Перайсці да зместу

Наша Ніва (1906)/1910/48/У 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці В. Дунін-Марцінкевіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці В. Дунін-Марцінкевіча
Артыкул
Аўтар: Наша Ніва
1910 год
Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці В. Дунін-Марцінкевіча.

В. Дунін-Марцінкевіч, з фотографіі зробленай у Мінску ў 1860-тых гадах.


В. Дунін-Марцінкевіч,
з фотографіі зробленай у Мінску ў 1860-тых гадах.

Усе культурные націі вельмі шануюць памяць найбольш заслужоных сыноў сваіх і ў гадаўшчыны іх ураджэньня, сьмерці і т. п. успамінаюць іх заслугі. Такіе національные памінкі маюць вялікую вагу: асьвечаючы перэд народам жыцьцё і працу лепшых грамадзян, яны паказываюць моц і сілу ўсяе націі, каторая такіх сыноў узгадавала, развіваюць у народзе паважаньне сябе самога, будзяць національную сьведомасць, а разам з гэтым заахвочываюць кожнаго да працы для грамадзянства, даводзячы жывым прыкладам, што раней ці пазьней родны край ацэніць тую працу паводлуг справедлівасьці.

Сёлета беларускі народ спраўляе памінкі па бацьцы беларускай літэратуры — Вінцуку Дунін-Марцінкевічу, каторы зышоў у магілу 25 лет таму назад. Ня гледзячы на тое, што Марцінкевіч — гэта беларус, прыняўшый польскую культуру і жыўшый разам с польскім і апалячэным тутэйшым інтэлігентным грамадзянствам, ня гледзячы на войстрые напасьці тагочасных польскіх газэт на яго беларускіе пісаньня (глядзі аб гэтым „Dudarz Bіałoruskі“ І-ае выданьне 1857 г. у Мінску на стр. 14), песьняр наш бадай першы сьмела і ясна выказаў думку, што беларуская кніжка ёсьць найлепшая дарога да прасьветы нашаго народу. Беларускі селянін, казаў ён (глядзі там-жэ), „бачучы кніжку у сваей ўласнай, добра зразумелай гаворцы,….. ахвотне чытае яе, набіраецца і сам ахвоnы да вучэньня дый дзетак сваіх заахвочывае да навукі“. І кінутая Марцінкевічэм думка не прапала дарма: пачынаючы ад яго самога і канчаючы найстарэйшым спаміж жывых працоўнікоў на народнай ніве таго-ж кірунку, Александрам Ельскім, цэлая грамада людзей карыстала беларускай кніжкі дзеля моральнаго развіцьця і асьветы нашых селян ды іншых мэт. Памалу беларускае друкаванае слово здабывало сабе ўсё болей прыяцелёў, здабывало шырэйшые правы у грамадзянстве, развівало ў нашым народзе любоў да ўсяго роднаго — роднай мовы, роднай старонкі. Так закладаўся фундамент, на каторым апіраецца і ўся цяперашняя беларуская літэратура, і між беларусамі вечна жыць будзе ўспамін, што адзін с першых каменьчыкоў на гэты фундамент палажыў Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

Рэдакція „Нашай Нівы“ у 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці Марцінкевіча ахвяравала памяці яго тое, што ёй пад сілу: гэты нумэр.


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.