Беларускаму люду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Беларускаму люду
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Змоўкні ты, сціхні, песня пакуты,
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! Рві свае путы!
Новую песню спявай!

Дружна і згодна станьма сцяною.
Доля не прыйдзе сама,
Воля не зойдзе к нам стараною,
Збоку дарог ёй няма.

Люд! Праканайся: толькі мы самі –
Долі свае кавалі.
Годзе жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Нам паганятых болей не трэба —
Будзем мы жыць без паноў.
Самі вы дбайце лепей пра неба! —
Скажам мы так да ксяндзоў.

Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі без нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ свежы!
Помсты агонь не пагас.

Нас падзялілі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!..
Нашы тут гоні, бары!

Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзе той крыўды! Ў ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.

Ох, і агорклі гэтыя кпіны!..
Злучым мы ў хор галасы:
Эх, вы разлогі роднай краіны,
Нашы палеткі, лясы!

Родны вы сэрцу нашаму, гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўшчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў...

Змоўкні жа, сціхні, песня пакугы!
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песні спявай!

(1921)