Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Народніцкая пара/Ф. Багушэвіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Народніцкая пара Ф. Багушэвіч
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Я. Няслухоўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яго жыцьцё. Арадзіўся ў Ашмяншчыне. Пахадзіў з дробнай шляхты, са спольшчанай сям‘і. Сярэднюю школу скончыў у Вільні, пазьней вучыўся у Пецярбурзе на фізыка-матэматычным факультэце. Перад паўстаньнем 1863 году Багушэвіч бавіў нейкі час ў Ашмяншчыне, дзе быў народным вучыцелем у Доцішках. Хадзіў на паўстаньне і быў ранены ў нагу; выратаваў яго ад пеўнай сьмерці селянін-беларус. Потым Багушэвіч вучыўся ў Нежыне, у ліцэю, на адваката і навуку скончыў у 1868 годзе. Пасьля гэтага ён доўга мандраваў па ўсёй Расеі, (Чарнігаў, Валогда і інш.). Ажно дзесяць гадоў пражыў ён на Украіне, быў сьледавацелем пры судзе ў Канатопскім павеце, навучыўся надта добра гаварыць паўкраінску і дасканальна пазнаёміўся з народным украінскім жыцьцём; адылі перайшоў адвакатам пры акружным судзе ў Вільню, а пад старасьць жыў у сваім фальварку Кушляны ў Ашмяншчыне.

Ф. Багушэвіч (сярэдняга веку).


Ф. Багушэвіч (сярэдняга веку).

Пахавалі Багушэвіча ў м. Жупранах Ашмянскага павету.

Літэратура Багушэвіча: 1) „Дудка беларуская“—зборнік вершаў, першы раз надрукаваны ў Кракове, у 1891 годзе, пад псэўданімам: Мацей Бурачок; 2) „Смык беларускі“—зборнік вершаў, першы раз надрукаваны ў Пазнані, у 1894 годзе, пад псэўданімам: Сымон Рэўка з-пад Барысава; 3) розныя творы, як анонімныя рэволюцыйныя апавяданьні і вершы, прозаічныя апрацаваньні жартаўлівых народных сюжэтаў („Палясоўшчык,“ „Сьведка“, „Дзядзіна“) і іншы, найчасьцей рукапісны, літэратурны матар‘ял, яшчэ не дасьледаваны гістарычна-літэратурнай крытыкай („Беларуская скрыпачка“ ў архіве Б. Шыпілы).

Пашыранасьць яго твораў у беларускім народзе відаць з таго, да прыкладу, што ў 1918 годзе ў Вільні „Дудка“ выйшла пятым выданьнем, а „Смык“—чацьвёртым,—гэта ня гледзячы на нацыянальны ўціск, цемнату народа і рэнегацтва інтэлігенцыі. У зьвязку з палітычнымі падзеямі астатняе выданьне кніг Багушэвіча раскуплена ў адзін год, і цяпер будзе яшчэ новае выданьне. Вясковая моладзь у Ашмяншчыне, Віленшчыне, Лідшчыне і ў другіх куткох Беларусі дэклямуець яго вершы напамяць, як чыста-народныя творы. „Дудка“ і „Смык“ дагэтуль друкаваліся толькі лацінкаю і на усходзе Беларусі пашырацца не маглі.

Ф. Багушэвіч (пад старасьць).


Ф. Багушэвіч (пад старасьць).

Грунт і элементы яго творчасьці. Грунтам поэзіі Багушэвіча ёсьць усебаковае духоўнае і матар‘яльнае адраджэньне беларускага сялянскага народа. Магутным спосабам для такога адраджэньня ён уважаў нацыянальнае на соцыяльнай падставе ўсьведамленьне мужыцкай грамады. Галоўную роль у нацыянальным усьведамленьні Багушэвіч аддаваў мове, жывому і пісанаму слову. Прыклад ён браў з гісторыі адраджэньня славянскіх народаў. А разумеў пясьняр, што апісаньнем сялянскіх вечарніц, добрых паноў і верных хлопаў немагчыма закрануць струн народнае беларускае душы, што сьвяты абавязак песьняра - сына свайго народа вымагаець ад яго войстрай і гняўлівай праўды аб розных злосьніках мужыка, як паны, гандляры, інтэлігенты-рэнегаты, адміністрацыя, духавенства і г. д. Сярод іх творчы нахіл Багушэвіча знайшоў вельмі ўдзячны матар‘ял, бо нашы нацыянальныя злосьнікі былі найчасьцей і соцыяльнымі для нас злосьнікамі. Рэзультатам яго грамадзянскага настрою быў сатырычны тон многіх вершаў. Быўшы па прадмету і спосабу творчасьці пераважна ідэйным лірыкам, Багушэвіч мае і высока-эпічныя творы, як поэмка „Кепска будзе“ і інш.

1. Сьвядома-нацыянальны элемент. Па духу, па спосабу думаньня, па ідэолёгіі ўся наагул поэзія Багушэвіча вельмі нацыянальна, так што ён—наш першы нацыянальны поэт у поўным значаньні гэтага слова. З пазьнейшых пісьменьнікаў па сіле нацыянальнага генія з ім можа раўняцца бадай адзін толькі Я. Колас. Нацыянальны элемент у Багушэвіча ніколі не перахадзіў у нацыяналістычную аднабокасьць некаторых нацыянальных і мала-нацыянальных нашаніўцаў. Апрача таго, гэты элемент у яго яўляецца разам з тым і народным элементам, бо тады беларуская нацыя і складалася з аднаго простага працоўнага народа. Такое супаданьне не стварае ў творчасьці Багушэвіча поўную гармонію нацыянальнага элемента з соцыяльным, што робіць яго поэзію асабліва цэннай для нас і орыгінальнай ў гісторыі клясавых літэратур. Тут разгледзім вершы, у якіх нацыянальны элемент узят за самы прадмет творчасьці і ў такой пастаноўцы пераважае, найлепей адбіваецца ці шчыльна зьвязуецца з элементам соцыяльным („Хрэсьбіны Мацюка“, „Калыханка“, „Хмаркі“, „Мая хатка“, „Ахвяра“, „Мая дудка“, „Падарожныя жыды“ і інш.).

Хрэсьбіны Мацюка—гэта кароткае вершаванае апавяданьне з часоў „наварачываньня“ беларусаў-уніятаў і каталікоў на праваслаўную веру. Кн. Хаванскі — гістарычная асоба: езьдзіў па Віленшыне і вёў сваю „хрысьціянскую“ работу пасьля паўстаньня 63 г. Віленшчына яшчэ й цяпер не забылася аб гэтым дзікім барбары. Гэта быў зьдзек маскоўскага начальства,—злачынства значна горшае за калішняга акаталічываньня і абпалячываньня беларусаў езуітамі і панамі. Гэта было і вялікае нацыянальнае гора Беларусі. Ня гледзячы на тое, што к часу Багушэвіча балючая войстрасьць ад тае зьнявагі і гора міналася, пясьняр сваёю вольнаю душою рэволюцыянэра і чулым сэрцам патрыоты адчуў яе.

Калыханка—лірычная песьня на народны лад. Яна складзена быццам на соцыяльныя мотывы, але для беларуса яна маець больш нацыянальных прыметаў. „Калыханка“ — спрадвечная песьня аб тым, як беларускія дзеці, выходзячы ў паны, адракаліся ад сваіх матак; аб тым, як беларуская інтэлігенцыя адракалася ад свайго народу. За хімэрнае панства яны плацілі згубай сваей нацыяльнасьці і духоўным выгнаньнем з бацькінай хаты. Верш гэты — адзін з самых лепшых твораў Багушэвіча; у ім скрозь чуецца нязвычайна глыбокае, але нейкае пабеларуску мяккае, кволае, далікатнае засмучэньне; у лёгкіх, зыбкіх, а плаўных, як тое калыханьне, і вельмі прыгожых радкох верша маці-беларуска, мужычка, пяець аб долі свайму сынульцы. Гэта ўся Маці-Беларусь, тая мужычка, пяе сваім сыном, што выходзяць на панічоў. Будзе частаваць сын-паніч сваю простую матку папанску,—так лятуціць маці-беларуска, калыхаючы свайго дзіцёначка, і так магла спадзявацца і тагачасная Беларусь, простая і пагарджаная, гонару і славы за сваю мужыцкую інтэлігенцыю. Але зусім што іншае выхадзіла у жыцьці. Іншае думаецца матцы: зробіцца яе сынок вялікім панам і будзе біці людцаў, а яго будуць клясьці, як ліхога, прасіць яму ад бога сьмертухны. Багушэвіч, разгарнуўшы першую страніцу нашага сьвядомага адраджэньня, адразу і першы за ўсіх увідзеў, што найгоршая бяда ў тым, што з-за панаваньня чужой культуры беларускія дзеці адракаюцца ад усяго роднага, — бо яно-ж „простае“, нічога супольнага ня маючае з прынятай імі „панскай“ культурай. Ня дзіва, што сын-рэнегат для свайго панства выкідаў бацькоў, бо паны пагарджалі і іх мужыцкай беларускай мовай і ўсім тым, што нагадывала вёску. Чужая культура разлучала дзяцей з бацькамі. І ня дзіва, што народны розум пяяў:

Ой, ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала…

Літэратурная вартасьць „Калыханкі“ вялікая, аднак, яе значаньне—гістарычнае і навет цяпер ужо: сучасная сьвядомая беларуская інтэлігенцыя, вучыцялі, інжынэры, дактары, адвакаты, пісьменьнікі не выракаюцца свайго народу і свае „мужыцкае“ культуры, а сучасныя бацькі-беларусы не баяцца вучыць сваіх дзяцей. „Калыханка“ спарадзіла цэлы кірунак у нашай літаратуры, каторы зрабіў сваю ўзгадаваўчую работу.

Хмаркі.—Кароценькі лірычны вершык, у якім Багушэвіч надта поэтычна паказаў сваю журбу з прычыны беларускай нацыянальнай несьвядомасьці. Ен гутарыць з цёмнымі хмаркамі, завець іх сваімі братанькамі, такімі-ж бяздомнымі, як ён у сваёй пад‘ярэмнай бацькаўшчыне, і пытаецца ў іх: „Гдзе радзіліся, гдзе вы, хмарачкі? Гдзе тутэйшымі называліся?“ „Тутэйшымі“ называюць сябе і сяляне-беларусы, каторыя ўжо ня ведаюць, якой яны нацыі.

Мая хатка. Пад мужыцкай хатай разумеецца ўся наша бацькаўшчына. Суседзі адзін перад адным запрашаюць галяка-гаротніка ў свае багатыя хаты. Але пясьняр, сьвята веручы ў адраджэньне свайго народу, яго вуснамі дае належны адказ, поўны чыста-беларускай драматычнасьці.

Ахвяра. Тут быццам дапаўняюцца думкі, выказаныя ў „Калыханцы“, падчыркнута іх нацыянальнае значанне:

Маліся, бабулька, да бога,
Каб я панам ніколі на быу.
...........
Каб людзей прызнавау за братоу,
А багацьце свае меу за іх,
Каб за край быу умерці гатоу,
Каб ня прагнуу айчызны чужых,
Каб я бога свайго не акпіу,
Каб ня зрадзіу за грошы свой люд…

Мая дудка. У гэтым вершу, таксама, пясьняр гаруець і плачаць над „скананьнем“ свайго народу. Тут ён узьнімаецца ўва ўвесь духоўны рост біблейных прарокаў. Нацыянальнае гора, магчымы скон роднага духу пячэць яму сэрца, трагэдыяй уваходзіць у яго душу. Ен кажаць сваёй дудцы (сваёй творчасьці), каб плакала дзень і ноч так, як плачуць яго вочы над народнай беларускай доляй. Ен кажаць ёй, каб плакала „да астатка“, каб галасіла так, як галосіць матка, хаваючы дзяцей. „Іграй сьлёзным тонам над народу сконам!“

2. Сьвядома-соцыяльны элемент. Ня кажучы зусім аб ранейшых за Багушэвіча пісьменьніках, ніхто і з пазьнейшых за яго ня ставіў соцыяльных пытаньняў так сьвядома, так балюча і так войстра, як ён. Нічога падобнага па глыбіне ня знойдзем мы навет у прызнанага за сучаснага „песьняра-пролетарыя“ Ц. Гартнага. Орыгінальна паўтарыў некаторыя соцыяльна-беларускія мотывы Багушэвіча бадай адзін Я. Купала. Самыя крайнія па сваіх пераконаньнях людзі могуць знайці ў поэзіі Багушэвіча толькі тую загану, што ён сам не пакінуў жыцьця дробна-буржуазнай сфэры, з якой выйшаў, і хаця тыповых прадстаўнікоў яе паграмадзянску ненавідзеў, аднак, мусіць, па крыві ён і жалеў іх і далей за сякучай сатыры проці іх, больнай і для самога, ня йшоў. Соцыяльны элемент у Багушэвіча ніколі не перахадзіў у партыйна-соцыялістычную аднабокасьць, але ўся яго творчасьць вельмі соцыяльна і цьвёрда стаіць на беларуска-народным пролетарскім грунце. Кожная вядомая соцыялістычная навука, усьцяж аж да анарха-комуністычнай, знойдзець у Багушэвіча нешта пажытачнае для сябе, але ніколі не падгоніць пад сваю пляцформу яго ўсяго. Соцыяльны элемент ёсьць амаль не ўва усякім вершы Багушэвіча. У сьвядомай пастаноўцы ён ёсьць у лепшай частцы яго твораў. Асабліва соцыяльны па свайму характару і цэнны па сваіх літэратурных вартасьцях гэткія творы, як „Ня чураўся“, „Кепска будзе", „У вастрозе“, „Быў у чысцы“, „У судзе“, „Скацінная апека“, „Дурны мужык, як варона“, „Бог ня роўна дзеліць“, „Праўда“ і інш.

Ня чурайся — адзін з лепшых соцыяльных вершаў Багушэвіча, у якім поэт ад імя беларускага сялянства зварочуецца да паноў, да панскай інтэлігенцыі, каб ня чураліся мужыкоў, браталіся з імі і нясьлі ім сьвятло навукі. Пакорная з віду просьба хаваець у сабе „хмуры, пануры і ціхі гнеў“ працоўнага нявольніка на гультая-пана. Поэт вуснамі мужыка гаворыць панічку, каб той не ўцякаў-бы ад мужыцкай сярмягі і не глядзеў-бы крывым вокам на прапацелую кашулю, бо ў ёй мужыку ня сорамна, было-б сорамна ў яго панскай. Аўтор падчырківае, што ў мужыка няма кніжкі; каб мужык-беларус мог кіраваць пяром, ён стварыў бы сваю справядлівую і вялікую мужыцкую літэратуру. Багушэвіч вяшчуе, што па гэтай літаратуры і паніч навучыўся-б шанаваць мазоль і „да працы набраў-бы ахвоты“. У гэтым-жа вершу зьмешчана колькі клясычных радкоў аб хаце („А кінь вокам на хату маю“…) і наагул аб побыце беларуса з соцыяльнага пагляду.

Кепска будзе. Невялікая па разьмеру поэма Багушэвіча „Кепска будзе“ можа быць названа самым эпічным творам усяе беларускае поэзіі. Апрача значаньня чыста мастацкага, поэма маець яшчэ значаньне нацыянальнае, соцыяльнае, моральнае, літэратурна-гістарычнае і інш. Мастацкае яе значаньне—ў пеўнасьці малюнку наагул і натуральнасьці беларускіх абразоў у частцы, у эпічным спакою глыбока драматычнага пераказу, у магутнай прастаце слова, у псыхолёгічнай правільнасьці характарыстак і яркасьці такіх драбніц, ад каторых абраз назаўсёды стаіць жывым уваччу („А ўсё піша, піша, піша і нагой усё калыша“…). Мастацтва, з якім напісаў Багушэвіч „Кепска будзе“ і іншыя свае творы, залежала, як ад яго поэтычных здольнасьцяў, так і ад дасканальнага веданьня народнага побыту, народных думак, народнай мовы. Ен умеў дасканальна пранікнуцца духам чалавека з народа. Ен умеў якраз так падумаць і якраз так, такім словам ці зваротам сказаць, як сяляне - беларусы. Нацыянальнае значаньне поэмы заключаецца ў тым, што ў ёй з найвялікшай сілай паказан трагізм народа, пакінутага сваёй інтэлігенцыяй і дзеля таго абсолютна адарванага ад сусьветнай цывілізацыі, засуджанага на страшэнную духоўную адзіноту. Ніхто яго не разумее, кожны ім пагарджае, відзіць у ім быццам якуюсь скаціну. Дзеля гэткай адарванасьці была магчыма гісторыя Скаліндаркі і вялікія мукі нявінаватых людзей. Дзеля гэтага-ж багаты духам беларус-мужык лічыўся за дзікуна. Ня гледзячы на ўсё гэта, беларускі народ захаваў вялікае хараство душы, што і паказана у поэме. Соцыяльнае значаньне поэмы самае поўнае. Соцыяльнае зло, ад якога так цярпеў мужык, змалёвана ўва ўсёй яго гідасьці. Рэзультат соцыяльнага неравенства з мастацтвам зазначан навет у самай сялянскай сфэры („Аднэй бедны, другой стары“…). Каротка кажучы, што ні радок поэмы, то—яркая ілюстрацыя соцыяльных злыдняў, агульна-вядомых, але мала калі паказаных у гэткай нагоце. Моральнае значаньне поэмы ёсьць у тым чалавечым і грамадзянскім абурэньні, якое спараджае твор у чытаньніку, у тым гневе, які гадуе ў нас поэма проці ўсякага зьдзеку над воляй чалавека. Птушачка б‘ецца у клетцы галоўкаю, пакуль не заб‘ецца да сьмерці, — каб толькі ня быць у няволі; злоўленая лісіца распаруець сабе бруха,—каб памерці, а ня быць у няволі; гадзіна, зачыненая ў шкляным судне, джгаець сябе на сьмерць,—каб ня быць у няволі…

Як ужо-ж скаціна тая,
Альбо гадзіна праклята
І та цану волі знае, —
Што-ж для нашага-то брата,
Меушы розум нескацінны,
Як знаць волю мы павінны?
А у вастрозе няма волі,
Ні у чым няма і ніколі!

Цана волі асабліва адчуваецца пасьля няволі. Скарыстаўшы гэты ўдзячны мамэнт, поэт прыкладам свайго героя навучае нас глядзець на волю, як на самы вялікі дар істненьня. Нязвычайна хораша і проста сьпісана, як любіць просты, цёмны беларус сьвет божы, як хочаць волі, на якую высачыну духа ўзьнімаецца ён у паглядах на волю:

Я падумау: дзякуй богу!
Хоць нас сонейка сагрэе!
Вецерчык на нас павее!
Можа дожджык срыбны змоча!
Можа птушка засьвяргоча!
Аж заплакау я, зрадзеушы
От, здаецца-б, і ня еушы
Быу бы сыты на свабодзе!
Як той кролік у гародзе.
Тут, здаецца, і сканау бы,
За свабоду жыцьце-б дау-бы.

Жауручочкі бога хваляць,
А пастушкі згонь паляць,
А і сонечка прыгрэла,
Аж мне у душы паясьнела.
Да палудня ішлі гэтак:
Пры дарозе шмат і кветак,
То пралескі, то сасонкі
Выгравае божа сонка!..

Багушэвіцкае апісаньне вастрога можа скалануць самае закарэлае сэрца. З самага сьмярдзючага балота выцягне яно чалавека і ачысьціць яго сваім рэвалюцыйным агнём. Вось колькі радкоў, якія могуць стаць побач з тым, што ёсьць самага лепшага ў сусьветнай поэзіі:

Павялі нас аж на гору,
Па якомусь калідору…
Дзьверы, дзьверы! У дзьверах дзюрка,
І у кожнайжа хвігурка
Як-бы тая-ж выглядае!
Гдзе ні глянеш, усеж тая:
Блішчаць вочы, твар, як гліна,
І абросшы, як скаціна!..
У турме, як у тым гробе,
Ішлі, ішлі гэтак з гоні.
А сярод такі, што ад воні
Мне аж дух у грудзях сьперла,
Як бы цісьне хто за горла…

І г. д.

А якую веліч народнае душы відзім мы ў чалавека, што ўзьдзеў старэцкі хатыль, тройчы пабыў у Вільні, сем разоў у Лідзе, каб выратаваць Скаліндарку, і закляўся не абедаць удаму, пакуль яго ня выпусьцяць!

У вершу „Быў у чысцы“, напісаным на мотыў народных забабонных паглядаў і ў народным духу, паказаны адносіны мужыцкага поэта к панам. Відаць задаваленьне, з якім апісаны панскія, ксяндзоўскія і рознага сялянскага начальства мукі ў чысцу. У вершу „У судзе“ адбіліся яго і ўсяе мужыцкае грамады адносіны к панскаму суду, які-б ён ня быў лібэральны (суд прысяжных). У панскім законе мужык відзеў камэдыю, праціўную яго пачуццю дабра і зла і дзеля таго беззаконную для яго. У вершу „Скаціанная апека“ тыя адносіны распашыраны і на панскі хаўрус апекі над жывёлаю; паны-апякуны абыйшліся з мужыком горш, чымся з якою скацінаю. У пролетарска-сялянскіх куплетах „Дурны мужык, як варона“, сьпетых на розныя соцыяльныя мотывы з беларускага жыцьця, з кусьлівай іроніяй абсьмеян цынічны панскі пагляд на мужыка. Пясьняр з поэтычнай выразнасьцю каротка малюець тут соцыяльнае зло ў розных яго праявах: за працу плацяць дужа мала, падаткі вялікія і г. д. Панскі пагляд на мужыка, як на дурня, толькі і вартага эксплуатацыі, скарыстан песьняром для належнай адпаведзі пану; у канцы верша поэт пяе: „Глядзі, горы паразрыты, а чыгункай сьвет абвіты, ўсё з мужыцкай цяжкай працы; усе едуць у палацы, у мужыка-ж няма білета!“ І горка і мнагазначна дадае: „Ці-ж ня дурань мужык гэта?“ У той жа ноце напісаны і куплеты „Бог ня роўна дзеліць“, цікаўныя сваімі соцыяльнымі супастанаўленьнямі. „Праўда“—адзін з лепшых соцыяльных вершаў Багушэвіча, у якім закрануты і агульна-людзкія праклятыя пытаньні. У вершу многа высокай поэтычнасьці. Пясьняр быццам з высакосьці аглядаець наша будзённае жыцьцё, хоць і стаіць у нізе, сярод нас, сярод штодзеннасьці. Ен тужыць, у сьлёзах разьліваецца, папікаець бога і людзей. Ен натхненна, як прарок няшчаснага, змучанага і аслаблага ў змаганьні народа, заклінаець злую долю, каб адвярнулася на сухія пушчы, на бездарожжа, на вялікія ройсты, на пяскі сыпушчы. У гэтым вялікім абразе з народнай творчасьці душа яго зьліваецца ў адным парыве з душой усяго народа.

3. Усякія творы. Сярод розных іншых твораў Багушэвіча, кароценькіх лірычных вершаў і вершаваных і пісаных у прозе апавяданьняў, знаходзім найчасьцей рэчы сатырычнага зьместу, апрача таго — жартаўлівыя бытавыя творы, напісаныя на народны лад песьні, a яшчэ байкі і іншае.

Сатыра Багушэвіча служыць грамадзянскім заданьням поэта. Дзеля гэтага сатырычны элемент мы ўжо відзім блізка што ў кожным з вышэй разгледжаных твораў. Яго соцыяльнае становішча спараджала сатыру ў адносінах да паноў, жыдоў-гандляроў, немцаў-авантурнікаў, мужыкоў-нядбаліц і г. д. Так, „Песьня № 7“ — ёсьць войстрая сатыра на сучасных Багушэвічу паноў, жыцьцё і думкі каторых ведаў ён дасканальна і з добрага і благога боку. Як чалавек, зьвязаны з гэтаю сфэраю пахаджэньнем, клясавым станам і цэлым жыцьцём, ён б‘ець яе з балючымі адскокам па самім сабе, можа быць ня так безьміласэрна, як біў-бы пясьняр-мужык. Злосна абсьмеіваець ён розныя чыста-панскія заганы і кпіць, публічна кажучы паном іхную інтымную хвастунскую прыказку: „Пан панам будзе.“ Пясьняр сатырык з елкай іроніяй паддае пану ахвоты да скокаў, гульні і п‘янства; ён раіць яму прадаваць сьмялей і ніўку, і лес да дрэўка, жонку і дзяцей, і ўсё-чыста; ён бʻець яго словам, як бізуном: „Прадай сваю славу, прадай і Варшаву, прадай і чэсьць дочкі за віна паўбочкі.“ „Жыдок“—сатыра на эксплуататараў-гандляроў, якімі з розных гістарычных і іншых прычын сталіся на Беларусі найболей людзі жыдоўскай нацыі, як эксплуатарамі-панамі сталіся людзі польскай і пазьней маскоўскай нацыі. Разумеецца, можна зрабіць закід Багушэвічу, што ён, кіруючысь палітычна на Варшаву, не падчыркнуў так прыналежнасьць паноў да чужой нацыі, як зрабіў тое па адрэсу гандляроў. Аднак, нічога благога проціў ўсяе жыдоўскае нацыі ў гэтай сатыры Багушэвіча няма, хоць ён і адбіў у некаторых сваіх творах няпрыхільнасьць мужыка-беларуса да таго тыпа жыдоў на Беларусі, які якраз бічуецца ў гэтай сатыры. З працоўнымі і чэснымі жыдамі беларускі селянін жыў заўсёды ў добрым суседзтве і навет дружбе,—нідзе ніякай няпрыхільнасьці да такіх жыдоў няма і ў нашага песьняра. Але ёсьць вялікі грэх на гісторыі і меншы на тых беларускіх жыдох, каторыя слова „жыд“ зрабілі для мужыка-беларуса сінонімам эксплуататарства, ці таго, што ў Маскоўшчыне самі маскоўцы выявілі пад словам „кулачаства.“ І толькі новы, справядлівы соцыяльны парадак на Беларусі, як і дзеяльнасьць для бацькаўшчыны такіх слаўных беларускіх жыдоў, як Зьмітрок Бядуля і інш., зьнішчуць гэтае смутнае непаразуменьне даўнейшых часоў. Тут пясьняр апісаў тып „жыдка“ (не ў нацыянальным значаньні слова), каторы, „сеўшы ў вёсцы, пры гасьцінцы, пры дарожцы,“ цераз тры гадкі робіцца „панам на ўсю вёску“. Галота зьнімаець перад ім шапку і цалуець яму ў рукі. Ен заводзіць знаёмства і дружбу з усякім начальствам, ён пазычае грошы. І пясьняр кпіць і з яго і з пана разам: „Каб такі нам пан зыскаўся, то-б сьвятым ён называўся,“ бо ён ня тое, што пан, ён „хоць грошы любіць, а згубіць зусім ня згубіць.“ „Песьня № 9“—сатыра на мужыкоў за нядбальства, нахіл да частай выпіўкі, дрэннае гаспадараньне і г. д. Асабліва гневен поэт на мужыка вялага, пакорнага, бязьдзеяльнага. У сатырычнай песьні „Сватаны“, напісанай на тып благога вясковага хлопца, таксама абсьмеяна ўхіленьне ад працы, ласасьць на выпіўку ды яшчэ дармавую, някруткасьць у дзеле, няцікаўнасьць, тупасьць, звычай быўшага салдата біць жонку і да т. п. „Сватаная“—злосная сатыра на тыповыя заганы вясковых дзевак („Ходзіць, як чорт у смале, хоць ты адвярніся“). „Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле“ народны беларускі і міжнарадовы сюжэт, скарыстаны Багушэвічам для сатыры на язычлівых зводніц. (Гэтая-ж казка дапасована Ф. Аляхновічам для сцэны—„Чорт і баба“). „Як праўду шукаюць“—вершаванае апавяданьне з сатырай на судовую валакіту. „Панская ласка“—сатырычная байка аб тых заможных дабрачынцах, што перш рабуюць, а потым кідаюць аб‘едачкі, каб паказаць сваю ласку і купіць славу. Як відзім, усюдых сатыра Багушэвіча ідэйна-грамадзянская.

Жартаўлівыя бытавыя творы таксама даволі часта спатыкаюцца ў літэратуры Багушэвіча. Можна сказаць, што пераважная частка яго творчасьці—бытавыя творы, але аўтор ня меў на ўвазе толькі апісаньне побыту, або і зусім таго не пільнаваў, дык і цана такіх твораў шмат вышэйшая, чымся чыста бытавых. Побыт беларускі Багушэвіч і знаў і маляваў у сваіх творах дасканальна, але бытавы элемент ён толькі мімаходам уплятаў у агульнае разьвіцьце сваіх думак і свайго апісаньня (напр., нацыянальна-соц. верш „Мая хатка“). Таксама яго вельмі харошыя, вельмі запраўдныя і лірычныя малюнкі роднай прыроды і наагул родных абразоў ня былі простым заданьнем яго поэзіі і зьяўлялісь у процесе творчасьці, як элемент дадатковы, скажам так дэкоратыўны. Але псыхіка аўтора была такая нацыянальная, што і пры гэткай творчасьці яго поэзія выйшла самай нацыянальнай. Жартаўлівасьць не пакідала Багушэвіча ў самых невясёлых яго нотах. Часам, аднак, ён наўмысьля ставіць яе за цэль, і тады зьяўляюцца такія рэчы, як „Здарэньне“, народны пераказ, „Сьведка“ і інш. Зьвярнуўшы ўвагу на народную творчасьць, на прасторы забабонных паглядаў і народнае моралі, напісаў Багушэвіч такія свае вершы, як „Хцівец і скарб на сьвятога Яна“, „Баляда“ і да т. п.

Песьні, напісаныя на народны лад, павінны былі, здавалася Багушэвічу, заахвоціць беларусаў да пяяньня сваіх пазабываных родных песьняў і, апрача таго, усьведамляць іх нацыянальна і соцыяльна. Такім чынам, вылілісь у яго з душы такія выдатныя рэчы, як „Калыханка“ і некаторыя сатырычныя песьні, а таксама такія, зусім падобныя да народных, як „Удава“, „Гора“, „Песьня № 6“ і інш. Тут найболей адбіўся і асабісты лірызм самаго поэта. Аб удаве ён сказаў гэтак жаласна: „Ой, маркотная, ліхая доля сірот-дзетак, але горшая ўдавая, як тых малалетак“… „Гора“ застаецца ў памяці народнай абразнасьцю і сваім даўна-беларускім прыпевам: „Ой, гора-ж маë“, каторы пяецца пасьля кожнай строфы. „Песьня № 6“ цікаўна сваёю формаю: яна ўся складаецца з пытаньняў і адказаў; зьмест яе соцыяльны.

Байкі Багушэвіч найболей перакладаў з чужых моў, і асаблівага значаньня ў яго творчасьці яны ня маюць.

Мова Багушэвіча. З „Прадмовы“ да „Дудкі“ мы відзім, якое вялікае значаньне надаваў ён беларускай мове і яе літэратурнаму ўжытку. Але тады яшчэ ня было, можна сказаць, сьвядомай беларускай інтэлігенцыі, і Багушэвіч пісаў так, каб яго зразумеў кожны беларус-селянін, пісаў народнай мовай, бяз многіх сучасных інтэлігенцкіх слоў. Вырасшы ў спольшчанай сям‘і і заходняй Беларусі, ён унасіў у сваю мову ці мала слоў польскіх, як цёнгле, шак, прэндка, ніц, васола, дзісь і інш. Ен ня меў нахілу зрабіць іх літэратурнымі для нас, але не баяўся і выгляду спольшчанасьці, бо на першым пляне ставіў справу адраджэньня, з якой паволі прыходзіць і чыстата і літэратурнасьць мовы. Троху горшая справа тое, што ён быў прызвычаіў нашай кніжнай мове заходня-беларускія, спольшчаныя націскі ў словах (была, дана) і нядобрыя канчаткі (любе замест любіць). Затое-ж Багушэвіч умеў такія народныя словы і звароты, думаў так пабеларуску, як не патрапяць думаць сучасныя нашы пісьменьнікі, адарваныя ад жывой народнае крыніцы. Няма ў яго набору прыказак, чым грашыўся Марцінкевіч, але добрая прыказка надта ёмка ўліта будзе ў яго гутарку. Вось прыклад: „Здаецца-б нічога, калі хто ня ведае, але пачакаўшы, дык выйшла камэдыя“.

Верш Багушэвіча па сваёй тэхніцы ня маець значаньня абы-якога выдатнага этапу ў гісторыі нашае версіфікацыі. І хаця верш яго далёка назадзе пакінуў сілябічнасьць Марцінкевіча, адылі чытаньнікі, узгадаваныя на музыцы М. Багдановіча, Я. Купалы, А. Гаруна ці Я. Коласа, часам могуць зачапіцца на некаторых шурпатасьцях версіфікацыі Багушэвіча (як нязвычная для іх пастаноўка націску і да т. п.). Тымчасам Багушэвіч мае і лёгкія, плаўныя, мілазычныя, з чысьцейшай танічнасьцю вершы, ані ня горшыя за лепшых сучасных вершаў.

Значаньне Багушэвіча ў гісторыі нашае літэратуры, як ужо відаць, дужа вялікае. Яно вялікае з гістарычна-літэратурнага пагляду, асабліва ад шчыльнага зьвязку з нашым нацыянальна-соцыяльным адраджэньнем, духоўным бацькам каторага і ёсьць Багушэвіч. Ен—першы ўсенародны беларускі правадыр і першы беларускі пясьняр-рэволюцыянэр. Ен—першы нацыянальны беларускі поэт, дагэтуль адзін з самых вялікіх у гэтым значаньні. Як пясьняр клясавы, вяшчун соцыяльнай рэволюцыі, Багушэвіч займае адно з першых мест у сусьветнай поэзіі. Літэратурнае значаньне яго ня было ацэнена як мае быць, і цікаўна, што народ скарэй за інтэлігентных крытыкаў пачуў яго веліч. Пашкодзілі яго літэратурнай славе чытаньнікі-шляхтуны, каторыя па старай памяці і ў багушэвіцкай поэзіі шукалі, і ў гэтым „сьлёзным тоне“ знаходзілі толькі жарты. Пашкодзіла ёй і адарванасьць Багушэвіча ад маскоўскай і польскай літэратуры, адсутнасьць зьвязкаў у поэта з выдатнымі чужымі пісьменьнікамі і адсутнасьць той сьвядомай беларускай інтэлігенцыі, каторая ацаніла-б песьняра і аб славе яго пераказала-б чужынцам. Разумеецца, што па літэратурнай здольнасьці і толькі па чыста-мастацкаму значаньню з Багушэвічам няма што і раўнаваць нашых ранейшых за яго песьняроў. Але і сярод пазьнейшых за яго нашых пісьменьнікаў калі і ёсьць колькі іменьняў дужэйшых за яго па здольнасьці чыста-пясьнярскай, дык роўных яму па нацыянальна-соцыяльнай самабытнасьці пакуль што не зьявілася, і ўсе ідуць па тору, дзе яго сьлед быў першы і найдужэйшы. Багушэвіч скіраваў нашу літэратуру на пеўны натуралістычны шлях і зьвязаў яе з народам. Пісаў поэт толькі пабеларуску.