На літаратурныя тэмы (1929)/На перагібе
← Цішка Гартны. Біографічна-крытычны нарыс | На перагібе. (Увагі да другой квадры роману Ц. Гартнага „Сокі Цаліны“ — „На перагібе“ Крытыка Аўтар: Мікола Байкоў 1929 год |
Аб творчасьці Натальлі Арсеньевай → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: На перагібе (Байкоў). |
НА ПЕРАГІБЕ.
(Увагі да другой квадры роману Ц. Гартнага „Сокі цаліны“ — „На перагібе“).
Першая квадра роману „Сокі цаліны“ вышла ў сьвет яшчэ ў 1922 г. („Бацькава воля“).
І толькі ў 1926 г. з вялікім, як бачым, спазьненьнем — праз чатыры гады з хвастком, выходзіць у сьвет другая квадра роману „На перагібе“.
Зусім незразумела, чаму так спазьніўся выхад кнігі. Думаецца, што тутака менш за ўсё вінаваты сам аўтар, а сваячаснаму друку нашай, пакуль што ўсё яшчэ небагатай па колькасьці бэлетрыстыкі, шкодзяць умовы друкарскае тэхнікі…
Але, згодна прыказцы, „лепш позна, чымся ніколі“.
Хаця выдадзеная і з вялікім спазьненьнем, другая квадра роману значна падвышае адносную вагу беларускага краснага пісьменства дзён рэволюцыі.
Маецца пэўная рацыя, каб надаваць асаблівага значэньня роману Ц. Гартнага цалкам, а другой яго часьціне — паасобку.
Праўда, ня можна, і ня буду адмаўляць таго, што першая часьціна роману мела пэўныя недахопы з літаратурнага погляду, і недахопы выяўляюцца і ў другой часьціне.
Пачынаю з гэтых недахопаў.
Сюды належыць, папершае, расьцягненасьць выкладу. Аўтар уладае непараўнальным майстэрствам разжвякваць да апошняй драбінкі паасобныя, нават нязначныя эпізоды аповесьці. Часам ён тупаецца на месцы і, замест кароткага сьціслага абрысу, пушчаецца ў доўгія размовы, апісваючы, як селі ды паўсталі, паклаліся на ложак ды прачнуліся, як елі ды пілі героі яго апавяданьняў, як ехалі коні, як выглядала мясцовасьць і г. д. Такія размовы бязьлітасны да чытача і яны, бязумоўна, шкодны для самага роману. Самы пачатак — панашаму — няўдалы. „Ах як пераменчыва жыцьцё! Як выпадкова і мімалётна ў ім шчасьце! Выбухне нечакана, расквітнее на момант кветкаю прыгожаю, абмые цябе сваім водырам, распаліць надзею, расшавеліць думкі, а потым… як са стромага берагу ў глыбокую яму, возьме і неміласэрна сапхне ў цяжкае балючае бязьвер‘е… Ты мігам падаеш у бяздоньне на цьвёрды, сыры, смуродны глей“… І гэтак на працягу амаль што цэлых дзьвюх старонак.
Падругое, пэўным недахопам роману зьяўляецца мова аўтара. Ня так, як у іншых нашых пісьменьнікаў, гэта вельмі цяжкая, пэрыодычная мова. Багата ў ёй слуцкіх паветалізмаў і часам яўных русізмаў. У другой часьціне роману можна заўважыць у параўнаньні з першай пэўны поступ наперад, але і тут шурпатасьцяй багата.
Аднак, тыя недахопы, што паказаны, маюць зусім няістотнае значэньне для агульнай ацэнкі роману.
Няможна судзіць за іх строга аўтара.
Папершае, адносна расьцягненасьці. Гэта, на вялікі жаль, агульная адзнака нашых больш-менш значных літаратурных твораў. Тупаньне на месцы мы знойдзем і ў іншых нашых прозаікаў. Расьцягненасьць ёсьць і ў выдатнейшым пакуль што нашым паэтычным творы — поэме „Новая зямля“ Як. Коласа. Адмаўляць гэты факт можна, толькі зачыняючы вочы на недахопы нашых літаратурных твораў.
Падругое, адносна мовы. Цяпер, калі толькі формуецца нашая літаратурная мова, ставіць якія-небудзь строгія вымаганьні адносна стылю і мовы аўтара няможна. Наадварот, будзе вельмі хібным, калі будзем вымагаць ад нашых бэлетрыстых, каб яны прытрымліваліся пэўнага стылёвага ўзору, напр., узору нашага сынтаксыстага Яз. Лёсіка (або лексычнага ўзору слоўніка М. Байкова і М. Гарэцкага). Такая тэндэнцыя ёсьць у нашых пісьменьнікаў, асабліва ў малодшых. Але яна больш шкодна, чымся карысна. Няможна падмяняць жывую народную гутарку нашай штучнай літаратурнай, да пэўнай ступені адцягненай ад жыцьця і вымушанай мовай. Я лічу, напр., бязумоўна штучным, што ў Якуба Коласа і курскія сяляне, і прокурор царскай службы, і папы, і ўрадоўцы гутараць паміж сабою паводле сынтаксу Яз. Лёсіка. Тое самае бачым у апавяданьнях Зарэцкага. З гэтага погляду куды больш каштоўнай зьяўляецца комэдыя Ян. Купалы „Тутэйшыя“, дзе пэўныя пэрсонажы гавораць на натуральнай для іх мяшанай мове. Адно ясна і вельмі пажадана, каб нашыя бэлетрыстыя трымаліся як можна бліжэй да народнай гутаркі, нават з яе паветалізмамі і дыялекталёгічнымі асаблівасьцямі. Калі-ж адцягнуцца ад пэўных шурпатасьцяй мовы ўласных разважаньняў аўтара нашага роману, ад няроўнасьцяй яго асабістага стылю, дык можна палічыць нават за дадатны бок блізкасьць размоўнай гутаркі апавяданьняў да жывой народнай капыльскай гутаркі. Тутака, кажам, няшкодны і паветалізмы. Наадварот, дзякуючы ім, мова аўтара набывае сакавітыя жыцьцёвыя фарбы. Ня зусім натуральна толькі, што ў другой квадры латышку Вільгельміну аўтар вымушае гутарыць з Рыгорам на добрай беларускай мове (а, пэўна, яна гутарыла з ім на латыска-нямецка-рускім жаргоне).
Пераходзім да дадатных бакоў роману.
Галоўны дадатны бок твору М. Гартнага — гэта монумэнтальнасьць пабудовы і шырыня сюжэту роману. Наша літаратура наогул не багата монумэнтальнымі творамі. Кароткія вершы і поэмы, кароткія апавяданьні, — вось што ў большасьці мы маем да нашага часу. Каб ня быць галаслоўным, даю факты. У Якуба Коласа — пакуль што — адно грунтоўнае апавяданьне, — аповесьць „У Палескай глушы“. У М. Гарэцкага — адно, — „Дзьве душы“. У іншых прозаікаў, як, напр., у З. Бядулі, ніводнага. Ня буду гаварыць аб малодшых пісьменьніках. Пакуль што нічога монумэнтальнага імі ня дана. Некаторым выключэньнем можа зьявіцца аповесьць Зарэцкага „Голы зьвер“, але ў канцы-канцоў гэта — не аповесьць, а апавяданьне звычайнага тыпу. Чым вытлумачыць гэтую зьяву ў галіне нашага прыгожага пісьменства? Думаецца, што тут пэўную ролю іграе традыцыя. Першыя беларускія часопісі, як, напр., „Наша Ніва“ і „Наша Доля“ ўжо з прычыны матэрыяльных абставін не маглі друкаваць больш-менш вялізных твораў. І першыя беларускія выдавецтвы прымушаны былі абмяжоўвацца выпускам кароценькіх брошурак. Пісьменьнікі, якія вырасьлі на глебе „Нашае Нівы“, яшчэ і цяпер знаходзяцца пад уплывам мінулага. Адсюль апавяданьні, я-б сказаў, фэльетоннага тыпу. Але гэта — яшчэ нішто. Шкада тое, што да традыцыі далучаецца ляна і расхлябанасьць, якія наглядаюцца цяпер наогул у галінах нашае вытворчасьці. „Абы як“, „абы што“, балазе скарб-бацька ўсё сьцерпіць, — гэтыя тэндэнцыі даюць сябе знаць і ў літаратурнай галіне. Адсюль, у нас друкуецца, залішне ўсякай непатрэбшчыны, усякай дробязі, якой у іншыя часы належала-б месца не на старонках друку, а ў кошыку рэдактара. Асабліва шмат дробязі даюць маладыя пісьменьнікі… Аднак, трэба памятаць, што ня дробязь, а солідныя творы ствараюць сабою літаратуру, што яны, гэтыя творы, увойдуць у гісторыю літаратуры. Сапраўды, спробуйце адкінуць ад расійскай літаратуры романы Тургенева, Дастаеўскага, Талстога, — і тады што застанецца? У галіне нашай маладой беларускай літаратуры „Сокі цаліны“ маюць вялізнае значэньне ўжо таму, што гэта — пакуль што адзіночны сапраўды монумэнтальны твор у нашай прозе. У гэтым сэнсе роман Ц. Гартнага можна сьмела паставіць на адну дошку з нашым пакуль што адзіночным монумантальным поэтычным творам — поэмай Якуба Коласа „Новая зямля“. Вялікая заслуга Цішкі Гартнага, што ён не паленаваўся напісаць роман у некалькіх квадрах у наш час вялікай плыўкасьці жыцьця.
Рэалізм — гэта другая вельмі дадатная адзнака роману. У гэтых адносінах наш пісьменьнік пераймае традыцыі найлепшых расійскіх романістых, пераймае і нават паглыбляе іх. Некаторыя месцы ў сэнсе рэалізму стаяць непараўнальна высака. Бяру, напр., з першай часьціны другое квадры:
— „Дакончыла зябліць? — ня гледзячы на дачку, чарствым тонам запытаў Мікола, калі Зося вылезла з-за стала і пайшла ў сенцы.
— Дакончыла, — скорамоўна, ціхім голасам адказала Зося на парозе, ня думаючы і ня цікавячыся, да толку гэта ці не, пачулі яе бацькі ці не пачулі, здаволіў іх яе адказ ці не. І пераступіла парог у сенцы, дзе было цёмна і халаднавата. Падышла да ложка і па раз паложанаму парадку прынялася слаць пасьцель, сьпяшаючыся і забываючыся, што робіць. Паслаўшы — паціху пачала разьдзявацца: перш скінула кофту, злажыла яе, падвесіла на сьпінцы ложка, пасьля крыху пастаяла, падумала і зьняла спадніцу; здымаючы, прытуліла рукою сарочку ў стане і раптам пачула лёгкую вільгаць. Жах прабег па ўсёй яе постаці і гостраю калючкаю кальнуў у сэрца… „Ах“, сьціснуўшы зубы, у роспачы прашаптала Зося і ў нейкім дзікім пудзе ўскочыла на ложак, утулілася з галавою ў падушку, і мо‘ з поўгадзіны перасыпала ўчуты ў Лужкох сьмех: Хе-хе-хе! Хі-і-ха-ха! Га-а-га-га! Хе-хе-хе! Хі-і-ха-ха! Хе-хе-хе!“
Лёгкая вільгаць — гэта рэальны вынік родавых зносін Зосі з Рыгорам у Лужкох.
А на другі дзень было вось што:
„Зося саскочыла з ложка і выбегла на падойку праменьня, якое ўлівалася праз ваконца. Выбегла і стала, як статуя, выпрастаўшыся і ўстраміўшы ў ваконца вочы. Пастаяла, паглядзела. Пасьля адняла погляд і правяла ім па сваёй пастаці. Пацешылася бялізной рук, зірнула на грудзі, здаволена ўсьміхнулася. Далей прыгнулася, каб праверыць і ногі. І вось толькі каўзануў яе ўзрок паўздож кашулі, як мігам спыніўся на цёмна-рудай пляме ў поясе, якая выразна выдзялялася на белым долі кашулі. Зося ажно зжахнулася, мігам адняла погляд і хутка адскочыла ў бок ад сьвятла. У галаву стукнула пужлівая думка: „Як-жа будзе захаваць гэта ад мацеры? Што-ж будзе, калі яна ўгледзіць? Ой, што будзе?! Зося хапілася за голаў“.
Вось — сапраўды рэальныя вобразы з натуры? І гэта ёсьць ня той „блудлівы“ рэалізм, які даны ў расійскай літаратуры Арпыбашавым, а сапраўды пролетарскі рэалізм, які бярэ рэчы такімі, як яны ёсьць.
Так, наш пісьменьнік выяўляе сабою праўдзівага рэалістага, які значна ўзвышаецца над умоўнасьцямі мяшчанскай літаратуры.
Пераходзячы цяпер да ўнутранога боку роману, да яго зьместу, трэба адзначыць яго адпаведнасьць беларускай прадрэволюцыйнай рэчаіснасьці і адпаведнасьць вымаганьням нашай сучаснасьці.
Нібыта аўтар ставіць сваёй задачай паказаць, як плыла рэволюцыйная хваля на Беларусь.
Першая квадра роману мела на ўвазе Беларусь такою, якой яна была ў эпоху пасьля першай Кастрычнікавай рэволюцыі ад 1905 г., г. зн. дробна-буржуазную Беларусь мяшчан і сялян з іх дробнымі мяшчанскімі інтарэсамі.
Такім дробна-буржуазным і малюецца ў першай квадры роману жыцьцё выведзеных тутака пэрсонажаў.
Сілцы — мястэчка, дзе разьвінаюцца здарэньні першае квадры, — зусім дробна-буржуазнае панства.
„У Сілцох самыя маленькія здарэньні, як вясельле, радзіны, нават асьвячэньне хаты, ці другія дробныя папойкі, былі нейкімі асобнымі навінамі, аб якіх стараліся праведаць усе мяшчане і аб якіх гутаркі знаходзіліся на цэлыя тыдні. У такім ціхім стаячым жыцьці, якое панавала ў Сілцох, і ня дзіва, што ўсякая муха — заваруха; — кожнаму надазаляе аднакавасьць да ачамернасьці, набівае адваротную аскому і нават стамляе душэўна. Хоць малейшая іначнасьць вее чымсі новым, хоць трошкі ды бурнейшым. Вось і ня дзіва, што ўсе, хто толькі ўбачыў ідучых к Прыдатным сватоў, настолькі цікавіўся імі, быццам тыя сваты ішлі к яму“.
І здарэньне, з якога пачынаецца роман і аб чым ідзе мова ў першай частцы, — зусім маленькае, зусім прасякнутае дробна-буржуазным духам здарэньне. Гэта — ня зусім удалае каханьне сялянскай паненкі Зосі Прыдатнай да хлопца Рыгора Нязвычнага.
Зося, яе бацькі, жаніх Васіль Бераг, гэта ўсё — дарэволюцыйныя тыпы. Над Зосяй вісіць цяжкая бацькава воля, і яна не знаходзіць у сабе адвагі, нават аддаўшыся Рыгору, уцякаць разам з ім з Сілцоў.
Рысы новага настрою відаць часткова ў сілцоўскай моладзі, але ўласьне яны яскрава выяўляюцца толькі ў аднаго Рыгора.
Рыгор меў ад роду непакорную душу і прагу да свабоды. Яшчэ восемнаццаці гадоў ён перасварыўся а сваім „гаспадаром“ і не захацеў быць простым батраком. Ня слухаючы сваёй маткі Стэпы, ён адважыўся адправіцца ў гарады шукаць спраў якіх-кольвек на заводзе, ці дзе на фабрыцы; у час жыцьця ў горадзе Рызе, начытаўшыся газэт і брошур, шмат чаго ўзнаў і стаў сьвядомым чалавекам.
Ня дзіўна, што Рыгор ня мог заставацца на доўгі час у Сілцох.
„Я-ж кажу, за вошта мне ўчапіцца дома? — пытаецца ён у свайго сябра Сёмкі па дарозе да чыгункі. — Пасьвіць каровы? Ці да Бэркі шкляра за балагола? Ці да Загуцкага ў двор за парабка? Ведаеш сам, што кожнаму чалавеку хочацца і лепшых умоў жыцьця, і большай незалежнасьці. А ў горадзе, больш-менш, я гэтага дабіўся. І цяпер, як-ні-як, цягне мяне ў горад нейкая сіла, хаценьне як найглыбей пазнацца з яго жыцьцём; дастаць тыя веды, без якіх мы толькі напалавіну людзі, а напалавіну пакорлівыя нявольнікі… Пакорлівыя, маўклівыя, якія ня ведаюць, у які бок павярнуцца, каб аслабіць сваю няволю, ня ведаюць, якім парадкам ударыць па моцным ланцугу прыгону. Ня толькі жыць, а і змагацца, браток, трэба ўмець… А гэта толькі і можна ў горадзе… Ужо, вось пабыўшы каля двух гадоў у горадзе, я чую сябе зусім ня тым Рыгорам, што спакойна выслухоўваў Бэркавы сваркі, што прыслухоўваўся глякоўскіх перасудаў і думаў: а мо‘ што ёсьць у нашых парадках сьвятое і супроць іх — ні мы, ні гу. Я цяпер, дружышча, выпатрашыў з сэрца малейшыя адзнакі пакоры перад моцнымі, да каплі зьнішчыў веру ў мірнае паляпшэньне нашага жыцьця і стаў заядлым, неўгамімым змаганьнікам. Горад уліў у мяне гарт, сілу, а завод засталіў маю душу… Мне надмерна падабаецца гарадзкі шум, рух, натоўп разьюшаных грамад.
У гэтую атмосфэру гарадзкога шуму і гоману, у натоўп разьюшаных гарадзкіх грамад, у буйны фабрычны асяродак разам з Рыгорам і пераносіць нас другая квадра.
Канва роману нібыта перагінаецца. Падзеі, датычныя да галоўнага героя роману, Рыгора Нязвычнага, разгортваюцца ў Рызе, а Сілцы праходзяць перад намі спадарож, паколькі Рыгорам зачэплена судзьбіна Зосі.
Хронолёгічна другая квадра аддзяляецца ад першай зусім нязначна.
Агульны дух эпохі нібыта выяўляецца ў словах Сёмкі да вясковага падбухторшчыка Сруля:
„Братка, Сруль! Хто яго ведае, ці дачакаем мы таго часу… Бачыш, прыкмет пакуль жадных. Дзевяцьсот пяты год адышоў далёка, а новага нічоа ня відаць. Тымчасам абцугі ўсё цясьней сьціскаюцца…“
Аднак, гэтак здавалася толькі вяскоўцу Сёмку. У рачаіснасьці ўжо пачалі расьціскацца абцугі, і другая квадра роману проста адчыняе перад намі паласу „перагібу“ грамадзкага жыцьця.
Рыга, куды прыехаў Рыгор, ужо знаходзілася ў гэтай паласе.
На другі дзень пасьля свайго прыезду Рыгор на фабрыцы, дзе ён працаваў, даведваецца ад латыша Караля аб забастоўцы перапёкаў: забаставалі і трымаюцца цьвёрда і ўпарта.
Рыгор зьдзівіўся і паглядзеў Каралю ў вочы.
— Ласьне перапёкі забаставалі?
— Бастуюць, ужо колькі часу, амаль ня тыдзень. Кажуць, арыштоўваюць іх, лазяць па горадзе і за горадам на сабраньнях, а яны стойка трымаюцца на сваім, ані кроку назад…“
Сам Рыгор быў зацягнены ходам здарэньняў.
Праз некалькі дзён мы бачым яго на сходцы фабрычных работнікаў, як агітатара…
Рыгор не прыслухоўваўся: паправіўшыся на месцы, ён ціхутка скашлянуў і павёў прамову: „Таварышы! Надышоў момант!“ — усе замаўчалі. Выразныя, зычныя, як удары молата, стройна адно за другім паліліся палкія словы над галовамі рабочых ва ўсе куткі дзядзінцу. Зьліваліся ў адточаныя сказы, нямудрыя, але адпаведныя настрою, блізкія разуменьню, бяз лішніх уставак, без пераказаў, з прыціскамі, з перагібамі ў голасе.
Таварышы! Ізноў мы вымушаны прыняць бойку ад нашага ворага. Ізноў нам суджана праверыць свае сілы і паказаць нашым прыгнятацелям, колькі і што мы можам зрабіць дзеля свайго вызваленьня. Таварышы! Нам няма чаго губіць, апроч сваіх ланцугоў!
Мы ня так даўно протэставалі супраць Ленскае бойні. А пасьля — выказвалі свой протэст першага мая…“
Далей Рыгор захапіў гісторыю матроскіх бунтаў, сучасныя забастоўкі ў розных канцох краю, настрой загранічных рабочых. І закончыў прызывам:
„Дык сьмела на змаганьне…“
А потым і натуральны вынік з гэтага выступленьня: праз некалькі дзён Рыгор — пад арыштам у вастрозе.
У эпоху Ленскага расстрэлу, напярэдадні сусьветнай вайны, небясьпечна было выступаць з рэволюцыйнымі прамовамі.
Але пярэдадні другой рэволюцыі ўжо адчуваліся, — адчуваліся нават у Сілцох, якія ў першай квадры роману яшчэ нічым не выяўлялі свайго рэволюцыйнага нахілу. Хваля рэволюцыі, якая пачыналася ў буйных фабрычных асяродках, як Рыга і Піцер, паволі далівалася да дробных беларускіх мястэчак і, папершае, залівала бядняцкую і серадняцкую моладзь, сустракаючы адпор з боку кулацкіх элемэнтаў мястэчка, тыпамі якіх зьяўляюцца бацькі Зосі Прыдатнай, яе жаніх Васіль Бераг, сват Дзямян і, разумеецца, старшыня.
Незадоўга да вясельля ў Берагавай хаце аднаго вечару жукацела сьвятло ды ішла гучная гутарка: была невялічкая, зусім выпадковая суседзкая бяседа. Гутарылі Хлёр, Дзямян, старшыня Андрэй і маці Васіля, Тадося. Старшыні вельмі імпонавала агульная ўвага прысутных і ён, што называецца, расчуліўся.
— А думаеце, мужчыны, невялікая заслуга ў выхаваньні Васіля за Хлёрам? Памойму, каб ня Хлёр, то Тадосі-б вельмі цяжка было справіцца з гэтым. І, будзьце пэўны, Васіль даўно круціўся-б з гэтымі басякамі-дэмократамі; а можа-б, к гэтаму часу і сядзеў-бы дзе. Цяпер дужа неспакойны час, скрутны, так што вельмі цяжка абмінуць, каб не папасьці ў яго вадакрут. Вы паглядзеце! — старшыня ўвайшоў у аплёмб, — колькі вы налічыце ў Сілцох, ды нават ва ўсёй воласьці, гэткіх людзей, як Васіль? Нават мужчыны — і тыя, на іх цураха, многа дзе забаламучаны дэмокрацтвам — не кажу ўжо аб моладзі…
— Вядома, вядома, вядома… — не астаўся ў даўгу Апанас Хрыпак, — з дзяцьмі цяпер, як са шклечкам, трэба абыходзіцца: так і сачы за імі, каб ня выпусьціць з рук. У мяне, праўда, іх няма, але ўжо й лепш ня мець, як мець распусных ды зьвіхнутых з пуціны. Ці-ж добра бацьку, калі яго дзіця ўлада арыштоўвае ды саджае ў вастрог або ссылае? А гэткіх цяпер процьма па ўсім краі. Ды навошта далёка шукаць, калі вось, пад бокам, колькі хоць такіх: Сёмка Хведараў, Янка Прохараў, Пятрусь Зьмітраў, процьма жыдкоў… Як паветра якое — гэта дэмокрацтва. Вунь і ўчора, расказвалі, дык чалавек пяць стражнікі прывялі з вёскі Тынак. І думаеце, што яны чаўплі? Сабралі нядзеляю сход мужыкоў і давай пад‘южваць: „Глядзеце, зямлі ў вас — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Высоцкіх. Адкуль яны набралі, як не паадбіралі ад вашых дзядоў, ад працоўнага народу…“ І іншага ўсяго мужыком, а тыя вазьмі і паслухай. Назаўтрае ранютка сабраліся грамадою і гайда ў панскі лес. Пайшла павальная рубка. Іх прасіць, перасьцерагаць — дзе там! Пакуль ня вытрабавалі стражнікаў… Вось як… ці праўда, ці не? Андрэй ведае…
— Вядома, ня хлусьба, — падмацаваў старшыня.
Гэтак бачым, што і да спакойных мяшчанскіх з надворнага выгляду Сілцоў дахлынула хваля новай рэволюцыі. Роўналежна таму, як у Рызе закіпала бойка паміж работнікамі і фабрыкантамі, тутака на палёх Беларусі насьпявала соцыяльнае змаганьне паміж панамі і сялянамі, і надалей паміж кулацкімі і бядняцкімі пластамі сялянскай цаліны.
Яна, гэтая цаліна, вылузала з сябе жывыя рэволюцыйныя сокі, будучых барацьбітоў у эпоху другой, ужо нашай, Кастрычнікавай рэволюцыі.
У Сілцох ужо існавала актыўная соцыял-дэмократычная організацыя. Найлепшыя сілы вёскі з-пад падмосьця насычалі акругу рэволюцыйнымі сокамі.
Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі Сілцоўскай організацыі быў: Сёмка Хведараў.
Калі ў першай квадры Сёмка фігуруе толькі як добры прыяцель Рыгора і „душа“ сілцоўскай моладзі, дык другая квадра надае яму ролю, роўналежную ролі Рыгора.
„Сёмка пражыў і прадружыў з Рыгорам вясёлыя рэзвыя гады юнацтва: разам вучыліся ў дарэктара па хатак, разам рабілі і лыжы ды коўзаліся на іх; разам па чатыры гады пасьвілі каровы. Дружылі і гады, калі падрасьлі, і Сёмка стаў земляробам, а Рыгор астаўся служыць у балагольстве. Па адных зборнях хадзілі, браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Самі ўдваіх дайшлі да дэмокрацтва і адначасна Сідар Вузел упісаў іх у соцыял-дэмократычную організацыю“.
Ёсьць пры тым даволі значная розьніца паміж Сёмкаю і Рыгорам.
Сёмка — чалавек сахі, які ня можа адарвацца ад сваіх родных палёў, які шчыра прывязаны да земляробчай гаспадаркі, а Рыгор едзе ў горад і думае пра сваю машыну, пра фабрыку, пра напільнік…
Рыгор — не гаспадар поля, не земляроб… Машыны, молат, абцугі — вось што прызначана яму. Аднаму — адно, другому — другае.
Чытаючы другую квадру роману, нібыта навочна бачым у руках Рыгора молат, а ў Сёмкі — серп.
Калі аўтару роману ўдасца правесьці сынтэз гэтых двох сымболяў у адным скрыжаваньні „Серп і молат“, яго роман зьявіцца сапраўднай эпопэяй разьвіцьця рэволюцыйнага рабоча-сялянскага руху.
Што такі сынтэз будзе, гэта відаць ужо з другой квадры роману.
„— А нашых Сілцоў, як і ня было ўжо для цябе? Наведаўся раз, і больш — бывайце здаровы назаўсёды? — гэтак пытаецца Сёмка ў свайго прыяцеля ў час паездкі да Лідзкага вакзалу.
— О, не! Кажу табе праўду, Сёмка, што мяне нішто не разлуча ні з Сілцамі, ні з вамі, — адказвае Рыгор. — У мяне горад ніколі незаглушыць патрэбы яднаньня з вёскаю, з полем, з лесам, нівамі і з тымі людзьмі, што апрацоўваюць іх…“ (стар. 33).
Аднолькавы імкненьні абодвых галоўных герояў роману.
Аднолькавы і шляхі іх жыцьця: у той час, калі адбываецца арышт Рыгора ў Рызе, Сёмку арыштоўваюць стражнікі ў Сілцох.
На агульным фоне паглыблення і пашырэньня рэволюцыйнага змаганьня сялян і рабочых фабрыкі за сваё вызваленьне разгортваецца асабістае, інтымнае, сказаў-бы я, жыцьцё герояў роману.
У Сёмкі яўна насьпявае роман з Волькаю, і напэўна Волька кончыць тым-жа, чым скончыла Зося, г. зн. аддасца Сёмку, як Зося аддалася ў Лужкох Рыгору.
А Рыгор, аўладаўшы Зосяю, ужо на вакзале ў Лідзку захапляецца новаю дзяўчынаю, настаўніцай з Рыгі Ганнаю, якая на другі-ж дзень пасьля прыезду ідзе на кватэру да Рыгора і проста бяз жадных цырамоніяў аддаецца яму. А потым новае захапленьне работніцай Наталяй.
„Рыгору імпонавалі абставіны летняй ночы, перажытыя здарэньні; трымалася бадзёрасьць. Наталя — адна аднэю з ім — цягнула да сябе яго ўвагу, думкі, пляны; Наталя будзіла цэлы зьнізак мінулых перажываньняў, разгойдвала выабражэньне, паднімала ўспаміны. Вынікалі дробязі праведзеных з Зосяю, з Ганнаю. Колькі ўсё-ж-ткі давялося перажыць шчасьлівых момантаў! Як пекна абагачана яго жыцьцё прыгожымі вобразамі!“
Гэтак, замест аднаго роману Рыгора з Зосяй, выходзяць цэлыя тры яго романы.
А што-ж Зося — першая каханка Рыгора?
Яна — замужка Васіля Берага. Але не пасьпела яшчэ адбыцца вясельле, як па ўсіх Сілцох распляліся пра яе чуткі аб каханьні з Рыгорам.
— „Дык кажаш Марцэля, гэта ўсё твой Юзік бачыў?“ — смакавала кабеціна з Сілцоў, гутарачы аб Зосі з сваёй суседкай.
— Вось калі — пэўна. Ехаў так з Паплавоў і чамусьці намеркаваў на Лужкі, Угледзеў воз — што-ж? стаіць воз — няхай стаіць. Але пад‘ехаў гэта, кажа, якраз, глянуў, аж пад возам на паплаўцы… коўзаюцца адно на другім… Вось мой мудрагель як крыкнуў, як зарагатаў — ха-ха-ха! — дык і Рыгор, і Зося, як апараныя, паўзьнімаліся і барджэй паадварачваліся ўбок… Цікава, кажа, што бяссорамна і бясьпечна — вось-жа каля сьценкі… Да таго захапіліся, што не маглі стрымацца…“
Ясная справа, што гэтыя чуткі павінны былі дайсьці і да Васіля Берага, які зрабіўся законным мужам Зосі. Як вынік гэтага, жыцьцё Зосі з Васілём абярнулася для яе ў сапраўднае пекла.
Гэтак, у канцы другой квадры роману Сёмка Хведараў і Рыгор Нязвычны арыштаваны, Наталя таксама арыштавана і апынулася ў аднэй турме з Рыгорам.
Аўтар змог завязаць заблытаны клубок інтымных узаемаадносін герояў яго роману, і ён ставіць чытача перад пытаньнем: як разьвяжацца гэты клубок у далейшым працягу роману, ужо ў Пецярбурзе, на што напамінае самы канец?
Ставіць пытаньні, заінтрыгоўваць чытача складанай завязкай жыцьцёвых адносін, гэта — адзнака сапраўднага романіста.
Думаецца, што кожны, хто прачытае другую квадру роману Цішкі Гартнага, будзе з нецярплівасьцю чакаць выхаду з друку трэцяй квадры.
Але зразумела, што толькі пасьля выхаду з друку апошняй вызначанай аўтарам квадры яго роман выявіцца ў сваёй праўдзівай істоце.