На літаратурныя тэмы (1929)/Беларуская літаратура ў яе адносінах да агульнай культуры пролетарыяту
← Прадмова аўтара | Беларуская літаратура ў яе адносінах да агульнай культуры пролетарыяту Крытыка Аўтар: Мікола Байкоў 1929 год |
Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры (Купала і Шаўчэнка) → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларуская літаратура ў яе адносінах да агульнай культуры пролетарыяту. |
БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА Ў ЯЕ АДНОСІНАХ ДА АГУЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ ПРОЛЕТАРЫЯТУ.
Пытаньні, якія паўстаюць у адносінах да зьяваў літаратубнай творчасьці больш, чымся іншыя культурна-акадэмічныя пытаньні, маюць жыцьцёвы практычны характар. Яны выклікаюцца самым жыцьцём, а іх разьвязаньне вызначае шлях разьвіцьця літаратуры, які найбольш адпавядае запатрабаваньням жыцьця і пабудове грамадзтва. У сучасны момант, калі галоўным чыньнікам грамадзтва зьяўляецца пролетарыят, і на першым пляне павінны стаяць культурныя запатрабаваньні пролетарскай клясы ў цэлым, як міжнароднага злучэньня працоўных мас, зусім натуральным і зразумелым зьяўляецца пытаньне аб адносінах беларускай літаратуры да агульнай культуры, пролетарыяту. Гэта значыць, што беларуская літаратура павінна ацэньвацца, як фактар ня толькі нацыянальнага, але і агульна-пролетарскага значэньня. Больш конкрэтна: ацэнка твораў беларускага прыгожага пісьменства ня можа абмяжоўвацца цікавасьцямі толькі пролетара-беларуса; трэба прымаць пад увагу, наколькі гэтыя творы здавальняюць культурным цікавасьцям і запатрабаваньням пролетараў іншых, як прыкладам — расійскай, польскай, яўрэйскай і г. п. нацыянальнасьцяй.
Якія даныя знойдуцца для вырашэньня пастаўленага пытаньня ў самой беларускай літаратуры?
Кожны літаратурны твор, а таксама злучнасьць гэтых твораў — літаратуру, магчыма аналізаваць з розных пунктаў погляду, зьвяртаючы ўвагу на той або іншы элемэнт, які прадстаўлены ў літаратурных творах.
Перш-на-перш зьяўляецца зразумелым нацыянальны элемэнт. Кожны літаратурны твор ужо з боку мовы зьяўляецца праявай творчасьці пэўнай нацыянальнасьці. Апрача мовы, нацыянальны элемэнт знаходзіць сабе выраз і ў іншых рысах літаратурнай творчасьці: поэта-пісьменьнік апісвае „родныя зьявы“, творыць нацыянальныя тыпічныя образы, выяўляе нацыянальныя ідэі, пачуцьці і імкненьні. Напр., творы А. Пушкіна і Л. Талстога, дзе абмаляваны расійскія нацыянальныя тыпы і выражаны расійскія нацыянальныя пачуцьці і імкненьні, зьяўляюцца праўдзівымі расійскімі нацыянальнымі творамі. З другога боку, А. Міцкевіч бязумоўна ёсьць нацыянальны пісьменьнік польскага народу. Нацыянальны элемэнт становіць сабою неабходную прыналежнасьць кожнай літаратуры, хоць і выяўляецца ў розных фазах разьвіцьця літаратурнай творчасьці ў рознай, большай або меншай, меры. Звычайна, у асабліва моцнай меры выяўляецца ён у пачатку культурнага разьвіцьця народу, у момант абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці, калі народ самавызначае сябе, як самастойную адзінку. Гэта зразумела і з чыста псыхолёгічнага погляду: перш, чымся зьвяртацца да сусьветных мотываў, — мотываў, якія маюць агульна-чалавечае значэньне і выражаюць лінію разьвіцьця па-за нацыянальнай культуры, кожны народ павінен усьвядоміць свае „родныя зьявы“ і выкарыстаць свае родныя нацыянальныя мотывы. Таксама ўзмацняецца нацыянальны элемэнт літаратуры, калі народу прыходзіцца цярпець ціск з боку іншых нацыянальнасьцяй.
У такія моманты зноў абуджаецца нацыянальнае пачуцьцё, якое шукае сабе выхаду перш-на-перш у формах лірычнай поэзіі. Перавага лірыкі і становіць сабою адзнаку першастковай пары разьвіцьця нацыянальнай літаратурнай творчасьці і ўжо потым ад лірыкі адчыняецца шлях да форм нацыянальнага эпосу.
Калі з гэтага погляду разглядаць новую беларускую літаратуру, якая пачалася ад канца мінулага сталецьця, то мажліва адразу ўбачыць, што нацыянальны элемэнт прадстаўлен ва ўсіх беларускіх пісьменьнікаў нават розных ідэолёгічных кірункаў. Гэта і ня дзіва.
Справа ў тым, што сама беларуская літаратура пачала разьвівацца роўналежна разьвіцьцю беларускага нацыянальнага руху і зьяўляецца найвыразьнейшым адбіткам поступу гэтага руху. Дакладна кажучы, не беларуская літаратура выклікала нацынальны беларускі рух, а гэты апошні выклікаў да жыцьця беларускае друкаванае слова. Першыя прадстаўнікі беларускага прыгожага пісьменства кіруюцца запатрабаваньнямі ўваскрашэньня сваёй нацыянальнасьці. Зусім выразна выступае гэты мотыў у першага пісьменьніка ў добе навейшай беларускай літаратуры Ф. Багушэвіча. Пачынаючы пісаць пабеларуску, ён выходзіць з жаданьня захаваць сваю нацыянальнасьць. „Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем катораму мову займе, а потым і зусім памёрлі“. „Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не памёрлі“ (з „Прадмовы“ да , „Дудкі Беларускай“). Дзеля таго ён і адважваецца пісаць вершы ў беларускай мове, і гэтыя вершы маюць зусім нацыянальны характаў.
Тым-жа самым шляхам ідзе сучасьнік Ф. Багушэвіча, Янка Лучына (Я. Няслухоўскі). Нацыянальны мотыў чуваць амаль у кожным яго вершы.
Вельмі паказальна ў гэтых-жа адносінах увага [[:|Цёткі]] (А. Пашкевіч) у „Прадмове“ да „Скрыпкі Беларускай“: „Доўга думала, як сябе зваць, аж покі не папала ў мае рукі „Дудка“ М. Бурачка; яна-то
9 мне сказала, што хто гаворыць патутэйшаму, памужыцку, значыцца ён гаворыць пабеларуску, а хто гаворыць пабеларуску, той — беларус. Прачытаўшы тую „Дудку“, я сказала:, Дзякуй табе, М. Бурачок, чэсьць і слава твайму слову! А ты, Дудка, грай і мне голас дай. З таго часу пачала я майстраваць інструмант. Вышла з-пад рукі скрыпка“. Ня дзіва, што ў Пашкевіч, паміж іншымі вершамі, знаходзім такі прасякнуты шчырым замілаваньнем да роднай зямлі верш, як „На чужой старонцы“.
Маркотна мне. Чужы я людзям. |
У далейшым разьвіцьці беларускай поэзіі нацыянальны элемэнт асабліва моцна, як вядома, прадстаўлены ў Янкі Купалы і Я. Коласа.
Тутака цікава адзначыць тое, у якім кірунку разьвіваецца творчасьць гэтых поэтаў у апошнія гады.
Творы Я. Купалы і ў рэволюцыйную эпоху напісаны ў пераважнай большасьці на нацыянальныя тэмы.
Калі ў пачатку сваёй літаратурнай дзейнасьці поэта бачыў прызначэньне сваё:
За родну песьню будзь ваякай… „(Шляхам жыцьця“, стар 158). |
Ад прадзедаў спакон вякоў |
Гэты сьветач, як выразна паказвае зборнік вершаў „Спадчына“, поэта захаваў у сябе да апошняга часу…
Дзеля таго галоўная частка вершаў зборніка афярованы бацькаўшчыне. Нават такі сюжэт, як „валачобнікі“, выклікае ў поэты думку:
Ці-ж нас такое з роду ўжо пракляцьце |
На нацыянальныя мотывы напісаны і эпічныя вершы ў V разьдзеле зборніка — „Магіла льва“, „Бандароўна“ і інш.
Што поэзія Я. Коласа ў істоце зьяўляецца такой-жа высокай поэзіяй нацыянальнага патосу, — гэта не патрабуе асабістага давядзеньня. Сярод вершаў Коласа мы знойдзем шмат праяваў гэтага патосу, напр., у зборніку „Водгульле“ — „Родныя малюнкі“, „У палёх Беларусі“, „Покліч“ і асабліва „Беларускаму народу“. З другога боку, родныя малюнкі і родныя зьявы, — вось на што пакіраваны ўвесь час думкі поэты.
І гэты нацыянальны патос поэты, як быццам, дасягае свайго найвышэйшага пункту ў яго ў апошні час выдадзеным творы, — поэме „Новая зямля“, якую на пэўным грунце можна прызнаць, што асабліва падкрэсьліў у сваім артыкуле „Пуціны беларускае літаратуры“ проф. Ів. Замоцін, праўдзівай беларускай нацыянальнай поэмай.
Пад уплывам нацыянальных беларускіх мотываў увесь час стаіць нават беларускі пісьменьнік з яўрэяў З. Бядуля-Ясакар. „Ён да таго зросься з беларускаю культураю і беларускім народам, да таго пакахаў беларускую стыхію, як-бы ён быў беларусам ад роду. Доля-нядоля беларускага краю востра адчуваецца ім і выразна адбіваецца ў яго творах. З. Бядулі міл і патайны сьвет беларуса: яго вера ў лясуны, у русалкі, у ведзьмы; поэта не абмінае іх у сваіх творах“. (З. Жылуновіч. Беларускае пісьменства. Зборнік „Беларусь“, стар. 311). У зборніку. вершаў поэты „Пад родным небам“ вельмі выразна адбіваюць яго нацыянальную настраёвасьць першыя вершы зборніка, асабліва „Беларусь“ і „Паходні“: нацыянальныя мотывы праходзяць і праз эпічныя творы, зьмешчаныя ў апошнім разьдзеле „Зачарованы край“.
Агулам кажучы, лінію разьвіцьця беларускіх пісьменьнікаў дарэволюцыйнага настрою можна адзначыць тым, што ў іх з працягам часу формы нацыянальнай лірыкі пачынаюць зьмяняцца на формы нацыянальнага эпосу, але нацыянальны грунт іх творчасьці застаецца нязьменным.
Аднак, падобныя-ж ноты можна чуваць і ў творчасьці рэволюцыйна-пролетарскіх поэтаў Цішкі Гартны і М. Чарота. Тут, у адносінах да нацыянальнага элемэнту, розьніца паміж Я. Купалам і Я. Коласам, з аднаго боку, і Цішкам Гартным; Чаротам- з другога, ня толькі якасная, колькі колькасная. Нацыянальны элемэнт у пролетарскіх пісьменьнікаў аслабляецца дзеля таго, што ён злучаецца з элемэнтам рэволюцыйна-кастрычнікавым, але ў гэтым злучэньні ён усё-ж такі застаецца прыметным:
Цяпер айчына — жыўчы дух (Ц. Гартны. „Песьні пр. і зм.“, стар. 83). |
Дзеля характарыстыкі нацыянальнага настрою Гартнага нязьлішне будзе прыпомніць гэткае месца з яго роману „Сокі цаліны“.
„Пасьля двух год разлукі з родным краем знаёмыя мясьціны паказаліся Рыгору такімі блізкімі яго сэрцу, такімі роднымі і дарагімі, што ён зусім не прыкмячаў у ўспамінках тае межы, якая двохгадовай прагалінай ляжала ў яго жыцьці. Там, у глыбіні яго душы, якая ні на хвілю не пакідала дрэньціць па родным краю, па сваіх людзях, цяпер, калі ўсё паказалася яго вачом, раптам забурліла кіпучая хваля любві і нейкага неаказнага натхненьня.
— Праўда, такі, то, — разважаў ён у сваёй хаце, — што над родны край і над родную старонку нічога даражэй не знайсьці ў сьвеце. Кламяць тыя, несправядліва судзяць, кажучы: там наша родзіна, дзе нам жыць добра — падумаў ён, пры гэтым дастаў з-пад полу свой куфэрак, адамкнуў яго вынятым з кішэні ключыкам і, дастаўшы газэту, разьвярнуў яе і, тупаючы па хаце, пачаў дэклямаваць верш:
„Край мой родны, край мой мілы…“ |
У гэтых адносінах роман Цішкі Гартнага прыналежыць да тыповых твораў беларускага прыгожага пісьменства нацыянальнага кірунку.
Ён можа быць названы нацыянальным беларускім романам, як поэма Коласа „Новая зямля“ ёсьць нацыянальная беларуская поэма.
Нацыянальная рыса прыметна і ў наймалодшага беларускага песьняра — Міхася Чарота.
Хто іншы, як ня Міхась Чарот, пісаў:
Чорная краіна… Дзень цэлы ў сумоце, |
У зборніку, „Завіруха“ на апошніх старонках даецца цэлы шэраг вершаў на падобныя-ж тэмы.
Праўда, гэтыя вершы амаль што ня першыя творы Чарота, з якіх ён пачаў сваё літаратурнае разьвіцьцё, і сам аўтар у прадмове да зборніка, як быццам, вызначае іншы шлях свайго разьвіцьця, кажучы: „Час накладае свой адбітак. Тое, што было ўчора, таго няма сягоньня. Тое, што абурвала ўчора, тое сягоньня забыта і спалена. Сягоньня новае.
Калі ў першым сваім вершы я казаў:
Край родны, край сумны — крыжоў і балотаў, |
то сягоньня сьпяваю:
Край новы ўзрасьце на бураломе — |
У рачаіснасьці нельга адмаўляць, што ў творчасьці Чарота ў рэволюцыйны час адбыўся значны пералом, і аб гэтым пераломе сьведчыць, паасобку, першая палова зборніка.
Але, здаецца мне, што Чарот ня зусім правільна кажа: „Тое, што было ўчора, таго няма сягоньня“. У тым-жа 1922 годзе, калі вышаў з друку зборнік з „Завіруха“, зьявілася і поэма „Босыя на вогнішчы“. Паводле ацэнкі проф. Ігнатоўскага, „Поэма дае нам агляд усясьветнай сучаснай рэволюцыі ў тым, відзе і ў тым настрою, як яна адбывалася і перажывалася ў нас на Беларусі“. І т. Кнорын прызнае: „Босыя на вогнішчы гэта поэма рэволюцыі ў Беларусі“. Такім спосабам, абодва крытыкі згаджаюцца ў тым, што гэта беларуская поэма. Значыцца, аўтар і тут яшчэ абарочваецца сярод сваіх нацыянальных вобразаў, перажывае нацыянальныя пачуцьці, хоць і ў пролетарскай афарбоўцы. Я нават казаў-бы больш таго: мотывы сусьветнай рэволюцыі ў поэме выражаны вельмі слаба, калі ня лічыць апошняга разьдзелу. Поэма ў цэлым мае чыста мясцовую цікавасьць, нават цікавасьць ня ў межах Беларусі, а ў межах аднэй толькі Меншчыны.
Нацыянальныя мотывы дзе-ні-дзе паўстаюць і ў пазьнейшых творах поэты.
І нездарма, здаецца, у адным з сваіх апошніх твораў — поэме „Чырвонакрылы вяшчун“ поэта пачынае свой палёт з Беларусі абуджанай і канчае яго
Над Беларусьсю |
Я ня буду спыняцца на іншых ужо другарадных і новазьяўных зорках беларускага небасхілу. Усе яны, як правіла, пяюць на адзін і той-жа самы мотыў, ідучы па сьцежках буйных поэтаў, пяюць аб сваёй бацькаўшчыне і карыстаюцца роднымі зьявамі.
Бязумоўна, што паказаны бок беларускага прыгожага пісьменства мае вялікую каштоўнасьць для самых беларусаў — для іх нацыянальнага самавыхаваньня.
Такія вершы, як верш „Беларускаму народу“, ніколі ня страцяць свайго значэньня для беларускай люднасьці і будуць упісаны залатымі літарамі якраз у гісторыю беларускага рэволюцыйна-пролетарскага руху, як вершы, якія адбіваюць вялізарную няпраўду нацыянальнай політыкі буржуазнага ладу. І пакуль застанецца такая політыка, пакуль і ў комуністычным грамадзтве будуць знаходзіць сабе праяву перажыткі буржуазнага часу, ня зьнікне крыніца, якая ўзгадоўвае нацыянальны нахіл ў беларускай поэзіі.
Але зразумела, што такі нахіл будзе мець значэньне толькі ў межах вузка-беларускай культуры. Як-бы ні былі натхненны формы нацыянальнай лірыкі і прыгожы формы нацыянальнага эпосу, яны не выяўляюць безадноснай цікавасьці для пролетараў іншых нацыянальнасьцяй, — асабліва для пролетараў буйных нацыянальнасьцяй, як, напрыклад, нацыянальнасьць расійская, Гэта і натуральна: па меры ўзбуйненьня народу, па меры ўзрастаньня яго ўвыш і шыр, зьнікае або адходзіць на самы апошні плян нават яго ўласнае нацыянальнае пачуцьцё; народ усьведамляе сябе, як сусьветную велічыню, і прасякаецца цікавасьцямі сусьветна-клясавага характару. Такім спосабам, ня будзе дзіўным, калі сучасны расійскі пролетары больш зацікавіцца інтэрнацыяльна-клясавымі творамі Сінклера, чымся, напр., нацыянальным у сваёй істоце творам „Война и мир“[1].
І канечна, на грунце нацыянальных літаратурных мотываў ня можа адбыцца аб‘яднаньне паміж беларускім і агульна-пролетарскім культурным імкненьнямі.
Яно і не змагло-б адбыцца, калі-б у літаратурнай творчасьці ня ігралі ролі, побач з нацыянальным, іншыя фактары.
Ня менш важным, чымся ўплыў з боку нацыянальнага фактару, зьяўляецца ў культурнай творчасьці ўплыў з боку соцыляльна-клясавых суадносін. Кожны літаратурны твор і літаратура кожнай эпохі адбіваюць на сабе вядомую клясавую прыроду. У гэтых вось адносінах беларускае пісьменства мае бязумоўную перавагу ў параўнаньні з літаратурай іншых, нават буйных, эўропэйскіх нацыянальнасьцяй.
Гэта перавага і паасобку перавага беларускай літаратуры ў параўнаньні з літаратурай расійскай з канечнай неабходнасьцю была вызначана тымі об‘ектыўнымі соцыяльна-політычнымі абставінамі, сярод якіх пачаў нарастаць беларускі нацыянальна-културны рух і зьявілася новая беларуская літаратура. Тут варта тое, што беларускае пісьменства новага часу пачало разьвівацца роўналежна з рэволюцыйным змаганьнем беларускага сялянства за яго экономічнае вызваленьне. Самы беларускі нацыянальны рух у значнай меры зьяўляецца сродкам такога вызваленьня. Беларуская літаратура ёсьць амаль што ня выключна сялянская літаратура і мае шмат такога, чаго не хапае літаратуры расійскай. Праўда, і ў расійскіх пісьменьнікаў знойдуцца творы з сялянскага быту, — знойдуцца нават у выдатных пісьменьнікаў. І Тургенеў і Л. Таўстой пакінулі пасьля сябе творы з вясковага быту. Ня кажам ужо аб Грыгаровічы, які нібыта наспэцыялізаваўся на гэтых тэмах. Але трэба адмеціць, што ў клясычнай расійскай літаратуры аб сялянах пісалі пісьменьнікі з дваран. І гэта літаратура, афярованая сялянству, у істоце сваёй была нібы сялянскай літаратурай. Сапраўдных пачуцьцяў, сапраўднага твару хлопа і не маглі падмеціць пісьменьнікі-памешчыкі. Адгэтуль — або памылкова-сэнтымэнтальная абрысоўка сялянскага жыцьця, як то бачым у Грыгаровіча, або навучальны тон, — тон лубковых малюнкаў, — што прыметна ў Л. Таўстога. Толькі ўжо пачынаючы з твораў Муйжаля ў 2—3 мінулых дзесяцілецьцях сталі зьяўляцца ў расійскай мове больш-менш праўдзівыя абрысоўкі сялянскага быту. Але аж да моманту пролетарскай рэволюцыі пры засільлі ў расійскіх літаратурных кругох дваранска-буржуазных элемэнтаў трудна было прабіцца пісьменьнікам-сялянам, і толькі цяпер, у эпоху рэволюцыі, у Расіі пачала разьвівацца сапраўдная сялянская літаратура.
У межах беларускай літаратуры некаторую роўналежнасьць твораў Грыгаровіча прадстаўляе сэнтымэнтальная літаратура паловы мінулага сталецьця, да якой можна было-б далучыць і творы вышаўшых з шляхты Ф. Багушэвіча і Я. Няслухоўскага.
Пасьля Ф. Багушэвіча і Я. Няслухоўскага ўсе беларускія пісьменьнікі, за выключэньнем аднаго толькі М. Багдановіча, вышлі з розных сялянскіх — станаў і, што асабліва варта, як мы бачым на прыкладзе Я. Коласа, Ц. Гартнага, М. Чарота і інш., — вышлі з стану безьзямельнага сялянства. Ня дзіўна, адгэтуль, што мотывы сялянскага жыцьця побач з мотывамі нацыянальнага адраджэньня зьяўляюцца кіраўнічымі думкамі маладой беларускай поэзіі. Ад яе вее жывым пахам вясковай беларускай прыроды, магутным бадзёрым духам сялянскага жыцьця і з яе, як быццам, сочацца жывыя сокі цаліны. У гэтых адносінах беларускую поэзію можна паставіць на адзін узровень з Рэйтанаўскім „Chłopi“. Асабліва выдатная зьява тут, як мне здаецца, роман „Сокі цаліны“. З працягам часу, калі выйдзе гэты роман у скончаным відзе, літаратурная крытыка зможа больш выразна адзначыць месца Жылуновіча сярод ня толькі беларускіх, але і, агулам кажучы, сялянскіх пісьменьнікаў. Цяпер-жа можна заўважыць, што гэта — амаль што не адзіночны ў нас праўдзівы сялянскі роман, напісаны ў сапраўдна сялянскай мове селянінам. Вельмі выдатнай зьявай у гэтых-жа адносінах можна лічыць „Новую зямлю“ Я. Коласа. Гэта — амаль што ня першая праўдзівая поэма сялянскага жыцьця.
З гэтага боку маладая беларуская поэзія, бязумоўна выяўляе беспасрэдную цікавасьць для сучаснага пролетарыяту, і ў сялянскім кірунку яе, у яе сялянска-клясавай прыродзе, практычна вызначаецца шлях да злучэньня паміж беларускай і агульна-пролетарскай культурай. Беларуская літаратура, як літаратура ня толькі нацыянальная, але і клясавая, ня страціць і ў далейшым свайго сялянскага кірунку, і з другога боку — кожны пролетары павінен цікавіцца праявамі творчасьці праўдзівай сялянскай стыхіі, як стыхіі працоўнай і рэальнай у эпоху пролетарскай дыктатуры.
Дзеля свайго клясава-сялянскага колёрыту займе месца сярод фактараў агульна-пролетарскай культуры і поэзія „нашаніўцаў“.
Які пролетары не зацікавіцца і не захопіцца пекным вершам Янкі Купалы ад часу пачатку яго літаратурнай дзейнасьці:
Я мужык-беларус |
У пісьменьнікаў пасьля-нашаніўскай пары, у пісьменьнікаў, росквіт дзейнасьці каторых прыходзіцца на час пролетарскай рэволюцыі, мотывы творчасьці яшчэ больш збліжаюцца з запатрабаваньнямі пролетарскай культуры. Як быццам, тут новую лінію пачынаюць „Песьні працы“ Ц. Гартнага. Гэтыя песьні працы як нельга больш блізкі настроям пролетарыяту і павінны заняць месца сярод твораў агульна-пролетарскай поэзіі. Калі другая частка роману „Сокі цаліны“ будзе афярована жыцьцю і настрою рэволюцыянэра-рабочага, які вышаў з сялянскай сярэдзіны і, працуючы ў буйным фабрычным горадзе, ня згубіў сваёй сувязі з вёскай, зьявіцца ў рачаіснасьці твор, які ў мастацкай форме ажыцьцёвіць сувязь паміж культурнымі імкненьнямі сялянска-батрацкай і гарадзкой працоўнай стыхіі.
Такі нахіл поэзіі ў Гартнага зьяўляецца зусім натуральным: ён сам быў гарбаром, сам працаваў у майстэрні ў гразі і смуродзе…
Нахіл да карыстаньня з мотываў гарадзкога працоўнага пролетарыяту прыметны і ў Міхася Чарота, які не адмаўляецца ад сваёй сялянскай музы, але ставіць сабе і іншыя заданьні.
Ведай сьвет — я вясковы мужыччы сынок, („Ведай сьвет“). |
І ня дзіўна, што поэта прасякаецца лятуценьнем сучаснага пролетара-гарадчаніна.
Машыны будзе век, ня трэба будзе конь, („Буралом“). |
Падобныя-ж імкненьні прыметны ў пачынаючых поэтаў, асабліва ў Александровіча, які з працягам часу вырасьце ў вельмі значную велічыню на беларускім небасхіле, а цяпер зьяўляецца найвыдатнейшым беларускім поэтай гораду.
Зразумела, што калі ўтворыцца такая чыста пролетарска-фабрычная беларуская поэзія, яшчэ больш узрасьце значэньне беларускага пісьменства ў справах агульна-пролетарскай культуры.
Аднак нельга адмаўляць таго, што такой поэзіі ў уласным сэнсе пакуль што няма ані ў Расіі, ані ў Беларусі, і тут у Беларусі маецца вельмі мала даных для яе разьвіцьця. Каб быць чыста пролетарскім пісьменьнікам, які адбівае быт і настроі фабрычнага пролетарыяту, пісьменьніку самому трэба выйсьці з пролетарскай сярэдзіны, трэба вырасьці і разьвінуцца пад ўплывам жыцьця ў сучасным буйным фабрычным горадзе. У Расіі маецца глеба для такіх парасткоў у буйных фабрычных асяродках, як Масква, Ленінград, Цьвер, Іванава-Вазьнясенск і інш., маецца яна і на Украіне, у Данецкім басэйне. Што тычыцца да Беларусі, то сучаснае становішча фабрычнай прамысловасьці, даволі яшчэ нязначнай, не дае асновы цяпер чакаць узрастаньня пролетарска-фабрычнай поэзіі ў натуральных варунках. А бяз гэтых натуральных варункаў пісьменьнікі, выхадцы з сялянскай сярэдзіны, якія сталі-б пісаць аб настроях і жыцьці пролетара, фабрыкі, маглі-б аказацца дылетантамі ў галіне пролетарскай поэзіі, і, зразумела, што цана іх паэтычных твораў з пункту погляду цікавасьцяй агульна-пролетарскай культуры была-б вельмі таннай.
Такія варункі з лічбы сучасных беларускіх пісьменьнікаў, як мне здаецца, апрача Ц. Гартнага, маюцца хіба толькі ў аднаго А. Александровіча, катораму можна параіць не адрывацца ад гарадзкой фабрычна-пролетарскай сярэдзіны. Аднак іх няма, ня кажучы ўжо аб Купале, ні ў З. Бядулі, ні ў М. Грамыкі, ні нават у М. Чарота. На „няма“, як гаворыцца, „і суду няма“.
Такім спосабам, здаецца, што было-б памылкай з боку большасьці сучасных беларускіх пісьменьнікаў імкнуцца, чаго-б то ні каштавала, да ўтварэньня пролетарскай поэзіі фабрычнага гарадзкога рабочага. Такая поэзія ў свой час зьявіцца і павінна зьявіцца. Цяпер-жа перад беларускімі пісьменьнікамі стаіць вельмі ўдзячная задача — выкарыстаць як мага паўней тыя мотывы, якія дае беларуская вёска. І быт селяніна, і яго настроі, і яго імкненьні, — усё гэта блізка да пролетара гораду. Але зразумела, што ня кожная сялянская ідэолёгія падойдзе да запатрабаваньняў агульна-пролетарскай культуры і будзе спагадаць мэце сувязі. Дробна-буржуазная ідэолёгія зьяўляецца ўжо перажыткам мінулага і не адпавядае ні сучаснай сялянскай рачаіснасьці, ні ўмовам жыцьця. У гэтым сэнса, я-б казаў, поэма Якуба Коласа „Новая Зямля“ толькі часьцінна можа мець цікавасьць з пролетарскага погляду. Вельмі ўдалымі ў гэтых адносінах, як здаецца мне, зьяўляюцца амаль што ня лепшыя з зборніка „Пад родным небам“ вершы З. Бядулі „На хутарах“.
Абмаляваць быт і настроі селяніна ў сучаснай абстаноўцы, у момант зруйнаваньня форм і забабонаў дробна-буржуазнага жыцьця і зараджэньня новых форм колектыўнай вясковай гаспадаркі і новых ідэалаў і сьветапогляду, — вось практычны шлях, ідучы якім беларускія літаратары здольны зрабіць каштоўны ўклад у скарбніпу агульна-пролетарскай культуры.
Тут маюць значэньне два лёзунгі: „барацьба проці кулацкага быту і ідэолёгіі“ і „барацьба за паступовую комунізацыю вёскі“.
Трэцім пасьля нацыянальнага і клясавага элемэнтам, які адбіваецца ў літаратурнай творчасьці і з боку якога мажліва ацэньваць літаратурныя творы, — ёсьць элемэнт агульна-чалавечага або, як іначай кажуць, сусьветнага значэньня. Гэта той элемэнт, дзякуючы якому людзі розных грамадзкіх станаў маюць аднолькавыя чалавечыя пачуцьці і імкненьні, радуюцца і церпяць пакуту, як адзінкі, кінутыя на неабхопнай прасторы сусьвету, злучаюцца і разыходзяцца, як матылькі ў праменьнях вясновага сонца, той элемэнт, які прымулае мужчыну і жанчыну, незалежна ад іх прыналежнасьці да грамадзкіх станаў, думаць, пачуваць і хацець згодна іх фізыолёгічнай прыродзе. Трэба думаць, што гэты элемэнт ніколі ня страціць свайго значэньня ў агульным культурным разьвіцьці чалавецтва і ім, паасобку, абумоўліваецца няўмірушчасьць літаратурных твораў. Дзеля таго і цяпер яшчэ жывуць поэмы Гомэра, трагэдыі Эсхіла, творы Гётэ, Байрона, Мольера і інш. сусьветных пісьменьнікаў, дзеля таго і ў пролетарскай грамадзе маюць культурную каштоўнасьць, ня гледзячы на іх клясава-фэўдальную або буржуазную падставу, такія творы, як, напрыклад, творы Пушкіна, Гоголя, Астроўскага і інш. расійскіх пісьменьнікаў дарэволюцыйнага часу. Мотывы каханьня і нянавісьці, зайздрасьці і вернасьці, помсты і дараваньня — заўсёды будуць чапаць чалавечае сэрца, незалежна ад таго, чыё гэта сэрца.
Запытаньне: якія даныя мае беларускае прыгожае пісьменства ў гэтых адносінах?
Калісь на беларускую літаратуру глядзелі дзеля перавагі ў нашаніўцаў нацыянальных мотываў, як на вузка-нацыянальную па свайму зьместу. Гэта акалічнасьць, паасобку, дала повад проф. А. Л. Пагодзіну зрабіць на старонках „Вестника Европы“ за 1911 г. (январь, 326—334 стар. „Белорусские поэты“) водзыў аб беларускай літаратуры, як чыста нацыянальнай і няскладанай яшчэ па свайму зьместу. „От белорусской поэзии“, згодна яго ацэнцы, „веет непосредственностью живой любви к родному краю. Разумеется, эта поэзия не сложна. Ей еще чужда утонченность мировых литератур“ (стар. 328).
Але можна запытаць: ці правільна гэта, ці правільна наогул зацьвярджаць, што беларуская літаратура старой дарэволюцыйна-пролетарскай школы зусім не датыкаецца да мотываў агульна-чалавечага зьместу, што яна, як кажа Карскі ў II т. „Белоруссов“ — „не сложна, однообразна, не затрагивает мировых проблем“?
Прызнаць гэта было-б простай памылкай, асабліва цяпер, калі беларуская літаратура значна разьвілася ў параўнаньні з тым, што было ў эпоху „Нашай Нівы“.
З лічбы беларускіх пісьменьнікаў дарэволюцыйнай пары агульна-чалавечы настрой, як вядома, асабліва выразна прыметны ў М. Багдановіча. Большасьць яго вершаў напісана на агульна-чалавечыя мотывы. Гэта прызнае і Карскі. Ён зацьвярджае: „Поэзия М. Богдановича не ограничивалась белорусской действительностью и не исключительно шла в грустных тонах: он затрагивал и общечеловеческие мотивы и изображал их как поэт чистого искусства для искусства. Правда, эти произведения не велики, но они довольно многочисленны, изящны по форме, очень разнообразны по своим размерам и содержанию“ („Белоруссы“, 319). Сапраўды, вершамі Багдановіча можа зацікавіцца кожны інтэлігентны чытач незалежна ад яго нацыянальнасьці. І калі чытаем Багдановіча, адразу можна прымеціць, што ён цікавіцца тымі самымі мотывамі і мае той самы ідэёвы нахіл, што і сучасныя яму прадстаўнікі расійскага прыгожага пісьменства.
У М. Багдановіча выразна азначаецца пералом у разьвіцьці беларускай літаратурнай творчасьці. Самая прыгожасьць яго вершаў паказвае на поступ беларускай поэзіі, на выйсьце яе з першапачатковай стадыі. Такія агульна-чалавечыя мотывы ў дарэволюцыйнай беларускай поэзіі сустракаюцца ня толькі ў Багдановіча, іх знойдзем мы і ў іншых пісьменьнікаў. Асабліва гэта можна сказаць аб Канстанцыі Буйло. ,Юсобенность поэзии Буйло”, прызнае Карскі, „составляет то, что у нея немало стихотворений посвящено вопросу обшечеловеческих отношений между полами — вопросу любви девушки к молодому человеку“ („Белоруссы“ т. III, стар. 345). Падобныя-ж мотывы прымушан вучоны зацьвердзіць у адносінах да Янкі Купалы (ізноў тэма аб каханьні хлопца і дзяўчыны — Жал. 25, 44; Гусьл. 40—43; Шляхам ж. — 87—106). Дзіўна, чаму ня прымеціў крытык гэтых мотываў у ідылічнай поэме „Яна і я“ (Беларусь, 1920, № 76—77, „Спадчына“ стар. 107—120). Увесь IV аддзел „Спадчыны“ мае сваёй тэмай агульна чалавечыя мотывы.
Падобныя-ж мотывы можна знайсьці і ў іншых беларускіх пісьменьнікаў, асабліва ў Міхася Грамыкі, які з лічбы сучасных пісьменьнікаў больш за ўсё, як тыповы прадстаўнік інтэлігенцкага складу думкі і настрояў, збліжаецца з інтэлігентамі нашаніўскае пары.
Разьвінуць гэтую лінію агульна-чалавечых мотываў — чарговае заданьне беларускіх пісьменьнікаў у бліжэйшы момант, і выпаўненьне гэтага заданьня пашырыць шлях да збліжэньня беларускай і агульна-пролетарскай культур.
Ёсьць і яшчэ адзін шлях для збліжэньня гэтых культур.
Сучасны момант характэрызуецца ня толькі адшукваньнем новага культурнага зьместу, але разам з тым утварэньнем новых форм культурнага будаўніцтва. У літаратурнай галіне гэтае імкненьне знаходзіць сабе праяву ў вынаходжаньні новых відаў і стыляў поэтыцкай творчасьці. Старыя стылі „акадэмічнай“ поэзіі ўжо даволі пастарэлі і ня могуць здаволіць бурнаму і жваваму зьместу рэволюцыйнай творчасьці. Адгэтуль знаходзяць сабе пэўны сэнс спробы Маякоўскага і яго таварышоў па „Лефу“.
Для беларускіх літаратараў можна прызнаць вельмі дадатным, што яны захапіліся гэтым імкненьнем рэволюцыйнай поэзіі, як сьведчаць аб тым апошнія поэмы М. Чарота і вершы Ц. Гартнага, А. Александровіча і інш. І гэтыя поэмы і вершы, паасобку, даюць перакананьне, што ў мэтах дасяганьня новых пекных форм поэтыцкай мастацкасьці перад беларускай рэволюцыйнай поэзіяй адчыняюцца шырокія і вельмі прывабныя прасторы.
- ↑ Для параўнаньня не бязварта прывесьці наступную вынятку з артыкулу Альфрэда: „Святые камни Европы“ („Известия“ 1924 г., № 79). Мне припоминается мой разговор с Артуром Шницдлером в 1912 или 1913 году. Этот симпатичный и талантливый австрийский беллетрист удивлялся, почему его „Жизнь и приключения юного Медардуса“ не пользуются в России такой популярностью, как прочие его пройзведения. Ответ, мне кажется, может быть только тот, что в Медардусе слишком силен местный венский колорит, понятный и милый только венскому эстэту, именно тот колорит жизни прошлым, который мы пытаемся обрисовать здесь Сюжет Медардуса взят из эпохи защиты Вены от Наполеона. Точно так же, как не всякий заграничный читатель может смаковать графа Ростопчина в „Войне и мире“, так у нас не всякому доступен тонкий букет Медардуса, а страсть Достоевского к „святым камням Европы“ получила даже обидную кличку „пассеизма“.