Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Шляхам Кастрычніка
← Пра літаратурную крытыку | Шляхам Кастрычніка Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
Аб „фактах“ і пэрспэктывах → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шляхам Кастрычніка. |
I
[правіць]ШЛЯХАМ КАСТРЫЧНІКА
(Заметкі аб разьвіцьці беларускай літаратуры за 10 год)
I
Першыя стрэлы імпэрыялістычнай вайны азначылі канец нашаніўскага пэрыоду беларускай літаратуры. Шалёны шквал боек, пажараў, рэквізыцый нахлынуў на Беларусь. Загарэлася тое полымя, у якім загартоўваліся сілы беларускага народу да іншых боек, з якімі давялося яму спаткацца пазьней. Ад мора да мора вырасьлі драцяныя сьцены, ад мора да мора параскідала доля той невялічкі гурток работнікаў, пра якіх гаварылі:
– Бѣлоруссы? Да их всѣх можно на одной кушеткѣ помѣстить…
Калі схлынула першая хваля мітусьні, параскідаўшы нашаніўцаў, пачалі яны зьбірацца то там, то сям, уваходзячы ў рознастайныя організацыі — першыя ластаўкі грамадзкіх рухаў на Беларусі. К сярэдзіне 1917 году Менск займае месца Вільні ў справе беларускага культурна-нацыянальнага руху; адчыненьне „Вольнай Беларусі“ ў Менску, накапленьне грамадзкіх організацый мела вялікае гістарычнае значэньне.
Меў асаблівы сэнс той факт, што менавіта ў Менску, упоперак віленскім традыцыям, пачалі разгортвацца ў далейшым рашучыя падзеі ў жыцьці Беларусі і ў жыцьці беларускай мастацкай літаратуры.
„У той час, — піша проф. Ігнатоўскі, — як пецярбурскія і некаторыя іншыя грамадзкія організацыі (Бел. Соц. Грамада) зьвязаліся з рабочымі беларускімі коламі і станавіліся паступова за выразны рэволюцыйна-клясавы грунт, менская організацыя, каторая для Беларусі мела ў той час самае важнае значэньне, ня мела гэтай апоры і павінна была ўвайсьці ў зносіны з дробна-буржуазнымі нацыянальнымі беларускімі коламі і прыняць права-соцыялістычную афарбоўку. Гэты факт меў вялізнае значэньне ў ходзе рэволюцыі на Беларусі“. („Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця“).
Дзеля таго, што Грамада была найбольш уплывоваю плыньню ў тагачасным нацыянальным руху, гэтыя словы можна аднесьці і да ўсяго руху. Адсюль пашлі і гульня ў дэмократыю па-керанску, і няўдалыя перамаўленьні з часовым урадам, і недарэчныя пастановы ўсебеларускага конгрэсу („часовае“ прызнаньне савецкай улады), і гісторыя опэрэтачных урадаў БНР і г. д. Беларускі нацыянальны рух за малым выключэньнем адразу не папаў у адну каляіну з рэволюцыяй, і адгэтуль пашлі ўсе яго далейшыя беды. Органічна зьвязаныя з ім беларускія пісьменьнікі і поэты не маглі, зразумела, адразу адарвацца ад яго. Адгэтуль тая многазначная маўклівасьць, якою спаткалі яны Кастрычнік, адгэтуль тыя іерэміяды, якімі адгукнуліся некаторыя з іх на роспуск конгрэсу. Адгэтуль, нарэшце, вынікае і тое хістаньне, якое цягнулася ў беларускіх пісьменьнікаў вельмі доўгі час. Характарны адбітак знайшла позыцыя беларускай інтэлігенцыі ў адносінах да рэволюцыі і контр-рэволюцыі ў аповесьці „Дзьве душы“, напісаньне якой адносіцца да гэтага часу і якая зьяўляецца амаль што буйнейшым творам тае пары. Для нас гэта аповесьць мае яшчэ і гістарычнае значэньне: тут адбіты тыя самыя гістарычна-псыхолёгічныя процэсы, якія толькі праз некалькі гадоў выявіў польскі пісьменьнік Жэромскі ў сваім творы „Przedwiośnie“. Твор Жэромскага адразу стаў вядомым у сусьветным маштабе: за Жэромскім была яго рэпутацыя, якая давала яму поўнае права спазьніцца на пяць гадоў. Твор Гарэцкага, напісаны пад сьвежым уражаньнем, напісаны сьвежымі фарбамі, застаўся малавядомым нават і на Беларусі. Гэты факт мае таксама свае глыбокія гістарычныя карэньні і апраўданы ўсёю папярэдняй гісторыяй Беларусі і яе культуры. Ён зьяўляецца вынікам тае ўпартае працы, якая праводзілася на нашых абшарах сотні гадоў, маючы на мэце зрабіць Беларусь бяствараю провінцыяй крэсаў усходніх Рэчы Паспалітай альбо „губерниями Северо-Западного края“. Ня дзіва, што беларуская інтэлігенцыя таго часу, зьвязаная, галоўным чынам, з дробна-буржуазнымі элемэнтамі гораду і з заможным сялянствам, не адразу здолела зьмяніць свае позыцыі.
Ігнат Абдзіраловіч, гэрой аповесьці „Дзьве душы“, робіцца сьведкаю Кастрычнікавай рэволюцыі. Падзеі кідаюць яго ад бальшавіка Гаршка да белагвардзейца Гарэшкі. Ігнат ня можа ніяк вызначыць свайго месца паміж двумя дзейнымі сіламі, ня можа і далучыцца да тэй ці іншай.
„Я ня ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікага нэўтралітэту і ашукваю тых і гэтых і самога сябе. Няўжо панская кроў, каторая цячэць у маіх жылах, маець тут нейкае значэньне? Ату, што за дурныя думкі, — гэтага ня можа быць.
І адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала, зьнямела.
І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго, і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму высьпятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку“.
Вось у гэтым адрывачку вобраз становішча беларускае інтэлігенцыі, а разам і беларускага пісьменства таго часу. У тэй-жа аповесьці мы маем цэлы шэраг другіх тыпаў, характарных для эпохі. Цікавы Мікола з яго тэорыяй „нацыянальнага бальшавізму“. Ён інстыктыўна адчувае сілу бальшавікоў, адчувае, што праўда на іх старане. Але ён ня можа выйсьці з рамак нацыянальнае замкнутасьці і нерашучасьці — чыста інтэлігенцкая рыска, — і гэта прыводзіць яго да недарэчнай тэорыі. Гэткае хістаньне і раздваеньне часамі прыводзіла да самай трагічнай разьвязкі. Гэтая двайчастасьць загубіла аднаго з выдатнейшых беларускіх песьняроў Алеся Гаруна. Сталяр, сын чорнарабочага, рэволюцыянэр, перажыўшы 9 год царскай ссылкі — Алесь Гарун піша:
Гэй, хто ёсьць тут? Люд галодны, |
А другая істота Алеся Гаруна кідае яго ў стан зьлейшых ворагаў гэтага ўбогага люду, паставіла на другі бок барыкадаў і прывяла поэту на далёкі кракаўскі могільнік.
Гэта раздвоенасьць адбілася і на ўсёй беларускай мастацкай літаратуры гэтага пэрыоду, які можна абмежаваць часам з 1917 да 1923 году. Гэта пара бурлівых падзей, якая перашкаджала нашаніўцам сабрацца зноў і ўсьвядоміць сваё месца ў рэволюцыі. І ў той час, як адны (Ц. Гартны, А. Гурло) адразу сталі на грунт Кастрычнікавай рэволюцыі, — другія, як Купала, Колас, Гарун ды іншыя, проста ўстрымліваліся ад ацэнкі становішча і не праводзілі мяжы каля сябе ні з таго, ні з другога боку. У Купалы ў гэты час зьвіняць ноткі расчараваньня, ноткі жалю па няспраўджаных надзеях (зборнік „Спадчына“), якія прадстаўляюць сабою лёгічны працяг нашаніўскіх заклікаў. У Коласа („Водгульле“) аналёгічныя мотывы. У абодвух пачынаюць зьяўляцца некаторыя пацыфісцкія настроі, як у вершы Коласа „Ворагам“; гэтыя настроі, бязумоўна, стаяць у непасрэднай сувязі з падзеямі на Беларусі, а пасыўнасьць іх выцякае з тае самае падвойнасьці, якая характарызуе позыцыю інтэлігенцыі.
Такім чынам, у літаратуры гэтага пэрыоду мы можам вызначыць дзьве асноўныя плыні.
Першая — гэта галоўнае ядро нашаніўцаў, якое апынулася на вялікім раздарожжы і нерашуча пераміналася з нагі на нагу, ня ведаючы, куды падацца.
То яны пішуць:
Кавалі другія, |
То ў іх зьяўляюцца мотывы, падобныя да вышэйпрыведзеных радкоў А. Гаруна. Наогул-жа ў гэтай плыні пераважваюць мотывы нявыразныя. Па колькасьці новых твораў — гэта адзін з бяднейшых пэрыодаў у беларускай літаратуры.
Першая плынь мае сваё завяршэньне ў зборніку, „Адраджэньне“, які быў выпушчаны ў 1922 годзе. Пасьля гэтага зборніка пачынаецца паварот беларускай літаратуры на новыя рэйкі. У гэты-ж час пачынае ўставаць на ногі і разгортвацца другая плынь, якая пасьля ўвабрала ў сябе першую і якой суджана было стаць беларускай літаратурай пасьлякастрычнікавай пары. У 1918 годзе ў Маскве быў выдадзены альманах „Зажынкі“ — „першы збор твораў беларускіх песьняроў і пісьменьнікаў, вышаўшых з сям‘і працоўнага народу“. У гэты зборнік, цалкам прасякнуты духам клясавай барацьбы, увайшлі творы як нашаніўцаў (Ц. Гартнага, Ф. Чарнушэвіча, А. Гаруна і др.), так і многіх новых пісьменьнікаў (Міхалка Галка, Ф. Шантыр). Гэты зборнік важны для нас ня столькі сваімі мастацкімі вартасьцямі, колькі сваім гістарычным значэньнем. Гэты зборнік зьяўляецца першаю ступеньню таго вялізарнага ідэёвага росту, які перажыла беларуская літаратура за 10 год Кастрычнікавай рэволюцыі. Па свайму ідэёваму зьместу мастацкія творы гэтага зборніка нагадуюць нам „Маніфэст“ першага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі. Гэта мажорны тон пераможнай рэволюцыі, гэта жыцьцё беларускіх нізоў у зусім новым асьвятленьні. Група беларускай інтэлігенцыі, згуртаванай вакол „Зажынак“ „Дзяньніцы“ і Беларускага нацыянальнага камісарыяту, — гэта ўжо новая інтэлігенцыя, ня зьвязаная з дробна-буржуазнымі групаваньнямі. Гэта — прадстаўнікі бяднейшага беларускага сялянства, рамесьніцтва. Гэта — піонэры тае групы беларускага культурніцкага актыву, якой ходам падзей суджана стаць на чале беларускай інтэлігенцыі і павесьці яе шляхам Кастрычнікавай рэволюцыі.
У 1921—22 годзе гэта другая плынь высоўвае групу зусім новых пісьменьнікаў і робіць пераможную вылазку, якая замацоўвае за ёю ідэёвыя позыцыі ў беларускай літаратуры. Поэма „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота канчаткова аформіла ідэёвы напрамак беларускай літаратуры і паставіла на чале яе новыя сілы. З гэтага часу пачынаецца групаваньне сіл, пачынаецца пераацэнка каштоўнасьцяй у поэтаў-нашаніўцаў, пачынае ажываць і само літаратурнае жыцьцё Беларусі. Адчыняецца першы тоўсты беларускі часопіс „Полымя“, які сьцягвае вакол сябе і маладых і старых пісьменьнікаў. Адбываюцца вечары „Полымя“, якія, з аднаго боку, прыцягваюць да вырастаючай літаратуры ўвагу грамадзянства, а з другога — павялічваюць імкненьне пісьменьнікаў да большага збліжэньня. Цікавасьці да беларускай літаратуры спрыяе адчыненьне ў Менску Беларускага пэдтэхнікуму і унівэрсытэту, дзе распачынаецца вывучэньне беларускае літаратуры. Вядомы спробы організацыі літаратурна мастацкіх часопісяў пры БДУ і пры „Беларускай хатцы“ („Маладзік“). Гэтыя організацыйныя імкненьні, спачатку нясталыя (як організацыя сэкцыі пісьменьнікаў пры Доме Асьветы), выліваюцца нарэшце ў організацыю „Маладняка“. Усе шэсьць організатараў „Маладняка“ — Чарот, Вольны, Александровіч, Дудар, Пушча і Бабарэка — былі ў беларускай літаратуры навічкамі, ня мелі яшчэ належнай практыкі ў гэтым напрамку. Але яны цалкам, да мазга касьцей былі пранізаны ідэямі Кастрычнікавай рэволюцыі; творы іх насілі на сабе ўсе адзнакі новых, нязвыклых для беларускай літаратуры павеваў. Гэта пераможна ўступала ў літаратуру бяднота вёскі, гарадзкі пролетарыят працягваў рукі да беларускай літаратуры. Адначасна і старэйшыя пісьменьнікі рашуча павярнулі на новыя рэйкі і сталі, нарэшце, савецкімі людзьмі. Толькі некалькі старых пісьменьнікаў не далучыліся да новае лініі і канчаткова заняпалі, як Паўловіч, Буйла ды інш. Зборнік Янкі Купалы „Безназоўнае“ найлепей выражае той пераварот, які здарыўся ў беларускай літаратуры. Кастрычнік шляхам захаванай ідэолёгічнай барацьбы заваяваў для беларускай літаратуры старых пісьменьнікаў, і беларуская літаратура стала, такім чынам, безагаворачна на новы шлях. Зьяўляюцца ўсё новыя і новыя літаратурныя сілы. Вакол „Маладняка“ гуртуюцца ня толькі пісьменьнікі, але і ўся бадай беларуская маладая інтэлігенцыя, сьветагляд якой выкоўваецца ўжо ў кузьні Кастрычніка.
Але ідэёвы рост беларускай літаратуры ня можа і ня мог ісьці „без задоринки“, як ня можа і не магло ісьці бяз хістаньняў гаспадарчае разьвіцьцё краіны. Паступовае адбудаваньне зруйнаванай краіны, нэп, гаспадарчае назапашваньне і соцыяльнае распластаваньне вёскі — павінны былі выклікаць супярэчнасьці ўнутры беларускай літаратуры, прадстаўнікі якой па сутнасьці прадстаўлялі інтарэсы самых рознастайных груп сялянства: адсюль і рознастайныя адценьні ў ідэолёгіі тых, хто, нібыта, складаў нешта суцэльнае. Адначасна конкрэтызацыя форм нацыянальнай політыкі партыі, асабліва пасьля XII зьезду, не магла ня выклікаць розных ілюзій у шовіністычна настроеных груп насельніцтва, што таксама павінна было ў некаторай меры адбіцца ў літаратуры. Усё гэта падрыхтоўвала глебу да самых рознастайных супярэчнасьцяй, якія і пачалі вынікаць у першую чаргу ў „Маладняку“, як у адзінай організацыйнай адзінцы.
Пачалося з траўлі старых пісьменьнікаў. „Радыкальныя“ элемэнты „Маладняка“, вуснамі Дубоўкі, Бабарэкі і некаторых другіх, накінуліся на Купалу, на Коласа, на Журбу, лічачы іх творчасьць устарэлаю, непатрэбнаю, прымітыўнаю. Адным словам, узьвялі на старэйшых пісьменьнікаў усе сьмяротныя грахі. На сходах, у прамовах, у артыкулах падкрэсьлівалася, што старыя пісьменьнікі ўжо адыгралі сваю ролю і не заслугоўваюць болей ніякай увагі. Спатыкаліся выпады і памфлетнага характару.
Аднак, гэта была толькі прэлюдыя да новых спрэчак, на гэты раз ужо значна глыбейшых і ўжо ўнутры „Маладняка“. Спрэчкі паглыбляліся спачатку па лініі проблемы формы і зьместу. Адна група, не адкідаючы вялікага значэньня формальнай стараны твораў, вымагала ад іх яшчэ і выразнага клясавага зьместу. Бяз усякай падставы прыпісалі гэтай групе яшчэ і вымаганьне ад кожнага твору абавязковай „радасьці“. Гэта зьяўляецца, бязумоўна, чысьцейшым паклёпам, таму што група гэта заўсёды прытрымлівалася ў сваіх поглядах на разьвіцьцё літаратуры шляхоў, вызначаных марксыцкім вучэньнем, і заўсёды лічыла, што літаратура павінна адбіваць жыцьцё ва ўсіх яго праявах так, як яно ёсьць.
Другая група аддавала відавочную перавагу распрацоўцы формальных элемэнтаў твору, не адмаўляючы на словах значэньня зьместу. Шляхам філёзофскіх па выгляду меркаваньняў, прадстаўнікі гэтай групы, знаходзячыся пад уплывам, галоўным чынам, імажынізму, а часткова і акмэізму — расійскіх формальна-мастацкіх школ — скомпанавалі тэорыю „маладнякізму“. „Маладнякізм“ — гэта сынтэз формы і зьместу і прадстаўляе сабою асобную школу. Усякая новая школа вымагае супроцьстаўленьня нечаму іншаму. Адсюль, „маладнякістыя“ на ўсю дакастрычнікавую беларускую літаратуру наклейваюць ярлычок „адраджанізму“. Аднаўляць тут тэорэтычныя абаснаваньні „маладнякістаў“ не прадстаўляецца патрэбным, але самае гэта супроцьстаўленьне ўскрывае сутнасьць „маладнякізму“. Справа ў тым, што вельмі цяжка аб‘яднаць нашаніўцаў па адзнацы зьместу. Нельга паставіць за адну дужку Купалу — песьняра малазямельнага сялянства, і Цішку Гартнага — выяўніка рамесьніцтва і работніцтва. Ні з тым, ні з другім нельга параўнаць Максіма Багдановіча, а Алесь Гарун стаіць толькі блізка ад Купалы. Аднак ёсьць нешта агульнае, што выразна зьвязвае іх паміж сабою. Гэта форма, якоюкарысталіся яны для выяўленьня сваіх пачуцьцяў. Гэта пераважна песенная лірыка, а Максім Багдановіч зьяўляецца і першым стылізатарам беларускага вершу. Адсюль становіцца зразумелым і лёгічным нядоўгае супроцьстаўленьне „маладнякізму“, „адраджанізму“. „Адраджанізм“ — гэта школа песеннай лірыкі, „маладнякізм“ — гэта школа стылізацыі вершу згодна навейшых вымаганьняў поэтычнага мастацтва, школа вобразатворчасьці, адным словам — школа па сутнасьці сваёй формальная. Нездарма „маладнякістыя“ найбольш цікавіліся поэтамі-формалістымі, як Хозэ-Марыя дэ-Эрэдыа, Вэрлэн і г. д. Тэорыя „маладнякізму“ засталася няжыцьцёваю і самы тэрмін гэты ніколі ня меў шырокага ўжываньня, таму што нельга было аб‘яднаць нават двох чалавек у нас па формальных адзнаках у які-небудзь напрамак. Аднак гэта тэорыя паслужыла шчылінкай, якая дала магчымасьць у творчасьць формалістых пранікнуць элемэнтам дробна-ўласьніцкай ідэолёгіі, гэта і паставіла многіх поэтаў у сувязь з дробна-буржуазнымі групаваньнямі насельніцтва і выклікала ў творчасьці гэтых поэтаў цэлы шэраг адмоўных з пункту погляду будаваньня пролетарскай літаратуры момантаў. Група ўпадае ў вялікі індывідуалізм, псыхолёгізм, у творах яе зьяўляюцца надтрэснутыя ноткі нездаровага пэсымізму.
Асабліва гэта выявілася ў творчасьці Язэпа Пушчы і Кузьмы Чорнага. У першага ў зьвязку з гэтым заняпала і форма, што з кожным разам выяўляецца ўсё болей і болей. Бязумоўна, такое становішча павінна было прыняць нейкае організацыйнае аформленьне. У выніку гэтага і ўтварылася згуртаваньне „Узвышша“, куды ўвайшлі вышаўшыя з „Маладняка“ Дубоўка, К. Чорны, Бабарэка, Я. Пушча і некалькі маладзейшых поэтаў і пісьменьнікаў.
„Маладняк“ пасьля выхаду гэтых сяброў зьвярнуў вялікую ўвагу на аздараўленьне сваіх шэрагаў і ўдасканаленьне форм работы. Было выключана шмат лішніх сяброў, якія мелі толькі адноснае дачыненьне да літаратуры[1]; былі выключаны і некалькі маладых поэтаў з „узвышаўскай“ афарбоўкай, якія ўтварылі групу „Пробліск“[2].
Такім чынам, у сучасны момант Мы маем даволі выразнае разьмежаваньне на ідэёвым фронце беларускай літаратуры. „Маладняк“ — група сялянскіх пісьменьнікаў з няўхільнай тэндэнцыяй да аформленьня элемэнтаў пролетарскай ідэолёгіі ў сваёй творчасьці. Гэта тэндэнцыя абгрунтавана ў дэклярацыі „Маладняка“[3] і выразна выступае ў творчасьці сяброў гэтай організацыі. „Узвышша“ — група інтэлігенцкіх пісьменьнікаў з некаторымі мяшчанскімі і сялянскімі ўхіламі, якая сваю творчасьць імкнецца выявіць ў найбольш удасканаленай форме, а заганы зьместу прыкрывае ўтварэньнем туманных і поўных „левымі фразамі“ пляцформ. Нарэшце, асабняком стаіць група старэйшых пісьменьнікаў, якія займаюць як-бы прамежнае становішча паміж абедзьвюма групамі.
II
[правіць]II
Высьветліўшы, паколькі было магчыма, ідэёвы рост беларускай літаратуры за 10 год Кастрычнікавае рэволюцыі, мы пярэйдзем да якасных і колькасных дасягненьняў, якія мела наша літаратура за гэты пэрыод.
Агулам мы адзначылі б гэты пэрыод пэрыодам разгортваньня шырокіх палотнаў. Калі творчасьць нашаніўцаў складалася пераважна з нязначных па разьмеру твораў — вершаў і апавяданьняў, дык пасьлякастрычнікаўскі пэрыод мае сталую тэндэнцыю да монумэнтальных твораў, як поэма, аповесьць і, нарэшце, роман. Першым творам такога гатунку зьяўлялася аповесьць Гарэцкага „Дзьве душы“, пра якую мы ўжо гаварылі вышэй. Пазьней зьяўляюцца поэмы Чарота, Бядулі, Купалы і многіх другіх. Заканчваюцца монумэнтальнейшыя Творы беларускай літаратуры — поэмы Коласа „Новая Зямля“ і „Сымон Музыка“, а таксама і яго аповесьць „У палескай глушы“. Але гэтага яшчэ мала. Калісьці беларускай літаратуры трэба было змагацца за заваяваньне беларускага рынку. Цяпер рынак гэты здабыты і трэба здаволіць яго мастацкаю літаратураю, якая магла б канчаткова замацаваць сымпатыі чытача. І вось пачынаецца распрацоўка сатыры (Крапіва), зьяўляецца газэтны фэльетон (Алёша, Свэн) і, нарэшце, зьяўляецца беларускі роман (Цішка Гартны, Зарэцкі, Кузьма Чорны). Узбагачваюцца і вершаваныя жанры. Асабліва шырока пачалі ўжывацца сонэты і трыолеты: гэта прыняло форму мастацкіх практыкаваньняў, і іх сталі разглядаць толькі, як пэўную комбінацыю радкоў, забываючыся, што гэтыя формы вымагаюць адпаведнага зьместу і асабліва гармонічнага разьмеркаваньня сваіх складных частак.
Праводзіцца вялічэзная праца над ачышчэньнем і ўдасканаленьнем літаратурнай мовы. Дасягаецца гэта як словатворчасьцю, так і дасьледваньнем ды сыстэматызацыяй жывой народнай мовы. У многіх поэтаў і пісьменьнікаў слоўнікі жывой мовы робяцца настольнымі кніжкамі.
Поруч з гэтым вырастае цікавасьць да беларускага фольклёру. Студэнты БДУ, распрацоўваючыя пытаньні і матэрыялы беларускага фольклёру пад кіраўніцтвам проф. Піотуховіча, пачынаюць высока цаніць тыя песьні і казкі, сярод якіх яны расьлі і выхоўваліся. Самы характар ранейшай беларускай літаратуры, вырастаўшай з народнай песьні, наводзіць многіх поэтаў на шлях далейшай распрацоўкі і стылізацыі песеннага матэрыялу і беларускай казкі. У гэтым напрамку вядзецца напружаная праца.
У зьвязку з пашырэньнем кругагляду поэтаў, з павышэньнем іх агульна-адукацыйнага ўзроўню, а таксама праз узмацненьне сувязі з другімі краінамі, дзе многім давялося пабываць за часы вайны, распачынаецца праца па ўзбагачаньню ўсіх элемэнтаў формы: зьяўляецца чуць не ўпяршыню складаная рыфма, рыфмоўка сумежная і апавітая; побач з звычайнаю чатырохрадковаю страфою ўсё болей і болей зьяўляюцца 2, 3 і 5-радковыя. Зьяўляюцца пачаткі vers libre‘a (вольнага вершу) у Бядулі і Чарота. Нарэшце, значна пашыраецца тэматыка, ахопліваючы цяпер самыя рознастайныя моманты жыцьця ня толькі Беларусі, але і далёкіх ад яе краін.
Усё гэта выводзіць беларускую літаратуру з нацыянальных рамак і кладзе пачатак яе сувязям з іншымі літаратурамі. Зьяўляюцца пераклады паасобных твораў беларускіх пісьменьнікаў, з аднаго боку, на расійскую і украінскую мовы, з другога — на нямецкую, італьянскую, яўрэйскую і г. д. Адначасна ў беларускай літаратуры зьяўляюцца пераклады твораў чужаземных пісьменьнікаў.
Адным з характарнейшых момантаў у пасьлякастрычнікавай літаратуры зьяўляецца вялікі ўзрост мастацкай прозы. Гэта тлумачыцца, бязумоўна, узростам кадру чытачоў. Чытач вымагае больш сталага і грунтоўнага матэрыялу. І вось зьяўляецца цэлы шэраг новых прозаікаў, многія з якіх адразу занялі выдатнае месца ў мастацкай літаратуры, як Міхась Зарэцкі. Апрача выключна прозаікаў, як Чорны, Галавач, Нёманскі, многія поэты пачынаюць пераходзіць з вершаў на прозу, як Ц. Гартны, З. Бядуля, М. Чарот. Зьяўляецца спроба авантурнае аповесьці, як „Два“ і „Антось Савіцкі“ Анатоля Вольнага, і спроба колектыўнага роману Александровіча, Вольнага і Дудара — „Ваўчаняты“.
Трэба адзначыць і посьпехі ў галіне нацыянальнай драматургіі. Галубок пасьля рэволюцыі ўзяўся апрацоўваць мэлёдраму. Міровіч даў п‘есы, якія паслужылі для афармленьня нацыянальнага тэатру, як „Кастусь Каліноўскі“ і „Машэка“. Вялікае значэньне мае п‘еса Кудзелькі „На купальле“. У зьвязку з якасным і колькасным узростам беларускай літаратуры знаходзіцца пашырэньне беларускага кніжнага рынку. Апрача трох тоўстых часопісяй „Полымя“ і „Маладняк“ і нядаўна адчыненае „Узвышша“ — выдаюцца альманахі і часопісі па акруговых гарадох — у Полацку, Віцебску, Воршы, Бабруйску і г. д. Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва і „Маладняк“ выпускаюць на рынках шмат мастацкай літаратуры, у тым ліку шмат грунтоўных выданьняў.
Нарэшце трэба адзначыць рост колькасьці пісьменьнікаў. Калі ад нашаніўскай пары нам засталіся імёны Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, З. Бядулі, У. Галубка, А. Гурло, Я. Журбы, дык у новы час выявіліся ці падаюць вялікія надзеі М. Чарот, Зарэцкі, А. Вольны, А. Александровіч, А. Дудар, К. Чорны, Крапіва, Я. Нёманскі, П. Трус, Н. Чарнушэвіч, Галавач, Маракоў, Лынькоў, Хадыка, Барашка ды шмат іншых. Такі ўзрост літаратурных кадраў навочна падкрэсьлівае тыя шырачэзныя магчымасьці, якія адкрыў Кастрычнік для беларускіх рабочых і сялян.
III
[правіць]III
Мы дазволім сабе спыніцца яшчэ на некаторых паасобных пісьменьніках пасьлякастрычнікавай пары. У першую чаргу мы павінны спыніцца на найбольшай фігуры нашай літаратуры. Гэта народны поэта Рэспублікі Янка Купала.
Уступіўшы на шлях Кастрычніка сваім вядомым вершам „Арлянятам“, поэта ўжо з гэтага шляху ня зыходзіць. У сваім зборніку „Безназоўнае“, на які ў свой час так заядла абурыўся няўдачлівы кандыдат на годнасьць „беларускага Бялінскага“ Бабарэка, Янка Купала даў нязвычайна яскравыя вобразы новай маладой Беларусі.
Пакінем спадчыну мы для патомкаў З інакшай думкай пойдзе ў сьвет і людзі Дасталі сьцежкі, ад якіх прапасьці На продкаў плечах паўзрасталі вежы, Яшчэ пакінулі нам асьляпленьне, |
Вось вобраз новай Беларусі, тае Беларусі што, —
… на куце |
Янка Купала не аддаецца сьлепавокаму оптымізму. У яго і цяпер ёсьць пэсымістычныя сумныя ноткі. Але гэта сум грамадзяніна, а ня сьлёзы ханжы.
Яшчэ ня ўся работа зроблена, Яшчэ дзесь здрадна ласка панская |
Сваё сучаснае становішча і свой далейшы шлях сам Янка Купала вызначыў у вершы „Шляхам гадоў“.
Што думаў селянін, што парабак-работнік думаў, Дык-жа шумі, красуй у волі, родны край! |
Так заканчвае Купала адзін з сваіх найважнейшых вершаў апошняга часу.
Другі народны поэта Якуб Колас у свой час таксама быў атакаваны Дубоўкам, ад якога атрымаў годнасьць „поэты, протэндуючага на нейкае нязвычайнае значэньне, напісаўшага тысячы радкоў з прымітыўнымі дзеяслоўнымі рыфмамі“. Рэспубліка працы ўшанавала Я. Коласа іначай, надаўшы яму годнасьць народнага поэты. Я. Колас першы ў беларускай літаратуры перайшоў да шырокіх палотнаў. Яго творы „Новая Зямля“, „Сымон Музыка“ — гэта яскравае ўвасабленьне галоўнейшых псыхолёгічных адзнак беларускага селяніна. Некаторы налёт містычнасьці ў другой поэме не перашкаджае нам бачыць матэрыяльную істоту псыхолёгічных процэсаў, што становяць адну з адзнакаў нацыянальнасьці. Поэмы Я. Коласа даюць малюнак беларускай нацыі так, як вызначае гэты тэрмін Сталін:
„Нацыя — гэта гістарычна-складзеная, сталая супольнасьць мовы, тэрыторыі, экономічнага жыцьця, псыхічнага складу, які выяўляецца ў супольнасьці культуры“.
Самыя рознастайныя соцыяльныя і псыхолёгічныя катэгорыі знайшлі афарбоўку ў поэмах Я. Коласа. Асабліва яскрава абмалёўваецца жыцьцё безьзямельнага сялянства — гэтай стыхіі Якуба Коласа і наймацнейшай групы беларускага народу. У гэтых поэмах, якія зьяўляюцца клясычнымі па спосабу свайго напісаньня і па распрацоўцы тэмы, Колас выступае сапраўды, як нацыянальны беларускі поэта і як поэта нацыянальнай думкі.
Ня лішне зьвярнуць увагу і на прозу Я. Коласа. Тут першае месца займае яшчэ ненадрукаваная цалкам аповесьць „У палескай глушы“, у якой Я. Колас малюе жыцьцё вясковай інтэлігенцыі і сувязь яе з народнымі масамі — жыцьцё такое знаёмае самому Я. Коласу. Яго апавяданьні, выдадзеныя ў некалькіх зборніках, цікавы, паміж іншым, тым, што адбіваюць ідэёвы шлях поэты за ўсё дзесяцёхгодзьдзе. „Першыя крокі“, „У ціхай вадзе“, „Казкі жыцьця“, „На рубяжы“ і „На прасторах жыцьця“ — гэта хронолёгічны парадак выхаду зборнікаў і адначасна вехі ідзёвае падорожы поэты ад нашаніўскага народніцтва да акопаў Кастрычніка.
Калі Купала і Колас прышлі ў пасьлякастрычнікавую літаратуру з пэўным багажом і павінны былі яшчэ праходзіць доўгі і складаны шлях да сваіх сучасных позыцый, дык Цішка Гартны, і ў нашаніўскую пару стаяўшы асабняком, адразу ўспрыняў і Кастрычнік і зьяўляецца першавесьнікам новых ідэй у беларускай літаратуры. Яго зборнікі — „Песьні працы і змаганьня“, „Урачыстасьць“ — найяскравей паказваюць яго ідэёвы шлях. Роман „Сокі Цаліны“ паказвае нам у гістарычным разрэзе групаваньне сіл да рэволюцыі, яго апавяданьні „Трэскі на хвалях“ і „Прысады“ даюць абразы будзённага жыцьця новай Беларусі, ахапляючы самыя рознастайныя зьявы. З формальнага боку творы Цішкі Гартнага цікавыя асабліва накапленьнем провінцыялізмаў у літаратурнай мове. Хаця робіцца гэта не заўсёды сыстэматычна, але вельмі часта нават тыя, што нападалі за гэта на Цішку Гартнага, канчалі тым, што засвойвалі яго словы.
Калі гэтыя тры пісьменьнікі прышлі да рэволюцыі, кожны сваім асобным шляхам, дык пра Міхася Чарота можна сказаць, што ён прышоў з рэволюцыі.
Яго поэма „Босыя на вогнішчы“ — гэта твор удзельніка гэтай рэволюцыі і ўдзельніка радавога. Таму і ўдалося, мабыць, Чароту так тонка ўлавіць рытм і зьмест революцыйных падзей на Беларусі і перадаць іх у „Босых на вогнішчы“.
Чарот адразу знайшоў сваю стыхію і вызначыў сваё месца ў літаратуры.
Мы — дзеці краіны, |
Адзін з сваіх вершаў у „Завірусе“ Чарот заканчвае так:
Ведай, сьвет, я вясковы мужычы сынок, |
Чарот — сялянскі поэта, Чарот усімі сваімі карэньнямі расьце з беднай безьзямельнай вёскі, якая хутчэй усіх адгукнулася на прызыў пролетарыяту. Гэта відаць і з яго далейшых поэм — „Беларусь лапцюжная“, „Марына“, „Ленін“, „Карчма“, з якіх найбольш выдатнымі як з мастацкага, так і з соцыяльнага боку зьяўляюцца дзьве апошнія поэмы. Творы М. Чарота перакладзены на многія іншыя мовы. Адна з аповесьцяй М. Чарота „Сьвінапас“ лягла ў аснову кіно-фільмы.
Поруч з М. Чаротам стаіць група пісьменьнікаў, якая разам з ім з самага пачатку працавала ў „Маладняку“ і працуе цяпер. Гэта — М. Зарэцкі, А. Александровіч, А. Вольны, А. Дудар ды іншыя. М. Зарэцкі — мастак шырокіх палотнаў. У яго апавяданьнях (вершаў ён ніколі ня пісаў) выступаюць людзі новага часу — энэргічныя, сьмелыя, нязломныя. Такім чынам, спатканьне людзей гэткага характару дае сцэны поўныя патосу і трагізму. Творы М. Зарэцкага, яскравыя і колёрытныя, выпукляюць на паверхню найбольш яскравыя рысы нашай эпохі, такой багатай моцнымі здаровымі натурамі.
Поўнай процілежнасьцю М. Зарэцкаму зьяўляецца творчасьць К. Чорнага, які, галоўным чынам, займаецца падрабязным псыхолёгічным аналізам хваравітых людзей. Тут фігуруюць, галоўным чынам, людзі, адкінутыя эпохаю. Самы характар такой творчасьці вымагае вялікай удумчывасьці і ўменьня разабрацца ў сутнасьці рэчаў. Апошняга часта бракуе ў творах К. Чорнага, што робіць іх няцікавымі для масавага чытача.
А. Александровіч першы ўнёс у беларускую літаратуру мотывы беларускага гарадзкога і местачковага жыцьця. Асабліва цікавымі зьяўляюцца яго апошнія тры кніжкі — „Па беларускім бруку“, „Прозалаць“ і „Ўгрунь“, дзе найбольш выступаюць асноўныя стыхіі творчасьці А. Александровіча. Па напрамку поэзіі блізка да А. Александровіча стаіць і А. Дудар.
Дубоўка і Я. Пушча, рознастайныя па формальнаму характару сваёй творчасьці, значна збліжаюцца ў тых крыніцах, адкуль бяруць яны тон і напрамак сваіх твораў. Гэта пераважна дробна-ўласьніцкія групаваньні гораду і вёскі, інэртныя і косныя па сваёй сутнасьці, рэволюцыйныя на словах і маючыя вялікі нахіл да псыхолёгізму і індывідуалізму. У гэтым напрамку і Дубоўка і, асабліва, Пушча вельмі блізка падыходзяць да К. Чорнага.
∗
∗ ∗ |
Заканчваючы свой агляд асноўных момантаў у жыцьці беларускай літаратуры за апошнія 10 гадоў, мы павінны яшчэ раз падкрэсьліць, што толькі пасьля Кастрычніка, вызваліўшага беларускіх рабочых і сялян з-пад нацыянальнага і соцыяльнага прыгнёту, стала магчымым сапраўднае разьвіцьцё беларускай мастацкай літаратуры, як такой. Той непараўнаны ўздым беларускага прыгожага пісьменства, які адбіўся за 10 год Кастрычніка, ня спыняецца і цяпер. Беларуская літаратура стала роўнапраўным сябрам у сям‘і літаратур іншых народаў і з кожным днём усё болей і болей замацоўваецца на позыцыях, здабытых за 10 гадоў Кастрычнікавай рэволюцыі.