Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Аб «фактах» і пэрспэктывах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шляхам Кастрычніка Аб „фактах“ і пэрспэктывах
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
За культуру мовы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб «фактах» і пэрспэктывах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБ „ФАКТАХ“ І ПЭРСПЭКТЫВАХ

(Літаратурныя нататкі)

Шляхі літаратуры наогул вельмі цяжкія. Літаратура ў сваім разьвіцьці стаіць у поўнай залежнасьці ад цэлага шэрагу об‘ектыўных прычын і прымушана перамагаць шмат хваробаў росту. Іх шмат. Яны ніколі ня зьнікаюць канчаткова, але чаргуюцца паміж сабой, замяняюць адна адну. У муках барацьбы з гэтымі хваробамі нараджаецца i выкрышталізоўваецца сапраўднае мастацтва слова, якое організуе і будуе, якое заклікае да змаганьня і абуджае творчыя сілы грамады.

Прывабная гэта доля — доля поэты ці пісьменьніка. Яго імя, яго творчасьць (мы гаворым аб сапраўдных мастакох) не памірае разам з ім, а жыве з яго грамадою, з тою часткаю чалавецтва, якая яго высунула, чые пачуцьці і інтарэсы ён адбіваў, з кім ён быў органічна зьвязаны. Выдатнейшыя мастакі перажываюць нават і пару панаваньня сваёй клясы; іх творчасьць цэніцца і паважаецца і новаю пераможнаю клясаю, якая заняла пануючае месца ў процэсе соцыяльных пераформаваньняў.

З боку цяжка, а часта і немагчыма бачыць, які шлях праходзіць поэта, ці пісьменьнік, колькі ўласнай энэргіі і сіл аддае ён сваёй творчасьці. Кожны бачыць толькі „славу“, якая акружае імя поэты, і гэта „слава“, асабліва сярод моладзі, выклікае шмат пасьлядоўцаў, таксама жадаючых яе набыць.

У нас нямала пісалася пра вершаманію, хаця правільней было-б назваць гэта зьявішча больш агульнаю назваю — графаманія. Нашы рэдакцыі сапраўды перагружаны сотнямі і тысячамі насьпех наляпаных і нікуды нявартых вершаў і апавяданьняў, на якія проста фізычнай магчымасьці няма даць належную грунтоўную ацэнку.

Моладзь, якая напаўняе рэдакцыйныя скрынкі і кошыкі сваёю „мастацкаю“ творчасьцю, вельмі проста глядзіць на літаратуру. Напісаў верш з рыфмамі, падзелены, як водзіцца, на чатырохрадковыя строфы, выбраў сабе псэўдонім — знача ўжо і поэта, знача і мастак. Да вершу звычайна далучаецца ліст.

„Верш можа і слабы, але я бядняк, заняты працай на гаспадарцы і г. д.“

Бязумоўна, рэволюцыя адчыніла працоўным масам шлях у літаратуру, і мы ўжо маем цэлы шэраг прыкладаў, калі толькі дзякуючы рэволюцыі той ці іншы таленавіты пісьменьнік здолеў выявіць свае здольнасьці. У старыя часы мала-б чаго ён дабіўся і з гэтага пункту погляду на кожнае праяўленьне творчай сілы масы трэба зьвяртаць вялікую ўвагу. Але гэта зусім не азначае таго, што соцыяльнае становішча павінна служыць мандатам на „бессмертие“. Гэта зразумела кожнаму сьвядомаму чалавеку. У нас, на жаль, у большасьці выпадкаў, на літаратурную працу глядзяць вельмі лёгка, павярхоўна.

У № 1Маладняка“ зьмешчаны артыкул Астаповіча, у якім гаворыцца аб матэрыяльным станвішчы пісьменьніцкага маладняка, аб матэрыяльных перашкодах, якія прыходзіцца спатыкаць пачынаючаму пісьменьніку. І вось як зразумеў гэты артыкул адзін з гэтых „пачынаючых пісьменьнікаў“:

„напісаў я невялічкую поэму — усяго 515 радкоў (толькі ўсяго! Т. Г.), а чаго мне гэта стоіла!“

Чытач падумае — сіл, здароўя, энэргіі… Слухайце далей:

„На бумагу ў сваёй кішэні я маю кожны месяц 20 капеек. На гэтыя 20 капеек я купляю 4 сшыткі, па 3 капейкі сшытак, і 5 аркушаў бумагі, па паўтары капейкі аркуш. Вось і ўсе дваццаць капеек. На гэтую поэму, на чарнавік, я страціў адзін сшытак, ды перапісаў, каб паслаць у часопісь; гэта ў мяне заняло 5 аркушаў“.

Вось вам каштарыс пачынаючага пісьменьніка. Аднак у яго ёсьць і пэрспэктыўны плян:

„Цяпер я падрыхтоўваю другую поэму, прыблізна 750 радкоў. На чарнавік пойдзе болей за сшытак, ды начыста перапісаць — 7 аркушаў“.

З гэтага вытворчага пляну ідуць вывады:

„А гэта знача, што трэба выдаваць болей гонарару… Цяпер я толькі надзеюся на гонарар, бо калі маю папярэднюю поэму не надрукуюць, а гэта значыць, што я не палучу гонарару, я не магу напісаць другую поэму“.

Для большай ілюстрацыі гэтага факту дазволім сабе прывесьці некалькі радкоў з поэмы гэтага-ж хлапца:

Я — народ. Я — ратай бедны,
Увесь абліты едкім потам,
І да радасьці пабеднай
Я дайшоў па эшафотам.
Я дайшоў, і ў ланцугох
І ў кайданах памірая,
Я сьцяг нёс, і чуць ня здох,
Бяз сілы яго апуская.

Тут асаблівых комэнтарыяў ня трэба. Ад ліста гэтага хлапца робіцца спачатку сьмешна, але, калі спыніцца на ім болей уважна, ды прыняць пад увагу, што гэта не выпадковы факт, што ён характарны для ўсяго патоку графаманіі, дык бярэ страх за будучыню беларускай літаратуры. Не таму, што яе загрузяць творы падобнага гатунку. Нашы рэдакцыі пакуль што ўкомплектаваны людзьмі пісьменнымі. Але кідаецца ў вочы да жудасьці лёгкі падыход да літаратуры. Літаратура расцэньваецца з пункту погляду паперы, затрачанай на напісаньне твору; якасьць твору пакідаецца бяз увагі. Гэта яшчэ шчасьце, што аўтар вышэйпададзеных радкоў не атрымае гонарару і не напіша другой поэмы, дзякуючы недахвату паперы. У многіх, у вельмі многіх паперы хапае.

У Амсьціслаўлі ў маладнякоўскім гуртку адбыўся „раскол“. Аддзялілася група, якая назвала сябе „літаратурным згуртаваньнем“ (модны тытул) „Агняцьвет“. У групу ўвашлі „поэты“ ад 14 да 16 гадоў, імёнам якіх ня прыходзіцца адводзіць месца ў гэтым артыкуле, бо яны нічога ня скажуць чытачу; даволі сказаць, што іх было ні то 4, ні то 6. Гэта група мела сваю дэклярацыю і свой статут, з якога мы і дазволім сабе прывесьці пару пунктаў

1. Сябром літзгуртаваньня „Агняцьвет“ лічыцца кожны, хто піша больш-менш добра ў галіне поэтыкі, прозы, сатырыкі і крытыкі (курсіў наш. Т. Г.), прызнае дэклярацыю згуртаваньня рэгулярна плаціць сяброўскія ўзносы.

Далей гаворыцца аб „завочным“ прыняцьці новых сяброў („много званных, но мало избранных“), а выключэньні і г. д. Чытаем далей разьдзел 2:

1. Цэнтрам згуртаваньня абіраецца горад Амсьціслаў, кв. рэдактара.

3. Кожны сябра „Агняцьвету“ мае свой літаратурны псэўдонім, пад якім і супрацоўнічае ў часопісі.

Увага. Псэўдонімы ведае толькі рэдактар часопісі, які не павінен іх выдаваць.

Мы ня будзем спыняцца на палажэньнях „Агняцьвету“ аб тым, што рэдактар (правадыр згуртаваньня) „склікае агульную конфэрэнцыю па пошце“ (гэта склікаць чатырох чалавек у Амсьціслаўлі. Т. Г.), ня будзем спыняцца на тым, што крытэры „больш-менш добра“ некалькі нацягнуты. Наогул — увесь гэты „адкол“, на наш погляд, зьяўляецца толькі дзіцячай забаваю.

Гэта дробныя факты, але яны часткова высьвятляюць сабою і пэрспэктывы беларускай літаратуры. Калі кожны сьвядомы грамадзянін не ўсьвядоміць сабе вялізнага значэньня літаратуры, калі не перастануць глядзець на літаратуру з боку прыналежнасьці да тэй ці іншай літорганізацыі, ці з боку налічча „літаратурнага псэўдоніму“ — гора нашай літаратуры. Калі будуць судзіць аб літаратурнай працы па колькасьці паперы, патрачанай на напісаньне поэмы — гора нашай літаратуры.

„Маладняк“ праз свае літгурткі ўважна адсартоўвае горшае ад лепшага, стараецца адкрыць шлях у літаратуру тым, хто сапраўды на гэты шлях імкнецца, хто мае даныя, каб папасьці на гэты шлях. Але патрэбна вялікая і шчырая дапамога аб‘яднаньню ў гэтай справе, каб яна сапраўды прынесла карысьць. Трэба, каб на мастацкую літаратуру глядзелі, як на сапраўды моцную зброю пролетарыяту ў яго барацьбе, а ня як на нешта пабочнае, непатрэбнае. Трэба сконцэнтраваць увагу нашай грамадзкасьці на пытаньнях літаратуры і такім чынам забясьпечыць яе нормальнае разьвіцьцё. Пара пазбавіцца ад „плявацельнага“ погляду на літаратуру і ад расцэнкі літаратурнай працы па колькасьці патрачанай паперы.

Люты 1927 г.