Ах, як стрэлка марудна ідзе,
Бы знарок хоча час працягнуць!
І ня ведае болю грудзей,
Што дзяннога канца яны ждуць.
Нібы нехта трымае яе:
А ні ўперад, ні ўзад не сьпяшыць!
А так хочацца-хочацца мне
Ўжо работу сваю супыніць!
Цэлы дзень я за брудным сталом,
Цэлы дзень скуру цьвёрдую скроб,
Стаючы укапаным калом,
Я задушай атрутнаю соп.
Не глядзеў і ня бачыў нічуць,
Што там ёсьць на дварэ, за вакном:
Ці там ветры халодныя дзьмуць,
Ці зямля апавіта цяплом.
Навакола чатыры сьцяны,
А на іх заплясьнелая столь,
У сабе захавалі яны
Маю крыўду, жаданьне і боль.
Вось і вечар… цяпер я на міг —
На адзін — сабе волю найду,
Кіну-рыну усё і усіх
Ды у поле я к лесу пайду. Там сродзь галу зялёных лугоў
Я адкрыю збалелую грудзь,
І мне з пахам прынадным квятоў
Ветры цёплыя ўцехай падзьмуць.
Яны прагную душу маю
Ўпояць воляй шырокіх палёў,
Упрыгожаць пакутную усю
Цеплатою пахучай сваёй.
А як сілы — жывіцелькі той
Набяруся даволі ў палёх,
Мне лягчэй стане ў працы цяжкой
У майстэрні, у сьцянах чатырох.
Вількамір, 1912
Сагнуўшыся, я ля варстата стаю —
Скуру весь дзень без спачынку я гну,
Я скуру усё гну,
Нядолю кляну —
І песьню пяю.
Дзёгаць і лой мае рукі разьелі,
Шчокі ў гразі ды смуродзе шчарнелі,
Ружа завяла.
Шчасьце прапала, —
Скура забрала…
Там, за вакном, ціха неба сінее,
Сонца там дзіўна і сьвеціць і грэе,
Я-ж у сьпякоце,
Ў гразі і ў поце, —
Я на рабоце…
Цягнуцца к лесу чароўныя далі;
Мураўкай, поплавам землю заслалі
Як дываном;
Там ноччу і днём
Вясельле кругом…
А я адарваны ад гэтай красы,
Запёрты нядоляй у чатыры сьцяны
З сабачкай, з нажом
І ноччу, і днём
Стаю за сталом…
Вількамір, 1912
Гэй, не тамецеся, рукі,
Ногі, пакіньце дрыжаць!
Многа ‘шчэ ўперадзе мукі,
Прыдзецца многа прыняць…
Гніся-ж ты, выцяжка, гніся,
Сілы, брат, болей давай!
Стой ля стала, ня хініся,
Часу ня траць, не цярай.
Шоргай, сабачка, паволі,
Скуру паважна скрабі,
Нам не пазбыцца нядолі,
Што ты сабе ні рабі.
Гэй, не глядзі на нічога,
Вока нічым не блазнуй!
Тут твая сходзіць дарога,
Стой-жа, браток, і працуй…
Дня хоць ня бачыш і ночы,
Плечы хай корчыць, шчыміць,
Пот залівае хай вочы,
Трэба рабіць і рабіць.
Шоргай, сабачка, паволі,
Скуру паважна скрабі,
Нам не пазбыцца нядолі,
Што ты сабе ні рабі.
Трэба рабіць, калі трэба
Кожын дзень голад стаміць Чорным кавалачкам хлеба,
Трэба рабіць, кабы жыць…
Дотуль рабіць, покуль сілы
Ўжо не пакінуць трымаць,
Кроў не застыгне у жылах,
Сэрца ня кіне удараць.
Шоргай, сабачка, паволі,
Скуру паважна скрабі,
Нам не пазбыцца нядолі,
Што ты сабе ні рабі.
Вількамір, 1912
Я рабочы, гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
Я з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.
Ў вачох іскры маіх,
А жалеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, у адзін мах
Ці задушша ці чад —
Ўсё на сэрцы маім,
Але ўстрашыці нат
Не здалее нічым.
Кроўю цёплай сваей
Абліваю тавар,
А сьлязою з вачэй,
Што сплывае праз твар,
Харашу я яго,
Дзеля густу людзям…
Не, жыцьця я свайго
Для другіх не аддам.
Я здружыўся з трудом,
Я ў ём рос, я ў ём крэп;
Люблю мець за сталом
Запрацованы хлеб. Не хачу, ня прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар — працаўнік,
Я жыву — каб рабіць.
Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць…
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць,
Не гатовае браць?
Вількамір, 1912
Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей,
І на шчасьця прыход
Не заплюшчвай вачэй!
Песьню вольную пей
У дыму, ў духаце,
І надзея твая
Няхай кветкай цьвіце.
Бо дзе сіла жыве,
Дзе работа кіпіць,
Там насеньня зярнё
Лепшай долі ляжыць.
І ты мукай сваёй
Глебу ладзіш яму
І сам сееш яго
Ў заарану зямлю…
Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей:
Глебу пільна гатуй
І ў ёй шчасьце, брат, сей!
Вількамір, 1912
Я гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды, —
Як працую — пяю,
Цэлы дзень за сталом
Я з сабачкай, з нажом
Няутомна стаю.
І вясёл, і рачыст,
Я пад грук і пад сьвіст
Цяжкі труд прадаю.
Вось ў дыму, у брыдзе
Ля братоў, ля людзей
Шчасьце й долю кую.
Хоць ад працы мае
Часам мне не стае
На‘д яды даставаць,
Не гарую патом
Я задужа аб том,
Як іду працаваць.
І працую ад сіл,
Бо труд вельмі мне міл, —
А за працай пяю.
Я гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды,
Бо я шчасьце кую.
Вількамір, 1912
|