З літаратурных нататак (Бабарэка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З літаратурных нататак
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1927
Крыніца: Узвышша, 1927, №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1. Аб літаратурных пытаньнях наогул.

У процэсе ўсякае працы і ў кожнай справе перад яе ўдзельнікамі час ад часу паўстаюць тыя ці іншыя пытаньні, вырашэньне якіх адбываецца або ў выніку перайманьня практыкі, набытай за ранейшы час, або праз спэцыяльна з гэтай мэтай уладжаную практыку. Такія пытаньні асабліва няўхільны ў такой новай і жывой справе, як утварэньне пролетарскай літаратуры і наогул мастацтва новай савецкай культуры. Іх можа ня быць толькі там, дзе ўсё ўпарадкавана і робіцца раз назаўсёды вызначанымі спосабамі і па ўстаноўленых узорах, дзе, словам, усё як–бы мэханізавана; калі–ж і вынікаюць яны тут, то толькі ў галіне прыстасаваньня дзейнай сілы да ўстанаўленьняў.

Наяўнасьць пытаньняў у тэй ці іншай справе сама па сабе ўжо мае вялікае значэньне, бо паказвае на тое, што жыцьцё ў гэтай галіне ня спыняецца, што сама справа зьяўляецца жывою справаю, у якой ёсьць свае інтарэсы і патрэбы. Чым больш гэтых пытаньняў і чым большы лік людзей бярэ ўдзел у іх вырашэньні і разьвязаньні, тым інтэнсыўней, шырэй і глыбей ідзе само жыцьцё ў гэтай галіне, тым багацей і рознастайней па сваіх формах выяўленьня адбываецца процэс разьвіцьця яе.

Аднак ня ўсякае пытаньне, якое выплывае ў тэй ці іншай справе, бывае значным і актуальным для кожнага часу. Важнасьць пытаньняў вызначаецца сваеасаблівасьцямі ў стане самае справы ў кожны асобна ўзяты момант яе разьвіцьця, а гэта ставіць перадумоваю пастаноўкі таго ці іншага пытаньня, перш за ўсё, дакладнае і ўсебаковае вызначэньне тых фактаў, якія найяскравей характарызуюць справу ў гэты момант.

У разьвіцьці беларускай пролетарскай літаратуры за апошнія гады адбылося нямала падзей, самыя факты якіх узьнімаюць некаторыя пытаньні і патрабуюць да іх адпаведнай увагі ў інтарэсах далейшага разьвіцьця гэтай галіны грамадзкага жыцьця. Існаваньне літарацкіх організацый, іх пашырэньне і зьяўленьне новых; дзейнасьць гэтых організацый, накірованая на задаваленьне літаратурных патрэб грамады; практыка літаратурна–мастацкай творчасьці, якая адбывалася і адбываецца як у межах організацый, так і па–за іх межамі; выяўленьне інтарэсаў і патрэб чытача, якія адбіваюцца ў тэй ці іншай меры крытыкаю або выражаюцца і ў іншых формах (літгурткі, вечары, выступленьні, дыспуты і г. д.), — усе гэтыя факты літаратурна– грамадзкага жыцьця ня могуць ня выклікаць пытаньняў аб стане беларускай пролетарскай літаратуры і віддалях яе разьвіцьця.

Самі адзначаныя факты, у істоце сваёй складаныя, перад усім выяўляюць тэндэнцыю да концэнтрацыі клясавых інтарэсаў у літаратурна–мастацкай галіне ў асобе адумысловых організацый, а праз гэта яскрава вызначаюць грамадзкі характар самой справы літаратурнага мастацтва. Пытаньні, якія ставяцца фактамі літаратурна– мастацкай практыкі ва ўмовах Беларусі, надзвычайна актуальныя і важныя. Для свайго разьвязаньня яны патрабуюць уважлівых адносін і дакладнага вывучэньня і высьвятленьня ўсіх тых матар’ялаў, якія маюць да іх дачыненьне. Гэта магчыма толькі пры ўмове колектыўнай організаванай працы на працягу пэўнага часу, якая пазбавіць ад тых ці іншых суб’ектыўных і павярхоўных поглядаў, што часта практыкуюцца ў гэтай справе, а таксама ўхіліць і тыя памылкі, якія нямінучы пры сьпешных суб’ектыўных падыходах да пытаньняў літаратурнага мастацтва і „адміністрацыйных“ вырашэньнях.

Я думаю, што ў інтарэсах высьвятленьня пытаньняў, якія выклікаюцца вышэйпамянёнымі фактамі літаратурнага жыцьця і іх дакладнага і пасьпяховага разь вязаньня, будзе небескарысна перш за ўсё іх разьмежаваць, акрэсьліць конкрэтную існасьць іх і дакладна формуляваць. Да гэтага і зводзіцца задача гэтых невялічкіх нататак.

Перш, чым прыступіць да азначэньня саміх пытаньняў, я мушу папярэдзіць некаторых сваіх чытачоў, што ў гэтых нататках яны дарэмна будуць шукаць канчатковых адказаў на тое ці іншае пытаньне беларускай пролетарскай літаратуры. Я тут выказваю толькі свае меркаваньні па шэрагу пытаньняў, лічачы, што яны небескарысны будуць у справе высьвятленьня адзінай проблемы разьвіцьця беларускай пролетарскай літаратуры. Гэтыя меркаваньні я падаю як некаторы матар’ял да пытаньняў, зьвязаных, з аднаго боку, непасрэдна з інтарэсамі і патрэбамі дзейных сіл літаратурнага мастацтва і самога мастацтва, а з другога — з інтарэсамі і патрэбамі чытача ў галіне літаратурна–мастацкай.

Кожны мастацкі твор перажывае ў асноўным два галоўныя моманты — гэта момант свайго ўтварэньня і момант свайго жыцьця. Іначай кажучы, мастацкі твор мае сваю гісторыю да зьяўленьня ў сьвет і гісторыю жыцьця ў гэтым сьвеце пасьля зьяўленьня ў яго. Дзейнымі сіламі гэтых момантаў і вызначаецца аснова для згрупаваньня тых ці іншых пытаньняў літаратурна–мастацкага разьвіцьця. Гісторыя твору да яго зьяўленьня ў сьвет вызначаецца працаю пісьменьніка над матар’яламі і яго перамаганьнем тых супярэчнасьцяй, якія становяць сабою бясформны матар’ял перажываньняў і па знаньня. Пасьля–ж зьяўленьня ў сьвет гісторыя твору вызначаецца ўспрыняцьцем яго чытачамі, ацэнкаю яго крытыкамі (выразіцелямі чытача ў літаратуры), гісторыкамі, пісьменьнікамі і г. д. Над будоваю, наджыцьцём мастацкага твору ў азначаных момантах зьяўляецца навука аб ім — гэта гісторыя гісторый мастацкіх твораў, якая ў сваю чаргу становіць сабою грунт для „філёзофіі“ літаратурнага мастацтва.

На аснове гэтага ўсе пытаньні літаратурна–мастацкага разьвіцьця разьмяжоўваюцца на тры групы. Да першай групы я адношу пытаньні, зьвязаныя з творчым процэсам. Сюды ўваходзяць:

1. Самавызначэньне і самаацэнка творчых сіл (суб’ектаў творчасьці);
2. Матар’ялы творчасьці і іх крыніцы;
3. Спосабы творчасьці;
4. Пазнаньне інтарэсаў і патрэб чытача;
5. Мэта творчасьці.
Да другой групы належаць пытаньні, зьвязаныя з „спажываньнем“ твораў:
1. Разуменьне твораў мастацтва;
2. Ацэнка іх і наогул творчасьці;
3. Выражэньне інтарэсаў і патрэб чытача (пытаньне крытыкі);

4. Вызначэньне ролі мастацтва;
5. Умовы разьвіцьця мастацтва.
Трэцюю групу складаюць пытаньні вывучэньня твораў і гісторыі творчасьці:
1. Матар’ялы вывучэньня;
2. Мэтоды вывучэньня;
3. Мэта вывучэньня;
4. Формаваньне вынікаў вывучэньня (пытаньне гісторыі);
5. Значэньне вывучэньня.

Вядома, гэтымі пытаньнямі ня вычэрпваецца ўсё, што так ці іначай мае дачыненьне да літаратурна–мастацкага разьвіцьця, пры гэтым кожнае з азначаных пытаньняў распадаецца на цэлы шэраг драбнейшых, што складаюць сабою асноўнае. Вызначаныя мною пытаньні зьяўляюцца ні больш ні менш як схэматычным азначэньнем тых ліній, спыніць увагу на якіх вымушаюць факты сучаснага літаратурнага жыцьця і творчасьці ва ўмовах Беларусі, а з другога боку, высьвятленьне пададзеных пытаньняў у інтарэсах далейшага разьвіцьця беларускай пролетарскай літаратурна–мастацкай творчасьці важна тым, што яно праз падагульваньне таго, што ёсьць, дапаможа сконцэнтраваць належную ўвагу на тым, чаго яшчэ не стае і што патрэбна вырашыць у літаратурным мастацтве. Патрэба–ж у высьвятленьні пададзеных пытаньняў даводзіцца тым фактам, што пры наяўнасьці ў сучасных часопісях артыкулаў крытычнага характару ўсё–ж такі скрозь чуюцца галасы наконт адсутнасьці крытыкі і, у некаторай меры, застоі разьвіцьця беларускай пролетарскай творчасьці ў галіне літаратурнага мастацтва. Справа–ж разьвіцьця пролетарскай літаратуры ёсьць справа, перадусім, грамадзкая, і посьпех яе залежыць у першую голаў ад працы і ўдзелу ў ёй як мага шыршых колаў грамадзтва. Гэты ўдзел магчымы праз зьбіраньне адпаведных матар’ялаў і выяўленьне практыкі ў галіне мастацтва, якую мае кожны, для каго дорага справа разьвіцьця пролетарскай мастацкай творчасьці.

Выходзячы з гэтага, я і падаю ў далейшым свае разуменьні вышэйадзначаных пытаньняў і некаторыя матар’ялы з практыкі ў гэтай галіне, спадзяючыся, што ў далейшым яны будуць дапоўнены і пашыраны ня толькі мною, але наогул нашымі чытачамі, а таксама і практыкаю сучасных будаўнікоў беларускай пролетарскай літаратуры.

2. Аб самавызначэньні і самаацэнках творчых сіл мастацтва.

Гэта пытаньне выдаецца крыху дзіўным і незразумелым, у якім сэнсе яно мае дачыненьне да разьвіцьця беларускай пролетарскай літаратуры. На першы погляд здаецца зусім малаважным, як сябе самавызначае ці самаацэньвае той ці іншы поэта або пісьменьнік; куды важней, што гэты поэта ці пісьменьнік піша, аб чым і як ён гаворыць у сваёй мастацкай творчасьці. Аднак гэта далёка ня так. У спосабах самавызначэньня і самаацэнках, выражаных у тэй ці іншай форме, перадусім выяўляецца характар самога поэты ці пісьменьніка, той характар, які адыгрывае ў творчасьці не апошнюю ролю. Гэты характар накладае свой сьлед і знак на ўсе творы пісьменьніка, і выражаецца ён як у спосабах творчасьці, так і ў выбары матар’ялаў для яе і г. д. Ведаць–жа, якога характару пісьменьнікі пераважаюць у тэй ці іншы момант літаратурна–мастацкага разьвіцьця — гэта значыць у пэўнай меры зразумець саму творчасьць гэтага моманту, а галоўнае — уявіць сабе некаторыя пэрспэктывы ў гэтым разьвіцьці.

Самавызначэньне пісьменьніка адбываецца самымі рознастайнымі спосабамі. Адны самавызначаюцца фактамі сваёй мастацкай творчасьці, другія — агалашэньнем тэй ці іншай дэклярацыі, трэція — абвяшчэньнем сябе пісьменьнікамі і барацьбою за прызнаньне іх гэткімі за іх дзейнасьць часта далёка не літаратурна–мастацкага характару... Мне здаецца, ніхто ня будзе спрачацца, калі я скажу, што адзіным самым правільным спосабам літаратурна–мастацкага самавызначэньня зьяўляюцца факты самой творчасьці — мастацкія творы. Аднак–жа ў жыцьці практыкуюцца і іншыя спосабы, асабліва літарацкімі організацыямі. Рознага роду дэклярацыі часта служаць прыкрыцьцем для паасобных сяброў організацыі зусім нелітаратурных імкненьняў іх і „пашпартам“ на тыя ці і іншыя прывілеі ў грамадзтве. Пры такіх самавызначэньнях і ня пісьменьнік і не поэта можа слыць за поэта і пісьменьніка, нягледзячы на тое, што ён ня мае мастацкіх твораў. Такім чынам, пры ўсёй станоўчасьці значэньня ўсякіх дэклярацый, яны крыюць за сабою і адмоўную старану, гэта спосаб для бытаваньня, т. ск., літаратурнага кар’ерызму, і адну з формаў для яго красаваньня за кошт аўторытэту літаратуры, гэта спосаб спэкуляцыі на справе літаратурна–мастацкага разьвіцьця. Такое зьявішча няўхільна асабліва пры існаваньні т. зв. масавых організацый поэтаў і пісьменьнікаў. У той час, як Я. Купалу або Якубу Коласу дзеля таго, каб самавызначыцца як поэтам, патрэбны былі годы літаратурна–мастацкай працы, пры існаваньні літарацкіх організацый досыць бывае толькі аднаго залічэньня ў яе, каб тым самым ужо лічыцца за поэта. Вось гэта і ёсьць, па маёй думцы, адна з адмоўных праяў у справе разьвіцьця пролетарскай літаратуры. Вядома, такая зьява найчасьцей бывае вынікам няправільнага разуменьня як існасьці літарацкіх організацый, так і дэклярацый. Кожны чалавек у потэнцыі поэта або пісьменьнік ці мастак, але прызнаваць такога чалавека за поэта, пісьменьніка ці мастака толькі за яго потэнцыі — рызыкоўна... Вось чаму паўстае пытаньне аб літаратурна–мастацкім самавызначэньні.

Ня меншую цікавасьць зьяўляе сабою пытаньне аб тым, што думае аб сабе ці як ацэньвае сябе той ці іншы поэта ці пісьменьнік, хоць па гэтым і цяжка судзіць аб ім як асобе. Самаацэнкі выражаюцца ў розных формах, яны ня рэдка бываюць нават як–бы асобным лірычным жанрам, пры дапамозе якога выражаюцца самыя рознастайныя перажываньні тых ці іншых соцыяльных груп і асоб, перанесеныя на самога сябе. Такія формы асабліва часта спатыкаюцца ў творчасьці Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, у Я. Коласа (раньніх гадоў) і інш. Пры дапамозе іх гэтыя песьняры выяўлялі жывую сувязь з сваім соцыяльным атачэньнем і падкрэсьлівалі на супольнасьць і агульнасьць інтарэсаў („Я мужык–беларус...“).

Вядома, у пэўнай меры кожны верш зьяўляе сабой як–бы ацэнку, якую дае поэта тэй ці іншай зьяве або рэчы, што так ці іначай дачынілася поэты, але гэта пытаньне другога парадку. Тут цікавы самаацэнкі поэтаў як такіх, выражаныя або вершам, або якім іншым спосабам (пісьмовыя прызнаньні або выказваньні і інш.).

Умовамі ўсякай ацэнкі зьяўляецца наступнае: 1) прадмет, які ацэньваецца (об’ект ацэнкі), 2) чалавек, які ацэньвае (суб’ект ацэнкі), 3) мера ацэнкі, г. зн. умоўная адзінка каштоўнасьці, якая ўжываецца ў практыцы ацэньваньня, 4) самы процэс ацэньваньня і 5) як яго вынік — сама ацэнка або вызначэньне каштоўнасьці прадмету, выражанае ў той ці іншай форме. Самаацэнка адрозьніваецца ад ацэнкі тым, што об’ект ацэнкі і яе суб’ект увасабляюцца аднэй асобаю. З прычыны гэтага пры самаацэнках адбываецца як–бы рашчэпліваньне асобы на часткі, адна з якіх об’ектывізуецца для ацэнкі другою. Фактычна гэта ня ёсьць рашчэпліваньне ў літаральным сэнсе, а толькі об’ектывізацыя пэўнага комплексу або перажываньняў уласных, або практыкі ўласнага жыцьця наогул.

Матар’ялам для суджэньняў аб такіх самаацэнках зьяўляюцца перш за ўсё самі самаацэнкі, якія знайшлі сваё выражэньне і слоўнае аформаваньне. Іншых матар’ялаў дастаць надзвычайна цяжка, калі не сказаць, што зусім немагчыма.

У Дуніна–Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча (Сымона Рэўкі з–пад Барысава) ёсьць некаторыя матар’ялы да гэтага пытаньня, якія яны падаюць у прадмовах, першы — да „Пана Тадэуша“ ў перакладзе на беларускую мову, другі — у зборніку „Смык беларускі“.

Дунін–Марцінкевіч у гэтай прадмове называе сябе дударом простага народу. „Можа народ той просты, — піша ён, — што з маткаю прыродай блізка жывець, прымець гэты гасьцінец (г. зн. „Пана Тадэуша“, прыбранага ў мужыцкую вопратку. — А. Б.) ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець“. З гэтага азначэньня выяўляецца, што Дунін–Марцінкевіч, будучы няпрызнаным з боку пануючых кляс (аб чым ён сам кажа ў той–жа прадмове, калі зазначае, што яго праца ў беларускай мове „можна сказаць, зусім ня сустрэла прыяцеляў“), імкнецца ацаніць сябе як поэта з пункту гледжаньня „простага народу“ і тым самым вызначыць сваё месца ў соцыяльным разрэзе. Аднак наколькі правільнаю была соцыяльная сама ацэнка Дуніна–Марцінкевіча, гэта паказвае аналіз яго твораў, які даводзіць, што поэта воляю ці няволяю, але ня быў дударом „простага народу“, а застаўся поэтам беларускае сполёнізаванае шляхты, якая шукала сабе апоры ў асобе буйных магнатаў і тых паноў, з якімі, па словах Марцінкевіча, „наш народ... так блізка жыў“ і якія былі гэтаму народу, па яго–ж поглядах, „бацькамі“.

Зусім у іншым родзе ацэньвае сябе Ф. Багушэвіч у памінанай ужо прадмове. Зазначаючы на сябе як чытача „ксёнжачак... якогась пана Марцінкевіча“ і перапісаных вершыкаў „якогасьці Юркі“, Багушэвіч залічае сябе да „нашага цёмнага брата“, „мужыка“ і далей піша: „Не раўня я Бурачку (другі псэўдонім самога–ж Багушэвіча. — А. Б.) — ён лепей можа знае жыцьцё мужыцкае... але мне спадабаліся яго тыя вершы, што і я здумаў папрабаваць што–кольвек напісаць“. Нарэшце, тлумачачы назву свайго зборніку, Багушэвіч сваю прадмову канчае такімі словамі: „Смык ёсьць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была „Дудка“ — вот і мы зробім музыку, як тыя жыдкі, што на цымбалах іграюць“. Тут ужо поруч з самаацэнкаю соцыяльнага, нацыянальнага і, т. ск., політычнага характару знаходзіць сабе месца і самаацэнка поэта, які вывучае „жыцьцё мужыцкае“ і з яго чэрпае матар’ял для свае творчасьці, прысьвечанай служэньню раз пастаўленай мэце. Багушэвіч ацэньвае сябе ня як „дудара простага народу“, які гэтаму народу дае „гасьцінцы“, а як актыўнага ўдзельніка жывой народнай („мужыцкай“) справы, справы ўтварэньня сялянскай поэзіі („і мы зробім музыку“) новай беларускай культуры, якая пачала адраджацца і дамагацца свайго прызнаньня. Такая самацэнка грунтуецца на фактах поэтычных твораў, якія і сапраўды служылі „мужыцкім“ інтарэсам і былі ў патрэбе беларускага селяніна ня толькі як поэтычныя мастацкія творы, але і як спосаб змаганьня за гэтыя патрэбы і інтарэсы.

З пададзеных самаацэнак у пэўнай меры выяўляецца і характар імкненьняў гэтых двух поэтаў. Адзін дае „гасьцінцы“ „простаму народу“, другі бароніць свайго „нашага брата“ і робіць „мужыцкую“ справу. Адзін дае простаму народу як–бы адзбытку, ад зьлішняга, застаючыся сьвядомым у сваёй годнасьці чалавека, які „апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець“. Другі піша і вершы, складае песьні з патрэбы ў грамадзкай „музыцы“ беларускага селяніна, гэткай самай, як і ў іншых народаў. Адзін гатуе матар’ялы, падручнікі для асьветы „нашага беларускага мужыка і беднай шляхты“. Другі сам набывае асьвету з практыкі жыцьця і яго вывучэньня і выражае пазнанае ў сваіх вершах і песьнях, і гэтым самым творыць асьвету. Адзін сходзіць к народу з сваёю творчасьцю. Другі сваёй творчасьцю выходзіць з гэтага народу. Ад сьвету да народу — зьверху ўніз — такі шлях Марцінкевіча і, наадварот, ад народу да асьветы — зьнізу ўверх — ішоў Ф. Багушэвіч. Адзін нясе з сабою ноты для „музыкі“, патрэбнай для верху, другі–ж сам робіць „музыку“ па слыху і голасу „мужыцкіх“ патрэб і інтарэсаў. Такі характар накірованасьці гэтых двух пісьменьнікаў у сваёй творчасьці, што знайшоў свой адбітак і ў самаацэнках іх.

У іншых беларускіх поэтаў такія самаацэнкі знайшлі сваё выражэньне ў вершах.

Ян Няслухоўскі (Лучына) пачынае свой зборнік „Вязанка“ вершам „Ня я пяю — народ божы даў мне ў песьні лад прыгожы...“, які зьяўляе сабою соцыяльна–псыхолёгічную самаацэнку поэты. Поэта, „об’ектывізаваўшы свае песьні і сябе як іх творцу, глянуў на іх з пункту гледжаньня тых каранёў, праз якія гэтыя песьні вышлі ў сьвет, і ўгледзеў, што іх карэньні ў народнай гушчы (вясковай), што стуль, з вясковых радасьцяй і смуткаў, вырастаюць яго песьні. На падставе гэтага поэта і ацэньвае сваю творчасьць праз адмаўленьне свайго ўдзелу ў ёй („ня я пяю“), і тым самым сябе толькі як перадатчыка ў сьвет таго, што ад гэтых і радасьцяй, і смутку. Поэта па самаацэнцы, выражанай у названым вершы, ёсьць толькі як–бы спосаб і сродак для выяўленьня сьвету таго, што карэньнямі сваімі ўваходзіць у народную вясковую глыб. Ён толькі музычны інструмант, што перадае песьні ў тым ладзе, у якім яны творацца ў народным жыцьці. У адрознасьць ад характару Ф. Багушэвіча Няслухоўскі ацэньвае ў сабе поэту як пачатак пасыўны, больш эмоцыянальны, чым валявы; ён адклікаецца толькі на тое, з чым ён шчыльна зьвязаўся.

У азначаных матар’ялах самаацэнак трох пісьменьнікаў адбіваюцца пачаткі трох пісьменьніцкіх тыпаў. Першы тып характарызуецца тым, што ён у сваёй творчасьці выходзіць з імкненьня быць у сьвеце карысным для людзей і гэтым апраўдаць сваё жыцьцё. Стаўшы багатым, ён знаходзіць уцеху сабе ў тым, што раздае гасьцінцы бедным. Творчасьць яго ўяўляе сабою апраўданьне тых формаў жыцьця, якія ёсьць у рэчаіснасьці, праз яе ён выяўляе жаданьні тэй сьвядомасьці, якая павінна быць у людзей пры гэтых формах. У яго вачох адзін факт наяўнасьці ў асобы жаданьняў павіннага мусіць апраўдваць яе жыцьцё перад людзьмі, якія імкнуцца да гэтага павіннага. За свой удзел у жыцьці ён і лічыць мець жаданьні, і іх у тэй ці іншай форме выяўляць перад людзьмі, мала зважаючы на тое, ці адпавядваюць гэтыя жаданьні рэальным магчымасьцям іх ажыцьцяўленьня. Гэта тып чалавека пасыўных жаданьняў, часта неадпаведных магчымасьцям іх рэальнага ажыцьцяўленьня ў існуючых формах быцьця яго часу. Яго практычная дзейнасьць зводзіцца да ажыцьцяўленьня ў поэтычных формах і вобразах жаданай сьвядомасьці. Да такога тыпу належыць Дунін–Марцінкевіч.

Другі тып характарызуецца сьвядомым імкненьнем і дзейнасьцю накірованай на ажыцьцяўленьне пэўнай ідэі, што вынікла на грунце рэальных патрэб. Ён робіць усё тое, што вядзе да дасягненьня пастаўленай мэты. Гэта — чалавек мэты. І практычная дзейнасьць яго ў мастацтве зводзіцца да ажыцьцяўленьня сродкамі поэтычных формаў і вобразаў разуменьня рэчаіснага жыцьця (і яго шляхоў), а не павіннага. Адпаведныя факты гэтага жыцьця ён і карыстае з гэтай мэтай дзеля сваіх поэтычных твораў. Такім зьяўляецца Ф. Багушэвіч.

Трэці — тып чалавека больш пасыўна–эмоцыянальнага складу, ніж дзейна–валявога. Практыка яго творчасьці палягае ў тым, што ён служыць выражэньню таго, што ім перажываецца і адчуваецца рэальна–існага ў зьявах рэчаіснасьці, з лёсам якое воляй ці няволяй ён зьвязвае і сябе. Будучы раз настроеным на пэўны лад, ён застаецца нязьменным у тым адзінстве, праз якое прапускае самыя рознастайныя праявы рэчаіснасьці. Такім выяўляецца Ян Няслухоўскі (Лучына).

Багушэвіч і Няслухоўскі — гэта Янка Купала і Якуб Колас апошняй чвэрці XIX сталецьця ў мініятуры. Як пісьменьніцкія характары, яны шырока і шматбакова разьвіваюцца ў постацях Я. Купалы і Я. Коласа. У творчых характарах гэтых апошніх выяўляюцца ўсе рысы, якія знайшлі сваё пачатковае выяўленьне ў Багушэвіча і Няслухоўскага.

Самаацэнкі, якія выражаны ў вершах Купалы і Коласа, вельмі блізкі па свайму характару да такіх–жа ў сваіх папярэднікаў.

Я не поэта, о крый мяне, божа!
Ня рвуся я к славе гэткай нямала.
Хоць песеньку–думку і высную можа.
Завуся я толькі — Янка Купала.

Так пачынае Янка Купала свой зборнік „Жалейку“. Дзейна–валявы характар яго выяўляецца ўжо і тут, хоць–бы ў слове „высную“. Ацэньвае ў сябе поэта перш за ўсё, як і Багушэвіч, чалавека, які робіць патрэбнае для грамадзкай „музыкі“, — снуе песьні–думкі, нядарма і першы зборнік, за прыкладам Багушэвіча, Я. Купала называе імем аднаго з музычных інструмантаў („Жалейка“). Гэта самаацэнка звычайна ціхага, няпрыкметнага („хто–ж ціхіх прыкмеце“) чалавека, які сьвядомы ў сваёй актыўнасьці, выяўленай самымі фактамі яго песеннай творчасьці. У далейшым яшчэ ня раз Купала задумваецца над тым, што за каштоўнасьць ён у сьвеце, якаво яго значэньне і роля ў жыцьці. І калі пры гэтых самаацэнках у пачатку свае творчасьці ён падыходзіць да сябе як да „ціхага“ і „няпрыкметнага“ чалавека, які робіць справу, складае песьні–думкі, то ў пазьнейшыя часы, блізка праз два дзесяткі год гэтай працы, Купала ацэньвае сябе як чалавека, які ўжо шмат зрабіў — шмат злажыў песень. У вершы „Мая навука“ (зб. „Спадчына“) ён кажа:

Цяпер маймі скарбамі — думы–саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

Ад беднасьці да песеннага багацьця шляхам напорнай працы, хоць і ціхай ды няпрыкметнай для другіх, як зазначаў сам поэта ў пачатку свае творчасьці, — вось шлях поэта справы, поэта працы і служкі пэўнай ідэі. Такі шлях чалавека, які практыкаю сваёй творча–мастацкай дзейнасьці служыць пэўнай ідэі, адпаведнай усьвядомленым інтарэсам і патрэбам сваёй соцыяльнай групы ці клясы. Янку Купалу па творчаму характару процілежны Я. Колас. Матар’ялам для суджэньня аб яго самаацэнцы можа служыць верш „Водгульле“. У гэтым вершы поэта зьвяртаецца да сябе і кажа:

А ты, калі гора каго напаткае,
Ці жальба пачуецца, плач,
Або запануе дзе крыўда ліхая, —
На ўсё адгукніся, адзнач!

А радасьць пачуеш, надзеі ўзаўюцца,
Каб добрыя весткі падаць,
Няхай тады струны твае засьмяюцца
І песьняю шчасьця гучаць![1]

Як выяўляецца з гэтага вершу, поэта цэніць сябе таксама, як і Няслухоўскі, за перадаваньне сьвету песьняю людзкіх перажываньняў, пачуцьцяў і адчуваньняў ад усяго, што ёсьць у рэчаіснасьці і што асабліва яго кратае. Гэта поэты статыкі ў іх–жа самаацэнках. Дынаміка за імі. Яны толькі фокусы, якія выражаюць песьнямі ўсё, што адбіваецца ў іх з вакольнага ў сконцэнтраваным выглядзе. Рэальным зьявам, рэчам і падзеям у творчасьці такіх поэтаў адпавядаюць адчуваньні, пачуцьці, настроі і наогул эмоцыянальныя перажываньні. Іх мастацтва зьмяшчаецца ў тым, што імі ствараюцца патрэбныя вобразы са зьяваў, рэчаў і падзей рэчаіснасьці, эквівалентныя, адпаведныя і роўназначныя нутраным перажываньням. Мастацтва ж поэтаў складу Багушэвіча — Купалы ў тым, што яны карыстаюць зьявы рэчаіснасьці для выражэньня і ажыцьцяўленьня ў вобразах пэўнай ідэі, якою яны жывуць. Першыя выяўляюць жыцьцё, і праз гэта выяўленьне выражаюць і сябе. Другія ажыцьцяўляюць пэўныя ідэі і праз іх выяўляюць і жыцьцё — рэчаіснасьць. У гэтых ідэях яны выражаюць і сябе. Але гэта пытаньні іншага парадку, якія больш падрабязнае высьвятленьне знойдуць у найлепшых нататках.

Пададзеным з твораў вышэйазначаных пісьменьнікаў далёка ня вычэрпваюцца ўсе матар’ялы да пытаньня аб самаацэнках. Яны пашыраюцца творамі і іншых беларускіх пісьменьнікаў, у якіх выяўляюцца асновы і іншых творчых характараў.

Алесь Гарун у вершы „Людзям“ (зб. „Матчын дар“) падае цэлы шэраг самаадзнак у форме вызначэньня свайго дачыненьня да рэчаіснасьці як об’ектыўнай, так і суб’ектыўнай, а таксама і самаадзнак сваёй творчай дзейнасьці, на аснове якіх зазвычай вызначаецца поэта. Аднак, не зважаючы на іх, Алесь Гарун два разы паўтарае аб сабе: „А ні поэт“ і ставіць пытаньне: „Чаму–ж?“ На пытаньне „Чаму–ж?“ ён адказвае так:

Бо мой прыгон глытае час.
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх поэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ — пясьняр.
Пра свае–ж творы ён гаворыць:
Сваіх тут жменьку я сьпісаў
Маркотных песьняў–дум;
Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум.

У гэтым вершы цікава тое, што поэта падыходзіць да сябе як да асобы з усімі азнакамі поэты, якая, аднак, не вызнаецца за поэта, а за звычайную людзіну зьяву („Такіх поэтаў шмат у нас, дзе сам народ — пясьняр“), яна, як і іншыя, мае таксама і патрэбу ў прыгожым, мае пачуцьцё хараства, адчувае яго ў рэчаіснасьці і сама ў патрэбе („...і ў ноч цякуць радкі зьвінючых слоў, і сон адходзіць проч. Тады пішу“) выказвае свае пачуцьці і думы ў прыгожых формах, у поэтычна–мастацкім слоўным аформаваньні („радкі зьвінючых слоў“).

А. Гарун ацэньвае сябе, перш за ўсё, як чалавека шматграннага, інтарэсы і патрэбы якога рознастайны пры ўсім адзінстве ў іх жыцьцёвасьці. Ён вызнае ўсе патрэбы за аднолькава каштоўныя, і свае эстэтычныя інтарэсы не вылучае з шэрагу звычайных, констатуючы толькі той факт, што дзякуючы няспрыяльным умовам („мой прыгон глытае час, мне воля — рэдкі дар“) гэтыя патрэбы застаюцца незадаволенымі, і эстэтычныя інтарэсы ўрэзваюцца, уцінаюцца іншымі патрэбамі штодзённага паднявольнага жыцьця („цярплю і я прыгон“). Важна зьвярнуць тут яшчэ ўвагу на тое, што А. Гарун за меру ацэнкі сваёй творчасьці вызнае практыку жыцьця мастацкага твору ў сьвеце, што і выражаецца тым–жа вершам у жаданьні

З дзявочых вусн пачуць
Хаця–б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця–б калі–нібудзь!

Поэты складу А. Гаруна выражаюць сябе непасрэдна ў мастацкім аформаваньні ўсіх тых інтарэсаў і патрэб, якімі яны жывуць, тым самым адбіваючы ў сваіх творах настроі свайго атачэньня і наогул інтарэсы пэўнай соцыяльнай групы.

Некалькі родным да такіх поэтаў зьяўляецца і М. Багдановіч, які, падобна Гаруну, мастацкую творчасьць вызнае за адну з звычайных патрэб чалавека. Гэта выражаецца ў вершы–адказе на гаворкі аб тым, „што душа поэты, калі спараджае ён дзіўныя вершы, нябесным агнём абагрэта, і ў час той між люда ён — першы...“ Поэта на гэта кажа:

Ах, дзякуй вам, дзякуй на гэтай прамове,
Душа мая, пэўна, шчасьлівай была–бы,
Калі–б я ня ведаў, панове,
Што пекна сьпяваюць і жабы.

І зноў–жа ў вершы–прадмове да зб. „Вянок“ М. Багдановіч, падобна Гаруну, так азначае свае творы:

Праглядзеце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцьця.

Розьніца ў тым, што адзін кажа — сьпісаў жменьку маркотных песень–дум, а другі — засушыў на паперы краскі думак і чуцьця. Творчы характар у абудвых выпадках адзін, і розьніца фактычна зводзіцца да розьніцы ў зьмесьце перажываньняў, у прадметах дум і чуцьця ды ў мэтодзе і тэмпе самой творчасьці. Адзін „сьпісаў“, другі „засушыў“. У аднаго жменя маркотных песень–дум, у другога краскі, сьвежыя калісьці, думак шчырых і чуцьця.

М. Багдановіч першы з беларускіх поэтаў пры азначэньнях самога сябе ня ўхіляецца ад імя поэты, ня мінаючы, аднак, зазначэньня на факт няспрыяльных умоў для разьвіцьця, хоць і ў іншым разрэзе ад А. Гаруна. Гэты апошні меў на ўвазе ўмовы паднявольнага ссыльнага жыцьця, калі казаў: „бо мой прыгон глытае час“. Багдановіч–жа ў вершы „Ой, чаму я стаў поэтам у нашай беднай старане“ гаворыць аб умовах на волі, калі ня можна (менавіта ня можна, а ня нельга) спачыць, не зважаючы на змору, з–за пільна патрэбнай працы, якая, з прычыны беднасьці наогул у краіне („бедная старана“), можа застацца ня зробленаю за час спачынку поэты.

М. Багдановіч сьвядома сябе ацэньвае як поэта, надаючы гэтаму разуменьню сэнс майстра мастацкага слова, які робіць справу мастацтва ў пэўным пляне і сыстэматычна. Гарун надаваў разуменьню поэта прыблізна такое–ж значэньне, хоць сябе і не азначаў ім, бо працаваць над мастацкім словам яму даводзілася выпадкамі і ўрыўкамі (характэрна ў гэтым сэнсе яго выражэньне „сваіх тут жменьку я сьпісаў маркотных песень–дум“). Паняцьці „поэта“ і „пясьняр“ для іх (а таксама выяўляецца гэта і ў Я. Купалы) былі паняцьцямі, што азначалі розныя ступені ў разьвіцьці творчае сілы мастацтва. У кожнае з іх яны ўкладалі пэўны зьмест неаднолькавага значэньня. Толькі разумеючы поэта як майстра–мастака слова, а не „поэта божай міласьцю“, Гарун мог сказаць „народ — пясьняр“, а Багдановіч пра жаб, што і яны „пекна сьпяваюць“.

Падагульваючы ўсё паданае, не заўсёды ў гэтых нататках маючае шчыльнае дачыненьне да пытаньня аб самаацэнках творчых сіл мастацтва, я лічу, аднак, патрэбным зрабіць некаторыя вывады перад тым, як перайсьці да агляду матар’ялаў па гэтаму пытаньню з сучаснай рэволюцыйнай практыкі творчасьці беларускіх поэтаў. Гэтымі вывадамі я і заканчваю на гэты раз свае нататкі. Яны наступныя:

1. Пытаньне аб самаацэнках творчых сіл мастацтва важнае тым, што яно ўскрывае: а) зьмест паняцьцяў „пясьняр“, „поэта“ і „мастак“, які надаваўся ім беларускімі пісьменьнікамі, б) погляды гэтых пісьменьнікаў на існасьць мастацтва літаратурнага, яго задачы і ролю ў жыцьці і в) у пэўнай меры самы характары творча–мастацкіх сіл у іх самаазначэньнях.

2. Нагляданьні над самаацэнкамі беларускіх поэтаў паказваюць: а) на рознастайнасьць іх па форме выражэньня і зьместу і б) на рознастайнасьць у спосабах і мерах самаацэньваньня.

3. З закранутых матар’ялаў выяўляюцца ў асноўным самаацэнкі трох відаў: а) соцыяльнага значэньня, б) творча–псыхолёгічнага і в) літаратурна–мастацкага характару.

4. Адпаведна ім прырода мастацтва на гэтых матар’ялах вызначаецца: а) як сьвядомая дзейнасьць, накірованая да пэўнай мэты, б) як дзейнасьць незалежная ад волі (пазасьвядомая), як асобага роду нутраная, эмоцыянальная самадзейнасьць і в) як дзейнасьць патрэбная, абумоўленая самою прыродаю чалавека, як адна з функцый організацыі чалавека.

5. Роля поэтаў пры гэтых разуменьнях зводзіцца ў першым выпадку да дзейнай сілы, якая ажыцьцяўляе праз поэтычныя формы і вобразы пэўныя ідэі, у другім — да пасыўнага чыньніка, які адбівае сабою рэчаіснасьць, як у фокусе, і ў трэцім — да актыўнага дзейніка, які ў патрэбе выражае сябе (свае перажываньні і думкі) у вобразах і формах, эстэтычна каштоўных.

6. Перадумовамі мастацкай творчасьці пры гэтым адны лічаць пазнаньне жыцьця ў яго дынаміцы, другія — пасыўнае прыяцьце яго ў зьявах рэчаіснасьці ў статыцы, трэція — актыўнае перажываньне жыцьця.

7. Адгэтуль вызначаюцца тры выяўленыя ў літаратурным разьвіцьці асноўныя творчыя характары, якія можна адзначыць умоўна такімі літаратурнымі паняцьцямі, як „лірык“, „эпік“ і „трагік“.

8. У беларускім літаратурным мастацтве гэтыя характары ў пэўнай меры выявіліся наступным чынам: а) „лірыкі“ выразілі сябе ў ідэях, ажыцьцёўленых імі ў поэтычных формах і вобразах (Багушэвіч, Купала), б) „эпікі“ выразілі сябе праз утварэньне мастацкіх вобразаў, эквівалентных рэчаіснасьці ў сконцэнтраваным выглядзе (Няслухоўскі ў слабой меры і яскрава Я. Колас), в) „трагікі“ творчасьці жыцьця выразілі сябе праз поэтычна–мастацкае аформаваньне сваіх пачуцьцяў і думак (зьместу перажываньняў, поўных супярэчнасьцямі) і наогул сваіх інтарэсаў і патрэб формальна–культурнага парадку (такія А. Гарун і М. Багдановіч).

Характар, выяўлены постацьцю Марцінкевіча, займае асобнае месца, а таму пакуль што я пакідаю яго без азначэньня, хоць думаю, што найлепей пасуе да яго азначэньне, якое ён сам сабе даў — гэта „дудар“, і „дудар“, які часта йграе некаторыя п’есы для забавы людзей.

Пры гэтым лічу патрэбным зрабіць агаворку, што пададзеныя азначэньні мною ўжыты ў сэнсе азначэньняў пераважнага, па самаацэнках, характару дачыненьняў да жыцьця як асабовага, так і соцыяльнага, у якой–бы форме (лірычнай, эпічнай ці драматычнай) гэта ні выражалася. Поэты складу Я. Купалы, Багушэвіча дачыняюцца да рэчаіснасьці як „лірыкі“. Для іх зьявы об’ектыўнага толькі об’екты для выказваньня сваіх настрояў, імкненьняў, жаданьняў і ідэй. Для поэтаў складу Коласа, Няслухоўскага рэчаіснасьць зьяўляе каштоўнасьць сама па сабе, як прадмет адчуваньняў і думак для мастацтва, і яны — „эпікі“. Поэты–ж складу Гаруна і Багдановіча расцэньваюць жыцьцё як зьмест драматызму чалавечай творчасьці, як вынік чалавечага змаганьня за гэта жыцьцё. Такія — „трагікі“ жыцьця.


  1. Параўнай з вершам Няслухоўскага „Ня я пяю...“, дзе поэта таксама гаворыць:

      Чы дзе гора абзавецца,

      Як асіна грудзь трасецца.

      Чы пра радасьць чую весьці,

      Усё ў грудзь хаваю гдзесьці.

      Мне гаворыць вёска, хата,

      Мне гаворыць сэрца брата,

      Рад зьбіраю, што пачую,

      У грудзі сваёй нашу я,

      Аж, як траўка на кургане,

      Яно ўзыйдзе — песьня стане.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.