Перайсці да зместу

Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Паненка сялянка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Станцыйны даглядчык Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Паненка сялянка
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Во всех ты, душенька, нарядах хороша».Багдановіч[1]


У адной з далёкіх нашых губерняў знаходзіўся маёнтак Івана Петровіча Берэстава. У маладосці сваёй служыў ён у гвардыі, вышаў у адстаўку ў пачатку 1797 года[2], паехаў у сваю вёску і з той пары адтуль не выязджаў. Ён быў жанаты на беднай дваранцы, якая памерла ў часе родаў, у той час, як ён знаходзіўся ў ад’езджым полі[3]. Гаспадарчыя клопаты хутка яго суцешылі. Ён пабудаваў дом паводле ўласнага плана, завёў у сябе суконную фабрыку, патроіў прыбыткі і стаў лічыць сябе разумнейшым чалавекам ва ўсім наваколлі, у чым і не пярэчылі яму суседзі, якія прыязджалі да яго гасціць з сваімі сем’ямі і сабакамі. У будні хадзіў ён у плісавай[4] куртцы, па святах апранаў сурдут з сукна сваёй работы; сам запісваў выдатак і нічога не чытаў, акрамя Сенацкіх ведамасцей[5]. Наогул яго любілі, хоць і лічылі гордым. Не ладзіў з ім адзін Грыгорый Іванавіч Мурамскі, бліжэйшы яго сусед. Гэта быў сапраўдны рускі пан. Прамантачыўшы ў Маскве большую частку маёнткаў сваіх, і той парою заўдавеўшы, паехаў ён у апошнюю сваю вёску, дзе не спыняў свавольнічаць, але ўжо ў новым родзе. Насадзіў ён англійскі сад[6], на які траціў амаль усе астатнія прыбыткі. Канюхі яго былі апрануты англійскімі жакеямі[7]. У дачкі яго была мадам англічанка. Палі свае апрацоўваў ён па англійскаму метаду,

«Но на чужой манер хлеб русской не родится»[8]

і, не гледзячы на значнае змяншэнне выдаткаў, прыбыткі Грыгорыя Іванавіча не павялічваліся; ён і ў вёсцы знаходзіў спосаб уваходзіць у новыя даўгі; з усім тым лічыўся чалавекам не дурным, бо першы з памешчыкаў сваёй губерні здагадаўся закласці маёнтак у Апекунскі совет[9]: справа, якая здавалася ў той час надзвычайна складанаю і смелаю. З людзей, якія асуджалі яго, Берэстаў адгукаўся стражэй за ўсіх. Нянавісць да новаўвядзенняў была галоўнаю рысай яго характару. Ён не мог роўнадушна гаварыць аб англаманіі[10] свайго суседа і штохвіліны знаходзіў выпадак яго крытыкаваць. Ці паказваў госцю свае ўладанні, у адказ на пахвальбу яго гаспадарчым распараджэнням: «Так-с! — казаў ён з хітрай усмешкай: — у мяне не тое, што ў суседа Грыгор’я Іванавіча. Куды нам па-англійску галець? Былі-б мы па-руску хоць сыты». Гэтыя і падобныя жарты, па руплівасці суседзяў, даводзіліся да ведама Грыгор’я Іванавіча з дадаткамі і тлумачэннямі. Англаман зносіў крытыку гэтак-жа нецярпліва, як і нашы журналісты. Ён шалеў і празваў свайго заіла[11] мядзведзем і правінцыялам.

Гэткія былі адносіны паміж гэтымі двума ўласнікамі, як сын Берэстава прыехаў да яго ў вёску. Ён быў выхаваны ў *** універсітэце і меў намер паступіць на ваенную службу, але бацька на тое не згаджаўся. Да цывільнай службы малады чалавек адчуваў сябе зусім няздатным. Яны адзін аднаму не ўступалі, і малады Аляксей стаў жыць пакуль панам, адпусціўшы вусы на ўсякі выпадак.

Аляксей быў, сапраўды, малайчына. Праўда, было-б шкода, калі-б яго стройны стан ніколі не абхапляў ваенны мундзір, і калі-б ён, заместа таго, каб фігураваць на кані, правёў сваю маладосць, сагнуўшыся над канцылярскімі паперамі. Гледзячы, як ён на паляванні скакаў заўсёды першы, не разбіраючы дарогі, суседзі гаварылі ў адзін голас, што з яго ніколі не выйдзе путнага сталаначальніка[12]. Паненкі паглядалі на яго, а часам і заглядаліся; але Аляксей мала імі займаўся, а яны прычынай яго нечуллівасці лічылі любоўную сувязь. Сапраўды, хадзіў па руках спісаны адрас аднаго з яго лістоў: Акуліне Пятроўне Курачкінай, у Маскве, насупраць Алексееўскага манастыра, у доме катляра Савельева, а вас найпакорна прашу даставіць ліст гэты А. Н. Р.

Тыя з маіх чытачоў, якія не жылі ў вёсках, не могуць сабе ўявіць, што за пекната гэтыя павятовыя паненкі! Выхаваныя на чыстым паветры, у цені сваіх садовых яблынь, яны веданне свету і жыцця чэрпаюць з кніжак. Самота, воля і чытанне рана ў іх развіваюць пачуцці і мары, невядомыя безуважным нашым красуням. Для паненкі гук званка ёсць ужо прыгода, паездка ў бліжэйшы горад лічыцца эпохаю ў жыцці, і наведванне гасця пакідае доўгі, часам і вечны ўспамін. Вядома, усякаму можна смяяцца з некаторых іхных дзівацтваў; але жарты павярхоўнага назіральніка не могуць знішчыць іх істотных вартасцей, з якіх галоўнае: асаблівасць характару, самабытнасць (individualité), без чаго, на думку Жан-Поля[13], не існуе і чалавечай велічы. У сталіцах жанчыны атрымліваюць, можа быць, лепшую асвету; але навык свету хутка згладжвае характар і робіць душы гэтакімі-ж аднастайнымі, як і галаўныя ўборы. Гэта хай будзе сказана не ў суд і не ў асуджэнне, аднак-жа Nota nostra manet[14], як піша адзін старадаўні каментатар.

Лёгка ўявіць, якое ўражанне Аляксей павінен быў зрабіць у кругу нашых паненак. Ён першы перад імі з’явіўся пахмурным і расчараваным, першы гаварыў ім аб страчаных радасцях і аб завяўшым сваім юнацтве; звыш таго насіў ён чорны пярсцёнак з мёртвай галавой на ім. Усё гэта было надзвычайна нова ў той губерні. Паненкі былі ад яго без памяці.

Але больш за ўсіх занята была ім дачка англамана майго, Ліза (або Бетсі[15], як зваў яе звычайна Грыгорый Іванавіч). Бацькі адзін да аднаго не ездзілі. Яна Алексея яшчэ не бачыла, між тым як усе маладыя суседкі толькі аб ім і гаварылі. Ёй было семнаццаць год. Чорныя вочы ажыўлялі яе смуглы і дужапрыемны твар. Яна была адзінае і значыцца пешчанае дзіця. Яе рухавасць і штохвілінныя свавольствы захаплялі бацьку і прыводзілі ў роспач яе мадам міс[16] Жаксон, саракагадовую чапурыстую дзяўчыну, якая бялілася і сурміла[17] сабе бровы, два разы ў год перачытвала Памелу[18], атрымлівала за тое дзве тысячы рублёў і памірала з нуды ў гэтай варварскай Расіі.

За Лізаю глядзела Насця; яна была старэйшая, але гэткая-ж ветраная, як і яе паненка. Ліза вельмі любіла яе, адкрывала ёй усе свае тайны, разам з ёю абдумвала свае штукарствы; словам, Насця была ў сяле Прылучыне асобай куды больш значнай, як любая наперсніца[19] ў французскай трагедыі.

— Дазвольце мне сёння пайсці ў госці, — сказала аднойчы Насця, адзеючы паненку.

— Можаш; а куды?

— У Тугілава, да Берэставых. Поварава жонка ў іх імянінніца, і ўчора прыходзіла зваць нас адабедаць.

— Вось! — сказала Ліза, — паны ў сварцы, а слугі адзін аднаго частуюць.

— А нам якая справа да паноў! — запярэчыла Насця; — да таго-ж я ваша, а не папенькава. Вы-ж не лаяліся яшчэ з маладым Берэставым; а старыя няхай сабе сварацца, калі ім гэта весела.

— Пастарайся, Насця, убачыць Алексея Берэстава, ды раскажы мне добранька, які ён з сябе і што ён за чалавек.

Насця абяцалася, а Ліза з нецярплівасцю чакала цэлы дзень, калі яна вернецца. Увечары Насця з’явілася.

— Ну, Лізавета Грыгор’еўна, — сказала яна, уваходзячы ў пакой, — бачыла маладога Берэстава; нагледзелася даволі; цэлы дзень былі разам.

— Як гэта? Раскажы, раскажы па парадку.

— Калі ласка: пайшлі мы, я, Анісся Егораўна, Няніла, Дунька...

— Добра, ведаю. Ну, потым.

— Дазвольце-с, — раскажу ўсё па парадку. Вось прышлі мы пад самы абед. Пакой поўны быў народу. Былі колбінскія, захар’еўскія, прыказчыца з дочкамі, хлупінскія...

— Ну! а Берэстаў?

— Пачакайце-с. Вось мы селі за стол, прыказчыца на першым месцы, я побач з ёю... а дочкі і надзьмуліся, ды мне напляваць на іх...

— Ах, Насця, якая ты нудная з вечнымі сваімі падрабязнасцямі!

— Ды якія-ж вы нецярплівыя! Ну вось вышлі мы з-за стала... а сядзелі мы гадзіны тры і абед быў слаўны; пірожнае блан-манжэ сіняе, чырвонае і паласатае[20]. Вось вышлі мы з-за стала і пайшлі ў сад гуляць у гарэлкі, а малады пан тут і з’явіўся.

— Ну што-ж? Ці праўда, што ён прыгожы з сябе?

— Надзвычай харошы, прыгажун, можна сказаць. Стройны, высокі, румянец на ўсю шчаку...

— Праўда? А я дык думала, што ў яго твар бледны. Што-ж? Якім ён табе здаўся? Сумны, задуменны?

— Што вы? Ды гэткага шалёнага я і з роду не бачыла. Уздумаў ён з намі ў гарэлкі бегаць.

— З вамі ў гарэлкі бегаць! Немагчыма!

— Вельмі магчыма! Ды што яшчэ выдумаў! Зловіць, і давай цалаваць!

— Воля твая, Насця, ты хлусіш.

— Воля ваша, не хлушу. Я ледзьве ад яго выбралася. Цэлы дзень з намі так і правазіўся.

— Ды як-жа, кажуць, ён закаханы і ні на кога не глядзіць?

— Не ведаю-с, а на мяне дык ужо занадта глядзеў ды і на Таню, прыказчыкаву дачку, таксама; ды і на Пашу колбінскую, ды грэх сказаць, нікога не пакрыўдзіў, гэткі балаўнік!

— Гэта дзіўна! А што ў доме пра яго чуваць?

— Пан, кажуць, вельмі добры: такі добры, такі вясёлы. Адно не добра: за дзяўчатамі занадта любіць ганяцца. Ды, па мне, гэта яшчэ не бяда: з часам пасталее.

— Як-бы мне хацелася яго бачыць! — сказала Ліза з уздыхам.

— Ды што-ж тут цяжкога? Тугілава ад нас недалёка, усяго тры вярсты: ідзіце гуляць у той бок, або едзьце конна; вы напэўна сустрэнеце яго. Ён-жа кожны дзень, з досвітку, ходзіць са стрэльбаю на паляванне.

— Ды не, не добра. Ён можа падумаць, што я за ім ганяюся. Да таго-ж бацькі нашы ў сварцы, дык і мне ўсё-ж нельга будзе з ім пазнаёміцца... Ах, Насця! Ці ведаеш што? Прыбяруся я сялянкаю!

— І сапраўды; надзеньце тоўстую кашулю, сарафан, ды і ідзіце смела ў Тугілава; ручаюся вам, што Берэстаў ужо вас не празявае.

— А па-тутэйшаму я гаварыць умею добра. Ах, Насця, любая Насця! Якая слаўная выдумка! — І Ліза легла спаць з намерам абавязкова выканаць вясёлы свой намер. На другі-ж дзень узялася яна за выкананне свайго плана, паслала купіць на рынку тоўстага палатна, сіняй кітайкі і медных гузікаў, з дапамогаю Насці скраіла сабе кашулю і сарафан, засадзіла за шыццё ўсю дзявоцкую, і к вечару ўсё было гатова. Ліза прымервала абноўку і прызналася перад люстэркам, што ніколі яшчэ такой прыгожай самой сабе не здавалася. Яна паўтарыла сваю ролю, нахаду нізка кланялася і некалькі разоў потым ківала галавою, накшталт гліняных катоў, гаварыла сялянскаю гаворкаю, смяялася, закрываючыся рукавом, і заслужыла поўнае адабрэнне Насці. Адно перашкаджала ёй: яна паспрабавала была прайсці па дварэ босая, але дзёран калоў яе далікатныя ногі, а пясок і каменьчыкі здаліся ёй нясцерпнымі. Насця і тут ёй дапамагла: яна зняла мерку з Лізінай нагі, збегала ў поле да пастуха Трафіма і заказала яму пару лапцей па той мерцы. На другі дзень, ні свет ні зара, Ліза ўжо прачнулася. Увесь дом яшчэ спаў. Насця за варотамі чакала пастуха. Затрубіла труба, і вясковы статак пацягнуўся паўз панскі двор. Трафім, праходзячы каля Насці, аддаў ёй маленькія пярэстыя лапці і атрымаў ад яе поўрубля ва ўзнагароду. Ліза ціханька прыбралася сялянкаю, шопатам дала Насці свае наказы адносна міс Жаксон, вышла на задні ганак і праз гарод пабегла ў поле.

Зара ззяла на ўсходзе, і залатыя рады воблакаў, здавалася, чакалі сонца, як царадворцы чакаюць гасудара; яснае неба, ранішняя свежасць, раса, ветрык і спевы птушак напаўнялі сэрца Лізы дзіцячай весялосцю, баючыся якой-небудзь знаёмай сустрэчы, яна, здавалася, не ішла, а ляцела. Падыходзячы пад гай, які стаяў на рубяжы бацькоўскага ўладання, Ліза пайшла цішэй. Тут яна павінна была чакаць Алексея. Сэрца яе моцна білася, само не ведаючы, чаго; але боязнь, якая ходзіць разам з маладымі нашымі свавольствамі, складае і галоўную іх пекнату. Ліза ўвайшла ў змрок гаю. Глухі, перакатны шум яго вітаў дзяўчыну. Весялосць яе прыціхла. Трохі-патрохі аддалася яна салодкай лятуценнасці. Яна думала... але ці можна дакладна вызначыць, аб чым думае семнаццацігадовая паненка, адна, у гаі, а шостай гадзіне вясенняй раніцы? І так яна ішла, задумаўшыся, па дарозе, атуленай з абодвух бакоў высокімі дрэвамі, як раптам прыгожы лягавы сабака забрахаў на яе. Ліза спалохалася і закрычала. У той-жа час пачуўся голас: tout beau Sbogar, ісі…[21], і малады паляўнічы паказаўся з-за хмызняку.

— Не бойся, любая, — сказаў ён Лізе: — сабака мой не кусаецца. — Ліза паспела ўжо аправіцца ад спалоху і ўмела зараз-жа скарыстаць абставіны.

— Ды не, пан, — сказала яна, прыкідваючыся поўспалоханай, поўсаромлівай, — баюся: ён, бач, такі злосны; зноў кінецца. — Алексей (чытач ужо пазнаў яго) між тым пільна глядзеў на маладую сялянку.

— Я правяду цябе, калі ты баішся, — сказаў ён ёй; — ты мне дазволіш ісці побач з табой?

— А хто табе не дае? — адказала Ліза; — вольнаму воля, а дарога людская.

— Адкуль ты?

— З Прылучына; я дачка Васіля каваля, іду па грыбы (Ліза несла лубяначку на аборачцы). А ты, пан? Тугілаўскі, ці што?

— Так точна, — адказаў Алексей, — я камердынер маладога пана. — Алексею хацелася зраўняць іх адносіны. Але Ліза паглядзела на яго і засмяялася.

— А хлусіш, — сказала яна, — не на дурную натрапіў. Бачу, што ты сам пан.

— Чаму-ж ты так думаеш?

— Ды па ўсім.

— Аднак-жа?

— Ды як-жа пана з слугою не распазнаць? І адзеты не так, і баіш іначай, і сабаку вось клічаш не па-нашаму. — Ліза час-ад-часу больш падабалася Алексею. Прывыкшы не цырамоніцца з харошанькімі сялянкамі, ён быў хацеў абняць яе; але Ліза адскочыла ад яго і прыняла раптам на сябе такі строгі і халодны выгляд, што хоць гэта і рассмяшыла Алексея, але ўтрымала яго ад далейшых замераў.

— Калі вы хочаце, каб мы былі надалей прыяцелі, — сказала яна з паважнасцю, — дык будзьце ласкавы не забывацца.

— Хто цябе навучыў гэтай прамудрасці? — спытаўся Алексей, разрагатаўшыся. — Ужо ці не Насценька, мая знаёмая, ці не пакаёўка паненкі вашай? Вось якімі шляхамі распаўсюджваецца асвета! — Ліза адчула, што вышла была з сваёй ролі, І зараз-жа паправілася.

— А што думаеш? — сказала яна; — хіба я і на панскім дварэ ніколі не бываю? нябось: усяго начулася і наглядзелася. Аднак, — казала яна далей, — калякаючы з табою грыбоў не набярэш. Ідзі ты, пан, у адзін бок, а я ў другі. Прабачэння просім... — Ліза хацела адыйсці. Алексей утрымаў яе за руку.

— Як цябе завуць, душа мая?

— Акулінай, — адказала Ліза, стараючыся вызваліць свае пальцы з рукі Алексеевай; — ды пусці ж, пан; мне і дадому пара.

— Ну, мой друг Акуліна, абавязкова прыду ў госці да твайго бацюхны, да Васіля каваля.

— Што ты? — запярэчыла з жвавасцю Ліза, — богам прашу, не прыходзь. Калі дома даведаюцца, што я з панам у гаі гутарыла адзін-на-адзін, то мне бяда будзе; бацька мой, Васіль каваль, прыб’е мяне да смерці.

— Але я абавязкова хачу з табою зноў бачыцца.

— Ну, я ж калі-небудзь зноў сюды прыду па грыбы.

— Калі-ж?

— Ды хоць заўтра.

— Любая Акулінка, расцалаваў бы цябе, ды не адважваюся. Дык заўтра, у гэты час, праўда?

— Але, але.

— І ты не падманіш мяне?

— Не падманю.

— Пабажыся.

— Ну, вось табе святая пятніца[22], што прыду.

Маладыя людзі рассталіся. Ліза вышла з лесу, перабралася праз поле, пракралася ў сад і кулём пабегла ў ферму, дзе Насця чакала яе. Там яна пераапранулася, безуважна адказваючы на пытанні нецярплівай наперсніцы, і з’явілася ў гасціную. Стол быў накрыты, снеданне гатова, і міс Жаксон, ужо набеленая і зашнураваная з таліяй у келішак, нарэзвала тоненькія тарцінкі[23]. Бацька пахваліў яе за раннюю прагулку.

— Няма нічога здаравей, — сказаў ён, — як прачынацца досвіткам. — Тут ён прывёў некалькі прыкладаў чалавечага доўгалецця, вычытаных з англійскіх часопісаў, заўважаючы, што ўсе людзі, якія жылі больш за сто год, не ўжывалі гарэлкі і ўставалі з досвіткам зімою і летам. Ліза яго не слухала. Яна ў думках паўтарала ўсе акалічнасці ранішняга спаткання, усю гутарку Акуліны з маладым паляўнічым, і сумленне пачынала яе мучыць. Дарэмна пярэчыла яна самой сабе, што гутарка іх не выходзіла з межаў прыстойнасці, што гэта свавольства не магло мець ніякага выніку, сумленне яе наракала мацней за яе розум. Абяцанне, дадзенае ёю на заўтрашні дзень, больш за ўсё непакоіла яе: яна зусім была наважылася не стрымаць сваёй урачыстай кляцьбы. Але Алексей, прачакаўшы яе дарэмна, мог ісці шукаць у сяле дачку Васіля каваля, сапраўдную Акуліну, тоўстую, рабую дзеўку, і такім чынам здагадацца аб яе легкадумнай выхадцы. Думка гэтая зжахнула Лізу, і яна вырашыла на другую раніцу зноў з’явіцца ў гай Акулінаю.

З свайго боку Алексей быў у захапленні, цэлы дзень думаў ён аб новай сваёй знаёмай; уночы вобраз смуглай красуні і ў сне не пакідаў яго ўяўлення. Ледзь займалася на дзень, як ён ужо быў адзеты. Не даўшы сабе часу набіць стрэльбу, вышаў ён у поле з верным сваім Сбогарам і пабег да месца абяцанага спаткання. Каля поўгадзіны прайшло ў нясцерпным для яго чаканні; нарэшце ён убачыў, як паміж хмызняком мільгануў сіні сарафан, і кінуўся насустрач любай Акуліне. Яна ўсміхнулася запалу яго ўдзячнасці; але Алексей зараз-жа заўважыў на яе твары сляды пахмурнасці і непакою. Ён хацеў даведацца аб прычыне. Ліза прызналася, што ўчынак яе здаваўся ёй лёгкадумным, што яна ў ім раскайвалася, што на гэты раз не хацела яна не стрымаць дадзенага слова, але што гэтае спатканне будзе апошнім, і што яна просіць яго спыніць знаёмства, якое ні да чаго добрага не можа іх давесці. Усё гэта, зразумела, было сказана сялянскай гаворкаю; але думкі і пачуцці, незвычайныя ў простай дзяўчыне, здзівілі Алексея. Ён скарыстаў усё сваё красамоўства, каб адхіліць Акуліну ад яе намеру; запаўняў яе ў чыстаце сваіх жаданняў, абяцаў ніколі не даваць ёй поваду да раскаяння, слухацца яе ва ўсім, заклінаў яе не пазбаўляць яго адной уцехі: бачыцца з ёю адзін-на-адзін, хоць-бы праз дзень, хоць-бы два разы ў тыдзень. Ён гаварыў моваю шчырага запалу і ў гэтую хвіліну быў сапраўды закаханы. Ліза слухала яго моўчкі.

— Дай мне слова, — сказала яна нарэшце, — што ты ніколі не будзеш шукаць мяне ў вёсцы або распытваць пра мяне. Дай мне слова не шукаць другіх са мною спатканняў, акрамя тых, якія я сама прызначу. — Алексей пакляўся быў ёй святою пятніцаю, але яна з усмешкай спыніла яго.

— Мне не трэба кляцьбы, — сказала Ліза, — даволі аднаго твайго абяцання. — Пасля таго яны прыязна гутарылі, гуляючы разам па лесе, да той пары, пакуль Ліза сказала яму: пара. Яны рассталіся, і Алексей, застаўшыся сам-на-сам, не мог зразумець, якім чынам простая вясковая дзяўчына за два спатканні паспела ўзяць над ім сапраўдную ўладу. Яго зносіны з Акулінай мелі для яга пекнату навіны, і хоць загады дзіўнай сялянкі здаваліся яму цяжкімі, але думка не стрымаць свайго слова не прышла нават яму ў галаву. Справа ў тым, што Алексей, не гледзячы на ракавы пярсцёнак, на таямнічую перапіску і на пахмурную расчараванасць, быў добры і палкі хлопец і меў сэрца чыстае, здольнае адчуваць асалоду некранутай маладосці.

Калі-б я слухаўся аднаго свайго жадання, дык абавязкова і з усёй падрабязнасцю пачаў-бы апісваць спатканні маладых людзей, узрастаючую ўзаемную прыхільнасць і даверлівасць, заняткі, гутаркі; але ведаю, што большая частка маіх чытачоў не падзяліла-б са мною майго жадання. Гэтыя падрабязнасці наогул павінны здавацца прытарнымі, і так я прапушчу іх, сказаўшы кораценька, што не прайшло яшчэ і двух месяцаў, а мой Алексей быў ужо закаханы без памяці, і Ліза была непакойней, хоць і маўклівей за яго. Абодва яны былі шчаслівыя сённяшнім і мала думалі пра будучае.

Думка, каб пабрацца і заўсёды быць разам, даволі часта мільгала ў іх галовах, але ніколі яны пра тое адзін з адным не гаварылі. Прычына ясная: Алексей, як не прыхільны быў да любай сваёй Акуліны, усё помніў адлегласць, якая існавала паміж ім і беднай сялянкаю; а Ліза ведала, якая нянавісць існавала паміж іх бацькамі, і не магла спадзявацца на ўзаемнае прымірэнне. Да таго-ж гонар яе быў употайку падзадораны цёмнай, раманічнаю надзеяй убачыць нарэшце тугілаўскага памешчыка ў нагах дачкі прылучынскага каваля. Раптам важнае здарэнне ледзь было не змяніла іх узаемных адносін.

Адной яснай, халоднай раніцай (з тых, якімі багата наша руская восень) Іван Петровіч Берэстаў выехаў прагуляцца конна, на ўсякі выпадак узяўшы з сабою пары тры хартоў, страмяннога[24] і некалькі дваровых хлапчукоў з трашчоткамі. У той-жа самы час Грыгорый Іванавіч Мурамскі, спакусіўшыся добрым надвор’ем, загадаў асядлаць куцую сваю кабылу і трушком паехаў каля сваіх англізаваных уладанняў. Пад’язджаючы пад лес, убачыў ён суседа свайго, які горда сядзеў конна ў чакмяні[25], падбіты лісінай футраю, і чакаў зайца, якога хлапчукі крыкам і трашчоткамі выганялі з хмызняку. Калі-б Грыгорый Іванавіч мог прадбачыць гэтую сустрэчу, дык вядома-б павярнуў убок; але ён наехаў на Берэстава зусім нечакана і раптам апынуўся ад яго на адлегласці пісталетнага стрэлу. Рабіць не было чаго: Мурамскі, як адукаваны еўрапеец, пад’ехаў да свайго супраціўніка і ўчціва яго вітаў. Берэстаў адказаў з такою-ж стараннасцю, з якой ланцужны мядзведзь кланяецца панам па загаду свайго важатага. У гэты час заяц выскачыў з лесу і пабег полем. Берэстаў і страмянны закрычалі на ўсё горла, пусцілі сабак і паскакалі следам ва ўвесь дух. Конь Мурамскага, не бываўшы ніколі на паляванні, спудзіўся і панёс. Мурамскі, які абвясціў сябе выдатным наезнікам, даў яму волю і ўнутрана задаволены быў выпадкам, які пазбаўляе яго непрыемнага субяседніка. Але конь, даскакаўшы да яру, раней ім не заўважанага, раптам кінуўся ўбок, і Мурамскі не ўседзеў. Упаўшы даволі цяжка на мёрзлую зямлю, ляжаў ён, праклінаючы сваю куцую кабылу, якая, быццам апамятаўшыся, зараз-жа спынілася, як толькі адчула сябе без седака. Іван Петровіч падскакаў да яго, пытаючыся, ці не ўдарыўся ён. Між тым страмянны прывёў вінаватага каня, трымаючы яго за аброць. Ён дапамог Мурамскаму ўзлесці на сядло, а Берэстаў запрасіў яго да сябе. Мурамскі не мог адмовіцца, бо адчуваў сябе абавязаным, і такім чынам Берэстаў вярнуўся дадому са славаю, зацкаваўшы зайца і ведучы свайго супраціўніка раненым і амаль ваеннапалонным.

Суседзі, снедаючы, разгаварыліся даволі прыязна. Мурамскі папрасіў у Берэстава дрожак, бо прызнаўся, што ад удару не мог даехаць дадому конна. Берэстаў праводзіў яго да самага ганка, а Мурамскі паехаў не раней, як узяўшы з яго абяцанне на другі дзень (і з Алексеем Іванавічам) прыехаць адабедаць па-сяброўску ў Прылучына. Такім чынам варожасць, даўняя і глыбока ўкаранёная, здавалася, гатова была спыніцца ад пудлівасці куцай кабылкі.

Ліза выбегла насустрач Грыгорыю Іванавічу.

— Што гэта значыць, папа? — сказала яна са здзіўленнем; — аднаго вы кульгаеце? Дзе ваш конь? Чые гэта дрожкі?

— Вось ужо не ўгадаеш, my dear[26], — адказаў ёй Грыгорый Іванавіч і расказаў усё, што здарылася. Ліза не верыла сваім вушам. Грыгорый Іванавіч, не даўшы ёй апамятацца, абвясціў, што заўтра будуць у яго абедаць абодва Бераставы.

— Што вы кажаце! — сказала яна, збялеўшы. — Берэставы, бацька і сын! Заўтра ў нас абедаць! Не, папа, як вы хочаце: я ні за што не пакажуся.

— Што ты, звар’яцела? — запярэчыў бацька; — ці даўно ты стала такой сарамлівай, або ў цябе да іх спадчынная нянавісць, як у раманічнай гераіні? Кінь, не дурыся...

— Не, папа, ні за што на свеце, ні за якое багацце не з’яўлюся я перад Берэставымі. — Грыгорый Іванавіч паціснуў плячыма і больш з ёю не спрачаўся, бо ведаў, што пярэчаннем з яе нічога не возьмеш, і пайшоў адпачываць ад сваёй выдатнай прагулкі.

Лізавета Грыгор’еўна пайшла ў свой пакой і паклікала Насцю. Абедзве доўга разважалі пра заўтрашніянаведванні. Што падумае Алексей, калі пазнае ў выхаванай паненцы сваю Акуліну? Якая думка яго будзе аб яе паводзінах і правілах, аб яе разважнасці? З другога боку, Лізе вельмі хацелася бачыць, якое ўражанне зрабіла-б на яго спатканне такое нечаканае... Раптам мільгнула ў яе думка. Яна зараз-жа выказала яе Насці; абедзве ўзрадваліся ёй, як знаходцы, і вырашылі выканаць яе абавязкова.

На другі дзень за снеданнем Грыгорый Іванавіч, спытаўся ў дачкі, ці ўсё яшчэ намерана яна схавацца ад Берэставых.

— Папа, — адказала Ліза, — я прыму іх, калі вы гэтага хочаце, толькі з умоваю: як-бы я перад імі не з’явілася, што-б я не рабіла, вы лаяць мяне не будзеце і не падасце ніякага знаку здзіўлення або нездаволенасці.

— Зноў якія-небудзь штукарствы! — сказаў, смеючыся, Грыгорый Іванавіч. — Ну, добра, добра; згодзен, рабі, што хочаш, чорнавокая мая балаўніца. — З гэтым словам ён пацалаваў яе ў лоб, і Ліза пабегла рыхтавацца.

Роўна а другой гадзіне каляска сваёй работы, запрэжаная шасцю коньмі, уехала на двор і пакацілася каля густазялёнага дзярновага круга. Стары Берэстаў узышоў на ганак з дапамогаю двух ліўрэйных лакеяў Мурамскага. Услед за ім сын яго прыехаў конна і разам з ім увайшоў у сталовую, дзе стол быў ужо прырыхтаваны. Мурамскі прыняў сваіх суседзяў як можна далікатней, прапанаваў ім агледзець перад абедам сад і звярынец і павёў па дарожках, чыста вымеценых і пасыпаных пяском. Стары Берэстаў унутрана шкадаваў аб страчанай працы і часу на такія бескарысныя капрызы, але маўчаў з далікатнасці. Сын яго не падзяляў ні нездаволенасці ашчаднага памешчыка, ні захаплення ганарлівага англамана; ён з нецярплівасцю чакаў, калі з’явіцца гаспадарская дачка, пра якую шмат начуўся, і хоць сэрца яго, як нам вядома, было ўжо занята, але маладая красуня заўсёды мела права на яго ўяўленне.

Вярнуўшыся ў гасціную, яны ўселіся ўтраіх: старыя ўспомнілі ранейшы час і анекдоты сваёй службы, а Алексей раздумваў аб тым, якую ролю выбраць яму ў прысутнасці Лізы. Ён вырашыў, што халодная безуважнасць ва ўсякім выпадку прыстойней за ўсё, і з прычыны гэтага прырыхтаваўся. Дзверы адчыніліся; ён павярнуў галаву з такой абыякавасцю, з такой гордай безуважнасцю, што сэрца самай закаранелай какеткі абавязкова павінна было-б здрыгануцца. На жаль, заместа Лізы, увайшла старая міс Жаксон, набеленая, зашнураваная, з апушчанымі вачыма і з маленькім кніксам[27], і прыгожы ваенны рух Алексееў прапаў дарэмна. Не паспеў ён зноў сабрацца з сіламі, як дзверы зноў адчыніліся, і на гэты раз увайшла Ліза. Усе ўсталі; бацька пачаў быў знаёміць гасцей, але раптам спыніўся і паспешна прыкусіў сабе губы... Ліза, яго смуглая Ліза, набелена была па вушы, насурмлена больш за самую міс Жаксон; фальшывыя пасмы, куды святлейшыя за ўласныя яе валасы, ускудлачаны былі, як парык Людовіка XIV; рукавыя 1‘imbécille[28] тырчалі як фіжмы ў Madame de Pompadour[29]; стан быў сціснуты, як літара ікс, і ўсе брыльянты яе маткі, яшчэ не закладзеныя ў ламбардзе, ззялі на яе пальцах, шыі і вушах. Алексей не мог пазнаць сваю Акуліну ў гэтай смешнай і бліскучай паненцы. Бацька яго падышоў да яе ручкі, і ён з прыкрасцю зрабіў тое-ж самае; калі дакрануўся ён да яе беленькіх пальчыкаў, яму здалося, што яны дрыжэлі. Між тым ён паспеў заўважыць ножку, наўмысля выстаўленую і абутую з усім какецтвам. Гэта памірыла яго крыху з астатнім яе ўборам. Што да бяліл і сурмы, то ў прастаце свайго сэрца, прызнацца, ён іх з першага погляду не заўважыў, ды і пасля не падазраваў. Грыгорый Іванавіч успомніў сваё абяцанне і стараўся не падаць і выгляду здзіўлення; але свавольства яго дачкі здавалася яму такім пацешным, што ён ледзь мог утрымацца. Не да смеху было чапурыстай англічанцы. Яна здагадалася, што сурма і бялілы былі сцягнуты з яе камода, і густы румянец злосці прабіваўся скрозь штучную белату яе твара. Яна кідала агністыя погляды на маладую свавольніцу, якая, адкладаючы да другога часу ўсякія тлумачэнні, прыкідвалася, быццам іх не заўважае.

Селі за стол. Алексей усё трымаў ролю безуважнага і задуменнага. Ліза манежылася, гаварыла праз зубы, нараспеў і толькі па-французску. Бацька штохвіліны заглядаўся на яе, не разумеючы яе мэты, але знаходзячы ўсё гэта вельмі пацешным. Англічанка шалела і маўчала. Адзін Іван Петровіч быў як дома: еў за дваіх, піў у сваю меру, смяяўся з свайго смеху і час-ад-часу прыязней гутарыў і рагатаў.

Нарэшце ўсталі з-за стала; госці паехалі, і Грыгорый Іванавіч даў волю смеху і пытанням.

— Што табе ўздумалася абдурваць іх? — спытаўся ён у Лізы. — А ці ведаеш што? Бялілы сапраўды табе падышлі; не ўваходжу ў таямніцы дамскага туалета, але на тваім месцы я-б пачаў бяліцца; вядома, не занадта, а злёгку. — Ліза была ў захапленні ад поспеху сваёй выдумкі. Яна абняла бацьку, абяцалася яму падумаць аб яго парадзе і пабегла ўміласцівіць раз’юшаную міс Жаксон, якая ледзьве згадзілася адперці ёй свае дзверы і выслухаць яе апраўданні. Лізе было сорамна паказацца перад незнаёмымі такой чарняўкаю; яна не асмельвалася прасіць... яна была ўпэўнена, што добрая, любая міс Жаксон даруе ёй... і інш., і інш. Міс Жаксон, пераканаўшыся, што Ліза не думала падняць яе насмех, супакоілася, пацалавала Лізу і ў знак прымірэння падарыла ёй баначку англійскіх бяліл, якую Ліза і прыняла з выказваннем шчырай удзячнасці.

Чытач здагадаецца, што на другі дзень раніцаю Ліза не замарудзіла з’явіцца ў гаі спатканняў.

— Ты быў, пан, учора ў нашых паноў? — сказала яна зараз-жа Алексею; — як табе здалася паненка? — Алексей адказаў, што ён яе не заўважыў.

— Шкада, — сказала на гэта Ліза.

— А чаму-ж? — спытаўся Алексей.

— А таму, што я хацела-б спытацца ў цябе, ці праўда, кажуць...

— Што-ж кажуць?

— Ці праўда, кажуць, быццам я на паненку падобна?

— Якая лухта! Яна перад табою вырадак вырадкам.

— Ах, пан, грэх табе гэта гаварыць; паненка наша такая беленькая, такая фарсуха! Куды мне з ёю раўняцца! Алексей бажыўся ёй, што яна лепшая за ўсякіх беленькіх паненак і, каб супакоіць яе зусім, пачаў апісваць яе паню такімі смешнымі рысамі, што Ліза рагатала ад душы.

— Аднак-жа, — сказала яна з уздыхам, — хоць паненка, можа, і смешная, усё-ж я перад ёю дурніца няграматная.

— І! — сказаў Алексей, — ёсць па чым бедаваць! Ды калі хочаш, я зараз-жа навучу цябе грамаце.

— А сапраўды, — сказала Ліза, — ці не паспрабаваць можа?

— Калі ласка, любая; пачнём хоць зараз. — Яны селі. Алексей выняў з кішэні аловак і запісную кніжку, і Акуліна вывучыла азбуку на дзіва хутка. Алексей не мог надзівіцца з яе кемлівасці. Наступным раннем яна захацела паспрабаваць і пісаць; спачатку аловак не слухаўся яе, але праз некалькі хвілін яна і выводзіць літары пачала досыць удала.

— Што за цуд! — гаварыў Алексей. — Ды ў нас навучанне ідзе хутчэй, як па ланкастэрскай сістэме[30]. Сапраўды, на трэцім занятку Акуліна ўжо разбірала па складах «Наталью, боярскую дочь»[31], перапыняючы чытанне заўвагамі, ад якіх Алексей быў у шчырым здзіўленні, і цэлы аркуш змярала афарызмамі[32], выбранымі з той-жа аповесці.

Прайшоў тыдзень, і паміж імі завялася перапіска. Паштовая кантора адчынена была ў дупле старога дуба. Насця ўпотайку выконвала службу паштальёна. Туды прыносіў Алексей буйным почыркам напісаныя лісты і там-жа знаходзіў на сіняй простай паперы каракулькі сваёй любай. Акуліна, відаць, прывыкала да лепшага складу мовы, і розум яе прыкметна развіваўся і адукоўваўся.

Між тым нядаўняе знаёмства паміж Іванам Пе- тровічам Берэставым і Грыгор’ем Іванавічам Мурамскім больш і больш умацоўвалася і неўзабаве ператварылася ў дружбу, вось паводле якіх акалічнасцей: Мурамскі часта думаў аб тым, што пасля смерці Івана Петровіча ўвесь яго маёнтак пяройдзе ў рукі Алексею Іванавічу; што ў такім выпадку Алексей Іванавіч будзе адзін з самых багатых памешчыкаў той губерні, і што няма яму ніякай прычыны не пажаніцца з Лізаю. Стары-ж Берэстаў, з свайго боку, хоць і прызнаваў у сваім суседзе некаторае дзівацтва (або, паводле яго слоў, англійскі шал), аднак-жа не адмаўляў у ім і шмат добрых якасцей, напрыклад: рэдкай зваротлівасці; Грыгорый Іванавіч быў блізкім сваяком графу Пронскаму, чалавеку знатнаму і ўплывоваму; граф мог быць дужа карысным Алексею, а Мурамскі (так думаў Іван Петровіч) напэўна ўзрадуецца выпадку выдаць сваю дачку так выгодна. Старыя да той пары абдумвалі ўсё гэта кожны сам сабе, што нарэшце адзін з адным і перагаварыліся, абняліся, абяцаліся справу як трэба апрацаваць і ўзяліся аб ёй клапаціцца кожны з свайго боку. Мурамскаму трэба было змагчы перашкоду: угаварыць сваю Бетсі пазнаёміцца карацей з Алексеем, якога не бачыла яна з самага вядомага таго абеду. Здавалася, яны адзін аднаму не вельмі падабаліся; прынамсі Алексей ужо не варочаўся ў Прылучыце, а Ліза ішла ў свой пакой кожны раз, як Іван Петровіч ушаноўваў іх сваім наведваннем. Але, думаў Грыгорый Іванавіч, калі Алексей будзе ў мяне кожны дзень, дык Бетсі павінна-ж будзе ў яго закахацца. Гэта ў парадку рэчаў. Час усё ўладзіць.

Іван Петровіч менш турбаваўся аб поспеху сваіх намераў. У той-жа вечар паклікаў ён сына ў свой габінет, закурыў люльку і, крыху памаўчаўшы, сказаў:

— Што-ж ты, Алёша, даўно пра ваенную службу не гаворыш? Або гусарскі мундзір ужо цябе не вабіць!

— Не, бацюхна, — адказаў пачціва Алексей, — я бачу, што вам не падабаецца, каб я ішоў у гусары; мой абавязак вас слухацца.

— Добра, — адказаў Іван Петровіч, — бачу, што ты слухмяны сын; гэта мяне цешыць; не хачу-ж і я цябе прынявольваць; не прымушаю цябе паступаць... зараз-жа... на цывільную службу; а пакуль маю намер я цябе ажаніць.

— На кім гэта, бацюхна? — спытаўся здзіўлены Алексей.

— На Лізавеце Грыгор’еўне Мурамскай, — адказаў Іван Петровіч; — нявеста хоць куды; праўда?

— Бацюхна, я праз жаніцьбу яшчэ не думаю.

— Ты не думаеш, дык я за цябе думаў і перадумаў.

— Воля ваша, Ліза Мурамская мне зусім не падабаецца.

— Потым спадабаецца. Сцерпіцца, злюбіцца.

— Я не адчуваю сябе здольным прынесці ёй шчасце.

— Не тваё гора яе шчасце. Што? Дык гэтак ты шануеш волю бацькоўскую? Добра!

— Як вы сабе хочаце, я не хачу жаніцца і не ажанюся.

— Ты ажэнішся, або я цябе пракляну, а маёнтак, як бог свят! прадам і прамантачу, і табе шэлега не пакіну. Даю табе тры дні на роздум, а пакуль каб на вочы мне не паказваўся.

Алексей ведаў, што калі бацька забярэ што сабе ў галаву, дык ужо таго, як кажа Тарас Скацінін[33], у яго і гваздом не выб’еш; але Алексей быў у бацьку, і яго гэтак-жа цяжка было перамагчы. Ён пайшоў у свой пакой і стаў думаць аб межах улады бацькоўскай, аб Лізавеце Грыгор’еўне, аб урачыстым абяцанні бацькі зрабіць яго жабраком і нарэшце аб Акуліне. У першы раз бачыў ён ясна, што ён у яе палка закаханы; раманічная думка ажаніцца на сялянцы і жыць сваёю працаю прышла яму ў галаву, і чым больш думаў ён пра гэты рашучы ўчынак, тым больш знаходзіў у ім разважнасці. З некаторага часу спатканні ў гаі былі спынены з прычыны дажджлівага надвор’я. Ён напісаў Акуліне ліст самым выразным почыркам і самым шалёным складам паведамляў ёй аб пагібелі, якая ім пагражае, і тут-жа прапаноўваў ёй сваю руку. Зараз-жа аднёс ён ліст на пошту, у дупло, і лёг спаць, дужа здаволены сабою.

На другі дзень Алексей, цвёрды ў сваім намеры, досвіткам паехаў да Мурамскага, каб шчыра зім перагаварыць. Ён спадзяваўся падбіць яго велікадушнасць І схіліць яго на свой бок.

— Ці дома Грыгорый Іванавіч? — спытаўся ён, спыняючы свайго каня перад ганкам прылучын- скага замка.

— Ніяк не, — адказаў слуга; — Грыгорый Іванавіч з раніцы выехалі.

— Якая шкода! — падумаў Алексей.

— Ці дома хоць Лізавета Грыгор’еўна?

— Дома-с. — І Алексей скочыў з каня, аддаў павады ў рукі лёкаю і пайшоў без дакладу.

«Усё будзе вырашана, — думаў ён, падыходзячы да гасцінай; — перагавару з ёю самою». — Ён увайшоў... і аслупянеў! Ліза... не, Акуліна, любая смуглая Акуліна, не ў сарафане, а ў белым ранешнім плацейку, сядзела ля акна і чытала яго ліст; яна так была занята, што не чула, як ён і ўвайшоў. Алексей не мог утрымацца ад радаснага ўскрыку. Ліза здрыганулася, узняла галаву, закрычала і хацела ўцячы. Ён кінуўся яе ўтрымліваць.

— Акуліна, Акуліна!.. — Ліза старалася ад яго вызваліцца... «Mais laissez moi donc, Monsieur; mais êtes — vous fou?»[34] — паўтарала яна, адварочваючыся.

— Акуліна! друг мой, Акуліна! — паўтараў ён, цалуючы яе рукі. Міс Жаксон, сведка гэтай сцэны, не ведала, што падумаць. У гэтую хвіліну дзверы адчыніліся, і Грыгорый Іванавіч увайшоў.

— Ага! — сказаў Мурамскі; — ды ў вас, здаецца, справа зусім ужо наладжана...

Чытачы вызваляць мяне ад лішняй патрэбы апісваць развязку.

Канец аповесцям І. П. Белкіна (1830-1831)

Зноскі

[правіць]
  1. І. Ф. Багдановіч (1743 – 1803) – паэт, аўтар жартаўлівай паэмы «Душенька», якая карысталася ў свой час выключнай папулярнасцю. Эпіграф узяты з гэтай паэмы
  2. У пачатку 1797 года – у пачатку царствавання Паўла І, самадурства і люты нораў якога прымусілі шмат дваран паспешна выйсці ў адстаўку.
  3. На дальнім паляванні
  4. Пліс — баваўняная тканіна.
  5. «Сенацкія ведамасці» — штотыднёвае выданне новых урадавых пастаноў.
  6. Англійскі сад — сад у рамантычным гусце, з захаваннем «прыроднага» выгляду, штучнымі гарамі, руінамі і т. д.
  7. Жакей — наезнік.
  8. Злёгку зменены верш з сатыры сучаснага Пушкіну драматурга А. А. Шахоўскага (1777 – 1846).
  9. Апекунскі совет — установа, якая ведала выхаваўчымі дамамі і крэдытнымі, аперацыямі, што рабіліся гэтымі дамамі (пазыкамі пад заклад маёнткаў і прыгонных сялян).
  10. Англаманія — захапленне ўсім англійскім.
  11. Заіл — злы, прыдзірлівы крытык
  12. Сталавачальнік — чыноўнік, які загадваў пэўнай галіною справаводства ў канцылярыі ўрадавай установы.
  13. Жан-Поль — псеўдонім вядомага нямецкага пісьменніка Іогана Пауля Рыхтэра (1763 — 1825).
  14. Заўвага наша застаецца ў сіле.
  15. Бетсі — англійская змяншальная форма імені Елізавета.
  16. Мадам — гувернантка. Міс — паненка.
  17. Сурміць — фарбаваць сурмою, чарніць.
  18. «Памела» — раман англійскага пісьменніка Рычардсона (1689 — 1761), аднаго з буйнейшых прадстаўнікоў еўрапейскага сентыменталізма.
  19. Наперсніца — служанка, павараная тайн сваёй пані — неабходны персанаж французскіх і рускіх «класічных» п’ес XVII — XVIII вв.
  20. Блан-манжэ — (літаральна — белая яда) жэле з смятаны. Насця ўжывае гэтае слова, не разумеючы яго; «блан-манжэ сіняе, чырвонае і паласатае».
  21. Спакойна, Сбогар, сюды... Сбогар — «благародны разбойнік», герой рамана французскага пісьменніка Шарля Нодз'е (1780 — 1844) «Жан Сбогар».
  22. Святая пятніца — празванне так званай «Святой Параскевы».
  23. Тарцінкі — лустачкі хлеба з маслам і якой-небудзь закускай.
  24. Страмянны — у паляванні з сабакамі так называўся чалавек, які кіраваў сабачай зграяй і знаходзіўся заўсёды пры пану, «каля яго стрэмя».
  25. Чакмень — казацкі жупан.
  26. Май дзір (англ.) мая дарагая.
  27. Кнікс — паклон з прысяданнем.
  28. Літаральна: рукавы, шырокія каля пляча і вузкія каля кісці.
  29. Мадам дэ Пампадур — маркіза Пампадур, палюбоўніца французскага караля Людовіка XV (1721 — 1764).
  30. Ланкастэрская сістэма — сістэма ўзаемнага навучання, па якой больш моцныя вучні дапамагаюць адстаючым. Асабліва ўжывалася пры занятках з дарослымі і была дужа папулярная ў пушкінскі час.
  31. «Наталья, боярская дочь» — гістарычная аповесць галавы рускага сентыменталізма Н. М. Карамзіна (1766 — 1826).
  32. Афарызм — кароткае выслоўе.
  33. Тарас Скацінін — адна з дзейных асоб камедыі Фанвізіна «Недарасль», тып грубага і неадукаванага правінцыяльнага прыгонніка.
  34. Але пакіньце-ж мяне судар; вы звар’яцелі?