З палёў Заходняй Беларусі (1927)/I/Экспрэс

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Хто мужны, хто сьмелы, хто дужы… Экспрэс
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Экспрэс.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЭКСПРЭС

„Маладняку“ да 3-х угод-
каў яго існаваньня.


Едуць, едуць паяжджане.
Я. Купала

Сёламі, доламі, борам, прасторам,
Стукаты, грукаты, звон.
Збуджаны, знуджаны, змораны горам,
Зможаны змора і сон.

Скогатам, рогатам рэжа паветра.
Супраць карагі, ламы…
Бурнасьцю ветра з панурага нетра
Хто гэта? хто гэта? — Мы!

Ад спанку, з паўстанку мы рушыма ранкам.
Выраю высіцца зык.
Рэха, грымоты, разводзьдзе-заранка,
Наш бліскавіца-цягнік.

Мінуты міма жальба і жалоба,
Жорсткае джала жалю.
Радасьць буялая, радасьць-аздоба
Зяблую зябіць зямлю.

Верыма, верым вясёлаю верай,
Лёсам даверана нам:
Шлях нам бясконцы, нямераны мерай,
Шлях нам заказаных брам.

Мкнем на пярэсьціг, на высьціг удалей,
Вечнасьці на перарэз…
Ў далі ўсё далей і далей для даляй
Рушыць і крышыць экспрэс.