Перайсці да зместу

Наша Ніва (1906)/1910/48/Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці В. Дунін-Марцінкевіча Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне
Артыкул
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1910 год
Памяці Вінцука Марцінкевіча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне.



Пачатак XIX сталецьця адзначыўся вялікім ажыўленьнем ў адраджэньні беларускаго народу. Паступовые (прогрэсіўные) дэмократычные думкі, якіе сталі шырыцца пасьля французкай рэволюціі, за часоў Наполеоноўскіх войн, дайшлі і на Беларусь да людзей, каторые не разумелі жыцьця без поступу. Гэтые людзі, прыглядзеўшыся блізка да жыцьця беларускаго народу, паміж каторым жылі, зразумелі, што каб падняць гэты народ да новаго лепшаго жыцьця, трэба ня толькі несьці яму асьвету, але і старацца вывясьці яго на свабоду з цяжкай няволі-прыгону. А палажэньне гэтаго народу было надта цяжкое. Загнаны беларус ў сваей цяжкай працы забыўся, што ён чэлавек і што ён можэ мець правы чэлавека і грамадзяніна. Асьвяціць яго, прыгатаваць да лепшаго будучаго жыцьця зрабілося думкай беларускіх пісменнікоў XIX сталецьця. Ня гледзячы на цяжкіе варункі, ў каторых трэба было працаваць, народные працоўнікі сьмела ўзяліся за сваë вялікае, сьвятое дзела. Прапаведываць паступовые ідэі аб правох чалавека і грамадзяніна было ў той час дужэ трудна і не зусім беспечна. Аднак гэтакіе думкі не перэставалі шырыцца паміж маладымі людзьмі на Беларусі.

Пашырэньню поступовых думак шмат памог літэратурны кірунак — романтызм, каторы ў той час пачаў цікавіць усіх, хто толькі працаваў на літэратурным полі. Романтызм ўнёс ў літэратуру больш ажыўленьня і фантазіі, чым яго было ў классыцызме, ды звярнуў вялікую увагу на народную паэзію. Людзі сталі цікавіцца народным творчэствам, сабіралі легенды, казкі і песьні, далей, апіраючыся на гэтым фундаменці, пачалі пісаць і штучные творы. Цэль беларускай літэратуры быў у тым, каб даць селянам патрэбную ім страву для душы і заахвоціць іх да чытаньня кніжок; апроч таго літэратура гэта павінна была звярнуць увагу памешчыкоў на селян і іх гаротнае жыцьцё.

Пісаць у той час па беларуску і друкаваць гэткіе творы было дужа трудна. Выступалі проціў таго ўсе, для каго беларуская мова была „хамскай“, нягоднай дапушчэньня ў літэратуру. З беларускіх пісменьнікоў сьмеяліся, а калі ўжо іх не лаялі, дык глядзелі падазрыцельна, бытцам на революціонероў. Німа што казаць, што і цэнзура ў той час не прапусьціла бы ў друк беларускай кніжкі для народа, апроч этнографічных матэр’ялоў каторые друкаваліся для вучоных.

Гэткае палажэньне будзіўшэйся да жыцьця беларускай літэратуры не магло памагаць шырокаму развіцьцю, не магло сабраць ўсіх народных працоўнікоў у адзін гурток, каторы ўзяўся бы кіраваць справай літэратурнаго і національнаго адраджэньня. Першые беларускіе пісменьнікі: Манькоўскі, Баршчэўскі, Вэрыга-Дарэўскі ня мелі можнасьці відзець у друку сваіх твороў і дзеля таго гэтые творы шырыліся ў рукапісах. Можна сказаць, што ў XIX сталецьці не было такога беларускаго пісменьніка, катораго творы не хадзілі бы з рук у рукі ў рукапісах.

Што для народа патрэбна была гэта літэратура, што ён чуў патрэбу душэўнай стравы, відаць хоць-бы с таго, што песьні і вершы першых беларускіх пісменьнікоў, як напрыклад Баршчэўскаго, Чачота, Рыпінскаго, Марцінкевіча, так глыбока увайшлі ў народ, што пасьля этнографы запісывалі іх з вуст народа, бытцам чыста народные творы[1]. Як відзім, беларуская літэратура XIX сталецьця мела сваё значэньне і ў цяжкіх варунках, хаця с пачатку ціха і ня сьмела, не перестала аднак развівацца. — Беларускіе пісменьнікі першай палавіны XIX сталецьця і значэньне іх „рукапіснай“ літэратуры дагэтуль ешчэ крытыкамі не ацэнены. Можна сказаць, што на жаль, некаторые крытыкі ня толькі не звярнулі увагі на вельмі цяжкіе варункі літэратурнай працы гэтых пісменьнікоў, ня толькі не цікавіліся тым, што аб гэтых пісменьніках і іх творах пісалі крытыкі таго часу, але нават саўсім адмаўляюць ім сур’ёзнаго значэньня[2]. Як гэта несправедліва німа што і казаць. Праўда, што сабраць творы гэтых пісменьнікоў трудна, але ўсё-ж ткі многа цікаваго і важнаго матэр’ялу, які памешчаны ў старых газэтах, ня так ужо было трудна прагледзіць і выкарыстаць, каб крытыка была больш поўная.

З усіх беларускіх пісменьнікоў таго часу аднаму толькі Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу пашанцавало відзець за жыцьця свае творы ў друку, хоць і яму прыходзілося шырыць свае творы ў рукапісах.

Вінцук Дунін-Марцінкевіч быў сынам дробнаго пасэсара Яна Марцінкевіча і Мар’янны з Воўчацкіх і радзіўса ў фольварку Панюшкевічах, каторы яго бацька тады арэндаваў. Панюшкевічы лежаць над самай Бярэзінай у неколькіх верстах ад Бабруйска, ў Міншчыні. Там пражыў малады Вінцук свае дзяцінные і школьные гады, пакуль ня скончыў сярэдняй школы ў Бабруйску 1824 года. Скончыўшы сярэднюю школу, Вінцук паехаў у Вільню для далейшай навукі ў колегію айцоў базыльяноў, куды яго аддаў дзядзька, мітрополіт літоўскі і беларускі, ксёндз Станіслаў Богуш-Сестрэнцэвіч. У Вільні Марцінкевіч прабыў ня доўга і паехаў у Пецербург да унівэрсытэту, вучыцца за доктара. Але мэдыцына скора яму абрыдла; ён пакінуў яе і вярнуўся да хаты, дзе прабыў крыху часу. У 1827 гаду Марцінкевіч дастаў службу пры каталіцкім консысторы ў Менску. У 1829 гаду, апрача працы ў консысторыі, Марцінкевіч быў членам у камісіі менскіх гранічных судоў. У 1831 гаду ён ажаніўся з Юзэфай Бараноўшчанкай і скора, бо ў 1832 гаду, пакінуў працу ў консысторыі і перайшоў у канцэлярыю Менскай крымінальнай палаты. Але тутака Марцінкевіч з вялікай працы захварэў цяжка, і прыйшлося гэту службу пакінуць. Пасьля ўжо ў 1834 году Марцінкевіч ізноў паступае на службу ў консысторыю, дзе дастаў мейсцэ транслятора (перэкладчыка) папераў на расейскую мову. У консысторыі працаваў ён ажно да 1839 г., года скасаваньня уніі. У гэтым 1839 гаду зверылі Марцінкевічу упарадкаваньне консысторскаго архіва, і пасьля гэтаго яго служба ў консысторыі была скончана. Марцінкевіч на службе здалеў злажыць невялікі капітал з сваей цяжкай працы і ў 1840 гаду купіў маленькі фольварак Люцынку ў Менскім павеці, Першайскай парафіі. З гэтай пары жыў ён ў Люцынцы, але часта ездзіў, а пасьля нават жыў у Менску, дзе меў невялікую і ня трудную службу пры шляхоцкай дэпутаціі. У 1857 гаду Марцінкевіч заўдавеў, пакінуў службу дэпутата, а пасьля ў 1858 гаду ажаніўся другі раз з удавой Гружэўскай і тады асеўся саўсім ў Луцынцы.

Першай літэратурнай працай Марцінкевіча была „Селянка“, опэра ў двох актах (зьявах. дзеях).[3] Паявілася яна у друку ў 1846 г. ў Вільні. Опэра напісана была мешанай мовай (паны гавораць па-польску, мужыкі — па-беларуску) і ўзята з жыцьця беларускаго народа. З гэтай першай працы відаць, што Марцінкевіч перш усяго цікавіўся этнографіей і сам збіраў песьні, прыказкі. Ў „Селянцы“ ёсьць колькі народных песень, каторые пяе войт Наум; апрача таго гутарка Наума перэсыпана трошкі ня ў меру народнымі беларускімі прыказкамі. Ня гледзячы на тое, трэба сказаць, што, апроч паноў, войт і грамада мужыкоў адмалёваны добра і праўдзіва, хаця і ня надта выразна (ярка). Да гэтай камэдыі дарабіў музыку Станіслаў Монюшко, вядомы польскі музыка і прыяцель Марцінкевіча. У гэтай опэры пяюць войт Наум, панначка Юлья, перэадзетая ў „селянку“, дый хор мужыкоў.

«Селянку» ігралі ў Мінску аматоры разам з аўторам у тэатры ў гадах 1852 1853 ды 1855. Глаўную ролю войта Наума іграў сам Марцінкевіч так пекна, што ўсе гаварылі аб яго артыстычнай ігрэ, вельмі дзівуючыся.

Гэта опэра мае вялікую вагу: яна была першай беларускай камэдыей, пастаўленай на сцэну, і дзеля таго трэба парупіцца, каб яе прыпомніць і ешчэ раз калі-небудзь паставіць. Хаця яна ўжо і устарэла, але усё-такі сваю вартасць, хаця-бы гісторычную мае і дзеля таго зацікавіць нас можэ дый павінна. Трудней трошкі будзе з нотамі Монюшкі, бо яны недзе прапалі. У музыкальным таварыстве ў Варшаві, дзе зложэны ўсе рукапісы Монюшкі, нот да «Селянкі» німа, але ёсьць сьляды, і казалі мне людзі, што ноты можна знайсці ў Пецербурзе ў цэнзурным архіве, дзе іх нехта відзеў. Нехай жэ хто можэ парупіцца аб гэтым.

Крытыка «Селянку» прыняла досі прыхільна, хоць перэмешаньне польскай і беларускай мовы ня ўсім спадабалося, асабліва тым, што прывыклі з нейкай пагардай глядзець на беларускаго мужыка. Аднак прыказкі звярнулі увагу ўсіх, аб іх сталі гаварыць дый пісаць.[4] Найбольш прыхільна напісаў аб «Селянцы» Владыслаў Сырокомля (Кондратовіч); ён піша, што аўтор «лоўка памесьціў у гутарках многа народных прыказак ды згодне с праўдай пераплёў гутаркі паноў з мужыкамі мовай польскай ды беларускай».

Віленская цэнзура друк «Селянкі» пазволіла толькі дзеля таго, што залічыла гэты твор да польскай літэратуры. Пасьля скасаваньня уніі ў 1839 гаду было пастаноўлено, хоць і не афіціяльно, не даваць пазваленьня на друк беларускіх кніжак. Конфіскавалі і зніштожылі тады першую беларускую кніжку — «Беларускі катехізм», друкаваны ў Вільні ў 1835 гаду,[5] дый адбіралі і ўсе старые кніжкі, выданые для беларусоў-уніятоў. З гэтаго можна відзець, як трудно было пісьменнікам таго часу друкаваць беларускіе кніжкі для народа.

Аднак наступілі і лепшые часы. Пасьля цяжкай крымскай вайны былі зроблены сякіе-такіе палягчэньня для друкаванаго беларускаго слова і вось ў 1855 гаду выходзіць ужо першая чыста-беларуская кніжка Марцінкевіча ― аповесць с праўдзіваго здарэньня, «Нарon».[6] У тым-жэ самым 1855 гаду выйшла і другая кніжка[7] яго ― «Wieczernice i obłąkany», дзе ўсе вечарніцы напісаны па беларуску, апрача толькі польскаго верша «Obłakany».

Выданьнем гэтых кніжак Марцінкевіч многа прыслужыўся беларускай літэратуры. Людзі інтэлігентные дый простые селяне, што умелі чытаць, дужа зацікавіліся. Пайшлі гутаркі аб тым, ці беларуская мова мае право да літэратуры, ці гэта простая мова можэ адмалеваць перэжываньня душы чэлавека дый ці добра было-б выдаваць кніжкі ў гэтай мове для простаго народа? Думкі падзяліліся: адны казалі, што гэта простая мова можэ выразіць ўсе пачуцьця чэлавечай душы, другіе даводзілі, што яна здатная толькі для простых пачуць народных і толькі народнае жыцьцё можэ і павінна адмалеваць. Трэба аднак заўважыць, што ўсе, нават і праціўнікі беларускай мовы, мусілі прыстаць на тoe, што друкаваць кніжкі для народа ў зразумелай для яго мове варта і што гэтые кніжкі - патрэбны. С крытыкоў адзін толькі Р. М. у карэспадэнціі да газэты „Dziennik Warszawski", хоць і разумее высокае значэньне кніжак, пісаных у роднай мове селян, усё-ж такі ня верыць у будучыну беларускай мовы, бо дае раду аўтору, каб на канцы кніжкі прыдаваў слоўнік мала зразумелых слоў; гэта мае быць дзеля таго, што, калі беларуская мова зліецца ў адну „цывілізованую" мову (не сказаў якую!), тады будучы вучоны ня будзе мець труднасьці у зразуменьні і знойдзе ні мала цікаваго матэр’ялу.[8]

На агул ўсе крытыкі прынялі „Гапона“ дый „Вечарніцы“ вельмі прыхільна. Адзначыць трэба тутака Владыслава Сырокомлю, каторы крытыкуе «Гапона», кажучы, што ў гэтым творы німа „эстэтычнаго погляду артысты, нехват заслоны-фіранкі, якая прыкрыла бы надта бьючую ў вочы нагату самой праўды“.[9] Сырокомля пішэ, што „Гапон“ напісаны праўдзіва, але дзеля таго, што ён за лішне праўдзівы, твор гэты менш може быць да спадобы для людзей. Ня можэ згодзіцца ніяк Сырокомля с тым, што Гапон мсьціць свайму ворагу-аканому; пішэ ён, што беларус мае нават прыказкі: „лежачаго ня бьюць“, „пакорнай галавы с плеч не знімаюць“, якіе аўтор павінен быў узяць пад увагу, пішучы трэйцюю часць „Гапона“. Трэба аднак сказаць, што гэта нагая праўда і сіла, з якой адмалеваў Марцінкевіч свайго „Гапона“, ня гледзячы на літэратурную моду малеваць усё у рожэвых хварбах, высунуло гэты твор на першае мейсцэ ў творчасьці Марцінкевіча. «Гапон» — гэта пэрла ўсей літэратурнай працы Марцінкевіча.

Зараз пасьля «Гапона» ды «Вечарніц» у 1856 гаду Марцінкевіч друкуе кніжку:[10]Ciekawyś? przeczytaj!“, дзе разам с польскімі творамі памешчэно беларускае апаведаньне «Купала». Далей у 1857 гаду выходзіць з друку кніжка „Dudarz białoruski";[11] ў ёй так сама паміж другімі польскімі творамі-беларускае апаведаньне „Шчыроўскіе дажынкі“, ды беларускі «Верш Наума Прыгаворкі», каторым Марцінкевіч прывітаў ў 1856 гаду прыехаўшых у Менск: скрыпача Аполінараго Контскаго, музыку Станіслава Монюшку ды песьняра-мінчука Людвіка Кондратовіча-(Сырокомлю). З гэтых знаменітых людзей толькі адзін Контскі быў незнаёмы дагэтуль Марцінкевічу, бо Монюшку знаў с часоў як пісаў «Sielanku», а з Сырокомлей пазнаёміўся быў у першых днях чэрвеня 1855 года, калі ён прыехаў да Мінска сабіраць матэр’ял да гісторыі гэтаго места. Тады, ў 1855 гаду, ў доме Марцінкевіча Сырокомля напісаў Марцінкевічу па польску вершык, ў каторым дзякуе яму за гасьціннасць і за мілае ды сэрдэчнае прыняцьце. Контскі ў 1856 гаду сам злажыў візыт Марцінкевічу, каб выказаць і свой шацунак беларускаму песьняру. У доме Марцінкевіча застаў Контскі свайго прыяцеля Монюшку і песьняра Сырокомлю, каторы прыехаў да Менска і прывёз з сабой новаго маладога беларускаго паэта, Вінцука Коротынскаго. Коротынскі тады напісаў па беларуску вершык, каторым славіць гасьціннасць Марцінкевіча і дзякуе за сэрдэчнае аднашэньне да яго асобы.[12] Сам Марцінкевіч, каб добра адсьвяткаваць бытнасць у яго трох знаменітых людзей, напісаў свой „Wierš Nauma Pryhaworki“, каторы і прачытаў госьцям. Верш гэты памечэны днём 25 кастрычніка (акцябра) 1856 года.

Год 1859 быў апошнім годам выдаўніцкай працы Марцінкевіча. Цэнзурные полягчэньня для беларускаго друкаванаго слова скончыліся і кніжку Марцінкевіча «Pan Tadeusz», перэклад паэмы Адама Міцкевіча, конфіскавалі зараз па выходзе яе ў сьвет. C таго часу Марцінкевіч ня мог ужо нічога друкаваць ў беларускай мове, аднак пісаць не пакінуў. У гэтым часе ўсе ўжо чэкалі скораго скасаваньня прыгону, і вось Марцінкевіч пішэ вершык «Wiesna hoład pierepała», ў каторым жыва і ясна малюе ён радасць, надзею і погляд на гэту важную справу простаго селяніна.

З другіх твороў Марцінкевіча адзначыць ешчэ трэба паэму «Taras na Parnasіe» ды колькі камэдый.

«Тарас на Парнасе» першы раз быў надрукаваны ў газеці «Минскій Листокъ» 1889 года. Ніхто не хацеў верыць, каб гэта паэма выйшла с-пад пера Марцінкевіча, хаця ў 1892 гаду Александр Ельскі яму прыпісаў яе[13], а ў 1896 праф. Довнар-Запольскі выдрукаваў яе ў Вітэбску, падаўшы за аўтара Марцінкевіча. Вядома, што Александр Ельскі знаў Марцінкевіча, дык мог назваць праўдзіваго аўтора; вось, апіраючыся на гэто, проф. Довнар-Запольскі напісаў кніжку: «В. Дунинъ-Марцинкевичъ и его поэма „Тарасъ на Парнасѣ». Очеркъ изъ исторіи бѣлорусской этнографіи». (Вітэбск 1896 г.). Аднак і пасьля гэтай кніжкі пісалі, што німа ніякай пэўнасьці аўторства Марцінкевіча, а Е. Романов[14] нават напісаў, бытцам аўторамі яе былі вучні даўнейшай Горэцкай Акадэміі Сельскай Гаспадаркі (ў Магілёўскай губэрні). Проціў таго многа можна бы сказаць, як напрыклад тое, што грэцкай мітологіі вучні Сельскай Акадэміі на пэўна ні зналі і што жыцьцё беларускаго селянства надта жыва і ярка адмалевано ў „Тарасе“, што даводзіць аўтора вялікаго артысты, якім мог быць у той час толькі Марцінкевіч, — калі-б ня рукапіс, пісаны рукой самаго аўтора, які у нас ёсьць. Рукапіс гэты падпісаны «Naum» без паметкі года. Марцінкевіч іграў роль войта Наума ў опэры «Sielanka» і пасьля дужэ любіў, калі прыяцелі пазывалі яго «Наумам», ды нават усе вершыкі, якіе раздаваў знаёмым, падпісываў гэтым іменем. Вось цяпер толькі маем пэўнасць, што гэта твор Марцінкевіча. У ваўсіх выданьнях «Тараса на Парнасе» ёсць абмылкі, адно толькі выданьне прафэсара Довнар-Запольскаго найменш мае абмылак.

Як вядома, Марцінкевіч дужэ любіў жартаваць; нават на весць аб скасаваньні прыгону ў вершыку «Wіesna hoład perepała», напісаным дужэ сьмела і востра, канчае песьняр міленькім жартам:

…Не раз скажуць пан с паноў:
«Пане Хфёдар, пане Міна,
Як-жэ васпан? ці здароў?

Здаецца нам, што ў поэмі «Тарас на Парнасе» прэдставіў Марцінкевіч жартабліва ўступленьне беларускай літэратуры на Парнас, дзе ўжо былі прыродные браты беларусоў: палякі ды расейцы.’Хіба толькі так аб'ясніць можна гэту поэму.

Што датычэцца камэдый, каторые напісаў Марцінкевіч, дык вядомы нам: 1) Pinskaja Slachta, камедыя ў 1 акце; 2) Zaloty камэдыя мешанай мовай польскай ды беларускай; 3) Pobor rekrucki, оперэтка з музыкай Станіслава Монюшкі; 4) Walka muzyków, опэрэтка, музыка Станіслава Монюшкі. Першые дзьве камэдыі нідзе дагэтуль не друкованы і знайходзяцца ў сабраньні (калекціі) заслужонаго беларускаго пісменьніка Александра Ельскаго.[15] Другіе

В. Дунін-Марцінкевіч, пад канец свайго жыцьця.


В. Дунін-Марцінкевіч, пад канец свайго жыцьця.

дзьве нейдзе прапалі; вядомасць аб іх падаў біограф Монюшкі Александэр Валіцкі.[16] З гэтых прапаўшых камедый «Pobór rekruckі», як здаецца, будзе з беларускаго жыцьця і пэўне напісаны быў у беларускай мове.

Марцінкевіч у сваім жыцьці многа напісаў. Можна сказаць с пэўнасцьцю, што больш асталося яго твороў у рукапісах, чым здалеў іх надрукаваць. Ў 1863 гаду офіціально забаранілі друкаваць кніжкі па беларуску. Асталося тады вярнуцца ізноў да «рукапіснаго» шырэньня беларускай літэратуры. Многа твороў Марцінкевіча не друкаваных і дагэтуль бадзяецца па сьвеці.

Марцінкевіч апошніе свае годы дажыў у Люцынцы, аддаўшы Богу душу ў месяцы сакавіку (марцы) 1885 года. Занясьлі яго на сваіх плечах на могілкі пры каплычцы ў Тупальшчыні, плачучы бытцам дзеткі па бацьце, суседзі-мужыкі.

Значэньне Марцінкевіча для беларускай літэратуры ды народнаго адраджэньня аграмаднае. Ён ўжыўся ў душу простаго селяніна, зразумеў яго думкі, яго горэ, яго тайные душэўные жаданьня, палюбіў яго гарача і ўвесь свой літэратурны талент пасьвяціў падняцьцю яго да лепшаго, людзкаго жыцьця, каб цëмны, загнаны, забіты беларус мог свабодна аджыць і развівацца у лепшай долі.

Праз усе творы Марцінкевіча праходзіць-цягнецца бытцам чырвоная нітка, яго праўдзівы дэмократычны погляд, які апіраўся на шчырым зразуменьні патрэб і жаданьнёў беларусоў, каторых ён любіў усім сэрцэм і душой. Усе, хто знаў Марцінкевіча, не маглі не палюбіць яго, а некаторые,як напрыклад: Сырокомля, Вінцук Коротыньскі, Арцём Вэрыга-Дарэўскі, пад уплывам Марцінкевіча пачалі пісаць па беларуску.

Арцём Вэрыга-Дарэўскі, як сьведчыць Адам Кіркор,[17] ідучы за прыкладам Марцінкевіча, перэклаў на беларускую мову цэлую паэму Міцкевіча, «Конрад Валленрод», а перэклаў так пекна, што, як даводзіць Кіркор, сілай і высокім артызмам задзівіў бы самаго Міцкевіча. Творы Вэрыгі-Дарэўскаго бадзяюцца ў рукапісах, а беларускіе песьні Сырокомлі, дагэтуль не надрукаваные, пяюцца народам у Навагрудзкім павеці.

На гэтым мейсцы мушу падаць думку, што трэба патрасці небо і зямлю і шукаць не друкаваных твороў Марцінкевіча і другіх пісьменнікоў, бо калі не пастараемся гэтаго зрабіць цяпер, то пазьней будзе позна і ніколі ня будзем мець яснаго і праўдзіваго погляду на беларускую літэратуру XIX сталецьця, на каторай апіраецца і моцна з ёй звязана наша новая беларуская пісьменнасць.

Апісываючы жыцьцё і значэньне Марцінкевіча, ня можна не ўспомніць і аб яго беларускай мове. Мова гэта ў творах Марцінкевіча паднята на верхавіну праўдзіваго артызму. Не дармо называлі Марцінкевіча за жыцьцём «Беларускім Дударом». Ня можна не падаць тутака праўдзіваго апісаньня беларускай мовы Марцінкевіча якое падаў В. Тройца:[18] „Як майстэр каменяр з шэраго куска камення выкуе фігуру ўсім на дзіва, так пад пяром Марцінкевіча наша беларуская мова, тая самая мужыцкая, не раз пагарджаная мова, выліваецца круглымі, закочэнымі, харошымі вершамі. Яны то цякуць з мілай прастатой быліцы-песьні старога дзеда-лірніка, ці дудара, то сьмяюцца чыстаю вясёласьцю вясковых вечарніц, то важна ступаюць, адзеваючы мысьлі Міцкевіча ў беларускую опратку, то рвуцца, даганяюць адзін аднаго, бытцам ногі ўдалога хлоцца ў таўкачу ці мяцеліцы“.

Праца і памяць вялікаго „Беларускаго Дудара“ не прападзе ніколі ў беларускім народзе.

Ромуальд Земкевіч.




  1. Глядзі: Карскій, Бѣлоруссы. І. Варшава 1905 г.; страніцы 447—449 і 453.
  2. Глядзі: „Наша ніва“ 1909 № 4 (Д. Дорошэнка: „Беларусы і іх національнае адраджэньне стр. 53-55; М. В. Довнаръ-Запольскій, Изслѣдования и статьи. Кіевъ 1909, стр. 198 верш 3; «Украінська Хата» 1910 № 3 (стацьця С. Полуяна: Білоруська поэзія в її типових представниках) стр. 194—199.
  3. Sielanka. Opera we dwóch aktach przez Wincentego Dunina-Marcinkiewicza. Wilno, 1846. in 16º stranic 109.
  4. Глядзі: «Dziennik Warszawski» 1852 № 97 (стацьця Jul. Horaina: Fizjologia przysłuw); Gazeta Warszawska 1855 № 184 стр. 3 (стацьця Władysława Syrokomli); Dziennik Warszawski 1855 № 188 стр. 4 (стацьця р. Р. М.).
  5. Krótkie zebranie nauki chrześcijanskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania Rzymsko-Katolickiego. Wilno 1835 in 32⁰ stronica 24.
  6. Hapon. Powiešć, w języku białoruskiego ludu napisana przez Wincentego Dunin-Marcinkiewicza. Mińsk, 1855. in 8° str. 125.
  7. Wieczernice i obłąkany. Poezye W. Dunin-Marcinkiewicza. Mińsk, 1855. in 8º, str. 134.
  8. Dziennik Warszawski 1855. № 188 str. 4.
  9. Gazeta Warszawska 1855. № 244 str. 3 i 4.
  10. Ciekawyś? - przeczytaj! Napisał Wincenty Dunin-Marcinkiewicz. Minsk 1856 in 8⁰.
  11. Dudarz białoruski przez Wincentego Dunin-Marcinkjewicza. Minsk 1857. in 8º str. 117.
  12. Творы Вінцука Коротынскаго дагэтуль не друкованы. Сын паэта, Владыслаў Коротынскі, ў Варшаві сабіраецца надрукаваць ў аднэй кнізе разам з другімі і беларускіе творы свайго бацькі.
  13. Wielka Encyklopedya Powszechna Illustrowana; Warszawa 1892, tom. VIII str. 657 (стацьця Александра Ельскаго: Białoruska literatura i bibliografia).
  14. Тарасъ на Парнасѣ и другія бѣлорусские стихотворенія. Могилевъ 1902 г.
  15. Адрэс А. Ельскаго: Узьляны Мінскай губ. маёнтак Замосць.
  16. Stanislaw Moniuszko, przez Aleksandra Walickiego. Warszawa 1873. str. 118—119.
  17. O literaturze pobratymczych narodów słowiańskich. Odczyty A. H. Kirkora. Kraków, 1874, страніца 54.
  18. Ў прадмове да кніжкі: „Шчэроўскіе дажынкі. Купала“. Аповесьці Вінцука Марцінкевіча. Пецербург, 1910 г. стр. 10-11.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.