Перайсці да зместу

На літаратурныя тэмы (1929)/Беларуская проза за 1926 г.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наша літаратура за 1925 г. Беларуская проза за 1926 г.
Крытыка
Аўтар: Мікола Байкоў
1929 год
Да пытаньня аб чужаземных словах у нашай мове
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларуская проза за 1926 год.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА ЗА 1926 г.

1926 г. з пэўнай рацыяй можна назваць годам узбагачэньня нашай прозаічнай літаратуры. Мастацкая проза нават пачынае адсоўваць на другі плян мастацкую поэзію. Сапраўды, колькі-небудзь значных поэтычных твораў, ці гэта будзе буйная поэма, ці нізкі лірычных вершаў, ці нават зборнікі баляд-казак, у мінулым годзе мы не заўважым. Нашыя песьняры нібы-то прыціхаюць. Разумеецца, другі том вершаў Янкі Купалы ў залік ісьці ня можа, бо гэта — даўнейшы зборнік „Шляхам жыцьця“ ў новай вокладцы і ў больш прыгожай вопратцы, чымся пецярбурскае і асабліва віленскае выданьні. А новага ў 1926 г. Янка Купала даў да дзіўнага мала — усяго некалькі вершаў. Толькі зрэдка гучыць песьня і Якуба Коласа. Зрэдка пяе і Ясакар. Нават маладыя поэты прыціхаюць. Праўда, да мінулага году належыць „Біблія“ Крапівы, зборнік вершаваных твораў на цэлыя 96 старонак. Але „Біблія“ гэта — поэзія асаблівага жанру. Гэта, проста кажучы, „лубок“ у беларускай поэзіі, лубок, які да ачамернасьці напамінае сабою тыя „лубяныя“ малюнкі, якія багата аздабляюць нашую літаратуру антырэлігійнага зьместу. Ня трэба дзівіцца з таго, што для мэтаў антырэлігійнай пропаганды абраны „лубок“, бо практыка даводзіць, што шляхам лубачных тандэтных малюнкаў, плякатаў і літаратуры пэўная ідэя больш распаўсюджваецца ў шырокіх народных масах. Аднак, „лубок“ ня можна яшчэ аднесьці да катэгорыі мастацкай поэзіі ва ўласным сэнсе. Самы факт зьяўленьня „лубка“ ў нашай поэзіі можна лічыць вельмі паказальным. Ён паказвае на тое, што наша поэзія ўжо даволі насычана мастацкімі творамі, і ў ёй адчыняецца прастор для стварэньня рэчаў, якія перасьледуюць практычныя, агітацыйныя мэты.

У сваю чаргу факт пашырэньня і росту прозаічных твораў сьведчыць выразна аб тым, што наша літаратура перайшла на новую, больш высокую ступень творчасьці. Сапраўды, кожная літаратура, пачынаючыся з поэтычных твораў, пераходзіць потым да мастацкай прозы і ўжо ўрэшце разьвіваецца клясычвая драма. Або, дакладней кажучы, лірыка зьмяняецца эпосам, а ад гэтага апошняга адчыняецца просты шлях да новэлі ды роману ў прозе; вянец-жа, заканчэньне літаратурнага разьвіцьця — трагедыя і комэдыя. Гэтая зьмена ў першапачатковай і сярэдняй стадыі літаратурнага разьвіцьця ясна выступае і ў нашай літаратуры.

Конкрэтна: ад лірыкі Я. Купалы і, часткова, М. Багдановіча пераходзім да эпосу Я. Коласа, і ён-жа дае ўзоры вытрыманай прозы, а адсюль пераход да поэты-прозаіка Ясакара-Бядулі, да пачынальніка беларускага роману Ц. Гартнага, і ўрэшце, да М. Зарэцкага, Кузьмы Чорнага і інш. Паступова ў Коласа, Ясакара, Гартнага вершы выпіхаюцца мастацкай прозай, а ў Зарэцкім і Чорным — бачым ужо „чыстых“ прозаікаў.

Разьвіцьцё мастацкай прозы адпавядае і найпільнейшай патрэбе нашага часу, — патрэбе сформаваньня дакладнай літаратурнай мовы, выяўленьня асаблівасьцяй беларускай фразэолёгіі і беларускага стылю. Поэтычная „вольнасьць“, якая ламае стыль, націск, а часта і сэнс, — усім добра вядома. А пры нераспрацаванасьці мовы гэтая вольнасьць знаходзіць для сябе асабліва шырокае ўжываньне. Адсюль у нашых поэтаў, асабліва тых, якія ня зусім добра ведаюць народную мову, часамі можна сустрэць вершы, якія па сутнасьці зьяўляюцца наборам слоў, і слоў, часта невядомых. Такія вершы або, прынамсі, паасобныя радкі ў вершах знойдзем на зары нашай літаратуры нават у поэтаў клясыкаў (напр., „вогнемгненная крыніца“ ў „Новай Зямлі“, стар. 217), а ў малодшых пісьменьнікаў у нашыя дні яны проста зрабіліся звычайнай зьявай. Бяру, напр., апошні за 1926 г. 8-мы нумарПолымя“. Чытаю ў „РазьвітаньніЗ. Бандарынай:

Радасьць наземіць (?) —
жывой пазалотаю.
Бор-чараўнік
з ціхазвоннай (?) асінаю
Шэптамі песьціць імглістых далін. (Склад!)
Ёкнула сэрца
жывой пазалотаю… (Дзе cэнc?)

А вось продукт творчасьці А. ГурлоДзесятаму зьезду“ („Сав. Беларусь“, 1927 г., № 5).

Чытаем:

Менск ёсьць трыбуна на захад,
Менск — СССР абаронен…

Пытаньне: дзе-ж тут сэнс і які стыль!

Ловіць ён кожнае слова,
Словы компартый, саветаў,
Хоча прарвацца развоем
Сьмелым сталевым узьлётам…

Пытаюся сьмела: дзе тутака сэнс?

А гэта якая пекнасьць з боку стылю:

Кожны папраўдзе ацэніць
Шлях свой вядзём куды мы!

Вось ужо папраўдзе вершы ў стыле В. Г. Традзьдзякоўскага:

Чудище обло, стозевно и лаяй…

Ясна, што з такімі вершаспляценьнямі ў сформаваньні літаратурнай мовы далёка ня ўедзеш. І пакуль расійская літаратура тупалася па сьцежках В. І. Традзьдзякоўскага, ня было і апрацаванай расійскай навукова-літаратурнай мовы. Яна пачынае разьвівацца з таго часу, калі Пушкіным, а асабліва Гогалем, былі закладзены асновы расійскай прозы. Праўда, мне могуць казаць, што тутака — пытаньне слоўніка-тэрмінолёгічнае. Аднак-жа, ня толькі тэрмінолёгічнае, але і фразаолёгічнае, У Расіі ў XVIII ст. тварылі тэрмінолёгію, на манер нашых цяперашніх інбелкультаўцаў, той-жа В. І. Традзьдзякоўскі і М. і. Ламаносаў (плюс пэўны лік вучоных немцаў), але ўся расійская літаратурная мова XVIII ст. была пабудована на чужых народнаму духу лацінскіх узорах, была далёка ад народнай фразэолёгіі. Тое-ж самае або, прынамсі, падобнае да таго бачым і цяпер у галіне нашай навукова-літаратурнай мовы. Дасканалы „сынтакс“ беларускай мовы можа зьявіцца тады, калі разьвінецца наша бэлетрыстыка, наша прозаічная мова, якая адпавядала-б жывой народнай фразэолёгіі.

Вось чаму пытаньне аб узбагачэньні нашай прозы зьяўляецца чарговым пытаньнем нават удасканаленьня нашае мовы.

Яна, гэта прозаічная літаратура, павінна ўвабраць у сябе і адбіць праменьні народнай фразэолёгіі і зьявіцца сапраўднай асновай беларускай стылістыкі.

Але ясна, што проблема нашай прозы ёсьць не такая простая проблема, якую можна разьвязаць бяз доўгіх акалічнасьцяй, пачынаючы проста фабрыкаваць апавяданьні, аповесьці, романы, апісаньні і інш.

Тутака важна тое, што наша проза пачала разьвівацца ў эпоху пролетарскай рэволюцыі, — і гэтая эпоха ставіць да кожнага пісьменьніка свае вымогі.

Як і кожны твор з літаратуры, прозаічны твор, будучы глыбока нацыянальным з боку сваёй формы, у той-жа самы час павінен быць рэволюцыйным, г. зн. інтэрнацыянальным з боку свайго зьместу, дакладней кажучы, з боку тых мотываў, якія становяць яго зьмест.

Разумеецца, што і стыль нашых прозаікаў, адбіваючы характарныя рысы народнай фразэолёгіі, павінен у той-жа самы час адпавядаць тэмпу жыцьця рэволюцыйнай эпохі.

Гэта — умовы, sinibue quidus non, — без якіх няма сапраўды сучаснай прозы.

Паглядзім, што-ж даў нам у гэтых адносінах 1926 год?

Папершае, мы маем другую квадру роману Цішкі ГартнагаСокі Цаліны“, — „На перагібе“, і гэтую квадру з пэўнай рацыяй можна паставіць у першым шэрагу нашых прозаічных твораў. Няма чаго паўтарацца і пацьвярджаць тое, што ўжо ясна само сабою, — выдатнае значэньне новага твору нашага пролетарскага пісьменьніка-романістага; адно трэба адзначыць, што Ц. Гартны, як пісьменьнік-рэволюцыянэр, займае і будзе займаць першае месца ў шэрагу нашых бэлетрыстых. Што тут мае значэньне? — Практыка цяжкой „рабочай“ працы і непасрэдны ўдзел у рэволюцыйным змаганьні фабрычнага пролетарыяту. Практыкі „рабочай“ працы ў буйных цэнтрах фабрычнай прамысловасьці няма ані ў воднага з старых пісьменьнікаў „народніцкага толку“, а малодшым (трэба-ж у гэтым шчыра прызнацца) не хапае рэволюцыйнага гарту, які мог стварыцца пад уплывам паліцэйскага ўціску і астрожнага рэжыму. Наша моладзь выхавана ва ўмовах панаваньня пролетарыяту. Яна рэволюцыйна з боку сваёй ідэолёгіі, але часта ня мае рэволюцыйнага настрою. Ёй не хапае дасьведчаньня рэволюцыйнай барацьбы. Адсюль пэўная „мяккацеласьць“ нашага маладняка, імкненьне прыстасавацца, прыладзіцца, падмазацца. Адсюль часта вельмі павярхоўны падыход да проблемы вялікага соцыяльнага змаганьня. І ня дзіва, што другая квадра роману Цішкі Гартнага больш за ўсё выразна выяўляе сутнасьць рэволюцьйнага процэсу ў Беларусі.

Вельмі высока стаіць мова аўтара, — адбітак жывой народнай капыльскай мовы; як рэволюцыянэр, Ц. Гартны адрэзвае словы; у яго няма мяшчанскай закругленасьці фразы; стыль яго жорскі і, значыцца, рэволюцыйны.

Іншыя, ужо дробныя, прозаічныя творы пісьменьніка, зьмешчаныя ў часопіснай літаратуры, яскрава сьведчаць аб тым, што яго творчасьць няўхільна разьвінаецца ў кірунку ўсё большых і большых дасягненьняў з боку стылю і наогул мовы. Вось, напрыклад, апавяданьне „Таварыш інспэктар“ з № 5 „Полымя“ за 1926 г.: „Ноч глядзела на зямлю мільёнамі зор. Чорны полаг яе туліў надворак. Праз адчыненае акно падаў смуглы жоўты прамень на мяккую мураўку. Ціха шыпеў самавар. Некалькі хвілін ня чуваць было жаднага крыку, ні гуку. Пасьля дзесьці падала свой голас сава. Па гасьцінцы затарахцелі калёсы падводы. На іх стук адазваўся зацяжным брэхам сабака. Яшчэ нечы крык умяшаўся ў гэта“… З стылістычнага погляду гэта месца вытрымана бездакорна. Адрывістыя, кароткія сказы як нельга больш адпавядаюць задачам ўдасканаленьня нашай літаратурнай мовы, бо жывая мова ня ведае доўгіх пэрыодычных сказаў, і памылкай пісьменьніка ў яго ранейшых творах было злоўжываньне пэрыодамі, дзеля чаго сама мова набывала цяжкі характар.

Ад твораў Ц. Гартнага пераходзім да твораў Якуба Коласа, пісьменьніка старога народніцкага толку, які ў канцы году атрымаў прызнаньне народнага беларускага поэты. Апроч апавяданьняў пісьменьніка, якія зьмяшчаюцца ў розных часопісях, якраз к часу яго юбілею выходзіць яго зборнік „На прасторах жыцьця“. Калі ў ранейшых зборніках пісьменьніка „Крок за крокам“, „На рубяжы“, „У ціхай вадзе“, а таксама і ў выданым у пачатку 1926 г. зборніку „Казкі жыцьця“ перадрукованы галоўным чынам старыя творы Як. Коласа, якія выдаюць яго больш за пісьменьніка прадрэволюцыйнай эпохі, дык новы зборнік „На прасторах жыцьця“ як-бы разгортвае новую старонку з літаратурнай творчасьці поэты. З прастору беларускіх палёў, апавітых летняю смагаю і журбою зьдзекаў паноў над сялянамі, з межаў беларускай вёскі і мястэчка, дзе ледзь-ледзь б‘ецца пульс жыцьця, з глушы беларускай провінцыі з яе дробнымі інтарэсамі настаўнікаў і настаўніц, каморнікаў ды валасных пісароў, пісьменьнік (робіць толькі робіць) спробу перайсьці на шлях прастораў буйнога гораду, на шлях прастораў жыцьця, перабунтаванага да ісподу рэволюцыйнай навальніцай. Ці ўдаецца гэта спроба? Пытаньне, на якое можна адказаць парознаму. Шукевіч-Трацьцякоў кажа: ад „Палескай глушы“ Колас пакуль што не дайшоў да сучасных падзей, хаця гэта ён нам і абяцаў. Ён дойдзе да іх пазьней, калі сучасныя дні ўжо стануць гісторыяй. Але адаб‘е іх у сваіх творах і як добры мастакі як праўдзівы летапісец, як эпічна адбіў ён свае маладыя гады ў „Новай Зямлі“… Адсюль вывад: „Не чакайце-ж ад Коласа сёньня ні яскравых малюнкаў Федзіна „Города и годы“, ні Блокаўскіх12“, ні „Цемента“ Гладкова. Не чакайце ўсяго гэтага ад яго сёньня — зарана чакаеце („Чырвоны Сербіт“ ) № 3 за 1926 г. і зборнік „Якуб Колас у літаратурнай крытыцы“). Аднак з гэтай ацэнкай не згаджаецца на старонках „Полымя“ (1927 г. № 1) Янка Марук. На яго думку, „т. Шукевіч шмат памыляецца ў сваіх прарочаскіх „предсказаниях“. У гэтым ён можа праканацца, калі ўважліва прачытае „На прасторах жыцьця“, бо тутака можна знайсьці больш таго, што даў і Федзін і Гладкоў“. Да якіх-жа вывадаў магчыма, усё-ж такі, прыйсьці пры ўважлівым чытаньні зборніка? Зборнік „На прасторах жыцьця“, як і іншыя творы Якуба Коласа, дае багатую галерэю асоб рознага соцыяльнага стану. Цікава: хто-ж яны, героі яго апавяданьняў? — Хаім Рыбс, дробны крамнік, якога абіраюць на пасаду квартальнага мястэчка Новы Стан, курскі настаўнік Рыгор Андрэевіч Угоднік, які з голаду згаджаецца на абраньне яго сельскім „вобчаствам“ за папа („Курская анамалія“), Якім Суднік, засьцянковы шляхціц (стары), вясковы дзед Баўтрук („Называецца — зарабіў“), восемдзесятлетні вясковы-ж дзед Павал і побач з ім малюсенькая Нінка („З боку жыцьця“), маленькая дзяўчынка Агатка, напалоханая контрабандыстымі („Агатка“), стары наіўны вясковы дзядзька Марцін, поўны вобраз мінулага („Дзядзькаў сьведка“), Міхайла Іванавіч Вядзёркін, прокурор, які ў першыя дні рэволюцыі бурчыць на Савецкую ўладу ды з голаду крадзе дошкі з плоту на апал, побач з ім „айцец“ Мікалай і „матушка“ Кацярына Пятроўна, Андрэй Мартынавіч „шкраб“ старой рошчыны („Прокурор“). І гэта на працягу 100 старонак зборніку. Якія-ж гэта „новыя“ тыпы? Усе — старызна, якая або сама зьбіраецца на спакой, або адкідваецца жывым струменем рэволюцыі. І, чытаючы першую трэць зборніка, зусім ня сьцяміш, якія тутака „прасторы жыцьця?“ Айжа, лепш было-б выкінуць усё гэта з зборніка і выпусьціць асаблівым сшыткам, хаця-б пад загалоўкам „Рэшткі старога“. Новае пачынаецца толькі з „Колектыву пана Тарбецкага“, хаця і тут, уласна кажучы, новыя тыпы пераблытаны са старымі. Вось прад намі пан Тарбецкі, тыповы пан, уласьнік гарадзкой маемасьці, які дажывае свой вёк на плату з кватарантаў, а побач з ім — поп Лагода, сьвіняр Вадап‘ян. Але. апроч таге, фігуруюць прачка Грында, кравец Самабыль, швачка Самабыліха, шавец Сякач, доцэнт, асыстэнт, электрафікатар. Як бачым, больш дробна-буржуазныя тыпы, або неорганізаваныя „кустары“. І было-б няправільна казаць, што тутака аўтар пераносіць нас на прасторы буйных вуліц; героі яго апавяданьня жывуць дзесь на задворку, на ўскраіне буйнога гораду. Чытаючы „Колектыў пана Тарбецкага“, проста ўяўляем сабе менскую Старажоўку ў тупіку, які ўпёрся ў конную плошчу. Пэўныя прасторы жыцьця, аднак, даны ў галоўнай аповесьці зборніка „На прасторы жыцьця“. Вясковая моладзь, вучні рабфаку, хлопцы і дзяўчаты — вось пэрсонажы гэтай аповесьці. Яны з трудом вырываюцца з сваёй вёскі, з трудом паступаюць на рабфак, жывуць у цесных умовах, часта церпяць няўдачы, але няўхільна імкнуцца выйсьці на прастор. Гэты твор нашага пісьменьніка зусім сваячасны. Каго няма сярод пэрсонажаў апавяданьняў Якуба Коласа? Няма работнікаў, няма прадстаўнікоў гарадзкога працоўнага пролетарыяту. Задарма-б мы сталі шукаць іх сярод герояў яго нават найноўшых апавяданьняў. У гэтым — вялікая розьніца паміж творамі Як. Коласа і Федзіна ды Гладкова. Якуб Колас і да гэтага больш сялянскі, вясковы, або местачковы, чымся рабоча-пролетарскі гарадзкі пісьменьнік.

Зьяўляецца пытаньне, ці здолеў-бы Якуб Колас зрабіцца такім пісьменьнікам, ці змаглі-б з-пад яго пяра выйсьці творы, падобныя на творы Ф. Гладкова?

Шукевіч-Трацьцякоў беспардонна кажа: „не чакайце — ня здолее!“ Авось-жа зусім не памарксыцку кажа паважаны крытык. З таго, што ў Якуба Коласа ня было такіх твораў, не вынікае, што іх у яго ня будзе. Ня было таму, што навакол пісьменьніка ня было адпаведнага асяродзішча. І сапраўды, дзе ў нашай Беларусі буйныя фабрыкі, буйныя фабрычныя цэнтры, якія адпаведным спосабам настройвалі-б думку пісьменьніка? Іх няма. Якуб Колас да гэтага часу быў пісьменьнікам беларускай вёскі і лясоў, бо ён узрос у вёсцы, у нетрах беларускіх пушч. Апынуўшыся вясковым настаўнікам, ён дае малюнкі жыцьця вяскова-местачковай інтэлігенцыі. Апынуўшыся ў Куршчыне, зафіксоўвае ў сваіх апавяданьнях малюнкі жыцьця курскай вёскі. Потым ён жыве ў абставінах гарадзкога жыцьця, сярод скучнага насельніцтва сучаснага гораду, — і вось з-пад яго пяра выходзіць „Колектыў пана Тарбецкага“. Апавяданьне „На прасторы жыцьця“ зьяўляецца, у сваю чаргу, вынікам заняткаў пісьменьніка ў тэхнікумах і унівэрсытэце. Уявім сабе, што Якуб Колас апыніцца ў буйным цэнтры фабрычнай прамысловасьці, што ён сам спрабуе працаваць на фабрыцы або, прынамсі, увойдзе ў гушчу рабочай масы, — прыгледзіцца да жыцьця рабочых і прыслухаецца да іх настрояў. Тады, бязумоўна, ён здолее даць абрыс фабрыкі і гораду, — і гэты абрыс, мабыць, будзе стаяць вышэй за тое, што дана ў творах малодшых пісьменьнікаў, бо, як майстар слова, беларускага слова, Якуб Колас стаіць вельмі высока. Каб зусім зразумець зьмест твораў Якуба Коласа, трэба мець на ўвазе асноўныя рысы яго творчасьці. На мой погляд, гэта творчасьць характарызуецца вельмі разьвітай назіральнасьцю над фактамі рачаіснасьці пры глыбокім рэфлексолёгічным і філёзофскім аналізе і, аднак, пры небагатай будаўнічай фантазіі. Якуб Колас чэсна, у адпаведнасьці з фактам, апісвае тое, што ёсьць, асабліва тое, што праходзіла прад яго вачыма, але ён ніколі ня створыць „утопіі“. Тутака вялікая розьніца паміж Якубам Коласам і, напрыклад, Зьм. Бядуляй і М. Зарэцкім. Бядуля, ніколі ня быўшы контрабандыстым, сьмелымі мазкамі пяра малюе вобраз, але ня толькі вобраз, а і псыхічныя перажываньні контрабандыстага („Як я зрабіўся контра-бандыстым“), М. Зарэцкі, зусім малады пісьменьнік, у апавяданьні „Сьмерць“ разгортвае старонку жыцьця старога рэволюцыянэра на парозе да сьмерці. Абодва пісьменьнікі даюць нам вобразы сваёй магутнай творчай фантазіі. Пры жаданьні яны дадуць нам і вобраз рабочага-шахцёра, нават ніколі ня быўшы ў шахтах, і накідаюць малюнак „пекла“ і „апошніх дзён сьвету“, — накідаюць сакавітымі, яскравымі фарбамі. Няма чаго чакаць чаго-небудзь падобнага ад Якуба Коласа… Ён — рэалісты, не фантазёр, апісальнік рэчаіснасьці, а не ўтопісты… Пры ўсім тым, няможна адмаўляць, што ў зьмесьце творчасьці Якуба Коласа за апошнія гады ясна выявіўся паварот у бок рэволюцыйнай ідэолёгіі, — і гэта асабліва выразна адчуваецца ў зборніку „На прасторах жыцьця“. „У шырокіх размахах грамадзкай работы“ — вось дзе даны сапраўдныя шырокія прасторы жыцьця згодна надпіску да аповесьці „На прасторы жыцьця“.

У гэтых адносінах асабліва аповесьць „На прасторы жыцьця“ адпавядае вымогам сучаснасьці. Аднак, нельга казаць таго-ж аб стылі Якуба Коласа. Стыль яго пазьнейшых апавяданьняў такі-ж самы спакойны, „рахманы“ стыль, якім напісаны і ранейшыя яго творы. У ім не адчуваецца дынамічнасьці жыцьця нашай эпохі. І як і раней, у прозе Коласа ня мала русізмаў, русізмаў ня ў сэнсе лексыкі, а ў сэнсе фразэдоёгіі. Напр., бяру на аднэй толькі 93 стар.: — „Хіба-ж дапусьціць ён сябе да таго, каб сябраваць з жаночым насеньнем“.„,Зрабіць намеры сьцерці яе з твару зямлі“. „Аленка, пакрыўджаная ў лепшых сваіх жаданьнях“. „Яшчэ больш сур‘ёзны стаўся Сьцёпка“. „Настала лета, уцягнуўся Сьцёпка ў гаспадарчую работу“. Канечна, гэтыя асаблівасьці стылю Коласа, мабыць, у некаторых адносінах і маюць свой сэнс: дзякуючы ім, палягчаецца чытаньне яго твораў асобамі, што прайшлі расійскую школу. Аднак, ясна, што школай беларускай фразэолёгіі проза Коласа быць ня можа.

У сэнсе дынамічнасьці стыль З. Бядулі і М. Зарэцкага, бязумоўна, стаіць вышэй ад стылю Як. Коласа.

Пераходзім да гэтых апошніх.

З. Бядуля, апрача журнальных артыкулаў, выпусьціў у 1926 годзе цэлы зборнічак сваіх „апавяданьняў“. Каб судзіць аб „новых“ апавяданьнях Бядулі, каб мець пэўны „маштаб“ для ацэнкі яго „новых“ продуктаў пяра, трэба мець на ўвазе агульныя рысы яго творчасьці. Аб дужа разьвітай фантазіі пісьменьніка было ўжо казана. Гэтай асаблівасьцю Бядулі і тлумачыцца яго закаханьне да мітолёгічных, казачна-баечных сюжэтаў. Бядуля адчувае сябе зусім дома як на беларускім небе, гэтак і ў нетрах палескіх балот, — там, дзе жывуць чэрці, лясуны, русалкі і інш. стварэньні беларускай фантазіі. Бядуля сваёй фантазіяй можа жыва ўявіць сабе і маляўніча апісаць перажываньні і цяжарнай кабеты, і контрабандыстага, якому пагражае кара сьмерці. Пісьменьнік з багата разьвітай творчай фантазіяй, Бядуля разам з тым палкая, адароная чыста-паўднёвым эротычным тэмпэрамантам натура, і пры тым вельмі цякучая, зьменная, гнуткая натура. Мабыць, Зьмітрок Бядуля — самы палкі і разам з тым самы гнуткі з ліку нашых пісьменьнікаў. Гэтыя рысы агульнай творчасьці пісьменьніка знаходзяць сабе адбітак і ў зборніку яго „Апавяданьняў“, выданых у 1926 г. Хіба не найлепшае з усіх гэтых апавяданьняў апошняе — „Як я зрабіўся контрабандыстым“. Сучаснае па сюжэту, напісанае жвава і вытрыманае з стылістычнага боку, яно разам з тым ёсьць і найбольш вялікае з усіх апавяданьняў зборніку. А пра іншыя можна казаць, што для пісаньня іх, як відаць, у Бядулі не хапала часу. Вышлі кароценькія, дужа кароценькія рэчы. Аднак, усе апавяданьні Бядулі сучасны, адпавядаюць тыповым зьявам нашай рачаіснасьці, — і ня будзе памылкай казаць, што калі цяпер рабочы, пролетар гораду, пакуль што не фігуруе ў гэтых апавяданьнях, дык у далейшым рабоча-грамадзкае жыцьцё, знойдзе сабе яскравы адбітак у яго творах. А што Бядуля — „майстар“ нашай прозы, гэта яскрава даводзіцца апошнім яго апавяданьнем за 1926 г, надрукаваным ў № 8-м „Полымя“, — „Танзілія“. Як мастацкі прозаічны твор, „Танзілія“, бязумоўна, зойме адно з першых месц у шэрагу нашых прозаічных твораў. Вобраз татаркі, якая нарадзіла ад беларуса Васіля дзіця, забітае яе мужам, татарынам, жыва ўяўленай пісьменьнікам у яе „біолёгічнай трагедыі жанчыны“, будзе жыць сярод вобразаў беларускай прозы.

Стыль Бядулі — сьмелы і разам з тым лёгкі і роўны…

Аднак, стыль М. Зарэцкага па сваёй рэволюцыйнай магутнасьці пакуль што адзіночны стыль у нашай прозе.

„Ціха было. Але ва ўсім адчувалася жывая напружанасьць нейкая. Быццам ночны спакой працінаўся памалу яшчэ стрыманай энэргіяй, і пад навалаю яе во-во ўжо гатоў быў рассыпацца ў сумятлівую дзенную рухавасьць. І застыгла ў шэра-сталёвым папетры маўкліва-трывожнае чаканьне…“

Фразы выбіваюцца нібы-та ўзмахамі сталёвага молата. Фразы ў большасьці кароткія, быццам уцятыя…

У 1926 годзе М. Зарэцкі даў зборнік „Пад сонцам“, аповесьць „Голы зьвер“, у самым канцы году „42 дакуманты“ і „Двое Жвіроўскіх“.

Сярод герояў апавяданьняў М. Зарэцкага няма чаго шукаць нясучасных тыпаў. Рэволюцыянэры-барацьбіты, жанчыны, выбітыя рэволюцыяй з каляіны мяшчанскага жыцьця, контр-рэволюцыянэры, разбэшчаныя „здраднікі“ новага ўкладу жыцьця („голыя зьвяры“) і побач з гэтым моладзь, піонэры — дзеці, будаўнікі будучага. Ёсьць адна рыса, якая выгодна адрозьнівае прозу Зарэцкага на агульным фоне нашай больш сялянскай, чымся гарадзкой літаратуры. Зарэцкі дае вобразы пераважна рэволюцыйнай інтэлігенцыі або проста інтэлігенцкіх тыпаў, якія кінуты ў кіпучы кацёл рэволюцыйных перажываньняў. Гэта надае асаблівай колёрытнасьці творам Зарэцкага і робіць яго „ходкім“ сярод інтэлігенцкіх кругоў пісьменьнікам.

Тое, што створана Зарэцкім у 1926 годзе, можна разглядаць, як канву, па якой будуць разьвівацца далейшыя буйныя парасткі яго творчасьці.

На гэта разьвіцьцё пісьменьніка выразна паказвае яго роман „Сьцежкі-дарожкі“, які пачаў друкавацца сёлета ў часопісі „Полымя“.

Сярод прозаічных твораў ад мінулага году, бязумоўна, важнае месца павінны заняць апавяданьні М. Гарэцкага „Досьвіткі“ і „У чым яго крыўда?“ Гэтак сама значнае месца належыць „Запіскам“ аб імпэрыялістычнай вайне. Што проза Гарэцкага мае шмат дадатных бакоў — гэта вядома ўжо даўно. І толькі выпадковымі акалічнасьцямі можна вытлумачыць многалетняе маўчаньне таленавітага прозаіка. Тым больш трэба прывітаць, што М. Гарэцкі зноў пачынае пісаць не падручнікі, ня слоўнікі, а бэлетрыстычныя творы. Нельга адмаўляць таго, што зьместам апавяданьняў Гарэцкага служаць падзеі дарэволюцыйнага часу, але паколькі тутака адбіваецца ўціск паноў над прыгнечанымі сялянамі, яны сваячасны і маюць выхаваўчае значэньне для пролетарыяту. Запіскі-ж „На імпэрыялістычнай вайне“, у свой чарод, кладуць пачатак сур‘ёзным формам беларускай прозы рэальнага кірунку.

Урэшце, мова М. Гарэцкага, як народная мова, падобная, па сваёй блізкасьці да провінцыяльных гутарак, на мову Ц. Гартнага, мае значную вагу для сформаваньня нашай літаратурнай мовы.

Асобна сярод зборнікаў прозаічных твораў за 1926 год можна паставіць зборнік Кузьмы Чорнага „Пачуцьці“ і „Хвоі гавораць“.

У свой час: з выхадам з друку ў выданьні „Маладняк“ зборнічкаў „Апавяданьні“ і „Срэбра жыцьця“ (Менск, 1925 г.), Кузьма Чорны падаваў сур‘ёзныя надзеі, як пісьменьнік рэалісты, адароны назіральнасьцю над фактамі жыцьця і добрай, лёгкай мовай.

Цяпер, ня факты, а пачуцьці — ў цэнтры ўвагі аўтара,

Якія-ж і чые пачуцьці?

„Музыка сьціхла, а пасьля зноў зьявілася. Яна выявіла скаргу чалавека, які заставіў гэтыя зыкі бегчы ў сьвет. Скаргу на тое, што ня бачыць ён у сьвеце таго, чаго бачаць у той-жа час другія і што мінулае не варочаецца. Жыць-жа гэтым мінулым, калі яно толькі мінулае — цяжка. Зыкі перайшлі пасьля ў глыбокую журбу“.

Гэтак чытаем у першым апавяданьні зборніка аб пачуцьцях „Вечар“.

Глыбокая журба — гэтае пачуцьцё нібыта чырвонаю істужкаю праходзіць праз апавяданьні К. Чорнага. Журыцца аўтар, журыцца і ные, ные без канца… Амаль што не цэнтральнае апавяданьне ў зборніку — „Буланы“. Сюжэт — пачуцьці шаўлюжкі, старога Буланкі перад забоем…

„Карась“ спакойна, з каменным выразам твару, дастаў з халявы нож, папрабаваў пальцам вастрату яго і, як-бы што раптам уцяміўшы, даў гэтым нажом Буланаму ў грудзі.

Буланы ні то што каб гэта адчуў боль: яе неяк асабліва і ня было. У першую хвіліну было нейкае як-бы непаразуменьне перад усім тым, што робяць, што ёсьць… Пасьля ўсё стала цёмна-шэра-сівім, паплылі ў ім чырвоныя лапіны, з нейкаю страшнаю зеленьню ды яшчэ з нечым такім, што ўсё і нічога…“

І гэтак ные, тупаецца аўтар на працягу цэлага апавяданьня…

А вось адрывак з апавяданьня „Пачуцьці“.

„Была туманная раніца. Расплывалася імгла і цякла вада. Плакаў сад мокрым гальлём…“

І ўсё-то плача аўтар… Зусім ня прыстала плакаць яму, дужа маладому хлопцу…

А калі хлопцы плачуць, гэта — яўная адзнака заняпаду…

Жадалася-б, каб Кузьма Чорны здолеў выйсьці на свой ранейшы шлях здаровай рэалістычнай творчасьці.

Зборнічкі творчасьці Нікановіча („Золак“ і „Радасьць“), а гэтак сама апавяданьні Гаўрука і Мурашкі нічога цікавага не выяўляюць. Гэта — звычайныя спробы маладых пісьменьнікаў, якім яшчэ многа трэба папрацаваць над сабою ў сэнсе паглыбленьня свайго жыцьцёвага дасьведчаньня і ўдасканаленьня свайго пяра.

А ў цэлым можна лічыць, што 1926 год пакінуў пасьля сябе значны сьлед у галіне нашай мастацкай прозы.

Полымя“, 1927 г., № 4.