Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Бярозка/Пазыка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бярозка Пазыка
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1927 год
Заморскі зьвер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пазыка (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пазыка.

Што пазыка ня кожнаму ідзе на карысьць, усякі хіба добра ведае на сваім уласным карку. Пазнаў гэта мой карак, нават ня карак, а ногі.

Было так: выбраўся я ў Вільню, а што неяк, ня тут кажучы, сароміўся паказацца ў горадзе ў лапцёх, дык пазычыў боты ў суседа. Прыйшоў у Вільню: цягнуся ў Кальварыю. Аж тут на мосьце, што зроблены праз рэку Вілію, — бачу; нейкія два падросткі цягаюцца за чубы.

— Што вам, — кажу, — за ліха, абібокі вы гэткія, чаго вам не хапае, — гэта-ж сьмех і грэх

— „Дзядзенька, — кажуць яны, — дзярэмся[1] праўда, але дзярэмся з твае прычыны“.

Вось, — думаю, — ліха папала; з-за мяне — Янкі з Гаротнікаў — у Вільні чубы трашчаць?!.. Аж дзіва: скуль яны могуць знаць мяне? Але на сэрцы зрабілася неяк добра: як-бы ні было, а ўсё-ж гонар.

— Пакіньце, — кажу, — хлопчыкі, шкада мне вас, ды скажэце, ў чым дзела:

— „Як-жа ж, дзядзенька, во гэты гіцаль[2] кажа, што ў цябе шэсьць пальцаў на назе, а я кажу, што пяць; ну, і ўзяліся за чупрыны“.

— А дзеткі-ж мае вы родныя, пакіньце цягацца, — кажу, — бо ў мяне і папраўдзе тыкеля[3] па пяць пальцаў на назе!

— „Не, — кажа старэйшы хлапец, — так табе, дзядзька, веры не дамо: скінь боты і пакажы“.

— Добра, — кажу, — хлопчыкі, супакойцеся, я вас пераканаю.

Зышлі мы на бок; сьцягнуў я бот, адкруціў анучыну, пералічылі яны мае пальцы, — пяць!…

— „Ага, — кажа той самы забіяка, — чаму-ж ты, дзядзька, паказаў нам тыкеля правую нагу? А на левай то пэўна шэсьць пальцаў!“

Хоць вас паляруш![4] Разуўся я і з левай нагі, пачаў анучу адкручваць, — калі глянь — ажно ўжо няма маіх чупрыньнікаў; няма каму пальцаў лічыць! Але, дасьцё веры, і на пальцы няма чаго нацягнуць, бо разам з імі паехалі і новыя, пазычаныя боты!…



  1. Русіцызм — чубімся, б‘ёмся
  2. Гіцаль — той, што б‘е сабакі, у пераносным значаньні — абманшчык, прайдак.
  3. Тыкеля — з пол. tak wiele, толькі, усяго.
  4. Параліч, згубленьне здольнасьці вольнага руху.