Перайсці да зместу

На Купалле (Чарот)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На купалле
П’еса
Аўтар: Міхась Чарот

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лягатып Вікіпэдыі
Лягатып Вікіпэдыі
На Вікіпедыі
На Купалле (акадэмічная)
На Купалле (Чарот) (клясычная)

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ


  Алеся — прыгожая дзяўчына, шчырая і даверлівая.
  Уладзік — студэнт з горада, просты па натуры, сумленны.
  Даніла — стары бабыль, прастадушны жартаўнік.
  Параска — вясёлая вясковая дзяўчына.
  Францысь — заможны шляхціц, жорсткі чалавек.
  Ядзя — дачка Францыся, фанабэрыстая і рашучая.
  Ганка — старшая служанка ў фальварку шляхціца.
  Андрэй — сялянскі хлапец, разважлівы весялун.


  ПЕРШЫ АКТ
  Лес. Пасярэдзіне вялікі разгалісты дуб. Справа — дрэва з дуплом. Збоку стаіць бярозка. Ззаду пераліваецца рэчка. Дзе-нідзе пабліскваюць зялёныя агеньчыкі — іванавы чараячкі-светлячкі. За сцэнай чувяць капэльны хор.

  
Ой, развілася зялена дубрава
  На тэй круценькай гары.
  Ой, разышлася ваража забава
  Аб маей дзявочай красе…
  Вецер павее, а сонца прыгрэе —
  Раннем раса ападзе.
  Так мая слава — краса дарагая
  На век вечны прападзе.
  А у тэй дубраве птушачка спявае,
  Галасок усім падае —
  Дзяўчынка марна долі не спаткае:
  Прамень сонца не дае…

  Выбягаюць, зрываючы кветкі, Алеся, Галенка і Грыпіна.

  Алеся. Дзяўчаткі мілыя, як тут хораша, як прыгожа — так і хочацца спяваць пра лес, пра сонца, пра ясныя зоры… А колькі тут кветак!.. Сама песня з душы рвецца!..

  Алёся, Галенка і Грыпіна
  Як сарву я ружы кветку
  Ды пушчу на воду,
  Плыві, плыві, ружа-кветка,
  Да самага броду…
  Плыла, плыла, ружа-кветка
  Ды стала круціцца.
  Прыйшла маці ваду браці
  Ды стала дзівіцца…
  Што ж ты, мая ружа-кветка,
  На вадзе завяла:
  Відаць, доўга ты, дзіцятка.
  На вадзе ляжала…
  Ой, ці, маці, ту вадзіцу,
  Што я нанасіла,—
  Любі, маці, таго зяця,
  Што я палюбіла…
  Грыпіна (аглядаючы сцэну). Дзяўчаткі, лепшага месца мы і не знойдзем. Вось на гэтай палянцы мы й пагуляем! Я пабягу і прывяду сюды хлапцоў і дзяўчат, а вы застаньцеся тут. (Выбягае.)

  Алеся і Галенка (збіраючы кветкі)
  Купалінка, Купалінка,
  Цёмная ночка,
  Дзе твая дочка?
  Мая дочка, мая дочка
  У садочку
  Ружу поліць,
  Ручкі коліць,-   —
  Кветачкі рве,
  Вяночкі ўе!..

  Зусім блізка пачынае спяваць хор. Алеся выходзіць насустрач яму.
  

  Жаночы хор
  Ішла Купалка сялом,
  Закрыўшы вочы пяром…

  хор (жанчыны і мужчыны)
  На Івана Купала,
  На Івана Купала!..

  Жаночы хор
  Закрыўшы вочкі, гаманіла —
  А дзе ж мы будзем начаваць?..

  Увесь хор
  На Івана Купала…

  Спакойна выходзяць на сцэну з паходнямі. Дзяўчаты трымаюць у руках пукі кветак, каб віць вяночкі.

  Жаночы хор
  А дзе ж мы будзем начаваці,
  А што ж мы будзем вячэраці?..

  Увесь хор
  На Івана Купала…

  Жаночы хор
  А заначуем у Івана —
  У яго дочка засватана…

  Увесь хор
  На Івана Купала…

  Жаночы хор.
  У яго дочка засватана,
  У яго мёду насычана…

  Увесь хор
  На Івана Купала…


Андрэй.
  Распальвайце, хлопцы, тут вогнішча!..

  Здалёк чуваць голас Данілы: «Го-го-го!» Усе прыслухоўваюцца.

  Ну, вось табе і на: дзе кірмаш — там і Даніла наш!.. (Складаючы рупарам рукі, крычыць.) Даніла!.. Го-го-го!..

  Даніла (здалёк). Го-го-го!.. (Прыбягае, запыхаўшыся.) А мае ж вы журавінкі-зорачкі, а я ж на вас так засумаваў… Ледзь-ледзь знайшоў!..

  Кастусь (жартаўліва). От дзед сівы!..

  Даніла. Што? Што брэшаш? Хто сівы?

  Кастусь. А чаго ж цябе так дзяўчаты цураюцца?

  Кацярына (да Данілы). Ды не слухайце вы Кастуся, мала што ён брэша! (Да хлапцоў.) Якія вы хлапцы нягодныя: няўжо ж і дзеду не хочацца пагуляць з намі?

  Даніла (перадражваючы). Што? Зноў «дзеду»? Цьфу! Які ж я дзед!

  Кацярына (са смехам). Ох, не, не, Данілачка, гэта я памылілася!

  Янка. Так, так — яна недагледзела!..

  Даніла (супакоіўшыся). Ну, то-та! Ой, памылілася, ды яшчэ як памыліліся, мае вы зорачкі-журавінкі (Задаволена.) Які ж я дзед! Яшчэ я — о-го-го! Бы крэмень! (Хоча абняць дзяўчат. Усе смяюцца.) А вы ведаеце што?

  Усе. Ну, што, што?..
  Данила (сур’ёзна). Гэтага месца я баюся — тут водзіцца нячыстая сіла… Нядаўна, пакуль вы там спявалі, я тут задрамаў і што ж, вы думаеце, бачыў?..

  Якуб. Ды кажы хутчэй — што, што?

  Усе. Хутчэй, хутчэй — што?

  Даніла. Ну, калі не баіцеся, дык слухайце!..

  Гасне свет, і ўсе са сцэны выходзяць. Аркестр выконвае «Завіруху». Выбягае Ведзьма і пачынае склікаць нячыстую сілу. Чмыхаючы, з вады вылазіць Вадзянік, а з дупла, якое асвечваецца з сярэдзіны мільгаючым святлом, выскаквае Лясун, прыбягае і Ваўкалак. Уся нечысць пачынае вадзіць свой карагод.
  

  Ведзьма, Вадзянік, Лясун і Ваўкалак
  Гэты вечар для нас:
  Ён у год толькі раз,
  Дык будзем гуляць,
  ігрышча спраўляць,
  Скакаць, круціцца,
  Спяваць, весяліцца,
  Бо свята такога
  Нам доўга чакаць!..

  Ведзьма
  Тры разы перакулілася —
  І я ведзьмаю зрабілася…
  Хоць з мяне кожны смяецца,
  Але добра мне жывецца!..

  Уся нечысць.
  Гэты вечар для нас…


Вадзяннік
  Я кароль усёй вады
  І жыву там без яды,
  А выходжу ў год я раз,
  Каб пабачыць толькі вас!

  Уся нечысць. Гэты вечар для нас…

  Лясун
  Я лясоў усіх гаспадар.
  Над духамі ўсімі цар…
  Дык усім вам трэба знаць:
  Гэта ночка — каб гуляць!..

  Уся нечысць. Гэты вечар для нас…

  Ваўкалак
  Я звычайны Ваўкалак
  І жыву не абы-як:
  Я за тое шчасце маю,
  Што ў год раз пагуляю!..

  Уся нечысць. Гэты вечар для нас…

  Аркестр пачынае іграць мелодыю «Гу-та-та, гу-ля-ля». 3 рэчки выбягаюць русалкі. Чацвёра з іх усаджваюцца на дубе, а астатнія рассыпаюцца па ўсёй палянцы.

  Ваўкалак (да нечысці). 3ірніце, як русалачак тут многа! (Да русалак.) Скажыце, што ж на зямлі зрабілі вам благога?

  Усе русалкі
  Мы цяпер весялей
  Заспяваем тут смялей:
  Над вадою жывем,
  Песні вольна мы пяем…
  Вольна хто хоча жыць —
  Трэ русалачкаю быць:
  У каралеўстве вады
  Мы не знаем усе бяды!..

  1-я русалка
  Гэткай ночкай калісь
  Я кахалася з ім,
  Ён бажыўся тады
  Быць заўсёды маім…
  Не забуду таго,
  Як жыццё мне разбіў…
  Паплыла ад яго,
  Як той месячык плыў!..

  Усе русалкі. Мы цяпер весялей…

  2-я русалка
  Надаела мне жыць
  Між нядобрых людзей,
  Я й падумала плыць
  Туды, дзе весялей:
  У каралеўстве у нас
  Хопіць месца для вас —
  Тут шчасліва жывуць,
  Усе гуляюць, пяюць…

  Усе русалкі. Мы цяпер весялей…

  3-я русалка
  Я — дзіця мужыка —
  Беспрытульнай была,
  І вось гэта рака
  Мне прытулак дала…
  Месяц ціха плыве,
  Хвалі песні пяюць,
  І жуду, і тугу
  Ўсё далей нясуць!..

  Усе русалкі. Мы цяпер весялей…

  4-я русалка
  Мяне пан пакахаў,
  Каб ён долі не знаў:
  Я дзяўчынкай была —
  І жыццё аддала…
  Пасля ласкі, пацех
  Мы спаткаліся тут —
  Помню першы мой грэх,
  Аб ім птушкі пяюць!..

  Усе русалкі. Мы цяпер весялей…

  Зноў уключаецца святло, і нечысць знікае, а моладзь з шумам пад «Завіруху» займае свае месцы.
  

  Янка (нібы перабіваючы Данілу). Ды кінь ты, Даніла глупства малоць!..

  Якуб. Пра страхі нейкія пачаў плявузгаць…

  Янка. Спявай лепш з намі!..

  Увесь хор
  Купала — ночка маленька,
  Не выспалася паненка:
  Красачкі рвала, драмала,
  Перабірала — заснула…
  Няхай мамачка спазнае,
  Хто цябе верна кахае…

  Акорд аркестра, і дзяўчаты пачынаюць весела спяваць.

  Жаночы хор (да хлапцоў)
  Сёння Купала, а заўтра Ян,
  Дык будзе, хлопчыкі, усё ліха вам…
  Якое ліха? Ліха ліхое —
  Пагоніце сучак, сучак у поле…
  Каторы ж хлопец ды не жанаты,
  Пагоніць сучак, сучак куртатых…

  Мужчынскі хор (да дзяўчат)
  Сёння Купала, а заўтра Ян,
  Дык будзе, дзяўчаты, усё ліха вам!..
  Якое ліха? Ліха ліхое —
  Пагоніце сабак, сабак у поле…
  Катора ж дзяўчына родам не з простых,
  Пагоніць сабак, сабак бясхвостых.

  Усе разам (адны да другіх)
  Сёння Купала, а заўтра Ян,
  Дык будзе, хлопчыкі (дзяўчаты), усё ліха вам!..

  Андрэй. Хлопцы! Дзяўчаты! Пара ўжо і праз агонь скакаць!

  Якуб. Ну, пачынайце, хлопцы!


Янка. Ну што ж — і пачнем… Якуб, і вы з намі…

    Хлопцы. Пачнем, пачнем.

  Жаночы хор (да хлапцоў)
  Не зявайце, хлапцы,
  Будзьце вы малайцы:
  Трэба толькі злавіць —
  Будзем вас мы любіць!..

  Мужчынскі хор (да дзяўчат)
  Хоць агонь і пячэ —
  3 вас ніхто не ўцячэ:
  Праз агонь паляціць,
  Хто захоча злавіць!..

  Усе разам
  Будзем разам скакаць,
  Шчасце будзем шукаць:
  Кветка шчасця для нас
  Цвіце ў год толькі раз…

  Андрэй. Ну, скачыце, дзяўчаткі!..

  Рыгор. Яшчэ каторая і ў агонь трапіць!..

  Галенка. А ты, дзівак, нашто: злаві — тваёй будзе!

  Рыгор. Няўжо праўда?

  Кацярына (сур’ёзна). Ды так старыя людзі кажуць, што гэтай ноччу, калі хто зловіць дзяўчыну, праз агонь скачучы, за таго і замуж яна пойдзе…

  Даніла (упэўнена). Але, але, мае вы кветачкі-каласочкі: праўда гэта, праўда! (Жартоўна.) Скачыце, мілыя, скачыце, а я вас усіх злаўлю! (Хоча абняць.)

  Параска. Ой-ёй-ёй, які ты спрытны!

  Андрэй. Досыць ойкаць! Не надта чакай, што цябе лавіць хто будзе…

  Параска. Не клапаціся пра мяне: сохнуць не стану…

  Даніла. Ах, мая ты любая зорачка, скачы, скачы — я цябе злаўлю!..

  Андрэй. Вось якраз для цябе самы прыгожы хлапец!..

  Параска (да Данілы). Ну, калі так, калі ты такі лоўкі, дык лаві! (Скача.)

  Даніла (разагнаўшыся, каб скокнуць разам з Параскай і злавіць яе, спыняецца каля вогнніча). Ой, не — баюся!

  Агульны смех.

  Кастусь. Алеська, скачы: я ж цябе хачу злавіць!

  Рыгор (перабіваючы). А можа, я яе злаўлю!

  Міхась. Не вы, а я!

  Якуб. Ну, дык скачы, Алеська, скачы хутчэй!

  Усе. Скачы, Алеська, скачы хутчэй!

  Алеся. Баюся! Хай смялейшы хто пачынае!

  У гэты час адна пара за другой весела, са смехам пераскакваюць праз агонь і ловяць адзін другога.
  

  Рыгор (злавіўшы Галенку). Вось і мая цяпер!

  Міхась (нібы гоніцца за ёй, але, раздумаўшы, спыняецца і, махаючы рукой, гаворыць). Скачы сабе, не надта ты мне патрэбна!

  Усе смяюцца.

  Кацярына. Алеся, ну чаго ты такая сумная стаіш? Скачы!

  Янка. Алеська, не бойся! Скачы!.

  Якуб. Скачы!.. Ну, ну… смялей!

  Усе. Не бойся, скачы, Алеська. Смялей!


Алеся скача, за ёй хочуць кінуцца некаторыя хлопцы, але яна нечакана пападае ў рукі… Уладзіку.

   Алеся (спалохаўшыся)
  Першы раз
  Бачу вас…
  (Адыходзячы на другі бок сцэны.)
  Што за ён?
  Ці то сон?
  І адкуль у гэткі час
  Ён з’явіўся да нас?

  Уладзік (здзіўлена, сам сабе, таксама пяе)
  Усе стаяць
  І маўчаць,
  Страшна ім,
  Як малым…
  (Да ўсіх.)
  Мусіць, дзіва для вас,
  Што прыйшоў у гэткі час?
  Не палохайцеся мяне, добры вечар вам!..

  Усе. Добры вечар! Добры вечар!

  Параска (паціху). Алеська, няўжо гэта твой жаніх? Ён жа злавіў цябе, як ты скакала праз агонь. (Смяецца.)

  Алеся (адыходзячы). Ах, пакінь ты!

  Уладзік. Я, здалёк пачуўшы вашы песні, прыйшоў пагуляць і паспяваць разам з вамі.

  Галенка. А хто ж вы такі будзеце?

  Уладзік. Няўжо не пазналі? Я жыву тут недалёка… Вучуся ў горадзе…

  Даніла (паціху суседзям). А!.. Ды гэта ж, як кажуць, скубент з суседняй вёскі… Бач, як вырас: і не пазнаць. Нішто сабе хлапец: не фанабэрысты…

  Галенка. А мы вас і не пазналі…

  Параска. Ну, што ж, пагуляйце і паспявайце разам з намі!

  Усе. Але, але! Пагуляйце і паспявайце з намі…


Уладзік. А што, сёння ў вас свята якое, ці што, што вы гуляеце?

    Грыпіна. Ды сёння ж Купалле! Ну, вось мы й сабраліся пагуляць і паспяваць, будзем збіраць купалкі, віць з кветак вяночю і пускаць іх на ваду…

    Галенка. Мы будзем варажыць…

    Даніла. Гэта ж толью раз у год бывае такая ночка, калі можна знайсці кветку шчасця і на ўсё жыццё зрабіцца шчаслівым чалавекам.

    Уладзік. Скажыце, а знаходзіў хто-небудзь гэтую кветку шчасця?

    Параска (жартуючы). Ды вы ж, панічок, гэтую кветку першы напаткалі!

    Уладзік (здзіўлена). Я?.. Чаму?..

    Параска (сур’ёзна). Вы ж злавілі Алеську, калі яна скакала праз агонь, дык і павінны з ею ажаніцца!.. (Смяецца.)

    Уладзік (усміхаючыся). Вось як?! Значыцца, і жаніцца трэба?

    Параска і іншыя. Але!.. Але!..

    Андрэй (перабіваючы). Ды кіньце вы недарэчнасць плясці!

    Кацярына. Дзяўчаткі, пара ўжо вяночкі віць… Пакуль месяц не схаваўся. А заўтра пойдзем на рэчку і пусцім іх на ваду.

    Параска. А ведаеце, як гэта робіцца?

    Янка. Ну як? Ну як? Скажы!

    Усе. Скажы — як? Скажы!

    Параска. Трэба сплесці па два вяночкі: адзін таму, каго любіш, а другі сабе. Вось гэтыя вяночкі і трэба пусціць на ваду. Калі вяночкі сыдуцца, значыцца, вас шлюб чакае…

    Грыпіна (наіўна). Няўжо гэта праўда?

    Кацярына. Праўда, праўда, дзяўчаты: там жа ў вадзе русалкі жывуць… Яны пра каханне ўсё ведаюць, дык таму ж яны вяночкі злучаюць і разлучаюць… Пляціце — і кожная пра свайго каханага думайце!..

    Разыходзяцца па сцэне з песняй «Купала — ночка маленька» І, усеўшыся, пачынаюць плесці вянкі. Уладзік збоку гаворыць з Кастусём і Міхасём.


Увесь хор
  Купала — ночка маленька,
  Не выспалася паненка:
  Красачкі рвала — драмала,
  Перабірала — заснула…
  Няхай мамачка спазнае,
  Хто цябе верна кахае…

  Кацярына (да Галенкі). Бачыш, які прыгожы мой вяночак!..

  Галенка. А мой? Кацярына. Таксама добры…

  Кастусь (адыходзячы ад Уладзіка). А хто ж на мяне будзе варажыць?

  Міхась (таксама адыходзячы ад Уладзіка). А на мяне?

  Даніла. А я што — горшы? (Падыходзячы да Параскі) Няйнакш як гэты вяночак Парасачка на мяне спляла…

  Усе смяюцца.
  Параска. Можа, і на тваё шчасце… А ты спляці для мяне!..

  Алеся і Уладзік (стоячы на авансцэне на супрацьлеглых концах і непрыкметна пазіраючы адно на другога, пачынаюць спяваць дуэтам)

  Купалінка, купалінка,
  Цёмная ночка,
  Цёмная ночка,
  Дзе твая дочка?

  Увесь хор
  Цёмная ночка,
  Дзе твая дочка?

  Алеся і Ўладзік (ледзь-ледзь набліжаючыся да Алесі)
  Мая дочка у садочку.
  Дочка у садочку
  Ружу поліць,
  Ручкі белы коліць!..

  Увесь хор
  Ружу поліць,
  Ручкі белы коліць!..


Алеся 'і Ўладз'ік (зрываючы кветку, яшчэ бл'іжэй падыходз'іцъ да Алес'і)
  Кветачкі рве, кветачкі рве,
  Вяночкі ўе…
  Наце ж, наце вам, дзяўчаткі,
  Кожнай па вяночку!..

  Падае Алесі кветку. Алеся бярэ яе і ўцякае.

  Увесь хор
  Наце ж, наце вам, дзяўчаткі,
  Кожнай па вяночку!..

  Даніла. Ай-яй-яй!..

  Якуб. Што такое? Што з табой, Даніла?

  Даніла (уздыхаючы). Ах-ха-ха! А я так заслухаўся песняй, што й забыўся сабе вяночак сплесці!..

  Усе смяюцца.
  Параска. Ды што ты, Данілачка, не бядуй: я ж для цябе вяночак звіла, разам са сваім буду пускаць…

  Даніла (задаволена). Ой, мая ты ясная зорачка!.. (Хоча пацалаваць Параску)

  Нечакана збоку паказваецца Ядзя і з дакорам глядзіць на Алесю і Ўладзіка.

  Янка. Ой-ёй-ёй! Глядзіце, хто ж гэта да нас прыйшоў?

  Якуб. Паненачка з фальварка!.. Калі ласка, калі ласка!..

  Усе. Калі ласка, паненачка, калі ласка.

  Кацярына. І вы, паненачка, прыйшлі да нас пагуляць?

  Янка. Ну што ж, просім!.. Калі ласка!..

  Якуб. Сядайце з намі…

  Дзяўчаты. Будзем разам вяночкі віць!..

  Ядзя (ні на кога не гледзячы, не спускаючы з Уладзіка вачэй, набліжаецца да яго). І не сорамна табе? Да каго ты прыйшоў?.. Да мужыкоў?.. Яны ж табе не раўня!..

  Уладзік (перабіваючы, строга). Ядзя!..


Кацярына (пачуўшы абразу, ускаквае). Ну, і што ж з таго, што мы мужыкі, дык мы і не людзі?

    Андрэй. Ідзіце лепш, паненачка, сваей дарогай, а мы — сваей!..

    Параска. Дзяўчаткі! Ну, вось вяночкі ўжо гатовы… Пакуль яшчэ месяц не схаваўся — пойдзем збіраць купалі, а потым вернемся сюды і пачнем падглядаць, як будзе распускацца папараць-кветка. Можа, каму і ўдасца пабачыць яе!..

    Аркестр пачынае іграць уступ да песні «Што й за месяц…». Усе падымаюцца і, спяваючы гэтую песню, выходзяць за кулісы. 3 усімі хоча выйсці і Ўладзік, выглядаючы, дзе падзелася Алеся, але Ядзя спыняе яго. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты бегаюць па сцэне, ганяючыся адно за другім.

    Хор
  Што й за месяц, што за ясны —
  Уночы свеціць, а ўдзень не…
  Што й за міленькі дружочак —
  Калі прыйдзе, калі не…
  Усе людзі, людзі кажуць,
  Усе людзі гавараць:
  Сорам, дзеўка, сорам, красна,
  Позна з вечара гуляць…

  Хор заціхае. На сцэне застаюцца толькі Ўладзік і Ядзя.

  Ядзя. Уладзік, даруй мне, што я сюды прыйшла: я ж цябе кахаю… Дзіўлюся, што ты, як я заўважыла, пачаў заглядацца… і на каго — на бяздомную нашу наймічку Алеську… А я ж цябе так чакала, увесь час марыла пра цябе. (Падумаўшы.) Можа, пасядзім трошкі…

  Садзяцца на пянькі.

  Я ж так спадзявалася, што калі прыедзеш, дык абавязкова да мяне зойдзеш… Аж не!.. Забыўся, мабыць? Што ж маўчыш?.. ці не рады нашай сустрэчы, не рады мне?..

  Уладзік (са злосцю). Ну, што я павінен табе сказаць?.. Пра мае каханне?.. Пра яго табе я ніколі нічога не гаварыў, дый не было яго ў мяне… Мала што малыя мы некалі разам гулялі, а потым некалькі разоў з табой спаткаліся як знаёмыя, як суседзі…

  Ядзя. Ну, хоць раскажы, што чуваць у горадзе? Як жывеш?

  Уладзік (абыякава). Ды нішто сабе…

  Ядзя. Няўжо ж усё-такі ты не помніў пра мяне? Няўжо не ўспамінаў пра нашыя сустрэчы?.. Недарма нейкая сіла цягнула мяне сюды… Скора зноў ад’язджаеш?..

  Уладзік (падымаючыся). Пойдзем, Ядзя, я правяду цябе…

  Ядзя (нехаця). Ну што ж — пойдзем… (Нечакана паварочваецца да Ўладзіка.)

  Клянуся табе я ў каханні,
  Што буду навекі тваёй…
  Чакаю твайго я прызнання —
  Дык будзь жа, будзь, мілы, са мной!..


Уладзік (спакойна)
  Мо будзеш маёю — хто знае,
  Хто можа аб тым угадаць,
  Што заўтра абоіх чакае —
  Не можам таго мы сказаць!..

  Ядзя (нервова). Баішся, як бачу, прызнання!

  Уладзік (са злосцю)
  Што ж мушу табе адказаць?
  Няжданае ў нас тут спатканне…
  Шчаслівых дзён будзем чакаць!..

  Ядзя і Уладзік
  Дык будзем чакаць мы абое,
  І, пекных не кажучы слоў,
  Як лета к нам прыйдзе другое,
  Дасць бог, мы спаткаемся зноў!..

  Даніла (за кулісамі). О-го-го!..

  Уладзік. Вось і народ ідзе сюды… Лепш пойдзем!..

  Ядзя (панура). Пойдзем…

  Выходзяць.

  Кацярына (выбягаючы з Параскай). Чуеш, як Даніла разгукаўся?

  Параска. Гэта ж ён мяне так шукае!.. Даніла, гу-гу-гу!.. Даніла (ужо бліжэй). О-го-го!.. Параска. Ты, Кацярынка, лепш схавайся!..

  Кацярына выбягае.

  Даніла, Данілачка, я тут!.. Гу-гу!.. (Хаваецца за дрэва.)

  Даніла (зусім блізка). О-го-го! (Выходзіць.) І дзе б яе шукаць?

  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Мне жаніцца хочацца!
  Рву я зелле, рву я краску —
  Не злаўлю ніяк Параску!..
  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Мне жаніцца хочацца!
  Сэрца з жалю аж трасецца…
  Дзе б магла яна падзецца?


Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Мне жаніцца хочацца!
  Усю ночку правандрую,
  Як злаўлю — дык пацалую!..
  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Мне жаніцца хочацца!

  Параска (выходзячы з-за дрэва, з насмешкай)
  Ой, старэнькі, не хваліся,
  Бегучы, не паваліся…
  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Шчэ й жаніцца хочацца?!
  Каб быў трошкі маладзейшы,
  і дзябёлы, і спрытнейшы…
  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Шчэ й жаніцца хочацца?!
  Дзе ж табе злавіць дзяўчыну,
  Калі пахнеш дамавінай?!
  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Шчэ й жаніцца хочацца?!

  Даніла. Хоць стары, але кахаю…

  Параска. Маладзейшых я шукаю…

  Параска і Даніла (разам) Гоц, гоц, го-ца-ца!

  Даніла. Мне…

  Параска. Шчэ й жаніцца хочацца!

  Даніла
  Ах, Параска, баліць сэрца,
  Як авечы хвост, трасецца…
  Гоц, гоц, го-ца-ца!
  Мне жаніцца хочацца!

  Параска. Сэрцу не давай распусты…

  Даніла. Калі ж ты прыйшлася да густу…


Параска і Даніла (разам)
  Гоц, гоц, го-ца-ца!

  Даніла. Мне…

  Параска. Шчэ й жаніцца хочацца!

  Даніла (ад радасці смяецца). Ха-ха-ха!.. (Фанабэрыста.) Можа, і я!..

  Параска. Ох, які ты фанабэрысты!.. Чуеш песню? Бяжым!.. (Выбягае.)

  Даніла, паціраючы ад радасці рукі, глядзіць услед Парасцы і кідаецца за ею. 3 песняй набліжаецца хор.

  Хор
  Пад каліною, пад маліною
  Сядзеў галубчык з галубіцою.
  Прыляцеў галубчык з далёкага мора,
  Забіў галубка — галубка ўдова.
  Сыплюць пшаніцу, ставяць вадзіцу:
  — Еш, галубіца, бедна ўдавіца…
  Яна не ела, яна не піла,
  Па галубочку ўсё слёзы ліла.
  Паляцеў галубчык за сіняе мора,
  Прыгнаў галубцаў дваццаць чацвёра.
  — Выбірай, галубка, каторага хочаш,
  Каторага хочаш, каторага знаеш…
  — Я й выбірала, я ўжо глядзела,
  Няма такога, якога мела:
  Мой быў міленькі, чорнабрывенькі,
  Твар бялюсенькі, сам маладзенькі…

  Выходзіць разгубленая Алеся.

  Алеся. Што здарылася са мною? Ой, як сэрца трапечацца! Як хочацца пабыць адной і хоць трохі пагаварыць з сабою… Дзяўчаты кажуць, што Ўладзік — мая кветка шчасця, што ён пачаў на мяне вельмі заглядацца… Але ці ж магу я пра яго думаць? Я — сірата, наймічка, нікога і нічога не маю… (Падумаўшы.) А можа, гэта здань якая была ў такі вечар, а не Ўладзік?.. Эх, сваей кветкі шчасця я, мусіць, ніколі не знайду…

  Дзе ж ты, кветка маёй долі,
  Я ж цябе шукаю:
  Ці у лесе, ці у полі,
  Ці ў зялёным гаю —
  Дзе ж цвіцеш ты, якім цветам,
  Калі цябе ўбачу?


Пашкадуй ты маіх летак,
  Пашкадуй, што плачу!..
  Ох, не бачыш маіх слёзак
  І цвіцеш ты дзесьці…
  (Працягвае рукі да бярозкі)
  Прашу шчасця у бярозак
  Я на кожным месцы:
  Мо яны к сабе прытуляць,
  Можа, іх лісточкі,
  Калыхаючысь ад ветру,
  Вытруць мае вочкі…
  (Абдымае бярозку.)

  Не, шчасця свайго мне, мабыць, ніколі не бачыць… Такая ўжо мая доля…

  Напяваючы «Купалінку», набліжаецца Ўладзік.

  Алеся (пачуўшы голас Уладзіка, узрадавалася і захвалявалася). Ён!.. Няўжо ён?..

  3ірнула ў бок, адкуль пачуўся голас Уладзіка, і кінулася ўцякаць, але Ўладзік, убачыўшы і дагнаўшы яе, спыняе.

  Уладзік (у захапленні). Алеся!.. Пачакай!.. Я ж цябе так шукаў! Алесенька, даруй мне, што я сюды вярнуўся: мне так захацелася яшчэ раз пабачыць цябе… (Углядаецца ў яе.) Дык вось якая ты!.. Табою любаваўся здалёк яшчэ мінулым летам — ты гэтага не ведаеш… (Бярэ яе за рукі і любуецца ею.) Алесенька, якая ты стала прыгожая!.. А вочы, вочкі ў цябе — нібы васілёчкі… Ну, проста зачаравала ты сёння мяне!.. Дык вось хто кветка майго шчасця — ты, ты, мілая Алеся!.. (Ласкова прыцягвае яе да сябе.)

  Алеся (шчыра, мякка адхіляючыся ад Уладзіка). Што вы? Што вы? Я ж — простая дзяўчына… А вы — паніч… У нас дарогі розныя… Мае ўсё шчасце ў маіх руках, працавітых мазалях… Шукайце сабе кветку іншую — з панскага саду!.. Бывайце!..

  Уладзік (затрымліваючы). Не кліч мяне панічом: я не паніч, ніколі не быў і не хачу ім быць… А Ядзя няхай сабе шукае пана…

  Алеся. Інакш я не магу… (Хоча выбегчы.)

  Уладзік. Алесенька, не ўцякай: я заўтра чакаць цябе тут буду!.. Прашу — прыйдзі…

  За сцэнай чуваць песня. Першая выходзіць Алеся, а за ёю і Ўладзік.

  Хор
  А у лесе, лесе
  Ды на верасе…
  Вясна красна на ўвесь свет!


Малады там хлопчык
  Ды валы пасе…
  Вясна красна…
  А яму дзяўчына
  Ды абед нясе…
  Вясна красна… —
  Сядзьма разам, хлопчык,
  Паабедайма…
  Вясна красна…
  А я па абедзе
  Скажу табе дзіва…
  Вясна красна…
  Скажу табе дзіва
  Найдзіўнейшае…
  Вясна красна…

  3 гэтай песняй вясёлая моладзь выходзіць на сцэну. Музыка пачынае іграць танец «Юрачка». Першым пачынае танцаваць Даніла.
  

  Хор
  Ах, Данілачка,
  Што не жэнішся:
  Прыйдзе зімачка —
  Дзе падзенешся?
  Што ж, Данілачка,
  Азіраешся,
  Ці кахаць каго Ты збіраешся?
  На каго ж ты з нас
  Тут любуешся,
  3 кім жа соладка
  Пацалуешся?
  Ну, лаві хутчэй
  Ты Парасачку,
  Журавіначку,
  Сваю красачку!
  Будзеш, родненькі,
  Жыць паганенька:
  Хто ж бліноў спячэ
  Табе раненька?
  Ах, Данілачка,
  Што не жэнішся:
  Прыйдзе зімачка —
  Дзе падзенешся?


Збоку выходзіць Ядзя і, стоячы адзінока, з зайздрасцю назірае, як разам з вясёлай моладзю забаўляецца і Ўладзік.

  Ясны гарачы дзень. Сенажаць. Хлопцы і дзяўчаты сушаць сена і складваюць у копы. Частка людзей на сцэне, а частка за кулісамі. На ўвесь луг разносіцца песня.

  Ці ўсе лугі пакошаны,
  Ці ўсе сенажаці…
  Пытаецца сын у мацеры,
  Ды каторую ўзяці.
  Ой, ці тую багатую,
  Што хораша ходзіць,
  Ой, ці тую ды бядненькую,
  Што возьме — то ўсё зробіць…
  А ў харошай, а ў багатай
  Валы паздыхаюць.
  А у беднай сіраціначкі
  Бровы не зліняюць!..

  Выходзяць, надграбаючы сена, Алеся і Параска.

  Параска. Што з табою, Алеська, дзеецца? То занадта вясёлая бываеш, то ходзіш як сама не свая… Алеся. Ды нішто…

  Параска. Ну, скажы, скажы мне: можа, і параю табе што добрае.

  Алеся (падумаўшы). Толькі табе адной і скажу: паніч Уладзік прыехаў, ён дзесьці тут, на сенажаці… Цэлы год яго не бачыла…

  Параска (здзіўлена). Уладзік прыехаў? Ну, дык што ж?

  Алеся. Учора ён мне казаў: «Кахаю я цябе, Алеська, шчыра кахаю… Увесь час думаю пра цябе…» Кветачкай свайго шчасця называў мяне. Ах, Парасачка, не ведаю, што мне й рабіць? І верыцца, і не верыцца… А можа, ён ашукаць мяне хоча? Я ж яму не раўня!.. Але сілы няма, калі ён так гаворыць, калі ён так ласкава глядзіць на мяне…

  Параска. А ты Ўладзіка любіш? Падабаецца ён табе?

  Алеся. Я і сама не ведаю. Але з таго часу, як я праз агонь скакала і ён злавіў мяне,— не магу пра яго забыцца, штосьці так і вабіць да яго…

  Параска (сур’ёзна). Ды які ён паніч? Толькі па-панску апрануты. Ён жа злавіў цябе — значыцца, гэта твая доля, гэта кветка твайго шчасця, і ад лёсу свайго нікуды не дзенешся, не мінеш яго… Так людзі старыя кажуць. (Уздыхнуўшы.) А вось мяне, хоць я і хацела, ніхто яшчэ не злавіў… (Устрапянуўшыся.) Ах, і загаварылася ж я з табою… Трэба бегчы, а то прыганяты па галоўцы не пагладзіць!.. (Выходзіць.)

  Алеся (сама сабе). Параска праўду кажа: ад шчасця свайго не ўцячэш і гора-бяды не мінеш… Нечакана для мяне затрапяталася мае сэрца, нечакана ўстрывожылася яно. Што са мною дзеецца — я і сама не разумею.


Чаго гэта сэрца
  Мне баліць і прагне,
  Нібы птушка ў клетцы
  Без вадзіцы смагне,
  Нібы птушка рвецца
  Вылецець на волю
  Гэтак сэрца ў грудзях
  Стукае ад болю…
  Што ты за няшчасна,
  Жыццё сіраціны:
  Ні матулі роднай,
  Ні сваей хаціны.
  Эх, няма радзімы,
  Усё чужыя людзі:
  Колькі ты ні плачаш —
  Шкадаваць не будуць!..

  3 хлопцамі выходзіць, грабучы сена, Уладзік. 3 другога боку выходзщь з граблямі Даніла і здзіўлена глядзіць на Уладзіка.

  Даніла. Паночку, вы зноў да нас прыйшлі? Хочаце папрацаваць з намі? А мо пасмяяцца з нас надумалі, га?

  Уладзік. Ды які я пан? Я такі ж самы чалавек, як і вы. Люблю працаваць, люблю і людзей паважаць…

  Даніла. Ну, а на каго ж вы вучыцеся — на бацюшку ці на аблаката, каб абараняць паноў, такіх, як наш паганы пан?

  Уладзік. Што вы, што вы! Вучуся я на настаўніка. Папы і абшарнікі — гэта ж ліха і бяда наша. Праз іх працоўны люд гаруе… Але нішто, надыдзе час расплаты. Будзе канец і ім!..

  Андрэй (падыходзщь да пянька і садзіцца кляпаць касу). Вось бяда — трэба касу лепш падкляпаць, каб сваю сілу лепш паказаць. Можа, і надыдзе калі на гэта час!..

  Кастусь. А ў мяне з грабляў, каб на іх ліха, зубы павыскаквалі.

  Якуб. Не шкада было б, каб замест іх лепш павылазілі залатыя зубы ў нашага пана Францыся. (Стругае зуб.)

  Андрэй. Ану — кляніся, кляніся, косанька: прыйдзе час на расу, пусцім у ход мы й касу… Вось так! Вось так!..

  Уладзік. Хлопцы, а я добрую песню ведаю. Давайце разам праспяваем!..


Гэй, ну, брацці-хлопцы,
  Гэй, вы, касары,
  Час вастрыць нам косы,
  Вілы й тапары…
  Час надходзіць сілу
  Паказаць і нам,
  Каб астрог-магілу
  Выкапаць панам!..
  То не вецер у полі
  Песеньку пяе:
  Гэта люд аб волі
  Горкі слёзы лле…
  Гэй, лясы, шуміце,
  Клічце на прастор,
  Гнеў людскі ўзніміце
  Гвалту даць адпор!..

  Усе (радасна). Ну і песня!.. Маладзец, Уладзік!.. Дзякуем за яе! Шчыра дзякуем!..

  Ганка (выходзіць з абрусам). Чаго вы стоўпіліся, абі-бокі!.. Пара палуднаваць!.. Міхась, склікай усіх!.. Міхась. О-го-го!.. Хутчэй да карыта свайго!..

  Усе збіраюцца. Смех. Куляюцца па сене.
  

  Уладзік. Ну, палуднуйце, а я пайду на рэчку паглядзець…

  Андрэй. Не забудзьцеся прыйсці сёння ў лес праз вогнішча скакаць!..

  Уладзік. Добра, добра!.. Дзякую!.. (Выходзіць.)

  Андрэй. А шчырую праўду Ўладзік кажа. Гэта ж уся сіла ў нас саміх, і сіла вялікая, але мы самі яе, сваю сілу, баімося крануць!..

  Даніла. Вось гэта дык хлопец — разумны і, відаць, адважны!..

  Ганка (са злосцю). Ну, што — доўга вас прасіць?!

  Даніла (падбягаючы і выцягваючы з абмоткаў вялікую лыжку)
  Вось і я з маленькай лыжкай,
  Каб пасёрбаць панскай жыжкі…

  Ганка
  Эх, Даніла-баламут:
  Ты заўсёды першы тут!..

  Даніла
  Ахмістрынька залатая,
  Што ж ты злосная такая?
  (Заглядваючы у міску.)
  Зноў нам квас ды з лебядою —
  Толькі жыжачка з вадою!..

  Паказваецца пан Францысь і, падслухоўваючы, хаваецца за стогам сена.

  Ганка (узяўшыся ў бокі)
  Ах ты, хрыч стары, патаны!
  Вось як ты ўдзячны пану?!

  Даніла (перадражніваючы)
  Ну, яшчэ, яшчэ хоць трошкі
  Пакрычы, мая ты крошка!

  Ганка (пагражаючы)
  Пан вось прыйдзе, дык пакажа —
  І дзесятаму закажаш.

  Даніла
  Што ты панам пагражаеш?
  Ты хіба сама не знаеш,
  Што я лепшы пан,
  Бо раблю усё сам!..

  Андрэй
  Хай наш пан век ліха мае:
  Зла ён толькі нам жадае!..

  Кастусь (перадражніваючы)
  Ходзіць ён, як збан пузаты,
  І ўсё злосны, чорт лазаты!

  Усе смяюцца.

  Рыгор (насмешліва). Пана клянуць, а пан сыцее!

  Андрэй (сур’ёзна)
  Пана не кляні,
  А віламі кальні!

  Янка. Складна гаворыць Андрэй!.. Маладзец!..

  Галасы. Маладзец, Андрэй. Малайчына, хлопец.

  Андрэй
  Пану косім
  І ў пана хлеба просім!..

  Міхась (асцярожна набліжаецца да Данілы, ціхенька супакойвае ўсіх і, нечакана палажыўшы руку на лысіну Данілы, крычыць). Ай-яй-яй!..

  Усе (спалохана). Што? Што такое?

  Міхась. Ну й гарачая!.. Каб на тваю лысіну, Даніла, узліць цеста, дык адразу блін бы спёкся!

  Усе смяюцца.

  Даніла (з дакорам перадражніваючы). Блін! Блін!.. Цьфу!.. Няхай з вас чэрці смяюцца! Папалуднаваць не дадуць спакойна!..

  Параска (гладзячы лысіну Данілы). Ну, які ж ён лысы: два-тры валасочкі вылезлі — вось і ўсё!.. (Смеючыся, цалуе яго ў лысіну і надзявае яму вяночак.)

  Грыпіна. Данілачка, а пойдзеш з намі сёння на рэчку?

  Даніла (паглядаючы на Параску). Але, але, мае вы кветачкі-журавінкі, пабягу!..

  Дзяўчаты (смеючыся). Ах, стары падасінавік — і ён шчэ надумаў заляцацца!..

  Кацярына. Данілачка, а чаму ты ніяк не жэнішся?


Даніла
  Сам не знаю, не ведаю,
  Што рабіці маю:
  Людзі кажуць жаніціся,
  А я і не думаю.
  Нашто мне жаніціся,
  Нашто мне жонка:
  Ёсць у мяне суседачка —
  (заігрываючы з Параскай)
  Добрая прыяцелька…
  Маладзіцы, удавіцы
  Да мяне міргаюць,
  Ці то ў свята, ці ў нядзелю
  К сабе запрашаюць!..
  Прыйдзі, прыйдзі, мой міленькі,
  Прыйдзі на хвілінку.
  А я пашлю свайго дзеда
  У лес па малінку!..
  Сам не знаю, не ведаю,
  Што рабіці маю:
  Людзі кажуць жаніціся,
  А я і не думаю…

  Раптоўна паказваецца пан і спыняе песню.

  Пан Францысь (да Данілы, гнеўна). Ты што гэта блазна корчыш? А вы ўсе вушы развесілі!.. Пра бруха толькі й дбаеце!.. Дарма час марнуеце. Колькі ж можна сядзець і лынды біць?.. Песнямі забаўляецеся? І хто ж завадзіла? Заўсёды Даніла! (Пагражаючы кіем.) Глядзі мне! А сена хто будзе зграбаць? Вунь хмара якая насоўваецца! Марш хутчэй на работу, бо не пушчу Купалле гуляць! Вунь туды ідзіце — на той далёкі пакос!

  Усе падымаюцца.

  Даніла (насмешліва)
  Мой панок,чаго злавацца?
  І з табой усё можа стацца:
  Сёння я табе служу,
  Заўтра ж…

  Пан Францысь (перабіваючы і замахваючыся на Данілу). Вон, прахвост, кажу!..

  Андрэй (выскачыўшы з касой наперад і з пагрозай становячыся між панам і Данілам над узнятым кіем, а частка хлапцоў насцярожылася). Панок, лепш не чапай яго!.. Цябе ніхто не чапае!.. (Да Данілы.) Ідзі сабе спакойна!..


Даніла (выходзячы, сам сабе)
  Няхай пана возьме ліха —
  Будзем добра жыць і ціха!..

  Андрэй (паварочваючыся выйсці, да людзей)
  На нас ён, злыдзень, налягае
  І нашы жылы выцягае!
  (Выходзщь.)

  Запявала
  Пайшоў Ясь наш на лужок —
  Накасіў атаванькі ён стажок.
  Пачаў Ясь наш аддыхаць —
  Сваю к сабе Настулечку стаў чакаць…
  А Настулька не прыйшла:
  Маці дома работачку ёй знайшла.
  Чакай, мілы, да пары —
  Да цёмненькай ночанькі, да зары!..

  Пан Францысь (з пагрозай услед Андрэю). Пачакай, пачакай жа, Андрэйка, — пагаворым мы яшчэ з табой!.. Пазнаеш маю сілу, як верхаводзіць і бунтаваць людзей… Не дарую!.. (Садзіцца каля пянька есці.)

  На сцэну выходзщь задуменная Ядзя.

  Ядзя (сама сабе). І сёння Ўладзік да нас не паказаўся. Відаць, не хоча са мною сустракацца… Ой, як балюча… Алеся, Алеся яго зачаравала!..

  Пан Францысь (падымаецца і падыходзіць да яе). Ты што, дачка, ходзіш як непрытомная?

  Ядзя. Ды я, тата, прыйшла паглядзець, як працуюць, паслухаць песні іхнія. Сумна адной сядзець дома…
  Пан Францысь. Толькі й ведаеш, што ўсё гаворыш (перадражньваючы): «Сумна, сумна!» (3 дакорам сам сабе.) Ну й што мне з ёю рабіць, і сам не ведаю. Ніяк сабе месца не знаходзіць. (Падумаўшы.) Ці не да сэрца табе хто прыйшоўся з гэтых мужыкоў? Мо Андрэйка?

  Ядзя без слоў сурова глянула на бацьку, які махнуўшы рукой, выходзіць.

  Ядзя. Чаго мне, здаецца, не хапае — ёсць усё ў мяне, а вось тут, у грудзях, штосьці шчыміць і шчыміць… (Задумваецца.) Уладзік… і толькі Ўладзік парушыў мой спакой. Толькі пра яго я й думаю, увесь час стаіць перад маімі вачыма.

  Праходзіць Ганка.

  Ганка (убачыўшы Ядзю). Паненачка, чаго вы такая сумная? (Лісліва.) Можа, закахаліся у каго?

  Ядзя. Скажы, Ганка, а ты кахала калі-небудзь?


Ганка. Ну як жа! Ці ж можна быць без кахання? Ды, праўду кажучы, не соладка яно часам бывае!..

    Ядзя. А што?

    Ганка. Горкім яно для мяне было… Шмат я й сумавала, плакала і гаравала, а потым махнула рукой і пачала жыць як набяжыць. (Хітра.) Напэўна, і вы кахаеце каго-небудзь? Скажыце, паненачка, а вас жа ён кахае?

    Ядзя (сумна). Не ведаю…

    Ганка. А вы паваражыце!.. Сёння якраз і дзень такі, калі можна варажыць…

    Ядзя (зацікаўлена). А як жа, як?

    Ганка. Робіцца гэта так… Трэба сплесці два вяночкі: адзін, знацца, таму, каго кахаеце, а другі — сабе. Вяночкі трэба сёння ўвечары пусціць на ваду. Калі яны сыдуцца і кветкі-лісточкі сплятуцца, тады добра будзе, знацца, ён вас кахае. А калі вяночкі не сыдуцца і кветкі-лісточкі не сплятуцца, тады з вашага кахання нічога не будзе — будуць толькі адны сардэчныя мукі.

    Ядзя (з захапленнем). І што ж, гэта праўда?

    Ганка (сур’ёзна). Праўда, паненачка, усё праўда! Ну, я пабягу… (Выходзіць.)

    Ядзя
  Пайду я на быстру рэчку —
  Шчасця пашукаю.
  На ваду пушчу вяночкі —
  Ведаць, ці кахае…
  Можа, вецер, можа, хвалі
  Нам вяночкі злучаць…
  Эх, як поўна ў сэрцы жалю.
  Эх, як мне балюча…
  Я хацела б, каб змрок ночы
  Месяцам абліўся,
  А каб зірк мілога вочак
  Вечна мне свяціўся;
  Каб мне сонейка заззяла,
  Радасць акрыліла —
  І на сэрцы б легка стала,
  Мой ты божа мілы…

  3 граблямі прабягаюць Алеся і дзяўчаты. Кацярына. Ну вось, дзяўчаткі, хутка з работай мы ўправімся і вечарам — на рэчку. Вось будзе весела!..

  усе (Радасна). Але, але!


Ядзя'. ('спыняючы' Алесю'). Алеся, пачакай хвіліначку…

    Алеся. Што хочаце, паненачка?

    Ядзя. Ты не бачыла сёння паніча Ўладзіка?

    Алеся. Не, Не бачыла… Кажуць, што ён тут быў.

    Ядзя. Ну, а варажыць ты пойдзеш сёння ці не?

    Алеся. Я й сама не ведаю…

    Ядзя. Пойдзем, Алеся, пойдзем разам са мной: я ж таксама хачу паваражыць…

    Алеся. Ну, добра, паненачка…

    Ядзя. Эх, Алеся, зайздрошчу я табе: ты шчаслівая…

    Ался. Я? Чаму? Я ж арата, нічога не маю. Добра, што яшчэ ваш бацька прытуліў мяне ды работай ніякай не крыўдзіць…

    Ядзя. Ды не пра гэта я кажу… Ты сама добра ведаеш, чаму… — Сэрца тваё знайшло спакой… Паніч Уладзік цябе пака…
      
  Алеся. (перабіваючы). Ах, пакіньце вы насміхацца!..

  (Сама сабе.)

  Ці ж мне, горкай сіраціне,
  Ведаць шчасце ў жыцці,
  Ці ж мне кветку, кветку шчасця
  На шляху жыцця знайсці?
  Пакуль знойдзеш — дык загінеш:
  Маёй кветцы не цвісці…
  Пакуль знойдзеш — дык загінеш:
  Маёй кветцы не цвісці…

  Ядзя. (сама сабе)
  Аддала б я ўсё багацце,
  Кяб мне шчасце яе мець
  Альбо крылы вольнай птушкі
  І за ім услед ляцець…
  Тады б сэрцайка ў грудзях
  Перестала мне балець,
  Тады б сэрцайка ў грудзях
  Перастала мне балець!..

  Алеся. Я — убога!..

  Ядзя. Я — багата!

  Алеся і Ядзя (разам)
  Нельга нам без шчасця жыць…

  Алеся. Што багацце…

  Ядзя. Што дукаты…

  Алеся
  Калі сэрцайка баліць.
  Пашукаю сабе долі.
  Клетку шчасця мо сарву,
  Мо здабуду сабе волю —
  Болей шчасна зажыву…

  Ядзя
  Наша сэрцайка баліць,
  Сумна, сумна, як ніколі…
  Дзе ні стану, ні пайду —
  Сонца Ўладзік мімаволі,
  Толькі з ім спакой знайду.

  Алеся. Мне ён кляўся…

  Ядзя. Я кахаю…

  Алеся і Ядзя (разам)
  Хто каму уступіць шлях?

  Алеся. Мо ля рэчкі…

  Ядзя. Пагадаем…


Алеся.
  Аб усім загіне страх…
  Пашукаю сабе долі,
  Кветку шчасця мо сарву,
  Мо здабуду сабе волю —
  Болей шчасна зажыву.
  (Да Ядзі.) Я, паненачка, лепш пабягу, бо шмат яшчэ работы!.. (Выбягае.)

  Чуваць вясёлая песня «Дзе ты, хмелю, зімаваў?». Праходзячы, хлопцы дражняць Ядзю за няўдалае каханне.

  Хор
  Дзе ты, хмелю, зімаваў,
  Што не развіваўся?
  Дзе ты, сынку, начаваў,
  Што не разуваўся?
  Зімаваў я у садку
  Пад белай бярозай,
  Начаваў я у таку
  Пад луговым возам.
  Маці, сына не пытай,
  Што не разуваўся:
  Ён дзяўчыну к сабе ждаў,
  Але ашукаўся!..

  Ядзя (нервова). Весела ім!.. Не ведаюць яны ні смутку, ні сардэчнага болю… А я?.. Ды сённяшні дзень пакажа — ці кахае ён мяне, ці не!.. Пайду і спляту два вяночкі, як казала Ганка, і… спытаю свае шчасце. (Рашуча.) Як бы там ні было, а Ўладзік павінен быць маім!.. Нікому яго не ўступлю!..

  Дэкарацыя першага акта. Праз сцэну праходзіць адна сумная Ядзя. За ею са словамі «Ну і ведзьма!» з’яўляюцца Рыгор з Грыпінай і глядзяць, куды яна пайшла. Потым выходзяць хлопцы з вогнанным колам, дзяўчаты — з вяночкамі. Пяюць вясёлую песню.

  Не хадзі, Ведзьма, у нашае жыта,
  Не хадзі, не хадзі, а то будзеш біта:
  Ці абрэзаным калассем наб’ём,
  Ці дуб’ём, дуб’ём зусім заб’ём!..

  Міхась. А цяпер мы Ведзьму ў круг запром ды як след яе тут прыпячом!..

  Усе (становячыся ў круг і трымаючы на выцягнутых руках над галавой кола)
  У купальскай у ночы
  Выпеклі мы Ведзьме вочы,
  Каб уночы не хадзіла,
  Каб расінкі не збірала,
  Каб і у печы не сушыла,
  Каб у жорнах не малола,
  Каб і кашы не варыла,
  Каб і дзетак не карміла,
  Каб вядзьмят не пладзіла,
  Каб кароткі быў ёй век!..

  Размыкаецца карагодны круг, і, махаючы хто чым папала, праганяюць Ведзьму са сцэны.
  

  Галенка. А цяпер, дзяўчаткі, з гэтай вось кладачкі пусцім свае вяночкі: хай плывуць і шчасце нам нясуць!.. Толькі не забудзьцеся: пускаючы вянкі на ваду, думайце пра тое, што вы хочаце, каб збылося!..

  Кінуўшы на ваду вяночкі і назіраючы з берага, як яны плывуць, дзяўчаты з песняй выходзяць.

  Жаночы хор
  Ды цяпер Купала, заўтра Ян —
  Ды хадзем, дзевачкі, у зялёны гай.
  Будзем там вяночкі мы сплятаць
  Ды на быструю рэчаньку пускаць:
  Хай у край далёкі паплывуць,
  Хай нам радасць і шчасце прынясуць!..

  Даніла. А мая ж ты Парасачка, на каго ж ты будзеш варажыць — на мяне, праўда? За ўвесь час цэлы год так злавіць цябе я не магу!.. Ах ты, кветачка мая, журавінка!..

  Параска. Пачакай, пачакай, не надта разгульвайся!.. Не давай рукам волі… Зараз я пушчу на тваё шчасце вяночкі… (Кідае іх з берага ў рэчку.) А цяпер, Данілка, лаві — можа, і зловіш!.. (Выбягае, а Даніла за ёй.)

  Рыгор. А мы, хлопцы, пойдзем вунь на той узгорак і раскладзем там агонь!..

  Кастусь. Там зноў праз вогнішча скакаць будзем!..

  Усе выходзяць.

  Мужчынскі хор
  Ой, хадзіў, гуляў малойчыку
  Па гары крутой,
  Ды часаў ён русы воласы
  Праваю рукой.
  Надаела, надакучыла,
  Завіваючы,
  На чужыя, на харошыя
  Пазіраючы,
  Бо чужыя ўсе харошыя,
  Як ружовы цвет,
  А мне шэльма ды няўдалечка
  Завязала свет.

  Прабягаюць Параска і Даніла. Калі ж сцэна апусцее і песня хлапцоў заціхне, аркестр пачынае паціху іграць мелодыю Алесі «Дзе ж ты, кветка?». Выходзіць Алеся.

  Алеся. Што са мною робіцца — я і сама не ведаю. Не выходзіць Уладзік з маёй галавы. Так ласкава і так прыгожа ён гаварыў са мною ўчора, што міжволі закрануў маю дзявочую душу… Няўжо я спадабалася яму? Няўжо ён пакахаў мяне? Няўжо гэта можа быць? А дзяўчаты ўсё пра адно балбочуць, што гэта мая кветка шчасця, што яе трэба моцна трымаць, што ён мой суджаны, бо нечакана злавіў мяне, як я скакала праз агонь. Ну, праўда гэта ці няпраўда, але нейкая сіла прыцягнула мяне сюды, каб яшчэ раз пабачыцца з ім. Ён жа прасіў мяне аб гэтым… Праўда, я не раўня яму, але саўладаць з сэрцам сваім не магу. Што будзе — тое і будзе… Такая ўжо мая сірочая доля…

  Чуваць голас Уладзіка: спявае ён «Месячык ясны». Алеся, захваляваўшыся, прыслухоўваецца.

  Ён, ён ідзе! (Радасна.) Значыцца, сапраўды хоча пабачыць мяне. Значыцца, цёплыя і ласкавыя словы, якімі ён так сагрэў мае сэрца, шчырыя… О, бацюхна! Няўжо і да мяне прыйшло шчасце!.. (Хаваецца за дрэва.)


Уладзік (набліжаючыся)
  Месячык ясны,
  Выглянь з-за хмары,
  Рэчку, і долы,
  І гай асвяці…
  Хай будуць явай
  Сны мае, мары:
  Кветачку шчасця
  Хачу я знайсці!..
  (Выходзіць.)
  Дзе ж ты, прыгожая,
  Выгляні зоркаю.
  Глянь мне ў вочы,
  У вочы смялей!

  Алеся (усхвалявана, сама сабе)
  Сэрца калыша
  Ён дзіўнай гаворкаю!..
  (імкнучыся да Ўладзіка.)
  Буду я, мілы,
  Буду тваей!..


Алеся 'і Уладз'ік (разам)
  Хай жа пацешацца
  Людзі нядобрыя:
  Кветку мы шчасця,
  Мы шчасця знайшлі
  Наш ясны месячык,
  Бач, ужо выглянуў —
  Нашыя зоркі узышлі!..
  Наш ясны месячык,
  Бач, ужо выглянуў,
  Нашыя зоркі узышлі!..

  Уладзік. Любая мая Алеся! Ты паверыла мне — і прыйшла… Дзякую табе, мая ты радасць, мая ты кветачка!

  Алеся. Ой, не гаварыце лепш так. Мне і соладка, і боязна… Якая ж я вам раўня? Вось паненка Ядзя — яна якраз для вас…

  Уладзік. Што ты?! Што ты, мілая, гаворыш? Нашто ўспамінаеш пра Ядзю? Ты, і толькі ты, Алесенька, мая адзіная сапраўдная кветачка-прыгажуня. Я ж цябе спаймаў!..

  Чуваць голас Данілы.

  Алеся. Пойдзем да хлапцоў і дзяўчат!.. (Выбягае, а ўслед за ею выходзіць і Ўладзік.)

  Даніла (здалёк). Парасачка, гу-гу-гу! (Праз некаторы час выбягае, запыхаўшыся.) Няма! І дзе б яна магла падзецца?..

  Гуляў ды гуляў,
  Гуляў,нагуляўся,
  А прыйшоўшы дамоў,
  Глянуў — ашукаўся:
  Ні падушачкі,
  Ні дзяружачкі,
  Ні той маладзіцы,
  3 кім бы гаманіці…
  Гукаў ды гукаў,
  Гукаў,нагукаўся,
  Па расе я ўшчэнт
  Толькі набадзяўся:


Ногі вымачыў,
  Сэрца высушыў,
  А дзяўчыны сабе
  І не высачыў!..
  Эх!..
  І капуста мая,
  І расада мая —
  Харошая дзяўчыначка,
  Ты дасада мая!..
  Ушчэнт лапці парваў,
  А цябе не спаймаў…
  Эх, Параска, мая краска.
  Хай бы чорт цябе узяў!..

  Дзе ж бы яе знайсці? Шукаю, шукаю, а Парасачкі сваей знайсці не магу… Вось нягодныя шэльмы гэтыя бабы: ніяк з імі не дойдзеш да ладу… (Са скрухай.) І да чаго я дажыўся? Цьфу!.. (Садзіцца на пянёк і пераматвае анучы.)

  Ой, божа ж мой, божа,
  Да чаго дажыўся:
  Састарэўся, як сабака,—
  Яшчэ й не жаніўся…
  Не сплю цэлу ночку.
  Шукаю дзяўчыну…
  Няўжо ж, доля ты пагана,
  Я хлапцом загіну?..
  Усё б аддаў на свеце,
  Кінуў бы журыцца,
  Каб вось толькі бог памог мне
  Хоць раз ажаніцца!..

  Паказваюцца Воўк, Мядзведзь, Казёл, лісіца і Параска.

  Параска (паціху). А цяпер давайце напалохаем Данілу. Схавайцеся!.. (Падкрадаючыся да Данілы ззаду, шэпча сама сабе.) Ну, пачакай, стары: я ж цябе!.. (Раптоўна накідвае яму на галаву хустку і, палохаючы, крычыць.) Гу-гу-гу!..

  Даніла (спалохаўшыся, з крыкам). Ой-ёй-ёй! Ха-ха-ха!.. Цьфу!.. Каб цябе кот убрыкнуў!.. Ха-ха-ха!.. А я думаў, што гэта наскочыла на мяне русалачка або ведзьма, — аж гэта ты, мая красачка!.. Эх, радасць ты мая, мая ты Парасачка!..

  Воўк, Мядзведзь, Казёл і лісіца (танцуючы наўкол Данілы)


А цяпер карагод —
  Паскакаць раз у год!..
  Ужо поўначы час —
  Не пабачаць тут нас…
  Тра-ля-ля-ля-ля,
  Гоп-гоп-гоп,
  Не пабачаць тут нас!..

  Гэй, вы, людзі, кругом
  Спіце моцным вы сном —
  Дайце раз нам у год
  Паскакаць карагод!..
  Тра-ля-ля-ля-ля,
  Гоп-гоп-гоп,
  Паскакаць карагод!..
  Усе звяры на палёх,
  Спіце ўсе, хто ўжо лёг,—
  Дайце раз нам у год
  Паскакаць карагод!..
  Тра-ля-ля-ля-ля,
  Гоп-гоп-гоп,
  Паскакаць карагод!..
  Эх, і будзе бядзе,
  Хто не спіць у вадзе!..
  Дайце раз нам у год
  Паскакаць карагод!..
  Тра-ля-ля-ля-ля,
  Гоп-гоп-гоп,
  Паскакаць карагод!..
  Звяры, птушка лясоў,
  Ад мядзведзяў да соў,
  Дайце раз нам у год
  Паскакаць карагод!..
  Тра-ля-ля-ля-ля,
  Гоп-гоп-гоп,
  Паскакаць карагод!..


Звяры ўцякаюць, а на іх месца выбягае Параска і пачынае весела спяваць.

  Параска
  Не хадзі ты ў гэту ночку
  Кветку шчасця тут шукаць!..

  Даніла (ледзь падымаючы галаву і чуць не плачучы)
  Мая кветка-каласочак,
  Я ж цябе хацеў спаткаць!..

  Параска
  Твая кветачка не гэта,
  Твая будзе шчэ цвісці…

  Даніла
  Расцвітае кожна лета,
  Толькі дзе яе знайсці?..

  Параска
  А мо кветку тваёй долі
  Ужо іншы хто сарваў?

  Даніла
  Каб я ведаў хто — ніколі
  Я яму б не дараваў!

  Параска
  Пагукай, мо адзавецца,
  Цэлу ночку пашукай!
  Ха-ха-ха!

  Даніла
  Ох, як сэрцайка трасецца…
  (Даганяючы.)
  Стой, Параска, не ўцякай!
  (Выбягае ўслед за Параскай.)

  Выходзяць з вяночкамі Алеся і Ядзя.

  Ядзя. Давай, Алеся, свае вяночкі мы пусцім вось тут…


Алеся. Як сабе хочаце, паненачка, мне ўсё роўна…

   Ядзя (хітра). Скажы, а паніча тут не было?

  Алеся маўчыць.

  Ты не бачыла яго? І дзе ён можа цяпер быць?

  Алеся. Вунь, бачыце: хлопцы разлажылі вогнішча — і ён, здаецца, там разам з імі…

  Ядзя. Хто ж першы з нас пусціць вяночкі? Пускай ты, Алеся!..

  Алеся. Ну, добра, паненачка… (Хоча ісці да рэчкі)

  Ядзя (спыняючы яе). Але пачакай — лепш я раней пушчу!.. А потым ты!..

  Алеся (наіўна). Можа, так і лепш будзе… Пускайце сабе ўперад вы, паненачка, а я ўслед за вамі…

  Ядзя (узыходзіць на кладку і, пусціўшы на ваду вяночкі, спявае)
  Няхай плаваюць вяночкі,
  Нібы месяц паміж хмар…
  Альбо сэрцу будзе воля
  (сыходзячы з кладкі і зірнуўшы на Алесю).
  Альбо рэчцы гэты дар!..

  Алеся (таксама пусціўшы з кладкі вяночкі трывожна спявае)
  Як мне страшна ў гэту ночку:
  Чуе сэрца нейкі страх…
  Як не сыдуцца вяночкі
  (зірнуўшы на Ядзю)
  Бачу смерць у яе вачах!..

  Алеся і Ядзя (разам)
  Хай бы кветкі ў гэту ночку
  Вечным цветам расцвілі:


Мо б спляліся ўсе вяночкі —
  Мы шчаслівымі былі б!
  Мо б спляліся ўсе вяночкі —
  Мы шчаслівымі былі б!..
  Хай іх злучаць рэчкі хвалі
  Альбо ўдаль знясе віхор…
  Лес паганы, ты без жалю —
  Дай ты сэрцайку прастор!
  Лес паганы, ты без жалю —
  Дай ты сэрцайку прастор!..

  Ядзя (падбегла да рэчкі і, убачыўшы, што яе вяночкі не сышліся, а Алесіны сышліся, жахнулася. Хвалюючыся, хітра-ласкава звяртаецца да Алесі). Алеся, Алеська, падыдзі сюды. Зірні, як тут прыгожа! Як вяночкі закруціліся на адным месцы!

  Алеся надбягае і глядзіць на ваду.

  Бачыш: вунь твае вяночкі сышліся, а мае… Дастань, дастань, Алеся, мне вось гэты вяночак!..

  Алеся (даверліва). Добра, паненачка: я зараз вам яго дастану! (Нахіляецца над вадой.)

  Ядзя (нечакана штурхае Алесю ў ваду. Алеся рэзка крычыць «Ай!», Ядзя зласліва). А! Ты паплыла на дно! Значыцца, тая кветка шчасця, якую ён сарваў сабе, зноў згінула, згас для яго ясны праменьчык. (істэрычна крычыць.) Уладзік, шукай, шукай сваю кветку шчасця!.. (Як непрытомная, адбягае ад рэчкі і туліцца да дрэва з дуплом.) Страшна, страшна мне стала!..

  Уладзік (прыбягае ўсхваляваны). Што гэта?.. Мне здалося ці я сапраўды пачуў нейкі крык? (Убачыўшы Ядзю, кідаецца да яе.) Дзе Алеся?.. Дзе яна?..

  Ядзя паказвае рукой на рэчку.

  (Спалохаўшыся.) Што?.. Што?.. (Падбягае да рэчкі глянуўшы ў ваду, немым голасам крычыць.) А!.. Алеся!.. Алеся!..

  Выкрыкваючы імя Алесі, Уладзік кідаецца ў рэчку ратаваць яе. Ашалелая Ядзя ў сполаху стаіць каля дрэва. Праз некаторы час на крык Уладзіка прыбягаюць некалькі хлапцоў і дзяўчат, падбягаюць да кладкі і, убачыўшы Уладзіка ў рэчцы і таксама намерваючыся кінуцца у ваду, бягуць уздоўж берага. Ядзя траціць розум. Ей паказваюцца здані — русалкі, якія мілагучна спяваюць.


Русалкі
  Не шукайце яе:
  Яна ў нас будзе жыць,
  У наш палац паплыве
  І не будзе тужыць…
  Кінь і ты гэты свет,
  Бо тут грэшна зямля, —
  Паплыві ёй услед,
  Дзе русалак сям’я!..

  Паціху выходзіць устрывожаны народ. Чуваць гаворка: «Што тут здарылася?», «Куды гэта пабеглі хлопцы?», «Дзе падзелася Алеся?», «Вунь бачыце: хлопцы бягуць сюды!..» Прыбягаюць Кастусь, Міхась і Галенка.

  Кастусь. (запыхаўшыся). Ну, дзякуй Богу, выратавалі…

  Галенка. Эх, і маладзец жа Ўладзік!.. Адважны хлапец!..

  Міхась (паказваючы на звар’яцелую Ядзю). А ўсё праз яе, праз шляхцянку паганую!..

  Якуб. Ух, ведзьма праклятая!.. Шэльма, шэльма ты!..

  Андрэй. Гляньце, людзі, на яе, на гэтую паненку!.. Бачыце: яна ж звар’яцела!..

  Янка. Ну і чорт з ёю!.. Так ёй і трэба!..

  Усе. Так ёй і трэба! Вядзьмярцы праклятай.

  Андрэй
  Цяжка жыць на свеце
  Пад пятою пана:
  Ні зярнятка ў клеці,
  Ні людской пашаны.
  Узніміся, вецер,
  Зашумі віхурай,
  Хай паны на свеце
  Згінуць грознай бурай!


Уладзік ('пяе')
  Месячык ясны
  Выглянуў з хмары,
  Рэчку і долы
  Ён асвяціў.
  Хай будуць явай
  Сны мае, мары:
  Кветачку шчасця
  Хацеў я знайсці.
  Леся прыгожая,
  Выгляні зоркаю.
  Глянь мне у вочы,
  У вочы смялей!

  Алеся
  Сэрца калыша
  Ён дзіўнай гаворкаю.
  Буду я, мілы,
  Буду тваей.

  Алеся, Уладзік і ўсе
  Хай жа пацешацца
  Людзі нядобрыя:
  Кветку мы шчасця,
  Мы шчасця знайшлі
  Наш ясны месячык,
  Бач, ужо выглянуў,
  Нашыя зоркі узышлі.
  Наш ясны месячык,
  Бач, ужо выглянуў,
  Нашыя зоркі узышлі.