Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Дэпэшы бяз адрасу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад шыльдай пролетарскай літаратуры Дэпэшы бяз адрасу
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
„Я сягоньня ўсім чужы“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дэпэшы бяз адрасу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ЛІТАРАТУРНАГА БЛЁК-НОТУ

ДЭПЭШЫ БЯЗ АДРАСУ

В группе девушек нервных, в остром обществе дамском
Я поэзию жизни претворю в грезо-фарс —
Ананасы в шампанском…
Игорь Северянін.

Ёсьць пэўныя катэгорыя поэтаў і пісьменьнікаў, якія ва ўсёй сваёй творчасьці трымаюцца аднаго прынцыпу: ударыць па нэрвах, перадаць свае думкі і пачуцьці чыста мэханічным шляхам і дабіцца фізычнага ўплыву на сваю аўдыторыю. Такім, напрыклад, у расійскай літаратуры быў славуты Ігар Северанін, чые „ананасы в шампанском“ „марионетки“ проказ“ ды інш. мелі конкрэтную мэту — разварушыць прытупленыя вечнаю распутаю нэрвы вялікасьвецкіх і з прэтэнзыяй на вялікасьвецкасьць дам. Соцыяльна для гэтай аўдыторыі закатываліся вочы, падфарбоўваліся губы і прымалася трагічная поза „печального Пьеро“. Аўдыторыя слухала вершы, млела, абмахівалася хустачкамі і наперабой запрашала поэту, ці выканаўца яго твораў, правесьці некалькі гадзін „в остром обществе дамском“. Гэткая творчасьць забаўляла, нэрвавала і інтрыгавала вяршыні пануючых клясаў, але адначасна яна была сыгналам надыходзячай катастрофы, пахам загніваньня і заняпаду гэтых клясаў. Нідзе столькі ня гулялі і не весяліліся, як у арыстократычных салёнах фэўдальнай Францыі напярэдадні Вялікай францускай рэволюцыі, — гэта маркізы і прынцы стараліся шумам бальнай музыкі заглушыць у сваіх вушах рокат барабанаў надыходзячай рэволюцыі. Тое самае было і ў фэўдальнай Расіі напярэдадні канца. Адыходзілі на задні плян старыя клясыкі, якія правяшчалі зьмену дня, адціскаліся новыя поэты, якія адчувалі павевы новай эры, якія ў сваю творчасьць укладалі думку, якія кондэсавалі ў сваіх творах мэлёдыі жыцьця. Старая будніца, якая называлася Расійскай імпэрыяй, дажывала свае апошнія дні і ў гэтыя апошнія дні яе песьнярамі былі Северанін, Верцінскі ды іншыя патэнтованыя пустазвоны, чый канец быў прагалошаны першымі стрэламі 25-га кастрычніка.

Где вы теперь? Кто вам
целует пальцы?..

Няма. Але традыцыя ласкатаньня нэрваў, традыцыя мэханічнага прышчэпліваньня сваіх настрояў аўдыторыі яшчэ часамі паказвае свой твар… твар „печального Пьеро“. Мастацкая творчасьць організоўвае пачуцьці, але організоўвае яна іх у бок адпаведных ідэёвых вывадаў. Ніхто ня будзе плакаць і млець над творамі, скажам, Максіма Горкага, але ў чытача гэтых твораў будуць адбывацца няўхільныя і непераможныя процэсы ідэёвага парадку. У нас аналёгічныя процэсы будуць выклікацца вершамі Купалы ці Чарота. Але плакаць над імі ніхто ня будзе, бо ў іх няма ўстаноўкі на мэханічны ўплыў, на выкліканьне надворных эмоцый. Надворныя эмоцыі выклікаюцца і добрым клоунам („Воинственный паяц“ — Севераніна); людзі будуць сьмяяцца; але-ж, як толькі скончыцца паказ, людзі вернуцца да тых думак, з якімі яны разьвіталіся перад паказам, альбо зоймуцца іншымі думкамі — клоун застанецца за кругам. Тое самае і ў поэзіі. Вершы, якія маюць на мэце біць па нэрвах, могуць дасягнуць сваёй мэты ў пэўнай аўдыторыі, выклікаць сьлёзы ці драматычныя рухі, але ні розуму, ні сэрцу нічога яны не дадуць.

Перад намі кніжка Ўл. Дубоўкі — „Наля“[1] Дубоўку мы спатыкаем ня першы раз, некаторыя сьмелыя людзі з прэтэнзіяй на імя крытыка лічылі яго нават найвыдатнейшым з сучасных беларускіх поэтаў і надзялялі яго годнасьцю пролетарскага поэты. Бязумоўна, для гэтага сьцьверджаньня мала таго факту, што Дубоўка разоў пяць на працягу зборніка памінае словы „комуна“ і „савет“. Але, як-бы там ні было, гэты зборнік мы павінны разглядаць, як чарговы этап творчасьці У. Дубоўкі.

Наконт агульнага характару сваёй поэзіі Дубоўка і сам не сумняваецца:

На нервах сваіх мы іграем
І складаем лады, страі.

Выходзячы з гэтага палажэньня, Дубоўка і композыцыю многіх сваіх вершаў прыстасоўвае да сваёй устаноўкі — паласкатаць нэрвы, дзеля гэтага звычайныя, простыя словы ўзьнімаюцца на высокія хадулі, аздабляюцца колекцыяй клічнікаў і шматкроп‘яў і падаюцца чытачу ў самым узьнятым тоне. Вось прыклад:

Ой! Ды як-жа загарэлася неба,
ды расхадзіліся хмары, страх!
Каму-ж гэта,
ды што-ж гэта трэба?
А зоры над хатай, над жорсткаю глебай,
а зоры ляглі далавах.

Гэты ўзор потэтычнай композыцыі вершу вельмі добра знаёмы кожнаму, хто хоць трошкі ведае Дубоўкаву творчасьць. Гэта зроблена на ўзор славутай „Апошняй песьні“, і ня наша віна, што тут нават і сьлёз меней праліецца, як над „Апошняю песьняй“, як і там, аўтар скардзіцца на сваю адзіноту і, як нейкі „дух изгнанья“, знаходзіць толькі аднаго чалавека, а можа толькі свой уласны цень, што кажа яму:

— Дзень добры, брат!..

Гэтая-ж адзінота адчуваецца і ў другім вершы:

У імкненьні вечным, у імкненьні чыстым
Я іду наперад,
мабыць, (!) не адзін.
Мэта сьвеціць зоркай, зоркай прамяністай,
дык чаму-ж пад змрокам стужкі пуцявін?
Я іду праз пушчу, я іду праз вецер,
навальніца плача,
пошчак не заціх.

Па-над маёй сьцежкай той агонь засьвеціць, што ў маім сэрцы і ў вачох маіх, і г. д. Сьцежкі ў Дубоўкі вельмі блытаныя. Часамі ён ідзе да „комуны народаў сусьвету“, а часамі сам забываецца і ставіць сабе зусім іншую мэту:

Магчыма — другія паходную нясуць,
якая ўсім сэрцы запаліць.
Уславяць яны і жыцьцё і красу,
а я — цябе, любая Наля…
........
Прарокі, прарокі!.. Дабранач ім даць?
Сачыўку ніяк не падзеляць.
Якая турбота? Якая наўда?
А сьцені зьвіліся, згусьцілі…
Сагнуўшыся крукам, сьвідрую зямлю
і камень — рукамі памалу…
Сьпявай — васілёчкі ў полі люблю,
дзікунскія такжа навалы…
Сачыўка, — сачыўка, вядомая рэч,
адвечна-вядомая нават.
А я — ім у дубальт ня буду гарэць,
а я засьпяваю ім… „Слава“.

Наогул, у Дубоўкі разьмеры самалюбаваньня перарастаюць рамкі звычайнай сьціпласьці. Усё-роўна як некалі Гогаль пісаў:

— В Испании есть король. Он отыскался і г. д.

Дубоўка адчувае ў сябе надзвычайна вялікую сілу і, як некалі падпіўшыя маскоўскія краснарадцы, гатоў „пострадать“.

Хай мяне, а нікога іншага,
хай мяне, а нікога больш.
Вось ня ведаю нічога сіньшага,
чым вочы дзявочыя і — боль.

Альбо:

Я зьбяру суніцы, я зьбяру жаданьні;
запалю іх песьняй,
ці згару і сам.

Нават у брадавых радкох „Налі“ прабіваецца гэткае-ж „страстотерпчество“:

Скаргі… скаргі… Вусны раніце чаму? Цяжка так: бывай… Сьцюжа цераз край… Не… не… Толькі мне хай аднаму“.

Мэлянхолія — модны з лёгкай рукі Есеніна настрой наводзіць Дубоўку на самыя міралюбівыя думкі. Ён тады:

Сусьвет гатоў пацалаваць, абняць,
каб не рабіў ён катавасій.
Над працай каб прымусу ня было,
каб жыў працоўны там, дзе вокам кіне:
На ўзбрэжжа акіяну ад балот
ішоў з краіны ў краіну.

Дубоўка, відаць, слаба ўяўляе сабе, што гэткіх мэтаў нялёгка дабіцца пацалункамі. У свой час на гэту справу глядзелі іначай, дый цяпер яшчэ разважаюць не па дубоўкаваму рэцэпту. У зьвязку з гэтым у Дубоўкі вынікае і няласкавы погляд на нашу сталіцу Менск.

Менск, Менск!
Твае заводы —
больш на карыкатуры падобны
Але ты расьцьвіцеш,
але ты станеш сапраўдным горадам.
Менск, Менск!
Тады будуць заводы другія,
не для сэльтэрскай вады ці піва.
Мы можа раней загінем,
але будзем імкнуцца да мэты
напорна,
цярпліва.

Па мастацкай вартасьці гэтыя радкі страшэнна нагадуюць радкі другога поэты, няпрызнанага. За сваё літаратурнае жыцьцё найбольш удалымі зрабіў ён наступныя радкі:

Выйду я на сенажаць
Ды з нагана ў жабу бац!

Ды вось радкі Дубоўкі, і гэтыя радкі напісаны як-бы адным аўтарам! Фатальнае падабенства! Але паміма гэтага, вельмі добра, што менскія рабочыя і рабочыя ўсяе Беларусі ня вельмі зачытваюцца творамі Дубоўкі. Іначай пакрыўдзіліся-б ня толькі менскія гарбары, мэталістыя, дрэваапрацовачнікі, але і работнікі барысаўскіх фабрык і віцебскіх, і гомельскіх, і рэчыцкіх. Пакрыўдзіліся-б і іншыя рабочыя, бо беларуская прамысловасьць не такая ўжо карыкатурная, як уяўляе сабе Ўладзімер Дубоўка, седзячы недзе ў Маскве. Дзеля таго, каб бліжэй з гэтаю справаю пазнаёміцца, яму варта было-б азнаёміцца з належнымі матар‘яламі аб беларускай прамысловасьці.

Мы вельмі далёкі ад усякага кваснага патрыётызму, ад ідэалізацыі нашай сапраўднасьці, але лічым, што ня так ужо дрэнна справа стаіць на Беларусі, каб патрэбна было згушчаць чорныя фарбы.

Дубоўка сабе чытача знойдзе. Кожны „любитель сильных ащущений“ з вялікім задавальненьнем прачытае яго зборнік. Прынамсі многія пішмашыністкі, уладаючыя беларускай мовай, некаторыя асабліва ўражлівыя дзяўчаты з студэнтак гарадзкога пахаджэньня (з тых, пра якіх кажуць: „рабочы ад стала“) і яшчэ цэлы шэраг падобных чытачоў будуць чытаць вершы Дубоўкі і млець над яго потэтычнымі паўторамі, над яго байронаўскімі позамі і над тым, што ён, поэта, гэтакі няшчасны. Такой публіцы падабаецца і будзе падабацца ўсё вострае, усё, што можа ўшчыпнуць за сэрца і выгнаць з вока хаця адну сьлязінку. Гэтай істэрычнай групе чытачоў надзвычайна будзе імпанаваць потэтычнае:

Імжа
і склізота
і прыкрая золь.
У засьціле
сьцелюцца
чорнай.
Ня змыць іх
са сьвету
сьцюдзёнай расой,
затым-жа так
крыўдна
І —
чорна.

Гэта спроба мэханічнага ўплыву на чытача, літаратурная клёунада, але гэта ніякім чынам ня можа сапраўды ўзварухнуць пачуцьці, абудзіць больш-менш глыбокія псыхолёгічныя процэсы. Для сур‘ёзнага чытача, які цікавіцца літаратурай сапраўды, кніжка Дубоўкі наўрад ці можа быць цікаваю.

Адзіным, сапраўды мастацкім творам у зборніку зьяўляецца цыкль мэлёдый „Плач навальніцы“. Тэма мэлёдый — дыктаваньні і зьдзекі, што адбываюцца ў захопленай панскаю Польшчаю Заходняй Беларусі над беларускімі сялянамі. Ня гледзячы на некаторыя палёты індывідуалістычнай хадульнасьці, мэлёдыі добра і памастацку падаюць настроі поэты ў зьвязку з нялюдзкімі зьдзекамі над беларускім сялянствам.

Шкодзяць мэлёдыям рознага гатунку „заумные“ выкрунтасы, якія з некаторага часу пачалі зьяўляцца ў дубоўкавых творах. Напрыклад:

Нявыказная
катуе
скруха…
Пурпуровыя
рогаты
духу.

У чым тут справа — разабрацца цяжка нават добра падрыхтаванаму чытачу. Падобныя-ж фокусы мы спатыкаем і ў некаторых другіх творах. Вось прыклад:

Такая ноч… І Менск заціх…
Такая ноч…
А верасень
лісьце тугой пазалаціў
і жменяю — па версе…
Ды выйду-ж я… Такая ноч…
Ды гляну-ж я…
Жыцьцё маё!
Хвілін такіх ня меў даўно
Прадоньне шыза-цёмнае…
Туга тузе… Ды выйду-ж я…
Туга ў тузе…
Дый лёгка-ж так!
Маўчы душа, засьні душа…
А восень ходзіць з лёскатам… і г. д.

Альбо ў мэлёдыях „Наля“:

Ціха… ціха…
Гэта добра… так-жа лепш…
Ня фіялкі, не…
Пад нагамі сьнег…
Пэрламутны смутак у імгле…

Зусім, як у Апухціна:

Всё васильки, васильки…
Как они смеют смеяться!

Ці:

Нечаканае
— дзе
— на
Канула
— дзень
— ля…

Такія слоўныя практыкаваньні ні да чога добрага ні беларускую поэзію, ні Дубоўку не давядуць. Мінулае іх у сусьветнай літаратуры — вельмі цёмнае, будучыня яшчэ цямней. Лепей як-небудзь так… папросту!..

Ул. Жылка ў „Зьвязьдзе“ расхваліў зборнік Дубоўкі так, што далей ужо няма куды. І гэтым зрабіў об‘ектыўна мядзьведжую услугу ў адносінах перш усяго да самаго Дубоўкі. Кожнаму аўтару трэба паказваць яго памылкі і выносіць іх на агульны разгляд, бо толькі ў вагні здаровай об‘ектыўнай крытыкі можа выкавацца сапраўдная беларуская пролетарская літаратура, бо толькі сур‘ёзная крытыка памылак можа зьвесьці поэта ці пісьменьніка з тае заблуднае сьцежкі, на якую яму давядзецца траціць.

Ул. Дубоўку варта падумаць над далейшымі шляхамі сваёй творчасьці. Яму трэба павярнуцца тварам да Беларусі рабочай, да Беларусі сялянскай. Мала варты ўрэшце тыя поэты, якія рызыкуюць самі застацца чытачамі сваіх твораў, бо і ў будучыні іх творы будуць такімі самымі „дэпэшамі бяз адрасу“, якімі былі раней.

Лістапад, 1927 г.


  1. Ул. Дубоўка. Наля. Вершы. Центриздат. Москва. 1927 г. Стар. 72. Цана 60 кап.