Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/Пад шыльдай пролетарскай літаратуры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Вельмі многа слоў“ Пад шыльдай пролетарскай літаратуры
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Дэпэшы бяз адрасу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад шыльдай пралетарскай літаратуры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД ШЫЛЬДАЙ ПРОЛЕТАРСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

(„Узвышша№ 12)

— Шыльды для таго і існуюць на сьвеце, каб засьляпляць сэнс саміх рэчаў.Кузьма Чорны, „Узвышша№ 2.

Да апошняга часу адным з асноўных матэрыялаў да характарыстыкі літаратурна-мастацкага згуртаваньня „Узвышша“ служылі тыя прынцыпы, якія палажыла згуртаваньне ў аснову сваёй організацыйнай пабудовы. У нашых ранейшых артыкулах[1] мы галоўным чынам і спыняліся на організацыйных палажэньнях „Узвышша“. Бязумоўна, упадніцкія тэндэнцыі організацыйнага парадку кіруюцца адпаведнымі ідэолёгічнымі процэсамі; з другога боку, ранейшая творчасьць узвышаўцаў магла даць частковае асьвятленьне сутнасьці новай організацыі. Але, працуючы ў складзе „Маладняка“, сучасныя правадыры „Узвышша“ павінны былі, у большай ці меншай меры, лічыцца, з настроем і агульнай устаноўкай „Маладняка“. Такім чынам, свой сапраўдны твар яны паказалі толькі цяпер, на старонках сваёй часопісі, дзе, пасьля доўгага перарыву, мы зноў спатыкаем старых знаёмых: Дубоўку, Пушчу, Бабарэку ды інш.[2]. Мы павінны з вялікім задаваленьнем зазначыць, што нашы погляды на організацыйную пляцформу „Узвышша“ ў асноўным пацьверджаны ў артыкулах З. Жылуновіча[3] і Сымона Друка[4]. Артыкул С. Друка прадстаўляе падагульненьне тае дыскусіі, якая ўзьнялася навакол выхаду першага нумару „Узвышша“ (ня лічачы, зразумела, розных асабовых выпадаў, ня зусім грунтоўных і тактычных, якія былі дапушчаны як „згуртаваньнем“ у цэлым, так і паасобнымі яго сябрамі).

Абодва нумары „Узвышша“ дзеляцца на два асноўныя разьдзелы: 1) мастацкая творчасьць і 2) літаратурна-публіцыстычныя артыкулы. Перш чым прыступіць да разгляду мастацкіх твораў, мы дазволім сабе яшчэ раз спыніцца на адным з найбольш характарных месц узвышаўскіх, „тэзысаў“. Гэта месца гучыць так:

У пытаньні — якое патрэбна мастацтва? — галасы падзяліліся на дзьве плыні. З аднаго боку — факт бурапеннай і самагоннай творчасьці; або „нравоучительной“ і протокольнай творчасьці, службовай казённай радасьці выяўляе сабою ў літаратурным руху тэндэнцыя адмаўленства. Гэтая плынь выражае сабою зданьне аб непатрэбнасьці для пролетарыяту і сялянства апанаваньня культурнымі каштоўнасьцямі спадчыны[5] і ўтварэньня свайго мастацтва (курсіў наш. Т. Г.), даючы ўзамен гэтага літаратурныя прысмакі (курсіў „Узвышша“), забелку або прыстрахі з мэтай вырашэньня надзенных асабістых задач і задаваленьня сваіх асабовых (поэты ці пісьменьніка) інтарэсаў.

З другога боку — факт творчасьці, якая імкнецца да выражэньня і формаваньня дыялектычна-матэрыялістычнага сьветагляду (курсіў наш. Т. Г.) і да стварэньня культурна мастацкіх каштоўнасьцяй на падставе апанаваньня народнай творчасьці, дасягненьняў мастацтва мінулага і конкрэтнага вывучэньня сучаснасьці выяўляе сабой тэндэнцыю ажыўленства. Гэтая плынь, што выявілася ў організацыі згуртаваньня „Узвышша“, выражае думку аб тым, што беларускаму пролетарыяту і сялянству патрэбна мастацтва ня менш, як якой-бы там ні было буржуазіі (курсіў наш. Т. Г.).

Па гэтых тэзісах творамі протокольнай казённай радасьці зьяўляюцца творы маладнякоўцаў, як М. Чарота, М. Зарэцкага, А. Александровіча ды іншых, якім проціпастаўляюцца творы Дубоўкі, Пушчы і Кузьмы Чорнага. Сапраўды-ж творчасьць першых насычана радасьцю вялікага змаганьня, сьветлаю надзеяй будаўніцтва, настроямі парамогі тае клясы, чые інтарэсы яны выражаюць. Об‘ектыўнасьць іх творчасьці падкрэсьліваецца яшчэ і тым, што побач з сьветлымі бакамі нашай сучаснасьці ў іх малююцца і цёмныя, што выключае ўсякія гутаркі аб казённай радасьці („Саматканая сьвітка“, „Голы зьвер“ і г. д.). Пры гэтым у творчасьці даных пісьменьнікаў цёмныя малюнкі выражаюць боль актыўнага будаўніка, спаткаўшага ў сваёй працы перашкоды або заўважыўшага недахват у праробленай працы; тут нарастае імкненьне паправіць гэтыя недахваты, дабіцца лепшага. Што датычыць дэклярацыйнага палажэньня аб выкарыстаньні культурнай спадчыны, дык аб позыцыі „Узвышша“ ў гэтым пытаньні мы будзем гаварыць асобна; „Маладняк“-жа выказаў свой погляд у сваёй дэклярацыі[6].

Другая недарэчнасьць у гэтым месцы — гэта палажэньне аб формаваньні дыялектычна-матэрыялістычнага сьветагляду. У сваім статуце „Узвышша“ зазначае, што яго мэтаю зьяўляецца разьвіцьцё беларускай пролетарскай літаратуры. Аднэй з асноўных адзнак пролетарскай літаратуры зьяўляецца якраз матэрыялістычны сьветагляд. Як-жа гэта „Узвышша“, разьвіваючы пролетарскую літаратуру (ужо існуючую), зьбіраецца формаваць адзін з яе асноўных элемэнтаў? Наогул, калі ўзяцца дасканальна разьбіраць узвышаўскую дэклярацыю, дык там можна знайсьці вельмі многа матэрыялу, высьвятляючага ўзровень пісьменнасьці і здольнасьці лёгічнага разважаньня аўтараў дэклярацыі. Але ў літаратурных справах дэклярацыі адыгрываюць ролю падпарадкаваную, і дзеля гэтага зьвернемся да мастацкіх твораў, якія найлепей павінны паказаць нам, што прадстаўляе сабою „Узвышша“.

Пра аповесьць З. Бядулі, „Салавей“ вельмі цяжка сказаць што-небудзь канчаткова. Аўтар узяў на сябе задачу даць гістарычны малюнак прыгоннага тэатру на агульным фоне прыгону. Але, узяўшыся за гэтую справу, ён, відаць, не паклапаціўся азнаёміцца з навуковымі матэрыяламі, а карыстаецца ў большасьці матэрыяламі інтуіцыйнага парадку (што бог на душу паложыць). Гэта часамі прыводзіць аўтара да трафарэтных прыёмаў агіткі і гэтым самым паніжае мастацкую вартасьць твору. Мастак павінен не расказваць, а паказваць; інакш яго твор будзе сухой моралістыкай і ня выкліча ніякіх эмоцый у чытача.

Для Кузьмы Чорнага вельмі характарным зьяўляецца адно месца ў яго апавяданьні „Сьцены“. З жанчынай гандляркай здарылася бяда. Як водзіцца, усе кінуліся дапамагаць ёй. Гэта адвечны інстынкт чалавецтва — інстынкт грамады, гэта той інстынкт, які служыў і служыць заўсёды магутным фактарам у разьвіцьці і культуры і цывілізацыі чалавецтва.

„Некалькі чалавек кідаецца памагчы ёй, а яна суха аглядаецца на ўсіх і скоранька гаворыць: „ня трэба, ня трэба, я сама“. І усё-ж нехта падапхнуў каламажку, падкаціў на другі бок вуліцы, і жанчына пашла ўсьлед. „Я сама, я сама“… яшчэ стаяць у вушах яе словы; і хочацца тады Люцыяну Марцінюку крыкнуць: „мы ўсе, мы ўсе. І каламажка наша, і цяжкасьць наша, і пакуты нашы, усіх“…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Натоўп разышоўся, нікога няма каля жанчыны, а яна зноў стаіць спакойна і ціха, маўчыць у вялікай чалавечнай сіле сваёй.

„І я там, і мы ўсе там“…

Гэта надзвычайна цікавы адрывак, цікавы тым, што ён прадстаўляе адно з зьвеньняў таго ланцуга, які ахапіў і Буланага з яго „мировой скорбью“, і Віктара Зеніча, і многіх другіх герояў Кузьмы Чорнага. Зусім не выпадкова вышла, што ўсе пэрсонажы першага адрыўку роману Кузьмы Чорнага „Сястра“ падобны адзін да аднаго падабенствам бліжэйшых сваякоў. Гэта лёкалізацыя „чалавечнасьці“ ў паасобным індывідууме пры адначасовым наданьні гэтаму індывідууму нейкай асаблівай сілы — ці не нагадвае нам шуканьняў нейкага звышчалавека? Чалавечнасьць, лёкалізаваная ў вобразе пакуты адзінокай і гордай (ды яшчэ бязмэтнай) — гэта-ж старая песьня, гэта біблійскае „Се — человек“, гэта — ідэя, ня маючая пад сабой конкрэтнага грунту, бо карэньні яе губляюцца ў аблудных нетрах дуалістычнага сьветагляду (гл. у тэзісах: формаваньне дыялектычна-матэрыялістычнага сьветагляду. Т. Г.). І ўсё гэта, нарэшце, вынікае з поўнай ізоляцыі аўтара ад жыцьця ва ўсім яго абхваце; аўтар замкнуўся ў коле сваіх адчуваньняў і тых нямногіх надворных зьявішч, якія ён ушаноўвае сваёй увагаю. Жанр аўтара нагадвае жанр псыхолёгічнага роману, але дзякуючы вузкасьці кругагляду аўтара роман ператвараецца ў тыя самыя літаратурныя прысмакі, якія „Узвышша“ ў сваёй дэклярацыі падкрэсьліла, як нешта адмоўнае і непатрэбнае.

Зусім інакшы кірунак бярэ У. Дубоўка ў сваіх мэлёдыях „Наля“.

Дзеля прыкладу возьмем хаця б пятую мэлёдыю:

„Скажы ім, Наля, любая мая,
што я бяз бацькаўшчыны гадаваўся:
сусьвет гатоў пацалаваць, абняць,
каб не рабіў ён катавасій.

Над працай каб прымусу ня было,
каб жыў працоўны там, дзе вокам кіне.
На ўзбрэжжа акіяну ад балот
ішоў з краіны у краіну…

Гісторыя чалавечых узаемаадносін вучыць нас, што пацалункамі ніякім чынам ня можна дабіцца —

Над працай каб прымусу ня было…

Дубоўка нібыта цалкам стаіць на грунце соцыялістычнага будаўніцтва; прынамсі гэта адбіваецца ў мэлёдыі дзевятай, хаця і гэтая справа ў Дубоўкі не абыходзіцца бяз сьлёз і тугі — тут ужо агульны характар нэрвознай поэзіі Дубоўкі. Вялікае месца ў мэлёдыях „Наля“ займае бацькаўшчына, Беларусь. Гэты мотыў таксама яскрава выступае і ў Пушчы, але ў Дубоўкі ён мае спэцыфічны характар. І таму і другому Беларусь уяўляецца вобразам надчалавечай пакуты, што матэрыялізуецца ў постаці Ніобы (гаротнай маткі, страціўшай сваіх дзяцей) і да г. п. Але ў Дубоўкі вобраз Ніобы затуляецца другім вобразам — больш моцным і больш жыцьцёвым:

Раскажа сьпеў, што Беларусь жыве,
непераможная у працы сьціплай.
Што долю гадавала на жарстве
ня горш каралевых поліпаў…

Вельмі шкодзіць творам Дубоўкі тое, мы-б сказалі, жонгляваньне формаю, якое асабліва яскрава вызначаецца ў мэлёдыях VI, VII і VIII. Трэба адзначыць і некаторыя нязграбнасьці стылістычнага парадку:

Ня выскрабуць ніякія нажы,
Паклаў поэта што ў аснову.

Гэтыя радкі характарныя для Дубоўкі, які мала лічыцца з структурай сказу і заходзіць у ламаньні яго вельмі далёка…

Вершы Пушчы не вызначаюцца асаблівай мастацкасьцю і, часьцей усяго, ня маюць нават і зьместу, пераходзячы часамі да лёгкага гумару. Вось, напрыклад, у вершы, дзе поэта, успомніўшы „цярпеньні народу свайго“, адразу бярэцца за справу:

Лісты залатыя ён з клёну трасе
І песьні сьпявае змаганьню-красе.

Але часамі Пушча ад абтрасаньня лістоў з клёну памыкаецца перайсьці да больш сур‘ёзных мотываў. Беларусь у цярнёвым вянку, Беларусь укрыжаваная, абдзеленая людзьмі і гісторыяй — вось якая Беларусь у Язэпа Пушчы, які шмат піша ў сваіх вершах пра Беларусь. А сучаснай Беларусі, скінуўшай церні, стаўшай роўнай між іншымі народамі, Беларусі-будаўніцы няма ў Пушчы.

На ростані ўсходня-заходніх дарог
Цябе, дарагая, яны ўкрыжавалі.

Яны — гэта чужынцы, не-беларусы. Розьніцы паміж Усходам і Захадам няма, ворагі з усіх бакоў… І вось тут у сапраўдным сьвеце выступае пункт тэзісу аб выкарыстаньні культурнай спадчыны. Ленін вучыў нас, што новую пролетарскую культуру мы можам будаваць, выкарыстоўваючы культурныя дасягненьні папярэдніх эпох. Значыць, мы павінны заўладаць культурнай спадчынай і буржуазнай клясавай культуры і выкарыстаць усё лепшае ў ёй для сваіх мэт. Так часамі разьбіраецца стары будынак, і частка цэглін яго найбольш моцных уваходзяць у склад новых муроў. Але, калі гутарка ідзе аб выкарыстаньні культурнай спадчыны цэлых эпох, дык ніколі няможна тут праводзіць нацыянальнае разьмежаваньне. Нам думаецца (хоць тут, бязумоўна, выразна акрэсьленых межаў нельга правесьці, як і ва ўсякім пытаньні літаратуры і мастацтва), што ўзвышаўцы ў некаторай ступені супроцьпастаўляюць культурную спадчыну беларускую культурнай спадчыне іншых краёў, асабліва сумежных. Ва ўсякім выпадку ўвага ўзвышаўцаў, галоўным чынам, завострана на Захадзе, як і ў адпаведнай украінскай групы Хвылёвага. І тут справа стаіць, як з Беларусьсю: сапраўднай Эўропы ня можа ўбачыць Пушча, як ня бачыць і сучаснай Беларусі.

Найшла на Эўропу разгульная похаць[7],
Пусьціліся ўсе у шалёны фокстрот…

Тут сказваецца тое ганебнае верхаглядзтва, якім хварэе не адзін Пушча. Трэба быць надзвычайна павярхоўным і няўважлівым, каб не разглядзець сапраўднага стану рэчаў у Эўропе, каб ня ўбачыць напружанага і нясупыннага групаваньня сіл, вялікага браджэньня. „Здань ходзіць па Эўропе“. Мы параілі-б Пушчы часьцей падчытваць газэты: адтуль Пушча даведаўся-б, што ў Эўропе, апрача фокстроту, ёсьць і другія цікавыя зьявы. З другога боку, мы-б адаслалі Пушчу да надзвычайна цікавага артыкулу Д. Ільлінскага „Муссолини и его партия“[8], які паказвае, што нават і буржуазія здольна яшчэ на нешта іншае, апрача фокстроту.

Гэтае самае верхаглядзтва цягне ўзвышаўцаў да надмернага ўжываньня „вумных“ слоў, каб паказаць чытачу, што „і мы, маўляў, народ культурны, сёе-тое ведаем“. І вось мы дазнаемся ў аднаго такога „культурнага“ чалавека, што пэрсыдзкі кілім — сіняга колеру, у другога даведваемся, што нямецкае слова kostbar (каштоўны), перайшоўшае ў беларускую мову („Параска мая, кастабарная мая“), сталася складаным эпітэтам[9].

У узвышаўцаў можна знайсьці і Вэнэру Miлоскую, і Горацыя, і Клеопатру, і Ніобу — каго хочаце можна знайсьці, толькі жывога сучаснага знайсьці нельга. Выключэньне ў гэтым кірунку складае ў некаторай меры Дубоўка.

Крапіва, які таксама бадай у працягу году нічога нідзе не друкаваў, зьяўляецца цяпер, пасьля адпаведнай апрацоўкі ва „Узвышшы“, у некалькі інакшым выглядзе. Здольны сатырык, папаўшы ў „Олімпійскае“ балота, траціць свой ранейшы маштаб, звужае свой кругагляд і ад вострай грамадзкай сатыры, якая стварыла яму ў свой час шырокую популярнасьць пераходзіць да антыэстэтычных баек, кшталтам „Саромлівага“, і да зусім бледных апавяданьняў у № 2 „Узвышша“. Крапіва цяпер можа напісаць добра толькі на такую тэму, якая вядома і можа быць цікавай толькі невялічкай групе людзей. Такія ўсе байкі і апавяданьні Крапівы ў яго узвышаўскі пэрыод. Крапіва страціў свой грунт і, перацягнуты ў абставіны, зусім не адпавядаючыя яго жанру, заняпаў нават мастацкага боку.

Вузкасьць тэматыкі, нацыяналістычная абмежаванасьць у выбары тэм — гэта адна з асноўных хвароб „Узвышша“. У той час, як у творчасьці іншых пісьменьнікаў разгортваюцца шырачэзныя палотны жыцьця вялікага і шматвобразнага, нашы „олімпійцы“ заселі ў нейкім дальнім кутку і адтуль вядуць сваю аднастайную скаргу на сьвет і жыцьцё. Вяртаючыся яшчэ раз да „тэзісаў“, мы павінны падкрэсьліць, што, хаця „Узвышша“ і бярэ на сябе рэпрэзэнтацыю пролетарскай плыні ў беларускай літаратуры, сьмешна было-б аднесьці да пролетарскай літаратуры творы такіх „поэтаў“, як Пушча або Шашалевіч[10], Лужанін ды інш. Няможна гаварыць аб пролетарскім зьмесьце ці ідэолёгіі нават і ў вершах Дубоўкі, ня кажучы ўжо пра К. Чорнага, З. Бядулю, якія даволі выразна сябе за апошні час паказалі.

Што тычыцца публіцыстычнай часткі абодвых нумароў, дык тут асабліва цікавымі прадстаўляюцца нам артыкул Дубоўкі „Пра нашу літаратурную мову“ і артыкулы пра М. Багдановіча (асабліва артыкул проф. Замоціна ў № 2). На „Літаратурных нататках“ Бабарэкі спыняцца ня прыдзецца таму, што гэты „твор“ ужо даволі быў высьветлены…

Ул. Дубоўка ў двох нумарох „Узвышша“ зьяўляецца аж у некалькіх абліччах: поэт, перакладчык, дасьледчык музыкі і, нарэшце, накшталт мовазнаўцы ці літаратурнага крытыка, як у вершы:

То академик, то герой…

Аднак, артыкул „Пра нашу літаратурную мову“ павінен зьвярнуць на сябе ўвагу чытача. Адкінуўшы ўсе мясьціны полемічнага характару ў артыкуле і застаўляючы пытаньне аб іх тактоўнасьці і патрэбнасьці на разгляд чытача, мы мусім зазначыць, што пытаньні, узьнятыя Дубоўкам зьяўляюцца начаснымі і вымагаюць найбольшай да сябе ўвагі. Сапраўды, справа з нашай літаратурнай мовай стаіць ня зусім добра, і мала хто імкнецца што хоць-колечы зрабіць у гэтым кірунку. Робіцца, але вельмі мала, і мы лічым, што гэта справа павінна выйсьці на першы плян у працы беларускіх пісьменьнікаў і поэтаў. Наша мова мае даволі задаткаў для таго, каб даць багатыя вынікі яе распрацоўкі[11]. У артыкуле Дубоўкі, наогул даволі цікавым, нас дзівяць некаторыя асабістыя выпады і асабліва разьдзел пра А. Вольнага. Тут думка ў агульным правільная, але разважаньні пра граніт, ухмылкі і перадача вершаў у расійскай транскрыпцыі вызначаецца няпрыкрытай тэндэнцыяй, што ў сваіх стараньнях „угробіць“ Анатоля Вольнага прыводзіць да казённай трактоўкі мастацкага вобразу ці недарэчных тлумачэньняў слова (ухмылка).

Адносна вельмі цікавага артыкулу проф. Замоціна „М. Багдановіч“ мы мусім зрабіць адну заўвагу. Нам здаецца, што паважаны профэсар, мякка кажучы, перасаліў, выкопваючы здольнасьці дальніх продкаў Багдановіча і ўвязваючы іх надаронасьць з талентам поэты. Нам думаецца, што калі ісьці шляхам гэткіх меркаваньняў, дык сьмела можна дайсьці да ўтварэньня асобнага племені поэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў ды г. д. Калі гэта рабілася для таго, каб (праз бацьку) зьвязаць поэта з сялянскай масай, дык гэта, на наш погляд, таксама зусім лішняе, таму што як ні кажы, а Багдановіч усё-ж такі быў прадстаўніком выкрышталізаванай гарадзкой інтэлігенцыі, і ніколі ніхто ня лічыў гэтага за ганьбу. І тым большаю хібаю артыкулу зьяўляецца слабое асьвятленьне ўмоў, у якіх працякалі студэнцкія годы Багдановіча. Мы мала ведаем аб тых умовах, якія спрыялі формаваньню ў М. Багдановіча нацыянальнай сьвядомасьці. Мы мала ведаем, якія людзі акружалі Багдановіча ў тыя вельмі важныя для яго разьвіцьця часы. Аднак, у агульным артыкул проф. Замоціна зьяўляецца даволі цікавым.

А. Бабарэка ў канцы свайго артыкулу дадае вывады, якія прадстаўляюць цікавасьць зноў-жа для асьвятленьня узвышаўскага пункту аб выкарыстаньні культурнай спадчыны.

І з дэклярацыйных выступленьняў узвышаўцаў раней і цяпер, і з артыкулаў відаць, як захапляецца „Узвышша“ М. Багдановічам і як вылучае яго ў сваіх сымпатыях сярод іншых беларускіх пісьменьнікаў. Мы пастараемся шляхам абеглага аналізу асобы М. Багдановіча і яго творчасьці выявіць карэньні гэтых сымпатый.

Соцыяльная прыналежнасьць Максіма Багдановіча — рафінаваны інтэлігент, выхаваны ў інтэлігенцкім асяродзішчы, студэнт аднае з найбольш упрывілеяваных навучальных устаноў — Дзямідаўскага Ліцэю ў Яраслаўлі, куды ня ўсякі мог папасьці і дзе Багдановіча акружала пэўнае соцыяльнае асяродзішча.

Па момывах творчасьці М. Б. зьяўляўся найбольш пасыўным у справе змаганьня за зьнішчэньне соцыяльнай несправядлівасьці, у процілегласьць Купале, Коласу і Цішку Гартнаму, і найбольш актыўным у адносінах да нацыянальнага вызваленьня. Апошнія мотывы набывалі ў Багдановіча асаблівую афарбоўку: у Купалы, Коласа і друг. мотывы вызваленьня нацыянальнага шчыльна перапляталіся з мотывамі соцыяльнага вызваленьня. У Багдановіча іначай і не магло быць, калі прыняць пад увагу тое соцыяльнае асяродзішча, у якім ён жыў, а таксама поўную адарванасьць яго ад рэальнага жыцьця соцыяльна-прыгнечаных груп беларускага народу.

Літаратурныя густы М. Б. — згодна артыкулу проф. Замоціна, — поэта любіў чытаць творы Блока, Белага і Мараўскай[12].

Па форме творчасьці М. Багдановіч унёс новую плынь у беларускую літаратуру ў сэнсе формальных шуканьняў. Гэтым Багдановіч зноў-жа зьяўляецца поўнай процілегласьцю Купале, Коласу ды інш., якім была бліжэй народная творчасьць і якія выключна на ёй будавалі сваю творчасьць. Гэткі кірунак багдановічавай творчасьці становіцца зусім зразумелым, калі прыняць пад увагу яго сымпатыі да твораў такіх поэтаў, як Блок, Мараўская, А. Белы, дваранскі лірык Фэт ды інш. Гэтым поэтам ня было прастору ў старых формах расійскай поэзіі, да канца вычарпаных Пушкіным і Лермантавым; ад іх поэзіі пэўныя пласты вымагалі новых нячуваных фарбаў і новых вострых адчуваньняў. Адгэтуль і пашлі ўсякія напрамкі, „ізмы“, як мы іх звыклі называць.

Мы ня будзем падрабязна спыняцца на ўсіх асаблівасьцях Багдановічавай творчасьці, бо гэта не ўваходзіць у нашу тэму. Мы хочам яшчэ падкрэсьліць сымпатыі Багдановіча да беларускай старажытнасьці, што прадстаўляе адну з галін яго лірыкі, прысьвечанай нацыянальнаму вызваленьню Беларусі, і знамянуе тую плынь адраджэнцтва, якая апіралася, галоўным чынам, на нявыразныя гістарычныя традыцыі.

„Узвышша“ па сваёй істоце прадстаўляе таксама густы і інтарэсы сучаснай гарадзкой беларускай інтэлігенцыі, ня маючай ніякай сувязі ні з сялянствам, ні з пролетарыятам, інтэлігенцыі дэклясаванай, але зусім лёяльнай да савецкай улады. Узвышаўцам таксама бліжэй мотывы нацыянальныя, чым соцыяльныя, і стаяць яны ў гэтых мотывах прыблізна гадоў за дзесяць да сёнешняга дня. Творчасьць іх гучыць прыблізна так, як у Багдановіча:

У гутарках, казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе,
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора ўсюды пануе.

Пагоня за новымі формамі, нібыта пабудаванымі на народных, нейкае болеімкненьне (цярновыя вянцы ды іншыя прылады), уласьцівае лібэральнай інтэлігенцыі старога часу, і, нарэшце, „выкарыстаньне культурнай спадчыны“, якое, па істоце, ператвараецца чуць не ў ідэалізацыю старажытнасьці („Беларусь была багатаю і слаўнаю, і незалежнаю, але чужынцы надзелі на яе цярновы вянец і ўкрыжавалі яе на ростані ўсходня-заходніх дарог“ — пераказваем вершы Пушчы). Сучаснае будаўніцтва ня мае прывабных бакоў для узвышаўскай лірыкі, у сучасным у іх — „імжа і склізота і прыкрая золь“. Застаюцца песьні:

Кастальскай крыніцы ня маем,
Няма й златагрывых Пэгасаў.
А песьні аквечаны маем,
А песьні ніколі ня гаснуць.
Жыцьцё іх — нядоля ліхая,
Цярнёвы вянок Беларусі.
Ўсьміхаюцца зоры пад гаем —
Бель-срэбныя ткуцца абрусы.
Плач струнны за сэрца хватае.
Ліецца са струн Аполона… і г. д.

Тут можна знайсьці і Пэгасаў, і Аполона, і Кастальскую крыніцу, а вось жывога пачуцьця, якое было-б водгукам на сучаснасьць, тут няма.

Канчаючы наш агляд, мы зноў мусім пацьвердзіць тыя палажэньні адносна „Узвышша“, якія мы высоўвалі раней. Група, раней належачая да адзінага фронту будаўніцтва пролетарскай літаратуры, пад уплывам пэўных соцыяльных фактараў адышла ад яго. Цяпер, прыкрыўшыся, як шчытом, лёзунгам пролетарскай літаратуры, група працягвае ідэі зусім для пролетарыяту чужыя. Ня гледзячы на тое, што „Узвышша“ ўпарта ўхіляецца ад дыскусіі і адказвае толькі нэрвовымі і нясталымі дэклярацыямі кшталтам „комунікату“ (можа таму, што адчувае сваю слабасьць), задачай нашай крытыкі і ў далейшым застаецца выкрываць усе памылкі групы, каб даць магчымасьць сумленнай частцы яе сяброў, асабліва моладзі, стаць на правільны шлях.

Чэрвень. 1927 г.



  1. Фальш камэртонаў“ і інш.
  2. Па невядомых прычынах мы не спатыкалі на старонках беларускіх часопісяй і газэт бадай што ніводнага твору Пушчы, Дубоўкі і Бабарэкі на працягу цэлага году. Асабліва гэта адносіцца да двух апошніх.
  3. Полымя“ за 1927 г. № 1, стар. 191.
  4. Савецкая Беларусь№ 106108 за 1927 г.
  5. Мы разумеем — спадчыны папярэдніх эпох. Т. Г.
  6. Маладняк“ за 1926 г. № 9, стар. 9, п. 2.
  7. Зусім беларускае слова…
  8. „Прожектор“ № 9 за 1927 г. Раім гэты артыкул, як найбольш даступны і популярны.
  9. Дубоўка. „Пра нашу літаратурную мову“. „Узвышша№ 2, стар. 179.
  10. І такі ёсьць. Хаця „Узвышша“ супроць выяўленьня пачынаючых поэтаў праз літаратурную організацыю, але для Шашалевіча чамусьці зрабіла выключэньне і зьмясьціла яго першы верш у № 2.
  11. Адначасна мы лічылі-б патрэбным закрануць яшчэ адну зьяву, гэта наша, так сказаць, офіцыйная мова. Жах бярэ, калі пачытаеш паперы ды шыльды некаторых устаноў, дзе, здавалася-б, справа павінна стаяць значна лепш. Дагэтуль змаганьне з калечаньнем мовы вялося толькі ў форме фэльетонаў, але час ужо ўзяцца за гэту справу больш сур‘ёзна.
  12. М. Мараўская — расійская поэтэса дарэволюцыйнай пары; была даволі популярнай у колах арыстократыі і гарадзкой інтэлігенцыі побач з Лохвіцкай, Севераніным, Ахматавай і інш.