Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш.
← А. Пераходны час | Ядвігін Ш. Крытычна-біяграфічны артыкул Аўтар: Ігнат Дварчанін 1927 год |
Бярозка → |
1. Ядвігін Ш.
Ядвігін Ш. — гэта псэўдонім (мянушка, зьмененае імя). Запраўднае імя Антон Лявіцкі. Радзіўся ў 1870 г. ў фальв. Карпілаўцы каля м. Радашкавіч, Вялейскага павету. Сярэднюю школу скончыў у Вільні, а вышэйшую ў Маскве. У Маскве-ж ён сьвядома прыстаў да беларускага руху, з якім была ў яго сувязь праз знаёмства з Дуніным-Марцінкевічам. Тут пры яго (Ядвігіна) дзейным супрацоўніцтве пераложаны на беларускую мову „Сыгнал“ Гаршына ў 1891 г. Пасьля Лявіцкі жыў пераменна то ў Менску, дзе выдаваў месячнік „Саха“, то ў Вільні, дзе дзейна супрацоўнічаў у Нашай Ніве“. Перад гэтым пісаў і ў „Нашай Долі“, а наагул пачаў пісаць свае расказы яшчэ раней. З 1909 году ён запаўняе сваімі „апавяданьнямі“ і „лістамі“ вялікія часткі старонак „Н. Нівы“.
Пасьля лютаўскае (1917 г.) рэвалюцыі ў Расеі, Ядвігін Ш. супрацоўнічае ў часопісях „Вольная Беларусь“, „Беларусь“ і іншых, якія выходзілі ў Менску,
Асобнымі кніжкамі выдана:
1. „Дзед Завала“, Вільня 1910 г. — вершаваная легенда.
2. „Бярозка“, Вільня 1912 г. — зборнік расказаў.
3. „Васількі“, Вільня 1914 г. — таксама зборнік расказаў і ўрэшце
4. „Uspaminy“, Wilnia 1921 h.
Ядвігін Ш. якраз тыпічны прадстаўнік пераходнага часу. Ён бярэ свае расказы з народнай творчасьці, або з фантазіі, перадае іх цікава і з гумарам; але гэты гумар найчасьцей выглядае, як насьмешка над сялянамі, — перадаецца так, што селянін трапляе ў. сьмешнае палажэньне. Мэта аўтора хутчэй — не парадзіць сялянскім балячкам, а проста пасьмяшыць чытача. Праз гэта расказы Я. Ш. ўсё-ж захоўваюць цікавасьць для ўсіх („Пазыка“, „Заморскі зьвер“ і інш.).