Перайсці да зместу

Біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Шарахоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Янка Шарахоўскі
1947 год
Крыніца: Полымя. — 1947. — №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я. Шарахоўскі

Біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Аб Дунін-Марцінкевічу, прадстаўніку дваранска-ліберальнага стыля-сентыменталізма на Беларусі, няма дакладных і колькі-небудзь падрабязных біяграфічных вестак, што стварае значныя цяжкасці пры складанні біяграфіі пісьменніка. Далёка не поўныя, часам проста ўрывачныя заўвагі аб жыцці і дзейнасці пісьменніка ў большасці раскіданы на старонках выданняў, якія даўно зрабіліся бібліяграфічнай рэдкасцю. У тых працах аб Дуніну-Марцінкевічу, якія параўнаўча не так даўно з'явіліся ў друку, не вы- яўляюцца новыя матэрыялы, якія далі-б магчымасць запоўніць прабелы ў біяграфіі Дуніна-Марцінкевіча.

Гэта датычыць і тых прац, аўтары якіх мелі доступ да рукапісных матэрыялаў, якія практычна недаступны для іншых даследчыкаў. Так, польскі аўтар даволі вялікай працы аб Дунін-Марцінкевічу І. Голонбек ("Wincenty Dunin-Marcinkewicz poeta polsko-bialoruski", Вільня, 1932 г.) меў магчымасць карыстацца рукапіснай біяграфіяй Дуніна-Марцінкевіча, складзенай прыяцелем пісьменніка, вядомым этнографам Аляксандрам Ельскім (рукапіс гэты пад назвай «Успамінак аб Вінцэнтым Дунін-Марцінкевічу, беларускім пісацелю і аўтару» захоўваўся ў часе напісання І. Голонбекам сваёй працы ў Ромуальда Земкевіча ў Варшаве). Тым не менш, у біяграфіі, складзенай І. Голонбекам на падставе гэтай рукапіснай біяграфіі, мы не знаходзім чаго-небудзь істотнага, што пралівала-б новае святло на жыццё і дзейнасць Дуніна-Марцінкевіча.

Наадварот, мы тут знаходзім часам некаторыя дакументальна неабгрунтаваныя разважанні, якія заблытваюць справу і па сутнасці з'яўляюцца вынікам польскай нацыяналістычнай тэндэнцыі, якую праводзіць гэты аўтар у сваёй працы. У адпаведнасці з сваім упартым жаданнем, у многіх выпадках наўпярок фактам, звязаць жыццё і дзейнасць Дуніна-Марцінкевіча з усім польскім — з польскай культурай і літаратурай - І. Голонбек выказвае нічым не абгрунтаваную думку, што Дунін-Марцінкевіч вучыўся ў Віленскім, а не ў Пецярбургскім універсітэце, як аб гэтым пісалі біографы пісьменніка.

Пытанне аб тым, дзе вучыўся Дунін-Марцінкевіч, мае вялікае прынцыповае значэнне. Калі ён вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, дык тыя сувязі з рускай літаратурай, якія пісьменнік выяўляе ў сваёй творчасці, знаходзяць простае і натуральнае тлумачэнне. Ускосна старую версію аб тым, што Дунін-Марцінкевіч вучыўся ў рускім універсітэце пацвярджае тое, што пасля сканчэння вучобы і звароту ў Мінск ён паступіў на пасаду перакладчыка на рускую мову касцельных актаў. Значыць, ён добра ведаў рускую мову. Але у якім універсітэце — ў Пецярбургскім ці можа нават у Маскоўскім? Звяртае на сябе ўвагу, што ў нядаўна апублікаваным творы «Халімон на каранацыі» Дунін-Марцінкевіч выяўляе добрае веданне Масквы і ў той жа час у яго біяграфіі няма ўказанняў на тое, каб ён калі-небудзь яе наведваў. З сказанага зразумела, што пытанне аб тым, дзе вучыўся Дунін-Марцінкевіч, патрабуе даследвання, пошукаў дакументаў, якія неабвержна высвятлялі-б дзе праходзілі універсітэцкія гады пісьменніка. На сёння-ж, як больш верагодную, трэба прыняць старую версію аб тым, што Дунін-Марцінкевіч вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце.

Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1807 годзе ў фальварку Панюшкевічы, Бабруйскага павету, Мінскай губерні. Бацька яго — пасэсар Бабруйскага павета быў арандатарам (ці па другіх вестках-уладаром) невялікага фальварка[1]. Гэта паказвае, што Дунін-Марцінкевіч паходзіў з асяроддзя дробнай, незаможнай беларускай шляхты.

Дзіцячыя гады Вінцэнт пражыў у Панюшкевічах, тут-жа ён ад сваёй маці Марыі з Воўчацкіх набыў першапачатковыя школьныя веды, што дало яму магчымасць паступіць у павятовую сярэднюю школу ў Бабруйску, якую ён і скончыў у 1824 г.

Дуніну-Марцінкевічу давялося жыць у эпоху, калі на шляху беларускіх інтэлігентаў для ўлаўлівання душ няўхільна паўставаў польскі пан ці ксёндз. У прыватнасці Дуніну-Марцінкевічу вызначыць жыццёвы шлях спрабаваў яго дзядзька, ксёндз Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Для прадаўжэння навукі ён накіраваў юнака Вінцэнта ў Віленскую базыльянскую школу, якая ўяўляла з сябе нешта падобнае да бурсы[2].

Гэтая школа не задаволіла дапытлівага хлопца і для таго, каб атрымаць свецкую вышэйшую асвету, ён паехаў у Пецярбург, які ў той час быў ужо буйным навуковым цэнтрам. Дунін-Марцінкевіч вучыўся на медыцынскім факультэце Пецярбургскага універсітэта, але па невядомых прычынах не скончыў яго і вярнуўся на Беларусь.

Прабыванне ў рускай паўночнай сталіцы, у якой ва ўсіх было ў памяці нядаўняе рэволюцыйнае выступленне дэкабрыстаў, не магло не зрабіць уплыву на светапогляд Дуніна-Марцінкевіча ў кірунку засваення некаторых дэмакратычных поглядаў. Зусім магчыма, што тут ён знаёміўся з творчасцю рускіх пісьменнікаў, у прыватнасці з творамі Н. Карамзіна, якія вельмі блізкія ў ідэйна-палітычным змесце да твораў самога Дуніна-Марцінкевіча. Цікавасць да рускае літаратуры, не гледзячы на паланізаванае культурнае акружэнне на Беларусі, відаць, не знікла ў Дуніна-Марцінкевіча і пасля, калі ён распачаў сваю літаратурную творчасць. У яго «Сялянцы», у прыватнасці, ёсць непасрэдны ўплыў пушкінскай «Барышни-крестьянки», якая ўпершыню з'явілася ў друку ў кастрычніку 1831 года.

Пасля звароту з Пецярбурга Дунін-Марцінкевіч служыў у розных установах аж да 1840 г., калі ён за жончын пасаг купіў непадалёк ад Мінска невялікі фальварак «Люцынку» і асталяваўся там на жыццё. У 1827 г., пасля звароту на Беларусь, Дунін-Марцінкевіч паступіў на службу пры мінскай каталіцкай кансісторыі на пасаду перакладчыка на рускую мову касцёльных актаў.

Праз два гады ён ужо член мінскіх гранічных судоў. У 1831 г. Дунін-Марцінкевіч ажаніўся з Юзэфай Бараноўскай, з якой ён пазнаём уся ў Вільні і ў бацькі якой ён, як быццам, нейкі час служыў. З гэтай жаніцьбай звязана рамантычная гісторыя. Калі бацька Юзэфы не згаджаўся аддаць дачку за Дуніна-Марцінкевіча, дык закаханы Вінцэнт звёз яе і павянчаўся з ёю без згоды бацькі. Уладзіўшы такім чынам свае сямейныя справы, Дунін-Марцінкевіч зноў, ужо разам з жонкаю, прыехаў у Мінск на сталае жыхарства. У наступным 1832 г. Дунін-Марцінкевіч пакінуў пасаду ў кансісторыі і перайшоў на службу ў Мінскую крымінальную палату. Праз нейкі час ён цяжка захварэў і быў вымушаны надоўга пакінуць службу. Толькі ў 1834 г. Дунін-Марцінкевіч вярнуўся працаваць на ранейшую пасаду ў кансісторыю.

У 1839 г. яму было даручана упарадкаванне архіва кансісторыі, і такім чынам ён заняў пасаду архіварыуса. Аднак, працаваў ён на гэтай пасадзе нядоўга, бо неўзабаве купіў сабе фальварак «Люцынку» і ў сувязі з гэтым наогул пакінуў службу. Праўда, і пераехаўшы ў Люцынку і заняўшыся сельскай гаспадаркай, Дунін-Марцінкевіч даволі часта наведваў Мінск, бо меў годнасць шляхоцкага дэпутата.

Літаратурную працу Дунін-Марцінкевіч распачаў амаль у саракагадовым узросце. Што з'явілася непасрэдным штуршком для яго творчай дзейнасці, невядома. Увогуле-ж яго творчасць з самага пачатку выяўляе тую этнаграфічную цікавасць да жыцця, песень, звычаяў і абрадаў простага народа, якая абудзілася на Беларусі ў першай палове ХІХ ст. пад уплывам рускага, часткова і польскага рамантызма. У асяродку ўвагі пісьменніка ў яго дарэформенных творах - узаемаадносіны паміж панамі і прыгоннымі сялянамі. Гэтыя ўзаемаадносіны паказваліся пісьменнікам згодна канонаў сентыментальнай школы. Першы твор Дуніна-Марцінкевіча — опера у двух актах «Сялянка» - быў напісаны на польскай і беларускай мовах. Паны ў «Сялянцы» гаварылі на польскай мове, а сяляне — на беларускай. Упершыню твор з'явіўся ў друку ў Вільні ў 1846 г. Пазней да оперы напісаў музыку знаёмы Дуніна-Марцінкевіча польскі кампазітар Станіслаў Манюшка.

У той час у Мінску утварыўся аматарскі мастацкі гурток, у якім прымаў дзейны ўдзел і Дунін-Марцінкевіч. У яго былі нядрэнныя здольнасці артыста, і часам ён з поспехам выступаў з маленькім сынам і дачкой на публічных канцэртах. Але асабліва любіў ён выконваць ролю войта Наума ў сваёй «Сялянцы», а гэтая опера, як вядома, неаднаразова з поспехам ставілася (у 1852, 1853 і 1855 гг.) на мінскай сцэне. Нават некаторыя свае творы пісьменнік падпісваў псеўданімам: Наум Прыгаворка.

Трэба тут-жа зазначыць, што Дунін-Марцінкевіч усведамляў сябе паэтам беларускім. Яго творчасць на беларускай мове, адрасаваная ў першую чаргу прыгонным сялянам, выклікала нападкі польскіх газет (гл. «Дзённік Варшаўскі», 1855 г., № 188, ст. 4), а таксама нараканні польскіх ці апалячаных знаёмых пісьменніка і нават абвінавачанні ў сепаратызме. Усё-такі крытыкі Дуніна-Марцінкевіча вымушаны былі змірыцца з фактам з'яўлення яго беларускіх твораў. Ромуальд Земкевч гаворыць аб гэтым наступнае (гл. «Наша ніва», № 48, 1910 г.): «Пайшлі гутаркі аб тым, ці беларуская мова мае права да літаратуры, ці гэта простая мова можа адмаляваць перажыванні душы чалавека дый ці добра было-б выдаваць кніжкі ў гэтай мове для простага народа? Думкі падзяліліся: адны казалі, што гэта простая мова можа выразіць усе пачуцці чалавечай душы, другія даводзілі, што яна здатная толькі для простых пачуццяў народных і толькі народнае жыццё можа і павінна адмалёўваць. Трэба, аднак, заўважыць, што ўсе, нават і праціўнікі беларускай мовы, мусілі прыстаць на тое, што друкаваць кніжкі для народа ў зразумелай для яго мове варта і што гэтыя кніжкі — патрэбны».

У сваіх намаганнях залажыць асновы новай беларускай літаратуры Дунін-Марцінкевіч шукаў сабе прыхільнікаў і пад яго ўплывам Сыракомля, Вінцук Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі таксама пачалі пісаць на беларускай мове. Следуючы прыкладу Дуніна-Марцінкевіча ў перакладзе «Пана Тадэуша», Вярыга-Дарэўскі, у прыватнасці, пераклаў на беларускую мову «Конрада Валенрода» А. Міцкевіча.

Паколькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў мінскім культурным жыцці яшчэ моцна адчуваўся польскі уплыў, дык пісьменнік усёткі вымушан быў часам тлумачыць сваю творчасць на беларускай мове перад польскай літаратурнай грамадскасцю. Такім тлумачэннем з'яўляецца ліст Дуніна-Марцінкевіча да вядомага польскага пісьменніка Іосіфа Крашэўскага, упершыню надрукаваны ў «Газеце польскай» (1861 г.. № 111, ст. 2). У гэтым лісце Дунін-Марцінкевіч пісаў: «Жывучы сярод народа, які гаворыць беларускай гутаркай, звязаны целам і душою з яго спосабам думак, думаючы аб лепшай долі гэтага братняга народа, які застыў у дзяцінстве і цемнаце, пастанавіў я, каб заахвоціць яго да асветы, у духу яго звычаяў, паданняў-легенд і здольнасці душэўнай, пісаць у яго роднай мове; і вось з радасцю я хутка угледзіў, што выданыя мною: Сялянку, Гапона, Вечарніцы, Дудара, Купалу народ прыняў з аграмадным упадабаннем, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць і з памяці паўтараць мае, гэтак для яе мілыя творы. З гэтае прычыны распаўсюджваецца ўжо сёння ў часці над Вяллей і Нёмнам, над Свіслаччу, Бярэзінай, Дзвіною, Дняпром і г. д. чытанне беларускага друку, а раз ужо ахвота і любоў да духовае стравы разбуджаны, знойдуцца часам больш багатыя матэрыялы ў роднай мове».

Як мы бачым, тут таксама і ў іншых сваіх выказваннях па гэтаму пытанню Дунін-Марцінкевіч адстойвае сваё права пісаць на беларускай мове і для шырокіх народных мас.

Пры ўсім тым Дунін-Марцінкевіч пісаў творы і на польскай мове. Толькі яго творы на польскай мове ў мастацкіх адносінах значна слабейшыя за беларускія, яны не маюць гісторыка-літаратурнага значэння і з гэтае прычыны не ўключаюцца ў гісторыю польскай літаратуры.

Прайшло амаль дзесяць год з часу выхаду ў свет «Сялянкі», пакуль з'явілася ў друку новая кніга твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1855 г. у Мінску быў надрукаваны «Гапон, аповесць беларуская, з праўдзівага здарэння, на мове беларускага люду напісаная» у адной кнізе з некалькімі вершамі на польскай мове, якія належаць да перыяда з 1848 па 1855 г. Выхад у свет «Гапона» знаменаваў сабой пачатак энергічнай дзейнасці Дуніна-Марцінкевіча па выданню сваіх твораў. У тым-жа 1855 г. у Мінску вышла у свет і другая кніжка твораў Дуніна-Марцінкевіча пад назваю «Вечарніцы і заварожаны». Гэтая кніжка апрача беларускага твора «Вечарніц» змяшчала меладраму у пяці абразах «Заварожаны» на польскай мове.

У наступным годзе, таксама ў Мінску, была выдадзена яшчэ адна кніга Дуніна-Марцінкевіча, якая змяшчала у сабе тры аповесці і і верш. Кніга мела назву «Цікавішся? Прачытай!». Тут паміж твораў на польскай мове была надрукавана беларуская аповесць «Купалле».

У гэты час Дунін-Марцінкевіч як пісьменнік ужо карыстаўся вялікай папулярнасцю. Цікава адзначыць, што не толькі ў творах, але і ў жыцці, у побыце пісьменнік любіў народную прастату. Так, напрыклад, калі у 1856 г. Дуніна-Марцінкевіча наведалі ў Мінску паэт В. Сыракомля, кампазітар С. Манюшка і скрыпач А. Контскі, дык ён на прыёме гасцей выступіў на чале трох дачок, якія былі прыбраны ў беларускае вясковае адзенне і неслі ў руках вянкі і букеты кветак. Сам гаспадар прачытаў гасцям павіншаванне на беларускай мове, якое ў далейшым атрымала назву «Верша Наума Прыгаворкі». Гэта было падобна на дэманстрацыю беларускасці і дэмакратызму.

У 1857 г. памерла жонка Дуніна-Марцінкевіча. Але гэта страта, як відаць, не пакінула глыбокага следу ў душы пісьменніка, бо ў тым-жа годзе, у час паездкі ў Шчарова, ён захапіўся ўдавой Алесяй Грушэўскай з Хоцюхова і ажаніўся з ёю. З другою жонкаю ён паранейшаму жыў у «Люцынцы». Службу дэпутата Дунін-Марцінкевіч у гэты час пакінуў. У гэтым жа годзе ў Мінску вышла з друку кніга Дуніна-Марцінкевіча «Дудар беларускі ці ўсяго патроху». У гэтай кнізе сярод некалькіх польскіх твораў змешчана аповесць у двух абразках «Шчароўскія дажынкі» на беларускай мове, а таксама «Верш Наума Прыгаворкі».

У № 11-12 часопіса «Беларусь» за 1945 г. упершыню апублікаваны твор Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца». Публікатар гэтай аповесці Л. Бэндэ гаворыць аб ёй наступнае: «3 мая 1857 года В. Дунін-Марцінкевіч скончыў работу над вершаванай аповесцю «Травіца брат-сястрыца». 20 кастрычніка 1857 года віленскі цэнзар П. Кукальнік даў дазвол на яе друкаванне. Аднак, з-за прычын яшчэ пакуль што не даследваных, аповесць засталася ненадрукаванай і да гэтага часу была вядомай толькі некалькім асобам.

Цэнзурны рукапіс аповесці разам з другімі рукапісамі В. Дуніна-Марцінкевіча, якія таксама засталіся ненадрукаванымі, 16-17 год таму назад паступіў у архіў кафедры беларускай літаратуры Акадэміі Навук БССР. Вершаваная аповесць «Травіца брат-сястрыца» з'яўляецца вольнай паэтычнай апрацоўкай народнай песні-легенды такой-жа назвы».

У ліку другіх рукапісаў В. Дуніна-Марцінкевіча, пра якія гаворыць тав. Бэндэ, была вершаваная аповесць «Быліцы, расказы Наума». Яна складаецца з двух частак: «Злая жонка» і «Халімон на каранацыі». Гэты твор В. Дуніна-Марцінкевіча ўпершыню апублікаваны Л. Бэндэ ў № 8-9 часопіса «Полымя» за 1946 год. Скончана аповесць, як аб гэтым сведчыць прастаўленая ў канцы рукапіса самім пісьменнікам дата, 20 жніўня 1857 года. Пісалася яна ў Мінску, але на дазвол для надрукавання 23 чэрвеня 1858 года была прадстаўлена віленскаму цэнзару П. Кукальніку. Апошні даў дазвол на надрукаванне «Злой жонкі», а пасля, відаць, раздумаўся, бо не падпісаў частку старонак рукапісу. «Халімон на каранацыі» ён катэгарычна забараніў друкаваць. У сваёй рэзалюцыі цэнзар напісаў: «Гэты ўвесь артыкул не можа быць прапушчаны, а таму яго трэба выключыць». Такім чынам, «Быліцы; расказы Наума» у свой час не ўбачылі свету і захаваліся яны толькі дзякуючы шчаслівай выпадковасці.

У 1859 г. Дунін-Марцінкевіч скончыў пераклад на беларускую мову «Пана Тадэуша» А. Міцкевіча і надрукаваў яго ў Вільні асобным выданнем. Але калі паўстала пытанне аб атрыманні дазволу на распаўсюджанне кнігі, дык паміж віленскім цэнзурным камітэтам і міністэрствам асветы ўзнікла перапіска па гэтаму пытанню, у выніку якой выданне было канфіскавана, а выдаўцу Сыркіну і аўтару перакладу выплачана невялікая грашовая кампенсацыя за панесеныя страты.

Прычынаю забароны выдання быў не змест паэмы, а тое, што яна была перакладзена на беларускую мову. Справа ў тым, што яшчэ ў 1847 годзе міністэрствам асветы быў дадзен загад куратару Беларускай навуковай акругі аб забароне друкаваць украінскія кнігі. У 1859 г. камітэтам цэнзуры міністэрства асветы дано дадатковае указанне аб забароне друкаваць украінскія кнігі лацінскім алфавітам. На падставе гэтых загадаў па аналогіі было забаронена друкаванне кніжак на беларускай мове.

Апраўдваючыся перад міністэрствам асветы на якой падставе было дазволена друкаванне кнігі на беларускай мове, той-жа віленскі цэнзар Павел Кукальнік спасылаўся на тое, што раней дазвалялі друкаваць іншыя творы Дуніна-Марцінкевіча. Але гэтае тлумачэнне, відаць, мала яму дапамагло, бо яго месца ў цэнзурным камітэце заняў нехта Мухін, які і даў загад аб канфіскацыі перакладу[3].

Пасля гэтага выпадка Дунін-Марцінкевіч больш не друкаваў твораў на беларускай мове, бо гэтага не дазвалялі цэнзурныя ўмовы. Але гэта не значыць, вядома, што ён больш не пісаў на беларускай мове.

Больш таго, не гледзячы на тое, што распаўсюджанне беларускіх кніг і, тым больш, пашырэнне асветы праз беларускую школу разглядаліся як антыўрадавае мерапрыемства, Дунін-Марцінкевіч клапаціўся аб пашырэнні асветы сярод народа. Александр Ельскі ў сваім рукапісным нарысе жыцця і дзейнасці пісьменніка піша аб гэтым наступнае: «... Толькі тайна просты народ вучыўся краёвай мове, але ў 1857 г., пасля турэцкай вайны, калі цар Александр II меркаваў вызваліць сялянства з прыгону, ён даў невялікія свабоды ў навучанні і ў той час не забаронена было вучыць па дамах, а таксама засноўваць школы на вёсках; таксама і Марцінкевіч не занядбаў той магчымасцю і зараз-жа у «Люцынцы» для сваіх вяскоўцаў, а ў Мінску для бедных мяшчан заснаваў школы, у чым дапамагалі яму шчыра яго тры дачкі Каміла, Цэзарына і Эладыя. У тым часе пісаў лісты да свайго прыяцеля Адама Кіркора, рэдактара газеты «Кур'ер Віленскі», з просьбай, каб друкаваў артыкулы аб неабходнасці заснавання вясковых школ, бо праз тое можа набяруцца ахвоты багацейшыя людзі, уладары, таксама дробныя жыхары, як ён, Марцінкевіч, і ахвяруюць сардэчна свой дарагі час і сціплыя ўзносы на святую справу асветы народа»[4].

З-за сваёй пісьменніцкай, а таксама асветнай дзейнасці сярод народа Дунін-Марцінкевіч, відаць, быў на падазрэнні ў царскіх улад, бо калі на Беларусі пачала з'яўляцца паўстанцкая літаратура, дык у гэтым абвінавацілі яго. У 1863 г. ён быў арыштаваны і нават прасядзеў дзевяць месяцаў у турме. Дуніну-Марцінкевічу ставілася ў віну, што ён з'яўляецца аўтарам варожых царскаму ўраду беларускіх пракламацый, адозваў, брашур, а тасама газеты «Мужыцкая праўда». Калі з палітычных працэсаў высветлілася, што гэтая літаратура выдавалася віленскімі і беластоцкімі кіраўнікамі паўстання, то Дуніна-Марцінкевіча выпусцілі на волю.

Тым не менш над Дуніным-Марцінкевічам быў устаноўлен паліцэйскі нагляд, які замінаў яму у яго пісьменніцкай і асветнай дзейнасці і вымушаў да асцярожнасці. Як сведчыць беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., Дунін-Марцінкевіч у гэты час «з пісаннем сваім, з думкамі сваімі замыкаўся ад усіх у каморцы». Але і пасля паўстання 1863 г. ва умовах мураўёўшчыны, ва ўмовах забароны беларускага друку, не маючы надзеі, што яго творы хаця-б у недалёкай будучыні ўбачаць свет, Дунін-Марцінкевіч прадаўжаў справу свайго жыцця справу стварэння блізкай, зразумелай простаму народу літаратуры на пагарджанай з боку польскіх паноў і царскіх чыноўнікаў «хлопскай», беларускай мове.

За сваё жыццё Дунін-Марцінкевіч па таму часу даволі многа ездзіў па Беларусі, ён, у прыватнасці, апрача Вільні і Бабруйска наведваў Мазыр. Як відаць, у выніку паездкі на Палессе ён пазнаёміўся з мясцовай гаворкай і ў 1866 г. напісаў камедыю «Пінская шляхта» ў пінскім дыялекце. Гэты твор паслярэформеннага часу сваёй праблематыкай значна адрозніваецца ад папярэдняй творчасці пісьменніка. Тут ужо мы бачым не ідэалізаваных у духу сентыменталізма паноў, а паказаных са значнай доляй крытыцызма напышлівую і невуцкую ваколічную шляхту і дробных прадстаўнікоў царскай адміністрацыі. «Пінская шляхта» пры жыцці пісьменніка не была надрукавана і ўбачыла свет толькі пасля Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі, у 1923 г. (зборнік «Сцэнічныя творы», кніжка першая, Мінск). Прычым, надрукавана яна была цалкам на беларускай мове.

У творчасці Дуніна-Марцінкевіча параўнаўча пашыраны жанр павіншавальнага верша, адзін з такіх вершаў на беларускай мове «Верш Наума Прыгаворкі» мы ужо ўпаміналі. Дайшоў да нас і яшчэ адзін такі верш «Заўтра спаса, кажуць людзі», які звязаны з наведваннем пісьменнікам фальварка «Тарасевічы» на Бабруйшчыне. Напісаны верш у 1868 г. Упершыню надрукаваны ў газеце «Минский листок» (№ 165, стар. 2. 1902 г.) без подпісу аўтара, а пасля перадрукаваны ў зборніку «Заходняя Беларусь» (Вільня, 1924 r.).

Адсутнасцю магчымасці надрукавання трэба тлумачыць той факт, што і другая камедыя паслярэформеннага часу Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» праляжала ў рукапісе каля пяцідзесяці год і ўпершыню была надрукавана толькі ў 1918 г. (зб. «Сцэнічныя творы», Мінск). У сваёй ідэйна-палітычнай накіраванасці п'еса блізкая да «Пінскай шляхты», толькі крытыкуецца ў ёй не старая шляхта, а беларускія калупаевы і разуваевы (у асобе Сабковіча), якія ў гэты час усякімі праўдамі і няпраўдамі пачалі прыбіраць к рукам дваранскія гнёзды. У «Залётах», як і у «Сялянцы», паны гаварылі на польскай мове, а сяляне-на беларускай. Надрукавана-ж была камедыя на беларускай мове.

Да апошніх год свайго жыцця пісьменнік, клапоцячыся аб асвеце народа, прымаў усе магчымыя захады, каб яго творы друкаваліся і даходзілі да чытача. Так вядома, што ў 1882 і 1884 гг. ён звяртаўся у па гэтаму пытанню да рэдактара «Краю» Пільтца, просячы, каб ён надрукаваў «Сялянку» і пераклад «Пана Тадэуша». Але намаганні пісьменніка ў гэтым кірунку аказваліся дарэмнымі, і многія яго творы асталіся ў рукапісах. Частка з іх, безумоўна, беззваротна загінула. Адна з дачок Дуніна-Марцінкевіча, у прыватнасці, сведчыла, што поўны кубел рукапісаў згарэў у часе пажару пісьменнікавага дому.

З твораў, лёс якіх невядомы, у розных крыніцах уламінаюцца аперэткі «Пабор рэкруцкі» (інсцэніроўка аповесці «Гапон») і «Вайна музыкаў». Музыка да гэтых твораў, як і да «Сялянкі», была складзена Станіславам Манюшка. Апрача таго, упамінаюцца яшчэ «Цудовыя воды». Варта тут прыгадаць, што Дуніну-Марцінкевічу прыпісваецца ў рукапісе напісаны яго рукою, але без яго подпісу верш «Вясна голад перапала», які адносіцца да 1860 г.

Да самай смерці Дунін-Марцінкевіч не пераставаў думаць пра народ і пра яго духоўны пажытак» (А. Ельскі, рукапісная біяграфія, ст. 22). Памёр ён 17 снежня 1884 г. Суседзі-сяляне занеслі яго на могілкі ў Тупальшчыне і там пахавалі.


  1. На карысць думкі, што бацька пісьменніка быў арандатарам, гаворыць той факт, што ні ў біяграфіі ні ў творах Дуніна-Марцінкевіча няма ўпамінанняў, каб ён калі-небудзь наведваў фальварак бацькі ці каб узнікала пытанне аб спадчыне. У той-жа час звяртае на сябе ўвагу, што набытаму ім фальварку «Люцынцы» Дунін-Марцінкевіч нават прысвяціў твор («Люцынка або шведы на Літве», 1861 г., на польскай мове).
  2. І. Голонбек у вышэйпамянёнай працы аспрэчвае прынятую некаторым біографамі версію аб тым, што Дунін-Марцінкевіч вучыўся ў Бабруйскай гімназіі і Віленскай базыльянскай калегіі. Ён спасылаецца на «Уставы камісіі народнай адукацыі» (выд. Буяльскім, Варшава, 1902, Табель школ камісіі народнай адукацыі з 1776 г.) і працу (Пазнань, І. Лукашэвіч «Гісторыя школ» 1849 г., т. II. стар. 267 - 273), з якіх нібы відаць, што такіх навучальных устаноў у той час у Бабруйску і Вільні не было, а былі школы, заснаваныя на месцы былых іезуіцкіх школ.
  3. Гл. прадмову да «Пана Тадэуша», выданне «Беларускія песняры», т. ІІ, стар. 1, Пецярбург, 1907 г.
  4. І. Голонбек. цыт. праца стар. 38.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.