Нашаніўская пара.
(1905 г.—1915 г.).
Нацыянальная, ці нашаніўская (ад назову газэты „Наша Ніва“) пара пачалася з рэволюцыі 1905-га года, калі беларускае друкаванае слова магло вольна пашырацца на ўлоньні свае айчызны. Падрыхтавала яе народніцкая пара, а пазьней—тыя шырокія рэволюцыйныя валы, што пакаціліся ў беларускім народзе. Ў 1905—1906 гадох Беларуская Соцыялістычная Грамада, выдрукавала і пусьціла ў самыя далёкія, глухія і цёмныя куткі бацькаўшчыны дужа многа праклямацый, якія пабуджалі ў народзе соцыяльную сьвядомасьць, а разам з тым заклікалі скідаць нацыянальны гнёт, каторы на Беларусі заўсёды ішоў поруч з соцыяльным. Такім чынам, у кола клясавых дамаганьняў, якія жылі ў сьвядомасьці беларуска-сялянскай грамады, уваходзілі і прывіваліся беларускія нацыянальныя жаданьні. У 1906 годзе заснаваўся Беларускі Вучыцельскі Хаўрус, да якога прыгарнулася вялікая лічба народных вучыцялёў, працаваўшых сярод народа у соцыялістычным кірунку із нацыянальнымі азнакамі. Адначасна пачаўся беларускі рух сярод вучнёўскай моладзі ў інстытутах, вучыцельскіх і духоўных сэмінарыях, сельска-гаспадарскіх школах і ўсюдых, дзе шмат было беларускіх дзяцей бяднейшых станаў. Рух адраджэньня найбайчэй узрастаў у Вільні і ў Пецярбурзе, хоць людзі рупіліся працаваць
і ў другіх местах. Гэтак, ў Менску. выйшла беларуская газэта ў маскоўскай мове „Голосъ Бҍлоруссіи“, зачыненая, на першым нумару; У Магілёве залажылася „Общество изученія Бҍлорусскаго Края“ і г. д. З 1906 году ў Пецярбурзе пачало працаваць першае беларускае выдавецкае таварыства, суполка „Загляне сонца і ў наша ваконца“. Стараньнем гэтага выдавецтва надрукавана шмат беларускіх кніжак: прыгожай літэратуры, новай і навейшай, школьных падручнікаў, популярна-навуковых брошурак. Друкаваньне йшло лацінкаю і кірыліцай (гражданкаю). Зьяўлялісь і другія выдавецтвы, як Антона Грыневіча і іншыя.
14 (1-га) верасьня 1906 года выйшаў у Вільні першы нумар першай легальнай беларускай газэты „Наша Доля“.
Гэты дзень лічыцца сьвятам беларускага адраджэньня і быў ён важным пунктам ў гісторыі беларускай літэратуры. Пісала ў „Нашай Долі“ рэволюцыянэрка Цётка, пісалі яшчэ: Дзядзька Пранук (Ф. Умястоўскі), В. Тройца (В. Іваноўскі) і з маладзейшых — Я. Колас і А. Навіна. Нумары „Нашай Долі“ зрабіліся цяпер дарагой бібліаграфічнай рэдкасьцю. Усяго выйшла 6 нумароў, з каторых ажно 5 сканфіскавала паліцыя. Вестка аб легальнай газэце, пісанай пабеларуску, пракацілася па ўсёй Беларусі, як першы веснавы гром. Людзі плакалі ад радаснае навіны і горкіх успамінаў. А на вуліцах Вільні газэту бралі нарасхват, чыталі вялікімі кучкамі і плацілі часам вялікія грошы. Калі-ж газэта дайшла ў провінцыю, сяляне сталі прысылаць у рэдакцыю дужа многа пісьмаў з гарачымі, натхненнымі і радаснымі словамі абуджаных сыноў пад‘яромнае бацькаўшчыны.
23 (10-га) лістапада 1906 года выйшаў
у Вільні першы нумар „Нашай Нівы“.
За ўвесь чае свайго жыцьця, да восені 1915 года, „Наша Ніва“ гуртавала ля сябе ўсю сьвядомую Беларусь, і на яе страніцах вырасьлі літэратурныя іменьні ўсіх выдатнейшых сучасных беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў. Хоць „Наша Ніва“ і не магла паказаць у поўнай меры свой соцыяльны характар, аднак, яна была самая левая газэта ў краі, стульна зьвязаная з сваім сялянствам. Так, за першыя тры гады істнаваньня газэты ў ёй было надрукавана 960 орыгінальных корэспондэнцый з 469 вёсак і мясьцечак, а за чацьвёрты год—660 корэспондэнцый з 321 меснасьці. А рэдакцыя-ж нічога не плаціла сваім корэспондэнтам, як і наагул сваім супрацоўнікам, апрача аднаго-двух тэхнічных работнікаў. Каб дайці да ўсіх беларусаў, праваслаўных і каталікоў, „Наша Ніва“, як і „Наша Доля“, друкавалася і кірыліцай і лацінкаю, але з 1912 года, з-за вялікага кошту, посьле агульнага запытаньня ў чытаньнікаў, газэта перайшла на адзін сучасны кірылаўскі шрыфт. У цесным зьвязку з „Нашай Нівай“ працавала над павялічаньнем кніжнага багацьця Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні, каторае выдала шмат усялякіх кніжак. Посьле, як беларускі рух стаў буйна ўзрастаць, зьяўляліся новыя выдавецтвы, друкаваліся новыя часопісі, але скрозь ўвесь час да вайны давала тон усяму руху, выдавецтву і літэратуры — Вільня і „Наша Ніва“. Першай прыметай нашаніўскай пары ў літэратуры ёсьць пераважнасьць нацыянальных элементаў і нацыяналістычных лёзунгаў і мотываў над усім-чыста іншым. І ў гэтую пару, як ужо даўно ў нас павялося, асабліва разьвілася наша поэзія ў вершу; разьвіцьце прозы было значна слабейшым. Пісьменьнікаў і поэтаў-нашаніўцаў можна падзяліць на старэйшых, зьвязаных па часу, па духу ці ўплыву з народніцкай парой (К. Каганец, Цётка, Ядвігін Ш., А. Паўловіч, Г. Леўчык і інш.) і маладзейшых, стварыўшых зусім сваю, выразна-нацыянальную і ў істнасьці клясава-мужыцкую, але даволі разнаабразную і ўжо багатую літэратуру (Я. Колас, Т. Гушча, Я. Купала, М. Багдановіч, З. Бядуля, А. Гарун, Ф. Аляхновіч і інш.). Зьявілісь чыста-сялянскія пісьменьнікі (Л. Лобік, Стары Улас і інш.) У нашаніўскую пару разьвілася і беларуская публіцыстыка (А. Навіна, Власт, Я. Лёсік і інш.).
Ян Луцкевіч.
Ян Луцкевіч (1881—1919) — віленскі археолёг, родам з Менска, быў адным з самых відных дзеячаў нашаніўскае пары. Як выдатная культурная сіла ў адраджэньні і палітычны правадыр такога руху, дзе разьвіцьце нацыянальнай літэратуры было грунтам усяе працы, Ян Луцкевіч, хоць сам блізка што і ня пісаў, зрабіў тымчасам вялікую работу ў гісторыі нашаніўскае літэратуры, быўшы ініцыятарам „Нашае Долі“ і „Нашае Нівы,“ дабываўшы кошты на друкаваньне, гуртуючы ля сябе людзей слова і жывучы з імі адным жыцьцём. У гісторыі-ж адраджэньня наагул Я. Луцкевіч мае значаньне непараўнавана важнейшае. Беларускаму народу адказаў ён багаты нацыянальны музэй, які з вялікаю пільнасьцю і працаю зьбіраў праз усё жыцьцё. Памёр ад сухот і пахован у Закапаным, у Галічыне. (Гл. кнігу „Памяці Івана Луцкевіча ў першыя ўгодкі сьмерці яго“, Вільня, 1920 г.).