Перайсці да зместу

Праводзіны (Гартны)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праводзіны
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца:http://knihi.com/Ciska_Hartny/Pravodziny.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I


Раніцою, калі Дзям'ян Шпуля, багаты гаспадарны селянін, збіраўся ў мястэчка з пятнаццаццю пудамі пшаніцы, да яго прыйшоў Лаўрэн Навой пазычыць пяць рублёў.

- Лаўрэнка, - адказваў Дзям'ян, - не маю. Паверыш, не маю.

- Ну, ты ж учора пазычыў Лукашу трынаццаць. Мне хоць бы пяць. Прыперла, ведаеш, і ніяк не выкруціцца...

- А, здаецца, дзядзька нядаўна япрука прадаў? - запытаў Дзям'янаў сын, папраўляючы хамут.

Лаўрэн адвярнуўся да яго, паківаў галавою і адказаў:

- Усе, браток, з гэтым япруком. Думаюць ці, можа, так хочуць думаць, нібы я тысячу рублёў узяў за япрука. Надовечы Лазар дапамінаў аб гэтым, учора Янкава Тарэся, а гэта ты...

Лаўрэн не даказаў, перапыніўся, каб не ўразіць ні Дзям'яна, ні яго сына.

Дзям'янаў сын выказаўся з выразнаю яхідаю і Лаўрэну, як недурному чалавеку, стала відно, што думка дзецюка - думка сямейная Шпуляў: навошта перакорыць. Але Лаўрэн не сцярпеў:

- Ніхто не ведае, што я без сала застаўся, прадаючы япрука; людзям няма чаго плявузгаць... А тут гора прыперла з япруком. Ці ж можна без каня застацца? Гэта ж наш талент, увесь наш дастатак; лепш без сала як-кольвечы перакінуцца, ніж без каня...

- А ласне кепска што з канём сталася?

Не спагадліва, а з патаемным здавальненнем выказаў гэта Дзям'ян і выбег у сенцы. Лаўрэну стала няёмка: ці заставацца ў хаце і чакаць яго назад, ці плюнуць і ісці. Але ісці лёгка, а грошы дзе пазычыць? Здзівіла яго, што Дзям'ян стаў зусім нячулы да прыязненага пачуцця, якое заўсёды між імі трымалася. Чаму ён астыў і з якое прычыны? А мо гэта ён знарок? Лаўрэн прысеў на лаўку і запытаў дзецюка:

- Саўка разам з бацькам едзе ў мястэчка?

- Не, - адказаў той, - мне няма як. Трэба дроў прывезці, будынкі агледзець, кублы да мяса прыгатаваць.

- Вяселле хутка?

- Праз тыдзень.

- Прыгода!

- Так.

- Аднаму адна, а другому - другая.

- Чаму? - запытаў Дзям'янаў сын.

- То ж я сёння Віктара адпраўляю ў Чырвоную Армію.

- Вось як? Мо загэтым і грошы просіце?

- То ж ведама! Не хочацца не па-людску адправіць. Прыйдуць хлопцы, суседзі, адзін, другі - хоць чарку гарэлкі мець...

Іх гутарку перабіў увайшоўшы ў хату Дзям'ян.

- Чакаеш? - выказаў да Лаўрэна.

- Бачыш - спадзяюся.

- Віктара ў армію выпраўляе дзядзька Лаўрэн.

- Праўда? - праканаўся Дзям'ян.

- Што ж парадзіш - трэба. Адзін ужо другі год служыць, мае чын узводнага; піша, што добра, а гэта - другога.

- А здаецца, адзін без рукі ўжо? Які гэта?

- Трэці...

- Так, памог, брат Лаўрэн, ты Чырвонай Арміі.

І ў гэтым сказе Дзям'яна было столькі ліхамысласці і тонкага папроку, што ў Лаўрэна стукнула ўнутры сумненне: не дасць Дзям'ян грошы. Той халадок, што апошнім часам астудзіў іх суседскія адносіны, дагадваўся Лаўрэн, дзьмуў таксама ў гэтым напрамку...

І Лаўрэну ўспомніліся ранейшыя, яшчэ пры паляках, гутаркі яго з Дзям'янам. Заўсёды Дзям'ян наракаў на камуністаў, баяўся іх прыходу, прасіў святых і злых, каб тыя не дапусцілі Савецкае ўлады...

Успомніў гэта Лаўрэн праз пяць год, як праз туман, і здзівіўся... Падумаў сам сабе: «Чым жа дрэнна Дзям'ян жыве цяпер? Чым ён пацярпеў пры Савецкай уладзе?»

Пасля тут жа азірнуўся на сваё мінулае, можа, сам якую крыўду ўчыніў Шпулям? Прабег думкамі наўсцяж поўных дзесяці год - нічога не знайшоў. Але адказаць на словы Дзям'яна не ведаў як, каб яно выйшла ўпапад. А не адказаць?

- Памог і памагаю.

- Мы памагаем, а нам?

- Можа, і нам памогуць.

- Тут цяжка сказаць.

Дзям'янаў сын невыразна прамармытаў:

- А вы, дзядзька, верыце?

- Як бы сказаць...

Лаўрэна перабіў вокліч з надворку:

- Лаўрэн, хадзі дахаты.

Лаўрэн паглядзеў у акно.

- Іду, чаго вам прыспела, - адказаў жонцы - то была яна - і абярнуўся да Дзям'яна: - Я б усё-ткі прасіў ласкі...

- Праўду кажу, няма. Былі б грошы - не паехаў бы ў мястэчка. Ужо ўбачай, суседзе.

- То ж вядома, чаму б не паверыць... Мо хто змілуецца...

Лаўрэн надзеў шапку і зрабіў два крокі да дзвярэй.

- Прыходзь, Саўка, на праводзіны Віктара, ён прасіў... Ты таксама, Дзям'ян.

- Хіба Саўка, а куды ж мне, старому... - адказаў Дзям'ян і прайшоў за Лаўрэнам у сенцы. - Усё ж, па-мойму, лепш сустракаць, як праводзіць... Думаеш, лёгка на аднэй поліўцы? - дадаў ён у сенцах. - Бацькаў хлеб - не казённы.

Гэта не выклікала з боку Лаўрэна жаднага адказу. Лаўрэн думаў, куды пайсці ад Дзям'яна, і моўчкі выйшаў на вуліцу.


II


Лаўрэн абышоў яшчэ некалькі знаёмых, шукаючы пазычыць пяць рублёў. Тры чалавекі адказалі - па розных прычынах. Больш таму, што не мелі. А Сідар Світка і Ігнат Цэзік выставілі поўнасцю тыя ж матывы, якімі кіраваўся Дзям'ян Шпуля. Давялося занесці ў кааператыў пуды... Абысціся без праводзін Віктара - ніяк не мог. Не таму, каб гэта вельмі моцна трымаўся звычаяў, не. Больш, калі не цалкам таму, што любіў яго.

Дваццаць гадоў Віктар не адлучаўся з хаты. Усю працу цягнуў на сваіх плячах. Бацькі не турбаваў, паважаў, хоць бачыў яго хібы.

Лаўрэн любіў выпіць; аддаваўся без усякай узнагароды службе ўпаўнаважанага вёскі. Усё пакідаў на Віктара. Кожнаму і ўсім хваліўся: «Мой Віктар - сцяна, на якую я апіраюся». Старэйшы сын з царскае службы не варочаўся хоць бы на тыдзень на пабыўку. А праз сем год прыйшоў без рукі. Сярэдні - быў таксама добрым сем'янінам. Але Віктар - над усімі. Выпраўляць у армію, пэўна, было нялёгка.

Луцэя, жонка Лаўрэна, з часу, калі з'явілася абвестка ваеннага камісарыята аб прызыве, аплаквала Віктара. Пытала Лаўрэна, што яны будуць рабіць без яго. Лаўрэн адказваў кожны раз адным сказам, нібы ў ім была непарушная вера ў гэты сказ.

- Покуль Віктар пойдзе, Панас прыйдзе.

Сапраўды было не зусім так. Панасу заставалася служыць пяць месяцаў, а Віктару наспела ісці. Лаўрэну проста хацелася, каб гэтак было. Бо са старэйшым сынам, бязрукім, якая там праца па гаспадарцы. Ні дроў насеч, ні памалаціць, ні паараць. Вады так-сяк прынясе, трасянкі карове ды авечкам падасць... А то ўвесь час толькі замінае ў хаце. Ламака - не чалавек. Але даглядаць трэба, бо дзіця, бо свой сын - і герой.

Лаўрэну апошняе падабалася больш усяго. Дзяніс, яго Дзяніс прымаў удзел у рашучых бойках з палякамі, хадзіў на Варшаву і застаўся без рукі, вызваляючы край. Лаўрэн ганарыўся, бо адчуваў у гэтым сваю долю заслугі перад уладаю. Раней, гадоў два таму, можа б, ён іначай судзіў, а цяпер канчаткова пераканаўся ў дабраце Савецкае ўлады, у яе неабходнасці. Мала што было пры цару! Служыў доўгі час старастам - выбіралі. Некалькі разоў меў сутычку з сацыялістамі, нават арыштаваў дваіх па загаду старшыні - было гэта... Служба гэта наогул блытала думкі аб уладзе ў Лаўрэнавай галаве. І не дзіва, што першы год пры Саветах ён распускаў свой язык. Скардзіўся, мармытаў, недаволіўся. Усё ж, аднак, выпаўняў абавязкі пакорліва і паслухмяна. Пасля, патрошку-патрошку думкі і погляды мяняліся. Трывожылі яго, надавалі розных пытанняў і, нарэшце, прывялі да таго, што Лаўрэну Савецкая ўлада стала вельмі блізкай і прыемнай. Нейкі час ён аб гэтым маўчаў, уголас не выказваўся. Затое, калі хто ў яго ваччу крывіўся на сучаснае жыццё, Лаўрэн перакорыў, не згаджаўся. Тады ў яго яхідна пыталі:

- Калі ты стаў бальшавіком, што так іх адстойваеш?

А ён адказваў:

- Я радзіўся такім.

Былі многія, хто ўлічаў Лаўрэна ў часы старых парадкаў і першых двух гадоў савецкага ладу; тыя думалі, што ён прыкідаецца, і не хацелі прызнаваць яго шчырасць. Гэткім быў і Дзям'ян Шпуля. Але Лаўрэн не лічыў патрэбным перад імі спавядацца. «Хто мае вочы, той бачыць, і хто мае вушы, той чуе», - заключаў Лаўрэн, паглядаючы на Дзяніса і мяркуючы праводзіць у армію трэцяга свайго сына. Луцэю ўгаворваў не журыцца, таксама дзякуючы апошнім сваім пераконанням.

- Цудная ты, - казаў ёй, - служыць трэба. Не пойдзе наш, не пойдзе Грышкаў, дык хто папоўніць армію?

- Дык засаб ажно ж трэці!

- Хоць бы і пяты. Мы павінны цешыцца, што маем гэткіх сыноў.

- Якая нам ад іх карысць. Бачыш - Дзяніс...

- А каб памёр, дома быўшы? Маўчы - не наракай.

Луцэя ўгаманялася. І ў дзень праводзін, скрапіўшы сэрца, спакойліва сустрэла прыгоду.


III


Вечарам, калі сышліся ў хату таварышы Віктара і некалькі суседзяў, Луцэя выглядала засумаванай і толькі сама пра сябе ўздыхала. Хлопцам - не паскардзілася.

- Наша хата, як праходная казарма, - жартавала яна. - Каму як, а мой Лаўрэн, каб і дзесяць меў хлопцаў, усіх выправіў бы на службу. Мо няпраўду кажу, Лаўрэн?

- А такі і праўду, - згаджаўся Лаўрэн, - калі ўлада патрабуе - рабі. Нябось, палякоў помняць многія!

- Так, многія помняць. І той самы Дзям'ян Шпуля на сваіх вазах капамі пшаніцу ў пастарунак вазіў.

- Лаўрэн мае рацыю, - згаджаўся Марка. - Чаму б не выправіць сына з лёгкім настроем! А колькі мы людзей, бывала, выпраўлялі! Ідзе - і не ведаеш, калі вернецца! На муштры, на пакуту...

- Цяпер служба - гульня. Ідзе камандзір - ні лыс. Сустрэўся на зборні ці на рынку - хоць бы што, - казаў Тарас, пазіраючы на хлопцаў.

І калі Луцэя рассадзіла гасцей за бедна накрыты стол: з дзвюма пляшкамі гарэлкі і ўбогаю закускаю, у хаце дапамінала аб сватах.

Віктар сеў на покуці, Лаўрэн побач. Хлопцы жартавалі:

- Давайце запяем вясельную.

- Віктар - маладзік.

- А ведаеце, браткі, - адказваў Віктар, - ні каліва сумнення. Іду служыць, як на зборню гуляць. Сазнаюся, бацька цешыць сваім настроем. Думалася мне - будзе шкадаваць і нудзіцца. А тым часам...

Лаўрэн ухмыльнуўся і перабіў сына:

- Нябог, ты цішэй крыху. Я цябе шкадую - то праўда, але... служыць трэба?

- Трэба! - адказала двое хлопцаў.

- Бачыце, сынкі мае, трэба. Вось гэта і мне ведама. Калі трэба, то няхай Віктар ідзе без усякага сумнення. Я не Дзям'ян Шпуля, не Гнат Цэзік...

- Другіх не чапай, - перабіла Луцэя.

Але, седзячы за сталом, праважатыя не адказваліся абмяняцца думкамі. Калі ж ямчэй, як не ў час бяседы? Тым болей - перавага за хлопцамі. Ім далёка да ўшанавання старых абыходзін, і яны гутарылі.

- Дзям'ян Шпуля жыве па-старому, - сказаў адзін.

- Гэта няважна: а важна тое, што гэты ягомасць і думае па-старому.

- Гой, думкі ў яго мудрыя. Дадумаецца ў свой час.

Лаўрэн прыпомніў ранешнія отведы Дзям'яна.

- Вы, хлопцы, завостра кажаце, Дзям'ян Шпуля не тое каб злы быў, але вялікая скнара. Хадзіў я да яго сёння за малым інтарэсам, здаецца, і жылі ўвесь час нядрэнна, а ведаеце, бессаромна адмовіў.

- Ад Дзям'яна можна гэтага чакаць! - уставіў Тарас. - Наогул, ён точыць зубы на кожнага, хто хоць выгляд падае на спачуванне Саветам.

- Во... я не хацеў казаць. Праводзіць мяне і кажа: «На поліўку сына выпраўляеш...»

- Бачыш! - Марка падняў угору палец.

Гутарачы, мужчыны і хлопцы абышлі некалькі равоў кілішкамі, закусілі і па адным вылезлі з-за стала.

Бяседа падыходзіла к канцу. Дзяніс увайшоў знадворку ў хату і паведаміў, што падвода гатова.

- У Хірысона каля хаты вялікі гоман, пэўна, зараз адпраўляцьмуць Тодара.

- Складайся, Віктар.

Віктар паглядзеў на гадзіннік, пасля адвярнуўся ў акно.

- Якая зорная ноч!

- Ехаць будзе добра!

- Падмярзае.

На дварэ сапраўды было прыгожа. Цішыня, ажно чуўся лёгкі скрып, лёгкі труск падмярзаўшае гразі. Хто кідаў вокам праз акно, бачыў чырвоныя каснікі проміну, крыжаваўшыя цёмнае сукно вуліцы. У хату Лаўрэна даносіліся гукі з-пад Хірысонавае хаты.

Колькі разоў пераказвалася гэта на Лаўрэнавым вяку! Як проста ўсё гэта было ўваччу любога, хто прыйшоў праводзіць Віктара.

І зусім не цікавіла надвор'е Луцэі.

Яна, маці, тухтала, што мела, у дзеравянны сынаў куфэрачак і прапускала між вушэй несціханую гутарку мужчын. Сярод іх не адмеціць было ні Лаўрэна, ні Віктара, ні Дзяніса. Праўда, Дзяніс крыху выказваў заклапочанасць з прычыны прыгоды ў хаце, яна датыркалася яго болей, ніж мацеры або бацькі. Хто павінен будзе пераняць усю работу каля хаты, як не ён? На чыю голаў цалкам перападуць хатнія клопаты?

Ён пазіраў на абрубак правае рукі, успамінаў вобраз і абставіны таго часу, калі ўрочная хвіля адняла яе ад яго здаровае, крэпкае постаці і зрабіла калекаю. Не знаходзіў Дзяніс тлуму, як і што гэта адбылося. І баяўся думаць, каб гэта ў часы Віктаравай службы здарылася вайна.

«Няхай лепш яго сіла пойдзе на мірную працу», - думаў Дзяніс пра Віктара і памагаў мацеры пакаваць братні куфэрак.

- Яшчэ кавалачак сала палажэце. Будзе жадзён! - казаў ён мацеры.

- Адзін застаўся - хоць на заскварку крыху.


IV


Дзе прыгода - там і гутарка. Колькі пытанняў, колькі планаў ды намераў! І найбольш - аб Віктару. Як ён пойдзе ў армію, як жыцьме там, аб чым думацьме, колькі разоў успомніць сваю вёску, сваіх хлопцаў, бацькоў! Вернецца і пацешыць старых!

Тарас і Марка, Лаўрэн і Віктар згаджаліся адзін з другім, пярэчылі ўдваіх дваім, дапаўнялі, папраўлялі адзін другога. Ніхто не думаў аб тым, аб чым думалі калісьці ў час падобных прыгод. І таму, што не было сумлівых думак, хлопцы пяялі праводныя песні...

Нарэшце, нечакана для ўсіх, пад вокнамі хаты загудзела паўсяла: пад'ехаў Тодар. У тры акны застукалі пальцы. Следам адчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў таварыш Віктара - Ахрэм.

- Правёў Тодара, а цяпер прыйшоў па цябе. Пара ехаць.

- Чуеш, маці? - запытаў Віктар і расцалаваўся з мацераю, з бацькам.

- Мы правядзем цябе да ўзгрудка, - запэўняў Лаўрэн.

А Луцэя паспешна апраталася: надзявала шарачковы курцік, саматканую хустку і, чутно было, хліпала.

- Маці!

Для Луцэі відно было адно расстанне з работнікам, з сцяною, на якую апіраліся і яна, і Лаўрэн. Можа, трэба ісці, можа, іначай нельга, але тое горна, што хата цуралася аднае душы, што на тапчане пры дваровай сцяне не прыйдзецца слаць пасцелі. На вешалцы каля палатак нерухома, марна вісецьме драпястая ў вялікія гвязды баваўняная коўдра. На траме запыляцца пажаўцелыя кніжкі, і не давядзецца Луцэі пячы скавароднікаў, якія так любіць Віктар. Тыя ж хлопцы, што вось перад вачыма, толькі праходзіцьмуць паміж хату і мо які з іх кіне ўзрокам, а зайсці - не зойдзе! Да каго?

Віктар будзе недзе далёка-далёка ў арміі, а ў хаце, у бацькавым ваччу будзе свяціцца чырвоная гвяздачка на шэрым каўпачку. Ужо хутка, мо праз тыдзень, Віктара стане не пазнаць - чын чынам чырвонаармеец. Скіне жакетку, скіне шапку і, пэўна, прышле з некім дадому...

Думкі, порсткія, як вецер, шугнулі, абдалі Луцэіну істоту, на момант прыкавалі яе вочы да Віктара і мусілі абарвацца.

- Ужо куфэрак на возе, - паведаміў Дзяніс і пайшоў з хаты першым.

Цугам, стройна, хто з гутаркаю, хто з напевам - выходзілі праважатыя. Нясло парам над іх галавою, ажно сумная лямпа калыхала няроўным язычком агеньчыку. Трэсачка на шкле кідала паяскі цені на ікону, плаксівага Яна Красціцеля, забытага, занядбанага ў кутку, на покуці, апэцканага мухамі і аплеценага павуціннем.

Віктар прапусціў усіх і азірнуўся на хату. Пустая - глянула яна на яго з цёплым прыветам, як маці.

- Развітайся, - падказала Луцэя, чакаючы яго пры дзвярах.

- Вярнуся - не агледзіцеся.

- Каб жа яно ды так.

- А што там гэтыя два гады.

- Колькі разоў можна памерці, сынок.

- Паспееце з гэтым... - ужо праказаў Віктар за дзвярыма, у сенцах.

Луцэя не адказала нічога, ды каб што і сказала, то нельга было б разабраць - у дварэ хлопцы пяялі песню.

«Ды там за Дунаем» ішло далёка за гумны вёскі. У ціхай ночы не хацелі гукі заміраць: рэзвым звонам нясліся яны к лесу, віталі дзесь над слішчам мерзлых паплавоў. Ды, дзіва дзівам, чамусьці дваіліся, а то і траіліся, апярэзваючы разбуджаную вёску срэбраным ланцужком. Гэты ланцужок падтрэсаўся, варушыўся і звінеў.

З-за гукаў песні, якія прыдавалі яскравую ўрачыстасць уз'юшанай вёсцы, гінулі стук калёс, шум дзесяткаў ног, гутаркі старых... Здавалася, дываном ішлі людзі, па тым жа дыване каціліся калёсы двух вазоў, ціха і далікатна, хоць яшчэ завідна вёска танула ў гразі. Тады нельга было абысці, каб па калені не памачыць ног. За платы, паміж хат, з каменьчыка на каменьчык, з цурбалачкі на калочак праходзілі сяляне ў абруджаных лапцях, у абкарэлых портках, мурзатых кажухах. Лаяліся, наракалі на пагоду, на час, на беднасць - спаконнае... А вечарам вось у кожнай лужыцы - адсвет зоркі, празрысты, як шкло. Храбусцяць скарыначкі грудак, мякка, далікатна, каб не перабіць песні.

Змоўклі сабакі. Толькі мігала іх цень між асветленых хат. Чырвоны промін, што кідалі смалякі праз вокны на вуліцу, калыхаў перад вачыма няроўную вуліцу, чорныя будынкі... Як пражэктарам, асвятлялі натоўп людзей. Ад гэтага песня рабілася яшчэ галаснейшай... Ёй не відаць было канца, як не канчалася і вёска, чамусьці падаўжэўшая... Ды ніхто не дбаў аб тым, каб хаду спыніць. Праважатыя ішлі ўсё далей - Віктар з Тодарам пяялі з усімі. І мо б дайшлі далёка за будынкі, да гайку, каб хтось у задніх радах не перабіў пяяння воклічам:

- Кальцавая!

- Дванаццаць гадзін!

- Свежыя газеты!

Некалькі хлапцоў аддзяліліся ад натоўпу і вярнуліся назад у вёску, следам за кальцавою поштаю.

Свежыя газеты - свята. Авось прынеслі навіны! Іх так прагне вёска!

А хлопцаў не правядзеш да канца.

Дзень-другі і гэтая самая кальцавая пошта прывязе ад іх ліст: у ім будзе апісана, як і што яны даехалі - мацяркі раскажуць усім. Луцэя пахваліцца.

- Тут канец, сынок мой! - абвясціў Лаўрэн.

- Не забывай нас, Віктарка! - дадала Луцэя.

Настроены к развітанню, натоўп сялян спыніўся, затупаў. Усе змоўклі, пастроіліся ладам. А Віктар з Тодарам абыходзілі ўсіх і цалаваліся. З хлопцамі, з мужчынамі, з дзяўчатамі, з кабетамі.

І кожны праважаты, выкладаючы свае пажаданні прызыўным, адбіваў сваё пачуццё ў пацалунках.

Было шчасліва пакідаць родны куток, які іх не забудзе. Да мястэчка, калі не да павету, пратрымаюцца ў іх нутры суседскія пажаданні.

Віктар паглядзеў наперад сябе, у цямніну, азораную, але таемную, глухую, і гукнуў да ўсіх:

- Бывайце-е здаровы!


V


- Як і не было ў хаце, - казала Луцэя.

- Або не заўсёды тое самае? Пражывеш век, а памрэш - і як не было ў хаце.

- Старога не так шкада...

- Чаму, усё роўна чалавек.

- Маладому - усё наперадзе. А адгадай, што яго стрэне?

- Судзіць цяжка...

Лаўрэн ішоў з мужчынамі пазадзе; гаварыў інакш, але, пачуўшы голас жонкі, перабіў яе:

- А ты яго вернеш?

- Пэўна, што не.

- Вось, бачыш...

Пасля паправіўся і дадаў:

- Не згінем.

- А хто кажа?

- Сярод людзей.

Марка здзівіўся.

Тарас падмацаваў суседа:

- А можа, ды Віктар пайшоў па шчасце - не думаеш, Лаўрэн?

- Як каму, а мне яго служба - шчасце. Не хлушу, суседзі, ні каліва. Я рад, што мае сыны як адзін усе трое пройдуць службу...

- Не хваліся, - перабіла Луцэя. - Паварочаюцца, як і Дзяніс, без рукі - тады шпіталь адчыніш...

- Чаму, няйначай, усе без рукі?

- То без нагі; без рукі ўжо ёсць...

Пакуль гутарылі, людзі гінулі з вуліцы. Рабілася цішэй. І побач з гэтым цямнела.

Як быццам бы развітанне апускала на зямлю чорную заслону, адгараджаючы тых, хто праводзіў, ад тых, каго правялі. Толькі пяць-шэсць хат заставаліся асветленымі перад ваччу Лаўрэна і Луцэі з некалькімі суседзямі...

Вунь яшчэ ў адным акне згінула святло...

Вёска ўкладалася спаць, як і да гэтага разу, ціха і ўверана. Наступнае доўгаю істужкаю гарнула дні за днямі, то большыя, то меншыя, то хмурлівыя, то ясныя. Першыя з тых, хто прыйдзе, будзе без Віктара і Тодара, другі - мо яшчэ без каго-кольвечы, а мо з кім-небудзь новым, невядомым...

Лаўрэн ды Луцэя спыніліся пры вешніцах у свой двор.

- Бачыш, Марка, нядаўна хата была, як карчма, а тут, вось - трое...

- Як толькі што пажаніліся.

Марка адказаў смехам.

- Жыццё плача, жыццё смяецца, - дадаў Тарас.

- Стрэнецеся, - пацешыла Луцэю суседка.

- Каб твае словы ды к добраму часу! Лаўрэн адчыніў вешніцы; яны скрыпнулі, як і звычайна, рэзкім тоненькім галаском.

- Ты б іх падмазаў!

- Я?.. А Дзяніс?

Нешта сярдзітае набегла яму на язык, але Лаўрэн стрымаўся, каб не сказаць лішняга слова. Хацеў тут жа выбраць іншае, ці ж канчаць дзень злым настроем?

- Ведаеш, Луцэя...


. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


- Дзядзька Лаўрэн! - перабіў Лаўрэна знаёмы голас; тэлеграма!

- Няўжо? Дзяніс! - гукнуў Лаўрэн. Ніхто не адказаўся.

- Ці ж ён пачуе! Ужо мо ў лесе, - пераняла Луцэя, - гукай Марку.

Лаўрэн крыкнуў усцяж вуліцы:

- Марка-а!

Мо з-за паўганоў пачуўся водгук:

- Лаўрэн?

- Вярніся на хвілю.

Луцэя мялася каля Лаўрэна, працягаючы рукі да тэлеграмы. Лаўрэн камячыў яе ў сваіх руках, шукаючы месца, на якім абарваць паперу.

- Вось тут, - падказвала Луцэя.

Але цьмела праменне ў суседняй хаце, і Лаўрэн не ўгадваў, дзе абарваць.

- Можа, Марка прачытае?

- Што?

Падышоў Марка.

- Тэлеграму.

- Ад каго?

Узяў з Лаўрэнавых рук, абарваў і стаў марудна чытаць:

«Палтавы... Навою...

Політ-ко-ом паведамляе аб смерці вашага сына, забітага бандытамі.

Штаб асобгрупы».

Апошняе слова ўперлася ў цвёрдую маўчанку, якая праз хвіліну разбілася рэзкім плачам Луцэі.

- А Божа ж мо-ой! Панаска-а! мой сы-но-ок!

Плач пранізаў паветра заспакоенае вёскі.

І праз слёзы Луцэя ўбачыла, як у некалькіх хатках мільганулі палахлівыя агеньчыкі; затрапяталіся і зніклі.

А ў тым канцы, у які паехаў Віктар, забрашчала клякотка вартаўніка.

Лаўрэн памаўчаў, пакуль яна сціхне, і рашуча сказаў:

- Не шанцуе, Марка. Што ж бы яму выслужыць да канца! І Саветам была б карысць, і мне была б радасць.

Марка маўчаў.

(1926)