Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Васількі/Гаротная

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зарабіў Гаротная
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1927 год
Павук
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гаротная.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гаротная.

У канцы вёскі каля старэнькай хаткі ўдавы Тамашыхі сабралася кучка баб. Кожная з іх штось гаварыла, кожная штось раіла, але Тамашыха ня чула і не разумела — ані іхніх гутарак, ані іхніх рад. З ахапкам брудных ануч пад пахай, шэпчучы штосьці пасінеўшымі ад холаду вуснамі, хадзіла яна ад вакна да вакна, ад вуглоў хаты да дзьвярэй і ўглядалася, ці не пакажацца дзе дымок. І праўда: працісаўся ён паміж лучынак, месцамі пазацягваных замест шыб у ваконныя рамы; працягваў і праз надгніўшыя вуглы хаты, — і праз пашчапаўшыяся ў дзьверах дошкі. Дзе толькі дагледзіла Тамашыха гэты дымок, хутка падбягала туды, выцягвала з-пад пахі анучыну, адрывала шматочак[1] і з усей сілы затыкала ім шчэліну.

Вецер раз-за-разам узрываўся, гудзеў паміж гнілых жардзей азяродаў, паміж дзе-ня-дзе цэлага яшчэ частаколу; са сьвістам прарываўся праз голыя галіны вялікай крывой вярбы і гінуў нейдзе ў далі. З пахмурнага неба сыпалася імжака. Нездаволеныя, што Тамашыха не зважала на іх, бабы, пазалеўшы, парасьцягіваліся па вёсцы. Скончыла і Тамашыха сваю занятку[2], глянула на пустую, балоцістую вуліцу і, асунуўшыся на прызьбу, шаптала далей.

Што шаптала — сама добра не разумела. Ведала толькі, што так трэба. Трэба, бо, — бо знахарка Караліха, да каторай Тамашыха сягоньня яшчэ до́дня[3] заімчала курыцу, так і раіла: „Зачыні, казала яна, юшку, распалі агонь на прыпечку, насып гэтага, што табе даю, зельля, — хай курыць, а сама выйдзі з хаты, дый пілнуй, каб дым праз шчэліны не ўцякаў“. А калі Тамашыха спыталася, ях доўга трэба курыць, знахарка строіла так: „столькі часу куры, колькі займае сказаць шэсьць па шэсьць пацераў; тады, кажа, і варочайся ў хату — ўсё будзе добра“.

Шэсьць па шэсьць? Ня менш — то пэўна, а мо ўжо і болей, як шэсьць па шэсьць нашаптала пацераў Тамашыха; мо’ гэта і нядобра? Усхапілася з прызьбы, кінулася да дзьвярэй і расчыніла іх. Шугануў дым, цёмны едкі дым, грыз вочы, душыў у горле, але Тамашыха не зважала на гэта: вобмацкам мінула печ, дабралася да палка і нагнулася.

Там — з нацягнутай на галоўку грубой посьцілкай ляжаў Сьцяпанка — пацеха і ўся надзея Тамашыхі. Ляжаў ціханька і толькі худзенькая маленькая ручка зьвесілася з палка. Тамашыха асьцярожна падняла і палажыла гэту малую ручку на грудзі сына, а сама ціханька, каб не разбудзіць хворага, адыйшла, села на лаву і задумалася. І, ці то ад дыму, ці то ад гэтых думак, сьлязіна за сьлязіной капалі ў капалі з вачэй беднай кабеціны…

Задумалася Тамашыха. І ажно сама дзівілася, скуль можа брацца столькі бяды, столькі няшчасьця, сколькі ўсьцяж валілася на яе галаву. І за што? Грэшная? Мо’ яе грэх найважнейшы, найбольшы за ўсіх? Мо’ дзеля таго і пакутавае яна за ўсіх? Мо’ іншым за тое лягчэй жывецца? Ой, бо ці ўсё-ж яе жыцьцё не адна пакута? Не адна бяда? Не адна нядоля?

Змалку, помніць Тамашыха, калі была яшчэ ў Язэпавай хаце — там ужо пачалася яе нядоля — там першая. Бо ці-ж гэта не нядоля? — спаміж усіх дзяцей, якія гадаваліся тады ў Язэпа — адна яна ня мела маткі. У кожнай хаце былі дзеці, былі і маткі, а от-жа ў яе ня было. І калі, бывала, бачыла яна, як іншыя дзеці песьцяцца, прытуляюцца да матчыных грудзей, бегала і яна — маленькая, худзенькая да тэй высокай белавалосай Тэклі, клала сваю галоўку на яе калені і шаптала: „мама, мама, мама“. Але пяшчотаў, а яшчэ горш гэткіх слоў Тэкля ня любіла: „ня лезь, кажа, да мяне з гэткім — абуза[4], а ня дачка ты мне“. Плачучы, бегла тады малая Ганулька (Ганулька? гэта-ж яе некалісь звалі Ганулькай, ледзь цяпер успомніла Тамашыха), бегла ў які-колечы цёмны куточак, або ўціскалася ў запечак і, закрыўшыся, ціханька шаптала сама да сябе: „мама, мама, мама“…

Потым… што-ж было потым?… Ага: зімой крыху меншых за сябе дзяцей калыхала, насіла, хату замятала, бульбу скрабла, а ўлетку — ў поле ўжо стала ганяць. Прыгнаўшы на дзяніну, змораная бяжыць травы каровам, сьвіньням… Гэтак доўга было, бо неяк да сярпа не магла налажыцца, але пасьля і гэтага наўчылася. Стала хадзіць тады на заработкі і, як тая пчолка, зносіць двузлоткі ў хату. Але, каб з гэтых двузлотак сабе што справіць — адзежыну якую, нікому, ды самой Ганульцы ніколі і ў галаву ня прыходзіла. Адзявалі яе хатнія: справяць што сабе, падносяць, пацягаюць, ды аддаюць тады ёй: „палатай, — кажуць, — добрая яшчэ для цябе адзежына будзе“. Цешылася Тамашыха з падарунку, латала і насіла. Інакшых радасьцяў Ганулька ня мела; і толькі, калі ўжо вырасла на сталую дзеўку, Васіль — хлопец з суседняй вёскі, спатыкаючы яе, зажартуе, бывала, загаворыць: „дурная ты, кажа, Гануля: цябе крыўдзяць дома і ты падаешся. Слухай лепш мяне, ўсё добра будзе“. І Ганулька, хоць баялася Васіля, але верыла яму і слухала. Слухала, ажно пакуль не пагналі Васіля ў салдаты, а яна зноў адна асталася. Адна? Каб-жа хоць на век аднэй можна было астацца! Але ўскорасьці падыйшла найгоршая бяда: радзіўся сынок… Выгналі Ганульку з хаты… прыйшлося сесьці кутам на дворнай пляцоўцы. Ой, трудненька прыходзілася Ганульцы, трудненька! І ня думалася ёй, што на сьвеце бяда ня мае канца, што можа быць яшчэ цяжэй… Памёрла Тамаша канцавога матка; патрэбна была ў хату гаспадыня, а што за п’яніцу ніхто не хацеў ісьці, абы якое прыстанішча[5] мець — пайшла Гануля…

І вось яна ўжо Тамашыхай стала, Тамашыхай гаспадыняй! Бяда толькі, што ня было надта над чым гаспадарыць: адна ўсяго кароўка, ды дзьве авечкі, каня нават ня было. Шнурок свой у запашку аддавалі, дык пражыць было цяжка. Але штотам пражыць? нейкі-ж лахман быў нацягнуць на сябе, а есьці? Улетку — шчаўя, грыбоў — гібель; а зімой — які там дзень? Зусім кароткі. Прыставіць саганок бульбы — на ўвесь дзень хапае! Вось толькі абы Васільку… ды каб-жа яму аднаму? ато і не агледзілася Тамашыха, як прыбыў Яначка, Пятрусь і вось гэты — Сьцяпанка. Сабе — як сабе, а дзецям трэба-ж даць хоць раз у тыдзень нейкі праснак,[6] ці блін, ды малачка калі ўліць. Ну і давала Тамашыха колькі мела; а на Каляды, на Вялікдзень нават скаромнае траплялася. А хоць і ў буднія дні, — каму — нашто тое — грэх наракаць: у пячурцы заўсёды ў запасе бульба валяецца, і ядуць яны яе, бывала, не раўнуючы, як тыя парасяткі — праз увесь дзень, дык голад каму-каму, а дзецям не дакучаў. Толькі вось, разважала далей Тамашыха, неяк сыць іх ня брала: жывоцікі праўда парасьпірала, але ручкі, ножкі, шыйкі — ажно жаль было глядзець — як тыя цэвачкі. А і сама яна, Тамашыха, неяк сохнуць стала ды моц[7] зусім страціла. Даўней, бывала, асьміну бульбы закіне на плечы і прымчыць з поля, а цяпер і кошык цяжка прыцягнуць. Не дзеля таго саслабела яна, што галодная была, або што Тамаш праз колькі-то год духі выймаў — біў, не — гэта што — глупства; вось, другі год ужо як ня б’е: зваліўся п’яны з рыштаваньня, захварэў і памёр, а ўсё-ж-ткі сілы не варочаюцца, — сну зусім няма з таго часу, як увалілася хвароба ў хату.

Гэткі-то хлопчык быў Васілька, ўспамінала сабе Тамашыха, гадкоў з дзесяць пэўна меў; аддалі на службу за падпаска; усё-ж ткі карміць дома ня трэба, ды чатыры рублі пэнсіі браў за летка. От і зарабіў! — вярнуўся са службы, стаў кашляць, хірлець і Каляд ня прыждаў — як тая сьвечка — згас. Згас Васілька, за ім тэй самай сьцяжынкай пайшоў Яначка, а пасьля і Пятрусь. А цяпер вось гэты — Сьцёпачка — мала то страху нагнаў? Згоджаны быў да Ўсіх Сьвятых: на ўсім гаспадарскім пуд жыта і тры рублі; ведама, першая яшчэ служба; ды і тая не ўдалася: скаціны, хоць мала, але дуроная; зьнямогся, лётаючы за ёй, так бедны, што без пары сарваць са службы прыйшлося; мо’ і грошы прападуць, але дома Тамашысе спакайней. Малачка яму напарыць, сама паложыць, накрые, ўночы да яго ўстане; толькі нешта ніяк ачуняць ня можа, а вось з тыдзень ужо будзе, то такі страшэнны кашаль прычапіўся, што і духу не даваў яму перавесьці. Чаго, чаго не рабіла, якога толькі ня парыла, не давала зельля, — нічым супакоіць не магла, ажно пакуль, вось, ня зьбегала да Караліхі і хоць курыцу прышлося аддаць, але такога нейкага моцнага-то[7] курава дала, што зразу кідаць перастала, супакоіўся і гэтак-то ціханька ляжыць, ані скранецца; нават ручку, што зьвесіўшыся з палка была, як паправіла, так і цяпер на тым самым месцы ляжыць…

Цяпер толькі ўспомніла Тамашыха, чаму гэта, як папраўляла тую ручку, то яна была нейкая ні то потная, ні то ліпкая і быццам цяжкавата?.. І раптам, як пярун агністы, страшэннае падазрэньне мігнула праз галаву Тамашыхі. Зразу ўнутры зрабілася холадна, пуста; ногі быццам волавам наліліся… Але неяк-жа скранулася Тамашыха і, апіраючыся то аб стол, то аб зэдлі, з страшэннымі, выкаціўшыміся на верх вачамі, ляскаючы зубамі дасунулася да палка і смарганула за пасьцілку. З пад яе паказаўся пасінеўшы твар няжывога Сьцяпанкі.



  1. Камячок.
  2. Свой занятак.
  3. Удосьвітку.
  4. Цяжар.
  5. прытулак.
  6. Прэсны хлеб.
  7. 7,0 7,1 моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.