На літаратурныя тэмы (1929)/Да пытаньня аб чужаземных словах у нашай мове

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларуская проза за 1926 г. Да пытаньня аб чужаземных словах у нашай мове
Мовазнаўчы артыкул
Аўтар: Мікола Байкоў
1929 год
Да пытаньня аб мэтодах і прыёмах нашае крытыкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да пытаньня аб чужаземных словах у нашай мове.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ПЫТАНЬНЯ АБ ЧУЖАЗЕМНЫХ СЛОВАХ У НАШАЙ МОВЕ.

I.

Сваё і чужое або аб разважаньнях т. Шульмана.

У вапошнім за 1926 г. № 8Полымя“ т. Шульман ў сваім артыкуле „Аб агульных элемэнтах у беларускай і яўрэйскай мовах“ закрануў вельмі цікавае пытаньне аб чужаземных словах у нашай мове. Тутака ён зачапіў і мяне, як аўтара „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“, — і гэта дае мне повад выказацца аб высунутым пытаньні, тым больш, што, гэтае пытаньне і дасюль нельга лічыць разьвязаным і нават больш-менш высьветленым.

Па сутнасьці, пытаньне, закранутае т. Шульманам, ёсьць наступнае: наколькі чужаземныя словы, што атрымалі значэньне інтэрнацыянальных навуковых тэрмінаў, падлягаюць замене нашымі, беларускімі словамі.

Разглядаючы гэтае пытаньне, т. Шульман піша:

„Зразумела, што няма ніякага сэнсу ўжываць чужаземныя словы, калі ў жывой народнай гутарцы знаходзяцца адпаведныя самабытныя словы. Але нельга лічыць правільным імкненьне ва ўсіх выпадках абавязкова ствараць новыя словы замест выкарыстоўваньня чужаземных слоў, што маюць інтэрнацыянальны характар. А такія тэндэнцыі ёсьць. Цікава, напрыклад, што тэрмін „перпендикуляр“ пабеларуску перакладзены „простастаўнік“.

Паглядзім, дзе выяўляюцца гэтыя тэндэнцыі?

Папершае, яны выявіліся ў праціх Навукова-тэрмінолёгічнай Камісіі і старога Інбелкульту, хаця трэба заўважыць, што ў навуковых тэрмінолёгіях, выданых Інбелкультам, няма паступовасьці ў правядзеньні прынцыпу замены чужаземных тэрмінаў сваімі, беларускімі словамі. Найбольш выразна гэты прынцып выступае ў літаратурнай тэрмінолёгіі (II в. Нав. Тэрмінолёгіі, — „Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва“), у прадмове да якой чытаем, што „Камісія, разглядаючы чужаземныя тэрміны, старалася па магчымасьці даваць замест іх толькі беларускія, а калі і пакідаліся чужаземныя, то ўжо такія, што: або агульна-прынятыя, як, напр., літаратура, сонэт, ода, або пашыраныя і ў народзе, як, напр., комэдыя, талент, артысты. Побач з беларускім ставіўся чужаземны тэрмін толькі тады, калі ён — таксама добра вядомае слова ў народзе.

Агулам-жа Камісія лічыла лішнім даваць чужаземныя тэрміны побач з беларускімі, зважаючы на тое, што калі хто захоча карыстацца з чужаземшчыны, то яе знойдзе і паміма беларускай тэрмінолёгіі“. Менш выразна выяўляецца гэты прынцып у матэматычнай тэрмінолёгіі (I вып.). У прадмове да яе чытаем: ,У тых выпадках, калі ў народнай мове ня было адпаведных слоў або калі ўтвораныя нэолёгізмы былі вельмі штучныя, або, урэшце, калі даныя тэрміны прынялі ўжо інтэрнацыянальную афарбоўку, прымаліся чужаземныя тэрміны, як, напрыклад: гомотэтыя, інтэрпэляцыя, дыфэрэнцыял, інтэграл, факторыял, модуль і. г. д. У некаторых выпадках (як компроміс пры асабліва спрэчных тэрмінах) прымаліся па два тэрміны: чужаземны і беларускі (нэолёгізм). Такім чынам зьявіліся: аксыома і пэўнік, дырэктрысы і кіраўніцы, дыскрымінант і адрозьнік, сымэтрыя і суразмернасьць“. Нязначны параўнальна процант чужаземных тэрмінаў перакладзен у іншых — 3, 4, 5 і 6 — выпусках Навуковай тэрмінолёгіі (географія з космографіяй, лёгіка з псыхолёгіяй, геолёгія з мінэралёгіяй і ботаніка). У 7 і 8 выпусках тэрмінолёгіі (музычная і „лясная“ тэрмінолёгіі), выданых ужо ў мінулым годзе і ўхваленых Тэрмінолёгічнай, Камісіяй інбелкульту, знаходзім поўную блытаніну ў перадачы чужаземных тэрмінаў, як наогул тутака не выяўляюцца якія-небудзь прынцыпы мэтодолёгічнай распрацоўкі.

Каб атрымаць больш конкрэтнае ўяўленьне аб стане пытаньня з чужаземнымі словамі ў нашай навукова-тэрмінолёгічнай мове, прывяду некаторыя лічбавыя даныя і паасобныя выпадкі, якія маглі-б ілюстраваць творчую працу ў гэтай галіне аўтараў тэрмінолёгій.

У першым выпуску навуковай тэрмінолёгіі — элемэнтарная матэматыка — з агульнага ліку даных тут 200 чужаземных тэрмінаў перакладзена 56 тэрмінаў, г. зн. толькі 30%, прычым у 42 выпадках пакінуты побач з перакладам і чужаземны тэрмін у нашай транскрыпцыі.

У конкрэтных прыкладах абсолютна перакладзены такія тэрміны: „абсурд — недарэчнасьць“, „базис — падстава“, „горизонтальный — паземны“, „концентрический — супольнаасяродкавы“, „параллелепипед — роўналежнасьценьнік“, „параллелограмм — роўналежнабочнік“, „параллельный — роўналежны”, „периметр — абвод“, „перпендикуляр — простастаўная (лінія)“, „фокус — вогнішча“, „эксцентрисет — мімаасяроднік“, „эксцентрический — рознаасяродкавы“.

У выпадках, дзе пераклады даюцца побач з чужаземнымі тэрмінамі ў нашай транскрыпцыі, паміж іншым, знаходзім пад №№:

106. Гипотенуза — Проціпростакутная, гіпотэнуза.

138. Диагональ — Ускосіна, дыягональ.

139. Диаметр — Прамер, дыямэтр.

239. Катет — Прыпростакутная, катэт.

257. Конус — Стажок, конус.

506. Полюс — Канцавосьсе, полюс.

544. Призма — Кантаслуп, прызма.

579. Процент — Адсотак, процант.

624. Ромб — Сукосьнік, ромб.

871. Хорда — Струна, хорда.

873. Центр — Асяродак, цэнтр.

876. Цилиндр — Валец, цыліндр.

Як бачым, перакладзены назвы амаль што ўсіх асноўных геомэтрычных фігур, прычым на першым месцы пастаўлена беларускае слова.

Аднак, з ліку больш чымся 140 тэрмінаў, пакінутых без перакладу, ёсьць такія, што можна перакласьці, як гэта і бачым у іншых тэрмінолёгіях. Напр., „амплітуда“ ў географічнай тэрмінолёгіі перадаецца, як „размах“, „интервал“ лёгка перадаецца нашым словам „прамежак“. Тварцы матэматычнай тэрмінолёгіі хутчэй недасалілі, чымся перасалілі пры перакладзе чужаземных тэрмінаў у нашую мову, хаця трэба прызнацца, што для перакладаў у пераважнай большасьці ўзяты не народныя, а штучныя словы, новатворы, сярод якіх ёсьць вельмі нязграбныя тэрміны, напр., „простакутная“, „проціпростакутная“ і інш. Простым непаразуменьнем трэба лічыць пераклад „фокус — вогнішча“.

У літаратурнай тэрмінолёгіі („Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва“) ня менш за 45 проц. чужаземных тэрмінаў перакладзены на беларускую мову. Падлічаць гэтыя тэрміны, як тое зроблена ў адносінах да матэматычнай тэрмінолёгіі, няма сэнсу, ды тут і ня можа быць строгага падліку, бо літаратурная тэрмінолёгія адрозьніваецца ад іншых тэрмінолёгій тым, што з ласкі яе ўкладальніка яна вышла вельмі раздутай, — і тутака мы маем напластаваньне тэрмінаў, а менавіта, апроч асноўных тэрмінаў, тутака багата раскідана залежных ад іх вытворных слоў, такім спосабам — даецца іменьнік, прыметнік і нават дзеяслоў таго-ж кораню. Большасьць чужаземных тэрмінаў перакладзена абсолютна, прычым для перакладу скарыстаны як словы, што ўжо існуюць у мове (напр., „автотип — адбітка“, „аудитория — слухальня“ і г. д.), гэтак і новатворы. Сярод новатвораў знаходзім вельмі ўдалыя, папраўдзе мастацкія стварэньні, як, напр., „аллегория — іншасказ“, „автограф — уласнапіс“, „афоризм — выслоўе“ і г. д. Праўда, сярод перакладаў трапляюцца няўдалыя, а часам і зусім няправільныя пераклады, як, напр., „анаграмма — надпіс“ (у дакладным перакладзе, — перастаўка літар у слове або, як у польскай мове, łamigłóska). Два тэрміны — чужаземны і беларускі — даюцца толькі ў самых рэдкіх выпадках, прычым беларускі тэрмін заўсёды стаіць ўперадзе чужаземнага, напр., „апофеоз — убагаўленьне, апофэоз“, „артист — мастак, артысты“.

У географічна-космографічнай тэрмінолёгіі (III в.) з агульнай лічбы 450 тэрмінаў перакладаецца ўсяго 75 тэрмінаў, прычым толькі 24 перакладзены абсолютна і ў большасьці новатворамі. З гэтых новатвораў адзначым: „глетчер — ледавік“, „горизонт — кругавід, пазем“, „конгломерат — зьляпняк“, „ланашафт — краявід“, „меридиан — палудзеньнік“, „обелиск — востраслуп“, „сталаглит — накапак“, „сталактит — нацёк“, „тропік — зваротнік — экватор — роўнік“. У выпадках, калі даюцца два тэрміны, беларускі і чужаземны, няма тэй паступовасьці ў пастаўленьні беларускага тэрміну на першым месцы, як тое бачым у папярэдніх выпусках. Паказальна ў гэтых адносінах, што супроць матэматычнай тэрмінолёгіі пры перакладзе тэрміну „полюс“, дзе „канцавосьсе“ пастаўлена на першым месцы, а полюс — на другім, у географічнай тэрмінолёгіі бачым „полюс — полюс, канцавосьсе“.

У псыхолёга-лёгічнай тэрмінолёгіі (IV в.) абсолютна перакладзена толькі 16 тэрмінаў: „ассоциация — злучэньне“, „ассоциативный — злучальны“, „атавизм — зваротна-спадчыннасьць“[1], „бинокулярны — двохвочны“, „галлюцинация — здань“, „гармония — суладзьдзе“, „диссонанс — разгалосьсе“, „категорический — бязумоўны“, „комбинация — сукладаньне“, „консонанс — сугалосьсе“, „нюанс — адценьне“, ,тавтология — тожслоўе“, „хронометр — часамер“, „хроноскоп — часагляд“, „экстаз — захапленьне“, „эстезиометр — чуламер“. Наогул-жа пры 75 проц. перакладзеных тэрмінаў у гэтай тэрмінолёгіі побач з беларускім тэрмінам пакідаецца чужаземны тэрмін у нашай транскрыпцыі, прычым чужаземны тэрмін ставіцца ўперадзе беларускага.

Пяты выпуск „Беларускай навуковай тэрмінолёгіі“, які зьмяшчае ў сабе геолёгічныя, мінэралёгічныя і крышталёграфічныя тэрміны, наогул дзе мала орыгінальнага матэрыялу. Тутака ў нямалай колькасьці перапісваюцца тэрміны з матэматычнай і географічнай тэрмінолёгіі, хаця і з некаторымі адхіленьнямі, напр., у географічнай тэрмінолёгіі тэрмін „глетчер“ перадаецца адным толькі „ледавік“, а ў геолёгічнай тэрмінолёгіі знаходзім: „глетчер — ледавік, глетчар“. Пераважная большасьць чужаземных тэрмінаў пакідаецца без перакладу, а часам даюцца няправільныя пераклады, як, напр., „гипоцентр — надасяродак“. Наогул 5-ты выпуск „Навуковай тэрмінолёгіі“, гэта адзін з найменш апрацованых і вельмі няўдала з значнаю колькасьцю памылак выдадзены выпуск тэрміколёгіі. У ботанічнай тэрміналёгіі (VI в.) з 76 чужаземных тэрмінаў да 75% перакладзена на нашу мову. Тутака ёсьць удалыя і няўдалыя пераклады. Як на прыклады ўдаласьці, пакажам: „гербарий — зельнік“, „паразит — чужаед“ і г.д. Няўдалыя пераклады: „гелиотропизм — сонцазваротнасьць“ (лепш было-б „зваротнасьць да сонца“. М. Б.), „геотропизм — зямлязваротнасьць“ (трэба было-б казаць: „зваротнасьць да зямлі“. М. Б.).

З іншых тэрмінолёгій зварачвае на сябе ўвагу музычная тэрмінолёгія (VII в. — 1926). У гэтай тэрмінолёгіі з агульнага ліку 788 тэрмінаў толькі 147 — нечужаземных, 253 нумары — нават ня тэрміны, а прынятыя ў міжнародным маштабе сымболічныя абазначэньні ў італьянскай мове, напр., adagio, agalità і інш. Застаецца каля 400 тэрмінаў, — і ўсе чужаземныя. З іх ліку толькі (!) 37 маюць пры сабе пераклады на нашую мову, прычым для пераважнай большасьці тэрмінаў побач з беларускім словам пакінута і чужаземнае. Абсолютна перакладзены толькі пад №№: з

1. Аббревиатура — Скарачэньне.
2. Акколада — Дужка.
90. Виртуоз — Мастак.
477. Реплика — Адказ.
479. Респирация — Дыханьне.
715. Фраза — Сказ.
717. Фразировать — Выражаць.
718. Фразировка — выражэньне.
741. Хордометр — Струнамер.
771. Экспрессия — Выразістасьць.

Сапраўды, вельмі скромная слоўная творчасьць аўтараў тэрмінолёгіі! Праўда, італьянскія словы ўсе без выключэньня перакладзены на нашую мову, хаця часам вэльмі няўдала (напрыклад, пад № 15 „Allagardo — пашыраючы, зьмяншчаючы шыбкасьць“, і пад № 291 „Lentando, slentando — зьдержваючы, зьмяншаючы шпаркасьць“).

Як было сказана вышэй, апошнія выпускі „Навуковай тэрмінолёгіі“ адрозьніваюцца ад папярэдніх адсутнасьцю мэтодолёгічных прынцыпаў. Адсюль нядзіўна, што перакладаецца, прыкладам, пад № 151 „Дисгармония — рознагучнасьць“ (побач з „дысгармонія“), а „гармония“ застаецца без перакладу (прычым укладальніка тэрмінолёгіі тав. Дрэйзіна, як знаўцу грэцкай мовы, трэба папікнуць за тое, што ён забыўся значэньня слова harmos (гармос), якое ў перакладзе на нашую мову будзе азначаць ня „гук“, а менавіта „лад“). Некаторыя пераклады вельмі няўдалыя, напрыклад, „какофонія — ліхагучнасьць“. Ю. Дрэйзіну павінна было-б быць вядомым, што нашаму „ліхі“ адпавядае ў грэцкай мове „poneros“ (понерос, а тутака „kakós“ (какос) мае значэньне „благі“, „паганы“, „кепскі“, — лепш за ўсё „какофония — благагучнасьць“).

Аднак, недахопы музычнай тэрмінолёгіі патрабуюць спэцыяльнага разгляду, і тутака спасылка на гэтыя недахопы мае значэньне толькі для паказаньня агульнага стану з перакладам чужаземшчыны і благіх або добрых імкненьняў (тэндэнцый) укладальнікаў нашых тэрмінолёгій.

Ня спыняючыся на іншых тэрмінолёгіях, пераходжу проста да слоўнікаў. Вось-жа піша, папікаючы, тав. Шульман.

У слоўніку Байкова і Гарэцкага „орыгінал“ перакладзены: „першаўзор“, „уласнапіс“, а не „орыгінал“, між тым, як апошняе слова пачынае ўжывацца ў мове. Таксама слова „абсурд“ перакладаецца „недарэчнасьць“ і толькі, а трэба-б было побач напісаць і „абсурд“.

Адносна „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“ трэба заўважыць, што часта бяз дайпрычыны прыпісваюць аўтарам гонар перакладу чужаземшчыны на беларускую мову. Уласных аўтарскіх перакладаў тутака зусім нязначны процант. Напрыклад, на літару „А“ ўсяго за ўсё перакладзены самастойна: „аквариум — воднік“, „алименты — утрыманьне“, „анафема — праклён“, „антиподы — проціножнікі“, „антипатия — нялюбасьць“, „атлет — барацьбіт“ і „аэродром — лётнішча“, „аэролит — паветраны камень“. І толькі. А тымчасам пераважная большасьць слоў на літару „А“ складаецца якраз з слоў чужаземных. У асноўным і цэлым „Практычны расійска-беларускі слоўнік“ ўгрунтаваны на: матерыялах „Беларускай навуковай тэрмінолёгіі“.

Другое выданьне слоўніка значна палепшана ў параўнаньні з першым, як здаецца мне, у тых адносінах, што выкінуты лішнія чужаземныя словы і наогул даюцца больш пераклады чужаземных тэрмінаў, а ня гэтыя апошнія ў беларускай транскрыпцыі. Такім спосабам, тутака выяўляецца тая-ж самая тэндэнцыя, што і ў літаратурнай тэрмінолёгіі. На мой асабісты погляд, гэтая тэндэнцыя найбольш за ўсё адпавядае інтарэсам разьвіцьця нашай літаратурнай мовы. Аднак, яна не падабаецца ня толькі аднаму тав. Шульману. За тое ня хваліць слоўнік і проф. П. Бузук у сваёй рэцэнзіі на старонках „Маладняка“ (№ 7-8 за 1926 г.)

„Ня зусім добрае ўражаньне пакідае, — піша ён — імкненьне аўтараў перакласьці па магчымасьці ўсе чужаземныя словы на беларускую мову. Гэта „шышкоўшчына“ часам даходзіць проста да сьмешнага. „Гинеколог“ перакладзена „жаночы лекар“; чаму-ж тады „вэтэрынар“ аўтары не перакладалі „быдлячы лекар“, а заставілі без перакладу. Гэта першае, а другое тое, што „жаночы лекар“ не перакладае нават слова гинеколог, яно значыць „дамский врач“, а не „врач по женским болезням“.

На паасобныя заўвагі паважанага рэцэнзэнта я магу зазначыць, што слова „гинеколог“ зусім ня будзе „дамский врач“, у літаральным перакладзе з грэцкай мовы яно будзе „жонказнавец“ (парасійску — „женовед“ або „женослоў“ (!), але з прычыны цьмянасьці апошняга слова правільным перакладам будзе якраз „жаночы лекар“ (на гэтым перакладзе я настойваю); слова-ж ветеринар пакінута без перакладу дзеля таго, што цяпер об‘ектам вэтэрынарыі зьяўляецца ня толькі „быдла“ (veterina, ва ўжываньні Плінія якраз — рабочий, выючный скот), але „скаціна“ і потым „жывёла“ наогул, народнае-ж слова „канавал“ (адсюль „ветеринария — канавальства“) не падыходзіць ужо з тэй прычыны, што яно не адпавядае сутнасьці сучаснай вэтэрынарыі.

Аднак, чым-жа тлумачыцца гэтая зьява „шышкоўшчыны“ ў нашай мове? Адкуль бярэцца такая тэндэнцыя перакладаць па магчымасьці ўсе чужаземныя словы на беларускую мову і, прытым (авохці, жах!), перакладаць абсолютна?

Адказваючы на гэтае пытаньне, тав. Шульман піша:

„Яна зьяўляецца рэакцыяй на абвінавачваньне беларускай мовы ў „мешаніне“. Няхай будзе па магчымасьці менш чужаземных слоў, няхай мова будзе больш самастойнай. І яе перастануць называць сапсаванаю расійскаю моваю і пачнуць адносіцца да яе з павагаю. Нятрудна ўявіць сабе, што і ворагі беларускае мовы, і яе прыхільнікі — аўтары тэрмінаў накшталт „простастаўнік“ — па сутнасьці стаяць на адным і тым-жа прынцыповым грунце адносна „чыстаты“ і сапсаванасьці мовы, як гэта ні парадоксальна. Бязумоўна, вялікарускія шовіністыя, пачуўшы слова „пэрпэндыкуляр“ і ня ведаючы, што гэта слова ўжываецца ня толькі ў рускай мове, скажуць: „Гэта-ж беларусы сапсавалі расійскае слова. Мабыць, наш укладчык новых слоў альбо баіцца гэтых крытыкаў, лічачы іх довады грунтоўнымі, альбо наогул імкнецца да таго, каб як мага менш агульных элемэнтаў было паміж беларускай і іншымі мовамі“.

„Мы лічым наадварот, — канчаткова формулюе свой погляд т. Шульман, што інтэрнацыянальнага характару навуковая, тэхнічная і іншая тэрмінолёгія павінна ўжывацца ў беларускай, як і ў іншых мовах, за выключэньнем тых выпадкаў, калі ў мове ўжо існуюць народам створаныя іншыя адпаведныя тэрміны“.

Вось-жа трэба зазначыць, што паважаны таварыш вельмі наіўна, да ачамернасьці проста глядзіць на проблему выпрацаваньня сучаснай літаратурнай мовы і надае ўкладальнікам тэрмінолёгій і слоўнікаў тое, чаго ня можа быць у ўдзельнікаў жывой справы, — надае літаратурнага страху перад якімісь крытыкамі.

Сам тав. Шульман, пачаўшы гаварыць аб „чыстаце“ мовы з пытаньня аб чужаземных словах, у далейшым сваім разважаньні бачыць гэту „чыстату“ ў адпаведнасьці створаных штучных слоў „духу“ мовы, яе стылю, яе фонэтычным і морфолёгічным асаблівасьняй:

Правільна тое, што словы самі па сабе яшчэ ня маюць вялікага значэньня для „чыстасьці“ або „сапсаванасьці“ мовы. Як гэта ні парадоксальна, але можна выабразіць сабе, што фраза, у якой будзе да 50 проц. чужаземных слоў, усё-ж такі зьявіцца беларускай, і наадварот, — фраза, у якой ня будзе аніводнага чужаземнага або расійскага слова, складзеная цадкам з беларускіх слоў (узятых хоць-бы з „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“), зьявіцца з боку сваёй сутнасьці зьдзекам з беларускай мовы (для прыкладу пакажу выразы: „узяць пад варту“ або „персьцянёвая пошта“, — стварэньне канцылярскага розуму). Уласна кажучы, для чыстаты мовы маюць асаблівае значэньне два бакі: а) фонэтычны (для нашай мовы — ў, дж, дз, аканьне і яканьне, цьвёрдыя р, ж, ш і інш.) і б) фразэолёгічны (склад фразы, які адпавядае народнаму ўжывавьню). Каб гаварыць на „чыстай“ фонэтычна-беларускай мове, трэба нарадзіцца і выгадавацца ў Беларусі. Трэба прыўласьніць сабе „дух“ мовы, як ён выяўляецца ў народным ужываньні. Адхіленьні ад норм народнай фразэолёгіі і становяць сабою тое, што папольску называецца „błędy mowy“! Такія „Błędy“ — вельмі звычайная зьява для сучаснай беларускай літаратурнай мовы, бо ня так-то лёгка скінуць з сябе нашым пісьменьнікам больш чымся сталетні ўплыў з боку расійскай культуры.

Сеялось семя веками,
Корни в земле глубоко…

На агульную слабасьць нашай літаратурнай мовы ў фразэолёгічных адносінах паказвалася Яз. Лёсікам у яго „Некаторых увагах да беларускае літаратурнае мовы“ („Полымя“, 1924 г., № 3), хаця Яз. Лёсік карыстаецца застарэлаю тэрмінолёгіяй і бачыць проблему сынтаксу там, дзе па сутнасьці ёсьць проблема фразэолёгіі. Такія „błędy“ — знойдзем у самага найлепшага нашага стылістага, аўтара „Уваг“; знойдуцца яны нават там, дзе абсолютна быць не павінны: для прыкладу пакажу на фразу ў програме ўрачыстай Акадэмічнай Конфэрэнцыі — „Пасяджэньні Камісіяў па правопісе і графіцы“ (спробуйце расшалопаць, што тут сказана! М. Б.). Вось такія-то „błędy“ і даюць права В. Ластоўскаму накідвацца на старонках сваёй часопісі „Крывіч“ на мову сучаснай беларускай журналістыкі. А калі фраззолёгічныя „błędy“ дапушчаюць нават нашы „юпітары“ мовы з Рэдакцыйнага Аддзелу Інбелкульту, дык што-ж застаецца казаць аб простых сьмяротных, — урадоўцах, настаўніках, студэнтах і інш.

Разглядаючы цяпер беларускую мову, як гістарычны факт, магчыма зацьвердзіць, што беларуская мова зусім не баіцца чужаземных слоў, незалежна ад таго, ці будуць гэтыя словы польскія, яўрэйскія, нямецкія, лацінскія. Такія словы і паказваюцца т. Шульманам, як агульныя для беларускай і яўрэйскай моў, праўда, у некалькі абмежаваным ліку. Не зварачаецца ўвага на словы, запазычаныя з лацінскай мовы, а іх у беларускай мове мы, знойдзем у колькасьці, у кожным разе, большай за тую, якая ёсьць у мове расійскай. Трэба прыпомніць: „адукуцыя — образование“, „акуляры — очки“, „далікатны — обходительный“, „даклярацыя — обещание“ і інш. Маецца пэўная рацыя думаць, што і ў Вялікаросію лацінская моўная хваля плыла ня іначай, як праз Беларусь. У свой час аўтара „Словаря белорусского наречияІв. Насовіча папікалі рэцэнзэнты за тое, што ён уводзіць зашмат лацінскіх слоў, якія ўжываюцца пераважна сярод каталіцкай шляхты. Каб ухіліцца падобных папікаў, у „Беларуска-расійскім слоўніку“ М. Байкова і С. Некрашэвіча дадзены толькі „абеларушаныя“ чужаземныя словы. Аднак, такіх слоў зусім ня так мала, як гэта звычайна думаюць, — і, канечна, Камісія для ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы ўстановіць этымолёгію кожнага беларускага слова паасобку. Трэба заўважыць, што даныя акад. Яўхіма Карскага ў яго I томе „Белоруссов“, на якія спасылаецца т. Шульман, даволі няпоўныя і патрабуюць значных дадаткаў. Ясна пры гэтым, што і цяпер літаратурная беларуская мова можа такім-жа парадкам убіраць у сябе чужаземныя тэрміны, як гэта адбывалася ў гістарычным разьвіцьці нашай мовы, і не сапсуецца яна ад таго, што будуць ужывацца, напр.: „пэрпэндыкуляр“, „гіпотэнуза“, „катэт“ і інш.

Аднак-жа, я не магу згадзіцца з тэю думкаю, „што інтэрнацыянальная навуковая, тэхнічная і іншая тэрмінолёгія павінна ўжывацца ў беларускай мове, за выключэньнем тых выпадкаў, калі ў мове ўжо існуюць народам створаныя іншыя адпаведныя тэрміны“.

Ясна, папершае, што толькі самы нязначны процант чужаземных слоў знаходзіць сабе эквівалент у народнай мове, бо чужаземныя словы больш ужываюцца або для азначэньня абстрактных паняцьцяў, якіх няма ў звычайнай народнай мове, або для азначэньня новых здабыткаў тэхнікі, якія толькі што ўваходзяць у народнае ўжываньне. Адсюль я лічу, што пры перакладзе чужаземных тэрмінаў адчыняецца шырокі прастор для выяўленьня творчай самадзейнасьці ўкладальнікаў навуковых тэрмінолёгій, слоўнікаў і наогул аўтараў літаратурных твораў, адным словам, адчыняецца шырокі прастор для новатвораў. Супраціўнікі такіх новатвораў звычайна любяць спасылацца на „мокроступы“, стварэньне расійскіх нэолёгістых пачатку XIX ст. Але яны не заўважаюць таго, што апроч „мокроступов“, якія не ўвайшлі ў расійскае народнае ўжываньне, расійскімі „словатворцамі“ ў XVIII і пачатку XIX сталецьця было створана шмат нэолёгізмаў, якія адчуваюцца цяпер, як зусім народныя словы. Для прыкладу даволі паказаць на словы: „предмет“, уведзены В. Трацьцякоўскім, накшталт польскага przedmiot, а таксама „пароход“, „паровоз“, — стварэньні поўпаляка, поўбеларуса М. Грэча. І я лічу, што цяпер слоўная творчасьць павінна выявіцца ў асабліва выразных формах.

Якія-ж маюцца для таго мотывы?

Зусім ня тыя, якія паказвае паважаны т. Шульман.

Для мяне, прынамсі, адзіночным мотывам для перакладу чужаземшчыны на нашую мову зьяўляюцца патрэбы масавай асьвета.

Растлумачу, што гэта значыць.

Зусім ясна, што Кастрычнікавая рэволюцыя зрабіла поўны пераварот у сыстэме нашае асьветы. Ясна, што пасьля Кастрычніка зьмянілася кола грамадзтва, якое абслугоўваецца кнігай і школай, што зьмяніліся самыя кірункі асьветы. З гушчы рабочых і сялян пашоў у школу новы вучань. І тутака зрабілася патрэбнай пераацэнка ранейшых культурных каштоўнасьцяй. Павінна была зьмяніцца і мова, як фактар культурнага разьвіцьця. Наогул мова рэволюцыйнай эпохі спросьцілася, зблізілася з масавай мовай. Найбольш выразна гэты процэс выявіўся ў Украіне і ў нас, на Беларусі, бо тутака расійская літаратурная мова асабліва выразна адрозьніваецца ад мовы народных мас. Гэтая навукова-літаратурная расійская мова на працягу свайго гістарычнага разьвіцьця ўвабрала ў сябе шмат інтэрнацыянальных тэрмінаў, галоўным чынам з „няжывых“ лацінскай і грэцкай моваў. Да рэволюцыі навуковая літаратура знаходзіла сабе ўжываньне, галоўным чынам, сярод тых асоб, якія прайшлі курсы чужаземных моваў. Асабліва ў вушох тых, што скончылі клясычную школу, чужаземныя словы, запазычаныя з лацінскай і грэцкай моваў, гучэлі, як знаёмыя словы. Для іх — гэта былі словы з пэўным сэнсам. Іначай стаяла справа з популярнай літаратурай. І да рэволюцыі да такой літаратуры ставілася вымога: ужываць як можна менш чужаземных незразумелых слоў. А цяпер гэтая вымога павінна мець асаблівае значэньне і адносіцца ўжо ня проста да популярнай, але і падручнікавай літаратуры. Факт той, што ў нашых сярэдніх школах ужо колькі год не выкладаюцца „чужыя“ мовы. Нашы навуковыя кнігі, нашыя буйныя газэты незразумелы для шырокай масы. На кнігу проф. Тэрлецкага, як на ўзор незразумеласьці, паказвалася т. Радус-Зяньковічам на апошнім усебеларускім партыйным зьезьдзе. А і іншыя профэсары пішуць незразумелыя кнігі. Як-жа быць, калі нашы кнігі, нашы падручнікі ня будуць зразумелымі для вучняў, для шырокай народнай слухальні? Ясна, што яны ня будуць адпавядаць патрэбам масавай асьветы. А тымчасам, кожнаму зразумела, што наша сучасная асьвета, наша культура па самай сваёй сутнасьці павінна быць пролетарскай, масавай. А каб гэтага дасягнуць, патрэбна навуковыя тэрміны і культурныя павяцьці апрануць у свае родныя нацыянальныя формы. Наогул, „інтэрнацыянальны зьмест павінен давацца ў нацыянальнай форме“. Адсюль — патрэба ў замене чужаземных тэрмінаў, пераважна тых, якія ўзяты з лацінскай мовы, спадчыны сярэднявякоўя, сваімі родным словамі, патрэба, якая адчуваецца ня толькі беларускай нацыянальнасьцю, але і іншымі эўропэйскімі нацыянальнасьцямі, хаця і ў рознай ступені.

Тутака ёсьць пэўная розьніца паміж французамі, ангельцамі, італьянцамі, з аднаго боку, і немцамі ды славянамі — з другога. Першым няма патрэбы перакладаць лацінскія тэрміны, бо іх культура разьвілася і ўзгадавалася на лацінскай глебе. Менш адбіўся лацінскі ўплыў на нямецкай культуры. Мы і бачым, што немцы, хаця часам і нязграбна, перакладаюць лацінскія тэрміны на сваю мову, а звычайна імкнуцца ўжываць свае нямецкія словы. Тое-ж самае датычыць і славян. Сярод славян асабліва выразна вызначаецца тэндэнцыя да замены чужаземных слоў сваімі ў чэхаў. За імі ідуць сэрбы. Аднак, гэты процэс адбываецца і ў расійцаў. Трэба толькі прыпомніць сучасныя: „широковешательная станция“, „писмоносец“, „об‘единение“ вместо „ассоциация“ і інш.

І марна думаць, што перакладам чужаземных слоў на сваю мову можна абасобіць беларускую навукова-літаратурную мову ад мовы расійскай. Зусім наадварот: гэтая тэндэнцыя можа мець сваім вынікам збліжэньне абедзьвюх гэтых моў. Бярэм, напрыклад, з літаратурнай тэрмінолёгіі: „амфиболия — двухзначнасьць“, „аналогия — падобнасьць“, „анастрофа — перастаўка“, „аноним — бязыменьнік“, або з матэматычнай, хоць-бы: „система — уклад“, Дык гэтыя-ж словы ўжываюцца і ў расійскай мове, а ў кожным выпадку і для расійца яны будуць больш зразумелымі, чымся адпаведныя чужаземныя словы. Ня будзе дзіўным, што некаторыя нашы пераклады патрапяць у расійскую, як канечна — у украінскую і польскую мовы.

Такім парадкам, патрэбы масавай асьветы вымагаюць ад нас спрашчэньня навуковай тэрмінолёгіі, прыстасаваньня яе да роднай мовы, і няма чаго баяцца новых слоў—новатвораў, абы толькі гэтыя новатворы былі створаны на цьвёрдым грунце моўных народных карэньняў, адпавядалі-б „духу“ роднай мовы і былі-б пры тым зграбнымі, прыгожымі, простымі словамі. У выпадку патрэбы няма чаго баяцца нават запазычваць такія словы з суседніх славянскіх моваў, хоць-бы з мовы расійскай або польскай.

Ад укладальнікаў нашых тэрмінолёгій мы асабліва маем права вымагаць выяўленьня творчасьці. Сапраўды, вельмі „куца“ зразумелі-б сваю задачу нашы тэрмінолёгі, калі-б яны заняліся толькі перапісваньнем чужаземных тэрмінаў на беларускую мову. Гэта з большым посьпехам і з большай экономіяй магла б зрабіць Правапісная Камісія Інбелкульту. І дзеля чаго перапісваць чужаземныя тэрміны, калі добра вядома, што беларуская мова можа таксама цярпець іх, як церпяць мовы расійская і польская? Напэўна, у творах вузка-спэцыяльных, якія могуць мець сьцісла навуковае і, значыцца, міжнароднае значэньне, будуць ужыванне чужаземныя навуковыя і тэхнічныя тэрміны без перакладаў. Зусім іншая справа з падручнікавай і популярнай літаратурай. Тутака павінны давацца пераклады чужаземных тэрмінаў, прынамсі — іх тлумачэньні ў беларускай мове. Гэта — непасрэдная задача нашых тэрмінолёгістых, ад выкананьня якой ня можна адмовіцца. Нашым тэрмінолёгіям да гэтага часу не хапала пэўных прынцыпаў апрацаваньня тэрмінаў. Такія прынцыпы павінна выпрацаваць Галоўная Тэрмінолёгічная Камісія Інбелкульту. На мой погляд, было-б зусім нормальным, каб тэрмінолёгічныя камісіі, разглядаючы пэўны чужаземны тэрмін, давалі: а) гэты тэрмін у беларускай транскрыпцыі, б) пераклад або, прынамсі, тлумачэньне яго ў беларускай мове. Тлумачэньне можа давацца ў дужках. Разумеецца, што словы, узятыя з народнай мовы або літаратуры, павінны мець спасылкі на пэўныя крыніцы (літаратрны твор або мясцовасьць, дзе запісана слова). Словы, пераважна ўхваленыя для ўжываньня ў падручнікавай літаратуры, могуць быць адкрэсьлены курсыўным шрыфтам або спэцыяльнымі значкамі. Няма чаго турбавацца, што сярод іх напэўна будзе пэўны процант „мертворожденных“ слоў. Народная мова здолее адківуць гэтую мярцьвячыну і замяніць яе ўласьцівымі ёй стварэньнямі. З гэтага пункту погляду быў-бы пажаданым грунтоўны разгляд нашых тэрмінолёгій настаўніцкімі таварыствамі і краяведнымі організацыямі на мясцох. Такі-ж самы разгляд пажаданы і для слоўнікаў.

Аднак, да слоўнікаў павінен быць некалькі іншы падыход, чымся да тэрмінолёгій. Слоўнік па самай сваёй сутнасьці ня можа прэтэндаваць на такую дакладнасьць, як тэрмінолёгіі. Гэта датычыць нават „акадэмічных“ слоўнікаў, а тым больш слоўнікаў прыватных асоб, як, напр., „Практычны расійска-беларускі слоўнік“. З другога боку, кожны слаўнікар, які апрацоўвае слоўнік практычнага тыпу, павінен імкнуцца да таго, каб на магчыма меншым прасторы паперы перакласьці як можна большую колькасьць слоў адпаведнай мовы. Адсюль зусім натуральным пры такім імкненьні будзе адкідваць з слоўніка ўсё тое, што дапушчаецца само сабой. На гэтай падставе ў „Практычным расійска-беларускім слоўніку“ даюцца пераважна тыя чужаземныя словы, якія можна перакласьці ў нашую мову, прычым побач з перакладам у большасьці выпадкаў ня выпісваюцца гэтыя словы ў нашай транскрыпцыі… Лінія, на мой догляд, зусім правільная. Шкада толькі, што ня ўсе словы, дзе гэта магчыма, перакладзены ў нашую мову. Напр., чаму замест „ботаніка“ ня ўжываць „расьліназнаўства“, замест „зоолёгія“ — „жывёлазнаўства“ і г. д. Гэта трэба палічыць за хібу другога выданьня слоўніка.

Але-ж зразумела, што ня ўсе чужаземныя тэрміны магчыма перакласьці на нашую мову. Тутака можна зрабіць гэтакія ўвагі:

а) Абавязковаму перакладу належаць чужаземныя словы — іменьнікі лацінскага пахаджэньня з канчаткам у расійскай мове на „ция“ (= лац. tion), а гэтак сама і адпаведныя ім прыметнікі, напр., „конгруенция“, „конгруентный“, „ассимиляция“, „ассимилятивный“, „ассоциация“, „ассоциативный“ і г. д.

б) Словы грэцкага пахаджэньня, якія перайшлі да нас праз лацінскую мову, перакладаюцца ня так лёгка (бо не бяз рацыі і лацінцы не пераклалі іх у сваю мову), аднак замена іх на нашыя словы пажадана там, дзе ў нашай мове маюцца адпаведныя ім з боку сэнсу эквіваленты (роўназначнікі), напр., „абвод — периметр“, „ускосьніца — диагональ“.

в) Зусім неперакладальяы чужаземныя словы — іменьнікі з канчаткам на „ізм“ (лац. ismus), а гэтак сама і на „іст“, а роўна і прыметнікі на істычны. Словы на ізм звычайна азначаюць тэорыю або кірунак навуковай думкі і ня могуце быць дакладна перакладзены адным якім-небудзь нашым словам. Такім парадкам, пакідаюцца без перакладу: „комунізм“, „соцыялізм“ і інш. Няправільна у літаратурнай тэрмінолёгіі перакладаюцца: „Оптимизм — сьветлагляднасьць“ і „пессимизм — смутнагляд“. На маю думку, няправільна перакладаць нават „атэізм“ на „бязбожжа“, бо сам па сабе „атэізм“ ня ёсьць „бязбожжа“ (практычны бок), а толькі „навука бязбожжа“ (тэорэтычны б бок). Словы на „іст“ азначаюць прыхільніка пэўнай тэорыі і таксама не паддаюцца перакладу. Пакідаючы гэтыя словы без перакладу, было-б варта, аднак, адмовіцца ад прынятага цяпер у літаратуры канчататку „істы“ і адпаведнага яму ўзору скланеньня („істага“, „істаму“, „істым“, мн. лік — „істыя“, „істых“ і г. д.). Такі канчатак быў у першы раз праведзены Яз. Лёсікам у яго перакладзе „Комуністычнага Маніфэсту“, аднак ён не адпавядае жывому народнаму вымаўленьню (за выключэньнем толькі некаторых мясцовасьцяй). Трэба прыняць бяз доўгіх акалічнасьцяй канчатак „іст“, як у расійскай і іншых мовах.

г) Не належаць таксама перакладу лацінскія і грэцкія тэрміны, якія ў сучасны навуковым ужываньні страцілі свой першапачатковы сэнс ды набылі характар умоўных тэрмінаў. Да гэтай катэгорыі належаць, напр., — „рэфлекс“, „апэрцэпцыя“, „сылёгізм“ і інш. Не павінны перакладацца і штучныя тэрміны сучаснай навукі, напр., — „гормон“ з навукі аб констытуцыі організму.

д) Само сабой зразумела, што няма чаго мудрыць над перакладам тых чужаземных слоў, якія ўжо атрымалі пашырэньне ў народнай масе і набылі ў народным ужываньні правільны конкрэтны сэнс, Як, напр., „матэрыя“, „мобілізацыя“, „сакратар“, „сакрэт“ і інш.

е) Словы, узятыя з сучасных жывых моваў, асабліва з ангельскай мовы, павінны, на мой погляд, пакідацца без перакладу. Такім парадкам, прыймаем: „танк“, „трамвай“, „бокс“ і г. д.

Такім спосабам, у агульным вывадзе бачым, што няма чаго баяцца перакладу чужаземных тэрмінаў у нашую мову, і ў падставе гэтае працы дадзены зусім грунтоўныя мотывы, але разам з тым ясна, што, папершае, няможна быць фанатычным пры замене чужых слоў сваімі роднымі і з нецярплівасьцю адносіцца да чужога толькі таму, што гэта — чужое, не сваё, а падругое, наша тэрмінолёгічная праца павінна набыць сабе пэўнае прынцыповае абаснаваньне.

II.

Як-жа пісаць чужаземныя словы?

У самай цеснай сувязі з пытаньнем аб ужываньні чужаземных слоў у нашай мове стаіць пытаньне: як-жа пісаць тыя чужыя словы, без якіх няможна абыйсьціся ў нашай мове? Конкрэтна: будзем „акаць“ або „окаць“?

Праўда, некалькі небясьпечна дакранацца гэтага пытаньня, бо дакранацца яго, гэта значыць лішні раз разьятрываць назольную балячку на целе нашай мовы. Неаднакроць гэта пытаньне высоўвалася на старонках нашага друку. Неаднакроць у мурах Інбелкульту і на розных конфэрэнцыях узьнімаліся заўзятыя спрэчкі спаміж найвыднейшымі знаўцамі нашай мовы. Пісалі, гаварылі, рабілі пастановы… А ўсё-ж такі не дагаварыліся.

„Воз и ныне там“, дзе ён апынуўся ў канцы 1925 году, калі ўпяршыню ўзьнялася наша правапіснае пытаньне. Неразьвязанае пытаньне аб правапісе чужаземных слоў самым шкодным спосабам адбіваецца на розных бакох нашай культурнай справы. Блытаюцца друкаршчыкі, выпраўшчыкі, аўтары, вучні, настаўнікі, наогул усе асобы, якія пішуць пабеларуску, блытаюцца нават самі нашы правапісныя законадаўцы…

Вось прада мною ляжыць зборнік апавяданьняў Тараса ГушчыНа прасторах жыцьця“, Чытаем на старонцы 85: „Дактары, адвокаты, профэсары, камісары, поэты, мастакі, артыстыя, гандляры, спэкулянты і людзі інцых профэсій і соцыяльных груп“… Чытаеш і дзіву даешся! Чаму слова „доктар“ абеларушана, „адвокат“ — не?.. Чаму ў адным і тым самым слове (соцыяльны) адна літара абеларушана, другая захавалася? Папраўдзе, ня ведаеш, як пісаць… А ў апавяданьнях, што дадзены ў гэтым зборніку, знойдзена шмат і іншых чужаземных слоў. Даем іх у правапісе зборніка: мобілізаныя, электрафікатар, доцэнт, прокурор, міліцыянэр, патрыотызм, рэволюцыя і інш. Чаму „міліцыянэр“ — беларускае слова, а „патрыотызм“ — небеларускае? І калі палічыць, што „мобілізацыя“, „поэт“, „доцэнт“ яшчэ не ўвайшлі ў народную мову, дык выходзіць, што наш народны поэта ня піша на народнай мове і, значыцца, яго творы ня могуць быць названы ў поўным сваім ахопе „народнымі“ творамі. Аднак-жа, Якуб Колас ёсьць праўдзівым народным пісьменьнікам, — і яго творы зразумелы для чытачоў з народу без абы-якіх тлумачэньняў (друкаваліся-ж апавяданьні, сабраныя ў зборніку, на старонках масавай сялянскай газэты „Беларуская Вёска“). Значыць, астаецца дапусьціць, што нашага народнага пісьменьніка падвёў Язэп Лёсік сваім аблудным правілам правапісу, падвялі мудрагелі з корэктарскага пакою друкарні Дзяржаўнага Выдавецтва, якія не саромяцца пушчаць у друк такія правапісныя „пекнасьці“, як „голюцынацыя“ (гл. С. ХурсікПершы паўстанак“, 52 стар.), „поліатывы“ (Полымя, 1926 г. № 6, 91 ст.), „соблятыўны склон“ (Яз. Лёсік, Сынтакс, 1925 г., 209 стар.). Ня буду ўсё-ж такі больш чапаць нашых корэктараў, бо ім прыходзіцца толькі расплачвацца за „чужыя грахі“, — за хібы нашага правапісу, які яўна не адпавядае вымогам нашай сучаснасьці. А сапраўды, наша сучаснасьць далёка пайшла ўперад у параўнаньні з тым часам, калі Бр. Тарашкевіч пісаў сваю „Беларускую граматыку для школ“ і насьпех формуляваў сваё правіла правапісу чужаземных слоў. Факт той, што ў мову нашых літаратараў бэлетрыстых за час рэволюцыі ўвайшло шмат чужаземных слоў. Ня ўжываць гэтыя, словы нашы бэлетрысты ня могуць, бо яны ўжываюцца ў шырокіх народных масах. З народнай мовы чужаземныя словы, калі можна так казаць, „лазам лезуць“ у бэлетрыстычныя творы: і ўжо на гэтым формальным грунце, — ужываньні пэўнага слова ў нашых бэлетрыстых, трэба было-б цэлы шэраг чужаземных слоў лічыць абеларушанымі і падвесьці іх пад правілы нашага правапісу. Тут магчыма было-б проста падлічыць, якія словы ўжываюшца ў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Чарота і інш. пісьменьнікаў, і бяз доўгіх разважаньняў іх абеларусіць. Павінны-ж усе гэтыя словы ўжо на тэй падставе, што яны ёсьць у творах нашых пісьменьнікаў, увайсьці ў будучы слоўнік жывой беларускай мовы! Тут справа ясная. Няма чага спрачацца.

Заўзятыя прыхільнікі правапісу Тарашкевіча, як Ул. Чаржынскі, і гатовы ўступіць „акаўцам“ у пытаньні аб правапісе чужаземных слоў, што ўжываюцца ў бэлетрыстычнай літаратуры. Аднак, яны пакуль што ўпарта стаяць на сваіх позыцыях у пытаньні аб правапісе слоў „кніжных“, наогул тых слоў, якія ўжываюцца ў падручнікавай літаратуры. Ці маецца для гэтага адстойваньня пэўная рацыя? На мой погляд, рацыя зусім няпэўная, паколькі мова ідзе аб падручнікавай літаратуры, прызначанай для шырокага карыстаньня, аб розных там географіях Смоліча і Азбукіна, геомэтрыях Круталевіча, космографіях, граматыках, лемантарох і інш. Трэба-ж лічыцца з тым фактам, што за час рэволюцыі, прынамсі, каля 30 проц. наяўнага беларускага насельніцтва прайшло нашу школу, і, значыцца, тыя тэрміны, якія ўжываюцца ў падручніках масавай школы, больш, чымся на 30 проц., зрабіліся народнымі словамі. Наогул, у наш час опэраваць паняцьцем „кніжнае слова“, значыць не разумець духу нашай эпохі. Для таго, хто мысьліць пасучаснаму, рэволюцыйна, — ясна, што рэволюцыя сьцёрла мяжу паміж кнігай і жыцьцём. Паняцьце „кніжнае слова“ ня вытрымлівае крытыкі.

Такім спосабам, само жыцьцё прымушае нас шукаць больш об‘ектыўных крытэрыумаў для формуляваньня прынцыпаў пісаньня чужаземных слоў у нашай мове, чымся тыя, якія дадзены ў правапісе Тарашкевіча—Лёсіка („кніжнасьць“ або „пашыранасьць“ слова ў народных масах). Гэтакім крытэрыумам можа быць „выразнасьць“ вымаўленьня таго або іншага гуку ў чужаземным слове ў нашай мове. Адсюль мы проста натрапім на прынцып „няпоўнага“ аканьня, формуляваны С. М. Некрашэвічам ў яго прадмове да „Расійска-беларускага слоўніка“ С. Некрашэвіча і М. Байкова і праведзены ў другім выданьні „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“ М. Байкова і М. Гарэцкага, хаця трэба заўважыць, што гэты прынцып яшчэ раней выказваўся Я. Станкевічам. Што для чужаземных слоў няма падставы рабіць выключэньняў з агульных правіл нашага правапісу, з гэтым згаджаецца і Яз. Лёсік, як відаць з яго пазьнейшых правапісных нарысаў; нават больш таго, — ён высоўвае прынцып поўнага („вялікага“) аканьня ў чужаземных словах. Калі-б гэты прынцып, быў наогул прыняты ў нашым правапісе, разумеецца, што паводле яго трэба было-б пісаць і чужаземныя словы; аднак, паколькі ў нас наогул няма поўнага аканьня і ў беларускіх словах, яго няможна прыняць для слоў чужаземных. Гэты погляд і атрымаў перамогу ў часе дыскусіі аб правапісе чужаземных слоў на Акадэмічнай Конфэрэнцыі. Акадэмічнай Конфэрэнцыяй ухвалена: „у чужаземных словах замест ненаціскнога „о“ пішацца „а“. Проста, ясна, рашуча! Так за-звычай пісалі законы ўсе законадаўцы! І канечна, супроць прынцыповага боку тут пярэчыць ня прыходзіцца. Прынцып — правільны; яго толькі трэба разьвінуць, конкрэтызаваць у падрабязнасьцях.

Але вось як толькі мы даходзім да падрабязнасьцяй, дык справа выходзіць зусім не такой простай, як гэта можа здацца на першы погляд. Кожны закон патрабуе тлумачэньняў, і гэтыя тлумачэньні могуць значна абмежаваць абсяг прыстасаваньня закону. Так стаіць справа і ў гэтым выпадку.

Папершае, ці ва ўсіх, без абы-якіх выняткаў, чужаземных словах мы будзем пісаць замест ненаціскнога „о“ — „а“. Вось, напрыклад, слова „Омега“. Ці тутака будзем акаць? Калі так, дык выйдзе поўны гвалт над сэнсам, бо ў грэцкай мове, калі перакладаць гэта слова ў нашую мову, тутака будзе не „а“, а якраз „о“ вялікае. Далей, ці напішам замест расійскага „оттоманское войско“ або „войско оттоманов“ у нашай мове „атаманскае войска“, „войска атаманаў“. Ці пекна выходзіць? Разумецца, няпекна[2]. А такія выпадкі трапляюцца не ў адзіночным ліку. Зноў такі, як быць з вузка-спецыяльнымі тэрмінамі, дзе папраўдзе мае вялікае значэньне наймалейшае „ёт“, як напрыклад, назвы хэмічных элемэнтаў, асабліва новых элемэнтаў, для якіх прыдумваюцца новыя штучныя назвы. Або вось, напрыклад, назвы модусаў сылёгізмаў. Ня можам напісаць замест „Бароко“ — „Барока“, бо тутака кожная галосная мае зусім азначанае сымболічнае значэньне і не дапушчае ніякай замены; Такія выпадкі знойдуцца ў кожнай галіне веды ў яе спэцыяльных разьдзелах. Справа ў тым, што ад падручнікавай літаратуры трэба адрозьніваць вузка-спэцыяльныя навуковыя творы. Нельга да гэтай навуковай літаратуры падыходзіць так, як мы падыходзім да падручнікавай літаратуры, прызначанай для масавага ўжываньня. Ясна, што гэтая літаратура прызначаецца для вузкага кола спэцыялістых, а ў вуснах спэцыялістых вузка-спэцыяльны тэрмін будзе гучэць не як народнае беларускае слова, а так, як яно гучыць у адпаведнай чужаземнай мове. Такія вузка-спэцыяльныя словы толькі ў рэдкіх выпадках (з непаразуменьня) могуць патрапіць у звычайныя, нават найпаўнейшыя слоўнікі тыпу практычных, і калі да слоў, што паказваюцца ў „практычных“ слоўніках, зусім натуральным зьяўляецца аканьне, дык рэдка ўжываныя вузка-спэцыяльныя навуковыя тэрміны на мой погляд, як выключэньні з агульнага правіла, павінны пісацца, як яны пішуцца ў тэй мове, адкуль яны ўзятыя.

Другое пытаньне, якое можна высунудь, дэталізуючы прынцып „аканьня“, — гэта тое. Як трэба пісаць складаныя чужаземныя словы. У „Практычным расійска-беларускім слоўніку“ бачым „заалёгія“, „касмаграфія“, „касмапаліт“. Я цяпер прыходжу да таго заключэньня, што ў першай складанай часьціне гэтых і падобных да іх слоў павінна быць затрымана „о“. Бо, калі ў беларускіх складаных словах паводле нашага правапісу пішацца ў пэўных выпадках „о“ (напрыклад, „добраякасны“, „роўнасечны“), дык якое маем права рабіць выключэньне для чужаземных слоў, з якімі трэба абыходзіцца асабліва цырамонліва? Такім парадкам, на мой погляд, трэба пісаць: „зоалёгія“, „космаграфія“, „космапаліт“. Адсюль: „морфалёгія“, „онталёгія“, „онтагенэзіс“. Аднак, для прыйменьнікаў трэба прыняць аканьне без выключэньняў, адкуль: „праграма“, „пралетар“ і г. д.

Патрэцяе, спытаем: ці ва ўсіх выпадках пісаць на месцы чужаземнага „е“ пасьля цьвёрдых зычных ваша „э“? (Факт той, што ў пэўнай колькасьці чужаземных слоў у нашай літаратуры пішацца „а“ або „ы“. Прыклады: „літаратура“, „матар'ял“, „канцылярыя“, „цырамонія“ і г. д. Калі пішуцца а або ы, значыць, маецца для таго пэўная рацыя, — выразнасьць вымаўленьня гэтых гукаў у народнай мове. У адрозьніцу ад прынцыпу Я. Станкевіча ўсе гэтыя словы, дадзеныя ў літаратурным ужываньні, трэба разглядаць, як выключэньні з правіла аб няпоўным аканьні.

Чацьвертае пытаньне: як быць з географічнымі назвамі, прозьвішчамі і ўласнымі іменьнямі? Тутака трэба заўважыць тую акалічнасьць, што расійскія, польскія і украінскія географічныя назвы звычайна падлягаюць нашаму правапісу. Мне здзецца, што пад гэты звычай могуць падыйсьці і ўсе географічныя назвы эўропэйскіх народаў. Аднак, выключэньнем павінны быць такія, як кітайскія, японскія дый негрыцянскія назвы, як зусім розныя ад знаёмых нам эўропэйскіх (адсюль: „Кобдо“, „Іокогама“, „Токіо“, „Конго“ і г. д.). Што датыча да прозьвішчаў, дык тут магчыма прыняць такое правіла: прозьвішчы дзеячоў навукі, мастацтва, політыкі, якія набылі агульную вядомасьць, падлягаюць нашаму правапісу (адкуль пішам: Сакрат, Сафокл, Магамэт, Вальтэр, Мальер, Напалеон, Лютар і інш.); але прозьвішчы, мала вядомыя, непопулярныя, пішуцца так, як у тэй мове, да якой належаць, прычым у навуковых творах яны могуць пісацца проста ў гэтай мове (напрыклад, проф. И. Владимиров, Passow, Freud і г. д.). Уласныя іменьні, канечна, пішуцца так, як яны выяўляюцца ў тэй мове, да якой належаць (адсюль: Іоан, Ян, Іван, Жан, Джон, Хуан, Георгі, Юры, Жорж, Джордж). Разумеецца, што прозьвішчы асоб, якія працуюць у нас, на Белай Русі, павінны абавязкова пісацца пабеларуску (адсюль — Градынгер, Нодаль і г. д.).

Абагульняючы казанае аб правапісе чужаземных слоў, прыходзім да таго вываду, што хаця прынцып няпоўнага аканьня і дае пэўны грунт для разьвязаньня нашай правапіснай блытаніны, аднак ня трэба быць фанатычным у правядзеньні гэтага прынцыпу, роўналежна таму, як фанатызм не павінен мець сабе выяўленьня і ў абеларушваньні чужаземшчыны наогул.

Разумеецца, што патрэбны выключэньні з гэтага прынцыпу.

Зразумела, што ўсіх гэтых выключэньняў абгаварыць у падручніках правапісу немагчыма — і такім парадкам мы мусім натрапіць на ідэю спэцыяльнага правапіснага слоўніка для нашай мовы. Такая ідэя выплывала ўжо ўвесну мінулага году, у часе заўзятых боек паміж „акаўцамі“ і „окаўцамі“. Прапанованая „окаўцамі“, яна сустрэла крытыку з боку С. М. Некрашэвіча (гл. артыкул „Да пашырэньня аканьня на чужаземныя словы“, „Полымя“, 1926, № 5, стар. 127—128). Аднак, на мой погляд, няма сур‘ёзнай рацыі адносіцца да такога слоўніка скептычна. Ясна тое, што ў справе правапісу тэорыяй, агульнымі формуламі, агульнымі прынцыпамі абыйсьціся няможна.

Правапісныя слоўнікі ёсьць і ў расійскай, і ў украінскай, і ў іншых мовах, — і зьяўляюцца простай неабходнасьцю ў справе навучаньня і друку. Такі слоўнік патрабуецца і для нашай мовы. Канечна, было-б вельмі вузкім абмяжоўваць задачу такога слоўніка правапісам толькі чужаземных слоў, як гэта дапушчалася „окаўцамі“ ўвесну 1926 году. І ў пісаньні нашых беларускіх слоў ёсьць ня мала цьмянасьцяй, нямала спрэчных месц. Напр., як правільней пісаць: „брызкі“ або „брыскі“, „мейсца“ або „месца“? А колькі ёсьць спрэчнасьцяй у пісаньні складаных слоў. Улетку 1926 году Правапісна-Тэрмінолёгічнай Камісіяй Інбелкульту была зроблена спроба ўкласьці правапісны слоўнік чужаземных слоў. Гэта спроба не ўдалася з тэй прычыны, што ў Камісіі ня было пэўных прынцыпаў для ўкладаньня падобнага слоўніка. Гэта — папершае. Падругое, неабходнай умовай для ўкладаньня правапісных слоўнікаў зьяўляецца наяўнасьць падрабязных слоўнікаў звычайнага тыпу. Было-б памылкай думаць, што слоўнікі звычайнага тыпу, нават у акадэмічным выданьні, могуць самі па сабе разьвязаць правапісную проблему: тутака галоўная ўвага зварачаецца на пераклад, на сэнс, адным словам, — на ўнутраны бок слова. Але зразумела, што слоўнік звычайнага тыпу, у якім падабрана як мага большая колькасьць беларускіх слоў, зьявіцца матэрыялам для ўкладаньня правапіснага слоўніка. А з выданьнем апошняга наш правапіс знойдзе для сябе такую-ж пэўную аснову, якую знайшоў для сябе расійскі правапіс у правапісным слоўніку Н. Я. Грота.

III.

Практычныя вывады.

Абагульняючы казанае ў абодвых ранейшых разьдзелах нарысу, я раблю наступныя практычныя вывады:

1. Неабходна лічыць, што магчыма шырокі пераклад або, прынамсі, тлумачэньне чужаземных тэрмінаў у нашую мову адпавядае пільным патрэбам масавай асьветы, популярызацыі веды і кнігі.

2. Галоўная Тэрмінолёгічная Камісія Інбелкульту павінна выпрацаваць сталыя прынцыпы перакладу чужаземных тэрмінаў у нашу мову. Наогул пажадана, каб тэрмінолёгічная праца ў далейшым яе працягу вялася паводле азначанай програмы і пэўных мэтодаў працы.

3. Патрабуецца грунтоўная крытыка зборнікаў навуковых тэрмінолёгій і практычных расійска-беларускіх слоўнікаў з пункту погляду адпаведнасьці іх жывой народнай мове і жыцьпёвасьці новатвораў.

4. Для захаваньня чыстаты беларускае мовы ў нашых літаратурных творах патрэбна зьвярнуць увагу на беларускую фразэолёгію. Пытаньне фразэолёгічнае трэба лічыць чарговым пытаньнем нашай мовазнаўчай навукі.

5. Для ўхіленьня правапіснай блытаніны неабходна прыняць ухвалены Акадэмічнай Конфэрэнцыяй прынцып „няпоўнага аканьня“ ў чужаземных словах. 6. Пры дэталізаваньні прынцыпу „няпоўнага аканьня“ прымаюцца пад увагу асаблівасьці пісаньня складаных чужаземных слоў, вузка-спэцыяльных навуковых тэрмінаў, уласных географічных найменьняў, прозьвішчаў і ўласных іменьняў, а гэтак сама выпадкі напісаньня „а“ і „ы“ замест ненаціскнога „е“ („э“), дадзеныя ў народным вымаўленьні і зафіксаваныя ў літаратурным ужываньні.

7. Пасьля выхаду з друку падрабязяага расійска-беларускага слоўніка, на грунце яго матэрыялаў, апрацоўваепца спэцыяльны правапісны слоўнік беларускай мовы.

Полымя“ 1927 г., № 4.



  1. Лепш было-б казаць — зваротная спадчыннасьць. М. Б.
  2. Выабразім сабе, што прыдзецца перакласьці з расійскае мовы: „Войско атаманов напало на оттоманское войско“. Ці будзем перакладаць: „Войска атаманаў напала на атаманскае войска“.