Бяздольны
Выгляд
Бяздольны Аўтар: Цішка Гартны Крыніца: Наша ніва, №2-1909 |
Першы друкаваны верш. |
Пасвячаю Януку Купалу
Цяжка жыць без долі,
Што рабіць — ня знаю;
Хіба на сьвет выйду,
Долі пашукаю.
Выйду пад гаёчэк,
Крыкну на ўсё поле:
Гдзе так запрапала
Ты без сэрца доля?!
Можэ ты, зялёны
Родненькі гаёчэк,
Схаваў маю долю
У цёмны вугалочэк?
Эй, скажы, мой мілы,
Пашкадуй дзяціну,
Памажы ты гору,
Паймі сіраціну!
Дарма я пытаю:
Шуміць лес няміла…
Не пачула доля,
Эх, пачуй, магіла!..
Капыль, 1908