Перайсці да зместу

На літаратурныя тэмы (1929)/Да пытаньня аб мэтодах і прыёмах нашае крытыкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да пытаньня аб чужаземных словах у нашай мове Да пытаньня аб мэтодах і прыёмах нашае крытыкі
Мовазнаўчы артыкул
Аўтар: Мікола Байкоў
1929 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да пытаньня аб мэтадах і прыёмах нашае крытыкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ПЫТАНЬНЯ АБ МЭТОДАХ і ПРЫЁМАХ НАШАЕ КРЫТЫКІ.

I.

Наогул аб нашай крытыцы.

Пытаньне аб нашай літаратуснай крытыцы, разумеючы пад гэтым тэрмінам крытыку як уласна-літаратурных, гэтак і навуковых твораў, набывае ў наш час асаблівае значэньне, як найактуальнейшая літаратурная проблема. Аб гэтым яскрава сьведчыць як рост літаратурна-крытычных артыкулаў і вяўленьне спэцыяльных аддзелаў крытыка-літаратурнага зьместу на старонках газэт „Зьвязда“. і „Савецкая Белерусь“, гэтак, асабліва, ажыўленьне літаратурнай полемікі. Усё гэта, разам і паасобку ўзятае — ясныя „азнакі часу“. Яны паказваюць на рост і паглыбеньне нашай пролетарска-беларускай літаратуры. Як і ў іншых галінах савецкага будаўніцтва, у галіне літаратуры надыходзіць момант самакрытыкі, яснага ўсьведамленьня сабе задач і мэтаў літаратурнае працы. І ў гэтым — значная: розьніца ў стане нашай сучаснай літаратуры параўнальна з тым, што — было ў літаратуры ў першыя гады рэволюцыі. Толькі зрэдку і як-бы выпадкова тады зьяўляюцца на старонках нашага друку крытычвыя артыкулы. Гэтым наша літаратура першых дзён рэволюцыі адрозьнівалася нават ад літаратуры „нашаніўскае пары“, калі ўжо зьявіліся парасткі сур‘ёзнай крытычнай літаратуры ў артыкулах М. Багдановіча, А. Навіны, Г. Леўчыка ды інш. Дапраўды, ёсьць пэўны сэнс у гэтай зьяве ў першыя гады рэволюцыі. У той момант, калі толькі што наладжвалася пролетарская дыктатура ў Беларусі, і беларуская пролетарска-сялянская літаратура знаходзілася яшчэ ў зародкавым, гэтак кажучы, стане, тады было зручней маўчаць: усякая крытыка, асабліва жорсткая, бязьлітасная, магла толькі наперашкодзіць справе. Аднак, ужо неўзабаве пасьля таго, як зрабілася прыкметным узмацненьне савецка-культурнага будаўніцтва, патрэба крытыкі пачала адчувацца ўсё больш і больш мацней. Цяпер-жа, пасьля дзесятых угодкаў Кастрычнікавай рэволюцыі, замоўчваньне недахопаў у розных галінах нашай дзейнасьці ўжо ня толькі недапушчальна, але і проста зьявілася-б шкодным для посьпехаў соцыялістычнага будаўніштва ў далейшым. Мы і бачым, што цяпер у розных часопісях выдаюцца больш-менш значныя літаратурна-крытычныя таленты. І не бяда тое, што іх крытыка часам набывае бязьлітасны выгляд, выяўляючыся нават у форме абсолютна-адмоўнай ацэнкі аўтарскіх твораў. Для аўтараў — залатая ісьціна: „лепей хай лаюць, чымся маўчаць“, — і поўнае маўчаньне аб кнізе або пэўным аўтарскім творы роўназначна найніжэйшай ацэнцы. Аўтар, які толькі піша і аб якім нічога ня пішуць, — самая няшчасная зьява ў літаратуры. Тутака ён, папраўдзе, — нішто, нуль у літаратурных адносінах. Гэтак у крытыцы сваіх твораў зацікаўлены і самі аўтары. Усё гэта — труізмы.

Аднак бываюць розныя віды крытыкі. Ясная справа, што каштоўнасьць выяўляе об‘ектыўная бесстаронная крытыка, якая выходзіць з мотываў паспрыяць удасканаленьню навуковай або літаратурнай працы. Ёй супярэчыць суб‘ектыўная крытыка, крыніцы якой амаль заўсёды даны ў асабістых цікавасьцях аўтара крытыкі. Апроч таго, маюць вельмі важнае значэньне і паасобныя прыёмы, спосабы крытыкі. Бываюць вельмі некорэктныя, лапезныя крытыкі. Часам крытыка прымае форму недапушчальнай лаянкі, — і лаянкі, накірованай супраць асобы аўтара. Апроч „брахунства“, часам выяўляецца ў крытыкаў гарэзьлівасьць і забіяцтва, — тое, што магчыма было-б назваць, ужываючы расійскую тэрмінолёгію, „литературным мальчишеством“. Ёсьць і проста „няцнотныя“, — „блудлівыя“ крытыкі. Усё гэта, канечна, становіць адхіленьні ад норм здаровай марксыцкай крытыкі, — а шкада тое, што гэтыя адхіленьні выступаюць дзе-ні-дзе і ў нашай літаратурнай крытыцы, у некаторых-жа крытыкаў, і нават у цэлых журнальных колектывах, у апошні час маюць нахіл зрабіцца свайго роду традыцыяй. Зразумела, што гэта зьява вельмі шкодная ў нашай літаратуры. Ёю наша сучасная літаратурная крытыка пэўных асоб значна адрозьніваецца ад спакойнай сур‘ёзнай крытыкі „нашаніўцаў“, — і барацьба з гэтай ненормальнай зьявай становіць чарговую задачу бягучага моманту. Посьпехі далейшага разьвіцьця беларускай літаратуры і нашага ўдасканаленьня ў навуковых адносінах, наогул посьпехі нашага нацыяцальна-культурнага будаўніцтва ў значнай меры залежаць ад таго, ці здолеем мы адкінуць тое шкоднае, нездаровае, што выяўляецца цяпер у галіне нашай літаратурнай крытыкі, і дарасьці да ступені сапраўднай об‘ектыўнай марксыцкай крытыкі.

З гэтага погляду, ужываючы спосаб „ад супраціўнага“, варта спыніцца на некаторых паасобных выпадках у галіне нашай літаратурнай крытыкі і паасобных прыёмаў крытыкаў.

У першую чаргу можна зьвярнуць увагу на крытычныя прыёмы Яз. Лёсіка і некаторых крытыкаў з „Узвышша“.

II.

Аб крытычных прыёмах Яз. Лёсіка.

Крытычныя „здольнасьці“ Яз. Лёсіка выявіліся ў сваім эмбрыёнальным стане яшчэ задаўна, у часе выхаду „Вольнай Беларусі“ і „Звону“; першае-ж яго выступленьне на старонках „тоўстых“ часопісяй адбылося ў часопісі „Адраджэньне“, — і ўжо тады яскрава вызначыўся характар яго крытычных ацэнак. „Гарачнасьцю, вульгарнасьцю і бульварным, нелітаратурным грубым тонам“, пісаў тады на старонках „Савецкай Беларусі“ адзін зганьбены паважаным крытыкам аўтар пад псэўдонімам Н. М-чук, „вызначаюцца „рэцэнзіі“ Яз. Лёсіка. Сустракаюцца, напр., такія словы, як „салапякі“, „вярзьці“, „дзяўчаты-б верацёнамі запаролі“, „вар‘яцкі дом“ і іншыя пэрлы дзіўнага лексыкону. Чуецца ў гэтых заметках нейкая надмерная нэрвовасьць, суровасьць і аднабокасьць ацэнкі. Папраўдзе, ацэнкі ніякай няма, а толькі брыдкая лаянка. „Рэцэнзэнт“ ад вялікай гарачнасьці пачынае сыпаць расійскімі ядранымі фразамі. Глядзіш і вачом ня верыш.

Пасьля гэтай водпаведзі крытычная дзейнасьць т. Лёсіка на некаторы час прыпынілася. Ва „Увагах да нашае літаратурнае мовы“, што друкаваліся на старонках „Полымя“ за 1924 г., знаходзім толькі безоб‘ектныя і бескалёрныя, у значнай меры залежныя ад падобных-жа заўваг аб украінскай літаратурнай мове В. Курыла, закіды супраць усяе нашае журналістыкі ў цэлым.

Аднак, у апошні час т. Лёсік зноў вышаў на поле літаратурных боек.

У другім нумарыУзвышша“ за мінулы год паміж іншых рэцэнзій зьмешчана вялікая рэцэнзія, свайго роду крытычны артыкул Яз. Лёсіка на Беларуска-расійскі слоўнік“ М. Байкова і С. Некрашэвіча. Рэцэнзія была зачытана, як даклад, на агульным сходзе Аддзелу Мовы і Літаратуры Інстытуту Беларускай Культуры.

Гэта, так кажучы, — спроба навукова-літаратурнай крытыкі з боку Яз. Лёсіка.

Тая акалічнасьць, што т. Лёсік сярод сваіх граматычна-правапісных прац знайшоў час для дакладнага разгляду слоўніка і нават зачытаў сваю рэцэнзію на сходзе навуковай інстытуцыі, сама па сабе становіць дадатную зьяву ў галіне нашага навукова-літаратурнага жыцьця. У дакладным разглядзе слоўніка, папершае, зацікаўлены самі аўтары. Гэта — неабходная ўмова для выпраўленьня іх памылак і апушчэньняў. Самая прырода слоўнікавае працы такая, што кожны, нават найбольш дакладны слоўнік павінен выклікаць крытыку. У наш-жа час, момант сформаваньня літаратурнай беларускай мовы, суворая, бязьлітасная крытыка беларускіх слоўнікаў зьяўляецца простай неабходнасьцю.

Аднак, ці зьявілася карысным выступленьне т. Лёсіка? Ці пазбавіўся ён ранейшых лапезных прыёмаў сваёй крытыкі? Ці ўдалося яму натрапіць на шлях об‘ектыўнага, бесстароннага, угрунтаванага разгляду?

Суб‘ектывізм, выбрыкі некорэктнасьці і бульварнай грубасьці, разьлічаныя на танны эфэкт, заразумеласіць рэцэнзэнта і неўгрунтаванасьць паасобных заўваг пры адсутнасьці чуцьця навуковай крытыкі, — вось што кідаецца ў вочы, калі чытаеш рэпэнзію.

Суб‘ектыўны падыход да слоўніка заўважаецца ўжо ў пачатку рэцэнзіі. Рэцэнзэнту, бач, не падабаецца, што „за час друку слоўніка аб ім ня раз апавяшчалася ў газэтах і часопісях, успаміналася і ў рэцэнзіях“, дзякуючы чаму „цікавасьць грамадзтва да яго вельмі вырасла“, — і ў гэтым афішаваньні слоўніка, відавочна, на думку рэцэнзэнта, вінавайцы — аўтары і ранейшыя рэцэнзэнты слоўнікавых прац. Вось ужо сапраўды суб‘ектыўны і некорэктны падыход! Об‘ектыўна разважаючы, можна проста казаць, што ў наш час больш-менш поўны беларуска-расійскі слоўнік павінен цікавіць грамадзтва без абы-якога спэцыяльнага афішаваньня. І ці аўтары слоўніка вінаваты ў тым, што рэцэнзэнты ранейшых слоўнікавых прац мелі на ўвазе выхад у сьвет беларуска-расійскага слоўніка, які, ня гледзячы на ўсю сваю непаўнату і хібы, усё-ж такі можа быць карысным у справе вывучэньня беларускай мовы? Пры чым тут аўтары і ці пад іх уплывам пісаліся рэцэнзіі на „Практычны расійска-беларускі слоўнік“ М. Байкова і М. Гарэцкага?

Дапусьціўшы адну некорэктнасьць супроць рэцэнзэнтаў „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“, Яз. Лёсік праз некалькі радкоў дапушчае і другую. „Галаслоўнай“ называе ён пахвалу тых крытыкаў, што аб ім пісалі, ня прыводзячы ніякіх аргумэнтаў, апроч спасылкі на прадмову саміх аўтараў да другога выданьня слоўніка, дзе яны пісалі: „На жаль, і да гэтага часу не зьявілася ў друку паважнае крытыкі на наш слоўнік. Ацэнкі, якія былі зьмешчаны ў часопісях, „Полымя“ і „Асьвета“, больш хваляць, чымся ганяць слоўнік: крытыка вельмі павярхоўная“. Але-ж ясна, што з заўвагі на павярхоўнасьць крытыкі яшчэ не вынікае вываду аб галаслоўнасьці агульнай ацэнкі, якая ў рэцэнзэнтаў не залежала ад крытыкі паасобных перакладаў слоўніка, а абумоўлівалася яго агульным значэньнем, як першага больш-менш поўнага расійска-беларускага слоўніка. У кожным разе ўжо адно чуцьцё мовы і літаратурная далікатнасьць прымушалі-б да асьцярожнасьці з ужываньнем тэрміну „галаслоўнасьць“. Гэтых якасьцяй, як відаць, бракуе т. Лёсіку, і ў сваёй рэцэнзіі ён аднаўляе прыём лапезнай крытыкі: каб павялічыць вартасьць сваёй крытыкі, вылівае ў пачатку рэцэнзіі памыі на ранейшых крытыкаў! Прыём застарэлы і няварты насьледаваньня!

А вось-жа сам т. Лёсік бяз сур‘ёзнай рацыі кажа, што ў „Бядулі, як у поэты, часта (курсіў мой, М. Б.) ужываюцца словы ў неналежным значэньні“. З гэтай заўвагі выходзіць, што, наогул у нашай поэзіі словы часта ўжываюцца ў неналежным значэньні. Ці ўгрунтавана гэта галаслоўнае дапушчэньне? Яно выказана без абы-якіх угрунтаваньняў. З аднакавай рацыяй можна казаць, што ў Бядулі, як і ў іншых поэтаў, словы ўжываюцца ў неналежным значэньні не часьцей, чымся ў самаго рэцэнзанта.

Суб‘ектыўна і пры тым ненавукова, без знаёмства з адпаведнай слаўнікарскай літаратурай і прынцыпамі слоўнікавай працы, т. Лёсік пярэчыць занясеньню ў беларуска-рускі слоўнік слоў пэўнай катэгорыі, тых слоў, што зазвычай называюцца брыдкімі словамі. Відаць, што крытыку невядомы словы вядомага расійскага слаўнікара Ўл. Даля: „Словарник не узаконитель, а раб языка: что есть, он обязан собрать и не может выкидывать то, что ему не нравится“ (В. Даль, „Искажение русского языка“). Пэўна, што гэтых слоў Даля ня ведае т. Лёсік, а калі-б ён ведаў іх, дык ня пісаў-бы так катэгорычна, як ім напісана ў рэцэнзіі аб „неабходнасьці раз назаўсёды выясьніць і зьліквідаваць адну недарэчнасьць, якая нязьменна паўтараецца ва ўсіх нашых слоўніках, што складалі сумесна з М. Байковым“; з другога боку, прыродная далікатнасьць і тактоўнасьць не дапушчалі-б рэцэнзэнту абвінавачваць апошняга аўтара ў прыхільнасьці да падобных слоў. Каго і да чаго абавязвае рэгістрацыя такіх слоў? Нікога і ні да чога! Аўтарамі слоўнікаў рэгіструюцца толькі факты, фэномэны мовы.

Праўда, у крытыка ёсьць прычэпка: беларуска-расійскі слоўвік ён разумее толькі (курсіў мой. М. Б.) як слоўнік літаратурнай беларускай мовы.

Ці правільнае гэта разуменьне і ці не выяўляюцца ў ім пэўныя спэцыфічныя для крытычнага мэтаду Лёсіка прыёмы?

У прадмове да слоўніка чытаем: „Мэта гэтага беларуска-расійскага слоўніка — даць дапамогу пры чытаньні сучасных беларускіх выданьняў тым асобам, якія хоць і маюць або элемэнтарна-тэорэтычнае або практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ ня зусім дакладна ўяўляюць сабе тое слоўнікавае багацьце, якім уладае сучасная навукова-літаратурная беларуская мова ў параўнаньні з мовай расійскай. Паказанай мэтай тлумачыцца тая асаблівасьць слоўніка, што тут значная ўвага накірована на словы і тэрміны, ужываныя ў навукова-літаратурнай мове“. З гэтай выняткі ясна відаць, што, паколькі значная ўвага ня ёсьць яшчэ выключнай увагай, беларуска-расійскі слоўнік толькі ў пэўных адносінах ёсьць слоўнікам літаратурнай мовы, і ня ўсе словы, якія зарэгістраваны ў ім, маюць літаратурнае ўжываньне. Каб давесьці сваю думку, крытык бярэ толькі першую палову цытаты, не зважаючы на тое, што самі аўтары не надаюць сваёй працы значэньня, якое ёй хоча даць рэцэнзэнт. Апошні сказ з цытаты без цырамоній выкідаецца ў рэцэнзіі. Як назваць гэты прыём абкарнаньня і, значыцца, наўмысьля-няправільнага вытлумачэньня слоў аўтараў? Разумеецца, што гэты прыём нягожы для сур‘ёзнай крытыкі,

Занядбаньнем або няведаньнем таго, што „словарник не есть узаконитель языка“, тлумачацца пэўныя заўвагі рэцэнзэнта аб зьмесьце слоўніка. Да гэтага далучаецца надзвычайная, хаця і ні чым не апраўданая, заразумеласьць крытыка. Ён папікае аўтараў слоўніка, што вось яны пішуць: „адзяржаць“, а не „аддзяржаць“, „атрымаць“, а не „адтрымаць“, як яму хочацца, што яны, бяруць прыметнік „буйны“ ў сэнсе „буйны горад“, што, урэшце, перакладаюць „зачынены — закрытый“, а „зачыняць — закрыть“. Гэта, на яго думку, значныя хібы. Аднак-жа, наша навукова-літаратурная мова ведае „зачыніць“ у сэнсе „закрыть“, адкуль „зачыніць сход“ як роўна „зачынены сход“; „буйны горад“ знаходзім у падручніках географіі Азбукіна, у географіі-ж Беларусі Арк. Смоліча напаткаем „буйны капітал“. Слаўнікар ёсьць нявольнікам мовы, і выпраўленьняў да таго, што de facto існуе ў звычайнай мове, ён ня робіць. Гэта занядбае т. Лёсік і вымагае ад аўтараў слоўніка таго, на што яны ня могуць згадзіцца, лічачыся з тым, як ужываюцца словы звычайна, а ня толькі Яз. Лёсікам. Таксама звычайна пішуць: „атрымаць“ і „адзяржаць“: так даны гэтыя словы і ў „Беларуска-Маскоўскім слоўнічкуМ. Гарэцкага (прыраўн. польск. otrzymać і odzierżyć; думка-ж аб тым, што трэба пісаць „адтрымаць“ і „аддзяржаць“, пакуль што ёсьць прыватная, неабавязковая ні для каго, думка т. Лёсіка — і лічыцца з тым, што і як думае ён, асабліва ня прыходзіцца. Бо не ўзаканіцель-жа мовы Яз. Лёсік, і яго погляды ня могуць быць догмай нашага мовазнаўства. Наадварот, зусім дапушчальна, што ён можа памыляцца, і вельмі часта памыляецца. Так, напр., памылкова з погляду жывога народнага ўжываньня тлумачыць „зачыняць“ толькі, Як „затворять“, і „адчыняць“ толькі, як „отворять“. Іначай, як можна перакласьці хаця-б вось гэты прыклад, „Казак і апавяданьняў“ Ал. Сержпутоўскага, 6 стар., у выданьні інстытуту Беларускае Культуры: „Прышоў пуоп і веліеў адчыніць дамавіну“. Ніводзін расіец ня кажа, што „гроб“ можна „отворить“. Тутака адзіночна магчымы пераклад: „открыть“, Такім спосабам, у гэтым, прынамсі, выпадку, жывая беларуская мова супярэчыць зацьвярджэньню Лёсіка[1]. Супярэчыць яна і іншым яго зацьверджаньнем, як, напр., упартаму адстойваньню штучнага „сапраўды“ замест народнага „запраўды“. Чаму-ж тут напушчаць на сябе міну непахібнасьці і няпрызнанай аўторытэтнасьці.

Пераходзім цяпер да аб‘ёму і зьместу слоўніка. Гаворачы аб аб‘ёме слоўніка, Яз. Лёсік, як гэта зазвычай да яго, ломіцца ў адчыненыя дзьверы і даводзіць, што ў слоўніку няма некаторых характарных беларускіх слоў. Няма, кажа ён, такіх слоў, як астычыны, ашморгаць, ашаламуціць і г. д. Зусім непатрэбна было рабіць такіх пералічэньняў. У прадмове да слоўніка ясна сказана, што ён ня ёсьць яшчэ поўным слоўнікам беларускай мовы, з „літаратурных-жа твораў выбраны толькі некаторыя характарныя словы“. Паказана ў прадмове і на тое, што слоўнік напісаны ў працягу 4 месяцаў. Рэцэнзэнт чамусь замоўчвае гэтыя паказаньні і, як відаць з яго рэцэнзіі, ставіць аўтарам задачу ня больш ня менш, як напісаць у працягу 4 месяцаў поўны слоўнік беларускай мовы, які мог-бы перасягнуць „Словарь белорусского наречияНасовіча, і дзе было-б вычарпана поўнасьцю слоўнікавае багацьце нашай літаратурнай мовы. „Я не памылюся“, заяўляе ён, „калі скажу, што слоўнік Насовіча яшчэ доўга будзе служыць для нас недасяжнаю велічынёю“. Я-ж магу спытацца ў т. Лёсіка: ці магчыма, навукова разважаючы, дапусьціць апрацаваньне ў працягу 4 месц., хаця-б і дзьвума асобамі, слоўніка, які перасягнуў-бы з боку свайго аб‘ёму і зьместу слоўвік Ів. Насовіча. матэрыял для якога назьбіраўся ў працягу 16 год? У гэтай заяве Лёсіка, як нельга больш, выразна выявілася ўся слабасьць яго мэтодолёгічнай падрыхтоўкі да крытыкі слоўнікавых прац, а бяз гэтай падрыхтоўкі ня трэба было зусім брацца за крытыку, асабліва з тэй чыста ненавуковай надзіманасьцю, якой яна прасякнута ад пачатку да канца.

Канечна, у цяперашнім сваім выглядзе слоўнік мае шмат недахопаў. Наогул можна згадзіцца з т. Лёсікам, што аўтарам слоўніка трэба яшчэ шмат папрацаваць, каб давесьці яго да належнай вышыні. Аб гэтым няма чаго і спрачацца. А каб аўтары слоўніка змаглі давесьці сваю працу да дасканаласьці, патрабуюцца выпраўленьні з боку знаўцаў да паасобных месц слоўніка. Прыгэтым ясна, што тыя выпраўленьні, якія даюцца на старонках друку, набываюць для ўдасканаленьня слоўнікаасаблівую каштоўнасьць, бо нельга-ж выступаць на старонках друку з павярхоўнымі заўвагамі.

Выпраўленьні да паасобных месц слоўніка, адзначаючы памылкі, якія „кожнаму могуць кінуцца ў вочы“, і дае т. Лёсік.

Аднак-жа паглядзім, што гэта за выпраўленьні, якая іх об‘ектыўная, навуковая вартасьць?

Трэба прызнацца, што некаторы процант гэтых выпраўленьняў мае рацыю. Да гэтай катэгорыі належаць выпраўленьні да слоў: „абноч“ (не „ночью“, як растлумачана ў слоўніку, а „в течение ночи“), „азярод“ (ня „“сушилка, а „приспособление из жердей и бревен для сушки снопов“), „азярына“, „акыш“, „вымерхацца“ і інш. Аднак такіх удалых выпраўленьняў зусім нязначны процант. Большасьць-жа іх няўдачныя, выяўляюць незнаёмства рэцэнзента з крыніцамі, слабае веданьне ім расійскай мовы, адсутнасьць у яго прыёмаў навукова-літаратурнай крытыкі і могуць нават сьведчыць аб тым, што ён „слаба разьбіраецца ў значэньні беларускіх слоў“, чым ён думае папікнуць аўтараў слоўніка.

Гэтыя „выпраўленьні“ вельмі паказальны для характарыстыкі паасобных прыёмаў і мэтодаў „крытыкі“ рэцэнзэнта.

Каб ня быць галаслоўным, варта спыніцца на некаторых выпраўленьнях.

„Адкуль гэта аўтары ўзялі“, пытаецца т. Лёсік, „што слова „акуляры“ жаночага роду?“

Трэба было яму даведацца да недасяжнага пакуль што „Словаря белорусского наречия“ Насовіча, — і тут ён прачытаў-бы:

Окуляры,-ръ с. ж. употр. во мн.“

Таксама, не зазірнуўшы ў слоўнік Насовіча, рэцэнзэнт без абы-якой падставы лічыць слова „абкарнаць“ небеларускім, а расійскім, і нават выпраўляе яго значэньне „окоротить“. А тымчасам у Насовіча знаходзім: „карнаць“ і „карнаціць“ у сэнсе „окорачивать“; далей ідуць словы „карнаны“, „карнат“, „карнаты“, „карнаценькі“, „карнацік“, „карначык“, „карнавухі“, „карнавушка“. Цікава, што слоў „карнат“, „карначык“, „карнавушка“ зусім ня знойдзем у расійскім ужываньні. Таксама „небеларускае“, на думку Лёсіка, слова „сабачыцца“ дана ў Насовіча. Папікаючы памылкова аўтараў слоўніка за вялікарусізм, рэцэнзэнт сам дапушчае яўны полёнізм. „Дзяржальна — гэта не черенок; черенок — гэта тронкі“. Што ъътронкіъъ (польскі tronek) — гэта полёніэм, досыць ясна.

Даю іншыя прыклады падобнага-ж роду.

„Абпляскаць“, — зацьвярджае рэцэнзэнт, — гэта зусім не „оттрепать“, а — ў Насовіча бачым: „Обпляскаць, сов. д. гл. Пляскаць. Оттрепать: „Щоки обпляскаю твое за гето“.

„Абшар“ — слова польскае, паводле паказаньня рэцэнзэнта, а значыць, яно ня „край“, як тлумачаць аўтары, а толькі „пространство“. Каб давесьці, што аўтары слоўніка слаба разьбіраюцца ў значэньнях слоў, рэцэнзэнт дапушчае скажэньне тлумачэньня гэтага слова. У слоўніку надрукавана: „Абшар м. — край, пространство“. Гэты, зразумела, спосаб крытыкі недапушчальны з погляду літаратурнай этыкі! Але дапусьцім, што слова „габшар“ — польскае, хаця яно і ўжываецца ўсімі нашымі пісьменьнікамі. Чытаем у слоўніку польскай мовы Karłowicza (Słownik języka polskiego) „Obszar, u, Im. y, 1. przestrzeń rozległa wzdłuż i wszerz; 2 określona wielkość powierzchni, terytorjum“. Відаць, што рэцэнзэнт слаба ведае польскую мову!

Будзька — будзільнік“ (правапіс рэцэнзіі М. Б.): „Зусім ня тое“, — кажа т. Лёсік, А ў слоўніку М. Гарэцкага чытаем: „будзька — тот, кто будит, будильник“ з прыкладам: „З нашым будзькам не засьпімся“.

Вартоўны — дорого стоющий, — сказана ў слоўніку. «Дорого стоющий», разважае т. Лёсік, будзе дарагі, а вартоўны — гэта скарэй тое, што належыць да варты“. А вось-жа ў слоўніку Насовіча чытаем: „Вартовный, прил. Дорого стоющий, цѣнный. Вартовный товар, вартовная хустка, одзежа“.

Галачка — зацьвярдвае т. Лёсіку гэта ня галька, а маленькі шарик, скамечаны, напр., з хлебнага мякіша“. А тымчасам у двох выпусках „Беларускай Навуковай Тэрмінологіі“ (III і V) расійскае „галька“ перакладаецца „галачка“. І чаму-б Лёсіку не зазірнуць у выпускі навуковай тэрмінолёгіі, тым больш, што беларусаведы-прыродазнаўцы больш за яго компэтэнтны ў разуменьні слоў „галька“ — „галачка“.

Загусьці — заплакать, зареветь, завыть?! Першы раз чую, такое тлумачэньне звычайнага слова“ — кажа т. Лёсік.

7. На літаратурныя тэмы. 193

Аднак, у „Маскоўска-беларускім слоўніку“ М. Гарэцкага так і напісана: „загусьці — заплакать, зареветь, завыть“. І ў слоўніку Насовіча: Загусьць, сов. глагола Гусьць. Завыть, завопить — „Загула, як. воўк“. — Аб чым-жа можа сьведчыць Лёсікава „першы раз“? — Аб тым, што ён „першы раз“ заглядае ў слоўнікі беларускай мовы.

А вось яшчэ характарны выпадак:

Казлытаць — ці не казытаць гэта?“ — пытаецца рэцэнзэнт. А вось, напр., на 62 стар. роману Ц. ГартнагаСокі Цаліны“, „Бацькава воля“, чытаем: „Рыгору ўсё гэта дужа падабалася, наводзіла на прыемныя думкі і казлытала сваёй пекнасьцю ўсю яго істоту“. І на працягу ўсяго гэтага роману праводзіцца толькі адзіная форма „казлытаць“. З погляду-ж лексыколёгіі, ужываньне слова ў пэўным выглядзе Ц. Гартнага больш паказальна, чымся сотні і тысячы пытаньняў т. Лёсіка.

Радзіма, — кажа т. Лёсік, м гэта ня родина; радзіма або радзіна — гэта родня, усе родственники, родные“. А вось-жа ў романе „Сокі Цаліны“, квадра II, стар. 296 чытаем: „Рыгор прасіў напісаць ліст таварышу на радзіму“. У сэнсе „родина“ слова „радзіма“ ўжываецца і ў популярным падручніку „Радзімазнаўства“ М. Грамыкі.

Даных прыкладаў, як здаецца мне, досыць, каб паказаць, як знаёмы аўтар рэцэнзіі на слоўнік з крыніцамі слоўніка, паказанымі ў прадмове.

А як-жа т. Лёсік ведае расійскую мову?

Пытаньне — натуральнае, бо веданьне расійскай мовы для крытыка беларуска-расійскага слоўніка зьяўляецца абавязковым.

Ішоўшы — идя по пути; идя, то идя, але прычым тут „по пути“? Ісьці можна і па траве“, — думае састроіць жарт, выкідаючы коску: паміж, „идя“ і „по пути“ (у тэксьце слоўніка: „Ішоўшы — идя, по пути“). аўтар рэцэнзіі і выказвае сваё няведаньне зваротаў расійскай мовы. Бяру, напр., беларускую фразу — „Ішоўшы ў лес, я сустрэўся з дзяўчынай“. Ясна: што кожны расіец тут скажа: „По пути в лес я встретился с девицей“.

Лунаць — вітаць (правапіс рэцэнзіі! М. Б.); нешта зусім незразумелае“, піша т. Лёсік. Незразумелае для асобы, якая ня зусім добра ведае расійскую мову, прытым пішучы няпісьменна „вітаць“ супраць „витать“, што стаіць у слоўніку. Ня ведаючы добра расійскай мовы, трэба было-б зазірнуць у адпаведныя слоўнікі. І вось, згодна тлумачэньня Даля, слово „витать“ значыць „двигаться в вышыне, носиться“. І ў расійскім акадэмічным слоўніку (I т., СПБ, 1891 г.) чытаем под словам „витать“ „в современном языке употребляется в смысле: носитрся в воздухе (фр. planer)“ і прыклад з Дзяржавіна:

А здесь по воздуху витает
Пернатых, насекомых рой.

Ці цяпер ня зусім зразумела, што расійскае „витать“ якраз адпавядае ў сваім сэнсе беларускаму „лунаць“?

І ці не зразумела пасьля гэтага, чаму Лёсік, чытаючы ў слоўніку: „лява — лава“, ня ведае, якая гэта лава. Якая? — Звычайная „вулканическая лава“, і канечна, — ня „ўслон“, не „тапчан“, ня „лава“ ў беларускім сэнсе гэтага слова.

Слабым веданьнем крыніц беларускай лексыколёгіі і слабым веданьнем расійскай мовы тлумачыцца тое, што рэцэнзэнт часам вельмі слаба разьбіраецца ў значэньнях беларускіх слоў у перакладзе іх у расійскую мову, — і яго тлумачэньні часам супярэчаць сапраўднаму сэнсу слова ў літаратурным або вусным народным ужываньні.

Цікава ў гэтых адносінах спыніцца на некаторых тлумачэньнях рэцэнзэнта.

Вожаг (або вожыг), кажа ён — гэта ня „палка от метлы“, а ўся мятла з хваёвых зялёных лапак, якою вымятаюць печ перад тым, як садзіць пячы хлеб“. А вось у слоўнічку М. Гарэцкага чытаем: „вожыг — обгорелый конец палки“, у рукапісу слоўніка Мядзьведзкага: „Вожыг — остроконечная палка“. Картка, запісаная корэспондэнтам Слоўнікавай Камісіі т. Ан. Саладуха ў в. Падлужжа, Грэск. р., Случчыны, дае паказаньні: „вожаг — кол, на які надзяецца венік. Падай вожаг — я надзену венік“. Значыцца, народнае ўжываньне слова адпавяднае таму значэньню, якое яму дзецца ў слоўніку. І як гэта можна пісаць, што абпаленая мятла, якой вымятаюць печ, мае зялёныя лапкі?

Спынімся яшчэ на адным характэрным для мэтодаў крытыкі рэцэнзэнта прыкладзе.

Почат — гэта не абразец“, кажа т. Лёсік, „абразец (правапіс рэцэнзіі! М. Б.), — панашаму — узор“. У Насовіча гэтае слова тлумачыцца гэтак: однообразие, сходство. Невядома, чым кіраваўся рэцэнзэнт, даючы недакладную выпіску з Насовіча. А ў слоўніку Насовіча дакладна чытаем вось што: „Почет, у, с. м. Однообразие, сходство, образец“. А з прыкладаў, якія даны ў Насовіча і прыводзяцца Лёсікам — „Не аднаго почату рукавіцы“; „На почат гэтага зьдзелай (у рэцэнзіі даны прыклад: „На почат гэтага зрабі“), — з гэтых прыкладаў ясна відаць, што „почат“ парасійску будзе, якраз „образец“ (або „фасон“).

Ня дзіва, што часам рэцэнзэнт зьяўляецца беспарадным у тлумачэньні беларускіх слоў у расійскую мову.

Жахліва, жахлівасьць — гэта трохі ня тое, што баязьлівасьць“. А што-ж т. Лёсік? Няможна-ж азначаць так паняцьці. Элемэнтарная лёгіка зацьвярджае: азначэньне не павінна быць адмоўным.

Пячурка — гэта ня норка і не ямочка в печи, а „загнетка“. Ніколі ня ўжывае расіец слова „загнетка“, а гэта беларускае слова парасійску і будзе мець тое значэньне, якое даецца ў слоўніку Насовіча слову „пячурка“, — „горнушка, ямка в печи, нарочито сделанная для загребания туда жара“.

Пэўны процант заўваг рэцэнзэнта тлумачыцца занядбаньнем ім прынцыпаў навуковага цытаваньня. Напр., чытаем у рэцэнзіі:

Мыт — панос, а далей ідзе такое аб‘ясьненьне: редкие и частые испражнения. Рэдкія — гэта пабеларуску, а парасійску — жидкия“. Дапусьцім, што гэта так, аднак у слоўніку „Редкие и частые испражнения из заднего прохода“ пастаўлены ў дужках з адзначэньнем „Ц.“, г. зн., што гэта тлумачэньне ўзята з слоўніка Ціхінскага. А ці невядома вам, рэцэнзэнту, што правілы навуковага цытаваньня не дапушчаюць аніякіх зьмен у тэксьце цытаты супраць аўтэнтыку? Кажу ад сябе: пэўна невядома, — іначай у рэцэнзіі не скажаўся-б тэкст слоўніка, які рэцэнзуецца, не скажаўся-б тэкст слоўніка Насовіча, не скажаліся-б прыклады з Насовіча! А такія скажэньні факт, прыкры факт!

Гаворачы аб крытычных прыёмах Яз. Лёсіка, у адным няможна яму адмовіць, у нейкай неадпаведнай нашаму часу „непасярэднасьці“.

Гэтай непасярэднасьцю выкупляюцца шмат якія яго нетактоўнасьці.

З якой, напр., непасярэднасьцю напісана ў тэй-жа самай рэцэнзіі: „Зрабілі сабе людзі цацку ды, як той летапісец сказаў, „ніхто-ж іх біша, самі ся мучыху“. А збавіцца ад гэтае цацкі можна проста і лёгка, калі ўмовіцца пасьля націску заўсёды пісаць „я“, а ня „е“. Гэта простае кароценькае правіла збавіла-б нас, паміж іншым, і ад тых 14-ці выключэньняў, якімі абдараваў нас правапіс Б. Тарашкевіча“.

Гэтак піша Яз. Лёсік аб правапісу чужаземных і некаторых беларускіх слоў у слоўніку.

Аднак-жа ясна, што ня ўсё просьценькае з неспакушонага пагляду зьяўляецца такім з погляду навуковага. А „иная простота“, як кажуць расійцы, „хуже воровства“. І ня так проста, як думае рэцэнзэнт, стаіць справа з правапісам Бр. Тарашкевіча, які ў нашых школах вывучваецца ў „простым“ выкладзе Яз. Лёсіка.

У кожным-жа разе аўтары прац, якія рэцэнзуюцца, маюць усе падставы вымагаць, каб у іх крытыкаў, апроч непасярэднасьці, было яшчэ пачуцьцё навуковай об‘ектыўнасьці і патрэбны запас мэтодолёгічных ведаў. Суб‘ектыўныя-ж неўгрунтаваныя закіды супраць пэўных асоб могуць толькі нашкодзіць інтарэсам нашай крытыкі.

II.

Аб „крытыках“ з „Узвышша“.

Рэцэнзіяй Яз. Лёсіка на беларуска-расійскі слоўнік была распачата кіраўнікамі „Узвышша“ полемічная кампанія 1927 году. Згодна прыказкі — „чым далей у лес, тым болей дроў“. І вось з цягам часу баявы тонус узвышаўскай крытыкі ўсё больш ды больш узмацняецца.

Перада мною ляжыць № 3Узвышша“ за 1927 г., які, папраўдзе, дзякуючы артыкулу К. КундзішаSine ira et studio“ і шэрагу іншых крытычных ацэнак, павіянн пакінуць пасьля сябе сьлед у гісторыі ненормальных ухілаў беларускай крытыкі.

Каб зразумець і ацаніць сэнс гэтых крытычных ацэнак, трэба мець на ўвазе папярэднія факты.

Факты — наступныя.

Папершае, у № 106Савецкай Беларусі“ за 13 мая 1927 г. быў выдрукаваны крытычны артыкул З. ЖылуновічаЦі сапраўды „Узвышша“ ёсьць узвышша?“, прадоўжаны ў двох наступных нумарох газэты. Артыкул — строга об‘ектыўны, які мог-бы знайсьці месца ня толькі ў газэце, але і на старонках „тоўстае“ часопісі. Тутака крытык на зусім паважных падставах даводзіць адмоўныя бакі літаратурнага аб‘яднаньня „ўзвышаўпаў“, паколькі яны вызначыліся ўжо ў першым нумары часопісі, ад якое сапраўды аддае маркотай настрояў і расплыўчатасьцю ідэолёгіі пры ўхілах ад задач пролетарскай літаратуры, на што паказвалася ў артыкуле.

Было зусім натуральным чакаць ад рэдакцыі „Узвышша“ об‘ектыўнага адказу на абвінавачваньні ў шкодных ухілах, высунутыя крытыкам. Аднак, такога адказу ня было дадзена.

Без адказу застаўся і артыкул Тодара ГлыбоцкагаПад шыльдай пролетарскай літаратуры“, выдрукаваны ў № 4Полымя“.

Для ацэнкі асноўнага кірунку і нахілаў „Узвышша“ абодва гэтыя артыкулы захавалі сваё значэньне аж да выхаду з друку апошняга нумару „Узвышша“, асаблівае-ж значэньне мае сур‘ёзны, угрунтованы, вялікі артыкул З. Жылуновіча.

Гэта, так сказаць, — завязь далейшай гісторыі.

Замест адказу па сутнасьці, „Узвышша“ скарыстала даволі лёгкі, але і вельмі кепскі прыём, які вядомы ў лёгіках пад назвамі „пераход у іншы род“ (metabasis eis allo genis) і „argumentum ad hominem“.

Трэбавалася давесьці, што крытычныя заўвагі З. Жылуновіча па адрасу „Узвышша“ няправільныя, трэбавалася абвергнуць яго, як крытыка. Замест таго, крытыкі „Узвышша“ накіравалі сваю ўвагу на лірыку Гартнага і аблілі брудам яго творчасьць, як поэты, зачапіўшы прытым і ранейшых крытыкаў яго твораў.

Сьляпое пачуцьцё помсты кіравала ўзвышаўцамі пры ўкладаньні № 3 „Узвышша“, — і гэтым можна растлумачыць шмат што з крытычных заўваг і артыкулаў Ю. Бярозкі, К. Кундзіша і інш.

Папершае, адносна Ю. Бярозкі: яго даволі нудненькі, вучнёўскі артыкулец „Проблемы прыгодніцкага роману“, як здаецца, даваў-бы менш за ўсё месца для ацэнкі соцыяльна-бытавога роману Ц. Гартнага „Сокі Цаліны“.

Аднак, крытык, абураны злой помстай, ня можа ўстрымацца ад таго, каб ня ўбрыкнуць свайго літаратурнага опонэнта („няхай асьліны капыт знае!“). „Ва ўсякім выпадку можна сьцьвярджаць“, піша ён, ,што над добрым, ідэолёгічна вытрыманым прыгодніцкім романам наш беларускі чытач ня будзе павольна ўміраць ад зялёнай нуды і выварочваць у пазяханьні сківіцы, што яму давядзецца, калі, запасшыся немалою адвагаю і героічным муствам, пачне ён чытаць такі „бытавы“ і „цьвяроза-рэалістычны“ роман, як „Сокі Цаліны“ Ц. Гартнага“ (128 стар.). Няма чаго спэцыяльна даводзіць, што прыгодніцкія романы, як, прыкладам, романы Пінкертона, Марыэтта, Кіплінга і інш. становяць вельмі цікавы матэрыял для чытаньня для такога кола чытачоў, як „кісейныя“ паненкі і бязвусыя хлопцы; аднак-жа тое, што цікавае для адных, можа быць нудным для другіх, і тое, што цікавіць у адных адносінах, аказваецца няцікавым у іншых. Наогул-жа, пытаньне аб нуднасьці або захопнасьці пэўнага літаратурнага твору, па сутнасьці, — вельмі складанае пытаньне. Я, напр., з вялікім захапленьнем чытаў першую квадру роману Гартнага, ня гледзячы, нават, на дэфэкты надворнага боку гэтай квадры, і, наадварот, лічу найнуднейшай рэччу ва ўсёй беларускай прозе аповесьць адчаго маладога аўтара, якая зьявілася ў мінулым годзе на старонках „Узвышша“. Ёсьць і іншыя вельмі нудныя рэчы ў нашай літаратуры, аб якіх, аднак, самі іх аўтары (з катэгорыі „клясыкаў“ і „саноўнікаў“) трымаюцца высокага зданьня. Імён не называю, бо „nomina odiosa sunt“, і няма чаго дражніць слаўных пісьменьнікаў.

Пераходзім да артыкулу „Sine ira et studio“. Артыкул, папраўдзе, асяродковы сярод пісаніны часопісі. Калі Ю. Бярозка толькі, так сказаць, спадарож і выпадкова чапляе Гартнага, як романістага-прозаіка, дык К. Кундзіш усе свае стрэлы пушчае ў адзін пункт, — на поэзію пролетарскага поэты.

Задарма, аднак, і проста на жарт артыкул надпісаны „Sine ira et studio“, што ў перакладзе на нашу мову будзе, — „бяз гневу і староннасьці“.

Гнеў і староннасьць адчуваюцца ў кожным радку, кожным сказе навака-полемістага і выяўляюцца ў шэрагу выбрыкаў аўтара.

Першы „выбрык“ — у самым пачатку артыкулу, выбрык вельмі характарны для крытычнай манеры аўтара. „Крытычная літаратура пра Цішку Гартнага“, піша ён, „вельмі бедная… Пра хвалебныя дыфірамбы штатных „алалоўнікаў“ у „Полымя“ я знарок не гавару, таму што нельга лічыць іх сталымі (сур‘ёзнымі)“.

Прыём — даволі стары і зьбіты!

Каб расчысьціць дарогу для далейшай крытыкі, Кундзіш аблівае гразьзю ўсіх аўтараў, якія выказваліся на старонках „Полымя“ аб творчасьці Гартнага. А такіх аўтараў зусім не адна адзінка, — і сярод іх фігуруюць вельмі выдатныя літаратурныя велічыні, — профэсары унівэрсытэту. Да ўсіх іх Кундзіш без абы-якой малімоннасьці прыкладае эпітэт „алалоўнікаў“, і мала таго, „штатных“. Дапушчальна спытацца, што гэта значыць „штатны“? Можа — на пэнсіі, можа — на матэрыяльнай узнагародзе? Ці ўсьведамляе сабе Кундзіш, якую пакасьць ён напісаў у пачатку свайго артыкулу? Як, у свой чарод, рэдакцыя „Узвышша“ магла прапусьціць гэты выбрык на старонкі часопісі?

Выбрыкам па адрасу крытыкаў твораў Ц. Гартнага пачынаецца артыкул Кундзіша, выбрык па гэтаму-ж адрасу знаходзім і ў канцы артыкульца. „Ведаю“, — піша Кундзіш, „што на гэты артыкул будзе шмат нападкаў з боку штатных прыхільнікаў поэзіі Гартнага. Даю ім поўнае права перакуліць мае палажэньні і давесьці адваротнае. Буду вельмі рад, але я ўпэўнены, што гэта ім ня ўдасца“. Можна разупэўніць крытыка ў яго пераконаньні: ніхто і не падумае сур‘ёзна лічыцца зартыкулам Кундзіша. Ёсьць рэчы, нападаць на якія ня вельмі прыстойна, згодна прыказкі „не чапай, — сьмярдзець будзе“. І артыкул Кундзіша сам па сабе зусім ня варты таго, каб быць об‘ектам нападак. Ён набывае інтарэс толькі ў сувязі з агульным пытаньнем аб мэтодах і прыёмах нашае крытыкі, як паказальнік адмоўнасьцяй крытыкі.

Найбольш звычайны для Кундзіша прыём крытыкі — падтасоўваньне паасобных вершаў. Гэты ганебны прыём падмацняецца прыёмамі набрэхваньня і простай дыфамацыі. Пры гэтым Кундзішу ўласьціва і скажэньне тэксту.

Такімі вось спосабамі аналізуе крытык работніцкую лірыку Гартнага. Дыфамуючы і набрэхваючы, ён хоча давесьці, што ў пасьлярэволюцыйных вершах поэты ня можна „прасачыць магутнага ўздыму, які ахапіў рабочыя масы ў гэты кругабег“. „Наадварот“, кажа крытык, Ц. Гартны і ў гэты час малюе працу рабочага ўсё тымі-ж змроклымі згушчанымі фарбамі, што і ў „Песьнях гарбара“:

Мруць яны
У духаце,
У стоме, у поце.
Лезе ў вочы
Пыл, смурод…

Адсюль вывад крытыка, які папахвае дыфамацыяй: „пры такім стане рэчаў у істоце, паводле вершаў Ц. Гартнага, няма ніякай розьніцы між працаю ў капіталістычных умовах! ва ўмовах нашае савецкае рачаіснасьці“.

Але можна спытацца ў крытыка: чым ён кіраваўся, даючы скарочаную і, значыцца, скажоную ім цытату з аўтэнтыку?

А ў аўтэнтыку чытаем:

Галасы
Рабочых
Пры рабоце
У траскатні,
Ў браскатні
Ня чутны —
Мруць яны
У духаце,
У стоме, у поце.

Скажэньне тэксту — відавочнае, і калі так, дык якімі нікчэмнымі зьяўляюцца выпады крытыка супроць усяе работніцкае лірыкі Гартнага ад часу рэволюцыі!

Наадварот, увесь верш „Праца“, з якога зроблена цытата, прасякнуты дынамікай працы:

Як адзін,
Колькі сот
Чалавек
За парухам
Машын
З заміраньнем
Дыханьня
Сачаць…
Малаты —
Тут-грук
Тра-а-ты —
Грукацяць…

Зразумейце-ж, Кундзіш, не рабочыя, як хочацца вам, „мруць“ у духаце, у стоме, у поце“, а галасоў рабочых ня чуваць у нясутрыманым руху працы.

Расправіўшыся гэтак, у высокай ступені проста, з работніцкімі вершамі Гартнага, крытык такімі самымі прыёмамі распраўляецца і з тымі яго вершамі, што афярованы гораду.

„Неабавязкова кожнаму поэту“, піша ён, ,піць з вялікага поэтычнага каўша, але кожнаму са свайго каўша, хоць і маленькага, піць абавязкова. Зусім ясна, бо ў іншым разе траціцца жадны сэнс. З такою меркаю я і падыходжу да вершаў Ц. Гартнага. Не падаючы пакуль што ніякіх вывадаў, я разьбяру два яго гарадзкія вершы, каб такім чынам паказаць навочна, як ён выяўляе горад:

Люблю сачыць, як дзень пагодліва канае.
І шэрасьць лёгкая над горадам шумлівым
Памерна ў вуліцы спадае,
А над мурамі вісьне дымам сівым.

І гэтак далей. Адным словам, даецца вечаровы малюнак, калі загараецца электрычнасьць у хатах і ў магазынах, калі заціхаюць фабрычныя гудкі і прыціхае неўгамонны грукат дня. Тады вось дзе-небудзь на прызьбе разьліваецца звон гітары, а ў зацішных куточках шэпчуцца шчасьлівыя пары.

Крыху пазьней — і скрозь жыцьцё, як дым, зьнікае,
Адно з куткоў пачуеш парак шэпт шчасьлівы…

Дык вось усё тое, што засталося ад вершу поэты ў уяўленьні крытыка. „Парак шэпт шчасьлівы“… Па праўдзе, дзіўная апэрцэпцыя! Аднак, іншае ўяўленьне павінна застацца да вершу, калі зьвярнуць увагу на яго сярэдзіну, блізка што не прааналізаваную крытыкам. А тутака чытанм:

Паветра ціхае паволі рэдне, стыне,
Выразьней рэха гулкае ўтуруе;
Гудок фабрычны сьвіст зацяжны строма кіне,
працоўных натаўп шумна зашнуруе.

Драты, што сеткамі крыжуюць вулкі, пляцы,
Губляюць ніткі доўгія ў прысьценных ценях,
І цэнт нядаўны цяжкай дзеннай працы
Прымоўкне, стуліцца ў каменных цесных сьценах.

Ад гэтай зноскі верш набывае зусім іншы сэнс, іншую афарбоўку, чымся тыя, што надае яму крытык. Паступовае патуханьне цяжкой дзеннай работніцкай працы, — вось чым малюецца горад прызмрокамі вечаровымі ў думках поэты-работніка. Зразумела, гэта ня ёсьць тое ўяўленьне і тыя гарадзкія малюнкі, што знаходзім ў М. Багдановіча, „пакуль што нікім не перавышанага“, як кажа Кундзіш, „песьняра гораду ў беларускай поэзіі“, — усе гэтыя бадзяньні па бруку інтэлігента, цёмныя алеі, погляды сустрэчных жанчын і інш. Відаць, што інтэлігенцкая „душа“ М. Багдановіча блізкая „душы“ Кундзіша. Цішка Гартны-ж уяўляе сабе горад, як працаўнік, які, бязумоўна, чужы „інтэлігенцкай“ душы К. Кундзіша.

Ці варта пасьля гэтага ацэньваць разгляд другога вершу Ц. Гартнага, зроблены К. Кундзішам: ён такі самы тэндэнцыйны, прадузяты, як і разгляд першага?

Дзіўна, аднак, тое, што па-за ўвагі крытыка засталіся такія мастацкія і прасякнутыя жывым натхненьнем зарысоўкі гарадзкога жыцьця, як тыя, што даны ў разьдзеле „Сучасны Бэрлін“.

Чаму, напр., крытык не зьвярнуў увагі на гэта вось месца з вершу „Im Grünewald“.

Дзесь вдалёк- чуць даходзіць ка мне ў шуме хвой Голад-волат ў каменным закуцьц! гняцьца Ня спыняе ўздымаць рух агромвісты свой. рух людзкога, як мора, жыцьця: фэзкім сьвістам гудок ад заводаў наўрэз Цераз дахі дамоў, праз узьюшаны пыл Мчыцца роўйа і проста на лес.

І як гэта мог Кундзіш забыцца слоў Гартнага, якія зусім адбіваюць сучасную рачаіснасьць і разам з тым прасякнуты крылатай нядзеяй?

Ў гэтым гудзе яго адчуваецца штось,
Чаго шолам лясны ня зглушае сабой,
І што ў душу маю прабіваецца скрозь
Ды ўздымае у ёй гардзялівы настрой,
Веру ў палкую творчасьць працоўных людзей,
Для якіх пакуль сонца і лес — чадны дым
У заводах, але каму хутка ўжо йдзе
Час другі, час інакшы зусім —
Такі час, калі лес будзе песьні гусьці,
А праменьні вясновага сонца зіяць
Каб заўсёдную весну ў ягоным жыцьці,
Неабмежнай свабодай ўбіраць…

(„Урачыстасьць“, стар. 53).

Прадузятымі і проста нясталымі, у сэнсе нясур‘ёзнасьці, зьяўляюцца і іншыя разважаньні К. Кундзіша, — паасобку разважаньні аб слоўніку Гартнага і яго фразэолёгіі.

Ці ведае Кундзіш, што слоўнік Гартнага — найбагацейшы з слоўнікаў усіх беларускіх літаратараў?

Гэта паасобку датычыць і яго поэтычнага слоўніка. Усе паказаньні на архаічнасьць, нясучаснасьць ужытых поэтаю вобразаў ня варты нават і крытыкі. Тон блазенскай задзірлівасьці прасякае наскрозь заўвагі крытыка. Напр., як назваць такі выбрык Кундзіша? Ён спыняецца на словах поэты:

Мне сэрца раніла страла
І каплю яду зараніла;
Ці знойдзе сэрца маё сілу,
Якая-б рану зажыла?

Крытык пытаецца з гэтага поваду: „Ну што такое ў нашы дні страла, хоць-бы сабе і труёная, калі існуе такая ўдасканаленая зброя, як кулямёты, аўтоматычныя вінтоўкі і да т. п.?“ Калі чытаеш гэтыя словы крытыка, мімаволі зьяўляецца вывад — пісаць так, як піша крытык, могуць толькі мальчишки. Нават пра аўтоматычную вінтоўку ведае К. Кундзіш! Глядзеце-ж, якія мы асьвечаныя, адукаваныя! Пасьля аднэй толькі гэтай заўвагі Кундзіша зьяўляецца натуральнае пытаньне: як рэдакцыя часопісі, якая сябе паважае, магла надрукаваць такую крытычную лухту? Яшчэ адзін-другі такія артыкулы, як артыкулец К. Кундзіша, і рэпутацыя „Узвышша“ павінна спусьціцца вельмі нізка.

Аднаго ня можа адмаўляць Кундзіш, гэта — пролетарскага характару лірыкі Гартнага, хаця і тут ён ня можа абыйсьціся без інсынуацыі, кажучы аб „сумніўнай якасьці пролетарскай ідэолёгіі“ поэты. Аднак, сам крытык, аналізуючы толькі „работніцкія“ і „гарадзкія“ вершы поэты і думаючы ўшчапіць яго менавіта з гэтага погляду, тым самым бесьсьвядома для сабе даводзіць пролетарскі кірунак лірыкі Гартнага, даводзіць, што ў нашай беднай пакуль што на пролетарскія мотывы беларускай поэзіі Гартны займае выдатнае месца. Калі-ж так, дык чым можна растлумачыць зацьвярджэньне Кундзіша, што Гартны „колькі-небудзь прыкметнага месца ў беларускай літаратуры не займаў і не займае“, што „ён ня здолеў стаць на адзін ровень з такімі поэтамі, як Я. Купала, Я. Колас і М. Багдановіч“? „У адносінах да хору гэтых трох выдатных“, кажа Кундзіш, „Ц. Гартнаму даводзілася быць толькі падпявалам, толькі падгалоскам“. Пры гэтым — папікі Кундзіша на адрас М. Гарэцкага, які адвёў месца Ц. Гартнага ў гісторыі беларускай літаратуры, як здаецца крытыку, „зусім не па заслугах“. Можна заспакоіць разьюшанае пачуцьцё ўзвышаўскага крытыка: яшчэ да М. Гарэцкага адвёў належнае месца Гартнаму ў беларускай літаратуры і даў належную ацэнку яго — поэтычнай творчасьці такі выдатны і бесстаронны беларускі крытык, як Антон Навіна. Вось яго ацэнка: „Miż pieśniarami „Maładoj Biełarusi“ piereważywaje ideologija sielanskaja: najbolš paetaŭ i piśmieńnikoŭ daje biełaruskaja wioska. I Kupała, i Kołas i ceły rad pieśniaroŭ mienšaj miery apiewajuć rodnuju wiosku, ŭ katoraj jany radzilisia, uzrastali i prawodzili wialikšuju čaść žyćcia, — i ŭsie ich ideały zwiazany z ziamloj. Ale, naradziŭšysia ŭ wioscy biełaruski ruch da adedžeńnia skora zachapiŭ i miastowyje elementy, — rabotnikoŭ, ramieśnikoŭ, intelihentaŭ. I ŭ maładoj biełaruskaj literatury znachodzim tak-że dawoli wydatnych pradstaŭnikoŭ rabotnicjah ideologii. Spamiż apošnich zwiertaje na siabie ŭwagu pieśniar-rabotnik Ciška Hartny — pierš za ŭsio proletaryj, swiadomy swaich klasowych intaresaŭ i hatowy addać usie siły swaje za wyzwaleńnie pracy ad panawańnia kapitału“. Гэта піша Антон Навіна ў сваім зборніку артыкулаў „Našy pieśniary“ (стар. 38—40), і яго та ў кожным выпадку ня можна падвесьці пад рубрыку „алалоўнікаў“: артыкул пісаўся ў той момант, калі сярод беларускіх культурнікаў ужо пачаўся процэс расслаеньня, дыфэрэнцыяцыі, і Ц. Гартны апынуўся на адным берагу, а Навіна — на другім; самая кніжка „Našy pieśniary“ вышла не ў Савецкай Беларусі, а Вільні з нататкай: „Zur Verbreitung in Gebiet des Oberbefehlshabers Ost und zur Ausfuhr zugelassen“.

З усёй даволі багатай крытычнай літаратуры аб творчасьці Ц. Гартнага Кундзіш надае вагі толькі аднаму артыкулу або, правільней сказаць, артыкульцу П. Любецкага, які калісь, у 1922 г., быў надрукаваны ў „Савецкай Беларусі“.

Гэта — таксама выбрык з боку крытыка. Артыкул П. Любецкага толькі тым і выдаецца, што неспагадны для. Гартнага, іншае пытаньне — аб тым, наколькі гэты артыкул варты па сваіх об‘ектыўных якасьцях. П. Любецкаму Кундзіш надае асаблівага значэньня для ацэнкі мовы Гартнага. „Лічу“, з чыста маладзенскай самаўпэўнасьцю. заяўляе ён: „што самы правільны і грунтоўны агляд мовы Гартнага зроблены вышэйзгаданым П. Любецкім, да якога і адсылаю ўсіх зацікаўленых гэтым пытаньнем“. Здаецца, што Кундзіш наўмысьля абмежаваўся такой агульнай фразай, маючы пэўнасьць, што ніхто і не падумае зьверыць яго спасылку з аўтэнтыкам. А, зацікавіўшыся думкамі П. Любецкага, мы маглі-б атрымаць зусім іншае ўражаньне. „Пры параўнаньні вершаў Цішкі Гартнага з вершамі другіх нашых поэтаў“, пісаў у свой час гэты Любецкі, раней, чым мы заўважым розьніцу ў чыста-поэтычным сэнсе, — нам адразу кінецца ў вочы розьніца ў мове. Такою моваю, як Цішка Гартны, ня піша ніводзін з іншых беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў. Мова Ц. Гартнага рэзка адрозьніваецца ад мовы другіх нашых поэтаў і пісьменьнікаў з боку слоўнікавага, сынтаксычнага і этымолёгічнага. Наогул, чуеш сябе так, як-бы меў перад сабою кніжку ў нейкай малазнаёмай мове. Здаецца, што разумееш, а стань думаць, дык толку не дабярэшся. Трэба брацца за слоўнік. З творамі І. Гартнага ў гэтым сэнсе справа стаіць кепска, бо слоўніка да іх яшчэ ня выдана, а слоўнік Насовіча занадта малы“ („Сав. Беларусь“. 1922 г., № 202, ад 12 верасьня). Трэба быць поўным невукам у мовазнаўчай навуцы і маласьвядомым у беларускай народнай мове, каб пісаць тое, што напісана П. Любецкім, Бо, папершае, ніякай розьніцы паміж мовай Гартнага і агульнай беларускай літаратурнай мовай у этымолёгічным стасунку няма, што-ж датычыць лексычнага боку, дык запісы з народных вуснаў могуць давесьці поўную блізкасьць лексыкону Гартнага да жывой народнай мовы, чым яго мова выгодна адрозьніваецца ад мовы некаторых іншых пісьменьнікаў.

Я наўмысьля спыніўся на пытаньні аб мове Гартнага, каб паказаць на недапушчальнасьць манеры крытыкаў выказваць неўгрунтаваныя суджэньні, спасылаючыся прытым на няпэўныя аўторытэты. Да Кундзіша з поўным сэнсам можна дастасаваць расійскую прыказку: „бух в колокол, не посмотрев в святцы“.

І вось такімі павярхоўнымі, неўгрунтаванымі, нахабна-блазенскімі зьяўляюцца ўсе разважаньні ўзвышаўскага крытыка аб творчасьці Гартнага.

У выніку ўсяго гэтага артыкул у цэлым набывае характар ня крытыкі, а лаянкі вельмі нізкага гатунку.

Надрукаваўшы лаянку супроць галоўнага опонэнта літарацкага аб‘яднаньня „Узвышша“, рэдакцыя часопісі „Узвышша“, у № 3, не магла не абмінуць і іншых няпрыхільных ёй асоб. Такім спосабам супраць проф. М. Піотуховіча накірован артыкулец С. ЗамбржыцкагаНацягваньне чужога халата“, а ў аддзеле „Бібліографія“ нейкі Л. Трыер разносіць на ўсе застаўкі поэму М. ЧаротаЛенін“.

Магчыма мець пэўнасьць, што сам паважаны проф. М. Піотуховіч, калі знойдзе патрэбным, абароніць свае высказваньні аб творчасьці М. Багдановіча ад закідаў С. Замбржыцкага. На мой, прынамсі, асабісты погляд, асноўны тэзіс профэсара аб тым, што „інтэлігент па пахаджэньні М. Багдановіч быў адарваны ад працоўных мас, як быў адарваны ён і ад айчыны“, застаўся пасьля ўзвышаўскай крытыкі неабвергнутым, спасылкі-ж крытыка на гурток студэнтаў, як на пэўны аўторытэт, зьяўляюцца, па меншай меры, сьмешнымі. Праз увесь-жа артыкульчык праходзіць пачуцьцё нейкай дзіўнай заразумеласьці. Вось, напр., апошнія фразы з артыкулу: „Нарэшце, мы адзначаем, што дадзеныя думкі зьявіліся ў нас, калі мы ў першы раз чулі гэты даклад. Дакладу проф. І. Замоціна мы ня чулі. Мы тады-ж абурыліся супроць такога асьвятленьня проф. Піотуховічам творчасьці М. Багдановіча і выказалі гэтыя думкі групе студэнтаў, якія з намі былі згодны“. Вось такое-та „мыканьне“, што называецца, з ног да галавы выдае ўзвышаўскага крытыка: звычайна яно ўласьціва бяздатнасьцям у навуцы і літаратуры.

Рэцэнзія Л. Трыера на поэму Чарота сваім тонам мала чым адрозьніваецца ад крытычнага артыкулу К. Кундзіша. Рэцэнзэнт выбіваецца з усіх сіл, пускаючы ў ход і падтасоўкі, і жарты, і кпіны, каб давесьці, што поэма „Ленін“ не ўдалася аўтару, — і тым ня менш, гэта не ўдаецца: дзякуючы мядзьведжым, лапезным прыёмам крытыка адразу відаць, што ў яго маецца на ўвазе адна мэта — зганьбіць свайго літаратурнага супраціўніка.

Канечна, С. Замбржыцкаму і Л. Трыеру далёка яшчэ, каб зраўнацца з К. Кундзішам, і артыкул апошняга па бессаромнасьці займае ў № 3 „Узвышша“ першае месца.

Бачачы гэты артыкул на старонках часопісі, прыходзілася дзівіцца з таго, як наогул рэдакцыя „Узвышша“ магла з лёгкім сэрцам даць яму месца.

Калі вышаў у сьвет № 4 „Узвышша“ з больш-менш сур‘ёзнымі і вытрыманымі ў спакойным тоне крытычнымі артыкуламі і заўвагамі Ю. Бярозкі, магчыма было спадзявацца, што літаратурная крытыка „Узвышша“ ўзышла на больш нормальны шлях.

Аднак № 5 часопісі даводзіць адваротнае. Тутака зноў выяўляе свае „крытычныя“ здольнасьці той-жа самы К. Кундзіш сваім артыкулам Альбо грай, альбо скрыпку аддай“, аб зборніку вершаў А. Александровіча, „Угрунь“. Самы загаловак артыкулу, жартаўлівы і зусім неадпаведны сур‘ёзнай часопісі, нават да чытаньня яго, намякае на новыя выбрыкі з боку аўтара, І сапраўды, тут паўтараюцца тыя-ж самыя прыёмы крытыкі, уласьцівыя К. Кундзішу, што і ў ранейшым яго артыкуле, — хаця і ў больш грубых, няпрыстойных формах. Папершае, выліваюцца памыі на рэцэнзэнта зборніка „Угрунь“ у № 225Зьвязды“ за 2-X—1927 г. Джугара. „Я ня ведаю“, са злосьцю кажа крытык, „ці пісаў яшчэ хто больш дурныя рэцэнзіі, як гэна, але яна, кажучы шчыра, назвыш усякага глупства. Слоў шмат, а клёку — ні на гарэлы шэлег“… Тон-та які! А клёку хоць адбаўляй ад Кундзіша! І як гэта хапіла ў яго клёку пісаць пра гарэлы шэлег? Вось ужо, папраўдзе, дасканальнае веданьне мовы! У далейшым артыкул перасыпаны падтасоўкамі, скажэньнямі тэксту і, што зусім нізка, проста інсынуацыямі па адрасу поэты. Ці гэта не інсынуацыя, калі крытык піша: „Аўтар ня толькі перастаў лаяць савецкую ўладу, але нават становіцца комсамольцам, ня спыняючыся падаўнейшаму „бурапеніць“. Толькі абставіны сталі некалькі іншымі. Раней біў шыбы, гуляў па бульварах, цяпер-жа стаў хадзіць з сонцам на нажы“. І гэта інсынуацыя ёсьць злоснай выдумкай крытыка, падмацаванай скажэньнем тэксту. Як назваць такую крытыку? Правільную ацэнку дае артыкулу К. Кундзіша Т. Глыбоцкі на старонках „Савецкай Беларусі“ за 7-1—1928 г. Узяўшы поэму Александровіча „Дванаццаць, якая вельмі добра малюе нам жыцьцё хлапца з сям‘і гарадзкога саматужніка, Кундзіш па ўсіх правілах гэту поэму згвалціў і з гэтага зрабіў вывад, што: 1) Андрэй Александровіч — мешчанін; 2) Андрэй Александровіч — пагромшчык і хуліган; 3) Андрэй Александровіч — алькоголік; 4) Андрэй Александровіч — мала ня контр-рэволюцыянэр“. Вось інсынуацыі крытыка. І ўсё гэта Кундзіш падмацаваў жывасілам нацяганымі з поэмы радкамі. Натуральнае пытаньне: ці такіх крытычных прыёмаў, такога падыходу вымагаюць інтарэсы здаровай марксыцкай крытыкі? Зусім можна згадзіцца з паказаньнем Тодара Глыбоцкага, што „інтарэсы самай звычайнай об‘ектыўнасці прымушаюць разглядаць гэтую крытыку, як злачынную і нясумленную падтасоўку“. Папраўдзе, шкада тоўстае беларускае часопісі, зганьбенай блазенскай крытыкай, шкада і аўтара зборніка Андрэя Александровіча, на якога бяз дай прычыны выліты цэбар найбруднейшых памыяў, тым больш, што яго зборнік „Угрунь“ наскрозь прасякнуты шчыраю натхненнасьцю пролетарскага поэты.

Апошні артыкул Кундзіша проста рубам ставіць пытаньне аб канечнасьці аздараўленьня прыёмаў нашай літаратурчай крытыкі,

Разглядаючы № 5 „Узвышша“, магчыма абмінуць той факт, што ў аддзеле „Бібліографія“ зьмешчаны хвалебныя рэцэнзіі на кніжкі ўзвышшаўцаў „ШыпшынаП. Глебкі і зборнікі Ўл. Дубоўкі: „Credo“ і „Наля“. Пахвала, нават у тым выпадку; калі яна накіравана па свайму ўласнаму адрасу — шкоды ня вобіць. Дый, згодна прыказкі, „аржаная каша сябе хваліць“.

Аднак, калі падвідам літаратурнай крытыкі даецца лаянка, накіраваная супроць асобы аўтара, — і гэтая лаянка прымае недапушчальныя грубыя формы, прыходзіцца благім матам крычаць: „гвалт, ратуйце!“

І гэты крык мімаволі вырываецца, калі чытаеш такія выявы літаратурнай крытыкі, як артыкулы К. Кундзіша.

Полымя“, 1928 г., № 1.



  1. Тую самую памылку паўтарае Яз. Лёсік у сваіх „Граматычных нататках“, выдрукаваных у № 5Узвышша“. Таксама няправільна ў гэтых „Нататках“ ён тлумачыць „па“ ў сказе „Відаць па вочках, што ходзіць па ночках“ у сэнсе „пасьля“. Тутака прыйменьнік „па“ мае такія самы сэнс, што і ў аднаковых расійскіх сказах. Адсюль, папраўдзе, пабудаванымі на пяску аказваюцца далейшыя разважаньні аўтара „Нататак“.