З палёў Заходняй Беларусі (1927)/I/Хто мужны, хто сьмелы, хто дужы…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Меч ⁂ Хто мужны, хто сьмелы, хто дужы…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
Экспрэс
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хто мужны, хто сьмелы, хто дужы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Хто мужны, хто сьмелы, хто дужы,
Хто цэлем працят залатым,
Над тым неўладарныя сьцюжы,
І лёс неўладарны над тым.

Хто к страху глухі, безразважны,
Хто з воляй каванай, як сталь,
Той хмелем трывогаў адважны,
І шлях яго толькі у даль.

Ёсьць радасьць у ярасьці бою,
Ў змаганьні скрыжованых сіл —
Спаткаць сваю волю з чужою,
З гарачнасьцю іншай свой пыл

Ня бледнуць; у час небясьпекі
Стрымаць няслухмяную кроў;
Прад вокам упартым павекі
Ня хінуць ганебна далоў.

І ведаць — у бойцы зацятай
Пагібельнасьць жджэ ваяка,
Ледзь сумніў кранецца шурпата,
Ледзь крыху аслабне рука.

Так досьць наракаць на нядужнасьць,
На горкія долі свае.
О, думнасьць! О, сьмеласьць! О, мужнасьць!
Вам песьні і песьні мае!

1924 г.