Перайсці да зместу

Цішка Гартны (1923)/Абеглы саманарыс майго жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Абеглы саманарыс майго жыцьця
Жыцьцяпіс
Аўтар: Цішка Гартны
1923 год
Пролетарская поэзія і лірыка Цішкі Гартнага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Абеглы саманарыс майго жыцьця

Аўтобіографія

Мястэчка (цяпер горад) Капыль на Случчыне — мая радзіма. Бедныя сяляне-чорнарабочыя — мае бацькі. Радзіўся я 23 кастрычніка (старога стылю) 1887 г. То была пара, калі ў хаце пераходзілі ад цяжкае падзёншчыны на нудную, чуць не дарэмную «зьдзельшчыну». Бацька вярнуўся з Палесся, дзе капаў канавы ў падрадчыка, маці — кончыла капаньне бульбы. Да аднаго варстата, на якім рабіў дзед, мусіў дадацца другі. І ад ранку, з досвітку да поўначы пры агні лучніка, павінны былі зайграць ляды й вітушкі[1] нясьціханыя нудлівыя песні, каб праз тыдзень найграць для сям’і восем злотых; пры гэтым — з дадаткам муштры ад заказчыка.

Маё нараджэньне на тыдзень адстрочвала з пастаноўкаю другога варштата. Толькі на тыдзень! Бо далей трэба было старацца ткаць, каб мець навошта жыць. Я мяшаў спорай працы цэлую зіму. На лета бацькі пайшлі на работу, пакінуўшы мяне на апеку цётцы, двум дзядом і бабцы па мацеры.

Я быў першанец — і ўсе мяне шанавалі і сьцераглі. Сьцераглі неадходна, пакуль я «стаў на ногі». На адзінаццатым годзе, зімою, мяне аддалі вучыцца грамаце. Да гэтага бацька сам навучыў мяне чытаць «поверху».

У «дарэктара» я паказаў здольнасьць да граматы і да каляд прайшоў часлоў. Далей ня вучыўся — сур‘ёзны дарэктар вымусіў мяне лішнюю зіму пакоўзацца на санках і падраць пару-другую падносак на лёдзе. Паставіў разоў два на калені на жарству за сьмех на малітве — і гордасць мая адхіліла мяне ад занадта шчырага багамола. Бацькі і дзяды былі за мяне.

Пасьля гэтага я вучыўся дзьве зімы ў дарэктараў па хатах — вучылішча мястэчка ня мела. За гэтыя зімы прайшоў усе царкоўна-славянскія кніжкі, якія толькі былі ў бацькі. Нават і на нtкую (ня помню) хрыстаматыю ўзьбіўся. Грамата давалася лёгка, дарэктары хвалілі.

У 1902 годзе, нарэшце, адчынілі ў Капылі вучылішча. Я папаў у трэцяе аддзяленьне. Пайшоў першым.

Але вучэньне йшло зімою, а летам? Ня бегаць-жа па вуліцы, калі таварышы пасуць коні, барануюць, ходзяць у траву і інш. У нас ня было ні каня, ні каровы, ні поля, каб рабіць. І вось на адзінаццатым годзе, разам з пачаткам вучэньня, я пайшоў у найміты — пастухі. Мяне згадзілі пасьвіць дзесяць штук гавяды — па рублю ад штукі.

Прапасьвіў ад вербнае нядзелі да піліпавачных дзядоў і пасобіў бацьком першымі дзесяцьма рублямі.

Другія чатыры леты я паступова павялічваў стада і апошні год, 1902, пасьвіў 35 штук. Гэта хапала на адзежу.

Пасучы, я бесьперастанку чытаў. Меў надзвычайную цягу да чытаньня. Таварыш мой, старшы гадамі, Хведар Чарнушэвіч, даваў мне кніжкі з бібліотэкі соцыял-дэмократаў Капыльскае організацыі. Хведар сам быў соцыял-дэмократам. Ён, гонячы каровы з поля, казаў мне розныя вершы, больш Некрасава. „Дедушка“ і „Железная дорога“ Некрасава да таго ўплылі на мяне, што я перапісаў іх, прысядаючы каля пянчукоў, і завучыў напамяць.

У 1904 годзе, на вялікдзень, я ў пяршыню папаў на мітынг Капыльскае с.-д. організацыі, які адбыўся за мястэчкам, у так званым Яначкавым ляску. З гэтага часу пацягнула мяне да „дамакратаў“, аб якіх ішлі лягэнды па мястэчку.

Але мяне сьціскала становішча вучня. Мне трэба было скончыць двухкляснаt вучылішча (з 1904 г. яго адчынілі ў Капылі, пакінуўшы народнае для дзяўчат), каб хоць inj-кольвечы мець для сябе й для суцехі бацькоў. Бацькі думалі, што я вывучуся абы на якога, але на „пана“. Тымчасам ужо ня панам пахла! Настаўнікі рабілі хор, пяялі ў царкве, а я ўсё чытаў „пастароньнія“ кніжкі. Час ад часу бацькі ўпікалі ў бязбожжы. Няхай!

1905 год, калі я скончыў двухкляснае вучылішча, — я разам парваў і з думкаю пра „пана“. Кніжкі выданьня Гарбунова-Пасадава і сяброўская пазычка няможнай літаратуры зрабілі мяне „мечтателем“ аб іншых рэчах.

Якраз у гэты год зімою, па калядах, я выпадкова паспрабаваў разам з таварышам А. Красуцкім пісаць вершы, апісалі пра мястэчка — ні то парасейску, ні то пабеларуску. Вышла так:

Капыль горад небальшой —
Слава аб ім громка
Разьнёслася па ўсім сьвеце,
А дзяржыцца тонка і г. д.

Было даволі, каб ускрыліць! Хутка ў нас гэткіх вершаў сабралася да 500 радкоў. Паказалі настаўніку — слабыя. Праведалі цану — 10 капеек за радок. Як хацелася мець грошы! Куды больш, чымся таго, каб былі надрукаваны вершы…

Побач паддаў ахвоты да вандроўкі адзін артыкул з „Вестника Знания“. Апісваўся ў ім некім Васюковым адзін самародак з талентам ад прыроды, якога Васюкоў праз артыкул шукаў. Жэст самародка, пабываўшага ў Васюкова і пайшоўшага мерыць шыры Расіі, прыйшоўся нам па нутру. Ісьці — стала мэтай. А куды? Да Талстога — хтося, ці штось нам падказала…

Я быў к гэтаму часу самастойным соцыял-дэмократам, але бяз таленту ў руках і з ідэалістычным настроем. У гадавіну забойства Аляксандра II. ў 1905 годзе я прыняў чынны ўдзел, наперакор бацьком і настаўнікам, у вагромнай дэмонстрацыі ў Капылі. Далей падбівала на большае.

Ў жніўні, з тав. А. Красуцкім выехалі мы, забраўшы свае творы, з Капылю, але не да Л. Талстога, а ў Кіеў: там былі дзядзькі, было на што абаперціся — думалі,

Але абмыліліся, вядома, у дзядзькох і ў творах. Першыя нас ня ўстроілі, а другія, аднесеныя па радзе ў „Кіевскіе Отклики“, намі ня ўстроіліся. Рэдактор газэты парадзіў адаслаць іх Гарбунову-Пасадаву.

Цяжкае разувер‘е абарвала скрыдлы. Сумным вярнуўся я дадому, назад у Капыль, з якога праводзіла мяне ўся моладзь з рэволюцыйнымі песьнямі, з гарачымі разьвітаньнямі…

Як паказацца ў вочы?

Пасобіў рэволюцыйны выбух, у якім я прыняў чынны ўдзел. У мястэчку ў кастрычніку (1905 г.) зрабілі агульную забастоўку, „пабядзілі“ паліцыю. Адчыніліся іншыя горызонты, бацьком маім чужыя й незразумелыя, Я зрадніўся з організацыяй с.-д. кінуў усякія думкі аб далейшым вучэньні, а пашоў у гарбары ў лютым 1906 году.

Стаўшы рабочым, я хутка, вясною 1906 г., прайшоў у камітэт капыльскае організацыі с.-д., працуючы старанна сярод Капыльскае моладзі… і пішучы вершы, апавяданьні парасійску. Між работы прабаваў паступіць (1906 г.) у настаўніцкую сэмінарыю. Не прынялі з-за „неблагонадежности“. Вершы я чытаў таварышом дома і ў майстэрні, Тыя хвалілі й паднімалі ва мне дух. Але мяне ўсё не здавальняла штосьці. Не здавальняла датуль, пакуль у 1908 годзе я не напаў на „Нашу Ніву“. Газэта на сваёй мове была для мяне вынаходкаю. Прачытаныя ў ёй вершы мігам абудзілі ва мне цягу да пісаньня пабеларуску; я сеў і напісаў першы верш, які ў студзені 1909 году быў надрукаваны пад назваю „Бяздольны“ і пасьвяціў яго Янку Купалу.

Цяжка жыць бяз долі,
Што рабіць — ня знаю і г. д.

Так я стаў пісаць пабеларуску. Але пісаньне мяне не здавальняла: мяне захапіла цалкам ідэя адраджэньня Беларусі. У 1909 годзе, у ліпені, я паехаў у Вільню, у рэдакцыю „Нашай Нівы“, каб угледзіць тых людзей, якія сталі ў кірунку беларускага руху, а з Вільні пусьціўся ў вандроўку па Беларусі, аб‘яжджаючы гарады і мястэчкі з дапамогаю рабочых-гарбароў. Вандруючы з 1909 г. па 1912 г. па Беларусі, я пісаў вершы, прозу і корэспондэнцыі ў дарозе, у вагонах, на вакзалах, у цесных і брудных каморках, у начлежках, пісаў пасьля работы 11-ці гадзіннай. Большасьць вершаў напісаў у 1912 годзе ў Вілкаміры, Ковенской г. Дзе працаваў і прымаў удзел у соцыял-дэмократычным руху, не пакідаючы руху беларускага.

Правандраваў я тры гады, да 1913 году, калі паехаў у Пецярбург і паступіў на завод; адначасова стаў сябрам рабочага культурна-асьветнага вобчаства „Знание“ і сябрам міжрайённага аб‘яднаньня с.-д. І не пакідаў пісаць пабеларуску вершы і роман „Сокі цаліны“. Пачаў роман у 1914, кончыў у 1916 г. Ў гэты час мой зямляк, вядомы публіцыста А. Кляйнборт пераконваў мяне пісаць парасійску. Аб маіх расійскіх творах пісаў у часопісі „Новая Жизнь“, прарочачы мне ў расійскай літаратуры будучыну, а ў беларускай — змарнаваньне таленту.

Пасьля пяці месяцаў працы на заводзе, быў разьлічаны, тры месяцы цягаўся па горадзе безработным, жывучы на дапамогу сяброў-беларусаў, Б. Шыпілы, д-ра Ярэміча і др., пакуль дастаў службу загадчыка выдавецтва, на якой і захапіла рэволюцыя 1917 году. Да рэволюцыі, у 1916 годзе, працаваў у Бел. Бежанскім камітэце і выдаваў газэту „Дзяньніца“. Пасьля рэволюцыі стаў у кірунку беларускага нацыянальна-революцыйнага руху ў Петраградзе.

Праз увесь гэты час неразрыўна быў зьвязан з бацькамі, якім пасабляў памагчымасьці на жыцьцё. Загубіўшы ўсю сілу на цяжкай чорнай працы, яны здаліся ў барацьбе з ім.

Я мусіў ваяваць і за іх!

Цішна Гартны.

Менск, 29/X — 23.


  1. Прылады ў варстаце.