Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Пераклады з польскае мовы/Груган

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каралі Груган
Баляда
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
1926 год
Арыгінальная назва: Korale
Пераклад: Янка Купала
У сьвет
Іншыя публікацыі гэтага твора: Груган (Сыракомля/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГРУГАН

З па-над лесаў, з па-над хмараў
Груган вылятае,
Сеў пад вёскай на папары,
Груганят склікае,
На вялікай, знаць, быў згубе
Ў далёкіх старонках:
Рука правая у дзюбе
З залатым пярсьцёнкам.

— Эй, скажы, груган нязнаны,
Скуль ты прыбываеш?
Скуль пярсьцёнак пазлачаны
І руку скуль маеш?
— За гарамі, ой, дзяўчына,
Страшны бой вядзецца;
Кроў ліецца ручаінай,
Труп на труп кладзецца.

Зарывае люд рабочы
Сьсечаны галовы,
На малойцаў грудзі, вочы
Сыплюць наспы новы.
На курганах на бядачых
Воўчы рык чуваці;
Не адна галосіць, плача
Сірата і маці.

Сьлязьмі горка залілася
Бедная дзяўчына:
Вось калі я дажылася
Няшчаснай часіны!
Ой, руку я ўжо пазнала!
Той, чыя, — ня ўстане:
Гэты персьцень даравала
Міламу ў расстаньні…