Перайсці да зместу

Пуціны беларускай літаратуры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пуціны беларускай літаратуры
Артыкул
Аўтар: Іван Замоцін
30-ХІ-1923 г.
Крыніца: Полымя, 1924, №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пуціны беларускай літаратуры.
(Якуб Колас, "Новая зямля").
Проф. і. Замоцін.

Ой, вы дарожанькі людзкія,
Пуцінкі вузкія, крывыя!
Вы сьледам цьмяным снуяцеся
І ўсё блукаеце, бы ў лесе.
Вас горне шлях прасторнай плыні
І далягляд ружова-сіні,
Дзе так панадна сьвеціць сонца,
Дзе думка тчэ свае красёнцы.
Каб новы сьвет жыцьця саткаць
Заспакаеньне сэрцу даць
І разагнаць яго трывогі...
Прасторны шлях! калі-ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?Якуб Колас.

І.

Калі ўглядвацца ў гістарычныя далі беларускай культурнай старажытнасьці, то пачатковыя пуціны беларускай літаратуры прадставяцца погляду назіральніка, як дзіўныя (причудливые) каляіны, там, то тут перасякаючыя адвечную народную цаліну. Зарадзіўшыся на гістарычным перасеку дарог з усходу на захад, на этнографічнай паласе пляменнай і рэлігійнай барацьбы, яны, гэтыя раньнія літаратурныя каляіны, часам рэзка, часам паволі, чуць закранаючы, барозьняць глебу Беларусі, нясучы з сабою то чужацкі ёй цьвет візантыйскага рытарызму, то суровую прастэчу старажытнага летапісу, то "вычварнае" пляценьне славес заходняй схолястычнай мудрасьці. Яны праходзяць і праз духоўныя "віршы" і "канты", і праз жартлівыя пародыі клясыцызму ў вобразе "Энэіды навыварат" або «Тараса на Парнасе», і праз нібы, народную песьню, і праз сэнтыментальна-романтычную манеру мастацкага ўспрыйманьня жыцьця. Праходзяць праз усё борзда, не паглыбляючыся ў глебу ніводнаю з наносных манер, і на першы погляд здаецца, што ў цяжкім гістарычным складзе дарэволюцыйнага беларускага жыцьця літаратура ніяк ня можа пусьціць глыбокіх карэньняў, і што гэтыя, выпадкова бягучыя па яе паверхні, літаратурныя каляіны вось-вось змые перавал гісторыі, які столькі разоў бурліва пранасіўся па зямлі Беларусі.

Але гэта ня так. І гэтага ня здарылася. Перавал гісторыі іх ня змыў, і непакойны вецер, бязьзьменна дзьмуўшы на гістарычным перасеку, не зраўняў іх з паверхняю беларускай роўнядзі. Яны аказаліся досыць жыцьцястойкімі і моцнымі ў сваім бегу. Іх сіла аднак была ня ў тым, што яны карміліся візантызмам або схолястыкаю, і ня ў тым, што яны часамі ўложваліся ў форму францускага клясыцызму або рамантыкі: іх сіла была ў тым, што пад імі, пад гэтымі літаратурнымі каляінамі, крэпка залёг пласт народнай беларускай мовы і народнай беларускай творчасьці, а над імі мысьлёваму погляду беларускага пісьменьніка заўсёды, нават у тыя цяжкія эпохі гісторыі Беларусі, прадстаўляецца тая будучая шырокая й вольная пуціна беларускага літаратурнага росквіту, той—скажам словамі поэмы Якуба Коласа—«прасторны шлях", на якім павінны былі сыйсьціся разам усе адзіночныя каляіны старых і новых літаратурных шуканьняў. І гэта народная цаліна, па якой прабеглі адпачаткавыя літаратурныя дарогі, і гэты „прасторны шлях", да якога яны імкнуліся, як да канчатковай мэты, у сваёй істоце здаўна былі цьвёрда зьвязаны з лёсамі народу, нягаснуча праменявалі бадзёрую цяплыню жывога народнага цела і беспрастанку выхоўвалі суджаньне беларускіх пісьменьнікаў у духу дэмократычных імкненьнеў. Дзеля гэтага ўсёроўна ці возьмем мы калядную "вертепную" драму і духоўныя "вирши“, або беларускую "Энэіду" і "Тараса на Парнасе", усёды, не гаворачы ўжо аб раньніх бэлетрыстычных спробах на беларускай мове, мы нойдзем нязьменную проэкцыю ў народны быт, усёды пачуем веяньне грамадзянскай жальбы, што йдзе рука ў руку з бадзёрым народным гумарам, і усёды літаратурная творчасьць будзе мець нязьбежны дэмократычны ўхіл.

Вось чаму, калі ў канцы прошлага 19 сталецьця, насталі першыя гады беларускага руху, усе ранейшыя літаратурныя дарогі зьбегліся да тае гістарычнае мяжы, да тых гістарычных варот, на якіх сьветлымі бліскучкамі пачыналі выступаць рысы ўсё болей і болей вызначаючага сябе лёзунгу "Адраджэньне Беларусі". Каля гэтых гістарычных варот канчаліся йшоўшыя здаўна літаратурныя каляіны: за гэтымі варотамі пачыналіся літаратурныя пуціны адроджванай беларускай творчасьці. Вялікая расійская рэволюцыя шырока расчыніла гэтыя вароты ў новую Беларусь, удубальт адрадзіўшы яе да новага жыцыця—і да нацыянальнага самавызначэньня і да аднаўленьня соцыяльнага ладу. І на новых літаратурных пуцінах, разгарнулася ажыўленая і інтэнсыўная работа. Ці трэба даводзіць, што гэта работа навейшай беларускай літаратуры вытворча і многавобразна ў сваіх дасяганьнях? І напраўду: ці аднаўляюць навейшыя беларускія поэты тэхніку стылю? Ці пасоўваюць далей распрацоўку верша? Ці пробуюць свае сілы найболей характэрных літэратурных жанрах? Ці адклікаюцца на новыя словы ў вобласьці поэтычнай формы? Урэшце, ці ўносяць у сваю творчасьць мотывы новага будаўніцтва жыцьця, высунутыя рэволюцыяй? На ўсе гэтыя пытаньні трэба адказаць пацьвярджальна. Але, навейшая беларуская літаратура выпрацоўвае яркі мастацкі стыль, складае гармонічны верш, дае ўзоры ўсіх жанраў ад дробнага апавяданьня да соцыяльнага роману, ад драматычнай хронікі ў наіўна-романтычным духу да значнай па замысьленьню рэальна-бытавой драмы, ад лірыкі асабовых настрояў да лірыкі высокага грамадзянскага сазнаньня: яна горача рэагуе на проблемы новай соцыяльнасьці, яна рэалізуе на сваёй роднай мове поэтыку сымболізму і другіх новых плыняй, яна спорна працуе над словатворчасьцю і пасоўвае наперад разьвіцьцё беларускага мастацкага слова. І тым ня меней мы жадаем маладой беларускай літаратуры нейкіх болей стойкіх і цьвёрдых літаратурных пуцін, па якіх яна павінна прыйсьці да свайго росквіту.

Гаворачы аб гэтых пуцінах, я падыходжу да беларускай літаратуры ня як узыскоўны крытык і ня як натуральны панэгірысты: я падыходжу да яе толькі як радавы дыагносты, узброены гісторыка-літаратурным крытэрыем з тым, каб на аснове свайго дыагнозу сказаць, пры якіх умовах гэты малады, поўны здаровых сіл, організм беларускай літаратуры будзе разьвівацца дальш у кірунку "мужественного" росту і высокай сталасьці,—іначай кажучы, як павінны скласьціся асноўныя пуціны яго разьвіцьця.

Гэтыя пуціны дыктуюцца асноўнымі задачамі беларускай літаратуры. Якія гэта задачы? У тых умовах, у якіх пачынае жыць новая Беларусь, і яе пачынаючая адраджацца культура, беларуская літаратура павінна мастацка рэалізаваць нацыянальнае беларускае самавызначэньне, яна павінна быць фактарам культурнага адраджэньня Беларусі, у мастацкіх вобразах адбіць асноўныя моманты яе жыцьця, узбагаціць літаратурную мову і разам з тым―і гэта найбольш важная задача―яна павінна правесьці ў сузнаньне шырокіх народных мас ідэалы новай соцыяльнасьці, на якіх перабудоўваецца ўсё наша жыцьцё.

Уложым гэтыя задачы ў асадкі асноўных літаратурных коордынатаў, і тады выясьняцца пажаданыя пуціны беларускай творчасьці. Першы момант у коордынацыі літаратурнай творчасьці―тыя крыніцы і матар'ялы, з якімі зьвязан самы гэнэзіс работы мастацка-літаратурнай мысьлі. Падлічваючы налічнасьць конкрэтна жыцьцёвых задач навейшай беларускай літаратуры, мы павінны згадзіцца, што гэты першы момант абавязвае яе ступіць на дарогу шырокага назіраньня і нават экспэрымэнтальнага дасьледваньня беларускага народнага жыцьця і ўсёй беларускай рэчавістасьці, як крыніцы і матар'ялу творчасьці.

Другі момант у літаратурнай коордынацыі ― мастацкая форма, мастацкая тэхніка, у якую ўкладваецца назіранае мастаком жыцьцё. Супастаўляючы з гэтым другім момантам жыцьцёвыя задачы навейшай беларускай літаратуры, мы павінны прызнаць, што яе другая пуціна ― гэта пуціна выпрацаваньня жывога конкрэтнага мастацкага стылю на аснове народнай мовы, як народна-бытавой, так і народна-поэтычнай, і паглыбленьне сваёй поэтыкі ў вобласьці рэальна бытавых літаратурных жанраў.

Трэйці момант у коордынацыі слоўнай мастацкай творчасьці ― гэта тыпізацыя жыцьця, як рэзультат нагледжанай мастаком рэчавістасьці сродкамі яго літаратурнай тэхнікі. У адпаведнасьці з гэтым момантам жыцьцёвыя задачы навейшай беларускай літаратуры выводзяць яе на трэйцюю пуціну ― пуціну мастацкіх абагульненьняў соцыяльна-культурнага жыцьця Беларусі ў прошлым і ў сучасным, на пуціну грамадзянска-псыхолёгічнага яе вытлумачэньня.

Урэшце, чацьверты момант літаратурнай коордынацыі ― гэта тое асабовае (індывідуальнае), звычайна ідэолёгічнае асьвятленьне тыповых вобразаў і малюнкаў жыцьця, якое выходзіць з сьветаразуменьня аўтара. Ажыцьцяўленьне гэтага моманту намячае і яшчэ адну, чацьвертую, пуціну навейшай беларускай літаратуры, іменна мастацкае выяўленьне соцыяльна-культурных задач і правядзеньне ў грамадзянскае сузнаньне новай соцыяльнай ідэялёгіі.

Такавы чатыры пуціны, чатыры конкрэтныя заданьні высокага жыцьцёвага значэньня. На першай пуціне навейшая беларуская літаратура павінна выявіць у мэтах прывядзеньня да аднаго мастацкага сынтэзу ўсю многавобразнасьць крыніц і матар'ялаў, гістарычнага, бытавога і, наогул, культурна-этнографічнага характару — крыніц, якія яшчэ доўга будуць карміць беларускую мастацкую творчасьць, у якіх доўга яшчэ будуць знайходзіць свой гэнэзіс найболей яскравыя стварэньні беларускага мастацкага слова.

Такім чынам першая пуціна ― пуціна сынтэзу крыніц, сынтэзу найболей жыцьцёвых даных, абумоўліваючых гэнэзіс і расквіт сучаснай беларускай літаратуры. Гэта сынтэз гэнэтычны. На другой пуціне навейшая беларуская літаратура павінна шырока захапіць тыя сродкі мовы, якія багата заложаны ў жывой народнай гутарцы і ў помніках народнай поэзіі, і скарыстаць іх для выпрацаваньня сваёй поэтыкі і літаратурнай тэхнікі. Гэта сынтээ фармальна-мастацкі. На трэйцяй пуціне культурна-этнографічныя матар'ялы і ўсебаковыя назіраньні над жыцьцём Беларусі, уложаныя ў мастацкія формы, павінны даць многранныя абагульненьні яе соцыяльнага быту. Гэта сынтэз соцыолёгічны. На чацьвертай пуціне ўся гэта многавобразнасьць тыповых абагульненьняў павінна быць зьведзена да аднэй задачы, да аднаго асноўнага ідэялёгічнага асяродку — новай соцыяльнасьці. Гэта сынтэз ідэялёгічны.

Вызначаючы гэтыя пуціны, я зусім не хачу абмяжоўваць сфэру мастацкіх дасягненьняў навейшай беларускай літаратуры. Я добра разумею, што асобным яе прадстаўніком у поўнай меры даступны ня толькі рэальна бытавое апавяданьне, але і мастацкае выяўленьне інтымных глыбін асабоваго лірызму, ня толькі мастацка-рэальная манера пісьма, але і новыя дасягненьні поэтыкі сымболізму, імажынізму і г. д. аж можа быць да футурыстычнай "заразумовай" словатворчасьці, ня толькі мастацкая рэалізацыя сваіх мясцовых тэм, але і асьвятленьне проблемы ўсечалавечага значэньня. І тым ня меней я думаю, што для маладой беларускай літаратуры ўсё, што ляжыць пазамежамі вышэйпамечаных пуцін, зьяўляецца покі настолькі-ж лішнім і нямэтадакладным, як ўсякая зьлішне нэрвовая напружанасьць або фізычнае ператамленьне зьяўляецца непажаданым для юнацкага, толькі што пачаўшага „мужаць" організму. І яна, гэта беларуская літаратура нашых дзён, чутка шукае гэтых пуцін, як у асобе сваіх корыфэяў, так і ў асобе некаторых радавых сваіх работнікаў на полі мастацкага слова.

ІІ.

Налічнасьцю гэтых пуцін, мне здаецца, вызначаецца і значэньне новага буйнага твору поэта Якуба Коласа, іменна яго поэмы «Новая Зямля».

У якой-жа меры гэта поэма стаіць на цьвёрдых пуцінах беларускай літаратуры і ў якой меры пракладае іх далей? Вось пытаньне, якое перш за ўсё выклікае гэты новы твор поэта?

Поэма "Новая зямля" прадстаўляе сабою вялікую цікавасьць перш за ўсё па свайму гэнэзісу, іначай кажучы, па тых крыніцах, з якіх яна склалася. У аснове яе ляжыць "автобиографическая канва“. Вясковы і лясны зацішак, дзе вырас поэта, родная сям'я, незамыславаты быт лясьніка, першыя годы навучаньня, дзіцячыя радасьці і гора, хатняя гаспадарка, вакольная прырода — адным словам дзяцінства і юнацтва, але не ў дваранска-памешчыцкай пасадзе, а ў беларускай хаце—вось агульныя асадкі гэтага твору. На гэтай простай "канве" поэта аднак патрапіў значна паглыбыць першую з вышэйнамечаных пуцін літаратуры, г. з. ён умела сынтэзаваў найболей яркія і жывыя матар'ялы сваіх назіраньняў над бытам і культурай Беларусі.

Перад намі разгортваецца жыцьцё лясьніка ў умовах старога дарэволюцыйнага ладу, на сходзе 19 сталецьця. Мы бачым яго і ў тыя гады, калі ён цяжкаю працаю хлебароба крок за крокам будуе сваё асталяваньне на сваёй пасадзе; бачым і тады, калі яго па капрызу ўсемагутнага пана або нават яго спадручніка, лясьнічага, перакідаюць на новае месца, дзе прыходзіцца нанова адольваць прыроду і ствараць новае асталяваньне для сям'і сродкамі і прыёмамі амаль першапачатковага пасяленца. Мы бачым яго і ў часе абходу лесу і за хатняю гаспадаркаю, і на панскай пацесе, "на глушцовых токах", і за ціхім сталом у коле сям'і, бачым і ў мінюты з трудом стрымліванага абурэньня проціў панскага самадурства, і ў часы доўгага раздумваньня аб уласнай працоўнай гаспадарцы, аб "Новай зямлі". Перад намі праходзіць усё нескладанае жыцьцё беларуса ад часу яго моладасьці да бесчасовай сьмерці, жыцьцё з усплошкі шэрымі буднымі днямі і з рэдкімі прасьветлінамі ў відзе сямейных сьвят, жыцьцё ў пастаянных зносінах з суровай прыродаю і ў пастаянных бясплодных імкненьнях выйсьці з-пад ярэмнага стану соцыяльнай абяздоленасьці на простор вольнай і творчай працы.

Узяты сам па сабе, у сваёй схэме, сюжэт поэмы нязвычайна прост і нават наівен з пункту погляду "изысканной" поэтыкі папярэдніх літаратурных школ. Жыве і служыць у адным лясьніцтве лясьнік з сваёю сям'ёю, ён чэсна і старанна нясе панскую службу і разам з абзвязкамі лясьніка ўмее сумясьціць работу энэргічнага гаспадара, любоўна і дзелавіта абстаўляючага сваю пасаду, усёроўна, куды ні загоніць яго капрызная панская воля—у лясную глуш або на балота. Сярод сваіх клопатаў і трывог, зьвязаных са службаю, з хатняю гаспадаркаю і з навучаньнем падрастаючых дзяцей грамаце, ён увесь час думае аб куплі ўласнага кутка, дзе можна было-б незалежна ад панскай ласкі будаваць свой працоўны дабрабыт. Але вось нагледжан кусок зямлі, як-бы наладжваецца купля, трэба зрабіць у банку патрэбную пазычку, брат лясьніка едзе ў Вільню, пачынаецца хадзяніка па канцылярскіх мытарствах. І ў самы разгар клопату па справе куплі ўмірае лясьнік, перадаўшы брату і дзецям імкненьне да "Новай зямлі". Вось і увесь сюжэт.

Але цэннасьць першага, гэнэтычнага сынтэзу ў аўтара поэмы ня ў прыродзе сюожету, а ў тых конкрэтных матар'ялах і назіраньнях над жыцьцём Беларусі, якія гэтым сюжэтам аматарска аб'яднаны. Топографічны асяродак, да якога прымеркаваў аўтар свой першы сынтэз гэта "Мікалаўшчына" Менскага павету і "Акінчыцкае лясьніцтва", належаўшае ў 1890-1900 гадох, да якіх адносяцца праявы поэмы, князём Радзівілам; у сваім кароткім жыцьцёпісе ўпамінае поэта і другія месцы, з якімі зьвязана яго дзяцінства: "Ласток", або "Сухошчына" і "Альбуць". У поэме асяродкавае месца дзеяньня называецца "Парэчча", якое ляжыць у чатырох мілях за Нясьвіжам у бок Менску, а „Новая Зямля", аб куплі якой марыць лясьнік з братам, топографічна зьмешчана ў Случчыне. На гэтай невялікай топографічнай плошчы поэт сьцісла і ў той-жа час конкрэтна ўлажыў свае сапраўдныя назіраньні над беларускім жыцьцём. Тут зьмясьціўся ўвесь характэрны беларускі рэльеф і пэйзаж—ад берагавога ракітніку да лясной глушы, ад травой заросшай крынічкі да "срэбраводнага Немана", ад балота, паросшага старымі бярэзінамі, да шырокіх зялёных лугоў, залітых праменьнямі сонца. На гэтым географічным кусочку Беларусі сабраў аўтар амаль ці ня ўсе характэрныя для яго радзімы пароды дрэваў, ад лазы і крушыны да тых старых дубоў, што стаяць над вадою "даўнейшых спраў вартаўнікамі"; ён сабраў усе адценьні беларускага неба, усе зьмены пагоды ад "ветрыка" да „вятругі", зьмясьціў тут усе поры году, увесь гаспадарскі абыходак беларуса, яго будзённы клопат і справы і сьвяточныя звычаі і весялосьці, уключаючы сюды і запраўдныя народныя песьні. Мала таго, аўтар у сукромных топографічных асадках свае поэмы, на абшары між Слуцкам і Нясьвіжам, Нясьвіжам і Менскам, зьмясьціў усю вякамі цяжкай гісторыі зложаную душу беларуса з яго жыцьцёваю мудрасьцю працы, працоўнай моральлю і працоўным прадстаўленьнем аб людзкім шчасьці і людзкай праўдзе. І ўвесь гэты сынтэз назіраньняў і матар'ялаў поэмы зроблен не капрызнаю палітраю імпрэсіаністага, адбіваючага выпадковымі мазкамі пэндзьля мгненьні і нават мігі сваіх уражаньняў, але спакойным і выразным пяром мастака-этнографа, запісваючага тое, што дакумантальна сабрана і праверана асабовым досьледам.

ІІІ.

Неабходнасьць дадаць сваім рэальна-бытавым назіраньням адпаведную форму вывела Якуба Коласа на другую літаратурную пуціну―пуціну мастацкага сынтэзу рэальных сродкаў жывой народнай гутаркі. Перш за ўсё на гэтай пуціне яму трэба было знайсьці для сваіх назіраньняў падыходзячы літаратурны жанр. Выбіраючы тэму з народнага быту, ён рызыкаваў упасьці ў тон сэнтымэнтальнага народніцтва або нават у мэлядраматызм і хадульнасьць, чаго ў некаторых выпадках ня мог ухіліцца нават і такі дэмократызатар мастацкага слова, як Някрасаў. Якуб Колас перамог гэтае затрудненьне тым, што ўзяў для свае поэмы сюжэт, ня маючы ўзьнятага драматызму, бяз усякіх эфэктных эпізодаў, і пераказаў гэты сюжэт у роўных і спакойных тонах з усімі будзённымі деталямі жыцьця. У поэме, можна сказаць, адчуваецца мясцамі амаль-што эпічны спакой Калявалы, апісуючай да маленечкіх падрабязгаў стары народны лад, а часамі нават і непасрэднасьць успрыманьня жыцьця і прыроды, дасягнутае, напрыклад, "Песьняю аб Гайаваце" ― Лангфэлла. У гэтых адносінах ажыцьцёўлены ў поэме літаратурны жанр зьяўляецца цікаваю навінкаю і пракладае дарогу другім мастаком слова, працуючым на полі беларускай літаратуры.

Для такога жанру няўхільна трэба было зьвярнуцца да жывых матар'ялаў народнае гутаркі і сынтэзаваць іх у мастацкім стылю поэмы. І гэта дасягнута поэтам у значнай ступені. Якуб Колас наогул зьяўляецца сярод навейшых беларускіх поэтаў адным з найбольш дбалых ахоўнікаў чыстаты беларускай мовы. Знаходзячыся ў сучасьсе ў фазысе свайго інтэнсыўнага разьвіцьця, беларуская літаратурная мова вельмі патрабуе цеснай сувязі з жывым організмам народнай гутаркі, каб ня ўпасьці ў крайнасьць залішне штучных і мала жыцьцёвых новатвораў. Гэта сувязь нязвычайна моцна ў стылю Якуба Коласа. Ён ня толькі ведае―ён тонка адчувае беларускую мову ва ўсіх яе стыхіях―у гістарычнай, этнографічнай, культурнай і мастацкай. У вялікім і рознастайным лексычным матар'яле, які дан у поэме "Новая зямля", беларуская мова ўстае ў сваім гістарычным прошлым, у сваёй яшчэ жывой сувязі з старой славянскай асновай, разгортваецца ў сваёй этнографічнай і бытавой сіле і цэльнасьці, гаворыць аб сваіх культурных зносінах з заходнімі суседзямі, выяўляе свае формальна-мастацкія магчымасьці. Старым бытам і моваю начальнага летапісу вее, напр., ад слова бортнік і ад звароту "схадзіць у Прусы"; стараславянская аснова адчуваецца ў слове "дрэва" і ў выразе "вельмі мала“; амаль міфолёгічна гучыць слова "пярун" у народнай выразе ("а каб яго пярун распляжыў!"). Аб культурным уплыве захаду кажуць словы "аматар" і "гарнітар“, "паперы" і „густы", "сэсія" і "катрынка“, "фарбы" і "гатункі". Але гэтыя калярытныя архаізмы і барбарызмы зьяўляюцца толькі гісторыка-культурным "крапам" на жывым організьме беларускай мовы, за доўгія вякі свайго росту стварыўшай свой багаты бытавы слоўнік і яркую, характэрную для ўсяе этнографічнае Беларусі фраззолёгію. І гэта асноўная стыхія народнай беларускай мовы шчодра прадстаўлена ў поэме Якуба Коласа. Вобразная гаспадарская гутарка чуецца ў словах - "пявун“ і „квактуха", сьціслаць і дзелавітасьць працоўнага абыходку адчуваецца ў слове - "бездараж“, прастата і сур'ёзнасьць узаемных адносін у слове — "дружак", тонкаю празорнасьцю ад даўняга хлебароба ў соцыяльную няпраўду старога панскага ладу гучаць гэтыя гуморыстычныя мянушкі панскіх слуг і нахлебнікаў—"панкі", „паўпанкі“, "панскі зброд", "нікчэмная басота", чуткае псыхолёзаваньне гутарковага матар'ялу праглядае ў сваеасаблівым слове "злосьмех". Таксама ярка і выразна фразэолёгія беларускай гутаркі, усвоеная поэмай. Добрадушнай іроніяй к убоству сялянскага быту прасякнуты такія выразы, як ― "вуглы падпëрты пірагамі", або― "жыць у добрай згодзе з прусакамі", набалелая туга па сьвятлу ведаў схована ў гэтым малюнковым вызначэньні няпісьменнасьці вясковых дзяцей "растуць, на лес, вось, глядзя". Вялікая творчая сіла мовы адчуваецца нават і ў тых выпадках, калі яна карыстаецца чужым слоўным матар'ялам, які звычайна цесна зрастаецца з аддаўняй беларускай лексікай у вадно жыцьцёвае цэлае, такое іменна ўражаньне ствараюць звароты: "гасьцінцам дзеўчынку трактуе", "стаяць, як біскупы, бутэлі", „ва ўсім прыкладны, акуратны—і ў гаспадарцы і ў банкеце", "прыроджаны штукар" і г. п.

Шырока карыстаючыся наогул жывою народнаю гутаркаю, Якуб Колас асабліва ўдатна сынтэзаваў яе асноўныя мастацкія сродкі, іменна эмоцыянальнасьць народна-поэтычнага стылю і яго малюнковасьць. Эмоцыянальнасьць стылю ўласьціва беларускай народнай гутарцы амаль што ня ў большай ступені, чым украінскай; пры гэтым яна назіраецца ня толькі ў народна-поэтычнай мове, але і ў мове бытавой, так што ў жывой беларускай мове ў значнай ступені ажыцьцяўляецца тая поэтызацыя штодзеннай гутаркі, якая параўнальна нядаўна стала ўваходзіць у абыходак кніжнай мовы, навукі і публіцыстыкі і жывой мовы адукованых слаёў грамадзянства. Найболей ярка гэту эмоцыянальнасьць ільлюструюць словы памяншальныя і ласкальныя, багата рассыпаныя па ўсяму лексічнаму складу поэмы Якуба Коласа. Ухіл да чульлівасьці ў народнай гутарцы, усвоены поэмай, распаўсюджваецца на ўсе бакі быту, на ўсе жыцьцёвыя здарэньні. Ласкальным імем абазначаецца будынак, блізкія да яго прадметы і ўсё, што мае адносіны да хатняга обыходку: "свая зямелька, куток уласны, зямлянка-будачка малая, хлявушок, ваконца, нават «вакенечка», крыжык, агоньчык, іcкрачкі, шукаць свайго хлябка, проша мяска, каўбаскі. "Як і ў народнай поэзіі, гэты прыём эмоцыянальнасьці прыкладаецца так сама да зьяваў прыроды, да расьлін, жывёлаў, пораў году, нават наогул да абазначэньня часу: «лецейка, (замест лета), сонейка (замест сонца) гадок і гадочак, у час нядзелькі, лясок, дарожка, рэчачка-крынічка, ветрык, каласок, конік, кароўка, матылёчкі». Яшчэ звычайней гэты прыём стылю ў адносінах да людзей: "браток, браткі, госьцейкі" і г. д. і у гэтых выпадках вельмі часта пры зваротах да асобаў ён выражаецца ў форме ласкальных эпітэтаў і наогул вызначэньняў: "залаценькі, дарагенькі, будзьце-ж крэпенькі, здаровы»... Малюнковасьць стылю ажыцьцяўляецца ў поэме Якуба Коласа так-сама сродкамі жывой народнай мовы. Як і другія прадстаўнікі навейшай беларускай літаратуры, ён багата чэрпае вобразы і сымболі з народнай поэзіі і нават неаднакратна ўводзіць у бытавыя малюнкі сваёй поэзіі сапраўдныя народныя песьні. Гэты прыём малюнковага стылю наогул доволі блізак маладой беларускай поэзіі, бо ёй прыналежна моцнае цягненьне да народна-поэтычнай творчасьці. Дасягненьні Якуба Коласа ў гэтым выпадку многа глыбей. Ён моцна заснаваў свой малюнковы стыль ня толькі на помніках народнай слоўнасьці, але й на жывой народнай мове, на мове быту, прыказак, пагаворак, крылатых народных слоў. У гэтых адносінах яго стыль часамі напамінае мастацкую манеру Крылова, якога ён, па сваіх аутобіографічных прызнаньнях, так шчыра вывучваў у дзяцінстве.

Вось чаму ў адных выпадках ён проста веран эпітэту і наогул вобразу народна-поэтычнага стылю і ўспамінае аб зялёным лузе, як аб шырокім абрусе, гаворыць аб лёдзе жыцьця і аб яго сьвежых крыніцах, сьмерць параўноўвае з гадзюкаю, хату ў зелені прадстаўляе, "як у вяночку", рысуе золатам і баграю раньні золак і ранічныя хмаркі міфатворца ўсабляе вясковую бяду, якая паўзе ў хаце, "як-бы з усіх куткоў і шчылін, з усіх чуць-чуць заметных зьвілін". Але ў другіх выпадках яго эпітэты і параўнаныні, вобразы і сымбалі грунтуюцца на жывым народным абыходку і жывой, рэальна-мастацкай мове. У гэтых выпадках пра дзябёлую госьцю ён кажа: "Кадушка-Зося сонцам зьяе", пра захмялеушага лясьніка―"плыве, як панская карэта", пра кавалачак воранай зямлі―"зямлі, як бабе старой сесьці;" няўмела адапхнуты човен для яго ― "спалоханы шчупак", сярдзіты чыноўнік, "як той япрук каля карыта", яго барада― "як саламяная мятла", каля гарадзкога банку― "усходы чыстыя, як шклянка". І нават калі аўтар выяўна йдзе па пуціне ўласнай вобразатворчасьці, ён ніколі ня губляе пад сабою глебы жывога народнага слова. Дзеля гэтага калі ён, апісуючы зімовы дзень, кажа: "Трасецца сетачка сьняжынак, як сьмех прыгожанькіх дзяўчынак", мы адчуваем некаторую "изысканность" вобразу, але ня можам ня прызнаць яго конкрэтнай бытавой асновы. Гэтак-жа сама, калі ён гаворыць з пункту погляду герояў свайго апавяданьня, што "гарэлка гэтак вочы прыцягае; ну, як каханка маладая" або калі ён зарысоўвае шчасьлівы сьмех дзядзькі Антося словамі і "ад прыемных ціхіх сьмехаў чуць не да вуха вус заехаў", мы зноў гатовы палічыць і параўнаньне і гэту нявінную гіпэрболю некалькі рэзкімі гротэскамі, але ніяк няможна ім адмовіць у блізкасьці к народнаму гумару і к народнаму слову. Поэма Якуба Коласа і ў сэнсе мастацкіх прыёмаў стылю йдзе па другой пуцыне ― па пуцыне сынтэзу матар'ялаў

жывой народнай мовы і іх вытлумачэньня для поэтычнай словатворчасьці.
ІV.

Шырокія, непасрэдныя назіраньні над беларускаю рэчавістасьцю і налічнасьць конкрэтных сродкаў мастацкага стылю, зачэрпаных з жывой крыніцы—беларускай мовы і беларускага быту, вывелі аўтара "Новай Зямлі" на трэйцюю пуціну—пуціну соцыялёгічнага сынтэзу агледжанага ім жыцьця. На гэтай пуціне ім створаны настолькі яркія тыповыя малюнкі і вобразы, што яны нясумненна павінны адтрымаць значэньне некатарога мастацкага дакумэнту у справе пазнаньня беларускай культуры.

Тыпізацыю беларускага быту аўтар поэмы разгортвае на фоне многавобразных малюнкаў прыроды, зарысованай ім таксама ў тыповых абагульненьнях. Поэма Якуба Коласа знае раньнюю вясну, сапраўдную беларускую вясну, з сьвежым ворывам, з гракамі і варонамі, што гуляюць па толькі што праведзеных барознах поля, з лесам, што ўсьміхаецца на спатканьне сонцу, з першымі дрэвавымі покаўкамі, з пахучым маладым лісьцем, з сьпевамі драздоў і жаваранкаў, з вясёлым крыкам жураўлёў, што варочаюцца на родзіну і сустракаюць радасным прывітаньнем "родныя балоты, густыя лозы і чароты". Поэма зарысоўвае беларускае лета з густа адзетым лесам, з квятучымі лугамі, з ляснымі ягадамі, з мядовым пахам грэчкі, калі усё радуе вока, усё настройвае чалавека на гармонічнае прымірэньне з жыцьцём: "і лес, і паша, неба яснасьць, і чысты дух, і рэчка Нёман".

Поэма знае і залатую беларускую восень, калі дрыжаць у золаце асіны, і гнуцца кісьці верабіны", калі ўсё заспакойваецца—і неба і даль скошаных і зжатых палёў, і толькі ў празрыстым паветры дрыготна калышуцца залатыя ніці васеньняй павуціны. Восень зьмяняецца бадзёраю сялянскаю зімою з чыстым пухаўным сьнегам, з вербамі і клёнамі ў зімовым уборы, з вузенькімі сьцежачкамі, пракопаных у глыбокіх гурбах сьнегу па дарозе да гумна і хлява, з зімовым паляваньнем і рыбнаю лоўляю, з зімовымі дзяціннымі забаўкамі. Поэма знае і поэзію тыповых для Беларусі мерна-марозных дзён, яна рысуе вясковыя будныя дні, дні марозаў―работу каля дому, язду ў лес і гэта характэрнае для працавітага чалавека перамога над холадам, пры якім "ляжаць на печы няма моды", і пры якім "хоць мароз крапіць пякучы да ног даходзіць скрозь анучы і сьнегам вочы зашывае,—мужык жыве і не шманае". Але поэма тыпізуе ня толькі поры году, але і іх адценьні і пералівы, характэрныя для клімату Беларусі; дзеля гэтага мы знаходзім тут і зманную амаль веснавую адлігу сярод зімы, якая, аднак, свайго не надаруе і борзда зьменьвае выпадковае павяваньне цяпла жорсткаю завірухаю з лёстравым галалёдам, з новым марозам, ад якога жудасна трашчыць лёд, параджаючы "таемныя гукі" у лясной цішы; гэтак-жа сама рысуецца тут і тая характэрная, хмурная вясна, калі то "цяплом павее, цішынёю, то зноў падымаецца "паганы вятруга", і "даль палёў маркотна стане".

На абшары звычайнай зьмены пор году поэт разьмеркаваў тыповыя беларускія пэйзажы: тут ёсьць і лясы, у якіх "напэўна ўстрэнешся з ласямі, і зайца ўгледзіш, і віёрку, і норы воўчыя на ўзгорку", ёсьць і "поле маладое" "сярод лясоў", квятнеючае яркімі фарбамі ўсходаў нівы, і сярод поля зрэдка-адзінокі курган, а на ім "крыжык-сігаціна, сівенькім мохам увесь убраны, з павязкай белай даматканай;" ёсьць і тыповыя пасадовыя садочкі з ліпамі і таполямі і гароды з ярка-чырвоным прыгожым макам. На агульным фоне гэтых малюнкаў лесу і поля укроплены асобнымі мазкамі характэрныя рысы жывой беларускай прыроды—прылёт птушак, птушыныя крыкі, спатканьні з лясным зьверам, норавы свойскіх жывёлін і г. д.

Асаблівасьць гэтых зарысовак ня проста тыповасьць, але сваеасаблівае іх асьвятленьне з пункту погляду працоўнага чалавека, бо аўтар успрыймае і ажыўляе гэтыя пэйзажы ня як гарадзянін, ня як поэта-урбаністы, а як сын народу, яго вачамі любоўна азіраючы з дзяцінства блізкія яму малюнкі.

Вось чаму з гэтымі пэйзажамі так цесна сплятаюцца тыповыя малюнкі быту, якія склаліся таксама ў умовах працоўнага жыцьця. У поэме ёсьць характэрныя зарысоукі і беларускага жыльбішча: ёсьць тыповая "старая хата ў тры ваконцы", у якой "цёмна, няпрытульна, ў гразі, ў балоце ўсё агульна"; ёсьць і пабудаваная пасьля пажару новая хата, у якой пахне "смалою і сьвежым дрэвам, хваіною". Радам з беднасьцю рысуецца і малюнак дабрабыту ў сваеасаблівым, тыповым для старажытнасьці, разуменьні... Жыта там родзіцца на дзіва: "як едзеш між хлябоў вясною, у іх конь хаваецца з дугою! А з ячмянёў вары хоць піва... А мак, а рэпа! морква, бручка! А буракі, гуркі, пятрушка!"

Таксама характэрны і зарысоўкі тыповага працоўнага абыходку. Даецца падрабязговы малюнак будзёнай работы лясьніка: разам з лясьніком робіць чытаньнік абход лесу, праходзіць міма зваленай чыëюсь сякераю на землю бярозы, каля патравы на сенакосе і г. д. Падробна рысуюцца яго заходы каля свае пасады: мы разам з ім сустрачаем радасны дзень, калі каля яго пасады "запахла сьвежаю ральлёю і густою шчоткаю" ўзышлі "дробныя зярняткі", дзелавіта з усімі бытавымі падрабязгамі, авеянымі поэзіяй працы, апісана касавіца; ярка і вобразна зарысована жніва, калі "жней чародкі ідуць паважна, як лябёдкі", затым нарысованы ў тыповых малюнках рыбная лоўля, стаўляньне бярозавага соку, "падгляд пчол", зьбіраньне грыбоў, калі "ў ранюткі час" бор агалошваецца маладымі галасамі зьбіральнікаў грыбоў.

У поэме рысуецца і ўнутраны быт хаты. Мы прысутнічаем у хаце лясьніка ў той час, калі яго сям'я сядзіць за сталом і адбываецца звычай яды, апісаны са спакоем і дэтальнасьцю старога эпосу; мы бачым, як дарослыя і дзеці ядуць аладкі, "верашчаку і тварог запраўлены сьмятанай". Назіраем сям'ю ў зімовы вечар, калі старшыя ў коле дзяцей "пачнуць казаць свае ўспамінкі, вясьці размовы пра старынкі"; хата цьмяна асьветлена лямпаю, па сьценах дзіўныя цені, вакол жудасная цішыня, і ў цішыне размовы аб чымся таямнічным і вабячым. Бачым сям'ю ў сьвята, напр. на Коляды, калі спраўляецца куцьця, і ў хаце зьяўляецца звычайная сьвяточная ялінка, на якой усе дзіцячыя "радасьці і ўцехі": "На ёй валоскія арэхі, а з пазалочанай паперкі глядзяць панадныя цукеркі"; бачым і ў "Вялікоднік сьвяценькі", "калі са смакам елі і багата—на тое-ж даў бог людзям сьвята". Даецца малюнак і сукромнага вясковага банкету ў часе збору мёду, з няўхільнаю чаркаю і хатнімі закускамі, з ласкавай гаспадарскаю прынукаю і царамоннымі адмаўляньнямі гасьцей, нават з танцамі, якія часткаю выконваюцца "на панскі лад", часткаю без фасону, па натхненьню, бо "ногі скачуць мімавольна". Зрэдка чарка зьяўляецца і паза межамі сьвят, калі нелады па службе гоняць лясьніка ў шынок "к цётцы Хруме", і ў такіх выпадках пад пяром аўтара складаецца тыповы вобраз захмялеўшага сумленнага гаспадара, які ў сузнаньні свайго праступку перад сям'ёю нейк не адразу йдзе ў хату, залішне бачліва прыглядаецца да розных частак свае гаспадаркі і залішне доўга робіць гаспадарскую вымову двароваму сабаку.

Але як гэтыя сукромныя сямейныя сьвяты, так і звычайнае будзённае жыцьце даюцца беларусу цяжэрнаю працаю і пры тым працаю не на сваім шматку зямлі, а на панскай службе. Самая панская служба зьявілася не адразу, а пасьля цэлага шэрагу блуканыя ў пошуках заработкаў: "Хадзіў на сплаў ён, на віціны, разоў са два схадзіў у Прусы—куды ня трапяць беларусы?"—лірычна дадае аўтар, гэтаю фразаю падкрэсьліваючы цяжкую долю бяздомнага чалавека ў Беларусі.

І ня гледзячы на прыгнечаньне жыцьця, фізычная і моральная бадзёрасьць і сьвежасьць гэрояў поэмы мімавольна спыняе на сабе ўвагу чытальніка. Дзелавітасьць, разумная, сэнсоўная працавітасьць, сьвядомае цягненьне да хараства прыроды, спагадлівая любасьць да ўсяго жывога, не выключаючы воўка, які гіне зімою ў стрыжані, сьветлы оптымізм, што не пакідае чалавека нават у цяжкай долі, — вось тыповыя рысы насельнікаў "лясьніковай пасады". Асабліва тыповы дзядзька Антось, які "майстар быў на штукі і быў маханік на ўсе рукі", з яго нявычэрпаным нязлым юморам, скрозь які ён, як скрозь прызму, з дзіцячаю прастадушнаю мудрасьцю аглядае і расцэньвае ня толькі прыроднае прывольле лясной глушы, але і панскую культуру на прыбраных вуліцах Вільні. Бліжэй усяго да дзядзькі Антося стаяць дзеці, зарысованыя ў поэме з вялікаю псыхолёгічнаю пранікальнасьцю. Мы бачым тут сьвет дзіцячай фантазіі і дзіцячых страхаў, сьвет, які разгортваецца ў цішы лясных балот каля вячэрняга кастра недалёка ад убогай зямлянкі; тут усё ёсьць: "начныя страхі, зданьні, зыкі, ліхая нечысьць, сьмярцьвец", прытуліўшыся пад ёлкаю вядомы дзед, неадлучны прыжывальнік дзіцячай фантастыкі, і над усім гэтым шчамячае сэрца "смутнае бляяньне", якім "баранчык божы" агалошвае жудасную цішыню ляснога балота. Бачым і дзіцячыя забаўкі і ўдзел дзяцей у рабоце дарослых, і зносіны іх з прыродаю, і іх сваеасаблівую вучэбу пад кіраўніцтвам вясковага "дарэктара" з вузел ростам, які жыве тымі-ж самымі дзяціннымі інтарэсамі, як і яго вучні.

Прастата і далікацтва душы працоўнага беларуса асабліва рэльефна выступаюць у поэме радам з тыпамі паноў і іх панскім абыходкам. Пан укліньваецца ў жыцьцё лясніка у асобе новага лясьнічага, чалавека жорсткага, «пана-злыдня», «пана-ката», у асобах княжыцкіх упраўнікаў, пахвальбістых і надзьмутых, што зьяжджаюцца на «панскую пацеху», на паляваньне глушцоў; у вобразе сярдзітага віленскага чыноўніка, да якога трудна падыйсьці блізка; у вобразе чужацкага для простага чалавека ўвабранага натоўпу адкормленых і давольных насельнікаў Вільні. Паміж тым і другім соцыяльным асяродкам адчуваецца непраходны правал: па адным боку правалу—агіда да працы, якая эксплуатуецца, па другім—стрымленае абурэньне, гатовае перайсьці ў навальніцу. Але душэўнае далікацтва і тут сваім пачуцьцём не пераступае граніцы сваёй аддаўнай мужыцкай праўды: дзеля гэтага натоўп лясьнікоў, прышоўшых на пахаваньне старога лясьнічага, які «ня кепскі пан быў», памінаюць яго добрым словам: "стаяць і пану раю жычаць".

V.

Сваім соцыяльна-бытавым абагульненьням беларускага жыцьця, свайму соцыолёгічнаму сынтэзу, аўтар прыдае яскрава выказанае дэмократычнае асьвятленьне. Ідэялёгія яго поэмы вызначаецца ўжо самым выбарам тэмы: ён-жа піша аб такіх незаметных людзях, якія ў умовах адзначанай эпохі не прадстаўлялі вялікае цікавасьці для мастацтва і літаратуры: «аб іх гісторый не складаюць, пра іх і песень не сьпяваюць». Але ён злажыў аб іх сваё апавяданьне, бо яго задача была—выявіць тую соцыяльную няпраўду, у ўмовах якой зжывалі свой век яго мала заметныя гэроі. Соцыяльная няпраўда—гэта паднявольная панская служба, гэта «сабачы хлеб», служба «з-за панскага агрызка», «батрацкая доля да магілы», «доля вечнага падпаска». Выйсьце да праўды адно: «прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Гэта думка аб шматку зямлі—ня проста сялянская туга па сваёй уласнасьці: не, яна запала ў сэрца беларуса "як промень волі і свабоды", бо з ёю зьвязан нястрыманы парыў да творчае працы і наогул да новага быту.

У творчасьці новага жыцьця зямля — галоўная апора і падмога: «Зямля дасьць волі, дасьць і сілы, зямля паслужыць да магілы». У зямлі—усе надзеі і чаяньні і ўсе залогі лепшага будучага; зямля, як і прырода, асабліва ў момант яе вясеньняга абуджэньня «лелеет творимую легенду» новага жыцьця, — яна іменна параджае жаданьне «жыць, у шыр разьняцца, за долю лепшую змагацца». Сам поэта цьвёрда верыць у немагчымасьць "назад ход часаў павярнуць", у непарушаную праўду новага жыцьця, у няўхільнасьць гэтага «гістарычнага перавалу», за якім пачынаецца новы сьвет. І ён толькі бясконца смуткуе, што ня ўвесь яго родны край, гэты «край адвечнай мукі», разарваны цяпер на-двое цяжкаю рукою вайны, што ня ўвесь ён радасна ідзе на спатканьне новаму жыцьцю. Але ён хоча надзеяцца, што «хоць ня мы, дык нашы дзеці» убачаць яго цэльным і адзіным. Такоў ідэялёгічны сынтэз поэмы.

Мне астаецца нямнога даказаць аб сваіх уражаньнях, выкліканых поэмай «Новая Зямля». Калі я пачынаў яе праглядаць, я чакаў найці ў ëй поэтычнае апавяданьне з беларускага быту, скомпанованае па манеру літаратурнага народніцтва, прадстаўленага ў расійскай літаратуры, напр. Кальцовым, Мікіціным і др. поэтамі. Прачытаўшы некалькі разьдзелаў, я ўбачыў перад сабою сваеасаблівую амальгаму старога, амаль народнага эпічнага складу з навейшымі дасягненьнямі мастацка-рэальнага стылю, пераходзячага іншы раз у стыль сымболізму. Закончваючы чытаньне, я ужо ніколькі не сумняваўся ў тым, што перада мною―ня твор літаратурнага народніцтва, не перайманьне старожытнай эпіцы і ня сымбалічная модэрнізацыя народна-поэтычнага слова: я зразумеў, што перада мною іменна беларуская мастацкая літаратура моманту, выявіўшая ў поэме Якуба Коласа свой запраўдны орыгінальны твор. І гэта запраўднае сучаснай беларускай літаратуры лепш за ўсё выявілася іменна ў паглыбленьні, у асобе поэта Якуба Коласа, тых асноўных яе літаратурных пуцін, якія вядуць яе да ўсебаковага пазнаньня Беларусі сродкамі мастацкага слова. Прылажэньне гэтых пуцін да літаратурнае практыкі нясумненна ажыцьцяўляецца і другімі беларускімі поэтамі і павінна стаць, думаецца мне, наогул найболей жыцьцёвым кірункам беларускай літаратуры: у гэтым яе найболей яркае цяперашняе, у гэтым яе лепшае будучае.

Прыяцьце і рэалізацыя гэтых пуцін у поэме "Новая Зямля" складаюць умовы яе дваякага значэньня. Першае значэньне――народнае, ня ў сэнсе старога літаратурнага народніцтва, а ў сэнсе запраўднай дэмократызацыі мастацкага слова. Разгляданая з гэтага боку поэма Якуба Коласа можа і павінна заняць месца ў кожнай беларускай школе, у кожнай вясковай і гарадзкой чытальні на тэрыторыі Беларусі: для вёскі яна—зразуменьне свайго быту, для гораду—зразуменьне вёскі, у выніку―пуціны да іх узаемнага пазнаньня і братэрскіх зносін у справе будаўніцтва новага жыцьця. Але поэма Якуба Коласа ў сваім значэньні пераходзіць граніцы Беларусі. Яна прачытаецца, як братэрскае прывітаньне, і за яе заходнім рубяжом яе роднымі, цяпер адарванымі ад нас брацьцямі; прачытаецца, як дружацкае прызнаньне, на ўсходзе і на поўдні, цяпер соцыяльна-зьнітаваным з ёю вялікарусам і ўкраінцам, урэшце, у ўдатным перакладзе, яна зацікавіць і заходнія літаратуры сваім яркім мясцовым, этнографічным колёрытам і чалавецка-значным асьвятленьнем народна-пролетарскага быту. У гэтым яе другое, больш шырокае, соцыяльна-культурнае значэньне.

Гаворачы аб гэтых значэньнях поэмы, я ня проста мысьлю іx тэорытычна, як крытык і гісторык літаратуры, але я і перажываю іх, як чытаньнік, на асабовай спробе. Успамінкі аб уласным дзяцінстве ў абстаноўцы вёскі Цьвярской губэрні, у сялянскай хаце і сям'і, дзе мой айцец прадсталяў сабою першае, а я толькі другое пакаленьне сялян, вышаўшых з-пад крэпасной няволі, ― гэтыя ўспамінкі ярка ўстаюць перада мною пры чытаньні поэмы Якуба Коласа; яна варочае мяне да аддаўнай, але з гадамі аслабеўшай, сувязі з прыродай, зямлёю і вясковым бытам, і мне становіцца асабіста зразумелым яе пepшае значэньне, як мастацкага сродку пазнаваньня шырокага народнага жыцьця. Але я чытаю гэту поэму ня толькі, як селянін пa нараджэньню, які цікавіцца апавяданьнем аб сялянскім быце: я чытаю яе яшчэ і як вялікарус, зьявіўшыся ў адноўленую Беларусь для дружацкага супрацоўніцтва ў яе новым культурным будаўніцтве, у гэтым выпадку я чутка сузнаю другое значэньне поэмы Якуба Коласа, як мастацкага апарату, прыбліжваючага нас, вялікарусаў, да братэрскага пазнаньня Беларусі і да добрых зносін з ёю. У гэтым выпадку поэма "Новая Зямля" гаворыць не аб адных літаратурных пуцінах: яна ўваскрошвае ў нашай памяці і тыя цёмныя „проселки" нядаўнага старога быту, тыя, скажам словамі поэмы, "дарожанькі людзкія, пуцінкі вузкія, крывыя", па якіх яшчэ нядаўна мы ўсе, і вялікарусы і беларусы, блукалі ў пошуках выйсьця на новую шырокую дарогу, на прасторны шлях. Поэма Якуба Коласа, якая рысуе падзеі 1890-1900 гадоў, падводзіць сваіх гэрояў і сваіх чытаньнікаў да гэтага "прасторнага шляху" новага жыцьця, якое будуецца ў нашы дні.

На гэтай шырокай пуціне новай, братэрскай соцыяльнасьці павінны па слову поэта зысьціся ўсе чалавецкія мацаваньні, усе мэты, павінны сьціхнуць усе трывогі.

"Прасторны шлях! калі-ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?


30-ХІ-1923 г.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.