Шукаючы працы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Шукаючы працы
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1918
Крыніца: http://knihi.com/Ciska_Hartny/Sukajucy_pracy.html


Падыходзіў вечар. Сонца спускалася за лес, і з-пад зялёных куп ялін і хвой выглядала доўгімі, тонкімі космамі праменняў нешырокае гала, перакроенае дарожкаю, якая вілася выкрутасамі праз гала к лесу. З аднаго боку дарожкі ўпярэмежку — то калдобістай, гразкай, то сухой, па калені пяску, — гэта гала было з поплаву ў куп’ю, вытаптанага гавядаю, а з другога — з іржышча, дробнага і нізкага.

Дарожка выходзіла з-за пясчанае горкі і, верцячыся, у другім канцы гала хавалася ў лесе. На гранічцы гэтага лесу, якраз у тым самым месцы, дзе дарожка пахільвала за першыя хвоі, тырчалі два пенчукі, — відаць было, што з нядаўна ссечаных ялін.

— Ну, вось, гэтта мы і спачынем! — прысядаючы на адным пні, сказаў Цімох да таварыша Ігната.

Ігнат спыніўся і старанна адсопваўся, азіраючыся вакол і на сонца.

— Не раджу садзіцца, а то спознімся! Можа, ужо параход прыйшоў… Лепш хадзем на прыстань, а то яшчэ пакуль зойдзем… — не згаджаўся Ігнат.

— А ласне ты не ўтаміўся?

— Што ж зробіш! Утаміўся не ўтаміўся, а трэба ісці… А ты б хацеў неўшманкі ўбраць сорак вярстоў! Не-э, браце! Да гэтага мы яшчэ цэлы дзень нічога не елі, а галоднаму прайдзі па гэтых пясчынках!.. Пэўна ўтомішся… Але нічога не парадзіш — трэба працы шукаць і гэткімі сцежкамі… Бачыш!..

Цімох балюча ўсміхнуўся.

— Затое памяць астанецца на ўсё жыццё… Некалі вось цікава будзе ўспомніць…

— Але ўсё-ткі садзіся ды пасядзім, — тузануўшы Цімоха за крысу, папрасіў Ігнат. — Што некалі будзе — то будучыня, а пакуль мы жывём цяперашнім; не пагоршым становішча — садзіся. Прыстань недалёка; пачуем гудок і дабяжым.

Цімох пярэчыў, але нядоўга — знямога перасільвала і цягнула прысесці пасядзець: балелі ногі, калола ў пяткі, даваў аб сабе знаць голад. Цімох здаўся і прысеў на суседнім пенчуку.

— Ага, такі на маім стала, — пакпіў Ігнат.

— Здаўся, як бачыш. Паняволі здасіся, калі жывот падцягвае, — адказаў Цімох і пры гэтым паспешна азірнуўся ўбок, на лес.

З гушчы лесу даносіўся к хлопцам стук калёс і выразны гоман людзей.

Хлопцы прыслухаліся.

— Ах, глядзі ты, як сённека запазніўся параход! Гэта ж падумаць. Цэлую пору амаль прастаялі на прыстані, — казаў грубы голас.

— А чародны, бадай, толькі заўтра ісціме, — адказваў другі, не менш зычны.

Грукат калёс, блізячыся да хлопцаў, рабіўся гучнейшым ды гучнейшым.

— Ну, цяпер можна будзе ўсё распытаць у падводчыкаў, — сказаў Цімох.

— Як быццам табе лягчэй стане ад гэтага, — папярэчыў Ігнат.

— А ўсё ж ведацьмем, як і што распланаваць наступнае.

— Ды хопіць яшчэ, браток, памардавацца.

— Не навіна. Выберамся. Дастанем тое, чаго шукаем. Ці варта сумаваць! — падбадзёрыў таварыша Цімох.

— А я не вельмі і журбую. Толькі ўсяго, што неяк не па сабе робіцца так доўга бадзяцца. Бачыш, на вуліцы восень, самы сезон у нашых месцах, а мы ўсё шукаем.

Пакуль яны перагаворваліся, фурманкі праехалі залом дарогі і апынуліся перад імі. Фурманак было з дзесятак; маленькія драбінкі, апалукошаныя, былі завалены мяшкамі мукі. Мізэрныя, дробныя конікі, упінаючыся на ўсю сілу, паціху цягнулі па каляіністай, пабітай карэннямі дарозе паклажу. Падводчыкі ішлі па двое, па трое і, матаючы несціхана пугамі, вялі гутаркі на звычайныя буднічныя тэмы. Колькі яе ў іх знаходзіцца! Сорак вярстоў дарогі ад Бражак да Альшанін — кожныя два-тры дні праходзіцца імі з тою ж шэраю спакойліваю гаворкаю. Па пяць, па шэсць разоў пераказваюцца многія з’явішчы і здарэнні і не надаядаюць.

— Дзядзькі, — абярнуўся да падводчыкаў Цімох, — ці далёка адсюль да Бражак?

Некалькі чалавек акінулі яго з ног да галавы падазроным поглядам і з хітраю ўсмешкаю на тварах адказалі ў адзін голас:

— А вам як бы хацелася? Нічога, можаце аддыхаць, к цёмнаму зойдзеце.

— А параход на Кіеў, не ведаеце, скора ісціме? — падаў другое запытанне Ігнат.

Падводчыкі, як згаварыўшыся, пакруцілі галовамі і крыху памаўчалі. Пасля адзін старэнькі з рэдкаю шэраю бародкаю адказаў за ўсіх:

— Вось гэтага, браточкі, дык не можам сказаць… Уверх, на Лоеў, толечкі што адышоў… А ўніз, штосьці казалі, нібы ўночы пойдзе…

— А на прыстані, скажыце, ці можна чаго дастаць з’есці?

Падводчыкі весела зарагаталі.

— Наўрад, сынкі, — адказаў той жа стары. — Тут і прыстань уся з двух-трох хатак. Глуш… Самім прыходзіцца ў Лоеў ездзіць за прыпасамі.

— А вы ж куды, хлопцы, едзеце? — запытаў ад сябе падводчык.

— Ды едзем куды вочы глядзяць. Працы шукаем… Вось пяты тыдзень у дарозе: просім работы, а яе няма, — весела адказаў Цімох.

— Якое ж вы работы шукаеце? — зацікавіліся падводчыкі.

— Якое! Якое хоць! Самі мы — гарбары, а цяпер нам абы-што рабіць.

— Так, цяпер цяжка дастаць службу… Папрабуйце трапіць у Кіеў, — парадзіў стары…

— Мужчы-ы-ны-ы! — пачуўся вокліч з поля, куды ад’ехалі фурманкі. — Чаго-о вы та-ам!

Падводчыкі пакінулі Цімоха з Ігнатам і паспешна пайшлі на голас.

— Кепскія паперы, брат! Аддаляецца ад нас Кіеў. Парахода няма, а мо і ўначы не будзе, а есці — таксама канчаем… Прыйдзецца на куфэрачках плысці ў Кіеў… — жартаваў Ігнат.

— Я, бо, табе казаў, што гэты план найгоршы… Залезлі ў нейкую глуш і бадзяемся, як свет без вума… А ў Кіеве — што ты там знойдзеш?.. Давай, калі ёсць што, перакусім.

— А вось маеш акрайчык хлеба і крыху сала. Спячы, калі хочаш, — дастаючы з торбачкі, сказаў Ігнат.

— Чакай, я перадумаў, — спыніў Цімох, ухапіўшыся за руку таварыша, — я думаю гэтак зрабіць: пойдзем раней на прыстань і выпытаем, як і што з параходам. Не пойдзе сёння — будзем старацца спажывы… А то мы тут разложымся з агнём, а там параход — шусь, і кончана.

— Давай пойдзем! — згадзіўся Ігнат.

Яны падняліся, закінулі за плечы клумкі і выйшлі на дарогу.

На дварэ патрошку цямнела. Між кустоў і дрэў гусціўся змрок. Разам з цемраю спадала на зямлю і асенняя вільгаць. Пахла густым п’яным водарам ападаўшага лісця.

Цімох з Ігнатам, разглядаючы па баках, ішлі да прыстані. Кусок дарогі, які ім асталося прайсці, здаваўся без канца-краю. Стомленасць, змора мітрэнжылі іх рухавасці. Хацелася сесці сярод дарогі, каб адпачыць нарэшце, адкараскацца ад назойлівага, балючага пытання: дзе ж канец іх дарозе? Цэлых пяць тыдняў, як яны сарваліся з месца, апынуўшыся без работы, і калясяць прасторы палёў, пераходзячы з месца на месца ў адшуканні працы. Праелі заробленыя грошы, распрадаліся, многа разоў жабракамі заходзілі ў хаты, каб выпрасіць хлеба… Дакуль жа гэта будзе? Не хапае магі чакаць. Выпетрала ўсякая вера, высахла надзея.

— Нарэшце мяне абурае ўсё гэта… Выходзіць, што мы лішнія на зямлі… — выказаў Ігнат да Цімоха.

— Паганы лад — агню просіць, — адказаў Цімох. — Каб гэта прымеў, дык, ведаеш, знішчыў бы дарэшты…

— Пачакай, брат, некалі ўспомнім і зараз адплацім.

— Успомніш ты. Ці ўтрымаешся на нагах да таго часу, калі…

— А што? Зацягаемся, думаеш? Кінь! Усё ж — маеш рукі! — працягнуўшы ўперад руку з сашчэпленым кулаком, пагразіўся Ігнат.

— Мала хто ўважае твой кулак… А сунь лепш ты яго ў кішэню ды падлічы грошы, ці хопіць на месцы хоць на палубе? — пасмяяўся Цімох.

— Напавер паедзем. У Кіеве заплацім.

Ігнат засунуў руку ў кішэню, пакалупаўся ў ёй, дастаў адтуль некалькі манет.

— Лічы! Авось выраслі ў дарозе.

Ігнат спыніўся, расшчапіў кулак і пералічыў грошы.

— Сем рублёў, крапіся! — гукнуў ён удагон Цімоху.

— Сем? Го-о! Тут не толькі да Кіева, а і да Адэсы хопіць.

— А калі вось прыдаць яшчэ маю жакетку, як ты думаеш, вёрст на трыста хопіць?

Абое рассмяяліся, ажно рэха аддалося ў лясной нетры.

— А ўсё ж дачыльгікалі! Вунь канец лесу.

Яны ўскорылі хаду і хутка выйшлі з лесу. Хоць быў вечар, але стала шмат відней, чымся ў лесе. Хлопцы адначасна абвялі поглядам разлёгшае перад імі гала, якое мо на вярсту цягнулася раўнінай, а далей абрывалася да спуску. Управа, недалеч ад лесу, стаяў маёнтак. Некалькі вялікіх стадолаў, пакрытых новымі гонтамі, абкружалі белы двухпавярховы палац. З бакоў палаца, як вартаўнікі, стаялі разгацістыя, у жоўтым уборы клёны. У вокнах, глядзеўшых на дарогу, кудою ішлі Цімох з Ігнатам, блішчала святло. Чуліся мелодыі вясёлае музыкі, якую справодзілі рэзвыя, жыццярадасныя жаночыя галасы. Маніла спакоем, вясёласцю і бесклапотнасцю.

Хлопцам не хацелася адрываць вачэй ад маёнтка, але, крыху адышоўшыся ад лесу, дарога заламала ўлева і затуліла палоскаю арэхавага маладняку белы палац. А ўперадзе, ганоў за трое-чацвёра, раптам вынік шырокі, звілісты Дняпро. Хлопцы ўпіліся ў яго сваімі поглядамі. Туды, к захаду, дзе яшчэ смутна дагарала пабляднеўшае праменне зайшоўшага сонца, Дняпро блішчэў алавянаю фарбаю, а чым бліжэй, тым алавянасць цямнела, гусцілася і злівалася з афарбоўкаю берагоў. То бліжэй к Дняпровым хвалям, то адышоўшыся ад іх на сажні і гоны, стаялі пажаўцелыя дзярэўцы… У адным месцы яны згушчаліся ў шчыльную грамаду і напіралі на стромкі бераг рэчкі цёмнаю сцяною гайку. Па другі бок Дняпра слаўся нязмераны паглядам абшар лугу. Між рэдкага хмызняку высоўваліся стагі парудзелага сена.

Дняпром ішлі плыты. Да хлопцаў дасягалі галосныя выкрыкі плытнікаў, якія несціхана бегалі то ўзад, то ўперад даўгіх паламаных плытоў. Блішчэлі агеньчыкі і на плытах і на беразе.

Цімох з Ігнатам падходзілі да Дняпра з правага боку. Каля прыстані бераг паступова спускаўся к рацэ. Невялічкая, збітая з дошчак і пафарбованая жоўтаю фарбаю прыстань плавала на вадзе, будучы прычэпленай да жалезных калоў, убітых наводдаль ад берага жалезнымі ланцугамі. Вузкая ўсходня звязвала бераг з прыстанню.

З левага боку ад прыстані, прытуліўшыся да ўзгорка, стаялі тры старэнькія хацінкі. Некалькі падводаў паражняком чагосьці чакалі. Падводчыкі раз у раз паглядалі на прыгнаныя да берага барліны і лайбы.

Хлопцы спусціліся з пакатасці, агледзеліся вакола і, не заходзячы ў будынак прыстані, прыселі на ляжаўшым каля прыстані бервяне.

— Вось і прыйшлі, — сказаў Цімох, — цяпер можна супачыць. Штосьці ціха на прыстані, не спадзявайся на параход.

— А ведаеш, ідзі, браток, запытай у каго-кольвечы, — парадзіў Ігнат.

— Калі ісці, дык давай абодва пойдзем. Чаго ж сядзецьмем тут?

Хлопцы падняліся і пайшлі ў прыстань. У дзвярах багажнага аддзялення стаяў служачы прыстані, пільна разглядаўшы якуюсьці паперку.

— Скажыце, калі ласка, калі ісціме параход на Кіеў? — запытаў служачага Цімох.

— Не ведаю, — коратка і нялюдска адказаў служачы.

— А хто ведае? — кінуў упічна Ігнат.

Служачы крыху памаўчаў, нервова павярцеўшы ў руках паперку, пасля спакайнейшым тонам адказаў:

— Чакаем ноччу… А здарыцца, што заўтра вечарам. Цяпер няма пэўнага распісання. Можаце спакойна спаць…

Хлопцы маўкліва паціснулі плячыма, паківалі галовамі і пайшлі ў пасажырскае аддзяленне.

— На вось, якая добрая хата, — жартаўліва праказаў Ігнат, уваходзячы ў маленькую, абстаўленую двума заслонамі і сталом каморку. Малюпаценькае акенца пускала ў яе шэры змрок.

У каморцы ўжо сядзела чалавек пяць пасажыраў. Кожны з іх быў заняты сваімі думкамі, і ніхто не звярнуў увагі на Цімоха і Ігната.

— Можна асядаць! — пасмяяўся Ігнат. — Вось, пэўна, і гэтыя людзі ў наш бок едуць…

— А вы куды? — паглядзеўшы на Цімоха, запытаў малады здаровы пасажыр.

— На Кіеў! — адказаў Цімох.

— Туды ж і мы… Але, кажуць, не скора будзе ісці параход. Заўтра к вечару. Вы пыталіся?

— Пыталіся. Тое самае і нам сказалі… Будзем чакаць…

— А скуль вы едзеце? — пацікавіўся здаровы хлопец далей.

— Работы шукаем. Больш месяца ўжо ездзім і ходзім, і нічога няма. А вы адкуль едзеце? — запытаў Ігнат.

— А мы якраз з работы. На барлінах працавалі, а цяпер едзем дадому. Вось толечкі з Лоева пехам прыйшлі.

Цімох з Ігнатам прыселі каля размоўніка.

— Што ж, зарабілі трохі грошай? — пацікавіўся Ігнат.

— Эт, зарабілі! Не вялікая мацыя. Праца занадта цяжкая. Але рублёў па трыццаць вязем дамоў. Будзе крыху пададзецца.

Хлопец паглядзеў на свае порткі, у некалькіх месцах лапленыя, усміхнуўся сам сабе і сказаў да Ігната:

— Вось як ходзім — у свята і ў будні. Трэба ж прыкрыць цела. Вось і прыходзіцца згаджацца на ўсякую работу, без разбору… Вы… — хлопец агледзеў Цімоха і Ігната, — вы ўсё-ткі яшчэ маеце ў што адзецца. Каб на мяне, я б і не тужыў аб рабоце. Хадзіць ёсць у чым, а яды можна дастаць.

— Адкуль? — запытаў Ігнат.

— Адкуль? Ды хоць бы тых самых картопель напёк — і хопіць. Чаго там перабіраць многа… Жывуць жа людзі пры рабоце і на картоплях…

Усе ўтрох засмяяліся. Паглядзеўшы на іх, ухмыльнуліся і яшчэ трое пасажыраў, з якіх адзін пажылы, з абросшым тварам, выглядаючы мурынам, а двое маладых белакурых хлопцаў.

— А добра кажаце, — падхапіў Цімох, — картоплі нядрэнная рэч. Аднак у нас няма чаго есці — вось трэба пабегчы пашукаць дзе-кольвечы картопель.

— Там, на горцы, здаецца, я бачыў, — прыпомніў Ігнат, — пэўна, панскія. Скокні накапай, калі маеш ахвоту. Мне-то, прызнацца, не хочацца. Лепш тут пасяджу.

— А я пайду. Толькі ўжо ты, Ігнат, не квапся на картоплі, а то дарма. Не дастанеш ад мяне.

Цімох устаў з заслону і паглядзеў у аконца.

— Пайду!

— Жадаю поспеху, — паслаў удагон таварышу Ігнат, — добра парадзілі, — дадаў ён, адвярнуўшыся да суседа. — А то вось выпатрашылі ўсе торбачкі, а цяпер хоць язык на паліцу кладзі. Пакуль там яшчэ да Кіева — не вытрымаем. У Кіеве ж жакетку з плеч і побаку, а тут…

— Вы прадасцё жакетку? — ухапіўся за Ігнатавы словы яго размоўнік.

— Прадам, абы грошы.

— Я купляю, дайце прымерыць…

Ігнат здзеў з плеч жакетку і падаў яе размоўніку. Той хутка распрануў падраны суконны паўхалатак і надзеў Ігнатаву адзежыну. Жакетка прыйшлася па меры і намнога пахарашвала хлопца, робячы яго роўным і стройным дзецюком. Гэту асаблівасць крамнае вопраткі хлопец сам скмеціў і чуўся, што яму яна пасуе. Пахаджваючы па каморцы, ён пільна паглядаў на крысы, працягваў рукі, саджаў іх у кішэні і аглядаўся назад.

— Ну, Фомка, падыходзіць? — абярнуўся ён да чорнага мужчыны.

— Як на цябе шыта, — адказаў Фомка. — Смела купляй. Прыедзеш дадому — Тэкля не пазнае. Купляй, Піліп, купляй.

— Слухайце, — абярнуўся Піліп да Ігната, — навошта вам вязці яе ў Кіеў, калі я тут магу купіць. Восем рублёў выкладаю.

Ігнат засмяяўся.

— Параход завязе. Затое ў Кіеве цэлых дванаццаць вазьму, калі не больш. Паглядзі, якая работа, які тавар, ды няношаная зусім.

— Дам дзевяць, і хай сядзіць на мне. Прагадаеце на Кіеве. Там вас абдураць, а гэта даю чыстыя, запрацаваныя шчыраю працаю дзевяць паперачак. Слухайце… На гэтыя грошы ў Кіеве лепшую купіце, — упрашваў Ігната Піліп.

Але Ігнат рашуча настаяў на сваім. Хлопец неахвотліва зняў з сябе жакетку, яшчэ паварочаў яе некалькі хвілін у руках і, аддаючы Ігнату, сказаў:

— Успомніце, ды позна будзе. Дзевяць рублёў пры дарозе не валяюцца… Бярыце, кажу…

Пакуль яны таргаваліся, Цімох паспеў нарваць картопель і разлажыць агонь. Промень раптам лінуў у акенца пасажырнай і звярнуў на сябе іх увагу.

— Вунь ваш таварыш ужо агонь расклаў, — падаў першым чорны пасажыр. — Глядзіце, як шугае, ажно іскры сыплюцца ў Дняпро.

Ігнат падышоў да акенца і паглядзеў. Яго пацягнула на двор. Але толькі ён падышоў да дзвярэй, як яны знадворку адчыніліся, і ў пасажырную ўвайшоў Цімох.

— У цябе, Ігнат, пэўна, сала крыху засталося! Пашукай, устроім добрую вячэру. Картоплі ўжо загорнуты ў попел. Не толькі ў памешчыка баль — зробім і мы тое самае. Вытрасай торбы.

Абое ўзялі клункі і пачалі іх патрашыць. Павымалі начынне, бялізну, парваныя фартухі і кніжкі. Усё гэта разлажылі на ўслонах. Пасажыры паўступалі ім месцы, гледзячы на іх.

— Няма нічога, — вывернуўшы торбачку, сказаў Цімох.

— Няма, бо з’елі. Я табе кажу, што ўсё кончылі; табе здаецца, што асталося, — адказаў Ігнат, перабіраючы свае рэчы на ўслоне.

— А вось, глядзі, — весела выкрыкнуў Цімох, паказваючы на маленькі кусочак сала, запаўшы між лістоў кніжкі.

Ігнат, а за ім для цікавасці трое пасажыраў падышлі да Цімоха, нахіліліся к услону і пачалі ўзірацца на сала, як на якое дзіва.

— Маладзец, затое табе больш трэ ўдзяліць, — пажартаваў Ігнат.

— Хопіць картоплі спрыснуць па каплі, — дадаў чорны пасажыр і засмяяўся.

— Толькі б яны ў мяне не пагарэлі там, — схамянуўся Цімох і, кінуўшы з рук торбачку і бялізну, пайшоў у дзверы.

— Прыходзь, Ігнат, да агню, — пазваў ён з-за дзвярэй.

— Прыйду, — згадзіўся Ігнат, спяшаючы ўкладаць у торбы ўсё вынутае з іх.

— Работы больш, як сала, — пасмяяўся ён.

Пасля, уклаўшы ўсё чын-чынам у торбачкі, Ігнат завязаў іх і разам з адзежаю Цімоха ды сваёй палажыў камячком у кутку каморкі на ўслончыку.

У гэты час у пасажырную зайшоў вартаўнік прыстані з маленькаю лямпачкаю ў руцэ. Праз чыста выцертае шкло глядзеў на голыя жоўтыя сцены каморкі маленькі куравы агеньчык, ад якога не рабілася ні святлей, ні весялей.

— Гэта нам асвятленне? — запытаў вартаўніка чорны пасажыр.

— А то ж каму? Ці не хопіць, думаеш? — адказаў вартаўнік прыстані, вешаючы лямпачку над дзвярыма. — Спаць можна і ўпоцемку; гэта толькі для далікацтва.

— А калі параход пойдзе на Кіеў? — задаў пытанне Ігнат.

— Пойдзе, не будзеце ў нас зімаваць, — пасмяяўся вартаўнік і выйшаў.

— Ліха іх ведае, — адазваўся чорны пасажыр, агідна плюнуўшы, — дапытацца ў людзей нельга. Ты к яму па-чалавечаму, а ён да цябе, як свіння: або мармыне сабе пад нос што-кольвечы, або і зусім нічога не скажа. Як бы злы на каго, а спаганяе злосць на табе. Дапытайся ў гэткіх толкам, каб іх халера ўзяла…

— Бо надаядае і ім, — адказаў, увесь час маўчаўшы, пасажыр у крамным паношаным паўхалаце ды ў новай шапцы, з сівою раскладзістаю на шырокім твары барадою, — кожны пытае, кожны косніцца яму ў вочы, а таго не ведае, што ім самім нічога невядома…

— А каму павінна быць вядома, як не ім? — падняў голас чорны. — На тое яны і служаць па гэтай справе. Нябось, не зверадзіўся б, каб сказаў. Але чалавеку дзела ніякага няма да цябе; ён дома, а ты хоць захлыніся тут. Вось, бачыце, ласне добра гэтым хлопцам, калі ўжо прыпёрла да картопель і да жакеткі… Пэўна, ім хочацца ведаць, калі пойдзе параход, дык мусіць…

Пакуль ішла гэта гутарка, Ігнат крыху паслухаў, пасля, нібы дапомніўшы, што яго чакае Цімох, выйшаў з пасажырнай.

На дварэ было цёмна. З ціхае пагоды пачаўся халаднаваты паўночны вецер, які гнаў з-над лугу за Дняпром шырокую паласу палавых хмар. Дняпро ўжо быў разгойданы і катаў усцяж свайго цячэння шарэнгі хваль, якія на сваіх хібах неслі белую брыжастую пену. Краі хваль беглі к берагу і роўным аднагучным плескам змывалі жоўценькі пясочак, гойдаючы ўсцягнутую на яго зялёную лодачку. Чуць прыметна, але ўвачавідкі больш ды больш пачынала раскалыхвацца будыніна прыстані. Галасы плытнікаў несліся з ветрам на пыхкаючы промень раскладзенага Цімохам агню.

Ігнат паціху, узіраючыся ў твар Дняпра і кідаючы вачыма даверху, абышоў вакол прыстані, прайшоў сходні і падышоў да Цімоха.

— Ну, як вячэра? — запытаў Ігнат.

— Можаш спробаваць. Вось гэтыя картоплі, — падаючы таварышу некалькі штук картопель, малюсенькіх ды пагарэлых, адказаў Цімох.

— Штосьці няўдачны яны ў цябе, — заўважыў Ігнат.

— Прыску, бачыш, няма: дровы паскудныя; прыходзіцца на жару — таму і пражацца…

Усё ж Ігнат старанна абскроб з картопель прыгаркі, пастудзіў іх і ўсмак з’еў.

— Ведаеш што, Цімох, — абярнуўся ён да Цімоха.

— Што-о?

— Я думаю, што мы як-кольвечы выкруцімся з нашага становішча. Пакуль цеплавата, ды чым далей на поўдзень — тым усё цяплей, — а ў нас ёсць лішнія рэчы. У мяне асенняя жакетка, а ў цябе камізэлька, дзве кашулькі… Цягаць іх з сабою — толькі лішні цяжар… А вось прыедзем у Кіеў і… побаку. Заробім пасля і справім… Як ты думаеш?

— Я нічога сказаць не магу — жакетка твая… У мяне, бачыш, зімняга нічога. Калі не шкадуеш…

— Шкадуеш — не шкадуеш, а калі чаго-якога ды ў Кіеве не знойдзем працы, то іншага выйсця не будзе, як толькі жакетку на рынак… Я перш думаў расквітацца з ёю тут… Адзін пасажыр як прычапіўся — прадай ды прадай, дык я ўжо хацеў…

— А колькі ён суліў? — пацікавіўся Цімох.

— Колькі! Дзевяць даваў, — адказаў Ігнат.

— А гэта добра… Наўрад ці можна за яе больш атрымаць.

— Мне здаецца, што, у Кіеве прадаўшы, і дванаццаць возьмеш? Ды к гэтаму, разумееш, шкадавата пакуль. А мо часамі і не прыйдзецца прадаваць… Успадом на работу і абыдземся сяк-так. Бо зарабіць, брат, не так лёгка…

— На вось яшчэ пару картопель, — разварушыўшы прысак, ажно пук іскраў ірвануўся кверху, запрапанаваў Цімох.

— А ты ж чаму не ясі? — падалікаціўся Ігнат, усё ж маючы ахвоту на картоплі.

— Я ўжо здаволіўся — да цябе штук дзесятак з’еў… Так… Наконт жакеткі, пэўна, лепі пачакаць. Гатовы, чаго добрага, халады ўдарыць — тады згінай лапаткі…

Цімох не даказаў: зычны свіст парахода, раптам прарэзаўшы цемнату ночы, спыніў яго словы на языку.

Хлопцы мігам паўзнімаліся на ногі і бегма пусціліся к прыстані. Калі яны апынуліся каля ўсходняў, паўторны гудок, зусім блізка, яшчэ больш нашарахаў іх: яны мігам узляцелі на прыстань.

— Які то параход? — запыталі разам удваіх у напатканага багажніка. — Не на Кіеў?

— Ды не, не! То буксір ідзе з запалкамі. Можаце супакоіцца, — адказаў той.

Але хлопцы, не давяраючы, паспяшылі ў пасажырную, каб забраць рэчы і быць напагатове.

Убегшы ў каморку пасажырнай, яны засталі ў ёй замест пяцёх чалавек толькі двух, якія мітусіліся ў цемнаце, збіраючыся бегчы к пасаднай.

— Ну, як? На Кіеў? — пытаў барадаты пасажыр Цімоха.

— Хто яго ведае. Кажуць, што з запалкамі буксір прыйшоў. Не пусцяць садзіцца, — адказаў Цімох, шукаючы рэчаў.

— Нічога, рубель капітану ў рукі — і можна ехаць за мілую душу.

Гэта абнадзеіла хлопцаў, і яны пільней заварушыліся.

— Дзе ж мае манаткі? — раптам запытаў Цімох.

— Вось тут… вось… запалі адну спічку… — абмацаўшы клункі і хочучы праверыць іх цэласць, папрасіў Цімоха Ігнат.

Цімох незамарудна дастаў запалкі, засвяціў агонь і падышоў да Ігната.

— Глядзі!

Ігнат трохі памаўчаў, адчуўшы нядобрае, пасля зацяжным стрывожаным голасам праказаў:

— Жакеткі няма… Няма… Сцягнулі… Эх, жулікі, абармоты!.. Гэта тыя, што былі тут… Няма… Гмм… Вось і дзела…

— Няўжо? Хто такі? Як? Ці не тыя толькі? Вы не бачылі іх? — абярнуўся Цімох да барадатага пасажыра.

— Пайшлі… ужо з паўгадзіны таму… Бяжэце, мо яны каля параходу дзе… ён спыніцца ля барак… Бяжэце… Бачце іх — укралі ў безработных… абармоты…

Хлопцы перш не ведалі, як быць, куды кінуцца і што пачаць; запальваючы сярнічкі, яны далей шукалі страчанае, прыглядаліся пад стол і ў куткі каморкі.

— Ды не, няма! Дарэмна! Трэба бегчы! — рашыў Цімох і хутка кінуўся ў дзверы.

Ігнат некалькі хвілін затрымаўся, каб захапіць рэчы. Перавязаўшы сяк-так клункі, ён закінуў іх на плечы і выбег з пасажырнае.

— Бяжэце к буксіру! — кінуў услед Ігнату барадаты пасажыр.

Яго голас пераняў новы рэзкі гудок парахода. Абураныя Цімох з Ігнатам пабеглі яму настрэчу.

(1918)