Травіца брат-сястрыца
Травіца брат-сястрыца Паэма Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 1857 Крыніца: Беларусь. 1945, № 11, 12 |
Арыгінал лацінскімі літарамі |
Хочаш ты з дворкай жаніцца?
Ідзі лепш, братка, тапіцца!
Частка 1-я
[правіць]- З нядзелі на панядзелак
- Данілку бяда стала -
- Малявана скрыня прапала,
- Прапала скрыня малявана,
- Дачушка кахана.
- Я тую скрыню маляваную
- За дзень прызабуду,
- Сваёй дачушкі каханай
- Павек не забуду!
- З мясцовай вясельнай песні
Там, гдзе сіняю устужкай
Уецца па лугах Днепр стар,
Гдзе пастух з краснай пастушкай
Весела пасе тавар,
А зялёныя даліны
Стракаты дыван прыкрыў,
На ім красныя каліны,
На ім усякі цвет зацвіў, -
Пры рацэ да пры шырокай
Панскі хорам там стаіць,
А ў даліне глыбокай
Вяліка сяло гудзіць.
Ой, даўненька ж то, міленькі!
Мо’а гадкоў сотні з тры,
Тагды й народ быў глупенькі.
Не умны ж былі й паны!
Праўда! Нечага казаці,
Хоць розум вялік не быў,
Зато чэсць была ў хаці,
Пан, мужык праўдай суліў.
Не то, што цяпер, у свеця
Людзі хітрасцю жывуць,
Чы мужык, чы пан з вашэця,
Свайго бацьку к чорту шлюць.
Адно толькі розум справіў —
Бога людзям даў спазнаць,
Святой верай душу збавіў,
С’учыў Хрыста мілаваць;
Бо што Гасподзь Бог праўдзівы,
Радка хто тагды с’умеў,
Верылі у казкі, дзівы.
Малілісь, як хто прыспеў;
Ледзь дзесяты налучыўся,
Што рад кланяўся Хрысту,
Дый то цішкам прытварыўся,
Штоб не папасць у бяду.
У хораме белым жыў-быў добры пан,
Вялікага роду з князей крывічан;
Барысам ён зваўся, у рыцарстве слыў,
З літоўскім мацарам, вось родны брат, жыў.
Бывала, князь Вольгерд вайну загадае,
Паляванне зладзіць,— вось Барыс стралой
К сваяку пусціўся, — яму памагае;
Літоўскаму князю быў правай рукой!
Дарагім ён кладам дамашняй чалядцы;
Для мужычкоў бацькам, — усякі старацца
Аб панскае дабро сэрцам, дзеткі, рад!
Зато ў яго зямлі вялікі быў лад!
У пана Даніла ўкаханы служка,
Равеснік ён князю,— найвярнейшы дружка.
На вайне, бывала, чы ў гасцях гуляе,
Даніла ні шагам пана не кідае.
Вось Даніла смуты на старасць дажыўся:
Трэба ж,— як наліха,— трэці раз жаніўся.
Узяў маладзеньку жонку, разгаворну,
Красну, баш малінку,— бяда! — дзеўку дворну.
Яна на ігрышчах гуляці любіла,
К сабе сінім вочкам дзецюкоў маніла,
Мужнінай хаціны, баш, не пільнавала,
Не раз яму ліха за каўнер нагнала!
Першыя дзве жонкі — аж успомніць міла!
З імі, як у раі, жыў бедны Даніла.
Ледзь з добрай папоўнай шчасна жыці стаў,
Вось Бог пашанцаваў — трое дзетак даў.
З другою ж — Матрунай — ён іх узрасціў,
А з трэцяй — на гора! — па свету пусціў:
Памеж чужых людзей пабралі служыць,
З матчыхай, баш, злою нельга дома жыць.
Даніла Краковіч — так яго манілі,
З Агапкай папоўнай Мірона, Хартона,
Двох сыноў дый трэцю дачушку прыжылі;
Ой, прыгожа ж была дочка іх Алёна!
Была б і шчасліва — нечага казаці!
Да асірацела — змерла родна маці;
Плакаў добры бацька, плакалі і дзеткі,
Што ж плач тут паможа? Божы Суд быў гэткі.
З другою злучыўся: добрая Матрона
Для мужніных дзяцей, баш маці радзона!
Да і та не доўга з Данілам пажыла,
І яе сырая узяла магіла.
Трэці раз жаніўся — папалася дворка!
Добра кажа, дзеткі, людска прыгаворка:
Пры дварэ не многа добрага навучаць,
З наровамі злымі пэўне цябе зручаць.
І смагла Усціння, хоць лічыкам красна,
Губкі, баш малінкі, вочкі — неба ясна!
Зато ж душа яе, як сажа, чарненька,
На ўсякія злыя прыхаці радзенька.
Пры добрым Барысу, у палацы, пякарні
Ахвіцялістых — вось сабак у псярні!
Усе рады князю праўдаю служыць,
Для яго ў дзеле жыццём налажыць.
Кукаль у пшаніцы, у жыце мятліцу.
Так меж добрых людзей знайдзеш злу травіцу;
А хоць панска вока ўсюды загляне,
Да выследзіць злое Бог толькі ў стане.
Быў у дварэ коман — зваўся ён Батог;
Перад панам лісам, у сяле — крый Бог!
Так над мужычкамі здзекаваўся срога,
Усяк, баш гадзюкі, чураўся Батога.
Зато ж красны дзеўкі к яму прыліпалі.
У карчме ахвотна з команам гулялі.
Бо ён - як наліха! — сабой маладзенькі,
Відны, баш таполя, і ліцом міленькі.
Дзіва ж што Усціння яго палюбіла,
Яшчэ пакуль з ёю жаніўся Даніла;
Вось мела надзею з команам злучыцца,
Памеж мужыкамі шляхецтвам хваліцца.
Да коман не дурань! - любіў з ней гуляці,
Пакуль аб жаніцбе не стала казаці;
Тут быццам маркотны — дзеўцы адмаўляе,
Кажа -ліхі бацька не благаслаўляе.
Гневалася доўга, слязьмі залівалась,
Аж з бедным Данілам на бяду звянчалась.
Пасля ж, на ігрышчы угледзя Батога,
Забыла прысягі — забыла і Бога!
У людскай натуры здаўна зло такое.
Што ляпей смакуе, дзетачкі, чужое;
Вось пакуль Усціння дзеўкай у дварэ жыла,
Патуль і коману не была так міла;
Не паспеў жа стары з жонкай абазнацца,
Палядзь! не на жарты коман стаў цягацца,-
Яны зноў з сабою гналі ветры ў полю,
А Даніла плакаў на сваю злу долю.
Бывала, Даніла пры князю ў пакою,
А Усціння сыноў пагоніць з сахою,
Гусей пасці кажа прыгожай Алёне,
Сама ж прыбярзцца — сядзець пры аконе
Дый, з тугой на сэрцы, комана чакае,
Яго нецярплівым вокам выглядае.
Вось напражыць каўбас, бліноў, верашчакі,
З мужнінай пшаніцы упячэць праснакі,
Гарэлкі прыдбае дый мёду насыціць,
Штоб міламу стала здаволь з’есці, выпіць.
А як муж ад князя прыбрадзе дахаты,
Сыны прыйдуць з поля, - вось яна багаты
Полудзень наскора ў клеці схаваець,
Кіне на стол хлеба дый яшчэ- палаець:
«Вы, баш, дармаеды,— цяжка працаваці!
А да міскі скоры! — не трэба вас гнаці».
На таку гаворку плачуць бацька, дзеткі;
Да што ж плач паможа? Знаць, Божы Суд гэткі!
Жылась так тры годы,— сыны разбрыліся,
У чужбіну з сваім горам панясліся;
Пры Усцінні толькі асталась Алёнка,
Ой, на бяду ж расла сірата-дзяўчонка!
Матчыха часценька жадна паглядаець,
Што прыгожа дзеўка, відна, расцвітаець.
Яна ж, як наліха, збрыдла, пахудзела,
На ягадах краска ўжо краснела.
Хітра была баба! Хоць, баш, наракала,
Што пагана старасць ужо прылягала.
Штоб коман не кінуў, у трывозе жыла,
А комана ж яна горача любіла!
Хоць на душы гора, да ў галаве ліха!
Вось якога піва наварыла сціха:
Нявінну Алёнку, быццам родна маці,
Начала галубіць, штобы прывязаці
Да сваей злой долі, — штоб на старасць можна
Красою дзяўчыны таргаваць бязбожна.
Дагадаўся бацька - выбіў злую жонку,
Пачаў навучаці свавольну Алёнку:
Да, баш, мададзенькі розум не дзівота,
Не спазнае добра — да злога ахвота.
Жалілась Усціння на мужа Батогу,
Што беленькай спіне даў навуку срогу,
І коман за мілу — крый Бог! — разазліўся.
Да крыві з Данілам старым ён пабіўся.
Мужык не прапусціў такую сваволю.
Пажурыўся князю на сваю нядолю;
І пажалеў Барыс вярняка старога,
І прыказаў выгнаць са двара Батога.
Што ж Батог? — даў цягу — памінай як звалі!
Да разам з Усцінняй і Алёнку ўзялі!
Журыўся Даніла па дачцэ Алёнцы,
З ліхвой сотню чартоў слаў паганай жонцы,
Крывавыя слёзы ліў на стары леткі,—
Да што ж плач паможа? Божы Суд быў гэткі!
Старому на свеце і жыццё не міла,
Крахтаў, пакуль яго забрала магіла.
Батог жа з Усцінняй, Алёнкай прапалі,
Ні вестачкі аб іх — як у воду ўпалі!
Частка 2-я
[правіць]- Сасновыя дошкі
- Да сціснулі ножкі,
- Да сціснулі ножкі, - нельга мне крануць;
- Сырая зямля грудцы налягла - нельга крануць;
- Жоўты пясочак засыпаў вочкі - нельга праглянуць;
- Сырое каменне пазабоччу ляжыць - нельга павярнуць.
- З мясцовай вясельнай песні.
І ў старыну бывала,
Маўляў у нашу пару,
Вось людзям заўсёды мала,
Жадны чужому дабру.
Мер асмінай карбаванцы,
Каўшом сала на пратак,
Да ўсё мала! як паганцы,
Ім чужое ідзе ўсмак!
Мужычок жа й тагды ціха
Рад бы дома працаваў.
Да панкі тварылі ліха,
А наш бедны лоб трашчаў.
Маючы свае мацарства,
Дзерлісь аб кусок раллі,
А прыйшла смерць — з гаспадарства
Тры локці бралі зямлі.
Вось Мсціслаў, сын Манамаха,
Як на Русі правіць стаў,
Крывічанам дзеле страха,
На Барыса ён напаў.
«Чаму проціў маёй волі
Збратаўся ты з літвіном?
Не рад хлебу, не рад солі,
Мінаеш мой князеў дом?
Не хочаш са мной злучыцца,
Заўсёды у дружбе жыць,
Пара ж табе навучыцца,
Як свайму пану служыць!
Бо твой пан,- то я! — князь можны;
Твае землі — то мой клад;
Досыць жа табе, бязбожны,
З літвінамі вясці лад.
Князь літоўскі, жалься Божа!
Невяліку помач дасць,
Дый твой Мінск тут не паможа,
Ліхам пойдзе твая ўласць!»
Такую грамату вялікі Мсціслаў
Чэраз свайго служку да Барыса слаў;
Барыс іспугаўся, крый Бог! — пабляднеў,
Ледзь князёву карту прачытаць успеў,
К літоўску мацару пасольства вядзе:
«Ратуй, мой лябедзька, у страшнай бядзе!
Я ж табе ў дзеле правай рукой быў,
Вось, як родны братка, дружбаю служыў.
Мае крывічане дый твае літвіны
Памяшалісь, маўляў адных бацькоў сыны.
Прышлі ж ты мне помач у такім няшчасці,
Збаў жа прыяцеля ад ліхой напасці!»
Не так страшна ўвосень бурны ветры дуюць
І дняпроўскі воўны на вясну бушуюць,
Як Мсціслаў ў Барыса землях гаспадарыць,
Ліхога ж там піва крывічанам варыць!
Пакуль жа літоўскі князь помач прыслаў,
Вось горад Барысаў Ушэвалад забраў
Дый загнаў князёчка ў казіны рог,
Ледзь з сваімі ў Слуцку апынуцца змог!
Крыху абадрыўся - вось каля Бабройска
З літоўскаю сілай злучыў свае войска.
У князя Барыса быў ваяк адзін,
Страшэнны ў дзеле! Данілін то сын;
Саколікам быстрым у рыцарстве слыў,
Бацьку ён у князя дзельна заступіў.
І сабой ён быў прыгожы,
З прыяцелем гульнуць рад,
Сэрца не дзяржаў ў старожы,
Смалой ліпнуў да дзяўчат!
Дзеўкі ж, быццам ненарокам,
Не адна міла зіркне,
Як на ігрышчы з падскокам
Мірон крутуху вядзе.
У Слуцку ратуш вялік,
Пры нём каменны палаты;
Там чы ўдзень, чы ўночы крык -
Там сотнікі і салдаты
Весела час праважаюць,
Гарэліцу папіваюць!
Там, узяўшыся над бокі,
З дзяўчатамі ладзіць скокі
Сотнік ліха галава!
З ім наперадзе Алёнка
Завадзіць прыпеўкі звонка,
Аж душа млее радна!
Апанас — дзельны музыка!
Не жалее, браткі, смыка,
Аж са скрыпкі ляціць дым;
Ту! га! — ратнікі вясёлы
Крычаць, падкасаўшы полы,
А Мірон тут вядзе прым!
Гаспадары ж, маладзіцы
Па куточках у святліцы
Завідным вокам глядзяць;
Не адзін чупрыну гладзіць,
Не адна спаднічку ладзіць,
Хацелася б пагуляць!
А дзецюкі, штоб прымелі,
Мірона б у кашу з’елі,
Завісць муціць ім спакой,
Што ён усцяж пры Алёне,
Як агонь пры абалоне,—
Вось прыстаў к дзеўцы душой!
Не ад таго ж і дзяўчына
Вось краснее, баш маліна,-
Дзяцюк абняў тонкі стан;
Быццам на крылках нясецца,
А сэрца ж? — молатам б’ецца!
Міла з хлопцам вясці тан!
Не адзін з вас, мае дзеткі,
Чытаючы казкі гэткі,
Страх цікавы папытаць:
Адкуль узялась дзяўчонка,
Чарнабрывая Алёнка?
Усяк бы рад яе спазнаць.
Вось пры ратушы ў Слуцку
Стаяць каменны палаты,
То карчма! На згубу людску
У карчме шынкар багаты.
А хоць стара яго жонка,
Да, знаць, прыгожа была;
Зато ж дочка іх Алёнка,
Маўляў вісенька, цвіла!
Яе губкі — баш каралі,
А лічка — з малаком кроў!
Сіні вочкі сэрца бралі!
Волас чорны, чорна броў.
Дзецюкоў цэла грамада
К дзеўцы быццам лезе ў брод.
Што ж? Алёнка гуляць рада,
Да сэрца яе, баш лёд!
Не адзін грашмі хваліўся,
Штоб за сэрца яе ўзяць;
Дарма маці, бацька зліўся,
Дзеўкі нічым не уняць.
Не адзін яснавяльможны
Селяжнём к ней падплываў;
Да дзяржыся астарожны,
Штоб зубоў не пазбіраў!
І яе ж прыйшла гадзіна,
Сэрца нашло галубца!
Вось зіркнула раз дзяўчына
На сотніка-маладца!
І з тых пор яны душою,
Сэрцам к сабе прыляглі
І з тых пор памеж сабою
Вечну міласць прысяглі!
Не раз, седзя пры Алёнцы,
Сотнік таку рэч казаў:
«Мае шчасце! Мае сонца!
Бог цябе са мной звязаў.
А калі б людзі злыя
Хацелі нас разлучыць,
Сведкамі мне усе святыя!
Перастану ў свеце жыць».
«Ах, і мне не стане сілы
Дажыць разлукі з табой;
Я умру, мой лебедзь мілы,
Верна прысязе сваей!»
Такія з сабою часценька
Разгаворы жадны весць;
Дый маці была радзенька —
То ж вяліка дочцы чэсць!
Бо і сотнік быў багаты,
У князевай ласцы стаў;
Дазволіла, штобы сваты
Ён да Алёнкі прыслаў.
І пайшло там дзела ладам,
Ручнікоў у дзеўкі цьма!
Бацькі, сваты, другі радам
З маладымі да ксяндза
Ідуць! Панас на скрыпіцы
Вясельну песню вядзе,
А дзяўчаты, маладзіцы,
Кожна з іх гэтак пяе:
«Закладайце сенца,
Паедзем да венца;
Няма ксендза дома,
Паехаў да Львова
Ключыкі купляці,
Касцёл адчыняці,
Двое дзетак вянчаці.
Дзеткі не адналеткі,
Не аднаго айца;
Адно радзонае,
Другое сужонае.
Радзоны Міронка,
Сужана Алёнка,
Яна ж табе жонка!»
Дзед касцельны у званіцы
На малітву зазваніў
Дый маладым да капліцы
Насцеж дзверы адчыніў.
І, як галубок бяленькі,
У арнаце залатым,
Выйшаў ксёндз вельмі старэнькі
Благаславіць маладым.
Найперш, дзеткі, ён спытаўся
Як малады называўся
Дый з якіх старон прыбыў.
Тут сотнік уголас цэлай
Начаў так ксяндзу казаць:
«Мужык я із Русі-белай —
То ж мая раджона маць!
Па бацюшку я Краковіч,
Данілам маніўся ён;
А па матушцы Паповіч,
У сяле князя наш прытон.
Даўно змер стары Даніла,
Прагараваў ён век свой;
Асталась сястрыца міла,
З ёю, пэўне, брат радной».
Чаму ж маці пабляднела,
Як пачула рэч таку?
Чаму дочка абамлела,
З крыкам пала на зямлю?
Яна рукі заламала,
Горкі слёзкі стала ліць,
Пасля Мірона зазвала
Дый начала галасіць:
«Братачка ж ты мой родненькі!
Горку ж долю Бог нам даў,
Чаму ж ты мяне, міленькі,
Як сястрыну не спазнаў?
Тагды б я цябе любіла
Братнім сэрцам і душой,
Тагды б і грэху не была
Жыць пры табе, братка мой!
Матчыха нас пагубіла,
Падмовіла кінуць дом;
Штоб яе гора пабіла.
Пабі ж яе Божы гром!»
Вялікі ж дзяўчаці мукі!
Ручонкамі цісне грудзь,
Упала дружкам на рукі,
Дый памінай як завуць!
Гоман, крык зрабіўся ў Божым касцеле,
Дарма сталі дзеўку вадою крапіць;
Вось якой прыгодай кончылась вяселле,
Няшчасна Алёнка перастала жыць.
Што ж зрабіў Мірончук? Ён маўляў збясіўся,
Уцёк із касцёла, к Случы падбяжаў,
Иры берагу шчыра Богу памаліўся
І, як цяжкі камень, у ваду ўпаў!
Да пакуль жа яму прыняслі спамогу.
Душа ўляцела — пайшла служыць Богу!
Злой матчыне совесць здароўя забіла,
У вялікіх муках года не дажыла;
А Батог із нуды гарэлкай запіўся,
Не мінуў і месяц — з Гапкай ён злучыўся.
Мірона ж, Алёнку усе жалавалі,
У адной магіле родных пахавалі;
Да на той магіле вырасла травіца,
І людзі назвалі яе «брат-сястрыца».
Дзеўкі ж маладзенькі траўку тую рвалі
І няшчасных песняй такой паміналі:
«А ў Слуцку па рынку
П’юць два браты гарэлку;
Адзін брацец гаварыць:
Перастаў Даніла жыць;
Ён з жонкаю дзетак меў,
А з другою узрасціў,
А з трэцяю распусціў,--
Род яго бяду сустрзу!
Ехаў сотнік Краковіч,
Па матушцы Паповіч,
Дый заехаў у стадолу,
Са стадолы ў камору:
«Шынкарачка малада,
Дай мне віна гарцы два!» -—
«Кажу табе віна даць
Дый у цябе жупан зняць». —
«Нашто табе мой жупан?
Дам я табе грошы збан».—
«Калі ў цябе грошы збан,
Я за цябе дочку дам».
У суботу зручылі,
У нядзельку злучылі.
«Скажы, скажы, міленькі!
Галубочак сызенькі!
Як тваё назвіска?» —
«Па бацюшцы Краковіч,
Па матушцы Паповіч;
Бог жа мяне захаваў,
Што з табой к вянцу не стаў!»
Пайдзём жа на магілу.
Нарвём травы сілу,
А як будзем траву рваць.
Брата, сястру памінаць;
Скажам то ж травіца,
Што «брат і сястрыца»!