Груган (Сыракомля/Купала)
Jump to navigation
Jump to search
Груган Верш Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля 1854 Пераклад: Янка Купала Крыніца: Сыракомля, Уладзіслаў. Выбраныя творы [вершы, гутаркі, проза] / Уладзіслаў Сыракомля. — Мінск : Кнігазбор, 2006. — 526 с., 1 л. партр. |
З-па-над лесаў, з-па-над хмараў
Груган вылятае,
Сеў пад вёскай на папары,
Груганят склікае.
На вялікай, знаць, быў згубе
Ў далёкіх старонках:
Рука правая у дзюбе
З залатым пярсцёнкам.
«Эй, скажы, груган нязнаны,
Скуль ты прыбываеш?
Скуль пярсцёнак пазлачаны
І руку скуль маеш?»
«За гарамі, ой, дзяўчына,
Страшны бой вядзецца;
Кроў ліецца ручаінай,
Труп на труп кладзецца.
Зарывае люд рабочы
Ссечаны галовы,
На малойцаў грудзі, вочы
Сыплюць насып новы.
На курганах на бядачых
Воўчы рык чуваці;
Не адна галосіць-плача
Сірата і маці».
Слязьмі горка залілася
Бедная дзяўчына:
«Вось калі я дажылася
Няшчаснай часіны!
Ой, руку я ўжо пазнала!
Той, чыя — не ўстане:
Гэты персцень даравала
Міламу ў расстанні…»