Кастусь Каліноўскі (Міровіч)
Кастусь Каліноўскі П’еса Аўтар: Еўсцігней Міровіч 1923 Крыніца: [1] |
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
Каліноўскі Кастусь
Лапа — мінскі маршалак
Прадстаўнікі Белага жонду Беларусі
Біскуп Красінскі
Серакоўскі — афіцэр генеральнага штаба
Невядомскі
Графіня Стэмбоўская
Дзюларан — прадстаўнік Варшаўскага жонду
Прадстаўнікі Чырвонага жонду Беларусі
Домб
Страбейка
Вайцэхоўскі
Камердынер Лапы
Земацкая
1-ы чыноўнік
2-і чыноўнік
Сяргей — вайсковы ўрач
Шавец
Каваль
1-я кабета
2-я кабета
Лявон — стары селянін
Старая — яго жонка
Ян — іх сын
Матруна — яго жонка
Вясковыя дзяўчаты
Хлопчык
Ротны камандзір
1-ы афіцэр
2-і афіцэр
Маставы — ардынарац
1-ы салдат
2-і салдат
Эканом памешчыка
Мураўёў — генерал
Лосеў — палкоўнік
Ад'ютант
Афіцэр
Высоцкі — жандарскі генерал
Дамейка — віленскі маршалак
Старжынская
Нагляднік дому
Паліцмайстар
Малады салдат
Стары салдат
Нагляднік турэмнай камеры
Гарадавы
Пан
Пані
Паручык Шліхтэр
Жанчына
Ксёндз
Гараджане, гараджанкі, сялянкі, салдаты, лірнік, жабракі.
ДЗЕЯ I
[правіць]Карціна першая
[правіць]Аб'яднанае пасяджэнне Белага і Чырвонага часовых жондаў Беларусі. Кватэра Лапы. Уваходзіць Стэмбоўская, за ёю Красінскі.
Красінскі. Графіня чымсьці нездаволена?..
Стэмбоўская. Я не разумею, ваша экселенцыя, чаму зноў запрошаны на пасяджэнне прадстаўнікі Чырвонага жонду?
Красінскі. Трэба ўзгадніць план супольнай працы.
Стэмбоўская. З імі?..
Красінскі. А што вас здзіўляе, графіня? Зразумейце, раней чым пачаць нашу святую справу — вызваленне Беларусі і Літвы, трэба ў першую чаргу згуртаваць, аб'яднаць усе сілы нашай краіны...
Стэмбоўская. Ну... дык і аб'яднайце... Але пры чым тут Чырвоны жонд?
Красінскі. Яны маюць уплыў на сялянства і батракоў. І да таго ж, галоўная іх мэта тая, што і ў нас: скінуць царскі ўрад і атрымаць волю...
Стэмбоўская. Ваша экселенцыя!.. Яны мараць скінуць не толькі цара, але і нас з вамі... Яны ж пад уплывам расійскага фантазёра Герцэна — "Няхай жыве зямля, хлопы, воля" — і... яшчэ нешта накшталт гэтага...
Уваходзіць лакей, нясе віно, фрукты.
Красінскі. Графіня адданая патрыётка, але не дыпламат...
Уваходзіць Лапа, за ім Домб, Страбейка і Вайцэхоўскі.
Лапа. Прашу, панове, да стала... Падзелімся пакуль думкамі, а калі збяруцца ўсе, пачнем наша пасяджэнне.
Стэмбоўская. А каго чакаем?
Лапа. Пана Серакоўскага. (Налівае віно.)
Домб. І Каліноўскага.
Лапа. Так... Прашу, панове. Графіня, ваша экселенцыя, калі ласка. Мёд трыццатага года, са скляпоў князя Чартарыйскага. (Бярэ бакал.)
Красінскі. Я ў думках звяртаюся з гэтым бакалам да князя... Пасылаю яму ў далёкую Францыю маё шчырае пажаданне: бачыць яго ізноў у шэрагах байцоў за веру, айчыну і наш народ.
Домб. Ненадзейны баец... ізноў уцячэ ў Парыж, як у трыццатым годзе...
Стэмбоўская. А вы на яго месцы паклалі б галаву ў пятлю царскіх катаў?
Красінскі. Прапаную падняць бакалы за першага змагара — князя Чартарыйскага і за свабоду!
Шпарка ўваходзіць Невядомскі.
Невядомскі. Добры дзень, панове... Графіня! (Цалуе руку.)
Лапа. Знаёмцеся... Прадстаўнікі Чырвонага жонду...
Невядомскі. Чырвонага? Э... э... вельмі прыемна... (Да ўсіх.) Панове, чулі? У Варшаве пачалося ўжо... Ёсць апошнія весткі... Паліцыя перашкаджала дэманстрантам, яе закідалі каменнямі. Было выклікана войска. Ёсць ахвяры...
Красінскі (жагнаецца). Пачалося...
Невядомскі. Але... Па-ча-ло-ся!..
Стэмбоўская. Прыйшоў і наш час!
Невядомскі. Я б параіў зачыніць шчыльней вокны... ходзяць патрулі...
Лапа. О, не турбуйцеся! Па-першае, прыняты ўсе меры. На варце стаяць нашы і, калі што, дадуць знаць... А па-другое, дзе мінскі маршалак, там бяспечна.
Красінскі. Кажуць, што Мінскі гарнізон узмацняецца...
Вайцэхоўскі. Мы маем іншыя весткі: частка Мінскага гарнізона атрымала загад выступіць у Варшаву.
Стэмбоўская. Чаму пана Серакоўскага няма? (Нервова ўстае і адыходзіць.)
Лапа. Пэўна цягнік спазніўся.
Страбейка. Ён з Пецярбурга?
Лапа. Так... Вязе поўны план паўстання.
Невядомскі. А план узгоднены з Варшавай?
Лапа. Зразумела... Распрацаваны супольна з панам Агрызкам у цэнтральным Пецярбургскім гуртку. Ён едзе да нас як камандуючы вайсковымі аддзеламі ўсяе Беларусі і Літвы.
Вайцэхоўскі. Ён прызначаны за ваяводу?..
Лапа. Так... Нарадовы жонд прызначыў.
Домб. Гэта ваш... Белы жонд прызначыў?..
Лапа. Так... наш.
Красінскі. Лічу, панове, што як наш, так і ваш жонд маюць аднолькавыя жаданні... Вось чаму і вы запрошаны на пасяджэнне. Зараз павінен тут быць пан Серакоўскі. У яго распрацаваны план чыннасці. Мы супольна абмяркуем, а там з боскай дапамогай, натхнёныя адной ідэяй, пачнем паўстанне... Як наш, так і ваш жонд імкнуцца да адной мэты...
Домб. Ці ж да адной, ваша экселенцыя?
Красінскі. Зразумела... Мэта адна... Скінуць царскі ўрад і даць волю нашай айчыне...
Домб. Якой?
Красінскі. Я гавару аб Беларусі...
Домб. А чаму, панове, многія, якія прыехалі з Варшавы, пачалі лічыць Беларусь сваёй айчынай? Ці таму, што іх маёнткі на гэтай зямлі, ці таму, што ўвайшлі ў Белы жонд?..
Невядомскі. А калі пан з Чырвонага жонду пачаў лічыць сябе беларусам?
Домб. З той пары, як нарадзіўся.
Красінскі. Выбачайце, панове, але я не скончыў сваёй думкі... Наша мэта, жаданні, кажу я, павінны быць аднолькавымі.
Домб. Так, павінны быць. Але яны, на жаль, не адпавядаюць жаданням народа. Спрадвечныя мары народа — атрымаць волю і быць гаспадаром сваёй зямлі, працаваць на карысць сваёй айчыны, а не на памешчыкаў, ці то рускіх, ці то польскіх...
Стэмбоўская. Гэта хворыя і нежыццёвыя мары ўтапістаў.
Домб. Гэта жыццёвыя і законныя жаданні народа.
Невядомскі. Панове, чулі? Гэта ж парушэнне натуральных умоў, зацверджаных самой прыродай...
Страбейка. Пры чым тут прырода? Не разумею...
Невядомскі. Угледзьцеся і зразумейце, як усё правільна і гарманічна размеркавана ў свеце паміж жывымі істотамі. Як падпарадкуецца адно аднаму... Напрыклад: курыца нясе яечкі не для сябе, а для сваіх гаспадароў. Конь існуе не для сябе, а каб на ім селянін працаваў. А селянін існуе для таго, каб працаваць на пана, усё так натуральна. Ніжэйшае, так сказаць, стварэнне існуе на карысць вышэйшаму і падпарадкуецца яму — поўная гармонія.
Домб. А што, калі парушыць гэтую гармонію? Ніжэйшае і вышэйшае зраўнаць?
Невядомскі. Фі... гэта супярэчыць натуры...
Стэмбоўская. Гэта вандалізм.
Красінскі. Вы памыляецеся і дарэмна ўносіце занадта гарачнасці, панове... Час пакажа, што будзе далей, а пакуль што паміж намі не павінна быць непаразумення. Трэба памятаць, што толькі агульным напружаннем сілы і з боскай дапамогай мы дасягнем таго, да чаго імкнемся. Вызваленне народа ад царскага ўціску — вось галоўнае наша заданне.
Уваходзіць камердынер.
Камердынер. Яснавяльможны пан Серакоўскі.
Усе. А.. а... нарэшце!..
Лапа і камердынер выходзяць.
Красінскі. Спадзяюся, наша размова не будзе перашкодаю ў далейшай нашай працы?
Уваходзяць Серакоўскі і Лапа.
Лапа. А мы думалі, цягнік спазніўся...
Серакоўскі. Не... я затрымаўся з кур'ерам з Варшавы. Графіня... (Цалуе руку.) Панове... (Вітаецца.)
Лапа. Знаёмы? Прадстаўнікі Чырвонага жонду.
Серакоўскі. А, вельмі рад бачыць вас тут, на сходзе, які вырашыць наш лёс.
Домб. Лёс нашага народа.
Серакоўскі. Але... так!.. І хаця я капітан расійскага генеральнага штаба, але для вас, панове, я ваявода ўсіх аддзелаў паўстанцаў Беларусі і Літвы. (Белы жонд вітае яго.)
Невядомскі. Віват!
Красінскі. Хай бароніць вас бог дзеля святой справы.
Стэмбоўская. З вамі мы пераможам...
Серакоўскі цалуе яе руку, яна яго ў галаву.
Серакоўскі. А пана Каліноўскага няма?
Страбейка. Чакаем з хвіліны на хвіліну.
Серакоўскі. Як у вас, ваша экселенцыя, прамовы маюць уплыў? Запісваюцца ў паўстанцы?
Красінскі. Даў загад усім ксяндзам... Але цяжка... Урад сочыць.
Серакоўскі. Нічога, хутка будзе другі ўрад, наш! Уласны! А ў вас, панове, як? Аддзелы фарміруюцца?
Домб. Весткі маюцца ў Каліноўскага...
Серакоўскі. Вельмі добра! Трэба спяшацца з арганізацыяй аддзелаў. Я маю весткі, што ў Варшаве пачалося ўжо... Трэба карыстацца момантам і ўзгадніць нашы дзеянні з Варшаўскім жондам. У той час, калі царскі ўрад будзе заняты барацьбой з паўстанцамі ў царстве Польскім, мы павінны раптоўна падняць паўстанне на Беларусі і Літве і, дружна ведучы справу, дасягнуць поўнага вызвалення Беларусі ад царскіх жандараў.
Домб. І паставіць сваіх...
Серакоўскі. План чыннасці мною ўжо апрацаваны... Сродкі маюцца. Цяпер застаецца толькі прыняць гэты план, падлічыць сілы і з богам за вызваленне!
Лапа. Я лічу, што можна прыступіць да справы і пачаць наша пасяджэнне.
Домб. Я лічу патрэбным пазнаёміцца з поглядамі і прапановамі Чырвонага жонду.
Серакоўскі. А, пана Каліноўскага?
Домб. Так.
Лапа. Я думаю, што адсутнасць пана Каліноўскага не перашкодзіць нам азнаёміцца ў кароткіх рысах з планам, ды і да таго ж пан Каліноўскі і вы, панове, наўрад ці будзеце пярэчыць, бо зноў кажу, — мэта адна. Нязгоды могуць быць толькі ў драбніцах.
Серакоўскі. Зразумела. І, на мой погляд, пан Каліноўскі будзе згодзен з большасцю. Дык вось, панове, у кароткіх рысах мой план справы, ухвалены ў Пецярбургу нашымі.
Домб. Кім?
Серакоўскі. Нашымі.
Домб. Вашымі? Так, так.
Серакоўскі. Першае. Жонд нарадовы пасылае ў кожны павет да памешчыкаў па некалькі сваіх агентаў... эмісараў.
Другое. Агенты, супольна з памешчыкамі, павінны схіліць сялян на свой бок і арганізаваць з іх вялікія аддзелы.
Трэцяе. Пасля арганізацыі вайсковых аддзелаў, жонд нарадовы аб'яднае гэтыя асобныя аддзелы ў адну агульную армію, з якой і пачне барацьбу з царскім войскам.
Чацвёртае. Жонд нарадовы і галоўны ваявода накіроўваюць усе свае сілы на тое, каб як мага надалей працягнуць паўстанне, па-першае, для таго, каб на нас звярнула ўвагу Еўропа, а па-другое, каб дасягнуць яе спачування і дапамогі; а на гэта спачуванне мы можам разлічваць, грунтуючыся вось на якіх довадах... Князь Чартарыйскі і іншыя за час паўстання схіляць французскага імператара на бок палякаў, і ён, карыстаючыся сваёй магутнасцю, уцягне ўсю Еўропу. Ён пашле ў Пецярбург некалькі пагражальных нот; палахлівы царскі ўрад спалохаецца, бо з аднаго боку Еўропа, а з ёю спрачацца не будзеш, з другога — паўстаўшая Польшча, Беларусь і Літва. У самой жа Расіі дзякуючы існаванню гурткоў Герцэна і Бакуніна не зусім спакойна; дзеля гэтага расійскі ўрад бясспрэчна выканае ўсе патрабаванні Еўропы і дасць поўную аўтаномію паўстаўшым за сваю незалежнасць народам. Вось чаму мы павінны як мага далей працягнуць паўстанне, а для гэтага патрэбна поўнае яднанне, ніякіх супярэчнасцей не павінна быць, мэта адзіная, вялікая, святая! І з дапамогай Чэнстахоўскай маткі боскай мы разаб'ем царскія ланцугі і вызвалім наш народ.
Красінскі. Хай будзе пахвалёны той шчаслівы дзень!
Серакоўскі. Цяпер у кароткіх рысах план пачатку вайсковых аперацый. Калі ўсе сілы будуць аб'яднаны ў адно цэлае, перш за ўсё трэба захапіць крэпасць Дзінабург і замацавацца ў ёй. Для гэтага трэба неадкладна атрымаць дазвол на збудаванне касцёла ў самой цытадэлі, а потым граф Плятэр пад выглядам рабочых, будаўнікоў касцёла, уводзіць некалькі сот узброеных паўстанцаў, якія раззброяць гарнізон і захопяць цытадэль.
Пан Звярджоўскі, аб'яднаўшы асобныя аддзелы паўстанцаў магілёўскіх і частку Мінскага ваяводства ў адзін корпус, захопіць Горкі і, узмацніўшы свой аддзел студэнтамі інстытута, захопіць Магілёўскі артылерыйскі парк, а потым з гарматамі і музыкай пройдзе праз губерні Смаленскую, Цвярскую, Маскоўскую, па дарозе далучаючы да сябе ўсіх нездаволеных урадам, і на чале паўмільённай арміі з'явіцца ў Казань, з'яднаецца з мясцовымі паўстанцамі, паднятымі Кіневічам, які павінен гэта зрабіць на дадзеныя яму 15 000 рублёў. Адначасова я еду ў Ковенскую губерню арганізаваць з паўстанцкіх аддзелаў армію ў некалькі карпусоў, з якімі буду пагражаць войску, высланаму царскім урадам супроць мяне. Потым увайду ў сувязь з рэвалюцыйнымі войскамі царства Польскага і для агульных аперацый з'яднаюся з чужаземным дэсантам. Вось, у агульных рысах, мой план.
Усе прадстаўнікі Белага жонду. Брава! Перамога за намі! Геніяльны план!
Лапа. Панове! План складзены так геніяльна, што, здаецца, двух поглядаў быць не можа.
Серакоўскі. Пры гэтым лічу неабходным паведаміць, што матэрыяльныя сродкі маюцца, зброя ёсць!
Лапа. Прапаную ўхваліць. Згодны, панове?
Домб. Я прапаную пачакаць Каліноўскага.
Серакоўскі. Ведаючы добра пана Каліноўскага як горача адданага гэтай святой ідэі, я ўпэўнены, што ён згодзіцца.
Каліноўскі з'яўляецца праз дзверы балкона.
Каліноўскі. Памыляецеся! Каліноўскі не згодзіцца! Выбачайце, панове, што я з'явіўся такім незвычайным чынам, але за мной сочаць ад самай вёскі. Перасцярога прымусіла мяне забыцца аб існаванні параднага ходу. Добры вечар, яснавяльможныя! Добры вечар, сябры! Я чуў усё, але не хацеў да часу перапыняць будоўлі паветраных палацаў пана Серакоўскага. А цяпер пастараюся іх зруйнаваць. Згаджаюся, план пабудаваны геніяльна, але геніяльны ён па сваёй недальнабачнасці і глупству.
Усе. Дазвольце!.. Якая непрыстойнасць! Пратэстуем! План прыняты жондам нарадовым...
Каліноўскі. Жондам памешчыкаў, магнатаў?! Гэтага мала! Ёсць яшчэ Чырвоны жонд, жонд усіх прыгнечаных сялян і беднякоў. Гэты жонд будзе для нас крыніцай жывой сілы, а без нас ні сялянства, ні бедната з вамі не пойдуць.
Серакоўскі. Чаму не пойдуць?
Невядомскі. Якая самаўпэўненасць!
Каліноўскі. Якая дурная недарэчнасць!
Стэмбоўская. Я не магу чуць падобнай абразы!
Каліноўскі. Гэта не абраза, графіня, а дакладнае азначэнне!
Лапа. Панове! Не будзем гаварыць адзін аднаму словы "ветлівасці" і пяройдзем да справы... Прашу, пан Каліноўскі...
Каліноўскі. Я не магу зараз гаварыць аб плане вайсковых аперацый, бо пан Серакоўскі так хутка крочыў па расійскай зямлі, што я ледзь паспяваў здзіўляцца той недарэчнасці і, я б сказаў, дзіцячай наіўнасці яго паходу. Мяне яшчэ больш здзівіла, што ваш жонд спадзяецца на дапамогу французскага імператара. На маё разуменне, правільна было б шукаць падтрымкі ў расійскіх рэвалюцыйных колах, тым больш, што наша канчатковая мэта больш супадае з жаданнямі братняга рускага народа, чым французскага імператара.
Серакоўскі. Мне вядома, пан Каліноўскі, калі быў студэнтам у Пецярбургу, знаходзіўся пад уплывам ідэй Герцэна, але час зразумець, што ён сын беларускага народа...
Каліноўскі. Таму я так і кажу, бо ўпэўнены, што шчасце і росквіт нашай краіны непарыўна звязаны з росквітам абноўленай Расіі, але пакуль пакіну гэтае пытанне і перайду да падрыхтоўчых крокаў пана Серакоўскага. (Разгортвае паперу). У пунктах першым і другім вашага геніяльнага плана гаворыцца...
Серакоўскі. У вас ёсць поўны мой план?
Каліноўскі. Не дзівіцеся, яснавяльможны пан, для Чырвонага жонду нічога таемнага няма. Дык у пунктах першым і другім гаворыцца: "Агенты супольна з памешчыкамі схіляюць на свой бок сялян і арганізуюць аддзелы". А як вы думаеце, шаноўныя панове, гэтым агентам і памешчыкам: сяляне шыі не скруцяць?
Серакоўскі. Вы гаворыце глупства: сяляне спяць і сняць аб вызваленні.
Каліноўскі. Ад каго? Ад улады памешчыкаў, ці то рускіх, ці то польскіх? Правільна! Селянін спіць і сніць, як бы атрымаць зямлю, адабраную ў яго панам. Як жа вы разлічваеце на поспех, калі кожны селянін у душы песціць думку паўстаць супроць вас жа, паноў. Калі вы сапраўды сумленна гатовы ісці з народам, дык паслухайце ў кароткіх рысах падрыхтоўчы план нашага Чырвонага жонду і прызнайце яго, бо гэта дыктуе само жыццё, у ім увесь поспех нашай агульнай справы: памешчыкі, манастыры, касцёлы — добраахвотна адмаўляюцца на карысць малазямельных сялян і батракоў ад сваёй зямельнай маёмасці, пакінуўшы сабе столькі, колькі яны самі змогуць апрацаваць...
Усе. Арыгінальна!
Невядомскі. Ты працаваў, збіраў, а потым ўсё аддай!
Каліноўскі. Згадзіцеся, панове, праца ваша была невялікай, а збіраў вам мужык пад пагрозай бізуна. Далей... для тых, хто будзе ўпартым і не згодзіцца добраахвотна на падзел, — утварыць суд, найвышэйшы трыбунал, які пільна будзе сачыць і прымушаць непакорных сродкамі тэрору.
Стэмбоўская. Мой бог, што ён гаворыць!
Каліноўскі. Не хвалюйцеся, графіня, але болей далікатных сродкаў у нас няма... Далей: падзяліць усю Беларусь на вайсковыя раёны, раёны на паветы, паветы на станы і ў кожны прызначыць прадстаўніка ўрада з даручэннем арганізаваць вайсковыя аддзелы, начальнікаў жа аддзелаў прызначае Чырвоны жонд па свайму выбару. Адначасова ўвайсці неадкладна ў сувязь з расійскімі рэвалюцыйнымі коламі. Вось схематычны план падрыхтоўкі да паўстання. Калі вы сапраўды адданы гэтай вялікай народнай справе, вы павінны згадзіцца. А калі не — нашыя дарогі разыходзяцца.
Лапа. Панове! Што вы скажаце? Як вам падабаецца план пана Каліноўскага?
Красінскі. План не адпавядае моманту і не жыццёвы...
Каліноўскі. З вашага пункту гледжання? Бо прыйдзецца разлучыцца з тысячамі дзесяцін зямлі і самім хадзіць за сахой?
Лапа. Перш чым стаць за саху каму б ні было, трэба забяспечыць спакойную працу, а для гэтага трэба ўсім да аднаго паўстаць са зброяй у руках і заваяваць волю, а з ёю прыйдзе і спакойная праца.
Каліноўскі. Так. Волю вы возьмеце сабе, а спакойную працу ахвяруеце мужыку-селяніну. Працуй, мілы, хадзі за сахой па панскіх загонах з рання да цямна... а калі не — бізуном! Бо воля панская. Пазбавіўшы селяніна ад царскіх чыноўнікаў, пан сам мацней сядзе яму на шыю. Дык якая ж карысць бедняку ад такой волі? Ці царскі чыноўнік будзе сцябаць, ці свой пан? Я лічу, што апошняе больш крыўдна.
Серакоўскі. Я лічу зусім непатрэбнай далейшую размову. У той час, калі ўжо пралілася кроў аднадумцаў, не трэба займацца спрэчкамі...
Невядомскі. Я прапаную зняць копію і захаваць для гістарычнага музея будучай Беларусі і Літвы як экземпляр чырвонага глупства.
Каліноўскі. Гэта думкі і жаданні народа, на які вы ўскладаеце надзею. Вы губіце пачатую справу вызвалення.
Уваходзіць камердынер.
Камердынер. Яснавяльможны пан Дзюларан.
Лапа. А-а-а... Прадстаўнік Варшаўскага жонду. (Выходзіць.)
Серакоўскі. Вось бачыце, хто з намі ідзе! Уся Польшча! Усе аб'яднаюцца вакол адной ідэі...
Каліноўскі. Заснаваць каралеўскую Польшчу з далучэннем Беларусі і Літвы...
Уваходзяць Дзюларан і Лапа.
Лапа. Панове, наш высокі госць — паўнамоцны прадстаўнік Варшаўскага жонду нарадовага.
Дзюларан. Маё ўшанаванне, панове! (Вітае.) Ваша экселенцыя! (Убачыў графіню, падыходзіць.) Графіня Стэмбоўская?
Стэмбоўская. Так... памяць у пана добрая... (Падае руку.)
Дзюларан (цалуе руку). Вельмі задаволены спатканнем з вамі ў такім шаноўным грамадстве. (Аглядае ўсіх, убачыў Серакоўскага, падыходзіць да яго і моцна цісне яму руку.) Сардэчна вітаю вас. Вы з Пецярбурга?
Серакоўскі. Толькі што прыехаў.
Дзюларан. Вельмі добра! (Аглядае ўсіх, бачыць Невядомскага, які ўвесь час кланяўся, каб яго заўважылі. Дзюларан кланяецца яму.)
Невядомскі (падыходзіць з павагаю). Дазвольце прадставіцца: Невядомскі, член гуртка, кур'ер для тэрміновых даручэнняў.
Дзюларан. Вельмі прыемна. (Убачыў Каліноўскага і іншых, вітае іх.)
Лапа. Прадстаўнікі Чырвонага жонду.
Дзюларан (агульны паклон). Чырвонага?.. Так... так... у вас на Беларусі і Літве ёсць два жонды: Белы і Чырвоны?
Домб. А ў вас?
Дзюларан. Толькі адзін — наш жонд.
Каліноўскі. Але ёсць надзея, што будзе другі?
Дзюларан. Для нас, прашу пана, гэта залішне. Справа не ў колерах... чырвоны ці белы, а ў ідэі, адной ідэі вызвалення народа. Я думаю, панове, што і вы ўсе з'яднаны той жа адной ідэяй. Вось чаму я і прыехаў да вас з даручэннем нашага жонду нарадовага.
Лапа. Прашу пана сядаць.
Дзюларан. Дзякую. Я не перашкодзіў, у вас пасяджэнне?
Лапа. Вы заўсёды пажаданы для нас. (Налівае віно.)
Дзюларан. Дзякую. (Садзіцца.) Прашу дазволу выкласці прапазіцыі, ухваленыя аднагалосна на апошнім нашым пасяджэнні, і запрапанаваць вам, беларусам, злучыцца з намі як найсціслей...
Лапа. Панове... я прапаную выслухаць шаноўнага пана Дзюларана, абмяняцца думкамі, а потым працягнуць наша пасяджэнне разам з паважаным панам Дзюларанам. Згодны?
Усе (Белы жонд). Згодны!.. Прашу пана... Калі ласка!
Дзюларан. Дзякую... Панове, як мы, так і вы супольна служым справе... справе вызвалення народа. Вы — свайго, беларускага, а мы — польскага... Але вораг наш вельмі моцны, і вам адным будзе цяжка змагацца... А таму мы прапануем вам разам з намі з'яднацца. Варшаўскі цэнтральны камітэт нарадовы дапаможа вам як грашыма, так і ўзбраеннем. Прыйшлі тут да вас людзі, дасвядчоныя ў справе вайсковай, якія разам з панам Серакоўскім будуць кіраваць вашымі аддзеламі, а па сканчэнні паўстання возьмуць ваш край беларускі пад сваю высокую апеку... Пад сваю высокую абарону...
Домб (да сваіх). Абараняў воўк авечку, ды і з'еў.
Дзюларан. Памысліце, панове, якія выгоды дае вам наш камітэт нарадовы.
Красінскі. Панове, найвялікшую радасць павінны мы адчуваць, калі ў цяжкую гадзіну літасцівы бог пасылае нам абарону. Мы павінны дзякаваць пана бога і прыняць прапанову Варшаўскага жонду нарадовага...
Каліноўскі. Ваша экселенцыя бачыць тут божую літасць, але я не згаджаюся з гэткім азначэннем і служыць урачыстае набажэнства не збіраюся.
Серакоўскі. Вы адмаўляецеся ад добраахвотнай дапамогі нашаму народу?
Каліноўскі. Ад здрады народу Чырвоны жонд адмаўляецца! Згодны, сябры?
Чырвоны жонд. Згодны! Так! Правільна!
Невядомскі. Якое ўпартае неразуменне гістарычнага моманту!
Стэмбоўская (нервова да Красінскага). Вось вынікі вашай супольнай працы.
Дзюларан. Не разумею, прашу пана, чаму здрада?
Каліноўскі. Калі польскі народ яшчэ не зразумеў вас, дык беларус добра зразумеў. На крыві нашага і свайго народаў хочаце вы будаваць панскую Польшчу... Вашай высокай апекай зрабіць наш народ сваім быдлам і нявольнікам... Дык перадайце вашаму жонду, што Чырвоны жонд ні за якія абяцанкі не прадасць свой народ.
Стэмбоўская. Спыніце, панове, гэтыя здзекі.
Дзюларан (іранічна). Пан Каліноўскі шчыры і гарачы патрыёт. Я яму дарую яго абразы.
Серакоўскі. Пан Каліноўскі можа гаварыць ад імя свайго, Чырвонага жонду, а не ад усяе Беларусі.
Вайцэхоўскі. Ён гаворыць ад імя беларускага народа, а пан з Варшавы ад якога народа гаворыць?
Дзюларан. Польскага, прашу пана...
Вайцэхоўскі. Я таксама паляк, прашу пана, але не прызнаю ваш Белы жонд.
Дзюларан. Адзін паляк не ёсць яшчэ Жэч Паспаліта Польска.
Вайцэхоўскі. Але і ваш жонд не ёсць польскі народ.
Лапа. Панове, прашу паважаць нашага госця.
Серакоўскі. Пан Каліноўскі не ўлічвае, што яго адмову ў дапамозе гісторыя будзе лічыць як глупства ці здраду народу.
Каліноўскі. А я думаю, што пан Серакоўскі не ўлічвае, што яго згоду гісторыя адзначыць і як здраду народу, і як глупства!
Серакоўскі. Паглядзім! Час пакажа.
Лапа. Панове! Прапаную спыніць спрэчкі і азнаёміцца дасканала з прапановамі і планамі Варшаўскага жонду. Абмеркаваць і прыняць для кіраўніцтва і выканання... Згодны?
Белы жонд. Згодны!
Лапа. А вы, панове?
Каліноўскі. Гэтае пытанне Чырвоны жонд вырашыць у сябе на камітэце. Адказ атрымаеце заўтра. Да пабачэння! (Збіраецца выйсці.) Мая вам парада — не прадавайце народную кроў.
Дзюларан. Раю вам, панове, прыйсці да згоды.
Каліноўскі. Раю вам, яснавяльможны пан, выносьцеся з Беларусі ў добрым здароўі... (Выйшлі.)
Дзюларан. Што гэта?
Невядомскі. Быдла, прашу пана.
Карціна другая
[правіць]Вострая брама ў Вільні. Народ стаіць на каленях, пяе малітву перад брамай. Уваходзяць дзве кабеты.
1-я кабета. Казалі, што сягоння павінна прыйсці да нас працэсія з Варшавы.
2-я кабета. Казалі, што біскуп благаславіць і разам з народам пойдзе на спатканне Варшаўскай працэсіі.
1-я кабета. А чаго гэта ідуць да нас?
2-я кабета. Ты чула, што Варшава абвясціла вайну з-за веры?
1-я кабета. Чула, і ў нас аб гэтым гавораць...
2-я кабета. Ну, вось, ідуць злажыць умову, каб разам вызваліцца. Мой муж казаў, што біскуп адправіць набажэнства і дасць благаславенне на барацьбу за волю.
1-я кабета. Божухна, што гэта будзе?
2-я кабета. Ніхто, як бог... У нас з дому трое пайшло ў аддзелы: бацька, муж і сын...
Праходзяць у браму і становяцца на калені. Лірнік ціха іграе на ліры і пяе псалмы. Уваходзяць Земацкая і Невядомскі.
Невядомскі. Вы чулі, што ў Варшаве аддзел Маеўскага разбіў жандарскі эскадрон і ўзяў дзве гарматы з набоямі?
Земацкая. Так... А колькі ўжо нашых палягло, колькі моладзі пакутуе ў астрогах. Матка Боска Вострабрамска, памажы нам. (Становіцца на калені, жагнаецца, потым устае, за ёю Невядомскі.) Пане Невядомскі, адгэтуль мы пойдзем на Бэльмонт, там збярэцца народ і шляхта. У гэтыя вялікія дні, дзеля нашай радзімы, мы павінны быць разам з народам, абуджаць нацыянальнае пачуццё. Няхай народ бачыць, што мы з ім...
Уваходзяць 1-ы і 2-і чыноўнікі.
1-ы чыноўнік. Добры дзень, пані Земацкая.
2-і чыноўнік. Добры дзень!
1-ы чыноўнік. Чулі? Віленскі гарнізон узмацняецца войскам з Пецярбурга?..
2-і чыноўнік. Ходзяць чуткі аб адстаўцы Назімава.
Земацкая. А каго прызначаюць?
2-і чыноўнік. Кажуць, што Мураўёва.
1-ы чыноўнік. Даюць паўнамоцтвы дыктатара.
Земацкая. Ніякі Мураўёў не пагасіць полымя паўстання.
Невядомскі. Нашы аддзелы пакосяць іх галовы. Панове, думка! Унашу прапанову: пабудаваць помнік волі... Ведаеце... э... чарапы, складзеныя ў піраміду, а на самым версе паўстанец з касой. Ці ж не праўда — арыгінальны помнік!
2-і чыноўнік. А вы да якога аддзела прыпісаны?
Невядомскі. Я?.. Э... Я лічуся кур'ерам для тэрміновых даручэнняў гуртка, старшынёй якога з'яўляецца пані Стэмбоўская.
Земацкая. А вы?
2-і чыноўнік. Я пры аддзеле Каліноўскага.
Земацкая. Вы сябра Чырвонага жонду?
2-і чыноўнік. О не, што вы, пані! Дзеля таго, што Чырвоны жонд супольна з намі прымае ўдзел у паўстанні, мне даручана таемна сачыць за дзейнасцю Каліноўскага.
Невядомскі. А ці ведаеце, пані Земацкая, праграму гэтых чырвоных пеўняў? Падзяліць пораўну зямлю паміж сялянамі і памешчыкамі і ўсім хадзіць за сахой і араць. Што надумалі, а? Я — чыноўнік асобных даручэнняў — і за сахой! Вы ўяўляеце сабе — у сурдуце, пры рэгаліях — і за сахой! Ха-ха-ха...
Чуваць гукі аргана і спевы малітвы.
Земацкая. Ціха... не парушайце цішы малітвы. (Становіцца на калені і моліцца.)
Уваходзяць Каліноўскі і Сяргей, вайсковы ўрач.
Каліноўскі. Значыць, Сярожа, едзеш у полк?
Сяргей. Загад... Нічога не зробіш. Салдацкая дысцыпліна і нас, урачоў, датычыцца.
Каліноўскі. Так... Перадай у Пецярбургу сябрам падзяку за друкарскі станок. Скажы... гэтымі днямі еду на вёску ў аддзелы, а там і пачнем. Сувязь з вамі буду трымаць, як і раней, праз настаўніка Васілія Рыгоравіча. Ну... вось і ўсё, Сярожа. Давядзецца — убачымся, а калі не — не памінай ліхам... (Дае руку.)
Сяргей. Жадаю шчасця... перамогі... У добры час! (Моцна абняліся.)
З другога боку ўваходзіць Домб. Сяргей выходзіць.
Домб. З кім гэта так горача цалаваўся?
Каліноўскі. Калісьці мы з ім бунтарылі ва ўніверсітэце. (Задумліва.) Добры час быў, Домб...
Домб. А будзе яшчэ лепшы.
Каліноўскі. Так! Будзе яшчэ лепшы...
Домб. Глядзі, шляхта ўжо дзейнічае. Сіла на баку белага жонду. (Ківае на народ, які на каленях моліцца і пяе набожныя спевы.)
Каліноўскі. І перад гэтай сілай трэба пакуль што скарыцца... У іх сродкі, зброя... З'яднаўшыся часова з Белым жондам, мы будзем весці далей нашу справу, але прыйдзе час — мы вырвем ад іх уладу і вызвалім народ. Табе вядома, што адгэтуль пойдуць на Бэльмонт, каб схіліць на свой бок рамеснікаў і мяшчан. Шляхта будзе разам з народам братацца, гаварыць прамовы і вербаваць у аддзелы... Табе трэба быць там. Я іду на вёску да нашых. Страбейка паведамляе, што ў павеце з'явіліся жандарскія аддзелы. Бывай здароў, спаткаемся ў нашым штабе...
Домб. Будзь асцярожным...
Каліноўскі. Бывай! (Выходзіць.)
Спевы сціхаюць. Біскуп кажа прамову.
Голас Красінскага. Веруючыя! Вялікае няшчасце здарылася з намі і з нашай святой верай. Вам вядома, што ў польскай краіне прыгнечана вера наша. Народ паўстаў на абарону сваёй веры. Гэта знявага веры перанясецца і на нашу краіну, вас чакаюць цяжкія выпрабаванні. Паўстаньце на абарону сваёй веры, свае волі, сваёй айчыны... Усемагутны божа, дапамажы!
Арган, спевы ўсяго народа. Біскуп благаслаўляе.
Невядомскі. Панове, на Бэльмонт!
Спяваюць, ідуць. Спевы аддаляюцца, святло паступова змяншаецца і гасне... Спевы зноў набліжаюцца і сцэна асвятляецца. Новае месца дзеі. Бэльмонт. Уводдалі горад Вільня. Чуваць галасы натоўпу. Усе ўваходзяць, нясуць на руках Серакоўскага і крычаць: "Віват!" Аркестр іграе туш.
Серакоўскі. Панове! Мы сабраліся тут, каб спаткаць дэпутатаў Варшаўскага жонду нарадовага. Польскі народ — нашы браты па веры — прыгнечаны царскім урадам, паўстаў са зброяй у руках на абарону сваіх правоў, сваёй зняважанай веры. Акрапілася зямля кроўю пакутніка-народа. Не сёння-заўтра тое ж пагражае і нам. Дапаможам нашым братам і агульным намаганнем разаб'ем царскія ланцугі і дадзім волю нашай айчыне!
Невядомскі. Няхай жыве правадыр народны!
Народ. Віват!
Серакоўскі. Пагібель царскай тыраніі! Далоў схізматыкаў! Няхай жыве рамесніцтва!
Шляхта вітае рамеснікаў, дамы цалуюць рамеснікаў.
Невядомскі (натхнёна). Панове! У гэты ўрачысты дзень, калі мы ўсе гарым адной думкай, адным жаданнем, мы тут усе роўныя, усе браты! Няхай гэты дзень захаваецца ў нашым сэрцы і будзе нашым адвечным святам! З вераю ў сэрцы, са зброяй у руках, з усмешкаю на вуснах кінемся ў змаганне за свабоду! Запісвайцеся ў аддзелы змагання... Трыумфуйце!.. Весяліцеся перад перамогай. Панове! Прапаную абэртас у гонар нашай перамогі! Прашу! (З захапленнем скача абэртас.)
Аркестр іграе, шляхта першая запрашае рамеснікаў. Адны скачуць, другія запісваюцца.
Невядомскі. Панове, запісвайцеся ў аддзелы!..
Земацкая. Калі пан так жа добра будзе абараняць волю, як танцуе, то...
1-ы чыноўнік. То яснавяльможная пані дазволіць мне пацалаваць яе ручку. Галавой прысягаю — ніводзін жандар не ўцячэ ад маёй кулі!
Земацкая. О герой! (Дае руку для пацалунку.)
Шавец. Пані! А я запісаўся ў аддзел да іх. (Паказвае на Серакоўскага.)
Земацкая. Віншую! (Цалуе яго.)
Каваль. Эх, чорт пабяры! Пані, запішы і мяне, пайду біць жандараў.
Земацкая. Хай вас бог бароніць! (Благаслаўляе і цалуе яго.)
Невядомскі. Панове! Прашу мазурку на пагібель нашых ворагаў.
Шавец. Не, не, нашу лявоніху.
Невядомскі. Панове, лявоніху на пагібель ворагаў!
Усе скачуць.
Невядомскі (пасля лявоніхі). Лявоніха скончана! Прашу мазурку! Пераможную мазурку!
Скачуць мазурку. Чуваць барабан.
1-ы чыноўнік. Панове! Чуеце? Гэта жандары...
Танцы спыняюцца. Перапалох.
Невядомскі. Супакойцеся, панове! Скачыце далей!
Каваль. Не магу, хачу ваяваць з жандарамі.
Шавец. Бі іх...
З'яўляецца Домб, спыняе натоўп.
Домб. Не час, стрымайцеся! Сябе загубіце!
Народ свішча, крычыць.
Гарадавы. Дарогу! Асадзі назад! (Адціскае натоўп.)
Каваль (ззаду). Эх, для пачатку фараону. Р-раз! (Б'е. Гарадавы валіцца і свішча.)
Чуваць вайсковы аркестр. Заслона
ДЗЕЯ II
[правіць]Мясцовасць з узгоркамі, па якіх раскіданы хаты, платы. З правага боку хата з ганкам, да яе прыбудавана клець. Вечарэе. Заходзіць сонца. Здалёк чуваць спевы дзяўчат. За платамі крадзецца Каліноўскі ў сялянскай вопратцы і ў світцы зверху. Падыходзіць да хаты, стукае ў акно.
Каліноўскі. Лявон... Лявон...
Голас з хаты. Зараз...
Выходзіць Лявон.
Лявон. А, гэта ты? Вечар добры! Якія навіны прынёс?
Каліноўскі. Прывёз зброю для нашага аддзела. Там, за ўзгоркам, у кустах. Трэба перанесці і схаваць у цябе, у клеці, а ўначы твой сын прыйдзе з лесу і перанясе ў аддзел.
Лявон. Добра. А сынка майго бачыў?
Каліноўскі. Сягоння раніцой. Малайчына, дзясяцкім яго назначыў.
Лявон. Даў бы бог жывым вярнуцца, баюся, каб не перамаглі нас.
Каліноўскі. Не бойся, стары. Мужыцкую праўду ніякая сіла не пераможа.
Лявон. Скажы мне, братка, старому, неразумнаму: вось мы змагаемся за волю, нашы сыны кроў праліваюць, а калі мы здабудзем гэту волю, дык паны застануцца?
Каліноўскі. Не будзе няволі — не будзе і паноў.
Лявон. А куды ж яны падзенуцца?
Каліноўскі. Жыццё такое настане, што панаваць ужо не будзе над кім. Вось, у вольны час пацікаўся. (Дае лістоўку.) Тут табе ўся праўда мужыцкая. Хавай яе ад паноў і начальства, ім гэта не да смаку, А пакуль лішніх вачэй няма, занясі зброю ў клець.
Лявон. Добра. А сам дзе будзеш начаваць — у нас ці ў лесе?
Каліноўскі. Да сонца буду ў цябе, а там у лес пайду.
Лявон (у хату). Матруна, выйдзі... Ты скажы ёй, яна малачка дасць ды пасцельку прыгатуе. (Выходзіць.)
Матруна (уваходзячы). Чаго табе?.. Дзе ж ён дзеўся? (Пабачыўшы Каліноўскага.) А-а, гэта ты тут! Чаму ў хату не ідзеш? Заходзь. Ну, як там мой у лесе, жывы, здаровы?
Каліноўскі. Здаровы, маладзічка... Цябе прасіў не сумаваць.
Матруна. І рада б не сумаваць, ды... сэрцайка бабскае. Толькі ж нядаўна жыць мы пачалі ў законе, думалі будзем разам, а тут вось якая справа, у аддзел пайшоў. А ну, як заб'юць?
Каліноўскі. Суджана памерці, дык смерць і на печы знойдзе. Не плач, усё добра будзе. Сягоння прыйдзе пабачыцца з табою.
Матруна (радасна). Няўжо?
Каліноўскі. Ну вось, бачыш, — вочы павесялелі.
Матруна. Казалі, што з Пецярбурга шмат войска пасылаюць і ўсіх, каго ў лесе зловяць, на касцёлах вешаць будуць.
Каліноўскі. Вяровак не хопіць.
Уваходзіць Лявон з клункам зброі.
Матруна. Што гэта ты нясеш?
Лявон. Яго рэчы, ён начаваць у нас будзе.
Матруна. А ўжо ж рэчы... бач, багнэты тарчаць...
Каліноўскі бярэ клунак і нясе ў клець, потым варочаецца.
Лявон. Дзе? Якія багнэты? І што гэта табе здаецца? (Да Каліноўскага.) Заходзь, браток, заходзь.
Каліноўскі ідзе ў хату.
Матруна. А божухна, божухна! Няхай бы ўжо звер звера грыз, а тут людзі, у бога верачы, адзін аднаго забіваюць. Крывею чалавечай зямлю паліваюць.
Лявон. Ды што, тут за праўду нашу. А вось як пан дзеля свае ўцехі твайго бацьку бізуном паласаваў, дык гэта што? Зямлю тут крывавую сабакі лізалі. Вось народ і не вытрымаў. Пацярпі, усё добра будзе, і чалавек твой вернецца. Пойдзем у хату, дай малака.
Ідуць у хату. Чуваць спевы.
Матруна. Эх! А дзяўчатам і гора мала, параспяваліся.
Лявон. І ім не весела, дай веры.
Увайшлі ў хату. Спевы бліжэй. Са спевамі ўваходзяць дзяўчаты, спяваюць рэкруцкую песню.
3-я дзяўчына. Сумна неяк...
2-я дзяўчына. Давайце, дзяўчаткі, у карагод гуляць...
1-я дзяўчына. Э, пакінь. Без хлопцаў і гульня не гульня.
3-я дзяўчына. І песні неяк не пяюцца.
Матруна. Усе разбегліся, родненькія, у лесе пахаваліся, як краты па пячорках. Мой Янка надоечы прыйшоў з лесу, аж глянуць страшна: барадой аброс, лапці ўсе падраліся, змяніў кашулю, узяў хлеба ды сыра, (плача) мяне пацалаваў дый зноў у лес...
2-я дзяўчына. А ты не плач. Лепш у лесе, чымся на вёсцы быць забітаму. Вось, кажуць, у суседнюю вёску прыйшлі жандары і забралі ўсіх хлопцаў.
Матруна. І чаго гэта ўсе паднялося? Не сядзіцца нашым панам, усё волі хочуць. Хочаш, дык ідзі сам, калі ты пан, — дык не, — дурняў-мужыкоў падбухторваюць, за кроў мужычую волю абяцаюць.
2-я дзяўчына. Дачакаемся, як жа, а калі і забяруць волю, дык для сябе, а нам зноў бізун застанецца.
Каліноўскі выйшаў і слухае.
Каліноўскі. Не, дзяўчынка, не тое ты гаворыш. Добры вечар!
Усе. Добры вечар!
Каліноўскі. Дай толькі волю здабыць, а падзяліць мы здолеем. Сабе і бізун, гэта праўда, а пана ў саху ўпражэм, а не пойдзе, дык пана бізуном сцябаць будзем.
Матруна. Дай жа божа нашаму цяляці ваўка спаймаці.
3-я дзяўчына. А лепш, каб усё ціха было.
Матруна. Дзяўчаткі, гляньце, нібыта нехта да нас верхам едзе... Вось там, за ўзгоркам...
1-я дзяўчына. З лесу, здаецца...
2-я дзяўчына. Здаецца, мой Міколка...
3-я дзяўчына. Не... Яська мой... во, рукой махае... (Бяжыць, за ёй іншыя.)
Каліноўскі. Ціха, бабы. (Прыглядаецца.) Так, гэта з нашага аддзела. Ці не здарылася што? (Ідзе да хаты.) Лявон, конь у цябе вольны ёсць?
Лявон (у акне). Ёсць, а што?
Каліноўскі. На кожны выпадак, можа спатрэбіцца.
За сцэнай галасы баб і дзяўчат: "А я думала, што мой Міколка. Навіны прывезлі?"
Домб (уваходзіць, за ім дзяўчаты). Пасля, дзяўчаткі, скажу. Хто тут ёсць з мужыкоў?
Каліноўскі. Што здарылася?
Домб. А... ты тут! (Адыходзіць з ім убок.) Конны з аддзела Вайцэхоўскага паведаміў, што ідзе сюды войска, і перадаў табе шыфроўку. (Перадае маленькую скручаную паперку.)
Каліноўскі (чытае). А-а-а, ад настаўніка Васілія Рыгоравіча... "З Пецярбурга ў твой раён ідзе рота пад камандай вядомага табе барона Штальберга"... Штальберг... а, памятаю гэтага ката. У Петрапаўлаўцы двух студэнтаў з нашага гуртка засек і павесіў... (Чытае.) "...маршрут яго на Мінск і далей. Мэта — злавіць цябе жыўцом"... Так... "Адносіны салдат да насельніцтва добрыя... Усё гэта перадаў мне наш сябра доктар Сяргей"... Сяргей?
Домб. Хто гэта?
Каліноўскі. Вайсковы доктар... памятаеш, каля Вострай брамы сустрэў яго... Значыць, ён ідзе з ротай да нас... Домб, табе трэба ехаць зараз жа ў лес і сказаць аддзелу — быць напагатове. Я застануся пакуль тут для доследу... Прышлі сына Лявона для сувязі... Няхай схаваецца на балоце і чакае. Як зязюля чатыры разы пракукуе, тады няхай выходзіць да крыжа ля дарогі...
Домб. Асцярожней, Кастусь... Бывай! (Выходзіць.)
1-я дзяўчына. Ну, што ён казаў?
2-я дзяўчына. Пра майго Міколу не казаў?
Уваходзіць Лявон.
Каліноўскі. Вось што, Лявон, і вы, дзяўчаткі... сюды ідзе з Пецярбурга войска...
1-я дзяўчына. Вось табе і Міколка...
Усе. Ай, ай, ай, матачкі! Што нам рабіць? Загінулі мы... Пахапаюць нас...
Каліноўскі. Ціха, бабы! Ціха! Слухай, Лявон, войска, пэўна, раскватаруецца на вёсцы... Бабы, слухайце! Памятайце: ні адзінага гуку пра нашых; калі спытаюць, дзе мужыкі, кажыце — хто ў Мінск па грошы паехаў, хто ў пана працуе, а каго пагналі далей, пад Вільню... Зразумелі?
Усе. Зразумелі...
Каліноўскі. І цяпер, у выпадку, калі мяне зловяць і запытаюць у вас, кажыце, што не ведаеце мяне, зразумелі?
Бабы. Зразумелі... А ты хавайся.
Каліноўскі (ціха). Слухай, Лявон, калі палягуць усе — а з дарогі яны моцна заснуць, — паможаш зброю вынесці, а можа і справу зробім...
Лявон. Аб якой ты справе гаворыш?
Каліноўскі. Твая хата лепшая ад усіх, запрасі да сябе афіцэраў.
Лявон. А сам дзе будзеш?
Каліноўскі. Недалёка буду. Уначы прыйду, а можа і раней, з сынам тваім. Ну, бабы, бывайце здаровы! Ні слова аб нашых, будзьце героямі, катаваць будуць — маўчыце.
Бабы. Не выдадзім! Не бойся! Свае... Крый нас божа...
Каліноўскі выходзіць.
1-я дзяўчына. А ўсё ж страх, як прыйдуць да нас.
Уваходзіць старая.
Лявон. Вось і мая старая ўзварушылася.
Старая. Чаго стаіце, раты разявіўшы? Салдаты ідуць!
Лявон. А дзе ты чула?
Старая. Малыя казалі, што чулі... за лесам...
1-я дзяўчына. За лесам? А што, дзядулька, калі даведаюцца, дзе нашы?
Старая. А ты не кажы ім.
1-я дзяўчына. А калі вешаць баб пачнуць?
Лявон. Ну, яны не дурні і вяроўкі на баб псаваць не будуць, ім хлопцы нашы патрэбны, а не бабы.
2-я дзяўчына. А што, дзядулька, кажуць, што яны да баб ласыя. Як возьмуць нас усіх у палон замест жонак, што тады рабіць?
Лявон. А брэшаш ты! А калі возьмуць, дык ты не давайся.
1-я дзяўчына. Ага, ён жа дужэйшы за мяне, возьме і схопіць.
Старая. А ты кусайся. Вось хто мяне схопіць, той не рады будзе.
Лявон. Ды хто ж на цябе паквапіцца?
Старая. А ўсяк бывае, — за недахопам і мяне ў кумпанію возьмуць. Матка казала мая старэнькая, як Напалявон французскі ў дванаццатым годзе праходзіў праз нашу вёску, дык і старых прыхоплівалі.
Лявон. Годзе плявузгаць, там відаць будзе, а пакуль што кароў ды коней ганіце на балота, схаваць трэба; курэй ды кабаноў далей хавайце, бо як прыйдуць — усё пабяруць.
Бабы. Няўжо? Ой, матачкі мае, пабяруць, далібог пабяруць!
1-я дзяўчына. Гэй, Міколка, гані каня на балота.
2-я дзяўчына. Аксіння. скажы мамцы, каб кароў з хлева выгнала.
3-я дзяўчына. Ой, і боязна ж неяк.
Чуваць здалёк барабанны бой.
1-я дзяўчына. Ой, недзе тарахціць... Чуеце?
Усе. Дзе?
1-я дзяўчына. Ціха...
Убягае хлопчык.
Хлопчык (радасна). Мамка, мамка, войскі ідуць, там за ўзгоркам, са стрэльбамі, з шаблямі! Чуеш, як барабан тарахціць? (Выбягае.)
Агульная сумяціца.
Старая. Куды ты, Лявон?
Лявон. Забыўся на цяля, схаваць трэба.
Старая. Я сама, а ты пры хаце заставайся. (Выходзіць.)
2-я дзяўчына. Ой, курэй трэба загнаць... ціп, ціп, піп... (Выбягае.)
Уваходзіць Матруна, знерваваная, аглядаецца.
Матруна. Ідуць, ідуць, па майго ідуць. (Хаваецца ў хату.)
Салдацкая песня чуваць усё бліжэй і бліжэй.
Лявон (адзін, жагнаецца). Пан Езус, заступіся і выратуй нас.
Прыбягае хлопчык.
Хлопчык. Ой, дзядулька, салдаты ўжо ў вёску ўвайшлі. Гузікі залатыя блішчаць. А ў паноў афіцэраў на капелюшах кутасікі і вусы натапыраны. (Выбягае.)
Лявон. Чаго рады? Эх, дзіцянё неразумнае!
Спевы сціхаюць. Чуваць каманда: "Рота, стой! Рабяты, на адпачынак! Гаспада афіцэры, расставіць часавых, выдзеліць патрулі! Вуха востра трымаць! Памятайце, што мы сярод ворагаў!" Уваходзяць ротны, Сяргей і Маставы — ардынарац.
Ротны. Зараз жа, доктар, даследаваць калодзежы, ці не атручана вада. Гэтыя крамольнікі на ўсё здольныя. Да праверкі ваду не піць, ежу не варыць! Выконвайце.
Сяргей. Слухаю, гаспадзін капітан! (Выходзіць.)
Ротны. Што за д'ябал! Вёска быццам вымерла.
Маставы. А так што, ваша высокаблагароддзе, з перапугу пахаваліся.
Ротны. Нічога, усіх выцягнем з нор. (Заўважыўшы Лявона.) А, адзін ужо ёсць. (Лявон кланяецца.) Гэй, стары, а дзе ж уся вёска? Не відаць штосьці.
Лявон. Ды тутака ўся яна і ёсць.
Ротны. Дзе людзі? Пакліч усіх сюды!
Лявон. Ды як жа клікаць?.. Хто ў полі, хто ў горадзе, хто выехаў.
Ротны. Маставы!
Маставы. Што загадаеце, ваша высокаблагароддзе?
Ротны. Паслаць зараз патруль па хатах, каб зганялі ўсіх сюды: хто не пойдзе — прыкладам, а крамольнікаў — штыком. Марш! Заняць хаты для начлегу!
Маставы. Слухаю-с! (Выходзіць.)
Ротны. Ну, стары, кажы, дзе паўстанцы?
Лявон. Якія?
Ротны. "Якія"... не ведаеш? А? Што супроць цара пайшлі, супроць начальства? Ты не хітруй, стары барсук, ведаеш.
Лявон. Мілы панок, ды хто ж іх ведае. Казалі, што ў Вільні быццам ёсць такія, а тутака няма; у нас ціха. Жывем за расійскім царом добра.
Ротны. За расійскім, а ты за якім хацеў жыць? За французскім?
Лявон. За нашым, значыцца, царом жывем добра, чаго нам паўставаць... Калі ласка, заходзьце ў хату.
Уваходзіць старая.
Старая. Добры вечар, панок!
Лявон. Мая старая малачка табе дасць ці чабарку згатуе. Гарачанькага з дарогі вып'еш. Заходзь, пане афіцэр.
Ротны. А там у цябе ніхто не схаваны?
Лявон. Чаго гэта?
Уваходзіць Маставы.
Маставы. Загад вашага высокаблагароддзя перадаў. Зараз усіх згоняць сюды.
Ротны. Агледзім хату старога. (Вымае рэвальвер.)
Маставы. Слухаю!
Ротны. Дык ты гаворыш, што нікога не хаваеш?
Лявон. Каго хаваць? Старая ды я.
Ротны. Ну, глядзі, стары, калі што, дык галавой адкажаш.
Ротны і Маставы выходзяць.
Лявон. Ваяка! Эх... жандар дык і ёсць жандар! Ну, старая, ідзі, згатуй чабарку, частуй дарагога госця. (Выходзіць.)
Старая. Смалы яму ў горла, а не чабарку. (Выходзіць.)
Чуваць галасы з розных канцоў; салдаты гоняць баб. З'яўляюцца бабы і за імі салдаты.
2-я дзяўчына. Чаго яны гоняць нас сюды?
1-я дзяўчына. Клаўдзюшку дык з-пад печы за ногі выцягнулі.
1-ы салдат. Ну, ну, хадзі, тупай!
1-я дзяўчына. Чаго пхаеш?
1-ы салдат. Ідзі... кш... кш... кш...
1-я дзяўчына. Нібы курэй заганяе. Аўса, ці што, дасі?
1-ы салдат. Ух, і разгаворчывая якая!
1-я дзяўчына. Не чапай рукамі! Не купіў яшчэ! Не твая!
1-ы салдат. А чыя? Мужыкоў штосьці не відаць.
2-і салдат. Глядзі ты, адны бабы, ну і вёска.
2-я дзяўчына. А чаго гналі сюды?
1-ы салдат. Іх благароддзе ротнае вучэнне з вамі будзе праводзіць. Ха-ха-ха...
Уваходзіць Маставы.
Маставы. У-у... красунь колькі, выбірай якую хочаш! А дзе ж хлопцы?
2-я дзяўчына. Няма.
Уваходзяць ротны, афіцэр.
Маставы. Ваша высокаблагароддзе, калі ласка, паглядзіце — уся вёска з адных баб састаіць.
Ротны. Што? Ды што я, бабскі агляд назначыў? Дзе мужыкі?
1-ы салдат. Няма мужыкоў, вашаскароддзе!..
Ротны. Як? Ніводнага мужыка ў вёсцы?
3-я дзяўчына. Ды вось, бегае адзін. (Кіўнула на хлопчыка.)
Ротны. Ты не кпі! Чый гэта? Дзе яго матка? Я пытаюся, дзе матка? Гм... "няма"?.. Паўленкоў, ану, злаві яго ды ўсып розаг!
1-я дзяўчына. Панок, пакінь яго, за што біць хочаш?
Ротны. Ага! Знайшлася матка! Твой сын?
1-я дзяўчына. Мой, панок.
Ротны. Гм... Калі сына маеш, дык і муж ёсць. Дзе ён? Чаму яго з табой няма?
1-я дзяўчына. Паехаў у Мінск, дровы павёз...
Ротны. Ілжэш, дрэнь! У лес пайшоў! У банду! Супроць цара! Ну, кажы!
Лявон. Пан афіцэр, яна праўду кажа.
Ротны. Не суйся, стары. Гавары, у лесе твой муж? Ну!? Узяць яе на допыт і перадаць паручыку Сцержневу.
Лявон. Панок, калі не даеш веры, вазьмі мяне, пытай; яна ж праўду кажа: павёз у Мінск дровы, грошай зарабіць. Не чапай бабу. Не ганьбі свой царскі мундзір.
Ротны. Дурань! Я выконваю загад свайго гасудара. Пахаваліся, сволачы і крамольнікі! А з-за вугла будуць расстрэльваць царскіх слуг. Пачакайце, наш генерал Мураўёў цырымоніцца з вамі не будзе. Гэта вам не Назімаў, усіх перавешае, сукіных сыноў. (Да афіцэра.) Выдзеліць атрад на разведку, агледзець мясцовасць і, калі што падазронае заўважыце, зараз данесці! Кожнага злоўленага са зброяй без суда і следства на месцы расстрэльваць! Ступайце!
Афіцэр. Слухаю! (Да салдат.) За мной! (Выходзіць.)
Ротны. А вы ўсе з кожнай хаты даставіце харчаванне: па 10 фунтаў хлеба, па 10 штук яек, па крынцы малака, па адной курыцы, — усё гэта здаць каптэнармусу. Маставы! Распарадзіся, а там і на начлег. Марш!
Маставы. Слухаю, ваша высокаблагароддзе! Бабы, чулі загад? Ну і выконвай хутка, па-ваеннаму, у два шчота. Марш!
Маставы і бабы выходзяць.
Лявон (у акно). Гэй, старая, прынясі свежай саломы для пана афіцэра, зараз будзе адпачываць.
Старая пайшла па салому ў клець і назад.
Ротны. Што ты, стары, стараешся мяне спаць улажыць?
Лявон. Ды не, панок, як хочаш, я толькі думаў — змарыўся з дарогі, родненькі.
Ротны. Наша служба такая: 24 гадзіны на нагах прастаю, калі трэба. А ўсё ж скажы, стары, дзе ўсе мужыкі?
Лявон. Ды хто паехаў у Мінск, а каго, праўду казаць, і паны сілком у найміты ўзялі ў Варшаву, а хто са страху і сам уцёк.
Ротны. З якога страху?
Лявон. Ды што паны забіралі. Ну, па гарадах і працуюць. А каб супроць цара ісці, як кажа пан, — ні-ні, у нас такіх няма.
Выходзіць старая.
Старая. Чабарку я зварыла і пасцельку прыгатавала.
Лявон. Калі ласка.
Ротны. Эх, ноч якая!.. Люблю прыроду! (Ідзе дэкламуючы.) "В песчаных степях Аравийской земли три гордые пальмы высоко росли".
Чуваць спевы салдат. Уваходзіць Матруна.
Матруна. Ці ведаюць нашы родныя, што па іх жандар прыйшоў? Ах, складуць яны свае галовачкі непакорныя за праўду мужыцкую, за волечку нашу. І чаму гэта няма на свеце праўды для нас? Божачка, ты ўсё бачыш. Чаму не адхіліў бяды ад нас? Няўжо ж толькі мы, мужыкі, такія грэшныя, што заслугоўваем тваю кару? Божа, даруй мне маё сумненне!
Ротны ідзе.
Ротны (убачыўшы яе). А-а! Што, маладзіца, грахі замальваеш? Такая грэшная?
Матруна. Усе мы, людзі, грэшныя, пан афіцэр.
Ротны. А якія ж грахі?.. А?.. Ну, кажы! Муж, гаворыш, у Мінску, а без мужа сумна, а? Сама маладая, не грэх і саграшыць. (Падыходзіць.)
Матруна. Пане афіцэр... Мне няма калі...
Ротны. Пачакай. Спытаць хачу цябе... (Хапае яе.)
Матруна. Пане, што робіце?.. Пусціце!..
Ротны. Маўчы, дурніца!
Барацьба. Яна крычыць. Прыбягае Маставы.
Маставы. Ваша высокаблагароддзе!.. Ой, выбачайце!
Ротны. Чаго табе?
Матруна ўцякае за плот і падслухоўвае.
Маставы. Потым далажу. (Хоча ісці.)
Ротны. Стой! Дурань! Гавары!
Маставы. Наш патруль схапіў на дарозе каля лесу чалавека, вядуць сюды.
Ротны. Да мяне даставіць на допыт!
Маставы. Слухаю!.. (Выходзіць.)
Матруна. Ці не майго злавілі?..
Ротны. Дзікая якая... Гм... крычыць... Другая была б шчаслівая, што афіцэр... а яна... дурніца... гм... Каго злавілі? Гм... напэўна, сволач папалася, а за ім усіх пераловім і перавешаем.
Галасы. Ідзі, ідзі.
Уваходзіць Маставы, а за ім усе паступова ўваходзяць і пазіраюць.
Маставы. Ваша высокаблагароддзе! Вядуць!
1-ы салдат. Ну, ну, хадзі! Ваша высокаблагароддзе, па дарозе каля лесу прыкмечаны быў чалавек, зброі ў наяўнасці не аказалася, а таму мы яго не прыстрэлілі, а прывялі да вашага высокаблагароддзя. Сюды арыштаванага!
Уводзяць Каліноўскага.
Усе бабы. Ай, ды гэта ж ён!
Лявон. Прапаў, родненькі!
Каліноўскі. Пане капітане! Відавочна, гэта непаразуменне.
Ротны. Маўчаць! Калі на асіне будзеш боўтацца, убачыш, якое непаразуменне. Імя, прозвішча!
Каліноўскі. Сцяпан Пакроўскі.
Ротны. Католік?
Каліноўскі. Праваслаўны.
Ротны. Праваслаўны і бунтаваць! На дарозе, каля лесу, што рабіў? Шпіёніў?
Каліноўскі. Памыляецеся, пане капітане, — ехаў з Мінска ў Ігумен.
Ротны. Ехаў? А конь яго дзе?
1-ы салдат. Яны ілгуць, ваша высокаблагароддзе. Ніякіх коней у наяўнасці пры іх не было. Ішоў пяхтурай, а ўбачыў нас — схаваўся ў кусты.
Ротны. Так... так... не складна ілжэш.
Каліноўскі. Каня майго паўстанцы ўзялі разам з фурманкай, ледзь сам выратаваўся.
Ротны. А навошта ў кусты ад іх хаваўся?
Каліноўскі. Баяўся... Думаў, паўстанцы ідуць. А яны расійскіх духоўных асоб у палон бяруць, як вайсковых.
Ротны. А табе чаго ж баяцца?
Каліноўскі. Я — дыякан з Ігумена.
Ротны. А чым дасведчыце, дакументы ёсць?
Каліноўскі. Згубіў, але вопратка мая гаворыць за мяне. (Скідае світку, пад якой падабраны падраснік.)
Ротны. Дык што ж вы, ідыёты, айца дыякана за паўстанца прынялі?
1-ы салдат. Выбачайце, ваша высокаблагароддзе. Хто ж іх разбярэ, калі мы не бачылі расы на іх.
Каліноўскі. Яны не вінаваты... У гэты трывожны час у дарозе мы хаваем свой сан.
Ротны. Выбачайце, калі ласка, айцец дыякан. Сапраўды, час небяспечны. А вы ў другі раз будзьце асцярожней. Вы гэткім чынам і мітрапаліта можаце за паўстанца палічыць... Вы, айцец дыякан, пераначуеце тут, а заўтра мы дадзім коней, канвой і адвядзем вас да месца.
Каліноўскі. Дзякую, капітане.
Ротны. Можа, што чулі пра паўстанцаў? У нас загад злавіць іх галоўнага, як яго... Каліноўскага.
Каліноўскі. Чуў. Але толькі ён там, каля Вільні.
Ротны. Пойдзем у хату, там адпачнеце ад перажытых хваляванняў і раскажаце ўсё...
Уваходзіць Сяргей.
Сяргей. Гаспадзін капітан! Калодзежы абследаваны... усё абстаіць добра.
Ротны. А ў нас не зусім добра. Вось, паўстанца злавілі. Бачыце? (Паказвае на Каліноўскага. Доктар абярнуўся, ледзь не абамлеў. Ён пазнаў Каліноўскага. Ротны задаволены сваім жартам.) Ха-ха-ха... Айца дыякана за паўстанца палічылі... Ха-ха-ха... Знаёмцеся! Наш палкавы доктар... (Каліноўскі падыходзіць, дае руку, доктар моцна цісне руку, гатовы абняцца з ім.) А вы ідзіце і не рабіце глупства. Што, айцец дыякан, не чакалі гэткага афронту? Ха-ха-ха...
Салдаты выходзяць.
Каліноўскі. Не чакаў...
Ротны. Ха-ха-ха... Яшчэ Шэкспір ці Напалеон сказаў: "Ад вялікага да смешнага адзін шаг". Айца дыякана злавілі... Ха-ха-ха... Пойдзем у мой паходны палац. (Выходзяць.)
Лявон. Што, ашукаліся, малойчыкі?
1-ы салдат. Ды хто ж яго ведае. (Адыходзіць.)
Матруна. Дзядулька, дык гэта ж Каліноўскі і ёсць.
Лявон. Цсс, дурніца!
1-я дзяўчына (ціха). І дзе ён вопратку папоўскую ўзяў?
Лявон. Значыцца, узяў, не твая справа.
1-я дзяўчына. Я б на яго месцы ўцякла, а ён у хату пайшоў.
Лявон. Яму відней.
2-я дзяўчына. А-ёй, які адважны!
Лявон. За нас стаіць, за мужыкоў да д'ябла на рогі палезе.
Матруна. І гэты індык на мяне наляцеў...
1-я дзяўчына. Я казала, дзяўчаткі, трэба далей хавацца ад граху. А ну, схопіць і цябе, што ты будзеш рабіць?
2-я дзяўчына. Няхай паспрабуе. Калі мяне схопіць — на ўсё жыццё акалечу, трасца яго матары.
Уваходзяць 1-ы і 2-і салдаты і Маставы.
1-ы салдат. Вось яны, як перапёлачкі на полі.
2-і салдат. А мы, як паляўнічыя; ану, пад зарад бяры па адной кожны! Айда!
2-я дзяўчына. Ну, ну, не вельмі "бяры".
Маставы. Кінь, браткі, напорам браць. Гэта ж не нашы праваслаўныя бабы; яны ж беларасійкі, іх трэба абыходам абыходзіць, з кумпліментамі. Пшэпрашам, калі ласка, паненка, са мной прайсціся. Так, ці што?
Матруна. Весела табе, мілы, а нам не да гэтага.
Маставы. Вось мы і бачым. Мы да вас у госці, а вы вароты на запор.
1-я дзяўчына. Не кожнаму госцю рады бываеш, калі знянацку прыходзіць.
Маставы. Гэта правільна! А толькі, барышня, не сярдуйце на нас. Справа салдацкая, прыгналі — вось і прыйшлі.
Лявон. Спалохаліся яны пана афіцэра, не прывычны да вайсковага начальства.
Маставы. Н-да! Да начальства цяжка прывыкаць. Вось ён (паказвае на 1-га салдата) дагэтуль не можа...
1-ы салдат. Прывыкаў бык да ярма, ды і здох. А я жыццё люблю.
Лявон. А ты жартаўнік, служывы.
1-ы салдат. А без жартаў салдата туга згрызе. Вось ты, дзядуля, у царскай службе быў?
Лявон. Дваццаць пяць гадоў адслужыў.
1-ы салдат. Ну і як? Паролі, нябось?
Лявон. Усё было, сынок.
1-ы салдат. Сумна было?
Лявон. Не весела.
1-ы салдат. Тое ж! А ты б песні спяваў. Лягчэй было б. Ану, Сцяпан, нашу маскоўскую, каб ім весялей было.
2-і салдат іграе на гармоні рускую.
Маставы. Ну, паненкі, хто са мной у пару?
Скачуць рускую 1-ы салдат і ардынарац.
Ротны (у акне). Гэта што такое? Смірна! (Танцы спыняюцца.) Танцклас пад акном зрабілі! Не знайшлі іншага месца! Прэч адсюль! Па хатах! Спаць! Марш! Сволачы! (Схаваўся.)
1-ы салдат. Чорт бяры, я і забыўся, што тут ротны кватаруе.
Маставы. Канфуз атрымаўся перад барышнямі. (Выходзіць.)
1-ы салдат, Эх, жыццё салдацкае. (Громка спявае.)
Здалі хлопца у салдаты...
2-і салдат. Ціха! Іх благароддзе.
1-ы салдат (дапяваючы ціха, выходзіць).
Ўся заплакала сям'я. Ах, матуля, ах, Настуля, Не убачыце мяне.
(Ціха далей спявае песню і змаўкае.)
1-я дзяўчына (асцярожна выходзіць з-за дрэва). Бачыла? І ў іх жыццё не вясёлае.
2-я дзяўчына. Вядома. Служба цару, што і пану. Не па сваёй, бач, ахвоце іх сюды прыгналі. (Выходзіць асцярожна.)
З'яўляецца хлопец, азіраючыся падыходзіць да хаты.
Хлопец. Дзядуля, дзядуля, выходзь сюды.
Лявон выходзіць.
Лявон. Ціха! Чаго табе?
Хлопец. Мы коней на балоце хаваем, глядзім, твой сын, дзядзька Янка, паўзком з лесу крадзецца. Хоча да Матруны, ды жандараў баіцца. Я кажу: "Ідзі", а ён: "Як зязюля пракукуе чатыры разы, тады прыйду".
Лявон. Так, так... Нікому не кажы. Ідзі. (Хлопец выбягае. Лявон падыходзіць да клеці.) Матруна!
Матруна (выходзячы). Чаго табе?
Лявон. Твой з лесу на балота прыйшоў, да цябе хоча...
Матруна. Ай, божачка! Яго ж зловяць! Што рабіць? І пабачыцца хочацца і боязна. (Ідзе за плот, за ёю Лявон.)
На парозе Каліноўскі, ротны і Сяргей.
Каліноўскі. Дзякуй, капітан. Я ў суседа пераначую, не буду вам перашкаджаць.
Ротны. Добрай ночы. (Уваходзіць у хату.)
Сяргей. Я праводжу вас... (Агледзеўся і ціха да Кастуся.) Кастусь!
Каліноўскі. Сярожа!.. (Моцна абняліся.) Вось дзе давялося...
Сяргей. Табе паведамілі пра мяне?
Каліноўскі. З аддзела конны прывёз запіску ад настаўніка. Кажы, як у Пецярбургу?
Сяргей. Трывожна... Арышты...
Каліноўскі. Як наш камітэт?
Сяргей. Працуе... а як твае справы?
Каліноўскі. Паны шкодзяць... Са зброяй дрэнна... Сёння мяркую, як палягуць вашы, пазычыць у вас...
Сяргей. Сілы хопіць? Тут амаль рота...
Каліноўскі. Аб гэтым не турбуйся. Увесь мой аддзел у бярэзніку чакае сігналу... (Чуваць грукат фурманкі.) Ціха, нехта едзе... (Хутка выходзіць.)
Голас салдат. Тпрууу... Прыехалі... Куды, пан? Чакай, сам дастаўлю.
Голас пані. Пакіньце яго! Ён да афіцэра...
Уваходзяць два салдаты, з імі пан і пані з клункамі ў руках і за плячыма.
Пан. Пакіньце мяне... я да пана афіцэра!
Пані. Гэта не далікатна!
1-ы салдат. Мадамачка, не бунтуйце... Без вас абыдзецца. (Салдату.) Паглядай за імі, а я да іх высакароддзя...
Уваходзіць ротны.
Ротны. Што тут здарылася?
1-ы салдат. Ваша высакароддзе! Мы затрымалі на шляху гэтых паноў... Яны ехалі на фурманцы...
Пані. Мы ехалі да вас, пан афіцэр...
Пан. Дазвольце прадставіцца...
Ротны. Ціха, панове! Далей...
1-ы салдат. Яны ехалі на фурманцы, з клункамі...
Пані. Гэта нашы рэчы фамільныя...
Ротны. Мадам, дазвольце, нарэшце, выслухаць рапарт. Гавары!
1-ы салдат. На маё запытанне — хто такія — адказалі: тутэйшыя памешчыкі, а пацвердзіць дакументамі не змаглі, бо гэткіх у наяўнасці не было.
Пан. Дазвольце, пан афіцэр. Мы беглі...
Пані. Ад смерці ратаваліся...
Ротны. Ад якой смерці? Не разумею...
Пан. Дазвольце прадставіцца: памешчык Сігізмунд Бындлеўскі... Мая жонка Стэфанія Бындлеўская.
Ротны. Вельмі прыемна... капітан барон фон Штальберг. Што здарылася?
Пані. Ах, я так усхвалявана... так змучылася...
Пан. Уявіце сабе: бандыты з аддзела Каліноўскага напалі на мой маёнтак. Усё збожжа забралі... Ушчэнт абрабавалі...
Пані (перабівае). Хацелі забіць! Я смерць бачыла перад вачыма... Ратуйце!
Пан. Мы ледзь уцяклі! Я ведаю, дзе хаваюцца гэтыя зладзеі...
Ротны. Далёка адсюль?
Пан. Вёрст дваццаць пяць...
Ротны. Атрад вялікі?
Пан. Чалавек пяцьдзесят...
Пані. Больш! Цэлы полк! Ах, які жах!
Ротны. Мадам, спакайней... (Салдату.) Паклікаць паручыка!
1-ы салдат. Слухаю, ваша высакароддзе! (Пабег.)
Ротны (убачыў Сяргея). Чулі, доктар? Каліноўскі ў дваццаці пяці вёрстах, а дыякан гаварыў: "Усё спакойна, Каліноўскі пад Вільняй".
Пані. Ён усюды, пан афіцэр...
Пан. Дзякаваць пану богу, што вы прыйшлі...
Ротны. Супакойцеся, заўтра ўсіх пераловім...
Пан. Пан афіцэр, а, можа, зараз?.. Я пакажу вам, дзе хаваюцца злачынцы...
Ротны. Пан Бындлеўскі, тут камандую я, а не вы... Зразумелі?
Пан. Зразумеў, выбачайце.
Уваходзяць паручык Шліхтэр і 1-ы салдат.
Шліхтэр. Гаспадзін капітан, па вашаму загаду з'явіўся!
Ротны. Паручык, вольныя хаты ёсць?
Шліхтэр. Ніяк не! Усе занятыя...
Ротны. Гм... Тады вы, панове, пераначуеце ў мяне. Як-небудзь размесцімся... А заўтра з усходам сонца на аблаву за мядзведзем, і вы з намі, пакажаце яго логава... Паручык! Праверыць пасты і на адпачынак!.. Заўтра ў паход! Ідзіце! (Афіцэр выходзіць.) Прашу... заходзьце ў хату, панове...
Пан. Вам будзе цесна...
Ротны. Нічога, я з афіцэрамі размяшчуся па-вайсковаму, на сене...
Пані. Гэта немагчыма, пан афіцэр...
Ротны. Нічога, мадам! Я люблю арамат прыроды. Калі ласка, уваходзьце. (Салдату.) Нясі рэчы! Доктар будзе кавалерам.
Паны і Сяргей выходзяць. Салдат нясе рэчы.
Стары? Дзе ты? Ці памёр?
Уваходзіць Лявон, спалоханы.
Лявон. Я тут, паночку...
Ротны. Дзе ў цябе сена ляжыць? Пахучае...
Лявон. Ды вось там і тут... (Паказвае на верх хаты.) У сенцах ёсць сходы на гару.
Ротны. Так. (Аглядае.) А ты чуў, стары, бандыт Каліноўскі ў дваццаці пяці вёрстах, а ты: "У Вільні"?..
Лявон. Хто ж яго ведае... я далей нашай вёскі не хаджу...
Ротны. Дрэнны ты стратэг! (Увайшоў у хату.)
Сяргей выходзіць з хаты, зачыняе дзверы, аглядае двор і ціха пытаецца ў Лявона.
Сяргей. Дзе гэты дыякан?
Лявон. Ды хто яго ведае.
Сяргей (аглядаючыся). Не бойся, дзядуля, я свой...
Чуваць галасы.
Лявон. Ціха!
Сяргей адыходзіць, увайшлі Шліхтэр і другія афіцэры
Шліхтэр. З усходам сонца выступаем у паход.
Афіцэр. Надакучылі гэтыя паходы... (Убачыў Лявона.) Што, стары, не спіцца ў хаце?
Лявон. Каб не перашкаджаць панам... Кашляю ўначы...
Шліхтэр. Лячыцца трэба... (Увайшлі ў хату.)
За плотам Кастусь убачыў Сяргея.
Каліноўскі. Сяргей, ты тут?
Лявон у жаху робіць яму знакі, каб ён схаваўся.
Каліноўскі. Не бойся, гэта свой...
Сяргей. Паны прыбеглі, у хаце там...
Каліноўскі. Ведаю. (Аглядае хату.)
Сяргей. Што думаеш рабіць?
Каліноўскі. Зараз... Лявон, прыгатуй салому...
Лявон. Ты што надумаў?
Каліноўскі. Не шкадуй хаты, Лявон, новую збудуем. Так трэба. Салому пакінь каля клеці і выходзьце ўсе за вёску. (Сяргею.) Я атрад прывяду. Ты будзь на ўзгорку, на варце... Пайшлі!.. Лявон, не затрымлівайся... (Выйшлі.)
Лявон (у клець). Матруна, збірайся хутчэй.
Матруна. Божухна, што ж гэта будзе? (Кукуе зязюля.) Два, тры, чатыры. Гэта мой Янка прыйшоў...
Уваходзіць дзяўчына, азіраючыся.
1-я дзяўчына (шэпча). У нас усе паляглі... а храпуць, як...
2-я дзяўчына. У нас таксама. Пайду, змяню мамку на балоце...
1-я дзяўчына. Я таксама. Карову каб не схапіў... (Выйшлі.)
Лявон (заглядае ў акенца). Улягліся паночкі, сучыя дзеці. (Аглядае хату, жагнаецца.) Пойдзем, Матрунка, да старой.
Матруна. Дзядулька, зязюля чатыры разы кукавала. Янка прыйшоў... Дык як жа? Размінемся...
Лявон. Ціха... нехта тут... (Хаваюцца за клець.)
Здалёк чалавек за плотам прыгнуўся, асцярожна ідзе да хаты, прыслухоўваецца... Гэта Каліноўскі. Ён падышоў да хаты, хоча адчыніць.
Каліноўскі. Зачынена... (Падпірае кіем дзверы. Ціха пракукаваў, яму адказалі: Ку-ку! Ку-ку!)
Уваходзіць Ян. Каліноўскі да яго.
Каліноўскі. Навокал усё спіць, час пачынаць.
Ян. Нашы ужо ў засадах, каля кожнай хаты, па стрэлу ўсіх захопім.
Каліноўскі. Добра! (Ціха стукае ў клець.)
Адтуль выходзяць Матруна і Лявон, Матруна ўбачыла Янку.
Матруна. Родненькі мой!
Каліноўскі. Ціха, потым намілуецеся. Пяць чалавек давай сюды, папярэдзь Домба, зараз пачнем, а вы ідзіце далей адгэтуль.
Усе выходзяць. Крадзецца 5 чалавек са стрэльбамі і косамі.
Каліноўскі. Два да хаты, тры ля крыжа. Рыхтуйцеся!
Усе схаваліся, Каліноўскі падпальвае. Гарыць хата, крык, акно разбіваецца, праз яго лезе афіцэр.
Афіцэр. Бі трывогу!
Стрэл. Афіцэр падае; дзверы выламваюцца, на парозе ротны; стрэл — ён падае. Затрашчаў барабан, стрэлы, пажар разгараецца. Заслона
ДЗЕЯ III
[правіць]Кабінет. Прыёмная Мураўёва. На сцэне Дамейка, жандарскі генерал Высоцкі, біскуп Красінскі, ад'ютант.
Красінскі. Нас хутка прыме генерал?
Ад’ютант. Генералу я далажыў аб вас.
Уваходзіць Лосеў.
Лосеў. Добры дзень, паручык!
Ад’ютант. Добры дзень, гаспадзін палкоўнік!
Лосеў. Выкліканыя генералам з'явіліся?
Ад’ютант. Так точна, гаспадзін палкоўнік! (Дае спіс.)
Лосеў (чытае). Маршалак шляхецтва Дамейка...
Дамейка. Маю гонар прадставіцца, гаспадзін палкоўнік!
Лосеў. Вельмі прыемна. (Заглядвае ў спіс.) Красінскі!
Красінскі. Біскуп Іосіф Красінскі.
Лосеў. Э... так... так...
Красінскі. Гэта я.
Лосеў. Бачу. Жандарскі генерал Высоцкі.
Высоцкі. Дазвольце прадставіцца, гаспадзін палкоўнік, — генерал Высоцкі.
Лосеў. Вельмі прыемна, ваша правасхадзіцельства, — палкоўнік Лосеў. Гаспада, вы выкліканы генералам Мураўёвым. Яго высокаправасхадзіцельства зараз прыме. Сядайце, ваша правасхадзіцельства, калі ласка! (Падае стул.) Паручык! У вас загад аб ваенным палажэнні надрукаваны?
Ад’ютант. Так точна, гаспадзін палкоўнік!
Лосеў. І апублікаваны?
Ад’ютант. Так точна, гаспадзін палкоўнік! (Выходзіць.)
Лосеў. Колькі, ведаеце, клопату з гэтымі паўстанцамі... Ночы не спім...
Высоцкі. Якія паўстанцы, палкоўнік? Перавялічана! Я ж у курсе справы і, як жандару, мне ўсё вядома.
Уваходзіць ад'ютант.
Ад’ютант. Яго высокаправасхадзіцельства генерал-губернатар!
Уваходзіць Мураўёў, апіраючыся на кіёк.
Лосеў. Ваша высокаправасхадзіцельства, выкліканыя на дванаццаць гадзін з'явіліся.
Мураўёў. Вось гэтыя? (Паказвае кіем.)
Лосеў. Так точна, ваша высокаправасхадзіцельства!
Мураўёў (падыходзіць і аглядае кожнага). Маё прозвішча Мураўеў! Спадзяюся, запомніце? Му-раў-еў! Перад ад'ездам у ваш крамольны край наш гасудар мне сказаў: "Мураўёў, крамольнікі пагражаюць нашаму прастолу! Усміры іх!" І я ўсміру! Ад самай Вільні да Пецярбурга панастаўлю шыбеніц, але ўсміру! Усё знішчу агнём і вяроўкай, але ўсміру! Палкоўнік, загад мой надрукаваны?
Лосеў. Так точна, ваша высокаправасхадзіцельства. (Дае загад.)
Мураўёў. Вось, прачытайце! (Лосеў перадае загад кожнаму.) Завучыце гэта на памяць і кожнае слова растлумачце ўсім сваім падначаленым.
Красінскі. Выбачайце, генерал, але гэта ваенна-паліцэйскі загад і датычыцца асоб адміністрацыйных. Я ж асоба духоўная і тлумачэнне вашых распараджэнняў не ўваходзіць у круг маіх абавязкаў...
Мураўёў. А гаварыць усенародна антыдзяржаўныя пропаведзі — ваш абавязак? Мне ўсё вядома, ваша экселенцыя! Падначальныя вам ксяндзы — Ішора і Земацкі — сталі на чале паўстанцкіх банд з вашага благаславення! Тут вы пакорлівы пастыр, з крыжам на грудзях заклікаеце да пакоры, а там са зброяй у руках прапаведваеце смерць прастолу! Генерал, колькі лічылася ў вас у Вільні і паветах народанасельніцтва?
Высоцкі. Да двухсот тысяч чалавек.
Мураўёў. А колькі цяпер лічыцца?
Высоцкі. Дакладна не магу сказаць.
Мураўёў. Прыбавілася ці ўбавілася?
Высоцкі. Убавілася.
Мураўёў. А чаму?
Высоцкі. Не магу знаць.
Мураўёў. А я знаю! Ідуць у лясы, у банды мяцежнікаў! Палкоўнік! Выдайце загад усім домаўласнікам, гаспадарам гасцініц, тракціраў, заезджых дамоў, настаяцелям касцёлаў і манастыроў, што за кожнага выбыўшага без дазволу ўлады яны адказваюць штрафам ад двухсот рублёў да ста! У выпадку паўтарэння — удвая, з адданнем ваенна-палявому суду! Маршалак дваранства, гаспадзін Дамейка! Колькі ў вас выбыла дваран з вашай акругі?
Дамейка. Цяжка сказаць, але яны выбылі ў свае маёнткі.
Мураўёў. У банды лясныя, а не ў маёнткі! Вы маршалак не дваранства, а здраднікаў царскаму прастолу. (Высоцкаму.) А вы хоць і жандар, а не бачыце, што ў вас пад носам робіцца: вакол паўстанцкае полымя разгараецца, а вы гуляеце з імі ў "свае козыры"!
Высоцкі. Выбачайце, ваша высокаправасхадзіцельства, але полымя я не бачу; была іскра, запаленая раскольнікамі супроць дваран, памешчыкаў, — і толькі, а ў Пецярбургу раздулі ў полымя.
Мураўёў. А што ў вёсцы спалілі і перабілі нашых афіцэраў — гэта што — не полымя? Гэта іскра? Так? Вам вядомы верхавод банды — Каліноўскі?
Высоцкі. Ваша высокаправасхадзіцельства не асвядомлены. Каліноўскі — гэта бандыт, крымінальны тып, а не палітычны.
Мураўёў. Добра вы асвядомлены! Будзе вам вядома — Каліноўскі кіраўнік Чырвонага нарадовага жонду! Гэта небяспечней нашых крамольнікаў Герцэна і Бакуніна!
Высоцкі. Запэўняю, ваша высокаправасхадзіцельства, Каліноўскі — гэта простае непаразуменне.
Мураўёў. Запэўняю, ваша правасхадзіцельства, што Каліноўскі гэта Каліноўскі! А вось вы, сапраўды, не жандар, а простае непаразуменне! Я адмаўляюся з вамі працаваць, Вы вольны ад абавязкаў! Бывайце!
Высоцкі выходзіць.
Мураўёў (да Дамейкі). А вас папрашу запомніць: мне вядома, што ў губерні адкрылася павальная хвароба — запаленне дваранскага мозгу. Спадзяюся, што ў губернскім горадзе больш маецца сродкаў для вылячэння, чым у вёсках. А таму загадваю нікога не выпускаць з горада да сканчэння гэтай хваробы. Перадайце гэта вашым дваранам! Бывайце! (Дамейка, пакланіўшыся, выходзіць.) (Да Красінскага.) А ад вас, біскуп, я патрабую зараз напісаць настаўленне народу і чытаць па ўсіх касцёлах.
Красінскі. Дазвольце падаць вам. (Падае паперу.)
Мураўёў. Што гэта? (Чытае.) Гм... Жадаеце адпачынак атрымаць? У Ліфляндыю? Чаго ж гэта так... раптам?..
Красінскі. Я хворы, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Гм... Так, так!..Добра! Атрымаеце водпуск. Заўтра прыходзьце за пропускам на ад'езд. Шчаслівай дарогі!
Красінскі, пакланіўшыся, выйшаў.
Мураўёў. Палкоўнік! Неадкладна прызначыць жандарскага афіцэра сакрэтна суправаджаць біскупа да Дзінабурга. У Дзінабургу, не выпускаючы з вагона, арыштаваць і выслаць у Вятку пад нагляд паліцыі. Усё гэта зрабіць ціха, не ўзбуджаючы натоўпу фанатыкаў.
Лосеў. Слухаю, ваша высокаправасхадзіцельства!
Мураўёў. Замест ліфляндскага няхай падыхае нашым паветрам, а мо' паправіцца. Хе-хе-хе...
Лосеў. Надзвычайна дасціпна прыдумана. Хе-хе-хе... Вось яшчэ паступілі просьбы арыштаваных ксяндзоў Ішоры і Земацкага.
Мураўёў. А вось гэтых павесіць! Іх і нашае паветра не вылечыць.
Лосеў, Так! Гэта безнадзейныя бунтары.
Мураўёў. Палкоўнік! Я хачу даручыць вам справу — злавіць галоўнага бунтара Каліноўскага, і калі ён будзе злоўлены, паўстанне можна будзе лічыць ліквідаваным. Серакоўскі ўжо ў нашых руках і лічыцца кандыдатам на шыбеніцу, застаецца толькі Каліноўскі. Бярыцеся за гэтую справу і пастарайцеся злавіць. Узнагарода за мной!
Лосеў. Пастараюся, ваша высокаправасхадзіцельства.
Чуваць барабанны бой бліжэй і бліжэй. Голас: "Рота, стой!"
Мураўёў. Што гэта? (Падыходзіць да акна.) А-а-а... Грошы з Пецярбурга прывезлі. Слава богу! А я, прызнацца, непакоіўся, ці давязуць. (Жагнаецца.)
Лосеў. Данясенне было, што рыхтуецца замах на грабеж.
Уваходзіць ад'ютант.
Ад’ютант. Ваша высокаправасхадзіцельства, аказія з Пецярбурга прыбыла.
Мураўёў. Сюды!
Уваходзяць афіцэр з баулам і два салдаты.
Афіцэр. Маю гонар далажыць вашаму высокаправасхадзіцельству, што грошы з Пецярбургскага казначэйства прыбылі!
Мураўёў. Дзень добры, паручык.
Афіцэр. Добры дзень, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Давезлі? Малайцы, рабяты.
Салдаты. Рады старацца, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Палкоўнік, праверце пячаткі і ў шафу. (Кладуць у шафу і даюць распіску.) Удачліва было ў дарозе?
Афіцэр. Не зусім. Не даязджаючы да Вільні, паўстанцы ў ліку ста чалавек хацелі адбіць, — не ўдалося.
Мураўёў. Страты з вашага боку ёсць?
Афіцэр. Тры чалавекі паранены.
Мураўёў. Можаце ісці.
Афіцэр. Шчасліва заставацца, ваша высокаправасхадзіцельства!
Мураўёў. Абрабаваць хацелі нас, а?! Рукі кароткія! Якія ёсць яшчэ данясенні?
Лосеў. Ад камандзіра пятай роты Капорскага палка рапарт: дзве банды пад Мінскам разбіты, узяты палонныя. Сярод іх ксёндз.
Мураўёў. Зноў ксёндз! Што за чорт! Замест таго, каб богу маліцца — яны ваююць!
Лосеў. Фанатыкі.
Мураўёў. Мярзотнікі, а не фанатыкі! Але я прымушу іх маліцца нашаму богу аб ніспасланні перамогі царскаму прастолу.
Лосеў. Гэта арыгінальна.
Мураўёў. Далей!
Лосеў. Па данясенню камандзіра чацвёртай роты Прэабражэнскага палка, на ігуменскім тракце разбіта банда з мясцовых сялян пад кіраўніцтвам Каліноўскага.
Мураўёў. Усюды гэты Каліноўскі!
Лосеў. Узята ў палон пяцьдзесят чалавек, пры іх знойдзены пракламацыі.
Мураўёў. Вось гэты вораг небяспечней ксяндзоў. Абяцае, канешне, зямлю, волю, равенства і іншыя глупствы. Я падазраю, што ён мае сувязь з нашым крамольнікам Герцэнам. Злавіць бы яго... Як відаць, яго штаб у Мінску. Бярыцеся, палкоўнік, за справу. Абяцайце ўзнагароду мясцовай шляхце, выгадныя пасады. Гэтыя паны ідуць на ласую прыманку. Ідэі іх нам вядомы: зберагчы свае маёнткі ды атрымаць цёпленькія пасады, а там за цара ці супроць — усё роўна, "абы грошы", як гавораць беларусы. Вось Чырвоны жонд — гэта больш складана! Тут не падкупіш! Дык вось, бярыце сакрэтную камандзіроўку і — з богам! Злавіце Каліноўскага, тады і па дамах, у Піцер можна.
Уваходзіць ад'ютант.
Мураўёў. Што скажаце, паручык?
Ад’ютант. Прасіцелі чакаюць. Прыём назначаны ў палове першай.
Мураўёў. Так! Ужо гадзіна... Прасіце!
Ад'ютант выходзіць.
Вы заставайцеся, палкоўнік.
Уваходзіць Земацкая.
Земацкая. Добры дзень, яснавяльможны пан генерал!
Мураўёў. Чым магу служыць?
Земацкая. О! Пан генерал не такі строгі, як кажуць, у генерала добрыя вочы.
Мураўёў. У чым справа, мадам?
Земацкая. Пане генерале, прыйшла да вас шукаць уцехі. Толькі пан генерал можа ўратаваць; у панскіх руках жыццё чалавека. Я — сястра ксяндза Земацкага. Ён у турме. Даю слова гонару ў яго невіноўнасці. Сілай змусілі яго ісці да аддзела. Быў ён там ойцам духоўным і толькі.
Мураўёў. Чаго ж вы жадаеце?
Земацкая. Непакоюся за яго. Я...
Мураўёў. Палкоўнік! Справу ксяндза Земацкага.
Палкоўнік дае паперы, Мураўёў чытае.
Земацкая. Прашу. Дзеля мяне, дзеля справядлівасці... О, мой брат будзе вечна маліцца да маткі боскай Чэнстахоўскай аб насланні здароўя для пана генерала.
Мураўёў. Добра! Вашу просьбу выканаю, аблягчу яго пакуты.
Земацкая. Прашу. Яго паданне аб памілаванні. Прашу аб справядлівай рэзалюцыі. (Дае заяву.)
Мураўёў. Гатоў! (Піша.) Павесіць!
Земацкая. Што?
Мураўёў. Адправім яго бліжэй да Чэнстахоўскай маткі боскай маліцца за маё здароўе.
Земацкая. Ах! (Падае ў непрытомнасці.)
Мураўёў. Чорт ведае, што такое. Гэтых баб трэба прымаць у лазарэце. (Звоніць. Уваходзіць ад'ютант.) Вынесіце яе, паручык! Падумаюць, што інквізіцыя тут. Палкоўнік, зараз жа камандзіраваць агента і ўзяць пад нагляд гэтую пані.
Лосеў. Слухаю. (Выходзіць.)
Мураўёў. Нахабства! Памілаваць! Толькі паркетная сволач можа дайсці да гэткага цынізму...
Лосеў (увайшоўшы). Зроблена. Узята пад нагляд агентам Нікіфаравым...
Мураўёў. Цяпер даведаемся, што за "цаца" такая!..
Уваходзіць ад'ютант.
Мураўёў. Хто там яшчэ з прасіцеляў?
Ад’ютант. Старая жанчына... Просіць прыняць па неадкладнай справе.
Мураўёў. Зноў з просьбай?.. Давайце!..
Ад'ютант выходзіць. Уваходзіць старая жанчына ў чорным адзенні. Яна, нібыта хворая, ідзе хістаючыся. У руках трымае зложаны ліст паперы. Яна падышла да стала і пахіснулася.
Мураўёў. Чым магу служыць?
Жанчына. Дазвольце сесці... Ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Сядайце! Я вас слухаю... Гаварыце...
Жанчына. (ёй цяжка гаварыць). Гора мяне прымусіла турбаваць вас, пан генерал. Пашкадуйце маю сівую галаву... (Заплакала.)
Мураўёў. Супакойцеся, сударыня... (Лосеву.) Вады... (Лосеў дае ваду, яна адпіла крыху.) Я вас слухаю. Якое гора ў вас?
Жанчына. Вось... прыміце... ваша высокаправасхадзіцельства. (Перадала яму ліст.)
Мураўёў (чытае). Та-ак! Вы, значыць, маці свайго мілага сынка? Та-ак!.. А дзе яго айцец?.. Муж Ваш?
Жанчына. Памёр у мінулым годзе.
Мураўёў. Памёр? Добра зрабіў... у пару перабраўся на той свет! Палкоўнік! Памятаеце Прэабражэнскага, гімназіста, які хацеў узарваць каменданцкае ўпраўленне? Дык вось, гэтае бязвусае шчанё пайшло супроць цара і царскіх слуг, а маці, якая выхавала гэтае шчанё... просіць аб памілаванні... Уяўляеце, які цынізм?
Лосеў. Нечуваная дзёрзкасць!
Мураўёў. Вось вам вынікі сучаснага выхавання рускай моладзі ў духу любві і адданасці прастолу! Палкоўнік! Прызначыць на заўтра суд... Прыгавор прывесці ў выкананне адразу пасля рашэння суда... на турэмным двары!.. Публічна! Для навучання іншых бацькоў.
Жанчына (падае на калені). Карайце мяне, старую... але не губіце маладосці... злітуйцеся...
Мураўёў. Устаць! (Палкоўнік падымае яе.) Аб гэтым трэба было думаць раней... калі раджалі на свет... Выходзьце!
Жанчына (хістаючыся ідзе. Спынілася). Дазвольце хоць пабачыць яго перад смерцю...
Мураўёў. Заўтра, калі вешаць будуць... пабачыце!.. Выходзьце!..
Палкоўнік выводзіць старую.
Мураўёў. Паручык! Нікога не прымаць!
Ад’ютант. Там адзін па неадкладнай справе.
Мураўёў. Нікога не прымаю!.. Баба?
Ад’ютант. Ніяк не. Афіцэр!
Мураўёў. Прасіце!
Ад'ютант выходзіць. Уваходзіць Каліноўскі ў форме казачага афіцэра.
Каліноўскі. Маю гонар прадставіцца вашаму высокаправасхадзіцельству. Прызначаны ў атрад ротмістра Стрэмжынскага харунжы Ястрабаў, маю сакрэтны даклад аб ротмістру, на падставе маіх нагляданняў.
Мураўёў. Сядайце, дакладвайце.
Каліноўскі. Як рускі афіцэр і глыбока адданы прастолу не магу не выказаць сваіх падазрэнняў наконт ротмістра Стрэмжынскага. За кароткі час службы я заўважыў, што ротмістр Стрэмжынскі на баку паўстанцаў. Наша сотня нічога не робіць. Вакол паўстанцы, а мы ні разу не выступілі ў паход. Апрача таго, я маю весткі, што ротмістр знаходзіцца ў таемнай перапісцы з Каліноўскім.
Мураўёў. Што? Не можа быць!
Каліноўскі. Так точна, ваша высокаправасхадзіцельства. Яшчэ ўчора недалёка ад нас праходзіла аказія грашовая з Пецярбургскага казначэйства. Паўстанцы з Каліноўскім хацелі адбіць. І наша сотня не толькі не пайшла на дапамогу нашым, але ротмістр распарадзіўся адвесці нас у процілеглы бок.
Мураўёў. Гэта верна?
Каліноўскі. Слова гонару рускага афіцэра, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Магчыма! Калі афіцэр Генеральнага штаба Серакоўскі — галоўны паўстанец, дык магчыма і тут здрада. Ваша прозвішча?
Каліноўскі. Ястрабаў, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Запомню. (Глядзіць на гадзіннік.) Канцылярыя яшчэ працуе. Я зараз зраблю сакрэтнае распараджэнне. Вы пачакайце, а потым запрашаю да сябе на абед. За абедам падрабязна раскажаце.
Ідзе да дзвярэй, за ім Каліноўскі, расчыняе яму дзверы, выходзіць і зараз жа варочаецца. Зачыняе дзверы на ключ. Шпарка падыходзіць да стала, бярэ дакументы, бярэ ключ ад шафы, адчыняе. Узяў з баула грошы, скінуў мундзір, пад ім салдацкая форма. Напісаў запіску. Ідзе і адчыняе дзверы. У гэты час уваходзіць ад'ютант, бачыць пераапранутага Каліноўскага, не пазнае.
Ад’ютант. Што трэба тут?
Каліноўскі. Пакет ва ўласныя рукі яго высокаправасхадзіцельства.
Ад’ютант. Генерал у канцылярыі. Выходзь!
Каліноўскі. Слухаю! (Выходзіць.)
Ад’ютант. Дурань, лезе прама ў кабінет.
Падыходзіць да акна, насвіствае. Уваходзіць Мураўёў.
Мураўёў. Ну, харунжы, калі ласка, абедаць да мяне.
Ад’ютант. Вельмі дзякую, ваша высокаправасхадзіцельства,
Мураўёў. Ах, гэта вы? А дзе ж афіцэр, казак?
Ад’ютант. Не магу знаць, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Пашукайце ў зале.
Ад'ютант выходзіць.
Мураўёў (у добрым настроі. Напявае "Божа, цара храні", падыходзіць да стала, чытае запіску, пакінутую Каліноўскім). Што гэта? "Не ўсякаму афіцэру вер. За грошы беларуская падзяка. Каліноўскі". Што?! (Кідаецца да шафы.) Украў! (У дзверы.) Схапіць! Расстраляць!
Прыбягаюць афіцэры. Лосеў. Што з вамі, ваша высокаправасхадзіцельства?
Мураўёў. Сам Каліноўскі тут быў!
Заслона
ДЗЕЯ IV
[правіць]Карціна першая
[правіць]Невялікі пакой на першым паверсе. На гару сходы. Дзверы і вокны забіты. Ручны друкарскі станок. Убаку пад сходамі камора, дзе спіць Каліноўскі. На стале гарыць лямпа. Старжынская друкуе. Сяргей ёй дапамагае. Вайцэхоўскі за сталом пакуе пракламацыі, Страбейка нешта запісвае.
Сяргей. Колькі друкаваць адозваў?
Вайцэхоўскі. Можаш скарыстаць гэты пак. Заўтра будзе яшчэ кіпа.
Старжынская. Адкуль? На якія сродкі?
Страбейка. Сродкаў хопіць. Мураўёўскія грошы яшчэ не ўсе скарыстаны.
Вайцэхоўскі. І чорт яго ведае, як ён у Мураўёва з-пад носа выцягнуў і грошы, і дакументы...
Сяргей. Уяўляю, які перапалох быў у штабе... Ха-ха-ха...
Старжынская. А доктар, аказваецца, нядрэнны друкар.
Сяргей. Няма доктара. Ён значыцца па палку ў ліку забітых у часе нападу.
Вайцэхоўскі. А душа яго ператварылася ў друкара. (Усе смяюцца.)
Сяргей. Правільна!
Страбейка. А таму ён ужо не доктар Верабей, а друкар Гутэнберг!..
Старжынская. Тысяча гатова! (Перадае Вайцэхоўскаму.) Запакуй для ігуменцаў. А я паклапачуся наконт гарбаты, хутка, мабыць, і Кастусь прачнецца.
Страбейка. Нешта заспаўся...
Старжынская. Раніцой, як прыйшоў, кінуўся ў ложак і, як мярцвяк, дагэтуль спіць.
Вайцэхоўскі. Ён з Домбам аб'язджаў усе аддзелы, штосьці там няладна.
Старжынская (заглядвае ў камору). Небарака... (Уздыхнула.)
Вайцэхоўскі. Ты чамусьці, Старжынская, часта пачала ўздыхаць. На душы нявесела ці занядужала?
Старжынская (гатуе самавар). Занядужала, Адась.
Вайцэхоўскі. А калі глядзіш на цябе, дык ніяк не скажаш, што ты хворая.
Страбейка. А ты ў камору загляні, дык убачыш яе хваробу.
Вайцэхоўскі. А-а-а... Вунь што... Значыць, сардэчная хвароба. Не сумуй. Кастусь таксама хварэе на сэрца.
Старжынская. Не тое, Адась. Думкі непакояць.
Чуваць умоўны стук.
Страбейка. Ціха... стукаюць...
Старжынская пабегла на гару. Зноў стук.
Вайцэхоўскі. Цсс... (Усе прыслухоўваюцца да стуку.) Домб! Яго стук.
З'яўляецца Домб.
Домб. Вечар добры, сябры! Выбачайце, што не парадным ходам. Мураўёўскія гончыя разнюхваюць. Прыйшлося, як лісе, сляды замятаць. Увайшоў у вароты з Шырокай, а там пераляцеў праз плот, прабег цераз садок, нырнуў у падвал і вынырнуў у нашай канспірацыі. У-у... што я бачу! Трапіў да вас на гарбату.
Страбейка. Добра, што не да жандараў.
Домб. Бываў і там калісьці, але не спадабалася. Уцёк. Ну... жарты жартамі, сябры, а вуха трэба трымаць востра.
Вайцэхоўскі. Так... Прыйдзецца адсюль выбірацца ў іншае месца.
Домб. Так, адрасок трэба змяніць.
Старжынская. Дзе быў? Чаму запрапаў? (Гатуе гарбату.)
Домб. І не пытай... Каліноўскі дзе?
Страбейка. Спіць.
Домб. І няхай спіць. Большы вырасце... Ён вам нічога не гаварыў?
Страбейка. Не.
Старжынская. Як прыйшоў, дык і кінуўся ў ложак.
Домб. Я думаю — кінешся, калі такая справа, тыдзень амаль не спаў... Лётаў па ўсіх лясах, пералесках. Да аднаго пана заедзе, да другога... Аднаго на асіну павесіць, другога — на бярозачку, трэцяга, што таўсцей, — на дубочак. Клопату, уга, колькі!
Вайцэхоўскі. Ды кінь жарты...
Страбейка. Што здарылася?
Старжынская. Гавары...
Домб. Здрада! Паны ратуюць свае скуры. Адны бягуць да Мураўёва з пакорай і народ падбухторваюць, а другія — хто ў Варшаву ўцякае, а хто да французскага імператара пад крыльца туліцца. І гэтая белая сволач кажа, што змагаецца за народ! Шкурнікі!
Старжынская. Вырваць уладу ў паноў!
Домб. Не вырвеш, дзяўчынка. Нічога не выйдзе!
Страбейка. Як не выйдзе? Сілаю ўзяць!
Домб. Не возьмеш! Спазніліся! (Іранічна смяецца.)
Вайцэхоўскі. Ды кінь ты жарты! Чаго смяешся?
Старжынская. Чаго радуешся?
Домб. Дык як жа мне не радавацца, калі ўлада ўжо ў нашых руках, а вы...
Усе. Як так?
Каліноўскі адчыніў дзверы і слухае.
Домб. А так! Усе аддзелы паўстанцаў, якімі кіравалі паны, адмовіліся выконваць загады сваіх правадыроў. Усюды кіраўнікі выбраны нашы, а дыктатарам Каліноўскі...
Усе. Што? Кастусь?..
Старжынская. Гэтага і трэба было чакаць...
Вайцэхоўскі. Народ адчувае, хто з ім, а хто супроць.
Домб. Няхай жыве народная ўлада!
Усе. Віват!
Старжынская. Ціха... Кастуся абудзім...
Каліноўскі. Ды ўжо абудзілі...
Усе. Не спіш?..
Каліноўскі. Дзе тут спаць, калі такі гармідар паднялі... думаў аблава...
Старжынская. Гэта Домб прынёс нам радасную вестку... Вось мы...
Домб. Няхай жыве дыктатура ўсіх прыгнечаных!
Усе. Віват!
Каліноўскі. Ціха... ціха... сябры... потым... Сярожа! Табе трэба сёння ехаць у Серабранскі лес... Туды прывезлі двух раненых, і стары занядужаў.
Сяргей. Зараз гарбаткі вып'ю і ў дарогу.
Каліноўскі. А тым часам нам Домб раскажа, як ен трапіў у пятлю.
Домб. Ой, Кастусь, дарагі. Не ўспамінай ты пра гэтую пятлю. Дараваць сабе не магу.
Вайцэхоўскі. А што здарылася з табою?
Старжынская. Раскажы, Мікола.
Страбейка. Мабыць, цікавае што?..
Домб. Нічога цікавага...
Вайцэхоўскі. А усё ж?
Домб. Паспачуваць чалавеку хочаце? Калі ласка... Кароценька, без лішніх дробязей. Гм... Скачу лесам з яго даручэннем. Ноч... Чую галасы... Свае ці ворагі?.. Саскочыў з каня... у кусты... слухаю... Гавораць: "Даволі бадзяцца... трэба па хатах, а то і сябе загубіш і зямлю страціш. А Каліноўскага добра было б злавіць ды Мураўёву прывезці, тады міласць атрымаеш". Як гэта я пачуў, аж закалаціўся. Выскачыў з кустоў і да іх... "Здраднікі! Народ прадаяце!" Абкружылі мяне... Хто такі? Ліхтар на мяне. Матка найсвентшая!.. Гляджу: атрад панскіх сынкоў. Схапілі... рукі круцяць. Павялі ў маёнтак... Пытаюць: "Хто?" Маўчу. Ударылі... маўчу. І раптам: "Павесіць", нехта скамандаваў... А голас быццам знаёмы... Закінулі вяроўку на дрэва... пятлю на шыю... Падыходзіць да мяне той, хто скамандаваў, і ліхтар да самага носа паставіў... Углядаецца... Ды як завішчыць: "Чырвоны жонд! Зямлю хочаце забраць, а мяне за саху паставіць"... Матка боска! Гляджу... дык гэта ж пан Невядомскі, той самы, што на сходзе, памятаеце, пра яечкі курыныя гаварыў. Пра гармонію ў прыродзе... Вось, думаю, табе і гармонія... Загінуў! Ужо лепш было трапіць у пятлю да самога Мураўёва. Не так крыўдна, а то каму? Цьфу!..
Старжынская. Ну, а далей...
Домб, А далей... (Усміхаючыся.) Кастусь падаспеў... Мой голас пачуў... Бо я, калі ўжо хацелі падняць мяне, нагой пану пад бараду ды крыкнуў: "Бывай, Кастусь!" А ён з хлопцамі праходзіў... пачуў... і вось я цяпер гарбатку п'ю з вамі...
Сяргей. Тваё шчасце.
Каліноўскі. Гэта табе навука, не гарачыся, дружа.
Страбейка. А што з панам зрабілі?
Каліноўскі. Уцёк, сучы сын, з перапалоху.
Домб. А панкоў усіх па асінах размеркавалі. А гэтага Невядомскага, не я буду, калі не злаўлю сваімі рукамі і не павешу... Ух, я яго!..
Каліноўскі. Не гарачыся, Домб! Больш спакою! (Скончыў пісаць.) Гэтымі днямі, сябры, склікаю сход. Трэба арганізаваць вышэйшы трыбунал. Гэты пераходны небяспечны момант патрабуе як ад мяне, так і ад вас, сябры, усіх нашых сіл. Перад намі стаяць цяжкія задачы: пратрымацца да цёплых дзён, а там, з надыходам вясны, будзе лягчэй. За гэты час трэба больш цесна звязацца з нашымі рускімі і польскімі сябрамі, якія спачуваюць нашай справе і дапамагаюць нам. Сяргей, я атрымаў паведамленне рэвалюцыйных Пецярбургскіх гурткоў, што частку зброі, якую яны атрымліваюць з-за мяжы, перададуць нам. Гэтую справу я даручаю табе. Паедзеш і наладзіш сувязь.
Сяргей. Добра!
Каліноўскі. Памятайце! Не шкадуючы ўласнага жыцця, мы павінны выратаваць пачатую справу. Але, вызваліўшы народ ад царскага ўціску, мы павінны вызваліцца і ад паноў. Пакуль мы не выкінем вяліказямельную шляхту, вольнасці няма на Беларусі. (Бярэ ліст, напісаны ім.) Вось! Пачынайце друкаваць, трэба разаслаць па ўсіх вёсках і аддзелах. Мы спаткаем, зразумела, супраціўленне з боку шляхты. Але ёсць сродкі і на гэта. Домб, падбяры сабе надзейных людзей і паведамляй у вышэйшы трыбунал аб усіх, хто актыўна выступае супроць нас. Першы твой пачын: прыбраць здрадніка — маршалка віленскага Дамейку, а якім спосабам — выбірай сам. Сябры, я еду ўначы па аддзелах да Вільні. Спынюся ў Святаянскіх мурах пад прозвішчам Вітольда Вітажэнца, а вам заданні на гэты час вось якія. Вайцэхоўскі, ты павінен быць на фальварку Мценскіх, на Барысаўскім шляху. Там жыве ксёндз. Вазьмі яго мацней на споведзь. Ён скажа, дзе харчы і зброя белых. Вазьмі і дастаў у Камароўскі лес аддзелу. Страбейка, заўтра раніцою павязуць з Мінскага казначэйства вайсковыя грошы. Павязуць па Койданаўскаму шляху. Памятай: гэтыя грошы ў мяне ўжо запісаны на прыбытак... Вось і ўсё пакуль...
Сяргей (збіраючыся ў дарогу). Ну, сябры, бывайце! Паехаў на практыку.
Вайцэхоўскі. Зноў з друкара на доктара абярнуўся.
Домб. Перадай усім прывітанне.
Сяргей выйшаў.
Старжынская. Усім даў заданне, а мяне абмінуў...
Каліноўскі. Будзе і табе, Грыпіначка, але цяжкае заданне. Пазнаёмся з палкоўнікам Лосевым. Ён камандзіраваны ў Мінск, каб захапіць нас... Будзь у курсе яго работы. Знаёмства з ім ты павінна скарыстаць, каб выкрасці ўсю сакрэтную яго перапіску. Цяжкае заданне я даю табе, галуба мая. Ці здолееш?
Старжынская. За поспех ручаюся!
Вайцэхоўскі. Бач ты яе, развесялілася! А раней сумавала!
Домб. А гэта, мабыць, Кастусь на яе дзейнічае. Ён для Грыпінкі, як вясновае сонейка для кветкі. Зірне — яна і расквітнее.
Каліноўскі (усміхаючыся). Сёння Домб у лірычным настроі.
Домб. Так! Часам, сябры, не грэх зброю на ліру змяніць. Эх! Вось яна... дзедаўская памяць. (Бярэ ліру.) З гэтай лірай ён па шляхах хадзіў... па лесавых дарогах... ля храмаў божых псалмы пеў... Усё жыццё шукаў кветку шчасця. Гэтымі марамі і жыў...
Старжынская. І не знайшоў?
Домб. Пан засек... (Заіграў на ліры беларускую старадаўнюю песню. Усе моўчкі слухаюць. Старжынская ціха заспявала, нібы свае думы думаючы. Каліноўскі, адкінуўшы галаву, слухае.)
Каліноўскі (нібы сам сабе). Многа дарог пройдзена, сцежак лясных пратаптана да гэтай зачараванай кветкі... Колькі крыві... слёз людскіх праліта за гэтае шчасце... А шчасце ў нас саміх. У нашай сіле, у праўдзе нашай. І я веру, прыйдзе час, калі да нас прыйдуць нашы браты па крыві, па веры... усе бяздольныя знойдуць сваё шчасце і пранясуць гэтую кветку жаданую праз палі... лугі... лясы... І заквітнеюць яны шчасцем, радасцю...
Домб (скончыў іграць на ліры). Эх, дзед!.. Зрабіў ты інструмент, на якім і радасць не выкажаш... А. ну, Грыпіна, заспявай нашу, а я падцягну...
Старжынская. Лепш не падцягвай.
Домб. Чаму?
Старжынская. Калі ты пяеш, чамусьці нагадваеш птушку.
Домб. Салавейку галасістага?
Старжынская. Пеўня хрыпатага.
Усе смяюцца. Чуваць стрэл на вуліцы.
Домб. Што гэта?
Каліноўскі (ускочыў). Страляюць... Ціха... (Слухае.)
Чуваць галасы ля дзвярэй.
Каля дзвярэй тут нехта...
Голас Лосева. Адчыніце!
Каліноўскі. Аблава!
Бягуць на гару.
Голас Лосева. Ламайце дзверы!
Усе бягуць уніз. Дзверы выламваюцца, уваходзяць Лосеў, афіцэр і салдаты.
Лосеў. Рукі ўгору! (Кароткая барацьба.) Ні з месца! (Страляе ў паветра.)
Страбейка і Старжынская ўцякаюць — першы ў дзверы, другая на гару.
Злавіць! (Сумяціца.)
Салдаты прыводзяць Страбейку.
Далёка не ўцячэш, зловім!
Салдат (са сходаў). Ваша высокаблагароддзе, а баба ўцякла.
Лосеў. Злавіць!
Салдат выбягае, чуваць стрэл.
Папярэджваю, хто з месца кранецца, таго мая куля спыніць. Што, галубчыкі, папаліся? Паручык, абшукаць усё памяшканне, а я тым часам дапрашу... Памацаю гняздо Чырвонага жонду. Ну, хто з вас Каліноўскі? (Усе маўчаць.) Усё роўна, панове, даведаюся. Раю сказаць...
Домб. Каліноўскі вас тут чакаў ды пайшоў. Не трэба пазніцца, пане палкоўнік.
Страбейка. Праваронілі, пане палкоўнік, крыўдна за вас.
Лосеў. Нічога, галубчыкі, скажаце ўсё. Сродкі для гэтага ў мяне ёсць. Ну-с, пачнем.
Уваходзіць салдат.
Салдат. Ваша высокаблагароддзе, а баба зусім уцякла, вёрткая такая, д'ябаліца.
Лосеў. Чаго глядзела засада?
Домб. Не шанцуе вам, пане палкоўнік!
Вайцэхоўскі. Сарвалася!
Лосеў. Але вы то не сарвецеся.
Афіцэр. Гаспадзін палкоўнік... Друкарскі станок тут... пракламацыі!..
Лосеў. Дзе? (Ідзе да каморы.)
Каліноўскі. Сябры, ратуйцеся! (Б'е лямпу. Цёмна. Крыкі: "Трымай!.. Бі!.." Стрэлы.)
Карціна другая
[правіць]Двор Святаянскага кляштара. Чуваць касцёльны звон. У браму ўваходзяць парафіяне, ідуць да касцёла, а з двара ідзе да касцёла ксёндз, за ім нагляднік. Ксёндз. Памятайце, дамовыя кніжкі павінны быць у парадку. Усіх прыязджаючых неадкладна запісваць. Мы з вамі за гэта адказваем.
Нагляднік. Не турбуйцеся, ойча духоўны. А чаму так позна правіце набажэнства?
Ксёндз (уздыхнуў). Загад. Нічога не зробіш. (Ідзе да касцёла.)
Кватарант (уваходзячы). А, пан нагляднік, вечар добры! Ну, як у вас, усё добра?..
Нагляднік. А хіба не чулі ў горадзе?..
Кватарант. А што?.. Я толькі што прыехаў...
Нагляднік. Ледзь не забілі нашага маршалка шляхты Дамейку.
Кватарант. Забілі?.. Што вы кажаце!
Нагляднік. Паранілі... на яго кватэры.
Кватарант. Злавілі?
Нагляднік. На вакзале злавілі, хацеў уцячы.
Кватарант. А хто?
Нагляднік. Невядома... пакуль.
Кватарант. Даведаюцца...
Нагляднік. Канешне, у Мураўёва загаворыш. Вы куды, у касцёл?
Кватарант. Не, дадому, адпачыць з дарогі. (Ідзе дадому.)
Нагляднік. Мне трэба запісаць вас у кнігу, а то, ведаеце, цяпер строга: ледзь што — і на Лукішкі. (Выходзіць.)
Уваходзяць Старжынская і Каліноўскі.
Старжынская. Раю табе быць асцярожным. Забойцу Дамейкі злавілі. Баюся, каб ён не выдаў, што ты жывеш пад прозвішчам Вітажэнца.
Каліноўскі. Не хвалюйся... Праз гадзіну мяне тут ужо не будзе...
Старжынская. Вось і добра.
Каліноўскі. Мураўёў святкуе перамогу, але мы яшчэ паглядзім, не ўсё яшчэ страчана, Грыпіна. Праўда народа пераможа... Ну, бывай... Спаткаемся ля трох крыжоў заўтра а трэцяй гадзіне дня.
Старжынская. Добра.
Каліноўскі. А калі здарыцца са мной што...
Старжынская. Не, не, не гавары, Кастусь... ты будзеш з намі... (Абдымае яго.) Беражы сябе... (Ён цалуе яе. Яна выходзіць за вароты.)
У касцёле чуваць гукі аргана.
Каліноўскі (прыслухоўваючыся). Моляцца... Узносяць малітвы найвышэйшаму аб утварэнні на зямлі спакою. І народ верыць!.. І хавае ў дамавіну сваю вольнасць... Святая прастата! (Ідзе па сходах на другі паверх; нагляднік з дзвярэй.)
Нагляднік. Выбачайце, пане, у якім нумары жывяце?
Каліноўскі. У дзявятым...
Нагляднік. А як ваша прозвішча?
Каліноўскі. Сёння вы ўжо трэці раз пытаеце мяне. (Пайшоў.)
Нагляднік. Выбачайце, але цяпер такія строгасці... ледзь што — будзьце ласкавы на Лукішкі... (Пайшоў да сябе.)
З'яўляецца старая.
Старая. Іезус Хрыстус! Ай, матка боска!.. Ой... Пан нагляднік... Войска з усіх бакоў абыходзіць наш квартал.
Нагляднік. Ізноў аблава. Я прадчуваў гэта... Учора дамовыя кнігі праглядалі... Ой, пайду навяду парадак.
Абодва выбягаюць. Уваходзяць афіцэр і паліцмайстар.
Паліцмайстар. Я маю пэўныя весткі, што ён хаваецца тут пад прозвішчам Вітольда Вітажэнца. Хаця па кнігах такога не значыцца, але ў тэлеграме палкоўніка Лосева ясна сказана: "Каліноўскі хаваецца ў Святаянскіх мурах пад прозвішчам Вітольда Вітажэнца". Вядзіце сюды частку салдат, рэшта няхай застаецца на месцы і сочыць за вокнамі і ўваходамі. Кожнага, хто ўваходзіць, затрымліваць без шуму.
Афіцэр. Слухаю, гаспадзін палкоўнік. (Арган іграе.) Што гэта?
Паліцмайстар. Чорт пабяры! Моляцца!.. Гэта загад Мураўёва... Вось не ў пару... Гэта ўскладняе нашу справу. Трэба паставіць ля ўваходу ў касцёл двух вартавых і нікога не выпускаць... Вядзіце, паручык, салдат.
Паручык выходзіць. У часе размовы ў варотах крадзецца Старжынская. Пры праходзе паручыка стала ў цень, потым выходзіць.
Паліцмайстар. Эх, злавіць бы яго, галубочка. Святую Аннушку на шыю атрымаем, ды і на прыкмеце ў Мураўёва буду. (Аглядае дом. Убачыўшы Старжынскую, схаваўся.)
Старжынская. Ледзь прайшла праз ланцуг войска. Яго зараз зловяць... Трэба ратаваць...
Ідзе на сходы. Паліцмайстар хапае яе.
Паліцмайстар. Куды, мадмуазель, спяшаецеся?
Старжынская. Да сябе дамоў.
Паліцмайстар. Дазвольце, я праводжу вас. (Бярэ яе за руку.)
Старжынская. Пакіньце. (Вырываецца.)
Паліцмайстар. Э, не, паненка. Ціха! Дзе кватаруеце?
Старжынская. Я выпадкова сюды зайшла...
Паліцмайстар. Навошта?
Старжынская. Выбачайце, але не магу сказаць... Вы разумееце?
Паліцмайстар. Прыйдзецца сказаць. Ну-с?!
Старжынская. У прыбіральню...
Паліцмайстар. Выпадкова? А сказалі — "дамоў".
Старжынская. Я, як жанчына, саромелася сказаць...
Паліцмайстар. Вы арыштаваны!
Уваходзіць афіцэр, за ім салдаты.
Афіцэр. Не тупаць! Ціха! Стой!
Паліцмайстар. Ціха, рабяты! (Старжынская бяжыць у вароты, за ёю паліцмайстар.) Трымай яе! (Афіцэр злавіў у варотах.) Арыштаваць! (Варочаецца.) Мабыць птушка стрэляная. Паручык, дваіх да касцёла і нікога не выпускаць... (Ставяць вартавых.) Астатнія пад сходы, сюды, па свістку да мяне — у момант! Цсс! (Выходзіць нагляднік.) Хто такі?
Нагляднік. Нагляднік дома.
Паліцмайстар. У вас учора прыстаў па кнігах шукаў Вітольда Вітажэнца і не знайшоў, а ў мяне ёсць звесткі, што ён тут пражывае.
Нагляднік. Калі шукалі па кнігах і не знайшлі, значыцца, няма такога.
Паліцмайстар. А калі я знайду?.. Паказвайце падазроныя кватэры.
Нагляднік. У нас няма такіх...
Паліцмайстар. Убачым! Паручык! Пачнем з першага паверха, і вы з намі.
Выходзяць. У касцёле гукі аргана.
Малады салдат. Ловяць каго?
Стары салдат. Казалі, самага галоўнага іхняга правадыра. У Мінску яго аднойчы злавілі, ды ўцёк.
Малады салдат. Спрытны!
Стары салдат. Ды яны ўсе спрытныя.
Малады салдат. А там, чуеш, моляцца: хе-хе, смешная ў іх вера, музыка іграе, быццам у нас у тракціры, хе-хе...
Стары салдат. Кожны па-свойму богу моліцца. Вось таксама ёсць такія, што праз агонь скачуць — скакуны празываюцца; а ёсць, што бізуном сябе сцябаюць, дык тыя хлястуны...
Малады салдат. А якому богу яны моляцца, нашаму?
Стары салдат. Дурань! Будзе наш бог звязвацца з імі. Кожны свайму моліцца.
Малады салдат. Дык, значыцца, багоў многа?
Стары салдат. Дурань ты...
Малады салдат. Ды што дурань... Бог жа адзін?
Стары салдат. Адзін!
Малады салдат. А калі кожная вера моліцца свайму, дык колькі, выходзіць, багоў?
Стары салдат. І зноў жа ты дурань. Гэта яны думаюць, а іх багі і не сапраўдныя. Гэта наш толькі сапраўдны.
Малады салдат. Ага! Дык, значыцца, яны моляцца ўпустую?
Стары салдат. Упустую канешне.
Малады салдат. Вось дзівакі, дарма час трацяць.
Стары салдат. Дарма! А ў смалу пападуць к чарцям.
Малады салдат. А мы куды пападзем?
Стары салдат. Мы?.. нам месца вызначана... У райскі сад, бо мы — хрысталюбівае воінства, ідзем за цара, памазаніка божага, усякую нечысць ловім.
Малады салдат. А за што іх ловім?
Стары салдат. А во... (Паказвае пракламацыю.) Цыдулькі раскідваюць пра цара.
Малады салдат. Пра цара?
Стары салдат. Ага...
Малады салдат. Ану, пакажы. (Чытае па складах.) "Мужыцкая праўда". Мужыцкая?.. Гм... А ў мяне якая? (Лезе рукой за халяву бота.)
Стары салдат. У цябе таксама ёсць?
Малады салдат. У казарме знайшоў, на цыгарку ўзяў, во... (Паказвае.) Таксама "Мужыцкая праўда"... Глядзі ты... За мужыцкую праўду чалавека ловяць.
Стары салдат. А чаго там прапісана, непісьменны я.
Малады салдат. Ды і я не дужа...
Выходзяць афіцэр, нагляднік, паліцмайстар.
Паліцмайстар. Пакуль няма... Гм... Ану, пойдэем туды. (Паказвае на гару. У акне запалілі агонь.) Цсс... (Хаваецца.) Выходзіць нехта... Рабяты, не дыхай!
Каліноўскі са свечкай паказваецца ў дзвярах і выходзіць па сходах з чамаданам.
Паліцмайстар. (выскачыў з рэвальверам). Ваша прозвішча?!
Каліноўскі. Вітольд Вітажэнц.
Паліцмайстар (свішча, салдаты выскакваюць і абкружаюць). Арыштаваць!
Каліноўскі. У чым справа?
Паліцмайстар. Выбачайце за непакой, пан Каліноўскі!
Каліноўскі. Што? (Паўза. Гасіць свечку.) Гэта непаразуменне!
Паліцмайстар. Разбярэм... Надзець наручнікі...
Салдаты надзяваюць наручнікі.
Карціна трэцяя
[правіць]Асобная турэмная камера. Злева дзверы з вочкам для вартавога. Пасярэдзіне маленькае акно з кратамі. Стол. Ложак. Каліноўскі сядзіць за сталом, галава схілена на стол. Цішыня... Аглядае камеру.
Каліноўскі. Тут не ўцячэш... (Цяжка ўздыхнуў.) Не ўцячэш... (Да вартавога за дзвярыма.) Мілы, не ведаеш, колькі належыць жыць у вас пасля абвяшчэння прыгавору?
Голас вартаўніка. Нам не загадана гаварыць.
Каліноўскі (Паўза. Ціха). Не загадана... не загадана гаварыць... думаць... Калі ж ты будзеш загадваць?.. (Садзіцца на ложак, схіліў галаву, нібы думае цяжкую думу. Голас здалёк: "Караул, стройся! Смірна!" Каліноўскі падняў галаву.)
Голас Мураўёва. Здарова, караул!
Салдаты. Здравія жадаем, ваша высокаправасхадзіцельства!
Паўза. Крокі. Уваходзіць нагляднік.
Нагляднік. Да вас ідзе генерал Мураўёў, пэўна, памілуе... (Выходзіць, адчыняе дзверы.)
Уваходзяць Мураўёў, афіцэр і два салдаты — каля дзвярэй.
Мураўёў. А, вось ён... Ну, як адчуваеце сябе "ў гасцях" у нас? Я кажу "ў гасцях", бо заўтра вас адправім туды... (Паказвае ўгору.) Паручык, а якой гадзіне прызначана пакаранне?
Афіцэр. У шэсць гадзін, ваша высокаправасхадзіцельства.
Мураўёў. Вельмі добра! Раней лепш ад'язджаць на той свет, ці няпраўда? Менш праважатых і дапытлівых, "дальнія провады, лішнія слёзы..." Ці не так, "сябра" Каліноўскі? Ну, а як свабода ваша, а? Што яна будзе рабіць без вас? а? Траур надзене?.. Ці так? Зменчывая асоба гэтая свабода... Заманіць, улюбіць у сябе маладога чалавека, а потым сама — "фурр..." — і паляцела... Непрыемна, а? Мне незразумела, якія людзі лёгкаверныя... Ну... мужык... народ — тыя лёгка паддаюцца ўсякай мане, а вось як вы, чалавек адукаваны, дваранін, верыце гэтай свабодзе, гэтай пераходзячай з рук у рукі асобе. А хто яе не трапаў: і французы, і англічане... Чорт ведае, нейкая інтэрнацыянальная дзеўка! Зараза! Але для мяне не небяспечная. У мяне ёсць пэўны сродак — вяроўка, ці, як называюць, "мураўёўскі гальштук". Падумайце, ці варта за гэтую "свабоду" аддаваць сваё маладое жыццё... У многіх, падобных да вас, з часам праходзіў гэты ўгар... і яны раскайваліся ў сваіх учынках... Падумайце і вы... Навошта губляць сваё маладое жыццё, калі ўсё ў вас наперадзе. Вы яшчэ малады. Бог не пакрыўдзіў вас розумам... сілаю... Раю вам, як бацька, — скарыцеся... А цар — наш бацюшка — такім даруе сваю міласць. Падумайце...
Каліноўскі (падумаў). Перадайце... цару — вашаму бацюшку, што Каліноўскі просіць яго міласці... не засылаць да яго гэткіх дурных бацькоў.
Мураўёў. Устаць! Калі гаворыш з генералам Мураўёвым!
Каліноўскі. Паручык! Скажыце гэтаму старому, што Каліноўскі адпачывае перад тым, як адысці на той свет... Спакойнай ночы... (Хоча легчы.)
Мураўёў (кідаецца з палкай). Крамольнік!..
Каліноўскі хутка ўстаў і з пагрозай глядзіць на Мураўёва.
Мураўёў (да афіцэра). Хто вешаць яго будзе?.. Наказаць, каб была новая вяроўка, старая ўжо страпалася аб шыі гэтай сволачы!..
Выходзіць, за ім усе.
Каліноўскі (услед). А ўсё ж вольнасць жыве ў сэрцы народа і будзе жыць! Чуеце?! Яна не памрэ!! (Застаецца, прыхіліўшыся да дзвярэй.) І гэтыя людзі маюць уладу, у іх руках лёс народа... (Чуваць стук у сцяну... Каліноўскі прыслухоўваецца.) Гэта Домб? (Стукае яму... Чуваць адказ... Ізноў стукае.) Дарагі Домб... Калісьці я выратаваў цябе ад пятлі... А тут... (Аглядае навокал. Ідзе да ложка, падае на яго. Паўза. У акно свеціць месяц. На вежы б'е дзве гадзіны. Каліноўскі прыўзняўся, слухае бой гадзінніка.) Другая гадзіна... Засталося чатыры. Чатыры гадзіны яшчэ жыць, а там і... смерць... (Устаў.) А ці ж смерць? Памрэ толькі цела, а душа мая, думкі мае — будуць жыць сярод народа... (Глядзіць у акно і спрабуе трасянуць краты.) Эх, воля ты мая родная! Не святкуйце вы, што трымаеце маё цела, не стрымаць вам маіх думак. Яны там, на волі, яны сярод майго народа, раздуваюць у яго сэрцы іскарку надзеі на лепшае жыццё. І прыйдзе час, і раздзьмецца полымя народнае і спаліць вас, гвалтаўнікоў! Браткі мае родныя, я з вамі! Чуеце?! (Ідзе да стала, схіляецца над сталом і піша ліст.) Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы царскай прыходзіцца мне пісаць да вас, і, можа, астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але не шкада загінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як бы з таго свету, толькі для дабра твайго напісана. Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, калі чалавек мае розум і навуку. Але, як дзень з ноччу не ходзіць разам, так і навука праўдзівая не ідзе разам з няволяй панскаю. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе. Ваюй, народзе, за сваё чалавечае права, за сваю волю, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой пана не будзе.
Паступова схіляецца галавой на стол. На сцэне цёмна. Паўза. Паволі світае. Гадзіннік на вежы б'е 6-ю гадзіну. Голас здалёк: "Караул, стройся! Смірна!". Голас афіцэра: "Здарова, рабяты!" Галасы: "Здравія жадаем, ваша высокаблагароддзе!" Голас афіцэра: "Направа! Рады здвой! Шагам марш!" Чуваць крокі... "Стой!" Адчыняюцца дзверы. Уваходзяць афіцэр, два салдаты, нагляднік.
Афіцэр. Спіць... разбудзіць!
Нагляднік будзіць.
Каліноўскі. Што?
Афіцэр. Шэсць гадзін. Пара!
Каліноўскі (аглядаецца, успамінае), Пара? Ага... іду... іду... Зараз!.. (Нервова апрануў світку.) Гатоў! (Ідзе да дзвярэй.)
Усе выходзяць.
Голас афіцэра. Шагам... марш!
Забілі барабаны і паступова змаўкаюць.
Голас наглядніка. Камера нумар дваццаць шосты звольнілася...
Другі голас. Праветрыць камеру!
Уваходзіць нагляднік, ставіць зэдлік ля акна, адчыняе акно, глядзіць. Чуваць здалёку барабан.
Нагляднік. І чаго гэта людзям трэба? Чаго хочуць?.. На смерць ідуць!.. (Барабаны змоўклі.) Прывялі... На эшафот увайшоў... не пахіснуўся...
Голас афіцэра. Смірна! Па ўказу яго імператарскага вялічаства прысуджаны да смяротнае кары праз павешанне дваранін Кастусь Каліноўскі...
Голас Каліноўскага. У нас няма дваран... у нас усе роўныя!..
Голас афіцэра. Прыступіць да кары. (Ударылі барабаны.)
Нагляднік (схіліўся пад акном, жагнаецца). Скончылася жыццё чалавека... (Раптам стук у сцены, другі, трэці... Стукі множацца... ажылі сцены... загаварылі... Нагляднік, пазіраючы на сцены.) Турма загаварыла...
Чуваць здалёк з усіх бакоў галасы, яны нарастаюць разам з песняй. Чуваць стрэлы і голас: "Зачыніць камеры!" Шум натоўпу.
Нагляднік (у жаху туліцца да сцяны). Турма бунтуе...
У акне ранішняя зара разгараецца. Заслона