Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Кавалкі з «Успамінаў»
← Павук | Кавалкі з „Успамінаў“ Успаміны Аўтар: Ядвігін Ш. 1927 год |
Карусь Каганец → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Успаміны (Ядвігін). |
Кавалкі з „Успамінаў“.
Gau-de-a-a-a-mus i-gi-tur |
Грымеў гэты традыцыйны[2] студэнцкі гымн,[3] гымн — чаруючы сваей пекнатой[4]: чулася ў ім павага і вясёласьць; чулася радасьць і сумнасьць. Ад гэтага вялікага акорду[5] пекнаты, здавалася, дрыжыць усё, апрача сьцен: яны былі праз лад моцныя[6], праз лад тоўстыя — гэта былі сьцены маскоўскай перасыльнай Бутырскай турмы…
БУТЫРКІ.
Бутыркі!!
Колькі-ж сьветлых, чыстых, ідэйных дум згніло ў тваіх — Бутыркі — праклятых, грозных мурох!! Колькі?? ці ёсьць змога палічыць?? Не! Ды і навошта лічыць?!
„Петрапаўлаўка“ ў Пецярбурзе, Бутыркі — ў Маскве — ось тыя два сіты, праз каторыя прасявалася ўся інтэлігэнцыя[7] быўшых падданых, быўшага Расейскага гасударства.[8]
Бутыркі!!
Бутыркі — а сапраўдная назова: — „цэнтральная перасыльная Бутырская турма“ — гэта была быццам дачэсная дамавіна. Калі і выпушчалі адтуль на волю, дык вока паліцэйскага, жандара ці шпіка мела вас у сваёй апецы
Але саўсім[9] бадай неўспадзеўкі здарылася тагочасная авантура[10].
Ось — „узбунтаваліся“ Пятроўцы.[11] Іх захапілі амаль ня ўсіх. На другі-ж дзень загарэлася ў унівэрсытэце. Моладзь — ня то што дабравольна, але проста гвалтам — дабівалася арышту, дабівалася турмы.
Першая партыя арыштаваных унівэрсантаў — гэта быў толькі пачатак. І калі гэту партыю загналі ў манеж, то, — як мы пасьля даведаліся, — прыходзілі цэлымі групамі[12] студэнты, дабіваючыся, каб і іх арыштавалі. Але такога „прыказу“ ня было і іх толькі разганялі.
Але якое-ж жыцьцё было нас — тых 412, якіх загналі ў Бутыркі?
Памешканьне — калі гэта можна назваць памешканьнем — далі нам на трэйцім паверху турмы. Гэта былі два вялізарныя калідоры пад простым кантам, пры якіх было дваццаць восем „камэраў“. Камэры — гэта — адны меншыя, другія большыя — пакойчыкі, і там — нас, трэба пахваліцца, не запіралі[13], але далі поўную волю: куды каторы хочаш:
Мы — Менчукі — з кампаніяй, якая далучылася да нас, — заарандавалі апошнюю — 28-ю камэру.
Што ў такіх камэрах было? Голыя драўляныя нары — і толькі. Праўда — яшчэ было нешта: тысячы, а мо’ мільёны, выбачайце, плюскваў[14].
Ну, але трэба было неяк-жа даваць сабе рады. Першую ноч ніхто і ня думаў укладацца спаць; ішла гутарка, ішлі нарады. Варты ніякай пры нас ня было, дык гаварыць можна было сьмела і свабодна аб чым хочаш і дзеля гэтага мы і не агледзеліся, як шпарка мінула тая першая ночка.
Адно толькі што нас трывожыла — гэта лязганьне па каменных усходах. Куды і нашто ганялі няшчасных кандальшчыкаў — мы толькі даведаліся пасьля: неспадзявана вялікі лік нас — нова арыштованых — прымусіў турэмнае начальства гусьцей сьціснуць даўнейшых сваіх нявольнікаў і ось, калі ярчэй зьвінелі гэтыя кандалы — на нас веяла ня только сумнота, але нейкі жаль, трывога, граза, і нашыя маладыя галасы прыціхалі…
…І калі я ўспамінаю мінулае і прыглядаюся да цяперашняй моладзі, то ў мяне зьяўляецца адно пытаньне: калі яны маглі так хутка пастарэць? Хто так хутка вырваў у іх маладую душу? Хто пазбавіў іх гэтага найдаражэйшага скарбу?
Даўней — навука была навукай і, разумеецца, больш ёю займаліся, чым цяпер; сур’ёзныя заняткі, сходы, нарады, праца ў бібліятэках і інш. — ішлі ня спыняючыся, аднак заставалася часу, калі маладыя, незатручаныя яшчэ нічым, душы ірваліся да шчырай, мо’ нат часам крыху наіўнай, але чыстай, праўдзівай вясёласьці.
Але па што аб гэтым успамінаць? на што гаварыць? па што гаварыць?
„Не течет река обратно — |
Знайшлі мы і яшчэ адну занятку, дый нат вельмі прыемную: концэрты.
Сьмешна цяпер можа каму выдацца, як можна даваць концэрты ў Бутырскай турме, а тымчасам праходзілі яны вельмі цікаўна, гладка, ўдала.
Апрача агульнага, нарыхтованага паміж сабой, хору, выступалі асобныя концэртанты: солісты, дуэты, трыо, квартэты і г. д. Паміж імі былі такія галасы, якія можна было пачуць толькі з добрай тэатральнай сцэны. Былі дэклямацыі, монолёгі, экспромты. З вялікай люботай можна было ўсё гэта слухаць.
Іншым зноў разам — выклікалі мы начальніка турмы — палкоўніка — прозьвішча каторага ўжо не памятаю — быццам у вельмі важнай справе. Ён заўсёды зьяўляўся ў хуткім часе. Але трэба было бачыць яго, як акружоны грамадой студэнтаў — ён — то чырванеў, то бялеў. Ужываць якіх-колечы рэпрэсіяў проці студэнтаў, відаць, яму было забаронена, дык быў, дрыжучы перад сваім старшым начальствам, паслухняны.
А, праўду кажучы, ніякай справы да яго мы ня мелі: ось так толькі, абы чымсь з нуды заняцца.
Палкоўнік стаяў, а ўвакол яго гудзелі маладыя галасы:
— А што чутно ў Іокагаме? а што дзеецца ў Конго? Што з турэцкім султанам? Ці праўда, што яго жонкі зьбеглі? і гэтак дальш — у тым самым напрамку[15].
Ён разумеў, што тут строяць жарты, але трымаўся, як мог, каб ня страціць сваей павагі: выкручваўся, як уюн, каб у чым-колечы ня здрадзіцца, і калі ўжо даваў драпака ад нас, то мы дасканальна бачылі, што нат найлепшая маскоўская лазьня не магла так дагадзіць пану палкоўніку, як дагадзілі яму мы.
Гэтак перакульвалі мы дзень за дзяньком… Але чым дальш яны цягнуліся, настрой рабіўся тым больш сумны. Прыходзілася шукаць новых спосабаў, каб падтрымаць, ажывіць пульс маладога, няпрывыкшага да такіх абставінаў жыцьця…
(Далей аўтор апісвае, як студэнты з нуды арганізавалі концэрт і тэатр з інтэрнацыянальным рэпэртуарам; выступалі украінцы, расейцы з песьняю „Укажи мне такую обитель“, палякі — „Z dymem pożarów“, каўкасцы, літоўцы, латышы).
… Вярнуўшыся ў сваю камэру, мы — Менчукі — паўкладаліся до сну, але гэты сон, аніяк да нас не прылятаў. Чаму? і самі яшчэ добра не разумелі. От — гутарым, шэпчамся, быццам баімся, каб хто іншы нас не падслухаў.
Калі глянем, ажно і нашыя суседзі — случчакі, магілёўскія, віцябчане — неяк ня могуць спакойна прымасьціцца на сваіх нарах: усхопліваюцца і таксама шэпчуцца, як мы.
Што за прычына? Гэткі-то ўдалы быў концэрт, гэтак-то вясёла там было, а тут — на табе: маркотна зрабілася на душы, што здаецца гатоў кожны з нас хоць у вір галавой:
Паспаўзалі мы з нараў і зыйшліся разам са сваімі суседзямі, каторых мучыла, як мы бачылі, таксама нейкае неспакойства.
Але неяк нічога ў нас ня клеілася: кожны гаварыў аб нейкай дробязі, аб нейкім глупстве, старанна абмінаючы тое, што набалела і трывожыла яго душу.
— Таварышы, браткі мае родныя! — пачуўся прыцішаны, мягкі голас недзе саўсім з боку, што-ж з намі сталася? Чаму прыціхлі галасы нашыя? Чаму нас агарнула такая сумнота? Чаму не хапае нам слоў выліць той жаль, той боль, які запанаваў у нашым мазгу[16], ў нашым сэрцы, ў нашай душы? Што гэта? — кідаў пытаньні ён.
Але адказу ня было: сьціхалі ўсе, — сьціхалі і ўважна ўглядаліся ў мала тады яшчэ нам знанага прамоўцу. ———————
З доўгімі яснымі валасамі, з яснымі блакітнымі вачыма, скуліўшыся неяк, сядзеў ён на нарах і цяжка дыхаў.
— Прычыны такога настрою, — пачаў ён дальш, — трэба шукаць. у тым уражаньні, якое зрабіў на нас сягоняшні концэрт. Чулі мы там такія прыгожыя песьні — украінскія, расейскія, польскія, літоўскія — скажэце-ж вы мне, чые песьні вам найбольш спадабаліся?
— Усе яны адналькова прыгожыя, усе яны роўныя, — адазваўся нехта з нараў.
— Спытайцеся-ж тых, хто сягоньня там пеяў — не такі адказ пачуеце вы: паляк будзе хваліць сваю песьню, украінец — сваю, расеец — сваю і гэтак дальш, — зноў пачуўся голас першага прамоўцы; — і ня дзівота: кожнаму сваё роднае — наймілейшае, найдаражэйшае; для нас-жа яны, вы сказалі праўду, — ўсе родныя, аднальковыя, бо… адналькова чужыя…
Мы — паміж гэтых народаў — як тыя пакрыўджаныя сіроты… так — пакрыўджаныя: адабралі ў нас волю, свабоду… ну, але путы налажыць на нашыя думкі, на нашую душу — ня ўдасца!..
— Нашыя лугі — для нас цьвітуць; нашыя каласы — для нас шэпчуць; нашыя рэчкі — для нас гудзяць; нашыя лясы — для нас шумяць, а нашыя сумныя песьні — для нас і толькі для нас зьвіняць — і будуць зьвінець!..
— Чулі вы гэткую песьню:
„Ой, ляцелі гу-у-сі |
Зацягнуў прыцішаным нізкім тэнорам сваю песьню, але зараз-жа гэтая мэлёдыя абарвалася і пачуўся сухі, цяжкі, надрываючы грудзі, кашаль.
Усе заслуханыя ў першыя словы песьняра, цяпер трывожна аглянуліся на яго: не зважаючы на цемру, якая абхапіла ўжо нашую камэру, ўбачылі мы, як у руках песьняра міганула белая хустачка, якою ён пачаў старанна выціраць свае вусны…
Адзін са студэнтаў — мэдык — хутка саскочыў з нараў і, кінуўшыся ў калідор, прыімчаў адтуль вады і падаў кашляўшаму, таварышу. Той, напіўшыся і цяжка дыхаючы, яшчэ больш ціхім голасам зноў пачаў:
— Не магу я пяяць, не магу — ў грудзёх ня ўсё, відаць, у парадку, ну але гэта міне. Я вам хоць так — бяз мэлёдыі ўспомню некалькі родных нашых песьняў.
І пачалася дэклямацыя беларускіх песьняў…
Плылі яны — адна за другой плылі…
Не пяяў-жа ён іх, а толькі словы гаварыў, а здавалася, што словы гэтыя плывуць, зьліваюцца ў адну мэлёдыю — мэлёдыю жалю, скаргі, болю… Здавалася — ось, ось недзе рэха павінна было адклікнуцца… не — не адклікнуцца: рэха заплакаць павінна — наўзрыд[17] заплакаць…
Раптам нехта адазваўся:
— Стойце, браткі, пачакайце: знаная мне гэтая песьня — яшчэ нянька навучыла; хочаце — сьпяю яе?
Усе, разумеецца, згадзіліся. Знайшліся і другія, каторыя ўспомнілі іншыя песьні.
І ось, бадай, ці ня першы раз, як Бутыркі — Бутыркамі — ў грозных іх мурох, у цемры закратованай камэры — пачулася, палілася сумная беларуская песьня!…
З якой увагай, любоўю, пашанай услухоўваліся мы да мала знаных тады яшчэ мэлёдыяў!..
Пяялі саўсім прыцішаным голасам, як-бы баючыся, каб хто не падслухаў іх, каб з чужымі людзьмі ня прыйшлося дзяліцца неўспадзеўкі знойдзеным дарагім скарбам…
Пашто[18], каб хто чуў: пяялі мы сваё-роднае і пяялі — толькі для сябе.
Як-жа хутка мінула нам гэтая ночка! Колькі новых плянаў навеяла яна! Колькі новых зернятак закінула ў нашыя маладыя душы! Колькі новых неспадзяваных думак нагнала яна ў нашыя гарачыя галовы!!..
… Назаўтра нас — гэтых восемнаццаць чалавек — паразвозілі: частку — ў адзіночныя камэры, скуль пасьля, дзякуючы вялікай, протэкцыі[19] — выпусьцілі; частку саслалі, а трох згінула ў Петра- паўлаўцы.
У той-жа год скасавалі Пятроўска-Разумоўскую Акадэмію[20].
Доля вывезеных на концы студэнтаў — была розная: адным прыйшлося гнаць той самы курс — другі год; другіх — паразганялі па іншых унівэрсытэцкіх гарадох, а былі й такія, каторым прыйшлося і саўсім з унівэрсытэтам разьвітацца.
Трэба яшчэ адзначыць, што разруха паміж студэнтаў была ня толькі ў Маскве: перакінулася яна, як гэта і заўсёды бывала, ўва ўсе унівэрсытэцкія гарады. У той год разруха гэтая дайшла да асабліва вялікага размаху і хоць ня ўсіх, але частку сваіх жаданьняў — дабіліся — ахвяры не прапалі дарма.
У чэсьць гэтых ахвяраў закончу свае ўспаміны — тым — з чаго пачаў:
„Gaudeamus igitur |
- ↑ От-жа, радуймася, пакуль мы маладыя… пасьля прыемнай моладасьці.
- ↑ Бесьперарыўна пераходзячы.
- ↑ Урачыстая песьня
- ↑ Пекната — полёнізм ад piękność, пабелар. — хараство.
- ↑ Гарманічнае злучэньне некалькіх гукаў.
- ↑ моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
- ↑ Людзі, што жывуць з працы галавы, адукаваныя, духова разьвітыя клясы грамадзянства.
- ↑ Государсіва — русіцызм; пабелар. — гаспадарства, дзяржава.
- ↑ Лепш — зусім.
- ↑ Франц. — прыгода.
- ↑ Студэнты Пятроўскай сельска-гаспадарчай акадэміі.
- ↑ Купамі.
- ↑ Русіцізм — не замыкалі.
- ↑ Плюсквы — полёнізм; пабеларуску — блашчыцы.
- ↑ Украінізм, паб. — кірунак.
- ↑ рус. — у нашых мазгох.
- ↑ Русіц. — паб. лепш — жаласна заплакаць.
- ↑ польск. зварот, пабелар, нашто.
- ↑ Заступніцтву.
- ↑ Сельска-Гаспадарская Акадэмія ў Маскве.