Я — ядзіны сын бедных мужыкоў…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
*** Я — ядзіны сын бедных мужыкоў…
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца: Антон Луцкевіч. Выбраныя творы
Першая аўтабіяграфія.


Я — ядзіны сын бедных мужыкоў з м. Капыля (Мінскай губ.), быўшых мяшчан, праваслаўны, радзіўся ў 1887 г. Раньняе дзецтва правёў дома на руках бабкі па матцы і двох дзядоў — па бацьку і матцы, каторыя мяне дужа любілі. Калі меў 12 г., бацька аддаў мяне за пастуха ў сваё мястэчка, дзе я праслужыў пяць год. Летам ганяў у поле, а зімой вучыўся: спачатку ў «дарэктара», а потым ў народным і двухклясным вучылішчах. Скончыў гэтыя школы, маючы гадоў 17, і, не захацеўшы гатовіцца ў сэмінарыю, я схадзіў у Кіеў, скуль калі вярнуўся, быў захоплен асвабадзіцельным рухам, каторы вырабіў у мяне такі пагляд на жыцьцё: чалавек, калі не працуе, ня можа быць праўдзівым чалавекам, як пэўны насьледнік будучага лепшага жыцьця. З гэтым паглядам я і пайшоў вучыцца на гарбара (што скуры на боты вырабляе); выбраў гэта рамясло затым, што ў той час рамесьнікі-гарбары лічыліся ў нашым мястэчку «перадавымі людзьмі». Потым, у 1908 г., пробаваў паступіць у вучыцельскую сэмінарыю ў Нясьвіжы, і толькі не прынялі мяне там дзеля таго, што не прадставіў «сьвідзецельства а благанадзёжнасьці». Такім спосабам, згубіўшы можнасьць вучыцца далей, я астаўся гарбаром і пачаў чытаньнем дапаўняць сваю прасьвету. У канцы 1908 г. пазнаўся з беларускім рухам і пранікнуўся ім усей душой. Пісаць меў нахільнасьць з маладых год і шмат напісаў вершаў і апавяданьняў па-расійску. У «Нашай Ніве» пачаў друкавацца ў канцы 1908 г. Цяпер працую ў гарбарні і зарабляю шэсьць рублёў на тыдзень пры дзесяцігадзінным рабочым дню і гадкіх варунках працы.

1912