Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/«Вельмі многа слоў»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб „фальшы камэртонаў“ „Вельмі многа слоў“
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Пад шыльдай пролетарскай літаратуры
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Вельмі многа слоў…».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ВЕЛЬМІ МНОГА СЛОЎ…“

„Мы все глядим в Наполеоны“
Пушкин.

Апошнія гады беларускай літаратуры адзначылі канец яе „дзіцячым гадом“ і палажылі пачатак юнацтву яе. Той факт, што ў нас зьявіліся буйныя па свайму мастацкаму значэньню творы, што беларуская літаратура пачынае, хоць яшчэ нясьмелымі, няўпэўненымі крокамі, выбірацца за межы Беларусі, нарэшце, той факт, што нарастаюць новыя буйныя кадры здольных і моцных новых пісьменьнікаў, — усё гэта паказвае, што беларуская літаратура цьвёрда стала на шлях далейшага разьвіцьця.

Беларускія рабочыя і сяляне пад самым носам буржуазнага Захаду будуюць сваю сельскую гаспадарку, наладжваюць сваю прамысловасьць, разгортваюць культурнае будаўніцтва — будуюць соцыялістычную дзяржаву.

І вось на грунце агульнага гаспадарчага ўздыму краіны пачынае расьці і крэпнуць наша літаратура.

Гаворачы пра літаратуру, мы зусім ня маем на ўвазе рознага гатунку заяў, апэляцый, комунікатаў і іншых „мастацкіх“ твораў, якімі любяць „глушыць“ людзей некаторыя „любители сильных ощущений“. Мы разумеем тут сапраўдную літаратуру. Мы гаворым пра „Босыя на вогнішчыМ. Чарота, пра поэму, якая вытрымала некалькі выданьняў, ня лічачы перадруку ў дзесятку розных хрэстаматый, і перакладзена на іншыя мовы. Мы можам гаварыць пра „Сокі ЦаліныЦ. Гартнага — першы беларускі роман, аб якім у свой час плялі ўсякую бязглузьдзіцу некаторыя з нашых літаратурных „наполеонаў“. Мы можам гаварыць аб клясычных творах народнага поэты рэспублікі Якуба Коласа — „Новая Зямля“ і „Сымон Музыка“. Мы ня можам маўчаць аб творчасьці другога народнага поэты Янкі Купалы, творы якога робяцца народнымі песьнямі і ведаюць ужо не адну, ня дзьве чужаземныя мовы. Немагчыма пералічыць цяпер тыя скарбы, якія мы маем у нашай літаратуры, — гэта справа бібліографа.

Якім шляхам ідзе наша літаратура ў сваім разьвіцьці? Адкуль адыходзяць нашы пісьменьнікі і поэты ў сваёй творчай працы? Проф. Коган у адным з сваіх артыкулаў піша так:

„Литературное произведение — явление общественное, а не индивидуальное. Оно возникает с неизбежной необходимостью, как возникает в процессе борьбы всякое другое орудие на известной стадии развития, когда является в нем необходимость. Искать в художественном произведении его автора, это значит говорить о второстепенном. Это равно, что об‘яснять появление железной дороги или моста в данном месте вдохновением инженера, а не совокупностью экономических условий“[1].

Нам ня прыходзіцца тут паўтараць, што літаратура зьяўляецца зброяй клясавай барацьбы і што кожны пісьменьнік у сваёй творчасьці толькі адбівае сьветапогляд таго соцыяльнага асяродзьдзя, з якім ён зьвязан. Гэта старая думка і мыляецца той, хто думае, што можна адарвацца ад аднае клясы і ня прыстаць да другой. Ня можа быць такіх пазаклясавых людзей і, тым больш, пазаклясавай літаратуры. Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне „Узвышша“ наіўна разважае:

„Мусім напомніць, што чатыры члены нашага згуртаваньня самі былі членамі ЦБ „Маладняка“ да свайго выхаду адтуль, што адзін з гэтых чатырох на працягу паўгода стаяў на чале „Маладняка“, другі кіраваў выхаваўчым, а пасьля крытычна-дасьледчым аддзелам, а трэці ўвесь час быў літсэкратаром, а пасьля загадчыкам рэдакцыйна-выдавецкага аддзелу. Выходзіць, што ня нас выхоўвалі, а мы выхоўвалі. Але мы ня трымаемся таго няправільнага погляду, што літаратурная група можа выхоўваць паасобных членаў. Яна можа толькі концэнтраваць і накіроўваць творчую думку і працу выхаваных у навучальных інстытуцыях людзей па шляху разьвіцьця і ўзбагачэньня літаратуры[2].

Першае, мы лічым, што навучальныя ўстановы маюць на мэце, галоўным чынам, адукацыю, і што выхаваньне ёсьць ня што іншае, як накіроўваньне творчых сіл людзей па таму ці іншаму шляху.

Падругое, мы гатовы згадзіцца з тым, што ніякая літаратурная група, хаця-б яна звалася нават згуртаваньнем, ня можа выхоўваць паасобных членаў. Але мы сумняваемся ў тым, каб два-тры чалавекі маглі выхоўваць вялізарную організацыю, якая раскінула свае філіі і гуртки па ўсёй рэспубліцы і па-замежамі яе, — організацыю масавую. Занадта цяжкая праца для трох чалавек — надарвацца можна. З гэтым, нам здаецца, згодзіцца кожны чалавек, граматнасьць якога ідзе далей літары „а“.

Але ў гэтай самаўпэўненай зьяве „згуртаваньня“ цікава не яе банапартысцкая хадульнасьць, а тыя вывады, якія самі напрашваюцца, ня гледзячы на заяву аб невыключэньні, актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці кожнага з пісьменьнікаў, як члена профсаюзу, як удзельніка савецкага будаўніцтва праз месца сваёй службы“[3]. Нам вядомы гэты актыўны ўдзел, „праз месца сваёй службы“!.. Гэты „актыўны“ ўдзел у большасьці выпадкаў абмяжоўваецца акуратнай працаю ад 9-й да 4-й гадзіны, сваячаснаю уплатаю сяброўскіх узносаў і г. д. А вы-б без „выключэньняў“ пашлі-б у рабочы клюб, паехалі-б у вёску, ад сучаснага жыцьця якой вы адарваліся. Гэта добрая школа, грамадзяне з літаратурна-мастацкага згуртаваньня!

„Маладняк“ гэта робіць і ў выніку сваёй працы мае да трыццаці сяброў, творы якіх прадыктаваны самім жыцьцём, сапраўдным, не надуманым, якія ня крычаць аб сабе, але творы якіх можна сьмела параўнаць па мастацкасьці з творамі любога з сяброў „згуртаваньня“.

Мы зусім ня зьбіраемся рабіць ніякіх вывадаў з таго, што, напрыклад, у „узвышаўцаў“ Пушчы, К. Чорнага і ў некаторых другіх бадай што ніводнага слова ні пра рэволюцыю, ні пра грамадзянскую вайну на Беларусі — нявычарпаныя крыніцы найпрыгажэйшых эпізодаў і вобразаў. Тут няма нічога страшнага, але гэта зьявішча, на наш погляд, сымптоматычнае.

Вось тая організацыйная пляцформа, якую заняло „Узвышша“. На вялікі жаль, мы ня можам судзіць аб сучаснай творчасьці „Узвышша“, бо за апошнія 4—5 месяцаў мы бадай што ня бачылі ніводнага зборнічка сяброў згуртаваньня. Будучы ў „Маладняку“, яны, натуральна, прытрымліваліся ў некаторай меры агульнай лініі „Маладняка“. Трэба чакаць, што будучыя творы ўзвышаўцаў будуць цалкам адпавядаць іх організацыйнай пляцформе. Пакуль што адзіным матэрыялам, па якім можна судзіць пра „Узвышша“, зьяўляецца яго „комунікат“, у якім тэзісы організацыйных асноў „згуртаваньня“ перасыпаны нелёгічнасьцямі, самахвальствам і дзіцячымі асабістымі выбрыкамі.

Перад нашаю маладою літаратурай ляжаць два шляхі. Першы — гэта шлях будаваньня беларускай клясавай пролетарскай літаратуры, шлях „Маладняка“, які прагаласіў сваю пляцформу у сваёй дэклярацыі[4] і, ня ў прыклад іншым, падмацаваў яе творчасьцю сваіх сяброў у паасобных зборніках, у часопісі „Маладняк“, „Сталёвы ўзьлёт“ і інш. На гэтым шляху перад намі паўстае ў першую чаргу задача організацыі сур‘ёзнай марксыцкай крытыкі, у агні якой загартаваліся-б расткі беларускай пролетарскай літаратуры. На гэтым шляху беларуская літаратура забясьпечана сталым прытокам новых, здаровых, сьвежых сіл, вышаўшых з рабоча-сялянскіх мас. На гэтым шляху стаіць зараз беларуская літаратура. Наўрад ці будзе мець хоць якое значэньне другі шлях, шлях „Узвышша“. Гэта блытаны нявыразны шлях замыканьня, хадульных фраз і асабістых склок.


  1. Проф. Коган. Литература этих лет, 1924 г., стар. 9.
  2. Комунікат“ (гл. „Сав. Бел. № 225 (1880) за 1926 г.).
  3. Комунікат“ (гл. „Сав. Бел.№ 225 (1880) за 1926 г.).
  4. Маладняк№ 9, Савецкая Беларусь, 1926 г. № 271 (1866).