлом лучніка, апавітае нясьціханымі нудлівымі песьнямі енку і гора; вучоба ў багамольнага „дарэктара“ з яе нямінучымі атрыбутамі розных кар, як стаяньне на жарстве; ужо з 11 год — праца падпаска, кінуўшая адразу талентнага хлопчыка ў цёмны вір барацьбы за існаваньне; далей, брудная і смуродная майстэрня гарбара; бяспрытульнае вандраваньне па абшарах Беларусі; пецярбурскі завод, потым зноў беспрацоўе і г. д. — вось тыя колы жыцьцёвага пекла, праз якія прышлося прайсьці нашаму пісьменьніку на шляху барацьбы за існаваньне. Трагічнасьць гэтай асабовай барацьбы ўскладнялася для Гартнага яшчэ і тым, што яму трэба было змагацца за свой мастацкі талент. Рана, яшчэ з маленства, адчуў ён у сабе замілаваньне да мастацкага слова. Яшчэ падпаскам, гонячы каровы з поля, успрымае ён розныя вершы, якія пераказваў яму Тодар Чарнушэвіч. У сваёй аўтобіографіі пісьменьнік адзначае, што тыя творы Някрасава, якія яму асабліва спадабаліся, як „Дедушка“ і „Железная дорога“, ён перапісваў і вучыў напамяць урыўкамі „прысядаючы каля пянчукоў“. Ляпідарная нататка ў даным выпадку зарысоўвае жаласьлівы малюнак, варты памазка Шардэна; гэта смутная постаць вясковага хлопчыка, што схіліўся „каля пянчукоў“ над вершамі Някрасава, паказвае нам усю трагічнасьць маленства талентнага самародка, яна прыадчыняе нам усю глыбіню нязбыўнага гора поэты-пастуха. Далей, па меры нарастаньня агульнай напружанасьці жыцьцёвай барацьбы, фарбы робяцца яшчэ больш змрочнымі. У другім месцы сваёй аўтобіографіі пісьменьнік дадае: „Вандруючы з 1908 па 1912 г. па Беларусі, я пісаў вершы, прозу і корэспондэнцыі ў дарозе, у вагонах, на вакзалах, у цесных і брудных каморках, у начлежках, пісаў пасьля работы 11-гадзіннай“. Такім чынам, шлях інтэлектуальнага самасьцьвярджэньня Цішкі Гартнага такі-ж цяжкі, як і шлях яго барацьбы за фізычнае існаваньне. Хлопчык, які першы свой дотык да горкіх карэньняў вучобы купляе дарагою цаною стаяньня на жарстве; бедны падпасак, постаць якога жаласьліва схіляецца „каля пянчукоў“ над вершамі Някрасава; юнак-поэта, вымушаны свае першыя творы пісаць у цесных і брудных каморках, у начлежках, — вось колы гэтага другога жыцьцёвага пекла беларускага пісьменьніка. На шчасьце, таленавіты юнак надта рана, яшчэ на парозе свайго сьвядомага жыцьця, пачаў уважліва прыглядацца да складаных соцыяльных абставін, якія атачалі яго; ён хутка сваім яшчэ юнацкім розумам пачаў цяміць, што пекла яго ўласнага жыцьця — гэта толькі маленькі куточак другога вялізнага, сапраўды дантаўскага пекла, якім была ўся Расія дарэволюцыйных часоў. Але юнак-поэта далёкі быў ад рэзыньяцыі дантаўскага надпісу; на фронтоне струхнелага будынку царскай Расіі бачыліся яму ня гэтыя поўныя роспачы словы: „пакінь надзеі ўсякі, хто ўваходзіць сюды“, — перад духоўным зрокам поэты на гэтым фронтоне вырысоўваліся грозныя: „мена, факел, фарэс“; пісьменьнік пачаў рана ўсьведамляць, што соцыяльны лад, пабудаваны на няроўнасьці і эксплёатацыі, варты толькі таго, каб дашчэнту зьнішчыць яго. Справу зьнішчэньня гэтага ладу Цішка Гартны яшчэ з 1905 г. робіць справаю свайго жыцьця. З гэтага часу ён уваходзіць у склад соцыял-дэмократычнай організацыі; у сакавіку месяцы 1905 г. прымае ён удзел у вялізнай дэмонстрацыі, якая была наладжана ў Капылі з поваду ўгодкаў забойства Аляксандара II; у кастрычніку месяцы таго ж году Цішка Гартны прымае актыўны ўдзел у агульнай забастоўцы. Увесну 1906 г. Гартны, безмаль дзевятнаццацігадовы юнак, уваходзіць у камітэт Капыльскай організацыі соцыял-демократыі і з гэтага часу прымае ўдзел у рэволюцыйным рабочым руху; у 1913 г. ён робіцца членам міжраённага аб‘яднаньня с.-д. у Пецярбурзе. Вышаўшы на інтэрнацыянальны шлях барацьбы рабочай клясы за сваё вызваленьне, Гартны адначасова не пакідае і межаў нацыянальных, — яму дорага было вызваленьне яго шматпакутнай бацькаўшчыны — Беларусі. Апроч удзелу ў агульным рабочым руху, ён з 1908 прымае ўдзел і ў беларускім адраджэнцкім руху, становячыся з гэтага часу сталым супрацоўнікам „Нашай Нівы“. Калі ў 1917 г. пад націскам працоўных разбурылася самаўладзтва, Цішка Гартны увесь захапляецца рэволюцыйна-грамадзкай дзейнасьцю, працуючы, як член комуністычнай партыі, на адказных мясцох фронту грамадзянскай вайны… Адгрымелі гарматы гэтай вайны, жыцьцё савецкай дзяржавы пачало ўваходзіць у паласу спакойнага будаўніцтва, — на руінах старога трэба было будаваць новы гмах соцыялістычнай гаспадаркі і культуры, і ў гэты момант Цішка Гартны знаходзіцца ў першых шэрагах будаўнікоў, яму даручаюцца самыя адказныя пасады: у 1919 г. ён робіцца першым старшынёю Савету народных камісараў Беларусі, потым ідзе кіраўніцтва Беларускім дзяржаўным выдавецтвам, адказная праца ў Наркамасьветы і г. д.
Такім чынам, на ўсім жыцьцёвым шляху пісьменьніка каляровай істужкай разгортаецца праца рэволюцыянэра і будаўніка: грамадзкае ў яго дзейнасьці пераважае асабовае, індывідуальнае.
Узятае ўцалку ўсё жыцьцё Цішкі Гартнага запоўнена адным зьместам. На сваіх плячох яму прышлося вынесьці ўсю цяжкасьць патройнай барацьбы: барацьбы за фізычнае існаваньне, за свой мастацкі талент і за вызваленьне рабочай клясы і працоўных Беларусі. У вогнішчы гэтай барацьбы сапраўды загартавалася асоба пісьменьніка, загартавалася яго воля, выпрацавалася магутная актыўнасьць, выхавалася жалезная мэтаімкнёнасьць да перамогі. Беларускі пісьменьнік у сваім жыцьці сапраўды прадстае перад намі, як Гартны: гэты літаратурны псэўдонім дае нам як-бы згустак яго носьбіта.
Вытокі творчасьці Цішкі Гартнага пачынаюцца яшчэ ў данашаніўскі дарэволюцыйны пэрыод беларускай літаратуры.
У 1913 годзе ў Пецярбурзе вышаў першы зборнік яго лірычных твораў пад назваю „Песьні“, дзе Цішка Гартны выступае пераважна як пясьняр асобавых індывідуальных перажываньняў: тры чвэрці зборніка займаюць „Песьні каханьня“ і потым „Жальбы і жаданьні“; разьдзел „Песьні працы“ таксама грунтуецца на асабовай аўтобіографічнай падставе („Песьні гарбара“, „Гарбар на вандроўцы“ і інш.). Шчыры лірызм, які бруіць непасрэдна з самага сэрца, становіць сабою дадатны бок гэтых першых песень Цішкі Гартнага, але ідэёвы бок іх вызначаецца вузкасьцю: вычэрпваецца двума мотывамі — мотывамі працы і свабоды, прычым свабода бярэцца як нейкае абстрактнае паняцьце:
Я убачыў яе аддалёк |
Калі свабода стала фактам, калі адбылася рэволюцыя, то яна акрыліла музу песьняра; зьявіліся новыя крыніцы яго творчасьці; з гэтых жыватворчых крыніц вынікаюць „Песьні працы і змаганьня“ (Бэрлін, 1922 г.).
Тут дыяпазон творчасьці поэты робіцца значна шырэйшым. „Песьні працы і змаганьня“ грунтуюцца ня толькі на аўтобіографічнай аснове: апроч працы гарбара, якая была знаёма Гартнаму па асабістай спробе, тут абмаляваны і другія працоўныя процэсы („Каваль“, „Ткачыха“, „Песьня жняі“, „Касьба“ ды інш.); кола назіраньняў поэты значна павялічваецца.
Узятыя ў цэлым песьні першага разьдзелу — гэта натхнёны гімн працы: у іх адбіта псыхолёгія працоўнага чалавека, абмалявана трагедыя беспрацоўя, якое нясе з сабою ня толькі матэрыяльныя, але, галоўнае, моральныя пакуты.
Лепшымі ў зборніку зьяўляюцца яго „Песьні змаганьня“; яны прысьвечаны сучаснасьці, у іх выявілася захапленьне песьняра рэволюцыяй; яго радасьць перамогі ў цяперашнім і пэўнасьць у будычыні; бадзёры ўздым барацьбіта і жыцьцярады оптымізм рэволюцыянэра афарбавалі сабой „Песьні змаганьня“, — Цішка Гартны выступае тут як пясьняр Кастрычніка.
Далейшы і пры гэтым найбольш значны крок наперад у разьвіцьці мастацкай лірыкі поэты становіць сабою яго трэці зборнік „Урачыстасьць“ (Менск, 1925 г.).
У Цішкі Гартнага заўсёды зьяўляюцца характарнымі самыя назвы яго зборнікаў; яны трапна адзначаюць галоўны тэматычны кірунак таго ці іншага зборніка, падкрэсьліваючы яго асноўныя рысы і асаблівасьці.
„Песьні“ — гэта проста песьні бяз пэўнай тэматычнай устаноўкі ў цэлым. „Песьні працы і змаганьня“ — тут ужо самая назва выяўляе два тэматычныя колы, якія ахопліваюць сабой зьмест данага зборніка. Назва трэцяга зборніка таксама вельмі адпавядае яго агульнаму характару. Тут сапраўды выяўлена „ўрачыстасьць“ успрыманьне жыцьця, як чагосьці сьвяточна-пекнага, прыгожага ды адначасна ўзвышанага.
У зборніку дзьве часткі, органічна адна з аднай зьлітыя: „Урачыстасьць рэволюцыі“ і „Урачыстасьць жыцьця“. У першым разьдзеле знайшоў сабе вышэйшы выраз рэволюцыйны патос аўтара. Гэты патос яшчэ больш уздымаецца ў параўнаньні з папярэднім зборнікам, дасягаючы тут свайго кульмінацыйнага пункту, даходзячы часам да нейкага экстазу ў захапленьні сучаснасьцю. Пекнай зьяўляецца рэволюцыя ў сваім развоі:
Яна ідзе: |
("Яна ідзе").
Руйнуецца стары сьвет, але ў гэтым руйнаваньні ёсьць свая прыгожасьць, як ёсьць яна ў бурнай навальніцы. Атмосфэра катаклізму, зрухаў — родная стыхія поэты; гэтую стыхію ён называе сваёй, кажучы аб ёй:
Ў буры, ў навальніцы, |
Бадзёра ды ўпэўнена глядзіць поэта на будучыню: нішто ня можа спыніць стыхійнага руху рэволюцыі, ніхто ня можа кола гісторыі павярнуць назад. Самыя цяжкія нягоды, як, напрыклад, падзел роднае краіны, — гэта толькі часовая зьява, толькі часовыя плямы на агульным сьветлапераможным шляху рэволюцыі:
Ня скрыць сузор‘яў цені ночы, |
Вечнае для поэты ў тым, што „ўперадзе сьвецяць — агні“, насустрач гэтым агнём імкнецца муза песьняра.
Такі даецца ў Цішкі Гартнага сынтэтычны малюнак рэволюцыі ў яе пераможным і нясупынным развоі — малюнак, абагрэты настроем бадзёрага ўздыму з боку аўтара. Але часам гэты агульны сынтэтычны малюнак разьбіваецца на часткі, поэта малюе дробныя праявы сучаснасьці, выхапляе з яе паасобныя кавалкі жыцьця, з якіх складаецца каляровае цэлае нашых дзён. Поэта, напрыклад, вітае зьезд саветаў, малюе сельскі мітынг, замілавана спыняецца на вобразе рабфакаўца, які грызе „граніт навукі“, упарта і рашуча змагаючыся з рознымі перашкодамі на шляху вучобы.
Тэматыка разьдзелу „Урачыстасьць рэволюцыі“, такім чынам, становіць сабою часткова далейшае пашырэньне і паглыбленьне мотываў, якія ўжо намячаліся ў песьнях змаганьня. І там поэта апяваў стыхійны ўздым рэволюцыі, яе нясупыннасьць, яе пераможны развой, і там маляваў дробныя мініятуры, выхапленыя з сучаснай рачаіснасьці. Але дыяпазон творчасьці ў зборніку „Урачыстасьць“ значна шырэйшы. Пясьняр выходзіць тут за межы Беларусі і Савецкага Саюзу. Ён часткова занатоўвае свае ўражаньні ад падарожы ў Нямеччыну. Поглядам поэты-пролетара акідае ён сучасны Бэрлін; пад Мішурнай абалонкай, поўнай надворнага бляску, бачыць ён тут хваравітае нутро, якое разьядаюць унутраныя соцыяльна-клясавыя супярэчнасьці.
Але вартасьць зборніка ня толькі ў гэтым топографічным пашырэньні творчасьці поэты; галоўная асаблівасьць „Урачыстасьці“ ў тым, што тут больш сакавітай і яскравай зьяўляецца эмоцыянальная афарбоўка рэволюцыйных тэм; тут выяўляецца сапраўдная пролетарская эстэтыка песьняра, эстэтыка рэалістычная, далёкая ад якой-небудзь містыкі, ад якога-небудзь імкненьня ў невядомыя далі. У сучаснасьці, у пераможным разьвіцьці рэволюцыі поэта знаходзіць свой вышэйшы ідэал хараства. Але сучаснасьць — гэта толькі асноўны адыходны пункт эстэтыкі Цішкі Гартнага. Рэволюцыя, праходзячы праз сьвядомасьць поэты, адкідае далёка ад сябе праменьні хараства на ўсё існуючае; і увесь космос, уся прырода перад зрокам поэты-барацьбіта стаіць у сваім сьвяточным убраньні. Так органічна нараджаецца другі цыкль зборніка „Урачыстасьць жыцьця“, які знаходзіцца ў цеснай сувязі з першым цыклем „Урачыстасьць рэволюцыі“. Поэта моцна адчувае хараство прыроды, яго вабяць да сябе чары ночы, чары вясны; ён імкнецца нібы растаць у бяздоньні прыроды, зьліцца з ёй, — адсюль прызнаньне:
Ў маёй душы — любові мора |
Але Цішка Гартны далёкі ад ідылічнага назіраньня прыроды; яна сваім адвечным рухам абуджае сугучныя настроі ў душы поэты: дзівы і чары прыроды клічуць яго не да супакою і цішы, — наадварот, яны:
Трывожаць душу, родзяць зовы |
Такім чынам, прырода абуджае ў песьняра імкненьне да напружанага жыцьця, такога-ж поўнагучнага і шырокага, як поўнагучны і шырокі рытм космосу. У сфэры грамадзкай — мы бачылі — у поэты абуджаецца прагнасьць барацьбы, у сфэры асабовай этыкі ў яго ўзьнікае імкненьне да жыцьця, багатага зьместам. Зарука гэтага багацьця — імкненьне ва ўсё новыя і новыя далі; поэта ня любіць спыненьня, само слова „годзе“, — для яго нешта сібернае, бо там, дзе пануе гэта „годзе“, там холад застою, духоўнага акасьцяненьня, там холад магілы; поэта, наадварот, прагне
…быць там, дзе дрыжыць калыханьне жыцьця, |
У другім месцы ён кажа:
Душой шчасьлівы, палкі сэрцам, |
Гэтае кіпучае жыцьцё мысьліцца, як жыцьцё сугучнае з прыродай; у поэты зьяўляецца жаданьне „белым матылёчкам, лёгкім ды вяртлявым“ аблятаць зялёныя прасторы, калыхацца за адно з ветрыкам нячутным, крылатай птушкай насіцца „у моры праменнага сонца“ і г. д. У Цішкі Гартнага, такім чынам, мы знаходзім некаторы выраз косьмізму, гэтай асобнай настраёвасьці зьліцьця з сусьветам, якая была ўласьціва шмат якім пролетарскім поэтам сучаснасьці і выклікала адмоўную ацэнку з боку некаторых крытыкаў (Варонскі, Дубоўскі, Троцкі і інш.), але косьмізм Цішкі Гартнага далёкі ад містычнага парыву да бязьмежнага, ён пазбаўлены элемэнтаў надзвычайнага гіпэрболізму, штучнага патосу („візгізму“, паводле гіронічнай тэрмінолёгіі Дубоўскага) і ўцёкаў ад жыцьця; гэты косьмізм носіць у беларускага песьняра больш натуральны характар і вытрыманы больш у рэалістычных, чым фантастычных, тонах. Косьмізм Цішкі Гартнага — гэта свайго роду мастацкае сьветаадчуваньне, якое ўзьнікае на глебе рэальнага адухаўленьня прыроды і зьліцьця з ёй чалавечай асобы. Такое сьветаадчуваньне поэты ў сваю чаргу становіць сабой вынік яго эстэтыкі і этыкі. Эстэтыка песьняра адзначаецца, як мы бачылі, захапленьнем яго пекнасьцю рэволюцыі і пекнасьцю сусьвету; этыка поэты выяўляецца ў яго імкненьні да напружанага i шырокага жыцьця — жыцьця інтэнсыўнага і экстэнсыўнага, кажучы словамі Гюйё. Такім чынам, радасьць быцьця — вось той цэнтральны пункт, дзе сходзяцца паасобныя ніткі эстэтычнай і этычнай настраёвасьці Цішкі Гартнага. Як натуральны вынік гэтай радасьці быцьця, якая насычае сабой усю духоўную істоту песьняра, зьяўляецца косьмізм поэты: віно хмельнай радасьці выплёскваецца з свайго келіха, поэта адчувае сябе часткай цэлага.
Але ня толькі ў разрэзе эстэтычным і этычным выяўляецца ў зборніку „Урачыстасьць“ поэтычнае сьветаадчуваньне Цішкі Гартнага: яно выяўляецца тут і ў разрэзе онтолёгічным, агульнафілёзофскім.
У поэзіі Цішкі Гартнага мы знаходзім некаторыя адзнакі дыялектычнага погляду на сьветабудову. Для песьняра нічога няма застылага, акамянелага; для яго прырода і жыцьцё — ня статыка, а бязупынны рух, бязупынная дынаміка. Усё, уключаючы і псыхічныя зьявы, для поэты толькі
Нязжытое праяўленьне |
Так, падстава космосу для Цішкі Гартнага — творчая сіла ў вечным лёце: усё цячэ, усё зьмяняецца; жыцьцё — гэта процэс, і прытом процэс, які разьвіваецца з супярэчнасьцю. Выходзячы з такіх поглядаў на жыцьцё, як дыялектычны процэс, поэта трапна асьвятляе некаторыя вобразы прыроды. Напр., колькі поэтаў апявалі восень, як сумную пару году! Накідваць на восень змрочны флёр жалобы зрабілася свайго роду трафарэтам у поэзіі. У беларускай творчасьці, напрыклад, Алесь Гарун рысуе восень заўсёды ў змрочных фарбах, гаворачы аб ёй:
Восень халодная, чорная, хмурая |
Янка Купала зьвяртаецца да восені з такім трагічным зваротам:
Восень панурая, восень маўклівая |
У расійскай поэзіі нават Пушкін, для якога, як вядома восень была ўлюбёнай парой году, які называў яе „очей очарованьем“, сьпяшаецца дадаць і другі сумна-контрастны эпітэт: „унылая пора“.
Для большасьці поэтаў восень — гэта нібы спыненьне жыцьця. Для Цішкі Гартнага, які бачыць у прыродзе бязупынны рух, бязупынны процэс разьвіцьця з супярэчнасьцяй, восень — толькі адна з доўгага ланцуга супярэчнасьцяй; поэта піша:
Мне кажуць: восень — заміраньне, |
І ў цэлым шэрагу папярэдніх вобразаў зялёнай руні палёў, „хмар мяккіх“, „шоўку шамкага“, „пухкіх лісьцяў“ і г. д. пясьняр выяўляе гэты жыватворчы промень.
Але, бачачы ў жыцьці прыроды такі бязупынны процэс, Цішка Гартны бачыць у ім цесную органічную сувязь паасобных частак ды зьяў. У гэтай галіне, як і заўсёды, поэтычныя вобразы становяць сабой вынік пэўнай сыстэмы сьветаадчуваньня песьняра, якое абумоўлена яго соцыяльнай прыродай. Поэта-індывідуалісты заўжды бачыць і ў вакольнай прыродзе пераважна адмяжованасьць, спыняецца на абмалёўцы ізоляваных зьяў і прадметаў. Такі поэта з замілаваньнем малюе адзінокі месячык на небе, адзінокія зоркі, адзінокія хмары — вобразы, якія таксама зрабіліся шаблёнам у поэзіі. У зусім іншым аспекце прадстаўляецца прырода вачом поэты колектывістага: ён пераважна ў надворным сьвеце будзе бачыць злучнасьць і зьлітасьць рэчаў. Напрыклад, ва ўспрыманьні пролетарскага поэты Самабытніка, зоркі — гэта колектыў неба, які змагаецца з цемрай („Моим собратьям“). Кірылаў апявае „Голубых созвездий созвон“. У поэзіі Казіна ўвесь космос прадстаўляецца, як „синекаменный завод“, дзе сонца, хмаркі, маланка і ўсё іншае працуюць, як людзі. Цішка Гартны таксама назірае ўзаемную злучнасьць і зьлітасьць рэчаў. Ён далёкі ад таго, каб апяваць адзінокі месячык і адзінокія зоркі, у яго, наадварот:
Цеснай роднай сям‘ёй |
У другім месцы сонца выступае ў Цішкі Гартнага як барацьбіт, які змагаецца з цемрай („Каля бору сонца ходзіць“), і мастацкая ўвага яго, далей, спыняецца на сузор‘ях, якіх ня „скрыць цемні ночы“ ды інш.
Так, зборнік „Урачыстасьць“ становіць сабою яскравы выраз бадзёрага сьветаадчуваньня песьняра, які бачыць усюды рух, дынаміку барацьбы і адначасна ўзаемную сувязь рэчаў. Прасякнуты такімі бадзёрымі настроямі, Цішка Гартны адгукаецца на ўсё пекнае і прыгожае: і рэволюцыя, і прырода, і ўсё жыцьцё ў цэлым стаіць тут у сваім сьвяточным убраньні; нават народная фантастыка не абмінута поэтай; у яго выступаюць цені —
Доўгакосых |
На зьмену ім вынікае іншая, больш пекная зьява:
Шнуруюць скокам ёмкім |
Рачаіснасьць і фантастыка, праўда жыцьця і мара, такім чынам, стаяць тут у Цішкі Гартнага ў адзіным абагульняючым сынтэзе.
Ня толькі тэматыка лірыкі Цішкі Гартнага значна пашыраецца зборнікам „Урачыстасьць“: тут заўважваюцца пэўныя дасягненьні і ў галіне формальна-мастацкай, галоўным чынам, у галіне эўфоніі і рытмікі. Цішка Гартны зьяўляецца тут зусім у новай постаці музычнага песьняра, які трапным злучэньнем асонансаў і алітэрацый можа ўтвараць сапраўдныя гукавыя мэлёдыі. Напрыклад, яго „Сымфонія“ становіць сабою сапраўды музычны твор:
Мята, рожа, півонь, |
Тут і рытм, і самы падбор гукаў, і злучэньне рыфм, — усё робіць музычнае ўражаньне.
Цішка Гартны шукае новых для сябе рытмаў, у якіх можна было-б адбіць наш хуткабежны час. І сапраўды, некаторыя яго вершы адбіваюць рытм працы і рытм барацьбы. Яго верш „Праца“ перадае грукат і вярчэньне „процьмы кол“, якія —
Нясупынна, |
Трапныя гукавыя вобразы тут сапраўды даюць нам уяўленьне таго, як —
Шасьцярні |
Другі прыклад: у вершы „Яна ідзе“ ў самым рытме мы сапраўды адчуваем цьвёрдыя крокі рэволюцыі, якая ў полымі барацьбы ідзе ўперад.
Форма, такім чынам, у Цішкі Гартнага вельмі часта адпавядае зьместу. Пясьняр руху, дынамікі знаходзіць адпаведныя рытмы, якія адбіваюць гэтую дынаміку; „Урачыстасьць“ становіць сабою мастацкае цэлае.
Але постаць, лірыка — гэта толькі адзін бок мастацкай істоты Цішкі Гартнага; творчасьць яго вызначаецца сваёй жанравай рознастайнасьцю: Гартны — поэта-лірык, драматург і адначасна белетрысты. І можна сказаць, што ў разьвіцьцё беларускай мастацкай прозы пісьменьнік даў асабліва значны скарб як у адносінах колькасных, так і якасных. Гартнаму належаць у данай галіне наступныя творы: зборнік апавяданьняў „Трэскі на хвалях“ (Менск, 1924); першы ў беларускай літаратуры соцыяльна-псыхолёгічны роман „Сокі цаліны“, які вышаў пакуль што ў дзьвюх частках (1-я ч. „Бацькава воля“, Бэрлін, 1921 г. і 2-я ч. „На перагібе“, Менск, 1926); нарэшце, апошні зборнік „Прысады“ (Менск, 1927 г.).
На кожным з гэтых твораў мы спынімся паасобку. Сам аўтар дае нам тлумачэньне назвы свайго першага прозаічнага зборніку „Трэскі на хвалях“. Сэнс вобразу выкрываецца ў перажываньнях героіні апавяданьня „На новым месцы“. Акіліна, як кажа пісьменьнік, „стала цёсачкай, якая плавае на бурных хвалях жыцьця; адны з іх пакорна плывуць па цячэньні, другія змагаюцца“. Адсюль у зборніку дзьве істотныя тэмы: пакуты людзей і іх барацьба.
Гэтыя дзьве галоўныя тэмы Цішка Гартны распрацоўвае ў аспекце соцыяльна-псыхолёгічным; пісьменьнік выкрывае нам трагічныя колізіі ўнутраных перажываньняў, ён выкрывае нам глыбіню людзкіх пакут і адначасна выяўляе прычыны гэтых пакут, якія таяцца ў ненормальных соцыяльных умовах дарэволюцыйнага ладу жыцьця. І вось перад намі ў апавяданьнях зборніка праходзіць даўгі рад пакутнікаў, якія зрабіліся ахвярамі гэтага ладу, поўнага супярэчнасьцяй соцыяльна-экономічнага парадку. Пісьменьнік імкнецца ўзварушыць нас усёй глыбінёй чалавечага гора, ён расчыняе прорву трагічных колізій і сутычак, жыцьцё дарэволюцыйнага часу стаіць перад намі ў змрочных фарбах уціску і пакуты. Пісьменьнік, напрыклад, вядзе нас у бедную сялянскую хату; маленькі хлопчык Янка тут зьяўляецца ўжо працоўнай сілай, служыць у пана, але цяжкія ўмовы службы, панскі зьдзек прыгнятаюць чулую душу хлопчыка; дарэмна шукае ён паратунку ў маці, уцякаючы да хаты; беднасьць прымушае маці вярнуць сына эканому, няшчасны Янка ня вытрымлівае пакуты і канчае жыцьцё самагубствам („Лайдак“). Тут беднасьць, соцыяльныя супярэчнасьці паказаны ў трагічным асьвятленьні: беднасьць руйнуе нормальныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, яна зьнішчае нават інстынкт самазахаваньня, соцыяльныя фактары аказваюцца больш моцнымі, чым біолёгічныя. У такім-жа трагічным асьвятленьні паказана беднасьць і ў апавяданьні „Вялікодная каробка“. У героя гэтага апавяданьня, беднага рамесьніка Антона Ступы, сваё цяжкае гора; ён ня можа справіць вялікоднага стала, ня можа нават і ў сьвята парадаваць сям‘ю; у ваччу яго ўвесь час стаяць галодныя тварыкі дзяцей; добрасумленны чалавек лютай беднасьцю даводзіцца да злачынства: ідзе красьці. Гэтай тэме выпадковага злачынства асабліва пашанцавала ў беларускай літаратуры; раней яна выяўлена была Якубам Коласам у апавяданьні „Малады дубок“, зачэплена Бядулям у творы „Сярод ночы“. Але ў Цішкі Гартнага і ў даным выпадку ёсьць свая ўстаноўка: ён імкнецца пераважна выявіць трагічны бок соцыяльных супярэчнасьцяй, паказаць беднасьць у яе руйнуючым аспэкце. З гэтага трагічнага патосу аўтара вынікае ў яго прыём антытэзы: злачынства паказана на фоне сьвяточнага побыту, і такі фон яшчэ больш адцяняе трагічнасьць становішча героя; псыхіка яго сапраўды — „бяздонная студня, поўная гора і сьлёз“. Напрыклад, вельмі трапна пераданы перажываньні Антося Ступы ў вялікодную ноч: „… Чулася навокал нейкая ўрачыстасьць, але на душы Антося было брыдка: ён ішоў на звон, пакінуўшы ў дому засмучоную жонку і пакрыўджаных дзетак. Уся ўрачыстасьць была для яго ня толькі чужою, а нават і варожаю. Гэта адчуваў Антось з таго моманту, калі выясьнілася, што надышоўшае сьвята прынесла многа дарэмных клопатаў і парушыла наладжаную хаду жыцьця. Чуючы звон і бачачы сьвяточны рух, ён даходзіў да злосьці і праклінаў сваё жыцьцё і грамадзкі лад. Антося дзівіла ўся заблытанасьць i супярэчнасьць яго, якая выглядала перад ім ва ўсёй сваёй прыкрасьці. Вялікае сьвята для адных — другім цяжкая мука і клопаты. Чаму гэта так?“ (стар. 19—20).
У апавяданьні „Распусьніца“ малюецца сямейная трагедыя, але і гэта апошняя, як заўсёды ў Цішкі Гартнага, угрунтавана на пэўнай соцыяльнай аснове. У даным творы перад намі выступае гаротная сям‘я, пакінутая гаспадаром, які зьехаў у Амэрыку: жонка, ня маючы сродкаў да існаваньня, робіцца распусьніцай; у душы дачкі, маленькай Анелі, сьпее пачуцьцё помсты і абурэньня проці бацькі — вінавайцы разбурэньня сям‘і. Пісьменьнік схапляе журбліва-драматычны момант, калі гэтыя пачуцьці дзіцятка моцна выбіваюцца вонкі: Аўдоцьця піша ліст чалавеку, і маленькая Анеля дыктуе ёй словы, поўныя злосьці на бацьку. „Напішы, матулька, кажа яна, што я лічу яго нашым згубіцелем, катам нашым“ (стар. 33). У гэтых простых і ў сваёй прастаце жудасных словах выказваецца ўся глыбіня чалавечага гора, якое забівае натуральна позытыўныя адносіны дзяцей да сваіх бацькоў і пераварачае іх у яскрава нэгатыўныя, калі бацька ў сьвядомасьці дачкі стаіць у постаці ката і згубіцеля.
Вобраз абяздоленай сям‘і зьмяняецца ў Цішкі Гартнага вобразам беспрацоўных, якія бяздомнымі тулягамі бадзяюцца па сьвеце, і ў якіх люты лёс адбірае астатні прамень надзеі.
Так, у абмалёўцы Цішкі Гартнага людзі — нібы тыя трэскі на бурліва-пеністых хвалях жыцьця. Такімі хвалямі, папершае, зьяўляюцца жалезныя законы экономікі: беднасьць, соцыяльныя супярэчнасьці парушаюць нормальны ход жыцьця і зьяўляюцца галоўнымі крыніцамі людзкіх пакут; яны руйнуюць нормальныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, яны даводзяць да злачынства, самагубства і распусты, робяць людзей тулягамі.
Але агульная концэпцыя жыцьця ў беларускага пісьменьніка далёка ад змрочнага фаталізму, у яго мы хутчэй знаходзім здаровы дэтэрмінізм. Пісьменьнік заўсёды паказвае абумоўленасьць чалавечых учынкаў надворнымі соцыяльна-экономічнымі фактарамі, але гэтыя фактары стаяць перад ім не як нейкая таемная „мойра“, а рысуюцца яму ў выглядзе надворных умоў, над якімі магчыма перамога. Шлях да гэтай перамогі — шлях барацьбы. Адсюль у творчасьці Цішкі Гартнага органічна вынікае мотыў барацьбы: гэты мотыў ён падае ў розных аспэктах. Пісьменьнік, папершае, малюе нам барацьбу ўнутраную, якая адбываецца ў душы чалавека; ён вельмі трапна выкрывае розныя душэўныя колізіі і сутычкі. Амаль кожнае яго апавяданьне мае даную псыхолёгічную сытуацыю. Напрыклад у памянёным ужо апавяданьні „Вялікодная каробка“ з пачатку да канца праходзіць перад намі ўнутраная трагедыя Антося Ступы, у душы яго сутыкаюцца ў цяжкі конфлікт здаровае сумленьне і бацькаўскі інстынкт, пачуцьцё жалю да дзяцей. Той-жа псыхолёгічны конфлікт становіць сабою і аснову апавяданьня „Штрэйкбрэхер“, дзе амалёвана сутычка паміж бацькаўскім інстынктам і таварыскім абавязкам, працоўнай солідарнасьцю: сьвядомы рамесьнік Анупрэй у часе забастоўкі ня можа выцярпець галадоўлі свае сям‘і і дапушчае зраду сваім таварышом, але пасьля гэтай зрады ён перажывае цяжкія пакуты. „Праз усю ноч Анупрэй ня мог супакоіцца і заснуць як сьлед. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцьвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая друготка — і сон прападаў. Чарадой віліся горкія думкі-сумленьні, і натужана працавалі мазгі над пытаньнем, як-жа назавецца яго паступак“ (стар. 75). „Слова „штрэйкбрэхер“, як малатком стукнула яму па галаве, разьліваючы ўнутры балючую трывогу“ (стар. 78). Малюнак унутранай барацьбы разьвінаецца і ў другіх апавяданьнях пісьменьніка. У апавяданьні „Больш за ўсіх“ паказана барацьба ў душы героя Платона Кічкі паміж рэволюцыйным абавязкам і пачуцьцём любасьці да хворай і канаючай маці. Герой апавяданьня — сьвядомы, загартаваны ў барацьбе рэволюцыянэр; для яго справа рэволюцыі, грамадзкія абавязкі — вышэй асобных адносін. „Дзеля рэволюцыі ён ахвяраваў пачуцьцём каханьня, пакінуўшы без адказу просьбу каханай дзяўчыны не выяжджаць на падпольную працу пры немцах. Дзеля ідэі рэволюцыі ён забываў бацькоў, ня ведаючы, як яны жывуць, як іх становішча пад палякамі“. Але адначасна ў душы Платона Кічкі ў момант хваробы яго маці адбуджаюцца глыбокія пачуцьці спагады і жалю да хворай, і гэтыя пачуцьці сутыкаюцца з усьведамленьнем рэволюцыйных абавязкаў. У апавяданьні „Помста“ маем конфлікт паміж рэволюцыйным героізмам і дробязямі жыцьця. На працягу досыць вялікага твору „Панкел Ліпа“ праведзена драматычная колізія паміж абавязкам чырвонаармейца ды іншымі рухамі душы, якія адхіляюць героя апавяданьня ад гэтага абавязку і ледзь не даводзяць да зрады рэволюцыі. У Панкела, паводле слоў аўтара „душа раздваілася, і паміж дзьвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы-здані і мары-выгляды панесьліся перад ім. Панкел раз-за-раз зрабіўся бязвольным і бязьлюдным стварэньнем“ (стар. 94). Нарэшце, у апавяданьні „На новым месцы“ падана напружаная барацьба жаночага абавязку і пачуцьця каханьня; на фоне гэтай барацьбы разьвязаны дзьве тэмы: тэма жаночай зрады, адультэру і тэма зайздрасьці, цёмнай і бязгрунтоўнай па сваіх вытоках.
У Ц. Гартнага, такім чынам, псыхіка чалавека малюецца зазвычай, як арэна барацьбы паміж сьветлым і цёмным пачаткам; аголеная ад свайго конкрэтнага зьместу, гэта ў канчатковым выніку — барацьба розуму і пачуцьця, сьветлага абавязку і цёмнага інстынкту.
У творах пісьменьніка ёсьць цэлы шэраг пасыўных натур, якія мала здольны да жыцьцёвай барацьбы, якія зьяўляюцца сапраўднымі „трэскамі“ на хвалях; у такіх натур надворныя акалічнасьці, абуджаючы сфэру эмоцый ды інстынктаў, атрымліваюць перамогу; абавязак падпарадкуецца цёмным рухам душы.
Але такім эмоцыянальна-пасыўным натурам Цішка Гартны проціставіць у сваёй творчасьці цэлы шэраг разумова-актыўных пэрсонажаў, якія зьяўляюцца сапраўднымі будаўнікамі.
Адсюль другім аспэктам, у якім выяўлена ў Цішкі Гартнага тэма барацьбы, зьяўляецца аспэкт надворнай соцыяльнай барацьбы; рэволюцыя і зьвязаная з ёй грамадзянская вайна ў нашага пісьменьніка абмаляваны досыць шырока.
Зарысоўкі рэволюцыйных праяў вызначаюцца ў Цішкі Гартнага сваёй многаграннасьцю і рознастайнасьцю. Напрыклад, паказаны ўплыў рэволюцыі на хатні сямейны быт, зачэплена тэма бацькоў і дзяцей: у апавяданьні „Спатканьне“ ў асобе Агаты абрысаваны новы тып жанчыны, у якой ужо выяўляецца сваё асабовае „я“, якая вызваляецца з-пад сямейнага ўціску бацькоў і сваё жыцьцё імкнецца пабудаваць згодна запатрабаваньняў свайго сэрца. З асаблівым замілаваньнем спыняецца пісьменьнік на абмалёўцы героічнага боку рэволюцыі. Так, у апавяданьні „Сымонка-інжынэр“ гэты героізм выступае ў сваім трагічным асьвятленьні: у барацьбе з белапалякамі гіне бацька і разам з ім гіне яго маленькі сынок, таксама захоплены рэволюцыйным настроем. Вобраз таленавітага маленькага хлопчыка Сымонкі трапна выяўляе тыповыя асаблівасьці дзіцячай псыхолёгіі з яе інстынктам насьледваньня дарослым; адначасна паказана, як рэволюцыйныя абставіны барацьбы надаюць гэтаму інстынкту сваю мэтаімкнёнасьць; тут мастацка прасочаны ўплыў рэволюцыі на дзіцячую псыхіку. Сымонка паступова заражаецца настроямі змаганьня. „Запала і ў яго чулую дзіцячую душу гарачае пачуцьцё крыўды і помсты да агульнага ворага. І з гэтага часу ў сваіх гульнях з дзяцьмі Сымонка перамяніў характар і выразнасьць дзеяў, ахрысьціўшы немцаў палякамі, а расійцаў чырвонаармейцамі. Кожны раз ішла бойка ў іх між двума гэтымі станамі. Сымонка заўсёды быў начальнікам чырвонаармейцаў. Ён чуў, як бацька цішком паведваў мацеры аб хуткім прыходзе чырвонаармейцаў у Ступы, і з нецярплівасьцю чакаў. Абы раніца, выходзіў з хаты на вуліцу, узлазіў на шуло і глядзеў на ўсход, ці ня ідуць чырвонаармейцы. Сымонка чакаў, што яны прынясуць яго бацьку работу, а для ўсіх вызваленьне — штосьці вялікае і каштоўнае, бо вельмі ўсімі пажаданае“ (стар. 55). На такім фоне трапна схопленай дзіцячай псыхолёгіі паказаны сумны і велічны кавалак жыцьця. Тое самае героічнае аблічча рэволюцыі выступае перад намі ў апавяданьні „Дойдзем, сынок“, дзе пераданы просты і ў сваёй прастаце жахлівы эпізод грамадзянскай вайны, у часе якой маці-сялянка з сваім 6-гадовым сынам пакідае вёску ды ідзе ў сьвет абы толькі не апынуцца ў руках белапалякаў.
Так Цішка Гартны здолеў у мастацкіх вобразах выявіць героічны патос рэволюцыі, здолеў паказаць гэтую вялікую волю да жыцьця, якая выявілася ў падзеях рэволюцыі. У творах Цішкі Гартнага знайшлі сабе адбідак два бакі рэволюцыі — яе руйнавальная і будоўная стыхіі. Адно з лепшых апавяданьняў зборніка „Трэскі на хвалях“ так і названа — „На руінах“. Мастацка зарысавана тут пісьменьнікам тое разбурэньне, якое пакінула пасьля сябе грамадзянская вайна, паказана сумная спадчына, якую пакінулі пасьля сябе драпежныя польскія паны. Вось, напрыклад, адзін з такіх сумных абразкоў: „На станцыі перад вачыма Несьцера паказаўся цяжкі малюнак. Калісьці, ён помніць, гэта станцыя была шумнай і бойкай. Новы, з чырвонае цэглы, мастацка зложаны будынак станцыі цешыў сваім прыгожым выглядам. Высока падымалася, як вежа, вадакачка. Народу заўсёды так і кішэла. А цяпер… Ох-ха! Як нейкі забыты вартаўнік, стаіць пабітаю, пашарпанаю, з паваленаю страхою тая-ж вадакачка, а ад будынку станцыі — адны разьбітыя падмуры. Для прыпынку прыяжджаючых зьбіты насьпех з дошчак барак. У вагонах месьціцца і білетная, і комэндант, і начальнік станцыі. Зусім выпадкова асталіся няпрыметныя лямпавыя ліхтары, якія маркотна сьвецяць то там, то сям на пустэльным абшары“ (стар. 81). Але, падаючы такія сумныя малюнкі, Цішка Гартны адначасна паказвае, як на руінах расьце загартаванасьць у барацьбе, расьце сьвежая рунь новага. Так, у апавяданьні „На новым месцы“ абмалёвана і будаўнічая стыхія рэволюцыі: тут у асобах мэханіка і кіраўніка саўгасу паданы тыповыя фігуры савецкіх працаўнікоў, якія шчыра адданы сваёй справе, захоплены будаўніцтвам новай гаспадаркі на асновах колектывізацыі. У механіка Ладымера Ложкі ёсьць свой акрэсьлены погляд на жыцьцё. „Цяперашняе жыцьцё, кажа ён, не павінна спыняцца на адным месцы; яно мусіць вярцецца, віраваць, бегчы наперад. Бач, мы творым рэволюцыю, перабудоўваем усё на новы лад, нішчым старое да астатку“ (стар. 229). Але ў Ладымера слова не разыходзіцца са справай, ён далёкі ад красамоўнага фразёрства: сваю кіпучую энергію ён усю дарэшты аддае адбудове саўгасу, культурна-асьветнай справе і г. д.
Побач з такімі дадатнымі тыпамі паказаны і адмоўныя, выяўлены асобы, якія адзінока стаяць здалёк ад вялікага гасьцінцу жыцьця. Такой адзінокай асобай зьяўляецца, напрыклад, жонка Ладымера — Акіліна, сантымэнтальна-нікчэмная мяшчанка, якая думае толькі аб асабістых асалодах, для якой кіпучая будаўнічая чыннасьць зьяўляецца зусім чужой і незразумелай. Такім жа лішнім чалавекам зьяўляецца далей шляхціц у апавяданьні „Бягунец“: ён ухіляецца ад барацьбы, уцякае ад бальшавікоў, аднак люты лёс пасвойму помстуе яму — ён гіне ад рукі белапалякаў. Але асабліва трапна фігура такога лішняга ў нашы часы чалавека зарысавана ў апавяданьні „Трэскі на хвалях“, дзе абмалёвана расслаеньне ў шэрагах інтэлігенцыі, і на фоне гэтага расслаеньня паказана, што сідары Браваркі, ухіляючыся ад сучаснай будаўнічай працы, зьяўляюцца трагічнымі адзіночкамі, якія асуджаны гісторыяй.
Няцяжка, такім чынам, заўважыць, што зборнік „Трэскі на хвалях“ вызначаецца цікавым зьместам; у ім адбіўся цэлы шэраг актуальных тэм: барацьба ўнутраная і барацьба надворная, праменістае сьвятло сучаснасьці і разам некаторыя цёмныя плямы на ёй, — усё гэта ўвабрала ў сябе мастацкая проза пісьменьніка. Але галоўная ўстаноўка аўтара заключаецца ў тым, каб абхапіць жыцьцё працоўнага чалавека ва ўсім багацьці і рознастайнасьці яго соцыяльна-псыхолёгічных праяў. Носьбітамі гэтых праяў зьяўляюцца дзеючыя пэрсонажы пісьменьніка; кожны з іх ёсьць пэўны соцыяльна-псыхолёгічны комплекс. На абмалёўцы такіх комплексаў концэнтруецца галоўная мастацкая ўвага пісьменьніка: адсюль вынікае рэльефнасьць і пукатасьць яго портрэтнага мастацтва. Пэрсонажныя вобразы Цішкі Гартнага, бы жывыя, стаяць перад нашымі вачыма; у іх няма нічога фальшывага і надуманага, яны ўзяты аўтарам непасрэдна з самага жыцьця.
У рознастайнай портрэтнай галярэі, якая разьвінаецца перад намі ў зборніку „Трэскі на хвалях“, асабліва вызначаецца воб раз чалавека-змаганьніка, надзеленага актыўнай воляй, загартаванага ў барацьбе. На абрысоўцы пэрсонажаў-актывістых спыняецца Цішка Гартны з асаблівым замілаваньнем, гэта яго ўлюбёныя вобразы.
Большаю часткаю Гартнаму ўласьціва дыялектычная пабудова вобразаў, яны бяруцца ім у жывым струмені зьмен, напружанага росту, які разьвіваецца з супярэчнасьцяй. Героі беларускага пісьменьніка, як мы бачылі вышэй, або праходзяць праз вогнішча ўнутраных супярэчнасьцяй, або адпіхаюцца ад надворных супярэчнасьцяй соцыяльнага парадку, імкнучыся перамагчы і тое і другое.
Концэнтруючы сваю ўвагу, галоўным чынам, на трапнай композыцыі пэрсонажных вобразаў, Цішка Гартны менш увагі аддае сюжэтнай композыцыі. Сюжэт для яго ня ёсьць нешта самамэтнае, — ён толькі фон, на якім разьвінаецца портрэтная галярэя вобразаў. Адсюль вынікае прастата і нескладанасьць сюжэтаў у апавяданьнях Цішкі Гартнага. Каханьне дзяўчыны проці волі бацькоў, сустрэча двох братоў пасьля доўгай разлукі, вандраваньне з мэтай дастаць працу, уцёкі маці з сынам ад белапалякаў, жаночая зрада, вось найбольш тыповыя сюжэтныя асновы апавяданьняў Гартнага. У яго пераважае эпізодычны тып композыцыі з біографічным стрыжнем. Навакол асобы галоўнага пэрсонажу нанізваецца цэлы шэраг паасобных эпізодаў з яго жыцьця. І звычайна ў выбары гэтых эпізодаў адсутнічае мастацкая тэлеолёгічнасьць; паасобныя часткі ня ўвязваюцца шчыльна з мастацкім цэлым; напрыклад, у апавяданьні „На руінах“ зусім лішнім зьяўляецца даўгое апісаньне начаваньня герояў у карчме; у апавяданьні „На новым месцы“ зусім з боку прыцягнута сцэна зайздрасьці, што Акіліна, якая сама апусьцілася да адультэру, робіць свайму чалавеку: гэта сцэна ня можа быць апраўдана ні псыхолёгічна, ні композыцыйна; у апавяданьні „Шукаючы працы“ мы маем падбор паасобных эпізодаў, якія зьвязаны толькі надворнай рамай вандраваньня, але ня маюць унутранай сувязі. Так у композыцыйнай пабудове вялікіх апавяданьняў у Цішкі Гартнага назіраецца большай часткай мэханічная сувязь паасобных эпізодаў; сувязі органічнай няма. Больш удаюцца пісьменьніку невялічкія апавяданьні, як, напрыклад „Сымонка-інжынэр“, „Дойдзем, сынок“, „Лайдак“ і інш. Яны зазвычай вызначаюцца напружанасьцю дзеяньня і ня маюць залішняй расьцягнутасьці. Некаторыя з гэтых невялічкіх апавяданьняў Цішкі Гартнага пабудаваны па тыпу новелістычнай композыцыі. Такая композыцыя найбольш адпавядае характару творчасьці пісьменьніка; яна становіць сабою органічны выраз тэй драматычнай барацьбы, якая прадстаўляе сабою лейт-мотыў яго творчай концэпцыі; новелістычная пабудова ў Цішкі Гартнага, такім чынам, адзін са сродкаў раскрыцьця яго тэматыкі ў яе спэцыфычнай аснове. Напрыклад, у апавяданьні „Сымонка-інжынэр“ у самым пачатку дана трапная экспозыцыя — характарыстыка Сымонкі, як здольнага хлапчука; завязка дае выбуховы дынамічны мотыў вайны; кульмінацыйны пункт новэлі — удзел Сымонкі ў барацьбе разам з бацькам, разьвязка — трагічная сьмерць Сымонкі, прычым вастрата канцоўкі тут узмацняецца трапнай экспозыцыяй, усе часткі аказваюцца зьвязанымі паміж сабой, нічога лішняга. Прыблізна паводле такога-ж тыпу новэлістычнай композыцыі пабудаваны апавяданьні „Лайдак“, „Спатканьне“ ды інш.
Зазвычай у Цішкі Гартнага дыспозыцыя, г. зн. рэальная пасьлядоўнасьць сюжэтнага руху, супадае з композыцыяй, пасьлядоўнасьцю яго ў мастацкім афармленьні. Таму ў сюжэтнай пабудове апавяданьняў Цішкі Гартнага няма інтрыгуючых і напружваючых увагу чытача момантаў; у яго звычайна эпізоды разьвінаюцца паступова, адзін за адным. Адступленьні ад гэтай звычайнай для пісьменьніка схэмы трапляюцца параўнальна рэдка. Напрыклад, у апавяданьнях „Распусьніца“ і „ Дойдзем, сынок“ чытач адразу ўводзіцца ў сярэдзіну дзеяньня: у першым апавяданьні адразу перад намі разьвінаецца драматычны эпізод укладаньня распусьніцай ліста пакінуўшаму яе чалавеку, у другім творы ў самым пачатку дана журлівая сцэна вандраваньня бяспрытульнай маці з сваім дзіцем. У тым і другім выпадку толькі ў далейшым ходзе апавяданьняў выкрываецца падстава гэтых драматычных момантаў.
Стыль Цішкі Гартнага ў зборніку „Трэскі на хвалях“ мае пераважна сынтэтычны характар. Пісьменьніку ўласьціва большай часткаю пэрыядычная пабудова мовы часам з цэлай сыстэмай даданых сказаў, што пазбаўляе яго стыль рухавасьці і дынамічнасьці. Апроч таго, аўтар вельмі скупа і ашчадна ўжывае маляўнічыя сродкі; яго слоўная эйдолёгія разьвікута ня досыць шырока і ня мае яскрава сакавітых фарбаў.
Асаблівасьці Цішкі Гартнага як бэлетрыстага, вызначаныя ў яго зборніку „Трэскі на хвалях“, пуката выявіліся і ў яго романе „Сокі цаліны“.
Пакуль што роман яшчэ не закончаны, вышла дзьве першыя яго часткі: „Бацькава воля“ і „На перагібе“.
Сюжэт першай часткі вызначаецца прастатою… Рабочы Рыгор Нязвычны прыяжджае ў госьці ў мястэчка Сілцы, дзе жыве яго каханая Зося; бацькі проці гэтага каханьня, яны хочуць выдаць дачку за багатага хлопца Васіля Берага, але Зося кахае ўсё ж такі Рыгора і нават аддаецца яму; пасьля г'тай прыгоды ў Лужкох Рыгор выяжджае на месца свае працы ў Рыгу.
Сюжэт другой часткі больш складаны; тут крыжуюцца дзьве сюжэтныя лініі з двума топографічнымі цэнтрамі: падзеі адбываюцца ў Сілцох і Рызе. У Сілцох адбываюца ўладзіны і вясельле Зосі, арышты мясцовых рэволюцыянэраў. У Рызе разьвінаецца багатае падзеямі романічнага і грамадзкага характару жыцьцё Рыгора Нязвычнага — разьвінаецца на агульным фоне барацьбы рабочай клясы за сваё вызваленьне; канчаецца дзея арыштам Рыгора і яго трэцяй па ліку каханай Наталі.
У першай частцы пераважаюць мотывы жанравыя; тут добра абмалёваны быт местачковага мяшчанства з яго затухлым консэрватызмам, тупой нянавісьцю да бядняцтва і чыста „дамастроеўскім“ сямейным дэспотызмам: над праявамі маладога юнацкага жыцьця тут вісіць „бацькава воля“. Але сямейная драма, як зазвычай у Цішкі Гартнага, пераходзіць у драму соцыяльную, адсюль мотывы жанравыя ў яго цесна пераплятаюцца з мотывамі соцыяльнымі; трапна паказана расслаеньне мястэчка на кулакоў і беднякоў, выяўлена вострая соцыяльная барацьба паміж гэтымі пластамі, мастацка акрэсьлены фігуры мясцовых рэволюцыянэраў, загартаваных у барацьбе, ды інш.
У другой частцы на першы плян высоўваецца соцыяльны зьмест. З душнага, атручанага дэспотызмам провінцыяльнага мястэчка аўтар выводзіць нас на шырокую прастору буйнага прамысловага цэнтру. Тут зарысавана фабрычнае жыцьцё, мастацка паказаны рабочы рух з яго дэмонстрацыямі, забастоўкамі ды іншымі праявамі актыўнай рэволюцыйнай барацьбы. У гэтай насычанасьці багатым рэволюцыйным зьместам раскрываецца сэнс назвы роману: „Сокі цаліны“ — гэта маладыя рэволюцыйныя сілы, якія пачалі актыўную барацьбу з царызмам. Стары рэволюцыянэр Міхась з вялікім здавальненьнем бачыў, „што з кожным часам новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змаганьня за вялікія ідэі вызваленьня працоўных: багатая сокамі цаліна агромнай краіны пусьціла маладыя пасынкі“. („На перагібе“, стар. 84).
У цэнтры роману стаіць Рыгор Нязвычны. Гэта тыповы рабочы барацьбіт; ён максымалісты па сваіх пераконаньнях і ўчынках; на сходзе ён, наўпрэкі памяркоўнаму настрою іншых рабочых, стаіць за ўзброенае паўстаньне, выступае з гарачымі, палкімі прамовамі: першы сьпевам марсэльезы ўцягвае рабочых у дэмонстрацыю, у часе гэтай дэмонстрацыі кідае ў паліцэйскіх каменьні і г. д. Але адначасна Рыгор не парваў яшчэ сувязі з вёскай, у яго прабіваецца і некаторая цяга да вясковага побыту, замілаваньне да вясковай прыроды. Вось, напрыклад, як малюецца адзін з момантаў яго перажываньняў: „Нейкая магутная сіла цягі к далёкім вобразам затуліла шэрай плеўкай шырокую галу яго небасхілу. Бліснулі павабныя думкі — хаценьне выйсьці з пакою і накіравацца не ў завод, ня ў дым, дзе смурод, а на вакзал, дзе стаіць нарыхтаваны да адпраўкі ў Ліцк цягнік. Лясы і поле, паплавы з зялёнаю атаваю, жанцы з іх песьнямі, матляньнем жытніх каласоў, белы лунь над капусьнікамі, а пасьля нечаканае і таму глыбока натхнёнае спатканьне з мацераю, таварышамі… з Зосяю“. („На перагібе“, стар. 186—187).
У Рызе Рыгор Нязвычны жыве дваістым жыцьцём: грамадзкім і асабовым. „Рыгор — кажа аўтар пра гэта — марыў перш усяго аб шчасьці агульна-людзкім, як чалавек ідэі, як шчыры пасьлядовец рэволюцыі. Але тым самым ён ня цураўся лепшага жыцьця для сябе самога. Праўда, яно бачылася яму ў асаблівай форме, асаблівым зьмесьце“. („На перагібе“, стар. 204). Так, Рыгор Нязвычны — барацьбіт-рэволюцыянэр; як такі, ён шукае новых соцыяльных форм і адначасна, відаць, шукае новых форм асабовай моралі; ён адкідае мяшчанства і, шукаючы асаблівай формы і асаблівага зьместу свайго індывідуальнага існаваньня, жыве напружаным эмоцыянальным жыцьцём; на працягу двух месяцаў ён перажывае тры романы.
Вобраз Рыгора Нязвычнага, такім чынам, двоіцца: ён — прадстаўнік рабочай клясы, сьвядомы ўдзельнік вызваленчага руху, сьвядомы змаганьнік; у даных адносінах перад намі пэўны грамадзкі тып. Але, з другога боку, Рыгор Нязвычны стаіць перад намі ў постаці нейкага пераможніка над жаночымі сэрцамі.
У канчатковым выніку вобраз Рыгора ня мае суцэльнасьці: грамадзкі ды індывідуальны бок яго істоты цяжка пагадзіць паміж сабою. Да гэтага трэба дадаць яшчэ, што, спыняючыся падрабязна на абмалёўцы асабовага жыцьця свайго героя, аўтар часам дае нам эротычныя зарысоўкі, ён любіць маляваць праявы інстынкту ў яго аголеным выглядзе (сцэна ў Лужкох, спатканьне з Ганнай ды інш.).
Композыцыя роману вызначаецца расьцягнутасьцю. Агульная пабудова яго эпізодычна-„ступенчатая“, з асобай галоўнага героя ў цэнтры, вакол якога і групуецца большасьць эпізодаў. Пісьменьнік мала клапоціцца аб тэлеолёгічным адборы гэтых эпізодаў; наадварот, ён імкнецца з нейкай эпічнай паўнатой абрысаваць усе драбніцы жыцьця, спыняючыся нават на падрабязнай абмалёўцы звычайных фізыолёгічных процэсаў, як сон, яда ды інш. Вельмі часта малюнкі ў романе разьвінаюцца на падставе асоцыяцыі сумежнасьці. Апісаўшы, напрыклад, прыезд Рыгора на станцыю, аўтар спыняецца на такіх драбніцах, як пакупка білету, уваход у вагон ды інш.; потым, пакінуўшы свайго героя ў Рызе, ён лічыць патрэбным затрымацца на апісаньні звароту Сёмкі да Сілцоў. У выніку — перавага статычных мотываў і брак мотываў дынамічных, выбуховых.
Значны крок наперад становіць сабою апошні зборнік Цішкі Гартнага „Прысады“.
Тэматыка зборніка зьвязана з сучаснасьцю: перад намі сапраўды шырокі гасьцінец нашага бурлівага жыцьця, прычым мы бачым, як абапал гэтага гасьцінца, замест старых прысад, падымаюцца парасткі новага. Перад намі, бы жывыя, праходзяць розныя тыповыя пэрсонажы, выхапленыя з вакольнай сучаснасьці. Вось, напрыклад, скромны працаўнік, начальнік райміліцыі, самаахвярна адданы сваім абавязкам: тут і мары аб новых прысадах, і прыём у канцылярыі, і барацьба з бандытызмам і, урэшце, раненьне пры паездцы ў шляхецкі засьценак („Прысады“). Другі аналёгічны вобраз — партыец адданы будаўнічай справе да забыцьця асабовага („Чапіла душы“). Або, вось, два сябры, дзьве процілеглыя натуры: адзін разумны, асьцярожны, другі эмоцыянальны, палкі і рашучы, — два процілеглыя псыхолёгічныя тыпы, але ў абодвух адна мэта, адзін ідэал — служэньне рэволюцыі („Таварышы“). На зьмену гэтым пэрсонажам выступае скромная фігура вясковага працаўніка, які, ня гледзячы на ўсе перашкоды, дабіваецца свае мэты, правіць млын („Свае блінцы“).
Можна сказаць, што сучаснае савецкае будаўніцтва становіць сабою лейт-мотыў усяго зборніка. Цішка Гартны ўмее ў нашым штодзенным жыцьці бачыць захованы рытм новага будаўнічага жыцьця. Гэты рытм выяўляецца ім ня толькі ў колах савецкіх і партыйных працаўнікоў, але і ў сучаснай вёсцы: распластаваньне вёскі, перараджэньне серадняка, варожыя адносіны якога да савецкай улады зьмяніліся на прыхільныя; новыя зьявы ў жыцьці вёскі, як кальцавая пошта, захапленьне газэтамі, радасныя праводзіны ў армію, усё гэта мастацка адбіта Цішкам Гартным („Праводзіны“).
Побач з дадатнымі праявамі сучаснасьці пісьменьнік малюе і адмоўныя: простытуцыя ў горадзе, дрэннае становішча яўрэйскага рамесьніка, якога вызваляе толькі дапамога сваякоў 3 Амэрыкі („Хільшчык Шлёма Брыкер“), матэрыяльныя недахопы ў жыцьці дзіцячай колёніі; гэткія ды ім падобныя плямы таксама знайшлі сабе адбітак у зборніку.
Так на высокіх хвалях сучаснасьці ўздымаецца муза Цішкі Гартнага.
Некалькі асобна стаяць у зборніку апавяданьні, прысьвечаныя псыхолёгічным тэмам, спэцыяльна выяўленьню псыхолёгіі жаночай душы. У гэтых апавяданьнях пісьменьнік пераходзіць ад абмалёўкі — значнага з грамадзкага погляду, да абрысоўкі — значнага з погляду людзкасьці. Так, у апавяданьні „Ядзя Жучок“ зарысавана цяжкая сутычка жаночага самаахвярнага каханьня і мужчынскай здрады; біолёгічная трагедыя жанчыны, пазбаўленай дзяцей, становіць сабою тэму апавяданьня „Дыягноз“; нарэшце, псыхолёгія маладой адзінокай дзяўчыны, якая закінута лёсам у вясковую глуш, выяўлена ў творы „Таварыш інспэктар“.
Але і ў даных, пераважна псыхолёгічных, апавяданьнях Цішка Гартны не адрываецца ад сучаснасьці: цікавыя псыхолёгічныя перажываньні ён рысуе на фоне сучаснага быту. Такая моцная ўвязка з вакольным жыцьцём, бясспрэчна, становіць сабой каштоўны бок зборніка: Цішка Гартны выступае тут як сапраўдны бард сучаснасьці.
Бязумоўную вартасьць надаюць зборніку і значныя дасягненьні ў галіне формальна-мастацкай.
Композыцыя апавяданьняў зьяўляецца тут больш рухавай і дынамічнай; эпізоды хутка зьмяняюцца адзін адным, апавяданьні насычаны дзеяньнем, некаторыя апавяданьні будуюцца нават паводле тыпу кінэматографічнай композыцыі: замест цэльных разьдзелаў — паасобныя маленькія эпізоды, якія вельмі хутка зьмяняюцца адзін другім („Таварыш інспэктар“, „Таварышы“).
Пэрсонажы выяўляюць сябе пераважна ў дзеяньні; зрэдку Цішка Гартны ўжывае спосаб гатовай характарыстыкі. Статычныя элемэнты — пэйзаж, жанр, літаратурны портрэт — зрэдку трапляюцца.
Дынамычнай композыцыі адпавядае і стыль твораў; замест сынтэтычнага стылю пераважна сустракаецца тут аналітычны, прычым характарнай адзнакай яго зьяўляецца дзеяслоўнасьць; вельмі часта ўжываюцца няпоўныя сказы бяз дзейніка. Напрыклад, „Прывык, прынаравіўся, падладзіўся, агойтаўся. Абыходзіцца, глядзіць і нават шануе. Куды-ж пагоніш небажатку“. Або вось другі прыклад. „Плаціць пяць рублёў Муні, а гадоў тры жыў дарэмна. Лічыў, што мае права на гэта, бо заслужыў перад рэволюцыяй“.
Так, адбіваючы дынаміку сучаснасьці, Цішка Гартны ўжывае дынамічныя прыёмы композыцыі і адпаведныя прыёмы стылю.
Цішка Гартны ня толькі поэта і бэлетрысты, — адначасна ён і драматург. Надрукаваны яго драматычныя творы: „Хвалі жыцьця“, драма ў 3 дзеях („Зажынкі“, зборнік, Масква, 1918), „Соцыялістка“, драма ў 5 дзеях („Сцэнічныя творы“, кн. 2-я, Менск, 1914), „На стыку“, п‘еса ў 5 дзеях, і „Дзьве сілы“, драматычная сцэна з жыцьця прамысловага цэнтру („Прысады“, апавяданьні, Менск, 1927).
У драматычных творах Гартнага, таксама як у лірыцы і эпосе, пераважае соцыяльны зьмест. Драма „Хвалі жыцьця“ рысуе распластаваньне вёскі напярэдадні рэволюцыі 1905 г. Яскрава абмалявана тут драпежніцтва і ліхвярства вясковага кулака і опозыцыйныя настроі бядняцтва. Драма „Соцыялістка“ па агульнай сваёй сытуацыі вельмі нагадуе першую частку роману „Сокі цаліны“. І тут дэспотычна бацькавая воля калечыць жыцьцё маладой вясковай дзяўчыны, прымушаючы яе кінуць любага сэрцу бедняка і выйсьці замуж за нялюбага кулацкага сынка. Але і ў п‘есе Гартнага, як і ў яго романе, гэтая сямейная драма пераходзіць у драму соцыяльную. І тут ускрываюцца соцыяльныя спружыны барацьбы двох пластоў насельніцтва перадрэволюцыйнай вёскі — кулацтва і бядняцтва. Нарэшце, дзьве астатнія п‘есы — „На стыку“ і „Дзьве сілы“ — узяты з сучаснага жыцьця; яны рысуюць барацьбу старога і новага ў шэрагах местачковай і заводзкай інтэлігенцыі.
Мы можам цяпер зрабіць некаторыя абагульняючыя вывады адносна творчасьці Цішкі Гартнага.
Псэўдонім добра характарызуе і асноўную асаблівасьць творчасьці пісьменьніка.
Цэнтральным стрыжнем гэтай творчасьці зьяўляецца абрысоўка актыўнага ўзьдзеяньня працоўнага чалавека на вакольную рачаіснасьць. Такое ўзьдзеяньне можа раскрывацца ў форме працы і ў форме барацьбы за соцыяльную перабудову грамадзтва. Адгэтуль органічна вынікаюць у творчасьці Цішкі Гартнага дзьве асноўныя тэмы яго творчасьці: праца і рэволюцыя.
Працу пісьменьнік малюе ў рознастайных аспектах, і гэта рознастайнасьць адпавядае розным ступеням уласнага працоўнага дасьведчаньня пісьменьніка. Хлопчык-падпасак у маленстве, гарбар у юнацтве, рабочы на рубяжы юнацтва і сьпелага ўзросту, адказны партыйны і савецкі працаўнік у апошнія гады, — вось тыя асноўныя завіткі, з якіх складаецца, як мы бачылі вышэй, сьпіральны стрыжань біографіі Гартнага. Усе гэтыя завіткі адбіліся і на творчасьці песьняра.
У маленстве і раньнім юнацтве пісьменьнік па ўмовах свайго пачатковага выхаваньня і пачатковай профэсіі падпаска быў зьвязаны з вясковым бытам і сялянскай клясай. На матчыным улоньні вясковай прыроды выпукляліся першыя парасткі яго мастацкага пачуцьця. Таленавіты хлопчык-пастушок ня раз у сваім маленстве адчуваў поэзію вясковай раніцы, калі на далёкім небасхіле гаснуць апошнія начныя зоркі і на зьмену ім пераможна запальваюцца ружовыя сонечныя праменьні, яны нібы вітаюць перамогу сьвятла над цемрай, радуюцца прыходу новага дня. У такія моманты пастухоўская жалейка маленькага хлопчыка ня раз, відаць, абуджала прасторы соннага Капыля. У такія моманты, можа ня раз, у чулую душу будучага поэты западалі зерняты хараства і эстэтычнага пачуцьця. І гэтыя зерняты далі багатыя ўсходы ў творчасьці Гартнага. Пісьменьнік востра адчувае ўсе водцені розных процэсаў сялянскай працы. Ён, напрыклад, маляўніча рысуе нам, як пад „сярпом крывым“
Жыта хутка гнецца, |
З мілаваньнем спыняецца аўтар таксама і на малюнку касавіцы:
Ня спадлі ‘шчэ раньнія росы, |
Яшчэ больш поэтычны малюнак касавіцы пісьменьнік дае ў сваім романе „Сокі цаліны“. Ён трапна ў мастацкіх зарысоўках перадае тут самы рытм сялянскай працы і яе напружанасьць, узвышаючыся да яскравай плястыкі вобразаў і адначасна глыбока прасякаючы ў поэзію вясковай працы. Вось невялічкі ўрывак з гэтага шырокага разгорнутага малюнка: „… Зьяднаючым гмахам, які выцінаў музыку кляпаньня, захапіліся касцы ў касьбе. Так плывуць рыбакі на доўгім цяжкім чаўне, паднімаючы і апускаючы ў воду вёслы; так сякуцца ў атаках на вайне, размахваючы шаблямі, штыхамі. Касцы былі першым шэрагам салдат, што ідуць у наступ, стыкаюцца з ворагам і пачынаюць секчыся. Толькі мігалі доўгія дугі пад лёзамі блішчастых кос. Толькі сьвісталі сьмяртэльную песьню стромыя замахі, кладучы сьвежую траву ў роўныя пакосы“…
Так маляўніча апісаць процэсы вясковай працы мог толькі мастак, органічна зьліты з працоўным людам, прасякнуўшы ў розныя праявы яго быту: толькі на падставе такога прасякненьня магла зьявіцца тая сымфонія фарбаў і гукаў, якую даюць нам у Гартнага зарысоўкі жніва і касавіцы.
Але малюнкі сялянскай працы зьяўляюцца эпізодычнымі ў творчасьці Цішкі Гартнага. Больш характарны для яго ўгрунтаваныя на асабістай практыцы малюнкі працы дробнага рамесьніка. Пісьменьнік вядзе нас у брудную майстэрню гарбара, паказвае ўсю цяжкасьць бязрадага існаваньня ў ненормальных соцыяльных умовах. Мы бачым, як гэтыя ўмовы высмоктваюць усю жыцьцёвую сілу, пазбаўляюць радасьці ў жыцьці, засушваюць фарбы юнацтва. Мы чуем гэтыя стогны гарбара:
Цэлы дзень я за брудным сталом, |
У гэтых стогнах адчуваецца асабіста перажытае: „Песьні гарбара“ падкупляюць нас, папершае, сваім рэалізмам. Яны даюць нам тыповыя малюнкі з жыцьця дробнага рамесьніка данай спэцыяльнасьці на Беларусі. Схоплены надворныя абставіны майстэрні:
Навакола чатыры сьцяны, |
Адначасна выяўлены і ўнутраныя перажываньні дробнага рамесьніка, паказаны яго сумотныя адчуваньні за бруднай працай, — адчуваньні нявольніка, прыкутага да свайго варштату, які, з прычыны ненормальных соцыяльных умоў, ня можа бачыць хараства жыцьця і хараства прыроды.
Постаць гарбара зьяўляецца цэнтральнай у „Песьнях працы“; у ёй адбіваецца ўласны працоўны быт песьняра, адлюстроўваецца пэўны этап яго жыцьця і назіраньняў. Вось чаму гэта постаць зьяўляецца асабліва яскравай і колёрытнай у шэрагу ўсіх іншых вобразаў, створаных Цішкам Гартным.
Больш схэматычнымі зьяўляюцца ў песьняра вобразы іншых прадстаўнікоў індывідуальнай рамесьніцкай працы. Некалькімі пабежнымі рысамі накідвае ён вобраз каваля, які жвава завіхаецца каля сваёй цяжкай працы: трэба грэць жалеза ў агні, молат важкі трымаць і адначасна „не забыцца, каб мех у свой час паддуваць“. У некалькіх строфах лірычнага вершу тут схоплены тыповыя адзнакі гэтай прымітыўнай саматужніцкай працы, якая ня ведае яшчэ дыферэнцыяцыі паасобных функцый і адбываецца ў жабрацкіх умовах. На момант спыняе сваю ўвагу поэта на постаці грабара, „які ўсё жыцьцё сваё, дзень у дзень, год у год, землю цяжкай лапатай капае, як крот“. Грабар ставіць перад сабой пытаньне, што ён мае за сваю цяжкую працу, што дала яму зямля, абмытая яго потам і сьлязьмі. І на гэта пытаньне даецца сумны адказ:
О, дала яна мне, ой, за працу дала: |
Вобраз грабара зьмяняецца ў Цішкі Гартнага на вобраз ткачыхі, якая „за варштатам дні і ночы, у духаце нязноснай… старанна і ахвоча тчэ-ліцуе кросны“.
У распрацоўцы данай тэмы працы дыяпазон творчасьці Цішкі Гартнага з цягам часу ўсё больш і больш пашыраецца, адпаведна пашырэньню ўласнага кола яго жыцьцёвых назіраньняў і працоўнае практыкі. Калі ў ранейшых сваіх творах пясьняр пераважна абмалёўвае нам індывідуальную працу рамесьніцкага характару, то ў творах пазьнейшых ён усё больш i больш пераходзіць да абмалёўкі працы колектыўнай: у кола мастацкіх зарысовак пісьменьніка замест дробнай майстэрні ўжо ўваходзіць фабрыка і гута. Так, у романе „Сокі цаліны“ замест „сьмяртэльнага“ сьвісту касы, замест аднастайнага шорганьня гарбарскай сабачкі або ткацкага чаўнака чуецца ужо магутны грукат фабрычных рычагоў, сьвіст фабрычных пасаў, бразгат сталі. Вось, напрыклад, як апісвае Гартны момант, калі на заводзе пачынаецца праца — „…Завод рушыў усё вакола зашыпела, закруцілася, заляскала, забранчала. Няпрыкметна рабочыя разышліся па мясцох і прыняліся, хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубілы. Зьнізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Зазьвінелі ўдары малатоў па жалезе“. Вось гэтыя ўдары малатоў, музыка фабрыкі, улада жалеза таксама знайшлі сабе тыповы і рэальны адбітак у творах Цішкі Гартнага.
Апошнім этапам у разьвіцьці данай тэмы працы зьяўляецца ў творчасьці нашага пісьменьніка абмалёўка ім напружанага творчага ўздыму ў галіне сучаснага савецкага будаўніцтва. Сам адказны партыйны і савецкі працаўнік, пісьменьнік здужаў і тут даць нам яскравыя, поўныя жыцьцёвай праўды, малюнкі, якія зьяўляюцца рэхам нашых бурлівых дзён. Цішка Гартны выяўляе асаблівую здольнасьць нават у нашай штодзеннасьці схапіць захованы рытм новага будаўнічага жыцьця. Ён маляўніча паказвае нам, як усюды — у саўгасе, райвыканкоме, сельсавеце, райміліцыі — ідзе сваё напружанае жыцьцё, цагліна за цаглінаю кладзецца ў падмурак новага соцыялістычнага грамадзтва. Уся сучаснасьць рысуецца поэтам, як панаваньне працы, як бязьмежнае будаўніцтва:
То ня вецер у пушчы гудзе, |
Такім чынам, праца выяўляецца песьняром у розных аспэктах: паказана вясковая праца, абмалявана праца рамесьніка, даны абразкі фабрычна-заводзкага жыцьця, адлюстрованы творчы ўздым сучаснасьці.
Але, зарысоўваючы рознастайныя малюнкі працы, пісьменьнік заўсёды дае ім пэўнае ідэёва-эмоцыянальнае асьвятленьне. Папершае, ён выяўляе розную значымасьць працы ў залежнасьці ад соцыяльных умоў. Ва ўмовах соцыяльнага прыгнечаньня праца — цяжкое ліха. Яна ахвяроўвае чалавека на жыцьцё нявольніка, прыкутага да свайго варштату і ў вусны якога поэта ўкладае гэтым вядомы глыбока сумны прыпеў:
Шоргай, сабачка, паволі, |
Наадварот, у нашых умовах соцыяльнага вызваленьня праца набывае сваё сапраўднае значэньне: яна творчы акт, яна крыніца радасьці і задавальненьня, і цяпер у поэты ўжо зьяўляецца і іншы зварот да працы; ён у радасным натхненьні зазначае:
Красуй, ядрань, ўбірайся, праца, |
Так, праца ў жалобнай вопратцы нядолі і праца, апранутая „у аддзеньні сьветлыя вянчаньня“, — вось тыя соцыяльныя полюсы, якія выяўлены поэтам у разрэзе данай тэмы. Адначасна Гартны высьвятляе моральна-псыхолёгічнае і соцыяльна-псыхолёгічнае значэньне працы. Яна — этычная падстава існаваньня кожнага чалавека, зьвязанага з вытворчай клясай. Беспрацоўны гарбар, „гарбар на вандроўцы“, адчувае сябе лішнім у сьвеце, для яго жыцьцё траціць свой сэнс, сваё конкрэтнае напаўненьне; небарака сумна разважае:
І ня тое, што работа |
У гэтых сумных разважаньнях добра схоплена псыхолёгія працоўных мас, для якіх работа — галоўная моральная падстава жыцьця. Калі ў пляне індывідуальнага існаваньня праца дае жыцьцю пэўнае этычнае напаўненьне, дае яму сэнс і мэту, то ў пляне грамадзкім праца адыгрывае ролю зьвязваючага цэманту, які злучае паасобныя індывідуумы ў суцэльны колектыў, прасякнуты адзінствам настрою. Гэта солідарнасьць рабочых на грунце аднолькавага працоўнага быту асабліва трапна паказана пісьменьнікам у яго романе „Сокі цаліны“. Тут малюецца, напрыклад, як герой роману Рыгор Нязвычны „падглядаў у хаосе зыкаў, у пары і дыме, у цяжкай духаце — сілу бунту, віраваньне магутных падзей. Разам з атручаным паветрам улівалася гэта сіла ў нутро рабочых, віравала, разьюшвала кроў, запальвала прагу, узьнімала пачуцьцё“.
Так абмалёўка працы ў Цішкі Гартнага пераходзіць у абмалёўку рэволюцыйнага ўздыму. Рэволюцыя, яе паступовае нарастаньне, зьяўляецца другой стрыжнёвай тэмай пісьменьніка, якая шчыльна злучана з першай. Гэта другая тэма таксама знайшла ў яго рознастайнае выяўленьне.
Беларускі аўтар, папершае, у тыповых вобразах паказвае нам соцыяльныя ўмовы, якія дэтэрмінавалі рэволюцыйны рух; ім мастацка абмаляваны соцыяльныя супярэчнасьці вёскі і гораду мінулых часоў. Цішка Гартны ня ведае монолітнага сялянства; ён яскрава выяўляе распластаваньне вёскі на кулацтва і бядняцтва. Напрыклад, у романе „Сокі цаліны“ фабульнай падставай зьяўляецца абрысоўка „бацькавай волі“, сямейнага дэспотызму, які прымушае Зосю ахвяраваць імкненьнем свайго сэрца; але гэта сямейная драма, як зазвычай, у Цішкі Гартнага разгорнута на пэўным соцыяльным фоне, паказаны соцыяльныя спружыны барацьбы кулацтва і бядняцтва, якія абумовілі сямейнае няшчасьце Зосі, супроць яе жаданьня багатымі бацькамі выданай замуж за кулацкага сына. Аналёгічная ідэёвая схэма барацьбы процілеглых элемэнтаў вёскі пакладзена ў аснову драмы „Хвалі жыцьця“ і „Соцыялістка“.
Вострым аналізам ускрывае Гартны таксама і соцыяльныя супярэчнасьці дарэволюцыйнага гораду, і тут на першы плян высоўваецца ім змаганьне працы і багацьця. Сакавітымі фарбамі рысуе пісьменьнік соцыяльную прорву, якая аддзяляла эксплёататараў ад прыгнечаных. Ён імкнецца зафіксаваць розныя соцыяльныя шрубы, з якіх складалася кола вялізнай машыны гораду. „Працоўная часьць гэтай машыны, — чытаем мы, напрыклад, у романе „Сокі цаліны“, — вярцелася ў віры творчасьці, у напружаным змаганьні за кавалак хлеба. А там, у цэнтры, у багатых кварталах, людзі яшчэ спачывалі пры адчыненых вокнах, у мяккіх пасьцелях, абароненыя другімі ад назойлівых клапот жыцьця. Іх ня будзілі гудкі ды сырэны, ня трывожылі вымаганьні быцьця. Ранак будзіў ваколіцы, пачынаючы з іх працоўны дзень. Горад, як і ўся дзяржава, як усё чалавецтва, дзяліўся па стане людзей на дзьве паловы, рэзкія, адмяжованыя адна ад другой. Між гэтымі паловамі ляжала глыбокая канава-разьдзел. Жыцьцё нясупынна паглыбляла яе, адначасова варушачы абодва станы“.
Абмалёўка соцыяльных супярэчнасьцяй вёскі і гораду зьяўляецца тым фонам, на якім разгортваюцца ў Цішкі Гартнага падзеі рэволюцыйнага руху. Гэтыя падзеі распадаюцца ў яго на некалькі момантаў: сялянскі аграрны рух, рабочы рух у горадзе, грамадзянская барацьба за Кастрычнік, умацаваньне заваёў Кастрычніка — вось тыя паасобныя стрыжнёвыя лініі, па якіх разьвіваецца ў Гартнага тэма рэволюцыйнага змаганьня.
Сялянскі аграрны рух і рабочы рух асабліва шырока паказаны ў романе „Сокі цаліны“. Цішка Гартны, абмалёўваючы жыцьцё мястэчка Сілцоў, выводзіць тут цэлую галярэю мясцовых рэволюцыянэраў, абрысоўвае іх дзейнасьць, якая выяўлялася ў пашырэньні проклямацый, у наладжваньні дэмонстрацый, барацьбе з паліцыяй і г. д. Другім топографічным цэнтрам таго ж роману зьяўляецца горад Рыга, дзе на фоне агульнага гарадзкога жыцьця паказаны рабочы рух: сходкі, наладжаньне дэмонстрацый, агульныя забастоўкі — усё гэта намалявана ў тыповых вобразах, схоплены рытмы, якія прадвяшчалі вялікую лявіну Кастрычніка.
Непасрэднай барацьбе за Кастрычнік прысьвечаны лепшыя старонкі як лірычных, так і эпічных твораў Цішкі Гартнага. Папершае, ім выяўлена героіка рэволюцыі. Гэта героіка — вынік вялікага ўздыму працоўных мас, вялікай напружанасьці іх волі, якая загартавана ў муках жыцьця. У вершы „Работнічая і сялянская рэволюцыя“ трапна акрэсьлены даныя крыніцы героічнага патосу рэволюцыі:
Яна прышла к нам ад станкоў |
Поэт захоплены соцыяльным катаклізмам; грымнуўшы наўкол вялікі гром рэволюцыі спараджае ў яго душы адказныя водгукі, і пясьняр у захапленьні кліча:
Гары-ж, агонь Кастрычніка, гары, |
Пісьменьнік дае нам цэлы шэраг героічных малюнкаў рэволюцыі.
Калі змоўклі гарматы грамадзянскае вайны, калі шырока разгарнулася савецкае будаўніцтва, Цішка Гартны чула выяўляе гэты рытм новых дзён. Рэволюцыя абмалёўваецца ім ужо не ў сьвяточнай вопратцы, а ў штодзеннасьці напружанага змаганьня за соцыялістычны лад. Лейт-мотыў яго апошняга зборніка „Прысады“ — гэта героіка працы над будаўніцтвам новага жыцьця.
Так, апошнім зборнікам як-бы замыкаецца кола творчасьці Цішкі Гартнага. Пясьняр пачаў з мінорных песень гарбара, які апяваў сваю гаротную долю працаўніка ў капіталістычных умовах, канчае ён бадзёрым акордам песень таксама ў гонар працы, але толькі працы ўжо ў новых умовах соцыялістычнага будаўніцтва. Ад песень гарбара да зборніка „Прысады“ пройдзены доўгі шлях, але гэты шлях прадстаўляе сабою разьвіцьцё адзінай творчай лініі, адзінай мэтаімкнёнасьці бяз жадных зыгзагаў і адхіленьняў. Уся творчасьць Цішкі Гартнага ад яе вытокаў да апошніх апавяданьняў, прайшла пад знакам грамадзкага волюнтарызму. Загартаванасьць волі, р'волюцыйная актыўнасьць прадстаўляюць сабою грунтоўны фактар, які ляжыць у аснове ўсёй мастацкай дзейнасьці пісьменьніка, організуе ўсе яе складаныя компонэнты, надае ёй монолітную суцэльнасьць і органічнасьць.
Мы бачылі, як гэтаму фактару падпарадкаваны ўвесь ідэёвы зьмест творчасьці Гартнага. Дзьве асноўныя тэмы яго — праца і барацьба — перакрыжоўваюцца ў адзіным вузьле актыўнага ўзьдзеяньня працоўнага чалавека на навакольны Сьвет. Чалавек, як творца матэрыяльных каштоўнасьцяй у процэсе барацьбы; гэта дзьве постаці ўлюбёных персонажных вобразаў Гартнага, але гэтыя дзьве постаці па сутнасьці становяць сабою раскрыцьцё адзінай соцыяльна-псыхолёгічнай катэгорыі рэволюцыйнага волюнтарызму.
У сваіх песьнях гарбар сьпявае:
Я рабочы, гарбар, |
Ужо тут вызначаецца ў схэматычных рысах цэнтральны вобраз творчасьці Цішкі Гартнага. Гэта вобраз працоўнага чалавека „з жалезнай душой“, з напружанай сілай волі, з моцнай актыўнасьцю. У ранейшым пэрыодзе сваёй творчасьці Гартны рысуе нам пераважна вобраз чалавека, для якога ўвесь сэнс жыцьця ў працы. Дэкарт, як вядома, высунуў формулу cogito, ergo sum (мысьлю, значыць — існую); у першапачатковых пэрсонажаў Цішкі Гартнага гэта формула набывае іншае напаўненьне; „працую, значыць — існую“ — так формулюецца жыцьцёвая філёзофія гартнаўскага рамесьніка, які гаворыць аб сабе:
Я гарбар — працаўнік. |
У далейшых пэрсонажаў гэта формула яшчэ больш пашыраецца і паглыбляецца: „змагаюся, значыць існую“ — у такую формулу ўкладаецца жыцьцёвая мудрасьць тых шматлікіх рэволюцыянэраў, якія доўгай чарадою праходзяць перад намі ў новэлях і асабліва ў романе Гартнага. Аднаго з сваіх пэрсонажаў данай катэгорыі — Платона Гічку ў апавяданьні „Больш за усё“ — пісьменьнік характарызуе ў такіх рысах: „Яму здавалася, што рэволюцыянэр не павінен мець жаднае спагады. Усё, што побач рэволюцыі, то бязумоўна ніжэй яе па значнасьці. Так Платон думаў праз доўгі час свайго сьвядомага жыцьця. Дзеля рэволюцыі ён ахвяраваў пачуцьцём каханьня, пакінуўшы без адказу просьбу каханай дзяўчыны не выяжджаць на падпольную працу пры немцах. Дзеля ідэі рэволюцыі ён забываў бацькоў, як і што яны жывуць, як іх становішча пад палякамі“. Рыгор Нязвычны, Сёмка і іншыя вобразы рэволюцыянэраў у романе „Сокі цаліны“ належаць да тэй-жа катэгорыі людзей „з жалезнай душой“, гэта пераважна валявыя натуры, унутраное жыцьцё якіх найбольш поўна раскрываецца ў напружаным рэволюцыйным дзеяньні. Але пэрсонажы Цішкі Гартнага далёка не зьяўляюцца адцягненымі схэмамі адной душэўнай якасьці; яны — жывыя людзі, якія перажываюць сумненьні, цяжкія колізіі, сутычкі. Яны — людзі ня толькі „з жалезнай душой“, але і „з сэрцам палкім, як жар“. Адсюль вынікае ў Цішкі Гартнага абмалёўка цяжкіх унутраных колізій, праз вогнішча якіх праводзіць ён сваіх герояў; па сваіх вытоках гэта ў большасьці выпадкаў колізіі інстынктыўнага пачуцьця і абавязку.
Эмоцыянальна-валявыя перажываньні, такім чынам, прадстаўляюць сабою аснову пэрсонажных вобразаў пісьменьніка. Творчай домінанне гэтых перажываньняў падпарадкаваны і іншыя компонэнты творчасьці Цішкі Гартнага.
Літаратурны портрэт будуецца ў яго звычайна на прыёме лейт-мотыву, які адпавядае агульнай волюнтарысцкай устаноўцы творчасьці. Апісваючы надворны выгляд сваіх герояў, пісьменьнік надзяляе іх рухавасьцю, сілай, падкрэсьлівае ў іх выраз валявой мэтаімкнёнасьці, вытрыманасці. Вось, напрыклад, як малюецца портрэт Лаўрэна Сявені ў апавяданьні „Таварыш“; „Сярэдняга росту, худашчавы з твару, брыты; рухавы, з пранізаватым узрокам, з яўным выразам рашучасьці“. У портрэце рэволюцыянэра Сёмкі вызначаецца яго самаўпэўненасьць, як вынік валявой вытрыманасьці: „высокі, стройны, з кудрастымі валасамі, сінявокі, белатвары, сьмяшлівы заўсёды, спакойны ў горы і шчасьці“… — вось быў Сёмка, гаворыць аўтар. У портрэце Рыгора Нязвычнага нават такая драбніца, як „узмахі рукі пружыністыя, кароткія“, трапна адпавядае агульнай загартаванасьці героя. Творчая домінанта пісьменьніка, яго эмоцыянальна-валявыя імкненьні, азначаюць сабою і літаратурны пэйзаж Цішкі Гартнага. Даны компонэнт не адыгрывае самастойнай ролі ў творчасьці пісьменьніка. Прырода малюецца ім, папершае, як фон працы; яна ўваходзіць як адзін з складовых элемэнтаў у абразкі касавіцы, жніва і інш. Падругое, прырода бярэцца як антытэза, якая процістаўляецца брыдкім умовам майстэрні. Гэткую антытэзу поэта расчыняе ў сваіх „Песьнях гарбара“:
Там, за вакном, ціха неба сінее, |
Нарэшце, прырода выступае ў Цішкі Гартнага як суб‘ект барацьбы, як носьбітка процілежных элемэнтаў. Поэта ня любіць рысаваць ідылічных малюнкаў прыроды, яму больш падабаюцца грозныя, магутныя зьявы яе. Адсюль нараджаюцца ў яго малюнкі навальніцы, завірухі, у якіх поэта бачыць сваяасаблівы бунт прыроды; ён, напрыклад, зазначае:
Люб мне ветру посьпеў люты — |
Ня любіць поэта мёртвай цішы ў прыродзе; таксама адпіхае яго ад сябе і „мёртвая ціша“ ў жыцьці людзей. Тымчасам гэта ціша атачала яго ў форме спрадвечнага быту дарэволюцыйнай Расіі. Цішка Гартны ня мог абмінуць гэтага быту, на свае мастацкія палотнішчы ён наносіць і шматлікія чыста жанравыя зарысоўкі, але даныя зарысоўкі таксама выяўляюць сваяасаблівую манеру аўтара. Толькі працоўны быт сялянства выклікае да сабе замілаваньне пісьменьніка, у гэтым быце ён выяўляе сваяадменнае хараство, глыбока захаваны эстэтызм працы. Другі об‘ект жанравых зарысовак Гартнага — сямейны быт — выступае ў яго ў зусім іншым асьвятленьні, пераважна як адмоўная зьява. Пісьменьнік выкрывае брыдкія падставы сям‘і местачковага мяшчанства і кулацтва; ён паказвае нам, што гэта сям‘я грунтуецца на деспотызьме, комэрцыйных разьліках, што яна калечыць жыцьцё чалавека. Зося, героіня роману „Сокі цаліны“, абмалёўваецца як няшчасная ахвяра такога спрадвечнага сямейнага быту. Жанравыя зарысоўкі пісьменьніка ў большасьці прасякнуты духам антымяшчанства. З вялікім засмучэньнем, амаль у сатырычных рысах, абмалёўвае, напрыклад, аўтар мяшчанскую багну местачковага жыцьця: „У Сілцох самыя маленькія здарэньні: як вясельле, радзіны, нават асьвячэньне хаты ці другія дробныя папойкі, былі нейкімі асобнымі навінамі, аб якіх стараліся праведаць усе мяшчане, і аб якіх гутаркі знаходзіліся на цэлыя тыдні. У такім ціхім стаячым жыцьці, якое панавала ў Сілцох, і ня дзіва, што кожная муха — заваруха: кожнаму надаваляе аднаковасьць да ачамернасьці, набівае адваротную аскому і нават стамляе душэўна“ (I, 1.09). Нават народныя звычаі, як уладзіны, вясельле, не выклікаюць асаблівага захапленьня з боку аўтара; малюнкі гэтых звычаяў пазбаўлены ў яго фэерычнай романтыкі, і тут на першы плян выступае суровая проза жыцьця. Быт абмалёўваецца Гартным у большасьці выпадкаў як мёртвая косная сіла, ён падаецца як антытэза рэволюцыйнай мэтаімкнёнасьці.
Такім чынам, літаратурны псэўдонім пісьменьніка добра вызначае ня толькі асноўны характар жыцьця аўтара, але і яго творчасьці, якая разьвівалася пераважна пад знакам рэволюцыйнай загартаванасьці; рэволюцыйны волюнтарызм зьяўляецца асноўнай асаблівасьцю псыхоідэолёгіі Гартнага ў яе клясавай аснове. Сапраўды, мудрасьць інтэлігенцыі супадае з мудрасьцю Дэкартаўскай формулы: Cogito, ergo sum, мысьль, разважаньне, ад якога „бляднее румянец волі“, выяўляе сабою сутнасьць інтэлігенцкай псыхікі. Патос творчасьці такіх чыста інтэлігенцкіх пісьменьнікаў, як Анатоль Франс, Ромэн Ролян, гэта патос мысьлі, разважаньня. Філёзофія клясаў зыходзячых апускаецца звычайна да пустога гедонізму казытаньня нэрваў. Сэнс жыцьця яны бачаць толькі ў асалодах, асабліва ў каханьні. Духам гедонізму прасякнута, напрыклад, усё мастацтва, у тым ліку і літаратура сучаснай буржуазіі. Не дарэмна адзін з найноўшых буржуазных романаў азагалоўлены формулай: amo, ergo sum (кахаю, значыць існую). У гэтай формуле ўвесь сэнс мудрасьці клясаў зыходзячых. Мудрасьць клясаў узыходзячых, працоўных клясаў, гэта — мудрасьць валявога напружаньня, — мудрасьць працы і барацьбы, бо толькі ў гэтым заключаюцца шляхі самасьцьвярджэньня ўзыходзячай клясы.
Даную мудрасьць працоўных шырока і поўна адбіў у сваёй творчасьці Цішка Гартны. Для яго im Anfang war Tat, „у пачатку было дзеяньне“, а ня лёгос, мысьль. Дзеяньне зьяўляецца краякутным каменем усёй творчасьці Цішкі Гартнага, ад чаго і сама гэта творчасьць робіцца адной з цаглінак новай соцыяльнасьці, гэта творчасьць выконвае функцыі жыцьця, будаўніцтва, яна заражае нас настроямі барацьбы, загартоўвае нашу волю да канчатковай перамогі.
Проф. М. Піотуховіч.