З палёў Заходняй Беларусі (1927)/I/Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Экспрэс ⁂ Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Ляпей жабрачы лёс…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Наш лёс, бы кат з рукой забойнай.
Бязьлітасьней рука каго?
Ды ўмее вой адзін спакойна,
Бяз роспачы прыняць яго.

І ўмее вой цьвёрдакаменна
Ўстаяць перад навалай злой
І, ўсё губляючы, нязьменна
Данесьці абавязак свой.

Губляць-жа болей немагчыма
І зносіць болей немагла:
Народ, Свабода і Радзіма, —
На ўсё прышла адна чарга.

Найдаражэйшае, сьвятое,
Ўсё, чым натхнялася душа,
Чужою збэшчына рукою,
Сваволяй скута палаша?

Але пад лобам хмурым гэтым,
У гэтай думнай галаве
Імкненьне да апошняй мэты
Непераможнае жыве.

Непераможнай волі шалам,
Перамагаючым і лёс,
Зьвініць душа з былым запалам,
Зьвініць бяз сумніву і сьлёз.

І покі пруткі ‘ішчэ цягніцы,
І покі ў жылах точыць кроў,
Ніхто ня ўбачыць голаў ніцы,
Пакорлівых ня ўчуе слоў.

І покі сэрца поўна гневам
І гнеў драпежней крумкача,
Вітаю бой ваяцкім сьпевам
І звонам вострага мяча.

Калі-ж нараз ад меткай раны
Звалюся, сходзячы крывёй,
І вораг, перамогай п‘яны,
Накпіць нягожа нада мной, —

Я і тады здалею гарда
Стрымаць гадзін апошніх золь,
Мая нянавісьць і пагарда
Ня ўдасьць, ня здрадзіць люты боль.

1925 г.