Перайсці да зместу

На літаратурныя тэмы (1929)/Цішка Гартны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поэма „Новая Зямля“ як монумэнтальны твор у беларускай поэзіі Цішка Гартны. Біографічна-крытычны нарыс
Крытыка
Аўтар: Мікола Байкоў
1929 год
На перагібе. (Увагі да другой квадры роману Ц. Гартнага „Сокі Цаліны“ — „На перагібе“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цішка Гартны (Байкоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦІШКА ГАРТНЫ.

(Біографічна-крытычны нарыс).

Пісаць аб жыцьці пісьменьніка, асабліва выдатнага пісьменьніка, які адыграў значную ролю ў разьвіцьці тэй ці іншай літаратуры, — вельмі ўдзячная задача для літаратурнага крытыка.

Літаратурная творчасьць у асноўных сваіх рысах заўсёды зьяўляецца вынікам об‘ектыўных акалічнасьцяй, даных у асабістым жыцьці пісьменьніка і тэй асярэдзіне грамадзкай, што яго атачае з дзяцінства аж да апошніх праяў яго літаратурнай чыннасьці. Гэтыя акалічнасьці азначаюць і суб‘ектыўныя настроі пісьменьніка, і самы зьмест ды кірунак яго творчасьці. Асабліва важнае значэньне маюць, бязумоўна, соцыяльная асярэдзіна і характар соцыяльна-клясавых узаемаадносін, даных у часе жыцьця пісьменьніка: яны з канечнасьцю азначаюць літаратурную фізыономію і літаратурны лёс пісьменьніка.

У беларускай літаратуры гэтая ісьціна знайшла сабе, можа быць, найбольш яскравае выяўленьне ў вершы Ц. Гартнага, уступным да зборніку яго вершаў „Песьні працы і змаганьня“:

Я жыву таму, што маю
Веру моцную у тое,
Што загіне доля злая,
Чорнай сілаю якая
Землю вокал аблягае,
Бы жалезнаю рукою.

Я жыву таму, што бачу
Панаваньне лепшай долі,
Дзе ня будзе мук і плачу
Й за якую й я даў дачу,
Што ад роду прыназначыў[1]
На крывавым збройным полі
й барацьбе за шчасьце й волю.

Якія ёсьць даныя, на падставе каторых можна абрысаваць шлях жыцьцёвага разьвіцьця пісьменьніка ў ранейшыя гады:

У біографічных адносінах маюць значэньне аўтобіографіі, лісты пісьменьніка, успаміны сучасьнікаў, урэшце, самыя творы яго, дзе так або іначай укосна адбіваюцца падзеі яго жыцьця.

У адносінах да Цішкі Гартнага справа стаіць такім спосабам. На ўспаміны аб мінулых падзеях у гісторыі беларускага наныянальна-культурнага руху наша літаратура наогул вельмі бедная. Чамусьці старыя ўдзельнікі гэтага руху не даюць на старонках друку сваіх успамінаў. А шкада! Гэтыя ўспаміны маглі-б даць высокай каштоўнасьці матэрыял для характарыстыкі як паасобных эпізодаў, так і, актыўных удзельнікаў гэтага руху. Прынамсі, успаміны аб Гартным яшчэ ня выдрукаваны. У сваю чаргу для дасьледваньня і нават для зьбіраньня эпістолярных выяўленьняў пісьменьніка яшчэ не насьпеў час. Але затое ў біографа ёсьць — і не адна — аўтобіографіі Гартнага, выдрукаваныя ў розны час. Наогул у аўтобіографічных адносінах у беларускай літаратуры постаць Ц. Гартнага больш асьветлена, чымся розных іншых пісьменьнікаў.

Першая аўтобіографія напісана ім яшчэ ў 1912 г. ў адказ на просьбу рэдакцыі „Маладой Беларусі“ і была выдрукавана на старонках гэтага выданьня, а таксама ў зборніку вершаў поэты „Pieśni“ ( Пецярбург, 1913 г.). Другі „Абеглы саманарыс жыцьця“ поэты зьявіўся праз 10 год пасьля першай аўтобіографіі, — у зборніку, які быў выданы ў 1923 годзе Інстытутам Беларускай Культуры на дзень пятнаццацёхгадовага юбілею яго літаратурнай працы. Аўтобіографічныя даныя знойдзем таксама і ў анкетах Гартнага.

Гэтыя аўтобіографіі даюць каштоўны матэрыял для абрысоўкі жыцьцёвага шляху пісьменьніка.

З другога боку, самыя літаратурныя творы Ц. Гартнага даюць шмат чаго для яго біографіі. З боку аўтобіографічнага зьместу гэтыя творы ў межах беларускай літаратуры стаяць побач з творамі Якуба Коласа.

„Я — адзіны сын: бедных мужыкоў з м. Капыля, быўшых мяшчан“, пісаў Цішка Гартны ў ранейшай сваёй аўтобіографіі[2].

Мястэчка Капыль, якое зрабілася ў часе рэволюцыі горадам, — тыповае беларускае мястэчка Случчыны.

Зьміцер Тодаравіч Жылуновіч — вось уласнае імя і прозьвішча поэты.

Бацькі пісьменьніка, якія, з тэй прычыны, што ня выкупілі зямлі, падпалі „пад воласьць“, былі безьзямельнымі сялянамі і, ня маючы ні каня, ні каровы, ні поля, прымушаны былі займацца чорнаю працай. Бацька быў грабаром. Час нараджэньня поэты — 23 кастрычніка 1887 г., — прыпаў якраз на пару, калі ў хаце пераходзілі ад цяжкое падзёншчыны на нудную амаль дарэмную „зьдзельшчыну“. Пабочны заработак давалі кросны. Калі нарадзіўся хлопец, бацька толькі што вярнуўся з Палесься, дзе капаў канавы ў падрадчыка, маці — кончыла выбіраць бульбу. „Да аднаго варстата, на якім рабіў дзед, мусіў дадацца другі. І ад ранку, з досьвітку да поўначы, пры агні лушніку павінны былі зайграць ляды й вітушкі нясьціханыя нудлівыя песьні, каб праз тыдзень найграць для сям‘і восем злотых; пры гэтым з дадаткам муштры ад заказчыка“[3].

Нараджэньне хлопчыка на тыдзень адцягвала пастаноўку другога варстата. Толькі на тыдзень! Бо далей трэ было старацца ткаць, каб мець на што жыць, Павялічэньне сям‘і перашкаджала спорнай працы цэлую зіму. На лета бацькі пашлі на работу, пакінуўшы сына на апеку цёткі, двух дзядоў і бабкі з боку мацеры.

Хлопец быў першанец — і ўсе яго шанавалі ды песьцілі, аж пакуль ён ня „стаў на ногі“. Пайшоў ужо адзінаццаты год, прышла пара вучыцца. Да тэй пары бацька сам вучыў сына чытаць „поверху“. Цяпер прышла чарга „дарэктара“.

Хто з жыхароў дарэволюцыйцай беларускай вёскі ня ведае „дарэктара“? Клясычны вобраз такога „дарэктара“ даў Якуб Колас у сваёй „Новай зямлі“. Часта хлопец, які толькі што скончыў пачатковую школу, — як апісаны ў Коласа Яська, або дзяк ці пісар — „дарэктар“ вучыў таму-сяму саматужным, прымітыўным спосабам вясковых хлопцаў.

У „дарэктара“ адзінаццацігадовы хлопчык выявіў здольнасьці да навукі і да каляд прайшоў „часлоў“. Аднак з першым дарэктарам не пашэнціла. „Далей ня вучыўся“, кажа Гартны ў сваім „Абеглым саманарысе жыцьця“, „сур‘ёзны дарэктар вымусіў мяне лішнюю зіму пакоўзацца на санках і падраць пару-другую падносак на лёдзе. Паставіў разоў два на коленкі на жарству за сьмех на малітве — і гардасьць мая адхіліла мяне ад занадта шчырага багамола. Бацькі і дзяды былі за мяне.

Пасьля гэтага я вучыўся дзьве зімы ў дарэктараў па хатах, — вучылішча мястэчка ня мела. За гэтыя зімы прайшоў усе царкоўна-сялянскія кніжкі, якія толькі былі ў бацькі. Нават і на некую (ня помню) хрыстаматыю ўзьбіўся. Грамата давалася лёгка, дарэктары хвалілі“.

Адначасна з навукай пачалася і самастойная праца адзінаццапігадовага хлопца, каб зарабіць на падмогу бацьком. Вучэньне ішло зімою, а летам? Ня бегаць-жа па вуліцы, калі таварышы пасьвяць коні, барануюць, ходзяць па траву ды інш. У бацькоў будучага поэты ня было „ні каня, ні каровы, ні поля, каб рабіць“. І вось, на адзінаццатым годзе ён пайшоў у наймы ў пастухі. Яго згадзілі пасьвіць дзесяць штук гавяды — па рублю ад штукі.

Прапасьвіў ад вербніцы аж да асеньніх дзядоў і пасобіў бацьком першымі дзесяцьма рублямі…

Зразумела, ані вучэньне ў дарэктараў, ані пастухоўства не маглі задаволіць хлопца. Ён доўга ня мог згадзіцца з тым, што трэба ўставаць да сонца і ўсе сьвяты без выключэньня знаходзіцца ў полі. З другога боку, ён марыў аб больш сур‘ёзнай асьвеце, прынамсі, у гарадзкім вучылішчы. Аднак, пакуль што прыходзілася мірыцца са сваім нявыгодным становішчам. „Гэта становішча“, піша Гартны ў сваіх успамінах аб дзіцячых гадох яго жыцьця ў лісьце да Л. Клейнборта, „накіроўвала мае мысьлі ў корань прычын, дзеля якіх мне прыходзіліся піць келіх гора ў дзіцячыя годы майго жыцьця. Я бачыў дзяцей паноў, дзяцей польскай шляхты, якія прыяжджалі з маёнткаў і фольваркаў у гімназіцкіх шынэлях, у студэнцкіх фуражках. Помню, у сьвяты, калі бацька і маці заступалі мяне пры статку, я выходзіў на базарную плошчу, дзе зьяжджаліся людзі з розных вёсак, сачыў за якім-небудзь сэмінарыстым, які прамільгнуў перад маімі вачыма, думаў: абы якое-небудзь вучылішча адчынілі ў Капылі!“[4] 7). Урэшце, у 1902 годзе, у мястэчку Капылі адчынілі двухклясавае вучылішча. Пятнацпацігадовы хлопец трапіў у трэцяе аддзяленьне. „Пайшоў“, як ён сам сьведчыць, „першым“.

Прага да вучэньня захапіла здольнага хлопца. Новы, дагэтуль нябачаны кругавід адкрыўся перад ім. Ён пачаў прагавіта адным з першых чытаць кніжкі з бібліотэкі вучылішча.

Шмат якія таварышы Гартнага павыходзілі з трэцяга аддзяленьня, а ён намерыўся абавязкова вучылішча скончыць. Але колькі давялося выцерпець за гады навукі! Даволі было самай малой драбніцы, каб у хаце пачыналася сварка і доўга ня сходзіла гаркота з душы, доўга не супакойвалася ўзрушанае сэрца: „Яшчэ крычыць! — гаварыў бацька. — Замест падзякі за тое, што кармілі і адзяем — вун што ад сына маем!“ Ня было выхаду з гэтага кругу: магнэсавая цяга вяла да навукі, але разам з тым трэба было дапамагаць бацьком у іх цяжкой барацьбе за жыцьцё“[5].

Побач з навукай, аўтар займаўся і пастухоўствам. Аднак, прага да навукі брала сваё.

„Пасучы, я бясьпергстанку чытаў“, піша Гартны ў „Абеглым саманарысе жыцьця“. Меў надзвычайную цягу да чытаньня. Таварыш мой, старшы гадамі, Хведар Чарнушэвіч, даваў мне кніжкі з бібліотэкі соцыял-дэмократаў Капыльскае організацыі. Хведар сам быў соцыял-дэмократам. Ён, гонячы каровы з поля, казаў мне розныя вершы, больш Некрасава. „Дедушка“ і „Железная дорога“ Некрасава да таго ўплылі ва мяне, што я перапісаў іх, прысядаючы каля пянчукоў, і завучыў напамяць“[6].

Поэзія робіць надта моцны ўплыў на Зьмітрака Жылуновіча, асабліва захапляе будучага поэту:

„Поэзія цалкам захапіла маю душу“, піша ён у сваіх успамінах да Л. Клейнборта. „Я стараўся адшукваць зборнікі вершаў; адшукаўшы-ж, узасос іх прачытваў, завучваў напамяць хоць па аднаму з кожнага вершу. Першай кнігай, якая зрабіла на мяне глыбокі ўплыў, быў зборнік вершаў „Жывая струна“. Але яшчэ больш паланіў мяне Некрасаў… Я хадзіў па лесе, па полі і бязустаньня дэклямаваў Некрасава.

„Дедушка“, які апавядае ўнуку аб сваіх бадзяньнях у Сібіры, аб тых ідэях, якія захаплялі яго і выліваліся ў цёплых тонах апавяданьня, захопліваў мяне так, што я адчуваў процэс свайго душэўнага пералому. Перада мною ярка абрысоўвалася мяжа паміж сялянамі-мужыкамі і панамі. Я ўпяршыню адшукваў месца, на якое мне належала стаць, месца барацьбіта за шчасьце народу“[7].

Побач з вучэньнем адбывалася соцыяльна-ідэолёгічнае аформленьне будучага пісьменьніка і выхад яго на арэну самастойнай чыннасьці, выхад з сялянскіх колаў на шлях рабочае наймовае працы.

Дамо тут месца словам самога Гартнага з яго „Абеглага саманарысу жыцьця“:

„У 1904 годзе, на вялікдзень, я ўпяршыню папаў на мітынг Капыльскае с.-д. організацыі, які адбыўся за мястэчкам, у так званым Яначкавым ляску. З гэтага часу пацягнула мяне да „дамакратаў“, аб якіх ішлі легенды па мястэчку.

Але мяне сьціскала становішча вучня. Мне трэба было скончыць двухкляснае вучылішча (з 1904 г. яго адчынілі ў Капылі, пакінуўшы народнае для дзяўчат), каб хоць што-кольвечы мець для сябе і для суцехі бацькоў. Бацькі думалі, што я вывучуся абы на якога, але на „пана“. Тымчасам ужо ня панам пахла! Настаўнікі рабілі хор, пяялі ў царкве, а я ўсё чытаў „пастароньнія“ кніжкі. Час-ад-часу бацькі ўпікалі ў бязбожжы. Няхай!

1905 год, калі я скончыў двухкляснае вучылішча, я разам парваў і з думкаю пра „пана“. Кніжкі выданьня Гарбунова-Пасадава і сяброўская пазычка няможнай літаратуры зрабілі мяне „мечтателем“ аб іншых рэчах.

Якраз у гэты год зімою, на калядах, я выпадкова паспрабаваў, разам з таварышам А. Красуцкім, пісаць вершы. Напісалі пра мястэчка — ні то парасійску, ні то пабеларуску. Вышла так:

Капыль — горад небальшой,
Слава аб ім громка
Разьнеслася па ўсім сьвеце,
А дзяржыцца тонка… і г. д.

Было даволі, каб ускрыліць! Хутка ў нас гэткіх вершаў назьбіралася да 500 радкоў. Паказалі настаўніку — слабыя. Даведаліся аб цане — 10 капеек за радок. Як хацелася мець грошы! Куды больш, чымся таго, каб былі надрукаваны вершы!..

Побач падаў ахвоты да вандроўкі адзін артыкул з „Вестника Знания“. Апісваўся ў ім нейкім Васюковым адзін самародак з талентам ад прыроды, якога Васюкоў праз артыкул шукаў. Жэст самародка, пабываўшага ў Васюкова і пайшоўшага „мераць шыры Расіі“, прышоўся нам па нутру. Ісьці — стала мэтай. А куды? Да Талстога — хтось ці штось нам падказала…

Я быў к гэтаму часу самастойным соцыял-дэмократам, але бяз таленту ў руках і з ідэалістычвым настроем. У гадавіну забойства Аляксандра II у і905 годзе я прыняў чынны ўдзел, наперакор бацьком і настаўнікам, у вагромнай дэмонстрацыі ў Капылі. Далей падбівала на большае.

У жніўні з тав. А. Красуцкім выехалі мы, забраўшы свае творы, з Капылю, але не да Л. Талстога, а ў Кіеў: там былі дзядзькі, было на што абаперціся — думалі. “

Але абмыліліся, вядома, у дзядзькох і ў творах. Першыя нас ня ўстроілі, а другія, аднесеныя па радзе ў „Киевские Отклики“ намі, ня ўстроіліся. Рэдактар газэты парадзіў адаслаць іх Гарбунову-Пасадаву.

Цяжкае разувер‘е абарвала скрыдлы. Сумным вярнуўся я дадому, назад у Капыль, з якога праводзіла мяне ўся моладзь з рэволюцыйнымі песьнямі, з гарачымі разьвітаньнямі… Як паказацца ў вочы?

Пасобіў рэволюцыйны выбух, у якім я прыняў чынны ўдзел. У мястэчку ў кастрычніку (1905 г.) зрабілі агульную забастоўку, „пабядзілі“ поліцыю. Адчыніліся іншыя горызонты, бацьком маім чужыя і незразумелыя. Я зрадніўся з організацыяй с.-д., кінуў усякія думкі аб далейшым вучэньні, а пашоў у гарбары ў лютым 1906 г.“.

З гэтага моманту Гартны назаўсёды разьвітаўся з зямлёй, ён уваходзіць у рабочую клясу, спачатку рамесьніцка-саматужную групу. Гарбарства зьяўляецца адным з найбольш пашыраных рамяством у Беларусі. Ня толькі такія гарады, як Менск, Вільня, Магілеў, але і дробныя мястэчкі маюць гарбарні. У гарбарні і пачынае працаваць Гартны спачатку за рабочага, каб потым выйсьці на майстра.

У „Песьнях“ пісьменніка, выданых у 1913 годзе, адбіліся об‘ектыўныя ўмовы працы і тыя пачуцьці ды настроі, якія давялося за гэты час перажыць поэту.

Вось об‘ектыўныя ўмовы цяжкой працы. гарбара:

Цэлы дзень за паганым сталом,
Цэлы дзень скуру цьвёрдую скроб,
Стаючы укапаным калом,
Я задухай атрутнаю соп.

Не глядзеў і ня бачыў нічуць,
Што там ёсьць на дварэ, за акном:
Ці там ветры халодныя дзьмуць,
Ці зямелька спавіта цяплом.

Навакола чатыры сьцяны,
А на іх заплясьнеўшая столь.
У сабе захавалі яны
Усю крыўду, жаданьне і боль[8].

Гарбарская праца — часовая, сэзонная і ў кожным месцы не аднолькавая. У адным горадзе сэзон прыпадае на вясну, у другім — на восень. Гарбар, прабыўшы ў гаспадара пэўны час, пасьля ўжо не патрэбен і яго разьлічваюць. Разьлічыўшыся, зьбірае свае манаткі і начыньне ды ідзе далей у сьвет, шукаць сабе работы.

Дожджык пакрапляе,
Дзень стаіць халодны,
Шпаламі клыпае
Ў пуць гарбар галодны.

Ногі чуць клыпаюць
І грабуць нясьмела;
Вочы пазіраюць
Сумна, асавела.

Апусьцілісь рукі
Ад цяжкой утомы…
Дзе-ж сканчэньне мукі
Яго — невядома[9].

Так адчувае сябе гарбар на вандроўцы. А ці-ж мала такіх вандровак давялося зрабіць Цішку Гартнаму ў яго маладосьці? Дзякуючы гэтым вандроўкам, пераходам з аднаго беларускага мястэчка ці горада ў другое, ён мог дасканала вывучыць Беларусь, але трэба толькі ўдумацца ўважліва ў верш „Гарбар на вандроўцы“, каб уявіць сабе цяжкое бязрадаснае жыцьцё поэты ў яго маладыя гады.

Вось ідзе памалу,
А куды — ня знае;
З шпалы ды на шпалу
Ціханька ступае.
З гораду у горад
Блукае, клыпае,
Гоніць яго холад,
Голад падганяе.

А ўсьлед з імі гора,
Гора сьледам ходзіць
І усім гавора
Гарбару прашкодзіць,
Каб ён не дабіўся
Сабе лепшай долі,
Шчасьця не дажыўся
Навекі ніколі[10].

З цяжкой працай рамесьніка-гарбара злучаецца другая, ня менш цяжкая праца чорнарабочага-грабара.

Я ўсё жыцьце сваё, дзень-у-дзень, год-у-год,
Зямлю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І як многа ўжо я яе накапаў!
Што-ж за працу сваю я ў адплату дастаў?
Шо за плён мне зямля за труды прынясла,
За той пот і за кроў, што сабе узяла,
За бурлівую рэчку гарачых тых сьлёз,
Што ўсё жыцьце маё паабмыў імі лёс…[11]

Ня гледзячы на цяжкія ўмовы жыцьця ды працы, поэту адзначае ўсьведамленьне сваёй моцы і рашучай загартаванасьш ў барацьбе за жыцьцё.

Я — рабочы-гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.

Ў вачох іскры маіх,
А жалеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, ў адзін мах.

Ці задушша, ці чад —
Ўсё на серцы маім,
Але ўстрашыці нат,
Не здалее нічым[12].

І разам з гэтым стаіць усьведамленьне таго прынцыпу, аб якім гаворыць поэта ў сваёй першапачатковай аўтобіографіі, прынцыпу, што „чалавек, калі не працуе, ня можа быць праўдзівым чалавекам, як пэўны насьледнік новага лепшага будучага жыцьця“[13].

Я здружыўся з трудом,
Я ў ём рос, я ў ём крэп;
Запрацованы хлеб
Люблю мець за сталом.

Не хачу, ня прывык,
Склаўшы рукі, хадзіць:
Я — гарбар-працаўнік,
Я жыву, каб рабіць.

Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць…
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць, —
Не гатовае браць?[14].

Гарт — многазначнае слова! Загартаваны цяжкой будзённай працай, поэта з пэўным правам прымае псэўдонім „Гартнага“, — і з гэтым псэўдонімам злучаецца яснае ўсьведамленьне сваёй сілы нязломнай:

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваёй
І на шчасьця прыход
Не заплюшчвай вачэй!

Песьню вольную пей
У дыму, у духаце.
І надзея твая
Няхай кветкай цьвіце.

Бо дзе сіла жыве,
Дзе работа кіпіць,
Там насеньня зярне
Лепшай долі ляжыць[15].

У абставінах працы гарбара закладаецца моцная падваліна для сформаваньня работніцка-пролетарскага настрою пісьменьніка.

„Новая абстаноўка“, піша Гартны, адыграла ў маім разьвіцьці значную ролю. Я адчуў сябе пролетарам-творцаю, творцаю скарбаў, якому многія абавязаны, але чыё жыцьцё — барацьба. Праца, да якой я далучаўся, была жахлівай дзеля тых умоў, у якіх мне прыходзілася работаць у розных месцах і ў розныя годы… Але яна з першых крокаў здалася мне маім прызначэньнем. Я адразу ўбачыў у процэсе яе шмат таго хараства, якое чакае свайго сьпявакі. З аднаго боку — чад, дзёгаць, смрод, засуканыя да плеч мускулістыя рукі работнікаў, з другога — сонца за сьцяной, прасторы чыстае паветра, — усе гэтыя контрасты, контрасты двух сьветаў, далі мне матэрыял для вершаў з першых жа крокаў работы. Ня гледзячы на тое, што рэволюцыйная чыннасьць ужо адымала ў мяне ўвесь час пасьля работы, я знаходзіў час весьці „Дзеньнік гарбара“ і пісаць апавяданьні і вершы з жыцьця рабочых“[16]. Разам з гэтым адбываецца літараратурнае самавызначэньне поэты.

А потым перад ім адкрываецца больш прасторны шлях профэсыянальнай і грамадзкай чыннасьці.

Прачытаем, што кажа пісьменьнік у сваім „Абеглым саманарысе жыцьця“:

Стаўшы рабочым, я хутка вясною 1906 г. прайшоў у камітэт капыльскае організацыі с.-д., працуючы старанна сярод капыльскае моладзі… і пішучы вершы, апавяданьні парасійску. Між работы прабаваў паступіць (1906 г.) у настаўніцкую сэмінарыю. Не прынялі з-за „неблагонадежности“. Вершы я чытаў таварышом дома і ў майстэрні. Тыя хвалілі і падымалі ва мне дух. Але мяне ўсё не здавальняла штосьці. Не здавальняла датуль, пакуль у 1908 годзе я не напаў на „Нашу Ніву“. Газэта на сваёй мове была для мяне вынаходкаю. Прачытаныя ў ёй вершы мігам абудзілі ва мне цягу да пісаньня пабеларуску; я сеў і напісаў першы верш, які ў студзені 1909 году быў надрукаваны пад назваю „Бяздольны“ і прысьвеціў яго Янку Купалу.

Цяжка жыць бяз долі
Што рабіць ня знаю… г. д.

Так я стаў пісаць пабеларуску. Але пісаньне мяне не здавальняла: мяне захапіла цалкам ідэя адраджэньня Беларусі. У 1909 годзе, у ліпні, я паехаў ў Вільню, у рэдакцыю „Нашай Нівы“, каб угледзець тых людзей, якія сталі ў кірунку беларускага руху, а з Вільні пусьціўся ў вандроўку па Беларусі, аб‘яжджаючы гарады і мястэчкі з дапамогаю рабочых-гарбароў. Вандруючы з 1909 г. па 1912 г. па Беларусі, я пісаў вершы, прозу і корэсподэнцыі ў дарозе, у вагонах, на вакзалах, у цесных і брудных каморках, у начлежках, пісаў пасьля работы 11-гадзіннай. Большасьць вершаў напісаў у 1912 годзе ў Вілкаміры Ковенскай губэрні, дзе працаваў і прымаў удзел у соцыял-дэмократычным руху, не пакідаючы руху беларускага.

Правандраваў я тры гады, да 1913 году, калі паехаў у Пепярбург і паступіў на завод; адначасова стаў сябрам рабочага культурна-асьветнага таварыства „Знание“ і сябрам міжраённага аб‘яднаньня с.-д. і не пакідаў пісаць пабеларуску вершы і роман „Сокі цаліны“. Пачаў роман у 1914, кончыў у 1916 г. У гэты час мой зямляк, вядомы публіцысты А. Клейнборт, пераконваў мяне пісаць парасійску. Аб маіх расійскіх творах пісаў у часопісі „Новая Жизнь“, прарочачы мне ў расійскай літаратуры будучыну, а ў беларускай — змарнаваньне таленту.

Пасьля пяці месяцаў працы на заводзе, быў разьлічаны, тры месяцы цягаўся па горадзе безработным, жывучы на дапамогу сяброў-беларусаў — Б. Шыпілы, д-ра Ярэміча і др., пакуль дастаў службу загадчыка выдавецтва, на якой і захапіла рэволюцыя 1917 году“.

Матэрыялы, атрыманыя ад поэты ў той час, калі я пісаў гэты нарыс, даюць магчымасьць дапоўніць факты, паданыя ў аўтобіографіях, другімі весткамі.

Да 1906 году належыць няўдалая спроба маладога поэты паступіць у Мар‘іна-Горскую селтска-гаспадарчую школу: настаўнікі-чыноўнікі, „людзі ў футляры“, забракавалі яго на экзаменах.

„У 1913 годзе“, піша поэта ў сваіх нататках, „вярнуўшыся ў м. Капыль, з групаю соцыял-дэмократычнае моладзі выдаваў рукапісную часопісь „Голас Ніза“, правёў збор ахвяр у жалезны фонд „Правды“, зорганізаваў пэтыцыю ад сялян у соцыял-дэмократычную фракцыю Дзяржаўнай Думы. З гэтага году, трапіўшы ў Пецярбург, стаў корэспондэнтам „Правды“ з заводу „Вулкан“. Таксама пачаў друкаваць у ёй свае вершы на расійскай мове і новэлі. У Пецярбурзе прыняў удзел у культурна-асьветнай працы рабочага таварыства „Знание“ на Пецярбурскай старане, на Грабецкай вуліцы, у якім чытаў некалькі дакладаў аб нацыянальным пытаньні.

З 1913 па 1915 год, будучы ў Пецярбурзе, належаў да організацыі міжраёнцаў РС-ДРП. У гэты час меўся паехаць да М. Горкага на выспу Капры ў партыйную школу, але шэраг умоў паперашкодзіў гэтаму. З 1914 г. я застаўся на працу ў выдавецтве „Новый Человек“, стаў загадчыкам. У 1916 годзе, у лютым, быў забраны ў войска, дзе, аднак, праслужыў усяго адзін месяц“.

Сярод эпізодаў грамадзка-політычна-літаратурнага значэньня зусім, так кажучы, стушоўваецца, адыходзіць на другі плян эпізод з прыватнага, інтымнага жыцьця нашага пісьменьніка, яго жаніцьба ў 1916 г., калі ён вярнуўся з войска (жонка Гартнага, нараджэнка г. Царскага — цяпер Дзецкага — Сяла, служыла разам з ім у выдавецтве Суворына-сына).

Такім спосабам, перайшоўшы з сялянскай працы на працу гарбара, Ц. Гартны, які да гэтага часу ўжо заняў месца ў беларускай літаратуры, як супрацоўнік „Нашай Нівы“ і „Маладой Беларусі“, пераходзіць на працу рабочага на фабрыцы ў буйных прамысловых цэнтрах.

Гэты пераход знайшоў сабе выразны адбітак у яго творчасьці.

Калі ў „Песьнях“, выдрукаваных у 1913 г. ў „Маладой Беларусі“, выключныя мотывы творчасьці поэты — мотывы рамесьніцкай працы гарбара, дык у „Калыснай песьні“, выдрукаванай у яго пазьнейшым зборніку „Песьні працы і змаганьня“ і напісанай паміж 1913 г. і 1916 г., чуваць ужо новыя мотывы фабрычна-гарадзкога жыцьця адарванага ад палёў ды лясоў пролетара.

Гора сілаю загоніць
У цёмны горад, на завод,
Дзе машына енчыць, стогнець,
Нутр разьядае смурод.

Там ад раніцы да ночы
Ў цяжкай працы прастаіш…
Ну-ж, заплюшч, галубе, вочы
Ды засьні… Чаму ня сьпіш?

Там цябе прывяжа сіла
Да машынаў, да сталоў,
Дзе ты будзеш да магілы
Стаяць зьвязаным бяз слоў.

Замест песьні над калыскай
Твае мамкі дарагой —
Гуд машыны, рамнёў піскі
Будуць вісець над табой[17].

У 1913 годзе Цішка Гартны, як вядома, пачаў пісаць свой роман „Сокі цаліны“. Да 1916 г. была напісана першая квадра гэтага роману — „Бацькава воля“.

Цэнтральная постаць гэтай квадры — Рыгор Нязвычны. Рыгор „меў ад роду непакорную душу і прагу да свабоды“. Яшчэ восемнаццаці гадоў ён перасварыўся з сваім „гаспадаром“ і не захацеў быць простым батраком. Ня слухаючы сваёй маткі Стэпы, ён адважыўся адправіцца ў гарады шукаць спраў якіх-кольвек на заводзе ці дзе на фабрыцы; у часе жыцьця ў горадзе — шмат чаго ўзнаў і стаў сьвядомым чалавекам[18].

Хто ня прызнае ў непакорнай „душы“ Рыгора непакорную і нязломную натуру самога пісьменьніка!

Што для Рыгора, які выяўляе самога пісьменьніка, можна лічыць паказальным побач з магутнай, ненасытнай прагай да свабоды?

Гэта — замілаваньне да сваёй бацькаўшчыны, замілаваньне, якое неаднакроць знаходзіць сабе выраз у думках ды разважаньвях героя роману.

„Пасьля двух год разлукі з родным краем, знаёмыя мясьціны паказаліся Рыгору такімі блізкімі яго сэрцу, такімі роднымі і дарагімі, што ён зусім не прыкмячаў у ўспамінках тае мяжы, якая двухгадовай прагалінай ляжала ў яго жыцьці. Там, у глыбіне яго душы, якая ні на хвілю не пакідала дрэнціць па родным краі, па сваіх людзях, цяпер, калі ўсё паказалася яго вачом, раптам забурліла кіпучая хваля любві і нейкага неадказнага натхненьня“[19]. „Праўда, такі-то“, разважаў ён у сваёй хаце, „што над родны край і над родную старонку нічога даражэй не знайсьці ў сьвеце. Кламяць тыя, несправядліва судзяць, кажучы: там наша родзіна, дзе нам жыць добра“, падумаў ён, пры гэтым дастаў з пад-полу свой куфарак, адамкнуў яго вынятым з кішэні ключыкам і, дастаўшы газэту, разьвярнуў яе і, тупаючы па хаце, пачаў дэклямаваць верш:

„Край мой родны, край мой мілы…“[20]

Такія разважаньні вельмі адзначны для пісьменьніка-беларуса, удзельніка беларускага культурна-нацыянальнага руху.

Другая квадра роману „На перагібе“, хаця і вышла ў сьвет у 1926 г. і пісалася ўжо ў часе рэволюцыі, выяўляе тую лінію разьвіцьця грамадзка-політычнага аформленьня пісьменьніка, якая прыпадае на дараволюцыйныя годы, на час працы Гартнага на фабрыках ды заводах. Эпоха, калі адбываюцца падзеі роману, адзначаецца Ленскім расстрэлам і ўзмацненьнем політычнай рэакцыі, з аднаго боку, забастоўкамі і ажыўленьнем рэволюцыйнага руху, — з другога. Працуючы на заводах ды фабрыках, жывучы ў буйных гарадох, Рыгор „да каплі зьнішчыў веру ў мірнае паляпшэньне жыцьця і стаў заядлым няўтомным змагальнікам“…[21]. Калі першая квадра выяўляе яго проста, як сьвядомага, прасякнутага імкненьнем да свабоды чалавекам, дык у другой мы бачым ужо вобраз праўдзівага рэволюныянэра, для якога рэволюцыя становіць сэнс жыцьця ды чыннасьці.

Пачуцьцё свабоды, характарна ўжо для першых настрояў беларускага поэты рабочага. І ўжо сярод вершаў, надрукаваных у 1912 г. на старонках „Маладой Беларусі“ і ў зборніку „Pieśni“ ён выражае гэта пачуцьцё ў вершы „Свабода“.

Я ўбачыў яе ваддалёк,
Сярод ночы цямлівай, глухой,
Убіраўшай яе ў цёмны змрок
І пяяўшай літаньні над ёй.

Я ўбачыў яе і ўзгарэў, як агонь,
Як усходняга сонца лучы,
І хутчэй паляцеў наўздагонь,
Паляцеў да яе, крычучы:

„Не ўцякай ты, багіня красы,
Зыркі водбліск сіячага дня.
Дай напіцца твае мне расы,
Дай часьціну твайго мне агня“[22].

З пачуцьцём свабоды песна злучана замілаваньне да рэволюцыі, да рэволюцыйнага змаганьня, і вось поэта кажа:

Ў буры, у навальніцы,
Ў грому, у бліскавіцы,
У сіберным гуле
Ветраное сілы,

У хваленьні мора
І ў сумленьні бора
Шмат чаго мне міла,
Шмат чаго мне блізка[23].

У сваім вершы „Чаго я хачу“, прысьвечаным такому-ж няўтомнаму барацьбіту рэволюцыі, як і сам поэта, Зьмітру Чарнушэвічу, вобраз якога намаляваны ў асобе другога цэнтральнага пэрсонажу роману „Сокі цаліны“ рэволюцыянэра-вяскоўца Сёмкі, поэта просіць „буры, цёмнай, сібернай, страшнае і злое“[24].

Гэты мотыў, мотыў рэволюцыйнвай буры-навальніцы, зьяўляецца адным з найбольш улюбёных мотываў поэты рэволюцыйнай эпохі і неаднакроць выступае ў вершах, сабраных у зборніку „Песьні працы і змаганьня“ ў разьдзелах „Чырвоны золак“ і „Змаганьне“.

Да 1912—1915 гадоў, якія пачаліся для поэты ў Вілкаміры і скончыліся Ў Петраградзе, належыць твор „поэта, маці і муза“.

Уцалку ды паасобку ў межах творчасьці Гартнага гэты яго твор можа ацэньвацца якраз у аўтобіаграфічным асьпекце. З тэхнічнага боку шмат у ім недахопаў, шмат шурпатасьцяй мовы, але захапляе шчырасьць, непадробленая шчырасьць.

Бацька яго ўжо некалькі гадоў, як памёр. Засталася маці, якой поэта адданы ўсёй душой. Але побач з тым самае дарагое для яго — муза. Ён ня можа кінуць сваей поэтычнай творчасьці, ня гледзячы нават на цяжкія матэрыяльныя ўмовы жыцьця, якія выяўляюцца ў жальбах ды ў просьбах маці:

Стаў ты сталым, падрос —
Я-ж старая зусім,
Я нядужа нашчэнт.
Будзь-жа ты, Ананас,
Ўжо кармільцам маім.

Пашкадуй, ня губі!
Вось пайдзі й зарабі
Хоць ашчэдны мядзяк,
Каб было толькі як
У нашым бедным жыцьці
Дзень-другі правясьці,
А то хутка тры дні,
Як даелі мы хлеб,
А пры гэтым — зірні —
Колькі іншых патрэб!
Дровы скончаны ўсе;
Без апратак сядзім;
Дах пагніў на страсе —
Няма выпраміць чым…[25].

Для поэты няма пытаньня аб золаце ды срэбры, аб знадворным дабрабыце, — ён жыве выключна патрэбамі творчасьці ды ідэямі рэволюцыйнага змаганьня за свабоду і адраджэньне роднай краіны. Ён пытаецца:

А дзе-ж тое сэрца,
Каб з адвагай ўмерці
Ўраз была гатова
За свабоду слова,
За парадак новы,
За прастор праявы
Дум вялікай справы
Буйнага змаганьня
Проці панаваньня
Уціску і нядолі?
Каб кастры, вастрогі,
Ды ў кайданах ногі
Не зьвялі з дарогі
Ў нястрыманым ходзе
На пуці к свабодзе?[26].

І зноў глыбокім аўтобіаграфічным сэнсам адбіты запавет Музы да поэты:

Гэй, ўставай — чае прабіў
Зноў з гарачай душой

Йсьці пасьпешна на бой
У гэты раз з цемнатой
Неабуднага сна…
Глянь, твая старана
Стогне ў цяжкім жыцьці —
Няма сьцежак прайсьці
Ёй да яснай зары!
Будзь агнём і гары
У цемры змрочнай над ёй.
Зоркай будзь пуцявой
Па пуціне цяжкой
К адрэжэньню яе…[27].

Неўзабаве поэту давялося быць адным з самых актыўных барацьбітоў за свабоду, а разам з тым і за культурна-нацыянальнае адраджэньне Беларусі.

Надыходзіў крызіс вялікай сусьветнай вайны, а разам з тым і крызіс усяго соцыяльна-політычнага ладу былой Расіі.

У 1916 годзе, вярнушыўся з войска, Ц. Гартны застаецца на працу ў выдавецтве „Новый человек“, заснаванае А. Суворыным-сынам.

У працягу ўсяго 1916 году ён падтрымлівае сувязь з партыйцамі, рабочымі розных заводаў. На кватэры проф. Бр. Эпімах-Шыпілы, які аднолькава дапамагаў і Купалу, і Гартнаму, наладжваюцца сходы беларускіх організацый, дзе выказваюцца думкі аб паражэньні Расіі, абмяркоўваюцца пляны будучай пабудовы Беларусі. Цішку Гартнаму прыходзілася весьці барацьбу проці абарончай позыцыі некаторых беларусаў.

Канец 1916 году… Назьбіраўшы крыху грошай, Ц. Гартны закладае першую ў Петраградзе беларускую газэту „Дзяньніцу“, якой вышла тут усяго 5 нумароў.

Ужо адчуваліся „пярэдадні“ рэволюцыі. „Чырвоны золак“ выступаў у змроку дарэволюцыйнай ночы.

Стуліўся змрок ў глухіх куткох,
Уцякае ночка-чараўніца;
Ў ядвабных небных дыванох
Міргае зыркая Дзяньніца.
А з неба ўніз яе прамень
У зелень рутную спадае
І кажан ціханька; „Мне дзень
На зьмену сенца пасылае“[28].

Набліжаўся дзень нябывалага ў сусьветнай гісторыі рэволюцыйнага абуджэньня шырокіх народных мас.

У лютаўскім політычным перавароце Гартны прымае ўдзел, як член петраградзкага савету ад беларускіх нацыянальна-рэволюцыйных організацый. На конфэрэнцыі Бел. Соц. Грамады ён быў абраны за прадстаўніка ЦК у Петраградзе дзе організаваў пецярбурскую організацыю з 300 рабочых-беларусоў Пуцілаўскага, Бальтыцкага, Неўскага суднабудаўнічага заводу, з Арсэналю ды інш. На сэсіі Беларускай рады ў Менску прымаў удзел, як прадстаўнік Беларускай Соцыялістычнай Грамады. Ад яе-ж ён абіраецца прадстаўніком У Дэмократычную Нараду і ў Прадпарлямант. Таксама ён зьяўляецца членам беларускіх організацый у Менску, з якіх, аднак, выходзіць на другой сэсіі Рады гэтых організацый у першых чыслах кастрычніка 1917 г.

Вялікі Кастрычнікавы пераварот, да якога Гартны быў падрыхтаваны ўсім папярэднім ходам свайго грамадзка-політычнага разьвіцьця, дае новы магутны імпульс яго кіпучай рэволюцыйнай чыннасьці.

Спачатку 1918 году ён пачаў працаваць ў Беларускім Нацыянальным Камісарыяце ў Маскве, дзе былі ўскладзены на яго абавязкі сакратара Камісарыяту і загадчыка выдавецкага аддзелу. Тут зноў пачынае выходзіць „Дзяньніца“. Разам з політычнаю ды організацыйна-літаратурнаю чыннасьцю, З. Жылуновіч прабуе ўзяцца і за лектарскую чыннасьць: улетку 1918 г. ў Беларускім Народным Унівэрсытэце ён чытае курс лекцый аб беларускай літаратуры.

У кастрычніку 1918 г. ён уваходзіць у Комуністычную Партыю і інтэнсыўна працуе ў беларускім сэктары.

Пры ўтварэньні Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі ў сьнежні 1918 г. ён зьяўляецца старшынёю Часовага Рэволюцыйнага Ўраду.

Далей, ён быў рэдактарам харкаўскае вячэрняе газэты „Красная Заря“, адсюль перакідаецца на фронт, у XIV армію, у штаб Заходняга фронту, у Смаленску рэдагуе газэту „Савецкая Беларусь“.

Пасьля выгнаньня палякаў з Менску, сталіцы Чырвонай Беларусі, поэта пераяжджае сюды на сталую працу.

Грамадзка-політычная ды літаратурная чыннасьць Ц. Гартнага ў Савецкай Соцыялістычнай Беларусі добра вядома ўсім, хто стаіць у курсе падзей нашага політычнага і культурнага жыцьця.

Адказную працу, старшыні Рэволюцыйнага Работніцка-Сялянскага Ураду Савецкай Беларусі ён, як прыраджоны літаратар, замяніў ня менш адказнай работай організатара беларускага савецкага друку і разам з тым організатара беларускіх выдавецтваў, праводзячы той кірунак чыннасьці, якія быў пачаты ў Петраградзе.

Пасьля таго, як была наладжана справа з выданьнем у Менску газэты „Савецкая Беларусь“, поэта ў 1921 г. едзе ў Бэрлін для організацыі там выданьня Літаратурным Аддзелам Народнага Камісарыяту Асьветы БССР беларускіх кніжак.

Далей, вярнуўшыся з Бэрліну, рэдагуючы „Савецкую Беларусь“, поэта організуе выданьне першай беларускай „тоўстай“ часопісі „Полымя“, якую рэдагуе ён аж да гэтага часу.

У 1923 г. Ц. Гартны становіцца на чале выдавецтва „Савецкая Беларусь“, а ў 1925 г. пры організацыі Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва займае пасаду старшыні яго Праўленьня.

Праз пяць год, калі тэхнічны бок выдавецкай справы ўжо наладзіўся, паўстала новая задача ідэолёгічнага кіраўніцтва маладой беларускай літаратурай і ўвязаньня розных галін нашага мастацтве. Было зусім натуральным, што на гэта кіраўніцтва быў закліканы няўтомны барацьбіт за беларускую літаратуру. З восені гэтага году Ц. Гартны вядзе гэты рэй, як намесьнік наркома асьветы Савецкай Беларусі і зьяўляецца апрача таго старшынёю Таварыства Культурнай сувязі з заграніцай у БССР і членам Савету Нацыянальнасьцяй СССР.

У часе рэволюцыі поэта-пісьменьнік разьвівае кіпучую літаратурную чыннасьць. У 1922 г. ў выданьні Літаратурнага Выдавецтва Нар. Кам. Асьветы БССР у Бэрліне выходзяць зборнік вершаў „Песьні працы і змаганьня“ і першая квадра роману „Сокі цаліны“ — „Бацькава воля“; да 1924 г. належыць зборнік апавяданьняў „Трэскі на хвалях“, да 1925г. — зборнік вершаў , „Урачыстасьць“, у 1926 г. зьяўляецца другая квадра роману — „На перагібе“, а праз год — зборнік апавяданьняў „Прысады“.

І гэта — побач з крытыка-літаратурнымі, публіцыстычнымі артыкуламі ды заўвагамі ў розных выданьнях, побач з рэдактарскаю чыннасьцю.

Продукцыйнасьць, па-праўдзе, — вялізная!

Калі творы Ц. Гартнага дарэволюцыйнага часу, асабліва вершы і роман „Сокі паліны“, маюць аўтобіографічную афарбоўку, — і гэта датычыць таксама і доугой квадры роману, — дык яго вершы ды апавяданьні ад часоў рэволюцыі, не даючы непасрэдна аўтобіографічных даных, паказальны для выяўленьня настрояў і парываньняў пісьменьніка ў часе рэволюцыі.

Прыход Кастрычніка ён сустракае натхненным гімнам:

Гары-ж, агонь Кастрычніка, гары!
Свой промень зыркі раздувай,
Няхай ён зьзяе з краю ў край…
Хто сьпіць да гэтае пары —

ЎСТАВАЙ!

І ўсе вершы, напісаныя пасьля Кастрычніка, прасякнуты аднэй ідэяй, — ідэяй паглыбленьня заваёў соцыяльнай рэволюцыі, падзеі якой адчуваюцца поэтаю, як сапраўдная „Урачыстасьць“.

А для Ц. Гартнага, як бэлетрыстага прозаіка, у сваю чаргу, зьяўляецца паказальным тое пачуцьцё оптымізму ды рэволюныйнай энэргетыкі, якое адзначае амаль кожнае яго апавяданьне.

І ўсе гэтыя апавяданьні, разам узятыя, сьведчаць аб надзвычайным пашырэньні жыцьцёвага дасьведчаньня аўтара і паглыбленьні яго здольнасьці да соцыолёгічнага ды псыхолёгічнага аналізу.

Такім зьяўляецца жыцьцёвы шлях нашага поэты-пісьменьніка за дваццаць год яго літаратурнай працы і за 41 год яго багатага зьместам жыцьця. Такія акалічнасьці, такія разьвіленьні ды лукавіны яго жыцьцёвай чыннасьці.

Калі параўноўваць біографію Ц. Гартнага з біографіяй іншых беларускіх пісьменьнікаў, яго сучасьнікаў, дык тут асабліва выразна адзначаецца яго блізкая сувязь з рабочаю пролетарскаю клясай.

Бацькі пісьменьніка — незаможныя, безьзямельныя сяляне тыповага беларускага мястэчка, якіх безьзямельле вымушала займацца „чорнаю“ працаю рабочага. Гэта — тая група вясковага насельніцтва, якая бліжэй за ўсе іншыя вясковыя групы стаіць да гарадзкой рабочай масы, — да фабрычна-заводзкага пролетарыяту. З гэтага вясковага пласту выходзіць той матэрыял, з якога пераважна формуецца гарадзкая работніцкая маса. Наймовая праца вясковага пастуха зьяўляецца першым этапам соцыяльнага аформленьня будучага рэволюцыянэра-поэты. Далей ідзе пераход да цяжкой суровай працы тыпова-беларускага местачковага работніка-гарбара. Заканчэньнем арабочваньня і адпаведнага яму апролетарызаваньня выходца з безьзямельнага сялянства зьяўляецца праца на фабрыках ды заводах у Рызе і Пецярбурзе: Цішка Гартны — адзін з нялічных беларускіх пісьменьнікаў, якія маюць уласнае дасьведчаньне фабрычнай працы ў буйных цэнтрах фабрычнай прамысловасьці.

Пахаджэньне з безьзямельнага сялянства і праца ў майстэрні ды на заводах вызначыла асноўны кірунак літаратурнай творчасьці Ц. Гартнага, як лепшага правадніка ў беларускай літаратуры ідэй фабрычнага пролетарыяту, злучанага ў рэволюцыйным змаганьні з незаможным сялянствам. Кідаецца пры гэтым у вочы надзвычайная інтэлектуальная рознастайчасьць Гартнага пры надзвычайнай напружнасьці яго волюнтатыўнай сілы.

Наўрад ці знойдзецца ў межах нашай літаратуры больш рознастайна таленавітая натура, чым наш першы пролетарскі пісьменьнік. Поэта і прозаік, літаратурны крытык і рэдактар, публіцысты і драматург, апісальнік прыроды і быту і колёрытны апавядальнік-псыхолёгісты, фэльетоністы і дапісчык, — адным словам, не знайсьці такой галіны літаратурнай творчасьці, якая ні была-б прадстаўлена ў працах Гартнага. Об‘ектыўна кажучы, гэта багацьце літаратурных выяўленьняў — пакуль што адзіночная зьява ў беларускай літаратуры. Да таго трэба дадаць кіпучую, поўную энэргетызму, політычна-організатарскую чыннасьць пісьменьніка. Багацьцю літаратурных выяўленьняў адпавядае і багацьце жыцьцёвых праяў Гартнага. Селянін-пастух, гарбар-рамесьнік, рабочы на фабрыцы і ў выдавецтве, політык і грамадзкі дзеяч, старшыня першага беларускага Саўнаркому і організатар выдавецтваў, — вось зьмена профэсій і стану, якую прайшоў дагэтуль Ц. Гартны. Далей трэба адзначыць зьмену месц і знаёмства з шырокім колам рознастайнага матэрыялу чалавечых душ. Провінцыяльны Капыль — напоўвёска, напоўмястэчка, — месца нараджэньня поэты, месца, дзе ён правёў свае дзіцячыя гады. А далей ідзе цэлы шэраг гарадоў і мястэчак, дзе пабыў поэта. Кіеў, Вілкамір, Менск, Вільня, Магілеў і амаль усе беларускія гарады; урэшце — Рыга, Ленінград, Масква, Харкаў, Смаленск. Пачынаючы з 1920 г. пісьменьнік нібы асталёўваецца ў Менску, сталіцы Савецкай Беларусі, на змаганьне за якую ён аддаў свой талент і сілы. Але і жывучы ў Менску, пісьменьнік не пакідае пашыраць свой кругавід, робячы амаль штогод паездкі ў культурныя старонкі Заходняй Эўропы — Нямеччыну, Паўднёвую Славію, Франрыю ды інш.

Годы рэволюцыі і непасрэдны ўдзел у рэволюцыйным змаганьні шырока рассунулі разумовы кругавід пісьменьніка ды ўзбагацілі яго жыцьцёвае дасьведчаньне.

Бязумоўна, што на грунце гэтага дасьведчаньня яшчэ больш можа разьвінуцца ў далейшыя гады літаратурная чыннасьць Гартнага, і „беларус-самародак“ здолее даць працы, якія яшчэ больш замацуюць тое сапраўды выдатнае месца, якое ён заняў у беларускай літаратуры.

І гэты нарыс можна скончыць словамі Янкі Купалы з яго прывітальнага вершу на дзень пятнаццатай гадавіны пясьнярскай працы Гартнага:

Гэй, ляці, саколе, далей
Па-над буйнай Беларусяй!
Ня спыняйся ў векаў далі
І ня гніся, як ня гнуўся!



  1. Курсіў мой. М. Б.
  2. Маладая Беларусь“, сэр. I, сш. 2, стар. 12.
  3. Абеглы саманарыс майго жыцьця“, стар. 7.
  4. Л. М. Клейнборт. „Молодая Белоруссия“, Менск, стар. 229—230.
  5. Там-сама, стар. 230.
  6. Там-сама, стар. 230.
  7. Л. Клейнборт. „Молодая Белоруссия“, Менск, стар. 229—230.
  8. У „Pieśni“, стар. 5.
  9. Там-сама, стар. 7.
  10. Pieśni, стар. 8.
  11. Там-сама, стар. 11.
  12. „Pieśni“, стар. 3.
  13. Маладая Беларусь“, сэр. 1, сш. 2, стар. 12.
  14. „Pieśni“, стар. 4.
  15. „Pieśni“, стар. 4.
  16. Л. М. Клейнборт. „Молодая Белоруссия“, стар. 237.
  17. Песьні працы і змаганьня“, стар. 22.
  18. Сокі даліны“ 1, „Бацькава воля“, стар. 41.
  19. „Сокі цаліны“, кв. 1, стар. 35.
  20. Там-сама, стар. 77.
  21. На перагібе“, стар. 55.
  22. „Pieśni“, стар, 32.
  23. „Pieśni“, стар. 34.
  24. Там-сама, стар. 36.
  25. „Песьні працы і змаганьня“, стар. 44.
  26. Там-сама, стар. 47.
  27. „Песьні працы і змаганьня“, стар. 23
  28. „Песьні працы і змаганьня“, стар. 31.