Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1927
Крыніца: Узвышша, 1927, №2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уступныя ўвагі наконт ацэнак наогул

Кожны прадмет чалавечага дачыненьня на пэўнай ступені ў разьвіцьці гэтага дачыненьня становіцца прадметам асабовае або колектыўнае ацэнкі. З ліку такіх прадметаў не выключаюцца і мастацкія творы, і само мастацтва, і яго дзейныя сілы — мастакі, поэты і пісьменьнікі.

Значэньне ацэнкі вызначаецца, між іншым, і тым пунктам гледжаньня, з якога робіцца гэта ацэнка. Калі ім ахапляюцца ўсе стораны прадмету ацэнкі, усе яго разнастайнасьці і выяўляюцца погляды, разуменьні і практыка дачыненьняў шырокіх колаў грамадзтва, то і ацэнка, зробленая з гэтага пункту, будзе адпавядаць інтарэсам гэтых колаў, і таму раней ці пазьней яна будзе вызнана за правіловую. У праціўным выпадку яна буд зе мець значэньне альбо частковае, няпоўнае, абмяжованае, альбо і зусім зьвядзецца да нуля, як на гэта трапна зазначае Ф. Мэрынг, калі гаворыць наконт значэньня асабістага эстэтычнага густу: „Ёсьць ведама, — кажа ён у сваіх „Эстэтычных нататках“ („Aesthet[ische] Streifzuge“), — мера гістарычнага значэньня таго ці іншага суб’ектыўнага густу залежыць ад гістарычнага значэньня людзей, якія ўладаюць гэтым густам; пасколькі для нас цікавы гістарычныя фігуры Маркса, Ласаля, Штэйна, Шапэнгаўэра, пастолькі цікавы і іх эстэтычны густ. Наадварот, у гістарычна малакаштоўных асоб гістарычнае вызначэньне іх суб’ектыўнага густу спадае да нуля...“

Ставячы зазначэньне Ф. Мэрынга ў роўніцу ня толькі эстэтычных густаў асобы, але наогул поглядаў і разуменьняў асобы, якая ацэньвае той ці іншы прадмет, вынікае, што значэньне ўсякае ацэнкі прадумоўліваецца наступнымі момантамі: 1) асобаю, якая цэніць (суб’ект ацэнкі), 2) мераю каштоўнасьці, ужытаю пры ацэньваньні (крытэры ацэнкі), 3) спосабам ацэньваньня (мэтод ацэнкі), 4) мэтаю, якая сочыцца асобаю пры ацэньваньні (мэта ацэнкі) і 5) самым выражэньнем ацэнкі (формула ацэнкі).

Бяручы на ўвагу ўласьцівасьць вызначаных момантаў зьменьвацца ў працэсе гістарычнага іх разьвіцьця незалежна ад об’ектаў ацэньваньня, становіцца зразумелаю ўся тая разнастайнасьць ацэнак у дачыненьні да пэўных прадметаў мастацтва, якая намнажаецца з цягам гадоў вакол гэных прадметаў. Аднак пры такім стане ў разьвіцьці момантаў, якімі вызначаецца каштоўнасьць ці значэньне таго ці іншага мастацкага твору, ня можа быць сумненьня ў тым, што сама разнастайнасьць ацэнак у пэўнай меры адбівае сабою разнастайнасьць уласьцівасьцяй адпаведных об’ектаў ацэнак. З прычыны гэтага наяўнасьць супярэчнасьцяй між ацэнкамі адбівае сабою ня столькі супярэчнасьці ацэненых твораў, сколькі тыя супярэчнасьці, што існуюць між суб’ектамі ацэнкі. Адгэтуль разнастайнасьць ацэнак адначасова з выяўленьнем гэных супярэчнасьцяй зьяўляецца выяўленьнем і разнастайных старон аднаго і таго–ж твору ці наогул прадмету дачыненьня і ацэньваньня.

У дачыненьні мастацкіх твораў разнастайнасьць іх азначэньняў і ацэнак вызначаецца, галоўным чынам, падыходам да іх тых, хто выяўляе іх каштоўнасьці, і іх поглядам на самы каштоўнасьці. Адны ў мастацкіх творах цэняць думкі або пачуцьці, выражэньнем якіх зьяўляюцца гэныя творы. Другія ідуць далей і ацэньваюць умовы зьяўленьня і крыніцы пахаджэньня выражаных думак і пачуцьцяў. Трэція імкнуцца вызначыць значэньне нашэльнікаў выяўленай ідэолёгіі ў грамадзкім разрэзе. Чацьвертыя–ж углядаюць вартасьці саміх твораў, саміх выражэньняў як пэўных знакаў, і толькі. Для пятых каштоўна тое, што абуджаецца мастацкім творам у іх сьвядомасьці. Шостыя вызначаюць за каштоўнае тое, што, па іх думках, можа выклікаць мастацкі твор да жыцьця ў сьвядомасьці ці дзейнасьці іншых людзей ці ў іншым часе. Сёмыя будуць цаніць мастацкія творы як умову для фармаваньня пажаданых поглядаў, словам, для выхаваньня людзей пажаданага складу псыхікі, спосабаў думаньня і г. д. Восьмыя разглядацьмуць іх як матар’ял, прыдатны ў той ці іншай патрэбе, прыкладам, для высьвятленьня наогул пытаньняў мастацтва і інш. Яшчэ іначай расцэняць мастацкі твор дзевятыя, дзесятыя... і сотыя. Не зважаючы, аднак, на такую разнастайнасьць у магчымасьцях ацэнак, усё падлежнае ім распадаецца ў асноўным на дзьве катэгорыі: 1) тое, што знаходзіцца ці зьмяшчаецца за межамі мастацкага твору, але так ці іначай з ім зьвязана, і 2) тое, што становіць сабою сам твор вонку залежнасьці ад таго, чаго выражэньнем ён зьяўляецца або можа зьявіцца. Іначай кажучы, першую катэгорыю падлежнага ацэнкам складае об’ектыўнае, а другую — суб’ектыўнае з пункту гледжаньня самога твору.

З пададзеных зазначэньняў вынікае, што найбольш поўнаю ацэнкаю мастацкага твору ці наогул мастацтва або пэўных яго сіл, будзе тая, што ўлічае сабою і ўбірае ў сабе (засяроджвае) усё, што так ці іначай зьвязваецца з яе прадметам. Іначай кажучы, значна тая ацэнка (формула), якая зьмяшчае ў сабе падсумаваньне ўсяго напластаваньня і намнажэньня поглядаў і азначэньняў прадмету ацэнкі. Такое палажэньне абавязвае пры ацэньваньні любога мастацкага твору або ўсёй творчасьці таго ці іншага мастака да выяўленьня і высьвятленьня ўсіх тых ацэнак, якімі яны вызначаліся ў гістарычным сваім бытаваньні. У гэтым дачыненьні каштоўны ўсе тыя матар’ялы, якія тым ці іншым спосабам замацованы і захованы ў чалавечай памяці, незалежна ад гістарычнага значэньня тых асоб, якім належаць гэтыя матар’ялы.

Калі падыйсьці з гэтага боку да М. Багдановіча, то перадусім патрэбна зазначыць, што яго жыцьцё і дзейнасьць у канкрэтных сваіх выяўленьнях набылі ўжо досыць багаты, т. ск., „процанты капітал“ разнастайных ацэнак, дадзеных з поваду тых ці іншых праяў яго рознымі асобамі, у розны час і ў розных мерах. З гэтага боку творчасьць М. Багдановіча ня толькі ня спыняе росту сваіх вызначэньняў, а, наадварот, паглыбляе, пашырае іх і выяўляе ўсё новыя і новыя магчымасьці дзеля ўзросту гэтага напластаваньня ў будучых гадох. Яна сапраўды такая, „як дар прыроды — вінаграднае, густое, цёмнае віно: дні ідуць, праходзяць годы, — але ўсё крапчэй, хмяльней робіцца яно“. І нічога няма дзіўнага, калі гэтакая творчасьць у будучым намножыць ня толькі ацэнак, але і кірункаў, школ і новых твораў, новых мастакоў, што будуць весьці далей тую творчую працу, пачаткам якое яна зьяўляецца. Яна гэтага годна!

Творчасьць М. Багдановіча ў яго ўласных ацэнках

У гісторыі ўтварэньня разуменьняў наконт творчасьці М. Багдановіча першае месца займаюць ацэнкі яе, дадзеныя самім аўтарам як першым чытачом і крытыкам сваіх твораў.

Па формах выражэньня гэтыя ацэнкі ў асноўным выяўляюцца ў трох відах: 1) у факце надсыланьня твораў у рэдакцыі дзеля друкаваньня іх, 2) у характарыстыках уласнай практыкі творчасьці, зьвязаных з суджэньнямі аўтара пра іншых поэтаў або з меркаваньнямі па тых ці іншых пытаньнях беларускае поэзіі наогул і 3) у вершаваных характарыстыках сваіх твораў, пададзеных у зьвязку з выступленьнем поэты з цэлым зборнікам твораў.

У дачыненьні пытаньня наконт факту надсыланьня твораў да друку, як аднэй з формаў выражэньня аўтарскага вызнаньня пэўнай каштоўнасьці за сваімі творамі, апублікаваных матар’ялаў надзвычайна мала. З прычыны гэтага тыя даведкі, якія выпадкамі пададзены ва ўспамінах тых ці іншых асоб пра М. Багдановіча, зьяўляюцца цікавымі тым, што яны ў пэўнай меры паказваюць на адносіны М. Багдановіча да апублікаваньня сваіх твораў.

М. Багдановіч надаваў вялікае значэньне друкаваньню твораў і адносіўся да гэтай справы сур’ёзна, будучы ўсьвядомленым у тэй адказнасьці за выдрукаваныя творы, якую бярэ на сябе іх аўтар перад грамадою, перад чытачом. Дзеля гэтага самы факт надсыланьня твораў да друку ў пэўнай меры зьяўляўся выражэньнем аўтаравага вызнаньня каштоўнасьці сваіх твораў як твораў, годных друку, а праз гэта вартых увагі чытача і пэўнага месца ў шэрагу твораў іншых пісьменьнікаў. Іначай кажучы, надсыланьнем твораў да друку выражалася вызнаньне аўтара пэўнага значэньня за імі ў разьвіцьці беларускай поэзіі. Адказнасьці за іх М. Багдановіч ня толькі ня ўхіляўся, а, наадварот, цалком браў яе на сябе, падпісваючы свае творы ўласным прозьвішчам. Калі–ж некаторыя з надасланых у 1909 годзе твораў былі выдрукаваны „Нашаю Ніваю“ пад псэўдонімам, то М. Багдановіч, як сьцьвярджае ў сваіх успамінах пра яго В. Ластоўскі, горача протэставаў супроць перахрышчэньня. Факт гэтага протэсту ў пэўнай меры зьяўляецца выражэньнем адносін М. Багдановіча да апублікаваньня сваіх твораў і поглядаў на іх у сэнсе вызнаньня за імі пэўнай каштоўнасьці і значэньня, якое ў далейшым выяўляецца самім больш канкрэтным азначэньні.

Перш чым перайсьці да агляду гэтых канкрэтных азначэньняў годнасьці Багдановічавых твораў, вызнанай самім аўтарам і выяўленай перадусім фактам надсыланьня іх да друку, небясьцікаўна адзначыць погляды М. Багдановіча на спосабы і крытэрыі для выяўленьня каштоўнасьці тых ці іншых твораў літаратурнага мастацтва. Гэтыя погляды не маглі не адбіцца ў той ці іншай меры на выражэньнях (формулах) Багдановічавых ацэнак уласных твораў.

Як падае ў сваіх успамінах памінаны ўжо вышэй В. Ластоўскі, Багдановіч у часе першага прабываньня на Беларусі прывёз быў у Вільню „проект ацэны літаратурных твораў, прыдуманы ім у часе адпачынку“ на вёсцы. Згодна гэтага „проекту“, М. Багдановіч лічыў за спосаб выяўленьня каштоўнасьці твораў параўнаньне іх на падставе дакладнага „да матэматычнага падлічэньня“, як сьцьвярджае аўтар успамінаў, аналізу раўнаваных твораў, а за крытэры каштоўнасьці іх „орыгінальнасьць“ з пазьнейшым далучэньнем да гэтага яшчэ „апрацованасьці — шліфоўкі“ твораў.

Канкрэтных узораў дапасаваньня гэтых прынцыпаў пры разглядзе тых ці іншых твораў у М. Багдановіча ня выяўлена. Аднак адбітак іх знайшоў сваё выражэньне ў тых характарыстыках і палажэньнях, якія былі высунуты М. Багдановічам як у дачыненьні некаторых пытаньняў разьвіцьця беларускае поэзіі, так і ў азначэньнях, якія ён даваў і сваім уласным творам, і творам іншых беларускіх пісьменьнікаў.

Робячы агляд беларускага прыгожага пісьменства за 1911 — 13 гады, М. Багдановіч у дачыненьні сваіх уласных твораў піша наступнае: „М. Багдановіч таксама дбаў аб разьвіцьці вершу і даў колькі „нанізак“ іх (цыкляў) новых або па тэмах, або па форме. Сюды належаць вершы, напісаныя „накшталт народных песьняў або ў старафранцускіх формах, далей вершы аб старой Беларусі і дзе што іншае“ („Калядная пісанка“, Вільня, 1913 г.).

Гэтым зазначэньнем адзначаецца вызнаная аўтарам агляду годнасьць, з аднаго боку, у дачыненьні да самога сябе як поэты, а з другога — у стасунку да сваіх мастацкіх твораў. Годнасьць першага парадку ім вызначаецца як дбаньне аб разьвіцьці вершу, якое, аднак, М. Багдановічам не выстаўляецца як выключная яго ўласьцівасьць. Ён кажа, што М. Б. таксама дбаў, і тым самым не вылучае сябе ў гэтым дачыненьні з шэрагу іншых беларускіх поэтаў, адзначаных ім у аглядзе. Годнасьць–жа сваіх твораў ён углядае ў ноўнасьці іх або тэматычнай, або формальнай дзякуючы чаму яны і не абмінаюцца аглядальнікам менавіта беларускага прыгожага пісьменства за пэўны час.

Такім чынам, разуменьне навіны ўласных твораў (менавіта вершаў) М. Багдановіч абмяжоўвае рамкамі разуменьня беларускае літаратуры ў пэўны момант яе разьвіцьця, і таму гэта навіна яго твораў у беларускіх умовах адзначаецца ім як паняцьце з канкрэтным зьместам, а менавіта: 1) народна–песенная форма вершаў, 2) старафранцускія формы і 3) гістарычна–нацыянальная тэматыка некаторых вершаў.

Насколькі правільнаю была такая аўтарская ацэнка твораў, гэта выявіцца з практыкі ацэнак творчасьці М. Багдановіча крытыкаю. Зараз–жа патрэбна зазначыць, што падобную навіну сваіх твораў М. Багдановіч адзначаў і ў іншых сваіх артыкулах, якія мелі характар або тэорытычны, або гісторыка–культурны. У гэтым няма нічога перабольшанага, бо, як будзе відаць з далейшага нарысу, палажэньні М. Багдановіча наконт сваіх твораў сьцьвярджаюцца палажэньнямі беларускае крытыкі. Дзеля гэтага дарэмна спрабавалі некаторыя крытыкі рабіць М. Багдановічу зусім беспадстаўны закід у нетактоўнасьці яго ў крытыцы, якая ўглядалася ў тым, што сам аўтар гаворыць пра свае творы пры аглядах літаратуры; і ў той–жа час самі гэтыя крытыкі ішлі сьледам за Багдановічам і не абміналі сваіх твораў пры крытыцы чужых.

Аднак больш паглыбленае і канкрэтнае вызначэньне каштоўнасьці ўласных твораў у Багдановіча выражана не ў яго артыкулах, а ў форме, з аднаго боку, уступных вершаў і рознага роду эпіграфах, якімі аўтар характарызуе тыя ці іншыя свае творы, а з другога боку, у форме архітэктонікі свайго зборніку вершаў як мастацкага цэлага. У дачыненьні апошняга падае цікавыя матар’ялы Я. Плашчынскі ў сваім артыкуле „Кніга лірыкі як мастацкае цэлае“ („Узвышша“, № 1). Пэўнаю сыстэмаю (узгодненасьцю) будовы кніжкі выбраных вершаў М. Багдановіч выражае і ўласны погляд на каштоўнасьць сваіх твораў у іх адзінстве. Апроч вызначэньня іх як выбраных, сама гэта сыстэма можа разглядацца як форма вызначэньня годнасьці сабраных твораў, якая аўтарам вызнана ў узгодненасьці адзінства разнастайных браных вершаў.

Уся гэта кніжка выбраных вершаў („Вянок“, назва дадзеная В. Ластоўскім, згодна яго ўспамінам пра М. Багдановіча) складаецца ў асноўным з дзьвёх частак: 1) „Малюнкі і сьпевы“ з эпіграфам з А. Фета „Этот листок, что изсох и свалился, золотом вечным горит в песнопении“, і 2) „Мадонны“ без эпіграфу. У сваю чаргу, першая частка абнімае сабою сем „нізак вершаў“: 1) „У зачарованым царстве“, 2) „Згукі бацькаўшчыны“, 3) „Старая Беларусь“, 4) „Места“, 5) „Думы“, 6) „Вольныя думы“ і 7) „Старая спадчына“. Другая частка зьмяшчае два творы ліро–эпічнага характару: 1) „У вёсцы“ і 2) „Вэроніка“, апошні твор самім аўтарам азначаны як „вершаванае апавяданьне“. Такая сыстэма будовы кніжкі адбівае сабою асноўныя моманты творчага шляху самога поэты. Узгодненасьць ліній гэтага шляху, што ідуць ад вобразаў нацыянальнай міталёгіі, адзгукаў народных сьпеваў у сучаснасьці, ад падзей нацыянальнай гісторыі, ад адчуваньняў і пазнаньня гарадзкой сучаснай культуры, адздабыткаў чалавечае думкі, ад уласнай сьвядомасьці і ад аўладаньня спадчынаю агульналюдзкое культуры (у галіне поэтычнага мастацтва) — гэта ўзгодненасьць і становіць сабою годнасьць выбраных твораў. Самы творчы шлях у галіне відаў поэзіі адпаведна гэтай сыстэме йдзе ад слоўнага выяўленства („жывапіснасьці“) і музычнай лірыкі да шырокай вобразнасьці вершаванага эпасу, ад лірычнага выяўленьня рэчаіснасьці да эпічнага яе афармаваньня. Такі шлях вызначаецца „Вянком“ у разьвіцьці творчасьці М. Багдановіча і вызнаны самім аўтарам як годнасьць літаратурна–мастацкай дзейнасьці, першаю справа здачаю, аб выніках якое і зьявілася фактычна кніжка выбраных вершаў.

Характарызуючы групы гэтых вершаў ці то ўступнымі вершамі, ці то эпіграфамі, як было ўжо зазначана вышай, М. Багдановіч вызначае разнастайныя каштоўнасьці іх і далёка не вызнае аднальковасьці характару каштоўнага для ўсіх вершаў. У кожнай нізцы вершаў М. Багдановіч адзначае як каштоўнае толькі тое, што на яго думку, зьяўляецца характэрным і асноўным для дадзенай нізкі. Гэтым самым выяўляецца ім той прынцып, па якому каштоўнае для аднаго можа быць не каштоўным для другога і які вымагае ад кожнага, хто трымаецца яго, лічыцца з сваеасаблівасьцю (самавітасьцю) кожнае зьявы ці рэчы і падыходзіць да іх у ацэнках адпаведна гэтым сваеасаблівасьцям.

У вершы, якім адчыняецца „Вянок“, М. Багдановіч, зьвяртаючыся да тых, хто любіць „натрапіць між страніц старых пажоўклых кнігі, ужо даўно забытай, блеклы высахшы лісток“, г. зн. фактычна да будучага чытача, т. ск., да археоляга мастацтва, кажа:

Праглядзеце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежыя калісьці
Думак шчырых і чуцьця.

Гэтым самым поэта перад тварам сваіх будучых чытачоў ацэньвае сваю кніжку выбраных вершаў як зборнік рэальных помнікаў таго, што калісьці ў поэты жыло шчырымі думкамі і пачуцьцямі, і ў сьвежасьці свайго красаваньня ім–жа самім зьнята і замацавана на паперы і, т. ч., захована ў сваіх рэальных формах для нашчадкаў як памяць, знак пра былое, думы і пачуцьці чалавека, што калісьці жыў на зямлі.

У гэтай характарыстыцы зьвяртае на сябе ўвагу падыход М. Багдановіча ў справе ацэнкі сваіх твораў. Ён глядзіць на іх, як выяўляецца ў гэтым вершы, з пункту будучага чытача, будучага чалавека. З пункту гледжаньня гэтага ідэальнага аддаленьня ад сваіх твораў, з „прыгожае далі“ перад М. Багдановічам свае ўласныя творы паўсталі як–бы ў двух абліччах: 1) выражанае з псыхалягічнага зьместу і 2) само выражэньне. Першае М. Багдановічу ўяўляецца як каштоўнасьць гістарычная, якая ў свой час мае пэўнае значэньне, а ў другі — гэта значэньне можа страціць сваю актуальнасьць або набыць іншы характар. Другі бок твораў вызнаецца аўтарам за нязьменную велічыню і ўяўляецца ім як каштоўнасьць гістарычная, якая заўжды можа мець для чалавека актуальнае значэньне. Гэта каштоўнасьць фармальна–мастацкага парадку, як аснова для эстэтычных перажываньняў (засушаныя краскі думак і чуцьця). Такім чынам, М. Багдановіч, характарызуючы свае творы ўступным вершам, вызнае каштоўнасьць іх дваякага роду: 1) гістарычную за выражаным зьместам і 2) фармальна–мастацкую, эстэтычную за самым выражэньнем яго.

У дачыненьні–ж да паасобных нізак вершаў, што складаюць кніжку выбраных вершаў, М. Багдановіч падыходзіць з іншых бакоў і вызначае за каштоўнае ў іх або жывучасьць малюнковасьці і музычнасьці ў песьнятворчасьці, або жывое поэтычнае сьведчаньне аб мінуўшых падзеях у жыцьці народу, або выражэньне вастраты асабовых адчуваньняў, або адсутнасьць у аўтара песень „куміра“ ў галіне мысьлі, або „глыбіннасьць слоў“, або здольнасьць „вылечваць хваробы“ дум, або, урэшце, адбітак агульналюдзкай культуры, „ураджаю сталецьцяў“ у разьвіцьці мастацкіх формаў. Ня спыняючыся на ўсіх гэтых азначэньнях, зьвернем увагу толькі на некаторыя з іх, што падаюцца аўтарам кніжкі выбраных вершаў ва ўступных вершах да асобных нізак.

Ва „ўступе“ да нізкі „Вольныя думы“ М. Багдановіч гаворыць:

Я думы, ня скутыя путамі,
Тут перад вамі вываджу,
А проці ганеньня кажу:
Хваробы лечаць і атрутамі.

Гэтыя радкі акад. Е. Карскі ў сваім нарысе пра М. Багдановіча адзначае як выражэньне поглядаў поэты на сродкі поэзіі, якімі яна можа карыстацца дзеля аслабленьня і ўцінаньня чалавечых недахватаў. „...Стихи могут быть даже полны яда, если этим способом они смогут уврачевать больное человечество“, — так фармулюе ён мотыў гэтага вершу („Белорусы“, т. III, в. III., стар. 315). Такім чынам, М. Багдановіч і тут, зьвяртаючыся да чытача (у цяперашнім часе), вызначае нізку вершаў „Вольныя думы“ як выражэньне думаў, няскутых путамі, супроць якіх магчыма ганеньне без залежнасьці гэтых дум ад іх прадметаў. Супроць гэтага ганеньня поэта забясьпечаны сьвядомасьцю ў тым, што „хваробы лечаць і атрутамі“ або, як гэта выражана праз эпіграф з Гэйнэ, супроць атруты ёсьць адатрута. Гэтым самым, як–бы надаючы права чытачом судзіць пра тое, чым зьяўляецца выражанае ў вершах дадзенай нізкі — хваробаю ці атрутаю ад яе, — М. Багдановіч вызнае за каштоўнае ў іх, з аднаго боку, няскутасьць дум путамі, незалежнасьць іх ад умоўнасьцяй наогул і, з другога боку, мотываванасьць самога выражэньня іх сьвядомым пераконаньнем поэты ў станоўчасьці значэньня выражэньняў такога характару дум (у даным выпадку — асабовых). У яго поглядах вольнае, пазбаўленае ад абмяжованасьці ўмоўнасьці ў грамадзе выказваньне ўсяго, што перажываецца чалавекам, зьяўляецца спосабам, што да лячэньня хвароб гэтага чалавека. Такім чынам, М. Багдановіч ацэньвае нізку вершаў „Вольныя думы“ як каштоўнасьць сацыяльна–абычаёвага парадку (каштоўнасьць этычная).

Іначай поэта глядзіць на нізку вершаў „Места“. Ва ўступе да яе, кажучы аб тым шляху, якім вынікла гэта нізка вершаў, ён зазначае:

У грудзі кволыя запала
Дачка каменьняў, места мне.
Пачую я тэй іскры жала,
І верш аб месьце з сэрца мкне.

Тут М. Багдановіч ацэньвае свае вершы перадусім як выражэньне вастраты адчуваньняў ад іскравых уражаньняў і зьяў (у даным выпадку — горада). Як каштоўнае гэтых вершаў ім адзначаецца ня столькі само выражэньне, сколькі тая вастрата адчуваньняў, прадметам якое зьявілася „дачка каменьняў“, а яе выражэньнем „верш аб месьце“ — вынік гэтых адчуваньняў. Такім чынам, у дачыненьні да гэтай нізкі поэта падкрэсьлівае на каштоўнасьць яе эмоцыянальнага характару, а менавіта эмоцыянальную мотываванасьць вершаў („верш аб месьце з сэрца мкне“), незалежна ад эстэтычнай каштоўнасьці саміх выражэньняў. Вызначэньне апошняй поэта абмінае як у дачыненьні да гэтай нізкі, так і ў дачыненьні вышэйадзначанай нізкі „Вольныя думы“.

Падагульваючы паданае наконт пытаньня Багдановічавага вызначэньня каштоўнасьцяй сваіх твораў, магчыма зрабіць некаторыя высновы.

М. Багдановіч, як першы чытач і крытык сваіх уласных твораў, пры вызначэньні іх каштоўнасьці падыходзіць не з аднолькаваю для ўсіх твораў мераю. У кожным асобным выпадку ён ужывае і асобны крытэры. Вызначаючы ў сваіх артыкулах свае творы як новыя па тэматыцы або формах у беларускіх умовах, ён у дачыненьні свайго першага зборніку твораў падыходзіць з крытэрыямі азначанай навіны ў дзьвюх роўніцах: гістарычнай і фармальна–мастацкай (эстэтычнай), бяручы за норму апошняй прыродную прыгожасьць формаў („краскі“). Гістарычная мера навіны ў дапасаваньні да паасобных разьдзелаў у кніжцы выбраных вершаў складаецца з адзінак сацыяльна і асабова–псыхолёгічнага зьместу, выражанага творамі і, такім чынам, каштоўнасьць у кожным асобным выпадку вызначаецца па сваеасаблівасьці (самавітасьці) разнастайных твораў у іх адзінстве. На падставе гэтага М. Багдановіч вызнаваў каштоўнае за сваімі творамі ў тым: 1) што яны выражаюць пэўныя самавітыя думы і пачуцьці, якія мелі месца ў пэўны гістарычны момант культурнага нацыянальнага разьвіцьця, 2) што само выражэньне іх зьяўляецца самавітаю ўмоваю дзеля абуджэньня пачуцьцяў хараства поэтычнымі формамі і вобразамі і 3) што гэта выражэньне ёсьць вынік сьвядомае працы („дбаньня“) над афармаваньнем бясформных матар’ялаў спадчыны мастацкай культуры як нацыянальнай, так і здабыткаў агульналюдзкае культуры („ураджаю сталецьцяў“). Канкрэтна гэта каштоўнае адзначана самім поэтай праз выяўленьне разнастайнасьці і багацьця тэматычных і фармальных крыніц творчасьці і выяўленьне культурнасьці свае творчае працы, а таксама праз азначэньне натуральнай прыгожасьці формаў, шчырасьці і незалежнасьці ад умоўнасьцяй дум, вастраты і яскравасьці ў адчуваньнях і пачуцьцях, сьвядомага дачыненьня да вынікаў свае літаратурна–мастацкае дзейнасьці. Гэтымі азначэньнямі і акрэсьліваецца тая навіна творчасьці М. Багдановіча, якая была вызнана самім поэтай за сваімі творамі ў умовах беларускае поэзіі на пэўнай ступені яе разьвіцьця. Большага значэньня паняцьцю „ноўнасьці“ сваіх твораў сам М. Багдановіч не надаваў; гэта выходзіла–б з межаў тэй тактоўнасьці і сьціпласьці, з якімі выяўляецца поэта ў сваіх суджэньнях наконт каштоўнасьці ўласных твораў.

Творчасьць М. Багдановіча ў ацэнках крытыкі пры жыцьці поэты

Разуменьні творчасьці, выказаныя самім аўтарам яе, зьяўляюцца выточнымі ў гісторыі яе ацэньваньня крытыкаю. Карэньні гэтай апошняй выходзяць з тых–жа момантаў, што і аўтаравы разуменьні.

У выяўленьні крытычных ацэнак наогул магчымы дзьве формы выражэньня разуменьняў творчасьці таго ці іншага пісьменьніка. Адна з іх — гэта нявыяўныя або нягласныя разуменьні, якія адыгрываюць значную ролю ў справе апублікаваньня твораў, і другая форма — выяўныя або гласныя разуменьні аб творах, якія выказваюцца крытыкамі пасьля выдрукаваньня твораў і потым адбіваюцца тым ці іншым уплывам на творчым разьвіцьці пісьменьніка.

Абедзьве гэтыя магчымасьці выкрываюцца і ў гісторыі ацэньваньня творчасьці М. Багдановіча. У дачыненьні пытаньня наконт т. зв. нявыяўных ацэнак твораў М. Багдановіча, якія мелі месца ў стасунку да першых надасланых да друку вершаў, некаторыя небясьцікаўныя даведкі падаюцца В. Ластоўскім у яго ўспамінах пра М. Багдановіча. Вядома, гэтымі матар’яламі ня вычэрпваецца пытаньне пра нявыяўныя ацэнкі, аднак, і тое, што пададзена названым аўтарам, зьяўляецца цікавым для гісторыі чытача беларускіх твораў і наогул для гісторыі разьвіцьця крытычнае думкі ў тым сэнсе, што гэта гісторыя ў пэўнай меры адбівае сабою клясавае змаганьне ў тым выглядзе, у якім яно выражаецца на літаратурным фоне.

Вершы, надасланыя М. Багдановічам да друку ў 1909 годзе, як сьцьвярджае В. Ластоўскі, у рэдакцыі „Нашае Нівы“ былі ацэнены неаднолькава. „Нябожчык Ядвігін Ш., — кажа аўтар успамінаў, –– ахрысьціў гэты сшытачак (гутарка ідзе пра другі сшытак па ліку дасылкі іх М. Багдановічам, які зьмяшчаў 8–9 вершаў. — А. Б.) „дэкадэншчынай“. Яго апінія падзялялася „вярхоўнай палатаю“[1]. Іншага погляду трымалася аб новым пісьменьніку „ніжняя“ палата, а ў першы чарод Я. Купала, які інтуітыўна вычуў у гэтых першых поэтыцкіх спробах у Максіме Багдановічы сапраўднага мастака“.

Такім чынам, пачынаючы ўжо з нявыяўных разуменьняў, у ацэньваньні М. Багдановіча вызначаюцца дзьве лініі: 1) ацэньваньне саміх твораў як выяўленьня пэўнай літаратурнай плыні, і 2) ацэньваньне аўтара іх на падставе гэтых самых твораў як нашэльніка пэўнай літаратурна–творчае сілы. На аснове гэтых ліній і адбылася стычка разуменьняў аб першых творах М. Багдановіча, што выяўлены былі верхняю і ніжняю палатаю рэдакцыі „Нашае Нівы“. Як выяўленьне пэўнай літаратурнай плыні, творы былі вызнаны за „дэкадэншчыну“, а іх аўтар — як творчая сіла — за сапраўдны талент. Першае вызнаньне было асвоена верхняй палатаю, а другое — ніжняю, між якімі і адбылося змаганьне за надрукаваньне твораў М. Багдановіча ў газэце. Як выявіцца далей, гэтыя супярэчныя на першы погляд разуменьні знайшлі сваё прымірэньне ў новых паняцьцях, якія сынтэзавалі гэныя разуменьні ў пэўнай, ужо выяўнай, форме крытычных ацэнак творчасьці М. Багдановіча.

Перш чым зьвярнуцца да гэтых апошніх, патрэбна зазначыць на практычнае рэалізаваньне адзначаных вышэй поглядаў на першыя вершы М. Багдановіча. Погляд на творы, як дэкадэншчыну, „верхняю палатаю“ быў ажыцьцёўлены ў форме забракаваньня вершаў для друку. Вызнаньне–ж „ніжняй палаты“ сапраўднага таленту ў аўтара гэных вершаў рэалізавалася ў форме змаганьня за іх апублікаваньне, абароны іх вартасьці перад „верхнімі“ і дапамогі ў выглядзе паправак вершаў з боку мовы, галоўным чынам.

В. Ластоўскі ў сваіх успамінах гісторыю рэалізацыі гэных поглядаў выкладае ў наступным выглядзе. „Спамянуты сшытак, — кажа ён, –– вярнуўся з перагляду „верхняй палаты“ ў „ніжнюю“ перакрэсьлены сінім алоўкам з надпісам рукою А. Уласава „В архів“. Пад перакладам з Ю. Сьвятагора „Дзьве песьні“ быў надпіс рукою А. Луцкевіча „можна надрукаваць пад псэўдонімам“...[2]

„Праз некалькі тыдняў (пасьля надрукаваньня „Дзьвёх песень“) М. Багдановіч прыслаў яшчэ некалькі новых вершаў і ліст, у якім протэставаў, што яго перарабілі ў „Максіма Крыніцу“[3]. Але вершы былі ізноў „дэкадэнцкія“ і дзеля гэтага трапілі ў тую–ж папку, дзе быў папярэдні сшытак з надпісам „В архів“. Там яны праляжалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на сьвет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленьнем стаў бараніць іх сьпярша перад Ядвігіным, а пасьля перад „верхняю палатаю“, з радоў якое за надрукаваньне некаторых вершаў першы выказаўся Чыж, а пазьней А. Луцкевіч“. У выніку гэтага змаганьня вершы былі выдрукаваны, г. зн., што за імі была вызнана тая–ж годнасьць, якую вызнаваў за імі яшчэ сам аўтар і выяўляў яе фактам надсыланьня сваіх твораў да друку[4].

На гэтым канчаецца гісторыя ацэнак першых вершаў М. Багдановіча ў рэдакцыі „Нашае Нівы“, аднак, на гэтым ня спыняецца гісторыя нявыяўных разуменьняў наконт твораў М. Б. Але дзеля суджэньняў аб іх, якія маглі мець месца як пры чытаньні твораў у рукапісах, так і выдрукаваных, ёсьць вельмі мала матар’ялаў. З даведак па гэтаму пытаньню, што ёсьць у наяўнасьці, патрэбна зазначыць на тыя, якія выяўляюць разуменьні аб творах М. Багдановіча як творах, прызначаных для пэўнага чытача, потым як творах, што выражаюць пачуцьці аўтара да радзімы. На апошняе значэньне зазначае ў сваёй нататцы „Памяці друга“ А. Цітоў, калі кажа, што М. Багдановіч па яго (Цітова) просьбе „декламировал белорусские стихи, проникнутые великою скорбью за обездоленный родной белорусский народ“[5]. У гэтай нататцы А. Цітоў не зазначае канкрэтна, якія вершы дэклямаваліся аўтарам, аднак і такое характарызаваньне іх наогул паказвае на наяўнасьць сярод чытачоў ці слухачоў беларускіх вершаў ра зуменьня аб творчасьці М. Багдановіча як глыбокай і нацыянальна каштоўнай. Тым большае значэньне набывае такое разуменьне, калі ўзяць пад увагу тое, што сярод беларускіх нашаніўскіх адраджэнцаў у нявыяўных формах былі разуменьні адваротнага характару, з якімі даводзілася „ніжнепалатаўцам“ змагацца.

У дачыненьні пытаньня наконт прызначанасьці твораў М. Багдановіча для пэўнага чытача некаторыя даведкі падаюцца ва ўспамінах Ластоўскага. „Пасьля надрукаваньня „Край мой радзімы“ і вершаў з цыклю „Вадзянік“, –– піша ён, –– у рэдакцыйным складзе, акром Ядвігіна, які ўпорна казаў: „а ўсё–ж гэтыя вершы не для народу“, усе аднагалосна выражалі прызнаньне пісьменьніцкага таленту М. Багдановічу“. Гэта вызнаньне было ня толькі, як кажуць, de jure, але фактычным, і было выяўлена выданьнем кніжкі выбраных вершаў „Вянок“[6]. Такое разуменьне вершаў М. Багдановіча як твораў „недлянародных“ выяўляецца потым — таксама ў нявыяўных формах, такімі беларускімі пісьменьнікамі, як Галубок і Паўловіч, якія, прыяжджаючы ў Вільню ў 1910 г., у рэдакцыі „Н. Н.“, як кажа той–жа аўтар, вызначалі выдрукаваныя вершы М. Багдановіча як безьзьмястоўныя, „а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразуючы паасобныя звароты вершаў М. Б., каторага стала называў не па прозьвішчу, а „ваш лесавік“.

Такія формулы, як „вершы не для народу“ і „вершы безьзьмястоўныя“, бязумоўна, характарызуюць ня столькі самыя вершы, сколькі зьяўляюцца выражэньнем поглядаў — на задачы поэзіі і яе ролю — тых, каму належаць гэтыя формулы. Роля ў гэтым вершаў М. Багдановіча была ў тым, што яны зьявіліся повадам дзеля акрэсьленьня і разьмежаваньня гэтых поглядаў. Формула Ядвігіна Ш. „вершы не для народу“, выключаючы з разу меньня аб гэтых вершах прызначанасьць іх „для народу“, аднак ня выключае гэтым самым разуменьня прызначанасьці гэтых вершаў для тых, хто не абнімаўся Ядвігінавым разуменьнем „народ“, блізкім да разуменьня Марцінкевічавага або таго, што выражаецца расейскім словам „простонародие“. Адгэтуль азначэньне такою формулаю вершаў М. Багдановіча, як формула Ядвігіна Ш., выражае сабою разуменьне культурнага стану беларускага чытача ў пэўны гістарычны момант яго разьвіцьця. Але, выказваючы гэта разуменьне ў тым выглядзе, як яно пададзена В. Ластоўскім, Ядвігін Ш., бязумоўна, супярэчыў тым, што вышлі з народу і, кажучы словамі Ўл. Дубоўкі, з асьветаю шлях свой ясна бачылі. Для гэтых тое, што колісь было „не для народу“, зараз сталася „для народу“. Прыкладам гэтага зьяўляецца суджэньне Я. Купалы і рэшты „ніжняй палаты“ пра М. Багдановіча як аб сапраўдным таленце поэты.

Што–ж тычыцца другой формулы — „вершы безьзьмястоўны“ — то яна выражае ні больш ні менш як разуменьне аб зьмесьце, абмяжованым пэўнымі рамкамі, які дапускаўся аўтарам гэтай формулы для беларускае поэзіі. Пра значэньне гэтай формулы ў дапасаваньні да першых вершаў М. Багдановіча азначанымі вышэй пісьменьнікамі можна было–б судзіць пры тэй умове, калі–б імі было акрэсьлена іх разуменьне „зьмястоўнасьці“. Пасколькі–ж гэта застаецца невядомым, пастолькі і іх формула траціць усякае значэньне, тым больш яшчэ таму, што яна не выключае з вершаў М. Б., апроч зьмястоўнасьці ў разуменьні названых пісьменьнікаў, іншых, т. ск., атрыбутаў іх, а менавіта таго, што проціваставіцца зазвычай зьместу — гэта формы; цераз гэта сама формула зьяўляецца супярэчнаю існасьці поэзіі наогул, бо форма вонку матар’яльнага (зьмест) свайго ажыцьцяўленьня ня ёсьць ужо форма, а толькі абстракцыя, адцятасьць, якая можа толькі мысьліцца, але не існаваць як рэальнасьць, ажыцьцёўленая ў адчувальнай зьяве ці рэчы. Калі–ж гэтаю формулаю, як і папярэдняю, выказвалася незразумеласьць твораў М. Багдановіча, то і такое азначэньне ня столькі характарызуе творы, сколькі разуменьне аб культурным узроўні беларускага чытача ў той час. Практыка жыцьця творчасьці М. Б. даводзіць, што незразумелае для аднаго і ў адзін час становіцца зразумелым для другога і ў другі час. Прынамсі факты крытыкі ў наяўных формах дапасоўваліся да творчасьці М. Багдановіча.

Гэтым і абмяжоўваецца гісторыя нягласных разуменьняў аб творчасьці М. Багдановіча, выяўленых ува ўспамінах пра поэту пасьля яго сьмерці. Яна паказвае на тое, што творы поэзіі зьяўляюцца асноваю для змаганьняў разуменьняў наконт поэзіі наогул, якія пануюць у той ці іншы час у пэўным асяродзьдзі. Адсюль ацэнкі, выражаныя выяўна або гласна, у пэўнай меры могуць разглядацца як вынікі гэтага змаганьня і перамога адных над другімі ў той ці іншы момант. З другога боку, наяўнасьцю нягласных разуменьняў аб тых ці іншых творах да некаторай ступені вызначаюцца формулы ацэнак гласных або выяўных.

Як выўялена з вышэйпаданага, ужо ў зьмест нявыяўных разуменьняў аб творах М. Багдановіча ўваходзіла, з аднаго боку, вызнаньне за М. Багдановічам пісьменьніцкага таленту, якое потым ў выяўных формах выразілася ў вызнаньні за ім годнасьці песьняра, поэты і мастака, а з другога боку, усьведамленьне ці, праўдзівей, уяўленьне аб творах яго як выяўленьні некаторага кірунку ў поэзіі, адзначанага ў гэтых разуменьнях „дэкадэншчынаю“, „недлянароднасьцю“, „безьзьмястоўнасьцю“, „спробнасьцю“, і ў той жа час матываванай выражальнасьцю значных пачуцьцяў (вялікі сум за абнядолены беларускі народ — у разуменьні А. Цітова). Усё гэта для крытыкі выяўнай давала падставу для такога вызначэньня М. Багдановіча ў ацэнках крытыкі, якое ў поўнай меры сынтэзавала–б падобныя разуменьні і ў той–жа час ня выключала–б магчымасьці яго пашырэньня, паглыбленьня і канкрэтызацыі пры далейшым разьвіцьці як поэзіі, так і крытычнае думкі, гэтай надбудовы над першаю. Падобнае вызначэньне і было высунута крытыкаю яшчэ пры жыцьці поэты ў выглядзе палажэньняў: 1) аб асобнасьці месца М. Багдановіча сярод іншых беларускіх поэтаў, 2) аб „мастацтве для мастацтва“ або „пясьнярстве чыстае красы“ як кірунку яго поэзіі. Гэтымі палажэньнямі пакрывалася і паняцьце „навіны“ вершаў М. Багдановіча, якое было высунута самім аўтарам у яго артыкулах–аглядах беларускага прыгожага пісьменства.

Гонар пяршынства ў выяўленьні гэтых палажэньняў у беларускай крытыцы належыць Л. Гмыраку (Бабровічу) і Антону Навіне (А. Луцкевічу). Першы з іх у нарысе „Беларускае нацыянальнае адраджэньне“ адзначае М. Багдановіча наступным чынам: „асобна ад другіх трэба паставіць поэта М. Багдановіча, каторы шмат даў нам тыповых спробак поэзіі „штукарства для штукарства“[7]. Характэрна сама форма Гмыракова вызначэньня месца М. Багдановічу ў беларусім нацыянальным адраджэньні. Багдановіч „даў нам шмат спробак поэзіі „штукарства для штукарства“, а дзеля гэтага яго трэба паставіць асобна ад другіх — так разважае Л. Гмырак і ў сваім нарысе сапраўды ставіць яго „асобна“, бо прыведзенаю выняткаю і абмяжоўваецца ўся характарыстыка М. Багдановіча ў гэтым нарысе. Значэньне такой характарыстыкі зводзіцца фактычна да вонкавага выражэньня поглядаў на творчасьць М. Багдановіча, блізкіх да тых, нашэльнікамі якіх была „верхняя палата“ рэдакцыі „Нашае Нівы“, з тэй толькі розьніцаю, што ў нявыяўных формах гэта творчасьць азначалася спачатку як „дэкадэншчына“, а тут у выяўнасьці „як спробкі поэзіі „штукарства для штукарства“, на падставе чаго і заключаецца аб патрэбе паставіць М. Багдановіча асобна ад другіх. Гэта характарыстыка паказвае на няўпэўненасьць некаторых адраджэнцкіх нашаніўскіх колаў у каштоўнасьці творчасьці М. Багдановіча і на іх чаканьне вызнаньня ад іншых чытачоў і крытыкаў асобнага месца за поэтаю. У гэтым дачыненьні характэрна выражэньне „трэба паставіць“, бо ён „даў нам...“, а „трэба паставіць“ — гэта яшчэ ня значыць „займае“, як і другое — „даў нам спробак“ — ня значыць „стварыў“ поэзію „штукарства для штукарства“, як азначае Гмырак кірунак мастацтва для мастацтва. Вядома, сьцьвярджаць гэта апошняе было рызыкоўна, бо можна было лёгка памыліцца, як гэта было з „верхняпалатаўцамі“ наконт „дэкадэншчыны“, і Л. Гмырак абмяжоўваецца фактычна зазначэньнем на задачу крытыкі ў дачыненьні вызначэньня творчасьці М. Багдановіча і ўтварэньня сталага паняцьця аб ёй і поэце.

Пасьля выхаду „Вянка“ ў сьвет разьвязаньне гэтай задачы і бярэ на сябе якраз „верхняпалатавец“ А. Луцкевіч, зьмяшчаючы ў „Нашай Ніве“ (№ 8 за 1914 год) пад ініцыяламі Г. Б. рэцэнзію на „Вянок“ пад назваю „Пясьняр чыстае красы“, у якой выпраўляе памылкі „верхняпалатаўцаў“ тым, што імкнецца як–бы асвоіць М. Багдановіча і яго творчасьць з іх паняцьцямі аб вялікай годнасьці поэзіі і іх эстэтычнымі густамі.

„М. Багдановіч, — піша А. Луцкевіч, — сьвядомы поэта: ён ня толькі пачувае красу, — ён яе разумее. І каб пераказаць нам яе — падбірае такія словы і абразы, што папраўдзе выклікаюць у нашай душы шчыры отклік. Усё ў яго выходзіць у такіх мяккіх тонах, быццам на старых тканінах гобэленах; усё сагрэта шчырым пачуцьцём ды ўсё гэта жыве, выдаецца рэальным“.

„Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па–свойму. І лёгка ліюцца яго вершы кунштоўнай філіграннай работы, а кожын формаю падходзіць да думкі. Думак тых — багата, і вось бачым у „Вянку“ вершы такой формы, такой будовы, — часта вельмі рэдкай, — якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй разьвітай літаратурнай мовай; здаецца, калі–б наш „пясьняр красы“ меў толькі адну мэту паказаць, што беларуская мова можа разьвівацца як мова літаратурная, дык ён гэтай мэты дайшоў“.

„Вянок“ — гэта праўдзівая пэрла ў беларускай поэзіі. Раўнаваць Багдановіча з кім ня будзем: не затым, што няма лепшых поэтаў (бо такія ёсьць), але затым, што ён ні да кога не падобны. Яго дума замкнёная ў сабе, жыве ў нейкім асаблівым сьвеце, у сьвеце іншае красы і шчырае поэзіі, ды толькі праз яе глядзіць на нашае жыцьцё — рэальнае, цяжкое, поўнае змаганьня і бязупыннае працы. І як у летні гарачы дзень у крыстальна чыстай крынічнай вадзе асьвяжаецца наша цела, так асьвяжае душу поэзія Максіма Багдановіча“.

Такім чынам, на падставе разуменьняў аб М. Багдановічы, поэце сьвядомым, што разумее красу і для перадачы яе падбірае адпаведныя словы і вобразы, што ўмее ўсё ажывіць, ператварыўшы па–свойму і што не падобны ён „ні да кога“ сваім складам, А. Луцкевіч надае поэце годнасьць „песьняра чыстае красы“ і тым самым канкрэтна вызначае тое асобнае месца, пра патрэбу паставіць на якое М. Багдановіча казаў ужо Лявон Гмырак.

З другога боку, той–жа характарыстыкаю мастацтва М. Багдановіча вызначаецца як „кунштоўная філігранная работа“ над вершам, над падборам слоў і вобразаў, г. зн. над літаратурнаю моваю і стылем, што адпавядаюць думкам і пачуцьцям поэты і тым разуменьням красы, выражальнікам якіх у даным выпадку зьявіўся аўтар рэцэнзіі.

У сваю чаргу, пачуцьці поэты адзначаюцца як шчырыя і такія, што „ўсё саграваюць“, а думкі — як багатыя, „замкнёныя ў сабе“ і такія, што жывуць „у сьвеце іншае красы і шчырае поэзіі, праз прызму якое глядзяць на жыцьцё — рэальнае, цяжкое, поўнае змаганьня і бязупыннае працы“. Іначай кажучы, гэтым аўтар рэцэнзіі агульна зазначае на наяўнасьць у М. Багдановіча сваеасаблівага складу сьветаадчуваньня і на наяўнасьць пэўнага сьветапагляду, хоць вызначэньне канкрэтнага зьместу іх і пакідаецца адчыненым.

Разуменьні–ж красы, якія выражаюцца аўтарам гэтай рэцэнзіі, выяўляюцца ім у адзнаках, якімі ён характарызуе вершы М. Багдановіча і якія ў сваю чаргу складаюць зьмест гэтых разуменьняў як „шчыры водклік“ чытача — гэта мяккасьць тонаў, падобных да тонаў на старых гобэленах, відомасьць рэальнасьці, лёгкасьць вершу і яго плаўнасьць, як вынік адумысловай работы, адпаведнасьць формаў выражэньня выражанаму, рэдкасьць будовы вершавай, „якой могуць пахваляцца... найбольш культурныя народы“, і прыгожасьць, падобная каштоўнасьці дарагіх каменьняў.

Адгэтуль і ўвесь зборнік адзначаецца такою формулаю, як: „Вянок — гэта праўдзівая пэрла ў беларускай поэзіі“, і тым самым вынікі мастацкай працы М. Багдановіча вызнаюцца за высока каштоўныя ў беларускай поэзіі, а менавіта адпаведныя разуменьням „чыстае красы“ , што выражаны аўтарам рэцэнзіі, ці, іначай кажучы, тым „ідэалам прыгожага“, адным з нашэльнікаў якога быў і аўтар рэцэнзіі. Дзеля гэтага ў рэцэнзіі надаецца і адпаведная годнасьць М. Багдановічу — годнасьць „песьняра чыстае красы“, што фактычна азначала залічэньне поэты ў шэрагі нашаніўскіх адраджэнцаў „верхняпалатаўскага“ стану.

Сама годнасьць, нададзеная такім чынам, аднак, ня зусім адпавядала тым разуменьням аб М. Багдановічу як поэце, якія выяўлены былі аўтарам рэцэнзіі. Адзначэньне мастацтва Багдановічавага, як адумысловай, сьвядомай працы над мастацка–поэтычнымі выражэньнямі, паказвае на тое, што М. Багдановіча аўтар рэцэнзіі разумеў перадусім як поэта–мастака, як умелага майстра поэтычнага слова. У гэтым дачыненьні зьяўляецца характэрным тое, што аўтар рэцэнзіі пра М. Багдановіча як „пісьменьніцкі талент“ не гаворыць, а таксама характэрна зазначэньне наконт таго, што ёсьць і лепшыя поэты за М. Багдановіча, г. зн. за „песьняра чыстае красы“. Каго канкрэтна меў на ўвазе ў даным выпадку А. Луцкевіч невядома, але факт такога зазначэньня паказвае на тое, што годнасьць, наданая ім М. Багдановічу, ня зусім адпавядала разуменьням аб ім, аднак, і не супярэчыла ім, бо аснована на ідэалістычным поглядзе, што кожны чалавек ёсьць ні што іншае, як орган пэўнай ідэі ці субстанцыі, якая ў сапраўднасьці была ні чым іншым, як рэальнай патрэбаю ці інтарэсам пэўнага асяродзьдзя, фармальна ўзьведзенаю на ступень абсолюта.

Як паказвае апошняе заключэньне А. Луцкевіча ў рэцэнзіі аб тым, што падобна таму, „як у летні гарачы дзень у крыстальна чыстай крынічнай вадзе асьвяжаецца наша цела, так асьвяжае душу поэзія Максіма Багдановіча“, насьпеўшая патрэба ў „асьвяжэньні“ і была фармальна ўзьведзена да ідэі „чыстай красы“ (відаць, у працівастаўленьне „красе нячыстай“, адпаведнай „нясьвежым душам“, або, як потым скажа сам А. Луцкевіч, „нячыстым ад брудаў будняга жыцьця“). За орган гэтай ідэі і быў вызнаны М. Багдановіч, бо быў не падобны да іншых поэтаў і закрануў якраз тое, што падлягала асьвяжэньню і ачышчэньню і ў асяродзьдзі нашаніўскіх адраджэнцаў у яго верхніх паверхах. Дзеля гэтага яму і надаецца аўтарам рэцэнзіі годнасьць „песьняра чыстае красы“. Такім чынам апраўдаліся словы самога М. Багдановіча аб тым, што „хваробы лечаць і атрутамі“: тое, што раней было прынята за „дэкадэншчыну“, зараз вызнана за поэзію „чыстай красы“, за поэзію, якая вылечвае чэрствасьць „душ“, за пэрлу беларускай поэзіі.

Палажэньні А. Луцкевіча, высунутыя ў разгледжанай рэцэнзіі, паўтараюцца ім у артыкулах пазьнейшых, — з некаторымі новымі азначэньнямі, як артыстычнасьць і інш., — якія зьявіліся ў сьвет ужо пасьля сьмерці поэты. Да гэтага–ж моманту пытаньне аб вызначэньні каштоўнасьці творчасьці М. Багдановіча лічыцца як–бы вырашаным, прынамсі, яно не зьяўляецца актуальным у гэты час і па дадзенаму пытаньню крытычных матар’ялаў у друку не зьяўляецца. І толькі 1917 год, год сьмерці М. Багдановіча, зноў узьнімае пытаньне наконт значэньня ўжо памёршага поэты і тым самым пачынае новы кругабег у гісторыі крытычных ацэнак творчасьці М. Багдановіча.

М. Багдановіч у літаратурных азначэньнях жалобнага пяцёхгодзьдзя

Пасьля сьмерці М. Багдановіча ў гісторыі крытычных ацэнак яго творчасьці выразна вызначаюцца ў асноўным два этапы новага кругабегу ў ёй. Першы з іх абнімае сабою час ад 1917 г. да 1921 г. уключна і характарызуецца галоўным чынам крытычнымі ацэнкамі жалобна–ўрачыстага парадку. Другі этап пачынаецца з 1922 г. і даходзіць да нашых дзён, да дзесятай гадавіны сьмерці поэты, з якою намячаецца новы, трэці кругабег у разьвіцьці крытычнае думкі, што да творчасьці М. Багдановіча. Другі этап вызначны тым, што ў гэты час, у зьвязку наогул з разьвіцьцём беларускай культуры пад кіраўніцтвам Комуністычнае партыі і Савецкае ўлады, узьнімаецца асаблівая цікавасьць і да творчай спадчыны М. Багдановіча і імкненьне да яе асваеньня крытычна–навуковаю думкаю шляхам дыфэрэнцыяльнай рэестрацыі каштоўнасьцяй гэтай спадчыны.

Асяродкам літаратурна–грамадзкай увагі ў дачыненьні да М. Багдановіча ў жалобнае пяцёхгодзьдзе зьяўляецца тая творчая сіла, нашэльнікам якое быў поэта і якая з яго сьмерцю адчувалася як вялікая страта ў беларускім культурна–нацыянальным адраджэньні, у беларускай поэзіі і ў жыцьці наогул.

Выражэньню гэтага адчуваньня і ўсьведамленьня ў велічы страты прысьвячаецца шмат нэкролёгаў, артыкулаў і вершаў памяці поэты ў зьвязку з гадавінамі дню яго сьмерці, а таксама памінальных вечароў з успамінамі пра М. Багдановіча і рэфэратамі пра яго творчасьць. З такіх вечароў зарэестраваны друкам вечары, што адбываліся ў Вільні (1917 г.), Маскве (1921 г.) і Менску (1923 г.). Артыкулы, прысьвечаныя памяці М. Багдановіча, зьмяшчаліся такімі газэтамі і часопісямі, як „Гоман“ (Вільня, 1917 г.), „Грамада“ (Менск, 1917 г.), „Голос“ (Яраслаў, 1917 г.), „Вольная Беларусь“ (Менск, 1917 і 1918 г. г.), „Беларускі шлях“ (Менск, 1918 г.), „Рунь“ (Менск, 1920 г.), „Савецкая Беларусь“ (1921 г.), „Дни нашей жизни“ (Горы–Горкі, 1922 г.) і іншыя ў пазьнейшым часе. Вершамі ўшаноўвалі памяць поэты ў жалобнае пяцёхгодзьдзе Ясакар, Макар (1918 г.), а пазьней Ул. Дубоўка, Лебедзь, Александровіч (1925 г.). Пераважнасьцю гэтых матар’ялаў — жалобна–памінальнага характару — над матар’яламі гісторыка–літаратурнага, сьцісла–крытычнага і характарызуецца першае пяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці М. Багдановіча, якое дзеля гэтага і вызначаецца як жалобнае пяцёхгодзьдзе ў гісторыі ацэнак творчасьці М. Багдановіча.

Сьмерць поэты, як гэта выяўляецца ў матар’ялах адзначаных крыніц, у гэта пяцёхгодзьдзе вызнана за вялікую і „страшэнную“ страту і вызначана як страта для „беднай Беларусі“, „гаротнага народу“ яе культурнага шматграннага працаўніка на ніве адраджэньня, які „шмат зрабіў, але мог яшчэ болей зрабіць“ (З. Бядуля), „шчырага сына Беларусі“, які „быў у жыцьці“, можа, больш, чым у поэзіі, гасьцём „з высокага неба“ (Ус. Ігнатоўскі); для беларускай поэзіі — „песьняра чыстае красы“, каторы ўсё сваё нядоўгае жыцьцё пасьвяціў служэньню беларускаму народу, даючы яму найдаражэйшыя скарбы свае чулае артыстычнае душы, уплятаючы ў цудоўны вянок свае творчасьці дзіўныя „краскі, сьвежыя калісьці, думак шчырых і жыцьця“ (А. Навіна (А. Луцкевіч), утрата якога „для беларусаў тым больш цяжкая, што між песьнярамі маладое Беларусі няма нікога, хто быў–бы хоць крыху блізак да Багдановіча, хто замяніў–бы яго (А. Навіна — А. Луцкевіч), багаты талент каторага „суліў многае даць у скарбніцу беларускае літаратуры“, калі–б ня вораг — сухоты, які перапыніў творчасьць поэты і зьвёў яго ў магілу (З. Жылуновіч); і, нарэшце, наогул для жыцьця — аднаго з тых людзей, якія „горят, согревая жизнь и освещая путь другим, но мало заботясь о себе“ (Аляксандар Цітоў).

Ацэнка спадчыны, якая засталася ад поэты, знайшла сваё выражэньне ў факце азначэньня ўсіх тых галін працы, удзел у якіх браў М. Багдановіч. У дачыненьні іх зазначаецца, што поэта браў удзел „у змаганьні з рознымі праціўнікамі адраджэньня“ і ў ім „зусім забываўся аб сваёй хваробе“, што ён „апрача вершаў, пісаў яшчэ апавяданьні, крытыку беларускае літаратуры, публіцыстычныя стацьці па–расійску ў розных журналах аб беларускім руху“, „...вельмі важныя працы друкаваў у жур. „Украинская жизнь“ аб рытміцы вершаў розных украінскіх поэтаў“, а ў 1916 г. у Менску, у атмосфэры, атручанай чорнаю рэакцыяй, ён „...організовываў беларускую моладзь, чытаў рэфэраты аб беларускім руху, складаў беларускую хрэстаматыю і г. д.“ (З. Бядуля). Ужо гэтым простым пералічэньнем галін працы М. Багдановіча вызначалася багацьце спадчыны М. Багдановіча, і гэта давала падставу высока ацэньваць значэньне яго ў культурна–нацыянальным адраджэньні Беларусі. З. Бядуля, заканчваючы свой нэкролёг, гэта значэньне выражае ў поэтычнай форме наступным чынам: ён зьвяртаецца да зязюлі (вобраз М. Багдановіча) і кажа ляцець на магілу поэты і закуваць там аб тым, што „гаротная Беларусь ніколі яго не забудзе... На скрыжалях адраджэньня роднага краю яго імя будзе зьзяць у небе Беларусі сьветлай зоркай навекі“ („Вольная Беларусь“ за 1917 г.).

Аднак з усяго багацьця спадчыны ў жалобнае пяцёхгодзьдзе зьвяртаецца галоўная ўвага на вынікі поэтычнай дзейнасьці М. Багдановіча, якія і вызнаюцца за вялікія і каштоўныя, галоўным чынам, з пункту гледжаньня нацыянальных мастацкіх здабыткаў. У асноўным гэтыя вынікі літаратурная крытыка вызначае ў пляне наступных пунктаў: 1) „поэзія роднай Беларусі“, 2) поэзія як выражэньне пэўнага сьветаадчуваньня і сьветагляду, 3) поэзія як літаратурнае мастацтва і 4) поэзія як дзейны сацыяльны чыньнік. Па гэтых лініях і робіцца ацэнка поэтычнай спадчыны М. Багдановіча ў азначанае пяцёхгодзьдзе.

Ужо пры агульным адзначэньні галін дзейнасьці М. Багдановіча на ніве адраджэньня, літаратурная крытыка ў асобе З. Бядулі зазначыла на тое, што ён „за ўсе годы свае працы... даў нам багатую поэзію роднай Беларусі“. Пазьней, у зьвязку з першай гадавінаю сьмерці поэты, З. Бядуля больш канкрэтней акрэсьлівае разуменьне гэтай поэзіі. У васноўным ён вызначае яе як поэзію, якая адбіла ў сабе: 1) асабовыя імкненьні да роднага краю, дзейнае каханьне да яго і веру ў яго адраджэньне, 2) вобразы мінулага Беларусі і народнай міталёгічнай творчасьці, 3) вобразы прыроды беларускай у асабовым да яе дачыненьні поэты і 4) вобразы сучаснай поэту Беларусі ў сьвятле абуджаных ёю настрояў у поэты. Гэтым самым Багдановічава „поэзія роднай Беларусі“ знайшла сабе ацэнку як поэзія, у якой сынтэзаваліся дзьве плыні: адна, што выражала сабою нацыянальна–творчую сілу, культурным нашэльнікам якое быў поэта, і другая, што зьяўляла сабою рэальныя праявы жыцьця і поэзіі, якія паслужылі об’ектам поэтычнага ўвабражэньня для першай.

У дачыненьні да паасобных момантаў гэтай „поэзіі роднай Беларусі“ яе каштоўнасьць вызначаецца ў літаратурнай крытыцы тым, што яна выяўляе „цудна– лірычныя парываньні да роднага краю“, якія „чаруюць і вабяць сваёю трагічнасьцю і пекнатою“ — і якія ў сваім поэтычным выражэньні набываюць значэньне, далёка неабмяжованае нацыянальнымі рамкамі. Адзначаючы верш „Упалі з грудзей пана бога“ як адно з гэтых выражэньняў, З. Бядуля характарызуе значэньне яго наступным чынам: „Гэткім пэрлам поэзіі, — кажа ён, — можа гардзіцца кожная з эўропэйскіх літаратур. Такі багаты велічам абраз, выказаны кароценькімі словамі, рэдка каму з поэтаў удаецца. Кожны радок будзіць фантазію сваімі яркімі фарбамі. У прыгожай і ўтончанай форме выказана бязьмернае каханьне да бацькаўшчыны...“

Адносна вобразаў мінулага Беларусі і народнай міталёгіі, якія выяўлены Багдановічавай „поэзіяй роднай Беларусі“, той–жа аўтар зазначае, што „тое неўлавімае і невыразнае, атуленае пылам старасьвеччыны, цераз прызму яго клясычнай поэзіі (падкрэсьлена мною. — А. Б.), пералівалася яснымі і выразнымі вясёлкамі („Слуцкія ткачыхі“, „Летапісец“ і інш.). Беларуская міталёгія з тыгеля яго творчасьці выходзіла грацыйная і зычная, нібы каскад брыльлянтовы ўдараўся аб гулкае залатое дно“.

Вобразы прыроды ў гэтай поэзіі адзначаюцца як новыя, жывыя і прасякнутыя „мэлёдычнасьцю душы поэты“. „Кожнае дрэва з беларускае пушчы, — пералічае З. Бядуля гэтыя вобразы, — струна. Кожнае вазярцо — чара, напоўненая хмельным віном. Кожная лагчынка — гэта чыясь рука зрабіла ўзор саматканы. Уздохі ветра — таемныя сказы лясуноў, русалак і вадзянікоў пад месячнымі праменьнямі. Сялянская дзяўчына, тулячая да сваіх грудзей маленькае дзіцянё на жытняй мяжы, — гэта Мадонна, гэта божая сьвятасьць... Уся Беларусь — „тысячы крэпка нацягнутых струн“, на якіх вялікі кампазытар–поэт творыць свае чаруючыя сымфоніі“.

Вобразы праяваў беларускай рэчаіснасьці вызначаюцца як вобразы, намалёваныя мастацка, а з другога боку, як песьні, у якіх выразілася павялічэньне асабовае „тугі і сумнасьці“, крыніцаю якое была аддаленасьць поэты ад радзімы, а пазьней ачавістае азнаямленьне з „хмарамі і балотамі“ ў краі ўбогім. Характарызуючы ўражаньні ад твораў гэтай поэзіі, З. Бядуля кажа: „Праймаючыся яго творамі, адбіваецца такое ўражаньне, нібы мэлёдычныя, крэпка нацягнутыя струны рвуцца, і чароўныя плоймы зыкаў пераліваюцца ў водгуках гэтых рвучыхся струн. Здаецца, нібы музы плачуць над ім, а сьлёзы іх застываюць у дарагія пэрлы“. Так вызначаецца „арэол тугі і сумнасьці“ вакол поэзіі М. Багдановіча — „поэзіі роднай Беларусі“, у якой „уяўленьне і палкасьць душы білі фантанам сонечнай красы“...

У дачыненьні пытаньня наконт вызнаньня поэзіі М. Багдановіча як поэзіі, што выражае ня толькі перажываньні асабовага ці нацыянальнага характару, але і такія, што выходзяць з гэтых межаў і ў сваіх выражэньнях набываюць больш шырокае значэньне, крытычныя матар’ялы жалобнага пяцёхгодзьдзя ў пераважнасьці абмяжоўваюцца агульнымі зазначэньнямі. З гэтага боку поэзія М. Багдановіча вызнаецца за „працу мысьленьніка, апранутую прыгожаю слоўнаю шатаю“ (М. Гарэцкі), за поэзію, багацьце формаў вершу якое „адпавядае багацьцю перажываньняў, каторыя, пры сваёй глыбіні, маюць характар агульналюдзкі“. „Гэта нічога, — піша А. Луцкевіч у сваіх нарысах „Нашы песьняры“, — што поэта з любасьці выбірае мотывы родныя — беларускія, у іх ён заўсёды ўмеў знайсьці асноўны агульналюдзкі момант. Яго верш гэтаксама гаворыць беларусу, як і чужынцу, падобна, як музыка вялікага маскоўскага кампазытара Чайкоўскага, карыстаўшагася мотывамі свайго народу, роўна прамаўляе да душы кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасьці. Бо М. Багдановіч не фатаграфуе жыцьця, а нанава ператварае яго ў сваёй чуткай, далікатнай і асабліва інтэлігентнай душы“. Такім чынам, крытыка ў асобе А. Луцкевіча, быўшага „верхняпалатаўца“, фактычна вызнае поэзію М. Багдановіча за поэзію, што выражае такую сыстэму сьветаадчуваньня, у склад якое нацыянальны момант уваходзіць як частка цэлага, як разнастайнасьць некаторага адзінства, дзякуючы якому поэзія выходзіць з нацыянальнага абмежаваньня ў сваім значэньні.

Больш канкрэтна ў гэтым пытаньні падыходзіць З. Бядуля ў сваім артыкуле „Натхненьне і Гармонія“, прысьвечаным памяці М. Багдановіча ў зьвязку з трэцяй гадавінаю яго сьмерці. Ён разглядае поэзію М. Багдановіча як поэзію, што выражае сабой пэўную сыстэму поглядаў на хараство, мастацтва і яго значэньне, пэўную, т. ск., эстэтычную ідэолёгію. Гэтыя погляды ў асноўным фармуляваны З. Бядуляю наступнымі палажэньнямі: 1) усюды ёсьць хараство; 2) людзі, занятыя будзённымі справамі жыцьця, ходзяць па дарагіх скарбах, не прыкмячаючы іх; 3) толькі поэт, каторы аддаецца ўвесь служэньню музам, усё гэта бачыць і адчувае; 4) у зьлітнасьці з хараством прыроды чалавек знаходзіць шчасьце; 5) поэт у душы сваёй ператварае камень на золата; 6) душа поэты адбівае жыцьцё ў розныя колеры; 7) чалавек можа толькі тады быць поэтам, калі душа яго прасякнута хараством да самазабыцьця, да самаахвярнасьці; 8) хараство мае практычную карысьць; 9) хараство сваёю бязьмежнаю сілаю ачышчае душу адзвычайных інстынктаў; 10) краса дае шчасьце і натхненьне, але натхненьне без гармоніі не дасягае мэты; 11) усё павінна быць у мастацтве апрацована; 12) хаотычнае падаваньне пекных слоў, вобразаў бяз сыстэмы, без апрацоўкі, бяз цэльнасьці ня маюць патрэбнага ўплыву на людзей; 13) у поэзіі, апрача душы — натхненьня, павінна быць і голае цела — добрая тэхніка.

Вядома, ня ўсе гэтыя палажэньні, пададзеныя З. Бядуляю, зьяўляюцца дакладнымі ў сэнсе афармаваньня існасьці поглядаў М. Багдановіча, выражаных у яго творах. Шмат якія з іх патрабуюць удакладненьня і паправак. Пакідаючы крытычны разгляд іх для асобнага нарысу, тут патрэбна зазначыць, што поэтычныя творы М. Багдановіча ў жалобнае пяцёхгодзьдзе знайшлі сваю ацэнку як багаты матар’ял дзеля ўтварэньня, выяўленьня разуменьняў хараства, мастацтва, поэзіі, мастацкіх твораў і наогул умоў і існасьці мастацтва.

У вышэйпададзеным выяўленьні поглядаў М. Багдановіча характэрным зьяўляецца тое, што З. Бядуля вызначае іх як выяўленьне, з аднаго боку, як–бы культу хараства, а з другога — практычнай дзейнасьці поэта–мастака. На падставе гэтага М. Багдановіч і вызначаецца ім як „адзін з жрацоў хараства“ і як „практычны настаўнік поэзіі“.

З погляду гэтых двух пунктаў З. Бядуля характарызуе поэтычную дзейнасьць М. Багдановіча наступным чынам: „За кароткі час свае творчасьці ён (М. Багдановіч. — А. Б.) выведаў тайну гармоніі, вывучыў хартыі роднай красы і вянкамі вясновых поэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэньня“.

„Азнаёміўшыся з вялікім кветнікам усясьветнай поэзіі ад старадаўных клясычных часаў па сягонешні дзень, Багдановіч навастрыў сваё поэтычнае пачуцьцё, узбагаціўшы родную нацыянальную поэзію новымі формамі, новымі гармоніямі, фарбамі, вобразамі і мэлёдыямі. Ён умеў знаходзіць фарбы там, дзе другія праходзілі міма, нічога ня бачачы“.

„На беларускай ліры ён выпрабаваў розныя тоны, розныя акорды поэзіі, паказваючы гібкасьць і мэлёдыйнасьць жывой беларускай мовы, на якой можна выказаць самыя чуць улаўляныя размаітнасьці думак і пачуцьцяў“.

Гэта характарыстыка зьяўляецца найлепшай ацэнкай М. Багдановіча як поэта, і найпаўнейшым з усіх, што ёсьць у крытыцы, канкрэтным значэньнем кірунку яго ў поэзіі як літаратурным мастацтве. У дачыненьні гэтага апошняга, як выяўляецца ўжо з вышэйпададзеных азначэньняў, поэзія М. Багдановіча ацэньваецца перадусім як нацыянальная клясычная поэзія. У творах гэтай поэзіі вызнаюцца за іх уласьцівасьці плястычнасьць, музычнасьць, рэльефнасьць, выразнасьць, сьцісласьць, суцэльнасьць і народнасьць складу. „Некалькімі характэрнымі штрыхамі Багдановіч даваў цэлы, жывы малюнак, нібы старасьвецкія мосежныя барэльефы з цуднымі орнамэнтамі“, — кажа З. Бядуля ў 1917 г. Тое–ж ён кажа ў 1918 г. у дачыненьні вершаў М. Багдановіча. „Вершы яго строга кароткія, ярка вобразныя і рэльефна–выразныя. Нідзе ў іх нельга ні адняць, ні прыбавіць. Гэта старасьвецкія гравюры з мастацка–стылізаванымі арнамэнтамі“. У 1920 г. гэтыя азначэньні дапаўняюцца наступнымі: „Ва ўсіх творах Багдановіча чуецца старанная, строгая апрацоўка, багацьце і размаітасьць вобразаў і формаў, вялікая краса і глыбіня думак. У сваіх кароценькіх вершах ён куе родную красу і торыць дарогу для другіх беларускіх поэтаў“. Такога–ж характару азначэньні твораў М. Багдановіча падаюцца і ў іншых крытычных матар’ялах жалобнага пяцёхгодзьдзя. Канкрэтныя зазначэньні наконт нацыянальных формаў поэзіі М. Багдановіча падаюцца М. Гарэцкім у яго „Гісторыі беларускай літаратуры“.

У дачыненьні чыннасьці твораў М. Багдановіча яны ацэньваюцца як творы поэзіі, якая мае вялікую сілу і ўплыў, якая „асьвяжае душу“, „ачышчае яе ад брудаў будняга жыцьця“, і „дае асалоду“ (А. Луцкевіч), „ачышчае душу адзвычайных інстынктаў“, дадае змораным барацьбою сілы для далейшае працы, будзіць фантазію, выяўляе вобразы мінулага, паказвае на гібкасьць мовы, чаруе сваёю глыбінёю думак, выяўленьнем красы роднага краю, інтэлектуальнага багацьця, вучыць дзейна любіць свой край, вучыць мастацтву і торыць дарогу сваім наступнікам у поэзіі (З. Бядуля). Гэта поэзія даступна для ўсякага пісьменнага чалавека.

Такім чынам, у жалобнае пяцёхгодзьдзе творчасьць М. Багдановіча атрымала вызнаньне як нацыянальная клясычная поэзія, якая выражае сабою думкі і пачуцьці як асабовага, так і нацыянальнага і міжнацыянальнага значэньня і зьяўляецца практычным узорам для навукі ў мастацтве маладых поэтаў. Такое вызнаньне фактычна азначае, што М. Багдановіч сваёю творчасьцю адыграў вялікую ролю ў разьвіцьці беларускае поэзіі. М. Багдановіч як культурны нацыянальны поэта з пэўным філёзофскім сьветаглядам на яго першай ступені ўсебаковага разьвіцьця і размаітага афармаваньня, сваёю практыкаю поэтычнай творчасьці адкрыў новыя магчымасьці ў разьвіцьці беларускай поэзіі і палажыў моцную аснову новай паласы ў гэтым разьвіцьці яшчэ за часы нашаніўскага адраджэньня, менавіта тэй паласы, на якой беларуская літаратура шырока адчыняе свае дзьверы для ўбіраньня ў сабе здабыткаў мастацкай культуры чалавецтва наогул, а з другога боку, сама прабівае сабе, як культурна–раўнапраўнай і нацыянальна–сваеасаблівай адзінцы, уваход у склад новай эўропэйскай культуры, якую нясуць з сабою, з аднаго боку, пролетарыят, а з другога — прыгнечаныя нацыі, што распачалі сваё культурнае адраджэньне.

Аднак у жалобнае пяцёхгодзьдзе яшчэ ня ўся работа была зроблена. Засталіся нявызнанымі вынікі дзейнасьці М. Багдановіча, выяўленыя ня ў форме ўтварэньня поэзіі, а ў форме крытыкі, публіцыстыкі, грамадзкай працы і інш. Часткова гэтыя галіны вызначацца ўжо ў другое пяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці поэты, а большая частка становіць сабою задачу наступных гадоў. З другога боку, вызнаньне вялікага значэньня творчасьці М. Багдановіча ў Беларусі пакідае яшчэ і да гэтых часоў пытаньне аб вызнаньні яго па–за межамі Беларусі нявырашаным.

Гэтае самае значэньне М. Багдановіча ў беларускіх умовах паставіла задачу канкрэтнай рэестрацыі і дыфэрэнцыяльнага вывучэньня каштоўнасьцяй спадчыны М. Багдановіча. Падзнакам разьвязваньня гэтай задачы праходзіць другое пяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці М. Багдановіча.

М. Багдановіч у крытыцы рэгістрацыйнага пяцёхгодзьдзя

Другое пяцёхгодзьдзе ў гісторыі вызначэньня каштоўнасьцяй спадчыны М. Багдановіча вызначна тым, што ў гэты час прыкмячаецца імкненьне падыйсьці да творчасьці поэты з разнастайных пунктаў гледжаньня і больш канкрэтна акрэсьліць разуменьні аб ёй.

У гэта пяцёхгодзьдзе поруч з агульнымі аглядамі беларускага пісьменства, у якім пэўнае месца вылучаецца М. Багдановічу, зьяўляюцца і спэцыяльна пасьвечаныя яго творчасьці або асобным галінам яе крытычныя нарысы. Усё гэта гаворыць, з аднаго боку, пра павялічэньне цікавасьці да М. Багдановіча, а з другога — пра пэўнае разьвіцьцё крытычнай думкі, якая зьяўляецца найлепшым паказьнікам стану культурнага разьвіцьця наогул і разьвіцьця інтарэсаў у галіне мастацкай культуры.

Да гэтага пяцёхгодзьдзя належаць зьяўленьне нарысаў па беларускай літаратуры Е. Карскага, спэцыяльных прац пра М. Багдановіча Ўл. Дзяржынскага, праф. Пічэты (1922 г.), М. Пятуховіча, этуду М. Грамыкі (1923 г.), агульных нарысаў З. Жылуновіча (1924 г.), агляду А. Узьнясенскага (1926 г.) і інш. У гэта–ж пяцёхгодзьдзе выяўляюцца і т. зв. рэвізыйныя імкненьні ў дачыненьні некаторых разуменьняў пра М. Багдановіча, утвораных як у папярэдні час, так і ў разгляданае пяцёхгодзьдзе.

Разьмяркоўваючы азначаныя крытычныя агляды ў парадку іх фонолёгічнага зьяўленьня, у першую чаргу патрэбна адзначыць працу Е. Карскага, і тым больш таму, што яна зьяўляецца першаю акадэмічнаю працаю на расійскай мове, якая мела за мэту, згодна слоў самога аўтара, азнаямленьне чытача з беларускай мастацкай літаратурай на народнай мове і якая на Беларусі выклікала цэлую буру абурэньня супроць сябе. У крытыцы гэтай кнігі[8] адзначаліся значныя недахваты, асабліва з боку ідэолёгічнага асьвятленьня беларускіх пісьменьнікаў, якое выразілася як у падборы матар’ялаў, так і ў комэнтарыях да іх. Аднак пры пэўным крытычным стасунку да гэтае працы яна не пазбаўлена цікавасьці з боку фактычных матар’ялаў, якія ў ёй зарэестраваны, хоць і далёка няпоўна, што прызнае і сам аўтар.

Поэтычны матар’ял М. Багдановіча Е. Карскі разьмяшчае ў сваіх нарысах у пляне рэестру біографічных, нацыянальных і агульналюдзкіх мотываў у творчасьці М. Багдановіча. З першых ён адзначае тыя вершы, што выражаюць перададчуваньне блізкасьці сьмерці, сумныя думкі аб сьмерці наогул і погляды поэты на зьмест і ўласьцівасьці поэзіі. З матываў другога парадку — сумнае пачуцьцё, гора і туга з поваду беднасьці Беларусі, якія, аднак, зазначае аўтар, не даводзяць поэту да роспачы; узятыя з беларускай прыроды і жыцьця як сучаснага поэту, так і мінулага і ўяўленай будучыны, сюжэты для выражэньня нацыянальных пачуцьцяў. У дачыненьні да трэцяй групы мотываў адзначаюцца вершы, што выяўляюць вобраз гулу, увасабленьне буры, верш пра мыльныя пузыры і верш пра Анакрэона. Вядома, такая рэестрацыя, далёкая ад паўнаты, ня можа даць поўнага і ўсебаковага ўяўленьня наконт творчасьці М. Багдановіча, не зважаючы на тыя камэнтарыі, якія дададзены аўтарам да паасобных мотываў.

Гэтыя комэнтарыі зводзяцца да зазначэньня з поваду мотываў другога парадку на момант збліжэньня М. Багдановіча ў гэтым дачыненьні з іншымі беларускімі пісьменьнікамі, на „интерес“ п’ес „Старая Беларусь“, некаторых з іх тым, што яны зьяўляюцца вельмі мастацкім насьледаваньнем Пушкіна“, а некаторых — анталёгічным стылем іх („Слуцкія ткачыхі“). Галоўная–ж увага аўтара зьвернута на мотывы трэцяга парадку, на мотывы агульналюдзкія, наконт якіх зазначаецца, што М. Багдановіч „изображал их как поэт чистого искусства для искусства“, што творы гэтыя невялікія, „но они довольно многочисленны, изящны по форме, очень разнообразны по своим размерам и по содержанию“.

На падставе гэтага не бяз пэўнай „покровительственной“ тэндэнцыі далей выводзіцца: 1) што „по–видимому Богданович легко владел стихом и был поэтом по призванию“ і 2) што „эти маленькие его пьесы с полным правом могут носить название антологических стихотворений. Они словно благоухающие цветки хорошего венка, которые оставил автор на память потомству“. У дачыненьні вершу Е. Карскі не адмаўляе вызнаньня яму ў тым, што „стих Богдановича очень разнообразен, хорошо отшлифован и образцов“, што „у него есть и хорошие сонеты“ і што „стихи его годятся для пения“. Наконт мовы М. Багдановіча зазначаецца, што „язык Богдановича… чистый белорусский разговорный язык“ і што „в этом его истинная красота“.

Агульны вывад Карскага наступны: „De mortius aut bene aut nihil... Но о М. Богдановиче можно совершенно беспристрастно сказать в заключение, что если бы жизнь его продлилась, мы имели бы в нем первоклассного поэта с философским мировозрением“. Такім чынам, Е. Карскі, устрымліваючы ад вызнаньня М. Багдановіча за „первоклассного поэта с философским мировоззрением“ у тым яго стане, у якім ён выяўлен аўтарам нарысаў, не адмаўляе, аднак, таго, што М. Багдановіч меў усе магчымасьці і адзнакі быць такім, што ў яго былі ўсе тыя патрэбныя ўласьцівасьці, якімі вызначаецца ўрэшце „першаклясны поэта з філязофскім сьветапоглядам“. Гэта вызначэньне вельмі каштоўна таму, што яно зьяўляецца вызнаньнем якаснай каштоўнасьці М. Багдановіча як поэта, у колькасным абмежаваньні яго выяўленьня.

У дачыненьні менавіта да поэтаў з вялікімі якаснымі ўласьцівасьцямі, якімі ўладаў і М. Багдановіч, не зважаючы на тое, што такі поэта піша на беларускай мове, расійскія колы, выражальнікам поглядаў якіх выступае ў дадзеных нарысах акад. Е. Карскі, лічаць магчымым гаварыць пра іх „совершенно беспристрастно“, прызнаваць „полное право“ за іх творамі на атрыманьне тытулаў антолёгічнасьці, а самім поэтам тытулу „поэта чистого искусства для искусства“ і рабіць прогноз на тое, што „мы имели бы“, г. зн. тыя, каго прадстаўляе сабою аўтар нарысу. У гэтым і выяўляецца пэўная тэндэнцыйнасьць глядзець зьверху на „малых сіх“ і прэтэнзія на высокасьць „покровительства“ ў дачыненьні да іх. Дзеля гэтага ў падобных вызнаньнях каштоўны ня тытулы, якія даюцца поэту, а самы факт вызнаньня магчымасьцяй і права быць поэтам сярод „малых сіх“ і менавіта поэтам, кажучы словамі Карскага, „первоклассным“ з філёзофскім сьветапоглядам. Такую вось першую прабоіну зрабіла творчасьць М. Багдановіча ў акадэмічнай крытыцы па–за межамі Беларусі ў пачатку другога пяцёхгодзьдзя пасьля сьмерці поэты.

У самой–жа Беларусі ў гэты час распачынаецца дыфэрэнцыяльнае вывучэньне спадчыны М. Багдановіча і разьвіваньне разуменьняў аб ім.

Ул. Дзяржынскі ў дзьвёх сваіх працах па творчасьці М. Багдановіча — „М. Багдановіч як прыродаапісальнік“[9] і „М. Багдановіч як стылізатар беларускага вершу“[10] імкнецца вызначыць поэту як мастака ў галіне апісаньняў прыроды і ў галіне стылізацыі беларускага вершу.

У першым артыкуле, разглядаючы матар’ял твораў М. Багдановіча ў пляне тых зьяў прыроды, слоўна–поэтычным выяўленьнем якіх зьяўляюцца тыя ці іншыя выражэньні гэтых твораў, Ул. Дзяржынскі адзначае: 1) нязначнасьць па ліку элемэнтаў прыроды, выяўленых у творах М. Б.; 2) колькасную перавагу поэтычнага выяўленьня такіх зьяў, як лета, вечар, ноч, зоры; 3) размаітасьць у гэтым выяўленьні з перавагаю адзначэньня ціхіх тонаў у іх і 4) міжнароднасьць зьяў прыроды, выяўленых у выражэньнях твораў М. Багдановіча. Аднак каштоўнае ўглядаецца аўтарам ня ў колькасьці, а ў якасьці мастацкага выяўленьня „элемэнтаў прыроды“.

Матар’ял прыродаапісальнай творчасьці М. Багдановіча, зазначае Ўл. Дзяржынскі, „ня вельмі багаты, ня вельмі разнастайны. Але поэта ўмее гэтак выгладжваць, гэтак крышталізаваць, гэтак асьвятляць яго праменьнямі свайго творчага духу, што простае, аднастайнае пачынае пералівацца рознымі колерамі, пачынае чараваць нас багацьцем тонаў, у скутку чаго атрымліваецца нязвычайнае эстэтычнае задаваленьне“. Такім чынам, каштоўнае ў гэтых „апісаньнях прыроды“ адносіцца тут да ўменьня апрацоўваць выражэньні і надаваць праз іх асабовае асьвятленьне таму, што імі выражаецца. Дзякуючы гэтым уласьцівасьцям і ўтвараецца тое, што простае і аднастайнае (у звычайных разуменьнях) адкрываецца як разнастайнае і багатае, а гэта ў сваю чаргу прадумоўлівае „нязвычайнае эстэтычнае задаваленьне“.

„Параўнаўчая вобразнасьць, трапная мэтафора, а часта і сымболіка — вельмі характэрны для творчасьці М. Багдановіча“, –– кажа далей аўтар і тым самым вызначае характар умела апрацаваных выражэньняў, праз якія фактычна і адбываецца тое, што „глыбокім лірызмам дыша прырода з твораў М. Багдановіча“. Адсюль Ул. Дзяржынскі заключае, што з гэтага боку (з боку ўменьня апрацоўваць выражэньні. — А. Б.) наш поэта — мастак над мастакамі. Вядома, апошняе сьцьвярджэньне вымагае некаторага ўдакладненьня. Над якімі мастакамі (беларускімі, расійскімі, эўропэйскімі...) М. Багдановіч мастак? Але маючы, як відаць, на мэце іншыя мэты ў даным выпадку, гэта палажэньне, як не асноўнае, аўтарам застаўлена неўгрунтаваным і таму зьяўляецца, т. ск., „рабочаю гіпотэзаю“, якая патрабуе пільных досьледаў твораў М. Багдановіча, праверкі паданага палажэньня і канкрэтнага яго фармуляваньня.

Асноўнае–ж палажэньне артыкулу пра М. Багдановіча як прыродаапісальніка зводзіцца да наступнага. М. Багдановіч як прыродаапісальнік вызначаецца тым, што ён апісвае дэдукцыйным мэтадам зьявы прыроды міжнароднага характару, аддаючы перавагу такім, як лета, вечар, ноч, зоры, і ціхім тонам іх, і выяўляючы іх у асабовых, нязвычайных мастацкіх выражэньнях, што ствараецца ўражаньне нязвычайнай прыгожасьці простага і аднастайнага (у звычайным разуменьні), у скутку чаго зьяўляецца нязвычайнае эстэтычнае задаваленьне.

Каштоўнасьць працы Ўл. Дзяржынскага ў тым, што яна зьяўляе сабою спробу выразіць усьведамленьне таго ўплыву на чытача, які робіцца выражэньнямі М. Багдановіча, што выяўляюць зьявы прыроды, у параўнаньні з непасрэдным уплывам тых–жа зьяў на чалавека. У выніку гэтай спробы зьявілася думка, якая праходзіць праз увесь артыкул Ул. Дзяржынскага, аб тым, што творы М. Багдановіча ствараюць большае ўражаньне сваім слоўна–мастацкім выяўленьнем „міжнародных“ зьяў прыроды, чым самы гэтыя зьявы ў іх натуры. Вядома, каштоўнасьць такое думкі ўзглядная, пасколькі параўноўваюцца ўражаньні адзьяў далёка не аднаго роду: з аднаго боку, зьявы мастацкай культуры, а з другога — зьявы, дадзеныя ў прыродзе. Куды больш каштоўней было–б параўнаць творы М. Багдановіча з творамі поэзіі іншых поэтаў як у межах нацыянальных, так і міжнародных, якія, кажучы тэрмінам Дзяржынскага, „апісвалі“ такія–ж зьявы прыроды, як і разгляданы поэта. Тады М. Багдановіч вызначыўся–б шырэй, паўней і дакладней.

У другім артыкуле таго–ж аўтара творчасьць М. Багдановіча разглядаецца з боку яе літаратурнай вартасьці, за меру якое ўзяты „законы і нормы поэтыкі“, праўда, без азначэньня якой. У пляне гэтых законаў і нормаў поэтыкі адзначаюцца мэтрорытмічны, рыфмічны, эўфонічны і кампазыцыйна–вершавы бакі твораў М. Багдановіча. У дачыненьні паасобных мэтраў зазначаецца іх узорнасьць і дасканаласьць у беларускіх умовах. „Узоры трохмернага анапэсту, — кажа аўтар, –– бязумоўна мала маюць сабе па дасканаласьці роўных у беларускай поэзіі. Тут злучыліся, з аднаго боку, чыстае мастацтва, сапраўдны талент, а з другога боку — глыбокае знаньне тэхнікі вершаваньня, а вынікам гэтага злучэньня паявілася сапраўдная поэтычная пэрла“. У гэтым палажэньні пры ўсёй нявыразнасьці разуменьня „чыстае мастацтва“, каштоўна тое, што адзначаецца наяўнасьць у аўтара сапраўднай поэтычнай пэрлы трох уласьцівасьцяй як перадумоваў для ўтварэньня поэтычных каштоўнасьцяй — гэта: 1) прыродная надаронасьць, 2) уладаньне тэхнікай творчасьці і 3) дзейнасьць у кірунку наданьня бясформным матар’ялам патрэбных формаў адпаведна адчуваньню і разуменьню хараства.

Наогул–жа Ўл. Дзяржынскі вызначае М. Багдановіча як стылізатара беларускага вершу (правільней было–б сказаць: вершу ў беларускай поэзіі, пасколькі тэрмінам „беларускі верш“ некаторымі азначаецца верш складу беларускіх народных песень, а па–другое, і таму, што ў артыкуле разглядаецца, галоўным чынам, Багдановічаў клясычны верш тым, што ён (Багдановіч) сьвядома падбіраў разьмеры для вершаў адпаведна зьместу, выражэньнем якога зьяўляўся верш; надаваў ім разнастайныя формы, ствараў багатыя і дасканалыя рыфмы, упарадкаваў гукавы бок мовы, прывіваў разнастайныя канонічныя формы вершаў і тым самым дасягнуў таго, што „ў кожным з яго вершаў чуецца цярпеньне, з якім каваў і гартаваў ён гэты верш. За тое–ж чутна ў ім сіла звону, за тое–ж і б’е ён, што аж іскры брызгаюць з халодных каменьняў“. Іначай кажучы, Ул. Дзяржынскі вызнае за каштоўнае ў М. Б. тое, што ён сьвядомаю працаю над вершам у беларускай мове ў выніку яе стварыў умову, патрэбную для адчуваньня сілы ўсіх тых трох уласьцівасьцяй, без наяўнасьці якіх немагчыма ўтварэньне „сапраўдных поэтычных пэрлаў“.

Аднак, вызнаючы каштоўнай працу М. Б. над вершам і рэеструючы яго каштоўнасьці, Ул. Дзяржынскі ўмяркована ставіцца да значэньня выніку ўсёй працы — зборніка „Вянок“. „Зборнік вершаў Багдановіча „Вянок“, –– піша ён, –– ёсьць нішто іншае, як студыя над формаю беларускага вершу“. У далейшым разглядзе Дзяржынскі неаднакроць спасылаецца на беларускую поэзію як умову, пры якой творчасьць М. Б. выгадна для сябе вылучаецца „на асобнае месца“ ад іншых поэтаў па разьмерах, „на адно з першых месц у беларускім пісьменстве“ па рыфмавых скарбах, а таксама і па форме вершаў. „Паміж пяскоў“ — „гэты сонэт, як казаў Буалё, варты ня менш, чымся доўгая поэма. А для беларусіна ён зьяўляецца цэлай эпопеяй“, — так ацэньвае Ул. Дзяржынскі сонэт „Паміж пяскоў“, іграючы словамі эпіграфу, узятаму М. Багдановічам да сонэту з Буалё.

Такім чынам, ня ставячы М. Багдановіча як стылізатара ў роўніцу параўнаньня з стылізатарамі ў іншых літаратурах, Дзяржынскі абмяжоўвае значэньне нацыянальным разрэзам і „законамі і нормамі поэтыкі наогул“, без конкрэтнага азначэньня яе па прыналежнасьці да тэй іншай школы поэзіі ў межах міжнародных, пакідаючы гэта пытаньне адкрытым. У кірунку гэтага апошняга пытаньня некаторы пачатак вызначэньням кладуць артыкулы М. Пятуховіча і А. Узьнясенскага.

М. Пятуховіч у артыкуле „М. Багдановіч як поэта імпрэсыяністы“ разглядае М. Багдановіча як поэту, які „займае ў гісторыі беларускага пісьменства асобнае месца“ сваім пахаджэньнем“, „асаблівымі абставінамі жыцьця“ і „асобнасьцю яго літаратурнага кірунку ў параўнаньні з іншымі беларускімі поэтамі“. На пытаньні наконт асобнасьці гэтага апошняга і спыняецца галоўная ўвага.

Вызнаючы за пануючы кірунак у беларускай літаратуры рэалізм, існасьць Багдановічавага кірунку М. Пятуховіч характарызуе наступным чынам. „Іншы характар, — кажа аўтар, — мае муза М. Багдановіча. Гэта нэрвовая муза гораду, яна ня ведае супакою і цішы, яна — гэта рух і зьменчывасьць. У той час, калі беларускія поэты–народнікі шырока абхапляюць жыцьцё; у той час, калі іх малюнкі паходзяць на шырокія палотны Рэмбрандта, — М. Багдановіч дае толькі бягучыя накіды рачавістасьці, адбівае асобныя яе мігі, зьмяняючыяся і ўступаючы сваё месца іншым мігам і ўражаньням. Там статыка жыцьця, тут дынаміка. Там рэалізм, тут, у М. Багдановіча, — імпрэсыянізм, фіксаваньне асобных мімалётных мігаў і ўражаньняў“.

Далей у якасьці довадаў гэтага палажэньня падаюцца ілюстрацыі вершаў нізак „Места“, „Старая Беларусь“, „У зачарованым царстве“ і некаторыя іншыя, як прыклады „мігаў“, „карыстаньня сродкамі музыкі“, „мітаў“, „мігаў яркага і моцнага ўражаньня“, „скептыцызму і пэсымізму“. Пры гэтым дадаюцца комэнтарыі наконт таго, што нагадвае той ці іншы момант у творах М. Багдановіча. Так, у дачыненьні прыёмаў зазначаецца, што „прыём фіксаваць мімалётныя ўражаньні мясцовага (відаць, трэба разумець „мястовага“. — А. Б.) жыцьця нагадвае вядомую манеру Бадлера, Верхарна і інш.“, вобраз бутэлькі, кінутай у мора ў „Летапісцы“, напамінае... аналёгічны вобраз францускага романтыка Альфрэда дэ Віньні“, „прыём музыкальнай лірыкі збліжае... з Вэрленам, Верхарнам і асабліва з Бальмонтам...“, „дар мітатворчасьці ў некаторых адносінах нагадвае прыём Віктора Гюго“ — нарэшце, высоваюцца палажэньні наконт таго: 1) што „Багдановіч у сваёй філёзофіі зьяўляецца тыповым рэлятывістам“, 2) што М. Багдановіч „скептыкам і пэсымістам выступае перад намі“ (г. зн. перад аўтарам і тымі, каго ён выражае. — А. Б.[11]) і 3) ня новае ўжо ў крытыцы, што „Багдановіч прыхільнік чыстага мастацтва — мастацтва дзеля мастацтва“.

Ва ўсіх гэтых зазначэньнях і палажэньнях цікава тое, што яны ўяўляюць сабою, з аднаго боку, насьпеўшую патрэбу асьвядоміць творчасьць М. Багдановіча ў аспэкце эўропэйскай літаратуры і філёзофіі, а з другога — што яны зьяўляюцца першаю спробаю у гэтым кірунку ў гісторыі ацэнак творчасьці М. Багдановіча. Як першая спроба яны не пазбаўлены некаторых недакладнасьцяй і недастатковага ўгрунтаваньня ўжо па адным тым, што М. Багдановіч разглядаецца толькі з аднаго боку, а менавіта з боку яго манеры даваць бягучыя накіды рачавістасьці ў сваіх творах, г. зн. фактычна разглядаецца той бок, які ў свой час З. Бядуля характарызаваў як уменьне поэты некалькімі характэрнымі штрыхамі даваць цэлы жывы малюнак. Абагуленьне–ж гэтага боку — адцята ад суцэльнасьці ўсіх старон творчасьці М. Багдановіча, якія адбіліся ў яго творах і на якія зазначала папярэдняя крытыка, — да ступені абсолютнасьці і прывяло да вызнаньня М. Багдановіча за „імпрэсіяністага“ і „рэлятывістага“, што фактычна не абнімае існасьці ўсёй поэзіі М. Багдановіча, узятай у суцэльнасьці ўсіх яе бакоў, зьўляецца толькі прысьпешаным, абагуленым афармаваньнем некаторых уражаньняў ад твораў М. Багдановіча ў параўнаньні з разуменьнямі аб „імпрэсіянізму“.

Другая праца па пытаньню наконт вызначэньня кірунку творчасьці М. Багдановіча, а менавіта праца А. Узьнясенскага „Поэтыка М. Багдановіча“, разглядае творчасьць М. Багдановіча з боку тэматычнай, стылістычнай і фонэтычнай кампазыцыі і з боку пабудовы твораў. Аўтар гэтай працы ў выніку падрабязговае рэестрацыі матар’ялаў творчасьці М. Багдановіча прыходзіць да цікавых высноваў. Так, падагульваючы разгляд тэм і мотываў, А. Узьнясенскі зазначае, што „яны зьяўляюцца сюжэтнай кампазыцыяй у поэтыцы мастака, абнімаюць сабою шырачэзны круг паасобных старон акружаючага жыцьця. Поэт закранае пытаньні сацыяльныя, бытавыя, прыроды, псыхолёгічныя, філёзофскія і літаратурныя. У межах кожнага з іх ён творыць розныя тэмы, якія ўваходзяць у яго зьмест. Паўтарэньні тэм надта рэдкі. ...З боку лёгічнага зьместу тэмы і мотывы творчасьці М. Багдановіча ў большасьці сваёй носяць акрэсьлены характар. Яны датычаць зазвычай цяжкіх, цёмных, адмоўных старон жыцьця. З усіх яго мотываў толькі нямногія закранаюць сьветлыя дадатныя праявы... Тасунак самога аўтара да выабражаных праяў... дваякага характару, у большасьці здарэньняў ён думае і адчувае ў поўнай гармоніі з тым эмоцыянальным настроем, якім прасычаны яго творы... Іншы раз, наадварот, яго настрой аказуецца супроцьлеглы таму, каторы ён укладае ў свае вершы...“ Асабістыя перажываньні поэта „не заўсёды выражае ў адкрытай форме, чарадуючы выабражэньне іх з абрысоўкаю адпаведных тэм з зьнешняга сьвету. Часта ён ня выказваецца проста, а ўкладае свой сьветагляд у тыя барвы сваіх поэтычных абразоў, каторыя ясна адбіваюць асобу поэты і яго настрой. ...Па характару зьместу мотывы ў творчасьці М. Багдановіча маюць у сабе матар’ял падвойнай якасьці: з аднэй стараны — рэальны, канкрэтны, плястычны... а з другой — эмоцыянальны, псыхолёгічны, адвалочны... Гэта змушае бачыць у яго творчасьці дзьве стыхіі: адна пераважаючая — стыхія канкрэтнага, а другая меншага спамеру — стыхія духовага сьвету“.

Пасьля–ж разгляду іншых старон творчасьці М. Багдановіча Ўзьнясенскі ўрэшце заключае: „Бясспрэчным і ачавістым астаецца бытнасьць двух кірункаў у творчасьці М. Багдановіча — клясычнага і романтычнага. Гэта паказуе, што поэта ішоў дарогаю сынтэзу, імкнучыся аб’яднаць у адно мастацкае суцэльнае найбольш высокія цэннасьці гэтых кірункаў і стыляў...“

У гэтых зазначэньнях цікавым зьяўляецца тое, што яны паказваюць на наяўнасьць каштоўнасьцяй у творчасьці М. Багдановіча, роўных клясычным, на што ў свой час зазначаў яшчэ З. Бядуля, а з другога боку — романтычным. Вядома, пасколькі аўтар у сваёй працы карыстаўся толькі матар’ялам „Вянку“, пастолькі ад яго погляду ўніклі каштоўнасьці іншага парадку, прынамсі, роўныя каштоўнасьцям беларускай народнай творчасьці, на якія зазначалася папярэдняю крытыкаю і якія поэта таксама імкнуўся ўвабраць у суцэльнасьць свае творчасьці. Гэтага парадку каштоўнасьці хоць і не ў такой меры, як вызначаныя вышэй, ёсьць і ў „Вянку“.

_____________

Апроч вызначаных прац па разгляду творчасьці М. Багдановіча, у рэгістрацыйным пяцёхгодзьдзі патрэбна адзначыць нарысы і агляды, у якіх творчасьць М. Багдановіча разглядаецца з сацыяльнага боку і выяўляецца імкненьне вызначыць поэту з гэтага боку (З. Жылуновіч), а таксама зазначаецца на каштоўнасьць творчасьці М. Багдановіча для пролетараў, „штодзённых цегляроў“ (М. Грамыка, Ганчарык), і вызначаецца каштоўнасьць працы М. Багдановіча як публіцыстага–гісторыка (У. Пічэта). Ня спыняючыся на гэты раз падрабязна на гэтых артыкулах, у агульным патрэбна сказаць, што другое пяцёхгодзьдзе ў гісторыі ацэнак М. Багдановіча выявіла імкненьне да шырокага ўсьведамленьня спадчыны М. Багдановіча, да шматбаковага яе акрэсьленьня і паказала фактычнае вызнаньне яе каштоўнасьці ў разьвіцьці літаратурна–крытычных разуменьняў наогул.

_____________

Агляд літаратурна–крытычных вызнаньняў і вызначэньняў М. Багдановіча прыводзіць да некаторых агульных вывадаў, якія перадусім выводзяцца да таго, што гісторыя крытычных ацэнак зьяўляецца гісторыяй жыцьця мастацкіх твораў і іх дзейных сіл у сьвядомасьці чытача, разнастайнага як з боку сацыяльнага і нацыянальнага, так і з агульнакультурнага яго ўзроўню. З прычыны гэтага такая гісторыя, нібы той баромэтр, паказвае на стан разьвіцьця культурных і літаратурна–мастацкіх інтарэсаў грамадзтва ў той ці іншы гістарычны момант і адбівае сабою барацьбу разуменьняў, полем якое зьяўляецца ў дадзеным выпадку мастацкая творчасьць.

Акідаючы агульным поглядам разьвіцьцё ацэнак творчасьці М. Багдановіча, выяўленых у той ці іншай форме ў крытычнай літаратуры, неабходна зазначыць на тры моманты, што яскрава вызначаюцца ў гісторыі гэтых ацэнак. Першы момант — гэта вызнаньне М. Багдановіча за песьняра сваеасаблівага–індывідуальнага яшчэ пры жыцьці поэты, другі — вызнаньне яго за нацыянальнага поэта–клясыка, якое адбылося ў жалобнае пяцёхгодзьдзе, і трэці — вызнаньне М. Багдановіча за мастака–сынтэтыка, якое прыпадае на час рэгістрацыйнага зьбіраньня спадчыны поэты ў другое пяцёхгодзьдзе пасьля яго сьмерці. Адначасова–ж усе гэтыя моманты справаджаюцца легэндаю аб М. Багдановічы як поэты „мастацтва для мастацтва“, якая ўтварылася з патрэбы ў свой час адрозьненьня М. Багдановіча ад іншых поэтаў–адраджаністых.

Усе гэтыя вызнаньні вызначаюць на будучы час новыя задачы ў галіне вывучэньня і ацэнкі спадчыны М. Багдановіча, пакінутай ім для нашчадкаў у выніку дзесяцёхгадовае творчае працы па ўзбудаваньню новай Беларусі ў пару нашаніўскага адраджэньня. Гэта — вывучэньне яго твораў у аспэкце беларускай народнай творчасьці, з аднаго боку, і ў аспэкце агульнаэўропэйскіх дасягненьняў у літаратурным мастацтве, якія праз М. Багдановіча ўвайшлі ў культурна–мастацкія скарбы беларускай літаратуры. З другога боку, праца М. Багдановіча ў галіне крытычнай, гісторыка– публіцыстычнай і грамадзкай яшчэ чакае свайго шырокага вызнаньня. Нарэшце, творчы вопыт М. Багдановіча ўва ўсёй яго шырыні патрабуе ад сучасных тварцоў новай, беларускай пролетарскай літаратуры поўнага выкарыстаньня і аўладаньня ім дзеля пасьпяховага разьвіцьця гэтай апошняй. Разьвязаньне гэтых задач будзе найлепшым помнікам М. Багдановічу — мастаку хараства жыцьця, да якога ён імкнуўся ўсёй сваёй істотаю і тым жывым вянком на яго магілу, пачатак завіваньня якога зрабіла першае дзесяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці поэты.

„Мы, пролетары, як сказаў М. Грамыка, якія ўжо навучыліся любіць і разумець хараство, павінны берагчы і пільнаваць зерняткі яго, каб перадаць іх тым, што яшчэ толькі праціраюць вочы свае запатнелай далоньню“ і тады, разам з З. Бядуляю, скажам: „Не, ён не памёр, ён жыве“, ён жыве ў нашай любові і няспынным імкненьні і тварэньні хараства новага жыцьця, жыцьця на сацыялістычных асновах.


  1. Па ведамасьцях В. Ластоўскага, паданых у тых–жа ўспамінах, тагачасная рэдакцыя „Нашае Нівы“ складалася з дзьвёх палат: „верхняй“ і „ніжняй“, як іх трапна назваў С. Палуян. Да верхняй палаты належалі А. Уласаў, браты А. і І. Луцкевічы, а таксама Чыж (Альгерд Бульба) і Манькоўскі (Янка Окліч). Гэта палата, як кажа аўтар успамінаў, вяршыла „высокія“ палітычныя матэрыі; у ёй „ішла буйная ігра са стаўкамі з боку уніяцкай гіерархіі і некаторых другіх, сільных у тыя часы, палітычных краёвых чыньнікаў“. „Другая палата — ніжняя — складалася з Ядвігіна Ш. (Ант. Лявіцкі), Янкі Купалы, В. Ластоўскага, С. Палуяна і мастака Драздовіча, які далучыўся да яе ў канцы 1909 г. Гэта палата рабіла ўсю штодзённую работу рэдакцыі і мела шчыльную сувязь з чытачоўскімі „нізамі““.
  2. Прыпіску „пад псэўдонімам“ В. Ластоўскі тлумачыць тым, што „палітыка“ „верхняй палаты“ строга прытрымлівалася лініі нераскрываньня сваіх супрацоўнікаў, каб манаполь прадстаўніцтва руху быў выключна ў яе руках“.
  3. Псэўдонім выдуманы для М. Б. Ядвігіным Ш.
  4. Выдрукаваны былі пад праўдзівым прозьвішчам аўтара з папраўкамі С. Палуяна наступныя вершы: „Лясун“ („Н. Н.“, № 35–36 за 1909 г.), „Край мой радзімы“ (№ 38), „З песьняў беларускага мужыка“ (№ 39), два вершы з нізкі „Вадзянік“ (№ 41), „На чужыне“ (№ 42), „Пугач“ (№ 43), пераклад з Гэйнэ (№ 44), павіншаваньне „Нашай Ніве“ (№ 46), „Разрытая магіла“ (№ 47), верш, пасьвечаны С-ну, (№ 50) і „Цемень“ (№ 51–52).
  5. „Голас“ (яраслаўская газэта), № 198 за 11 (24) чэрвеня 1917 г.
  6. Пра гісторыю гэтага выданьня расказваецца ў тых–жа ўспамінах, матар’ял якіх па гэтаму пытаньню выкарыстаны ў артыкуле Я. Плашчынскага „Кніга лірыкі як мастацкае цэлае“. Гл. Узвышша, № 1, стар. 119.
  7. „Вялікодная пісанка“, 1904 — 1914 г. Вільня.
  8. Ул. Дзяржынскі. „Белорусы“ Е. Карскага“. Полымя, № 2 за 1923 г., а таксама крытыка працы Карскага на публічным вечары, гл. Полымя, № 5–6 за 1923 г.
  9. Вольны сьцяг, № 1 (9) за 1922.
  10. Адраджэньне, № 1 за 1922.
  11. Параўнай гэта палажэньне з поглядам праф. Пічэты, які кажа: „У творчасьці М. Багдановіча няма пэсімізму (падкрэсьлена мною. — А. Б.). У яго поэзіі шмат жалобных песень як адбітак яго уласных дум і настрояў, але ў той час у ёй адчуваецца глыбокая вера ў перамогу жыцьця, у блізкасьць нацыянальна–культурнага адраджэньня роднай краіны, да якое заўсёды імкнецца душа хворага поэты“. „Вестник Нар. Ком. Просв. БССР“, № 5–6 за 1922.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.